Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь
Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь — найбуйнейшы музэй мастацкага профілю ў Рэспубліцы Беларусь. Знаходзіцца ў Менску на вул. Леніна, 20.
Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь | |
Месцазнаходжаньне | Менск, Беларусь |
---|---|
Адрас | вул. Леніна, 20 |
Тэматыка калекцыі | мастацтва Беларусі, Расеі, Эўропы і краін Усходу[1] |
Наведнікаў |
|
Створаны | 24 студзеня 1939 |
Адкрыты | 1939 |
Дырэктар | Ганна Конанава |
Геаграфічныя каардынаты | 53°53′54″ пн. ш. 27°33′38″ у. д. / 53.89833° пн. ш. 27.56056° у. д.Каардынаты: 53°53′54″ пн. ш. 27°33′38″ у. д. / 53.89833° пн. ш. 27.56056° у. д. |
± Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь | |
www.artmuseum.by |
Будынак Нацыянальнага мастацкага музэю Беларусі праектаваўся як Дзяржаўная карцінная галерэя (аўтар праекту Міхаіл Бакланаў).
Гісторыя
рэдагавацьДаваенны пэрыяд
рэдагавацьАфіцыйная гісторыя музэю бярэ пачатак 24 студзеня 1939 году — згодна з урадавай пастановай Савету народных камісараў БССР у Менску стваралася Дзяржаўная мастацкая галерэя. Яна разьмясьцілася ў пятнаццаці залях будынка Вышэйшай камуністычнай сельскагаспадарчай школы. Акрамя аддзелаў жывапісу, скульптуры і графікі, у Галерэі адмысловай пастановай быў арганізаваны аддзел мастацкай прамысловасьці. Кіраваў галэрэяй вядомы беларускі мастак-кераміст Мікалай Міхалап.
Да пачатку вайны былі вывезены і ўзяты на ўлік самыя каштоўныя творы культавага мастацтва ў цэрквах і касьцёлах, сабраны вялікія фонды жывапісу, графікі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Асновай мастацкай калекцыі Галерэі сталі творы з аддзелаў выяўленчага мастацтва гістарычных музэяў Менску, Віцебску, Магілёва і Гомелю. Некалькі твораў са сваіх фондаў падаравалі Трацякоўская галерэя і Расейскі музэй, Музэй выяўленчых мастацтваў імя А. С. Пушкіна і Дзяржаўны Эрмітаж.
Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР у Мастацкую галерэю былі зьвезеныя мастацкія творы з нацыяналізаваных сядзібаў і замкаў, у тым ліку і частка калекцыі палаца князёў Радзівілаў у Нясьвіжы. Такім чынам, калекцыя папоўнілася багатым зборам слуцкіх паясоў, францускіх габэленаў XVIII стагодзьдзя, партрэтнага жывапісу XVI—XIХ стагодзьдзяў.
Напачатку 1941 году фонды ДКГ БССР налічвалі 2711 твораў, зь якіх 400 знаходзіліся ў экспазыцыі.
Згубы вайны
рэдагавацьЗ пачаткам вайны калекцыю рыхтавалі да эвакуацыі. Але вывезьці не пасьпелі. Акупаваны Менск наведвалі Г. Пасэ й К. Мюльман. Г. Пасэ — дырэктар Дрэздэнскай галерэі і асоба, упаўнаважаная па стварэньні асабістага музэю Гітлера на яго радзіме, у Лінцы. К. Мюльман — асоба, ўпаўнаважаная па ўліку культурных і мастацкіх каштоўнасьцяў на ўсходніх землях. Наведалі Менск і прадстаўнікі таварыства «Спадчына», якое ўзначальваў Гімлер. Лепшыя прадметы прыкладнога мастацтва і палотны былі канфіскаваныя Г. Пасэ, каштоўныя калекцыі адпраўлены ў Райх і ў Кёнігсбэрг. Да верасьня 1941 году збор мастацкай галерэі быў практычна страчаны. У гэты час Вільгельм Кубэ скардзіцца А. Розэнбэргу, што Менск пазбавіўся мільённых каштоўнасьцяў, бо «каштоўныя палотны, мэбля XVIII—XIX стст., вазы, вырабы з мармура, гадзіньнікі і г. д. СС аддае на разрабаваньне вэрмахту».
Збор мастацкай галерэі перастаў існаваць, і яго страту можна назваць незваротнай. Лёс даваеннага збору ДКГ дагэтуль невядомы. Пошук яго ўскладняе адсутнасьць вопісаў. У «Вопісе музэйных каштоўнасьцяў, вывезеных гітлераўцамі ў Нямеччыну і ў краіны яе саўдзельнікаў і зьнішчаных у выніку разбойніцкіх дзеяньняў» 1944 году, складзенай музэйнымі супрацоўнікамі па памяці, значацца 223 творы расейскага жывапісу, 32 — заходнеэўрапейскага, мэбля з «Сіняй спальні» Аляксандра II ў Зімовым палацы, 60 абразоў XVI—XVIII стагодзьдзяў, 89 твораў скульптуры, 48 слуцкіх паясоў, 480 прадметаў расейскага парцаляну, 800 — заходнеэўрапейскага, 30 прадметаў старажытнага ўрэцкага шкла, 200 «посьцілак» ручной працы беларускіх ткачых, сотні твораў беларускіх мастакоў канца XIX — пачатку XX стагодзьдзя.
Пасьляваенны пэрыяд
рэдагавацьПасьля вайны ў Беларусь вярнулася толькі невялікая частка твораў, якія знаходзіліся напярэдадні вайны на выстаўках у Расеі (напрыклад, бюст князя П. А. Румянцава-Задунайскага працы Ф. Шубіна), або знойдзеных савецкімі салдатамі ў канцы вайны ў гарадах Усходняй Прусіі (калекцыя партрэтаў з Нясьвіжа). Некаторыя працы былі знойдзеныя ў Менску («Шахцёр зь лямпачкай» М. Касаткіна, «Восень» І. Левітана, «Раніца вясны» У. Кудрэвіча выявілі ў недабудаваным будынку ЦК КПБ).
Другі этап гісторыі музэю зьвязаны з самаахвярнай дзейнасьцю заслужанай дзяячкі мастацтваў БССР, дырэктара Галерэі з 1944 году Алены Аладавай.
Пасьля вызваленьня Менску Галерэя атрымала чатыры пакоі Дома прафсаюзаў на плошчы Свабоды. У жніўні 1945 году галерэя набыла палотны Б. Кустодзіева, В. Паленава, К. Брулова і І. Левітана. Дзяржаўны музэй ім. А. С. Пушкіна перадаў некалькі карцін заходнеэўрапейскіх майстроў, Дзяржаўны Расейскі музэй — тры пэйзажы А. Куінджы, пэйзаж А. Багалюбава і парадны партрэт імпэратрыцы Кацярыны II. На былым Архірэйскім падворку ў Менску былі знойдзеныя цудам ацалелыя абразы — у тым ліку і шэдэўры беларускага іканапісу «Нараджэньне Маці Божай» Пятра Яўсеевіча з Галынца 1649 году, «Параскева» і «Ўзьнясеньне» XVI стагодзьдзя.
У 1946 годзе ў фондах было ўжо 317 твораў. Месца для экспазыцыяў не хапала. Аладава атрымала дазвол на будаўніцтва будынка для Галерэі. Праектаваньне было даручана Міхаілу Бакланаву.
Будаўніцтва Мастацкай галерэі зь дзесяцьцю прасторнымі залямі, разьмешчанымі на двух паверхах, было завершана ў 1957 годзе. Будынак стаўся адным зь першых музэйных будынкаў у гісторыі савецкай архітэктуры. 5 лістапада прадстаўленьнем новай экспазыцыі і Ўсебеларускай выставы ўрачыста адкрыўся Дзяржаўны мастацкі музэй БССР (так стала звацца былая Мастацкая галерэя з 10 ліпеня 1957 году). Калекцыя музэю тады ўжо дасягала трох тысячаў твораў расейскага, савецкага і беларускага мастацтва.
Абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі пасьля распаду СССР зьмянілі статут музэю — з 1993 году музэй называецца Нацыянальным мастацкім музэем Рэспублікі Беларусь. У 1998 годзе дырэктарам музэя прызначаны Уладзімер Пракапцоў.
Крыніцы
рэдагавацьВонкавыя спасылкі
рэдагавацьАб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 712Г000102 |