Войт (па-польску: Wójt, па-нямецку: Vogt, па-лацінску: advocatus) — абраная службовая пасада наглядчыка ці распарадчыка ў Вялікім Княстве Літоўскім, якая ўзначальвала магістрат у гарадах у XV—XVIII стагодзьдзях, застарэлы «сельскі стараста».

Апісаньне

рэдагаваць

Узначальваў мясцовае кіраваньне ці самакіраваньне (воласьці, гораду, мястэчка, сяла, вёскі, двара). Войта прызначаў вялікі князь літоўскі зь ліку заможных мяшчанаў або фэадалаў, а прыватнаўласьніцкіх гарадоў — іх уладальнікі. Іншы раз войта выбіралі гараджане, напрыклад у Воршы, Пінску, Мазыры. У гарадах, дзе існавала самакіраваньне, пасада войта ўводзілася да Магдэбурскага права. Увядзеньне пасады войта адначасова з наданьнем Магдэбурскага права азначала стварэньне прадугледжаных гэтым правам органаў кіраваньня. Клясычнае Магдэбурскае права зводзіла ролю войта да старшынства на шэфенскім судзе.

Аднак на Беларусі войт паступова набыў правы вышэйшай адміністрацыйнай улады і войтаўскага суду. Меў значныя крыніцы даходаў. Акрамя судовых пошлінаў, набыткам войта былі значная частка розных натуральных пабораў, доля прыбыткаў ад рыначнага гандлю, утрыманьня корчмаў, крам, часам зямельныя падараваньні. Прызначаныя войты часта перакладалі свае абавязкі на ландвойтаў, варагавалі з гараджанамі. Дакумэнты фіксуюць шматлікія скаргі на незаконныя дзеяньні войта.

Таксама:

  • Асоба, якая наглядала за працай прыгонных сялянаў і выкананьнем імі павіннасьцяў. Войт, які кіраваў часткай маёнтка называўся ключ-войтам.
  • Кіраўнікі гміны ў Заходняй Беларусі ў 1921—1939.

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Літаратура

рэдагаваць
  • Т. І. Доўнар. Войт // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
  • «Словник іншомовних слів», за ред. академіка АН УРСР О. С. Мельничука, м. Київ, 1985 р. С. 154;
  • «Акты издаваемые Виленскою Археографическою Комиссиею для разбора Древних Актов», г. Вильна, 1899 г., С. 563 том. 26