Крыштап Мікалай Радзівіл «Пярун»

(1547—1603) ваявода віленскі і гетман вялікі літоўскі
(Перанакіравана з «Крыштап Радзівіл Пярун»)

Крыштап Мікалай Радзівіл (мянушка «Пярун»; 9 лютага 1547, Вільня — 20 лістапада 1603, вёска Ласосна каля Горадні) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Крайчы (15671569) і падчашы вялікі літоўскі (15691579), гетман польны літоўскі (15721589), падканцлер вялікі літоўскі (15791585), ваявода віленскі1584) і адначасна гетман вялікі літоўскі1589).

Крыштап Мікалай Радзівіл
лац. Kryštap Mikałaj Radzivił
Крыштап Радзівіл. М. Бачыявэлі, 1781
Крыштап Радзівіл. М. Бачыявэлі, 1781

Герб Трубы
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 9 лютага 1547
Вільня
Памёр 20 лістапада 1603
Ласосна каля Горадні
Пахаваны
Род Радзівілы
Бацькі Мікалай Радзівіл «Руды»
Кацярына з Таміцкіх
Жонка Кацярына з Собекаў
Кацярына з Астроскіх
Кацярына з Тэнчынскіх
Альжбета з Астроўскіх
Дзеці ад 2-га шлюбу: Януш
ад 3-га шлюбу: Крыштап, Альжбета
Дзейнасьць дыплямат
Подпіс Выява аўтографу

Меў адну з найбольшых лятыфундыяў у Вялікім Княстве Літоўскім. Асноўныя маёнткі — Валожын, Койданаў, Смалявічы, Станькаў, Уселюб ды іншыя (сучасная Беларусь); Біржы, Віжуны (сучасная Летува); Орля (сучасная Польшча). Быў старостам барысаўскім, кокенгаўзэнскім і інш. Князь Сьвятой Рымскай Імпэрыі на Біржах і Дубінках.

Біяграфія

рэдагаваць

Зь біржанска-дубінкаўскай лініі роду Радзівілаў, сын Мікалая «Рудога», канцлера вялікага літоўскага, і Кацярыны з Таміцкіх. Меў брата Мікалая.

 
Замак у Біржах

Атрымаў хатнюю адукацыю. Браў удзел у Інфлянцкай вайне (1558—1582 гады), пачынаючы зь бітвы на Уле (1564 год). З 1567 году быў ротмістрам коннай роты, пазьней атрымаў урады крайчага, падчашага, гетмана польнага, ахоўваў паўночна-ўсходнюю мяжу дзяржавы. У кампаніі 1580 году ўзяў замак Усьвяты і нанёс паразу маскоўскаму войску каля Вялікіх Лук. У жніўні-кастрычніку 1581 году ягоны аддзел (4 тыс. чалавек) разам з аддзелам Ф. Кміты-Чарнабыльскага (2 тыс. чалавек) зьдзейсьніў рэйд да вярхоўяў Волгі, заняў Старыцу і Ржэў. Гэты рэйд і аблога Пскова прымусілі Івана Жахлівага падпісаць замірэньне.

У 1579—1584 гадох меў урад кашталяна троцкага, адначасна ў 1579—1585 гадох падканцлер вялікі літоўскі. Па сьмерці бацькі з 1584 году — ваявода віленскі.

Быў прыхільнікам самастойнасьці Вялікага Княства Літоўскага. Па сьмерці Стэфана Баторыя падтрымліваў плян часткі літоўскіх магнатаў і шляхты скласьці дзяржаўную унію паміж Вялікім Княствам Літоўскім, Каралеўствам Польскім і Маскоўскай дзяржавай на чале зь вялікім князем. Быў прыхільнікам мірных дачыненьняў з Масквой.

У 1589 годзе атрымаў булаву гетмана вялікага літоўскага. На чале аддзелаў літоўскага войска змагаўся з паўстаньнем Налівайкі 1594—1596 гадоў. У вайну Рэчы Паспалітай са Швэцыяй (1600—1629 гады) з 1600 году камандаваў войскамі ў Інфлянтах. 23 чэрвеня 1601 году нанёс паразу швэдзкаму войску пад Кокенгаўзэнам, у ліпені 1601 году ўзяў Вэндэн.

Дамогся шлюбу ў 1600 годзе Соф’і Алелькавіч з сваім 21-гадовым сынам Янушам[1]. Па сьмерці Соф’і (1612 год) Слуцкае княства і іншыя ўладаньні Алелькавічаў перайшлі да роду Радзівілаў. Як і бацька, вызнаваў кальвінізм, будаваў кальвініскія саборы. Пры ягоным двары было шмат навукоўцаў, зь ім мелі зьвязкі дзеячы беларускай культуры: А. Рымша, Г. Пельгрымоўскі, С. Рысінскі, А. Волан.

У шлюбе з Ганнай Собек меў дачку і сына Мікалая, у шлюбе з Кацярынай Астроскай — сына Януша, у шлюбе з Кацярынай Тэнчынскай — дачку і сына Крыштапа. Шлюб з Альжбетай Астроскай быў бязьдзетным[2].

У літаратуры

рэдагаваць

Паход Крыштапа Радзівіла ў тылы маскоўскіх войскаў увосень 1581 году паслужыў нагодай для стварэньня шэрагу паэтычных твораў: лацінамоўныя паэмы «Апісаньне маскоўскага паходу князя Крыштапа Радзівіла» Ф. Градоўскага (Кракаў, 1582 год), «Панэгірык… у гонар князя Крыштапа Радзівіла» Г. Пельгрымоўскага (Кракаў, 1583 год) і польскамоўная «Паход на Маскву» Я. Каханоўскага (Кракаў, 1583 год). Найбольш падрабязнае паэтычнае апісаньне паходу К. Радзівіла стварыў А. Рымша ў паэме «Дзесяцігадовая аповесьць ваенных справаў князя Крыштапа Радзівіла»[3].

  1. ^ Грицкевич А. П. Древний город на Случи. — Мн.: Полымя, 1985. С. 14.
  2. ^ Грыцкевіч А. Радзівіл Крыштоф // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 490.
  3. ^ Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Мінск. Беларуская навука. 2006. С. 472.

Літаратура

рэдагаваць