Барыс Гадуноў
Барыс Фёдаравіч Гадуноў (1552, Вязьма — 23 красавіка [ст. ст. 13] 1605, Масква) — баярын, швагер цара Фёдара I Іванавіча, у 1587—1598 фактычны кіраўнік дзяржавы, з 27 лютага [ст. ст. 17] 1598 — расейскі цар.
Барыс Гадуноў | |
цар усяе Русі[d] | |
---|---|
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | 12 жніўня 1552[1][2], |
Памёр | 23 красавіка 1605[3] (52 гады), |
Пахаваны | |
Нашчадкі | Фёдар II Гадуноў[d] і Ксенія Гадунова[d] |
Дынастыя | Гадуновы[d] |
Сужэнец | Марыя Скуратава-Бельская[d] |
Бацька | Fyodor Godunov[d][4] |
Подпіс |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся ў сям’і вяземскага памешчыка Фёдара Іванавіча Гадунова († 1569). Пасьля ягонай сьмерці Барысам апекаваўся дзядзька Дзьмітры Гадуноў. У 1570-я Барыс Гадуноў стаў, як і ягоны дзядзька, апрычнікам. У 1571 року быў дружкам на вясельлі цара Івана Жахлівага з Марфай Сабакінай, а пасьля сам ажаніўся з Марыяй Скуратавай-Бельскай, дачкой Малюты Скуратава. У 1578 року стаў краўчым. Яшчэ праз два гады пасьля шлюбу свайго другога сына Фёдара зь сястрой Гадунова Ірынай Іван Жахлівы надаў Барысу званьне баярына. У апошні год жыцьця цара Барыс Гадуноў займеў пры двары вялікі ўплыў.
Пасьля ўваходу на сталец Фёдара Іванавіча атрымаў чын канюшага, званьня бліжняга вялікага баярына і намесьніка Казанскага і Астраханскага царстваў. Неўзабаве ўсе супернікі з рэгенцкай рады пры цары былі сасланыя ці памерлі, і з 1585 року — 13 з 14 гадоў цараваньня Фёдара — дзяржавай кіраваў Барыс Гадуноў. Пры гэтым ён умацоўваў дзяржаўнасьць Масковіі; так, у 1589 року ягонымі намаганьнямі быў абраны першы патрыярх — маскоўскі мітрапаліт Ёў. Распачаў будаўніцтва гарадоў, крэпасьцяў: Варонежу (1585), Ліўнаў (1586), Самары (1586), Царыцыну (1589), Саратава (1590), Яльцу (1592), Белгараду (1596), Цароў-Барысава (1600), Томску (1604). У 1596—1602 дзеля абароны ад Рэчы Паспалітай збудаваў Смаленскі крапасны мур — адно з найграндыёзьнейшых збудаваньняў дапятроўскай Расеі.
У Маскве за ім зьявіліся такія новаўвядзеньні, як вадаправод з Масквы-ракі. У 1584—1591 роках паўсталі муры Белага места, а ў 1592 року — яшчэ адна лінія ўмацаваньняў, ужо драўляна-земляная.
У зьнешняй палітыцы праявіў сябе таленавітым дыпляматам. 28 траўня [ст. ст. 18] 1595 заключыў Цяўзінскую мірную дамову, якая скончыла маскоўска-швэдзкую вайну 1590—1595 рокаў, а Маскоўская дзяржава атрымала Івангарад, Ям, Капор’е і Карэлу. Такім чынам, Масковія вярнула сабе ўсе землі, перададзеныя Швэцыі па выніках Лівонскай вайны.
17 студзеня [ст. ст. 7] 1598 памёр Фёдар Іванавіч, на якім перарвалася мужчынская лінія Маскоўскай галіны Рурыкавічаў (ягоны малодшы брат Дзьмітры загінуў у 8-гадовым веку ў Вуглічы пры нявысьветленых абставінах). Адзінай пераемніцай заставалася траюродная сястра нябожчыка Марыя Старыцкая, пастрыжаная ў манашкі. Фёдарава ўдава Ірына, сястра Барыса Гадунова, «рэкамэндавала» абраць яго царом і добраахвотна прыняла манаства. 27 лютага [ст. ст. 17] 1598 Земскі сабор абраў Гадунова, як царова швагра, на царства.
Ягонае панаваньне пачалося збліжэньнем з Захадам. Ён стаў запрашаць на службу іншаземцаў: купцоў, лекараў, прамыслоўцаў, вайскоўцаў, навукоўцаў. Адкрыцьцю ў Маскве ўнівэрсытэту зашкодзіла хіба пазыцыя духавенства, якое баялася пранікненьня герэтычных думак. У маскоўскі побыт пранікла эўрапейская культура: стыль вопраткі, жыльля, цырымоніяў ды нават галеньне бародаў.
Аднак на стальцы Барыс Гадуноў пачаў асьцерагацца за сваю пасаду і пачаў квітацца з баярамі. Так, Багдан Бельскі, якому было даручана будаваць Цароў-Барысаў, па наводзе быў сасланы. У 1601 ад хлусьлівага паклёпу былі сасланыя баяры Раманавы.
Пасьля рэпрэсіяў у дзяржаве з-за прыродных катаклізмаў пачаўся Вялікі голад (1601—1603). Цана хлеба вырасла ў 100 разоў. Людзі палічылі, што гэта пакараньне Божае за царстваваньне Гадунова. Пачаліся бунты. У 1602—1603 паўсталі сяляне, халопы і казакі 20 паветаў цэнтральнай і паўднёвай Масковіі пад даводзтвам Хлопка Касалапа. У паходзе на Маскву паўстанцы былі разьбітыя, але загінуў і кіраўнік войска Гадунова Іван Басманаў.
Пасьля распаўсюдзіліся чуткі пра тое, што царэвіч Дзьмітры жывы. 26 кастрычніка [ст. ст. 16] 1604 Ілжэдзьмітры I рушыў на Маскву з польскімі і казацкімі войскамі, аднак быў разьбіты ў студзені 1605 року.
13 красавіка 1605 року Барыс Гадуноў раптоўна памёр. Хадзілі чуткі пра ягонае атручваньне. Пахаваны ў Крамлёўскім Архангельскім саборы.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в https://oaj.fupress.net/index.php/ss/article/view/10605/10072
- ^ а б в https://phys.org/news/2021-08-scholars-tsar-boris-godunov-exact.html
- ^ а б в Boris Godunow // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
- ^ Lundy D. R. Boris Godunov, Tsar of Russia // The Peerage (анг.)
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьБарыс Гадуноў — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў