Зьдзітава (Спораўскі сельсавет)
Зьдзі́тава[1], Зьдзі́таў[1] — вёска ў Беларусі, паміж Чорным і Спораўскім азёрамі. Цэнтар сельсавету Бярозаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 880 чалавек. Знаходзіцца за 35 км на паўднёвы ўсход ад Бярозы, за 6 км ад чыгуначнай станцыі Белаазёрск.
Зьдзітава лац. Ździtava | |
Царква Раства Багародзіцы | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Берасьцейская |
Раён: | Бярозаўскі |
Сельсавет: | Спораўскі |
Насельніцтва: | 880 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1643 |
Паштовы індэкс: | 225216 |
СААТА: | 1208875036 |
Нумарны знак: | 1 |
Геаграфічныя каардынаты: | 52°26′1″ пн. ш. 25°15′34″ у. д. / 52.43361° пн. ш. 25.25944° у. д.Каардынаты: 52°26′1″ пн. ш. 25°15′34″ у. д. / 52.43361° пн. ш. 25.25944° у. д. |
± Зьдзітава | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Зьдзітаў — даўняе мястэчка гістарычнай Слонімшчыны (частка Наваградчыны).
Назва
рэдагавацьТапонім Зьдзітаў, імаверна, мае яцьвяскае паходжаньне[2].
Традыцыйная гістарычная назва паселішча — Зьдзітаў. Форма Зьдзітава (рас. Здитово) пачала шырока ўжывацца ў выніку перайначваньня тапоніму на расейскі манер[3].
Гісторыя
рэдагавацьРаньнія часы
рэдагавацьГеаграфічнае становішча абумовіла зьяўленьне першых людзей у гэтай мясцовасьці ў эпоху нэаліту, пра што сьведчаць археалягічныя дасьледаваньні стаянак на поўнач і ўсход ад вёскі. Тым часам першы пісьмовы ўпамін пра старажытны горад Зьдзітаў зьмяшчаецца ўва ўстаўнай грамаце аб заснаваньні Тураўскага біскупства і датуецца 1005 годам. Да нядаўняга часу лічылася, што ў пісьмовых крыніцах гэты горад упершыню ўпамінаецца ў 1252 годзе ў Іпацьеўскім летапісе пры апісаньні паходу валынскіх князёў Даніла і Васількі на вялікага князя Міндоўга. У той час шлях з Валыні на Літву пралягаў праз фартэцыі Ветлы на Прыпяці, Зьдзітаў на Ясельдзе і далей на Слонім і Наваградак.
Зьдзітаў — адзін з 35 гарадоў, якія існавалі на тэрыторыі Беларусі да 1300 году. Першапачаткова горад знаходзіўся за 7 км на поўдзень ад сёньняшняй вёскі Зьдзітава, блізу сучаснай вёскі Старамлыны Дарагічынскага раёну, на беразе Ясельды.
Вялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьУ XIV ст. як цэнтар воласьці Слонімскага княства Зьдзітаў далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. Прыкладна ў гэты самы час места разбуріл, магчыма, у выніку паходу Кіеўскіх князёў супраць яцьвягаў, і адбудавалі наноў на цяперашнім месцы. Да 1430 году Зьдзітаў атрымаў мескія правы як цэнтар воласьці Слонімскага павету, у беспасярэднім княскім валадараньні.
Пад 1520 годам Зьдзітаў упамінаецца як адміністрацыйна-гаспадарчы цэнтар воласьці і мястэчка, празь якое ішла вялікая дарога з Валыні ў Вільню. У сярэдзіне XVI ст. тут праводзілася аграрная рэформа (валочная памера), у 1560 годзе — яе рэвізія. Паводле зьвестак за 1559 год, значную частку воласьці займала Зьдзітаўская пушча (4×2 мілі), якая далучалася да мястэчка з поўначы. У 1561 годзе гаспадарскі двор 3ьдзітаў зь мястэчкам, «дворцом Хрисица» і воласьцю перайшлі ў заклад на 3 гады да В. Цішкевіча, а з 1562 году — у ягонае пажыцьцёвае ўладаньне. Пад 1567 годам упамінаецца тутэйшая царква Прачыстай Багародзіцы. У 1570 годзе В. Цішкевіч пакінуў 3ьдзітаў сваёй дачцэ Аляксандры. У 1590 годзе Зьдзітаўская воласьць з дваром, мястэчкам і фальваркам у закладзе ў старосты слонімскага Л. Сапегі, у 1594 годзе — у А. Цішкоўны-Язлавецкай. У XVII—XVIII стагодзьдзях Зьдзітаў — цэнтар староства Сапегаў у Слонімскім павеце Наваградзкага ваяводзтва. У 1757 годзе ваявода смаленскі П. Сапега перадаў староства старосьце даўгоўскаму і пералайскаму А. Бжастоўскаму.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Зьдзітаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Слонімскім павеце Гарадзенскай губэрні. Паселішча захавала статус мястэчка. У 1880-я гады тут было 57 двароў, царква і школа.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Зьдзітаў занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Зьдзітаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён ўвайшоў у склад Беларускай ССР[4]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Зьдзітаў апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Косаўскім павеце Палескага ваяводзтва. У гэты час тут было 189 двароў.
У 1939 годзе Зьдзітаў увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе стаў цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі. У Другую сусьветную вайну тутэйшыя балоты сталі цэнтрам партызанскага руху. У пачатку 1944 году савецкі партызанскі аддзел здолеў заняць пэўную тэрыторыю і цягам 6 дзён трымаць абарону ад войскаў Трэцяга Райху. Савецкая прапаганда пазначыла гэты эпізод як «Зьдзітаўская абарона».
На 1994 год у Зьдзітаве было 446 двароў, на 1997 год — 436.
-
Сялянскія дзеці. Д. Геаргіеўскі, 1936 г.
-
Рыбакі. Д. Геаргіеўскі, 1937 г.
-
Сяляне зь Зьдзітава і Горбава. Д. Геаргіеўскі, 1937 г.
Насельніцтва
рэдагавацьДэмаграфія
рэдагаваць- XIX стагодзьдзе: 1885 год — 644 чал.[5]
- XX стагодзьдзе: 1921 год — 960 чал.; 1994 год — 1,2 тыс. чал.[6]; 1997 год — 1200 чал.[7]; 1999 год — 1085 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2010 год — 880 чал.
Інфраструктура
рэдагавацьУ Зьдзітаве працуюць сярэдняя і пачатковая школы, дом культуры, бібліятэка.
Турыстычная інфармацыя
рэдагавацьСлавутасьці
рэдагаваць- Мэмарыял «Зьдзітаўская абарона»
Страчаная спадчына
рэдагаваць- Сядзіба
- Царква Прачыстай Багародзіцы
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 102—103
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 139.
- ^ Вячорка В.. Не страляйце пад Лёзна! Скланяйма беларускія геаграфічныя назвы, Радыё Свабода, 31 ліпеня 2015
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Krzywicki J. Zdzitów (4) // Słownik geograficzny... T. XIV. — Warszawa, 1895. S. 559.
- ^ Бекцінееў Ш., Спірыдонаў М., Шаблюк В. Здзітава // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 438.
- ^ БЭ. — Мн.: 1998 Т. 7. С. 48.
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — 604 с. — ISBN 985-11-0130-3
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIV: Worowo — Żyżyn. — Warszawa, 1895.