Іван Сапега
Іван Сапега[a] (каля 1450 — 4 сьнежня 1517) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Пісар (з 1488) і маршалак гаспадарскі (з 1504), сакратар вялікі літоўскі (з 1506), ваявода віцебскі (1511—1514) і падляскі (з 1514).
![]() Іван Сапега. Невядомы мастак, 1709 | |
Герб «Ліс» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | каля 1450 |
Памёр | 4 сьнежня 1517 |
Пахаваны | |
Род | Сапегі |
Бацькі | Сямён Сапега Настасся Паўшанка[d] |
Жонка | невядомая Альжбета з Глябовічаў |
Дзеці | ад 1-га шлюбу: Павал, Міхал, Фёдар, Даброхна, Ганна |
Заснавальнік коданскай лініі роду Сапегаў, заклаў асновы яе лятыфундыі. У 1504 збудаваў мястэчка Іказьнь і Іказьненскі замак, заснаваў мястэчка Кодань з замкам (на левым беразе Бугу каля Берасьця). У выніку войнаў страціў смаленскія маёнткі, але атрымаў ад вялікіх князёў новыя — на Браслаўшчыне, Падляшшы і Берасьцейшчыне[1].
БіяграфіяРэдагаваць
Партрэт І. Сапегі аўтарства Ю. Шубэлера, 1872
|
Прадстаўнік шляхецкага роду Сапегаў гербу «Ліс», другі сын Сямёна, пісара гаспадарскага, і Настасьсі Паўшанкі. Меў брата Багдана, заснавальніка чарэйска-ружанскай лініі роду.
Быў паслом у Маскве (1497, 1498, 1499), а таксама ў Рыме (1501), дзе дамогся ад Папы зацьверджаньня мітрапаліта Ёсіфа I Балгарыновіча. Тамака ж далучыўся да Флярэнтыйскай царкоўнай уніі.
3 1501 стаў канцлерам вялікай княгіні Алены Іванаўны. У 1502 быў паслом да магістра Лівонскага ордэна, у 1503 — у Маскву, склаў замірэньне, якое скончыла вайну Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княства Літоўскім (1500—1503).
Па абраньні на сталец Жыгімонта Старога (1506) тытуляваўся найвышэйшым сакратаром вялікім літоўскім. У 1505 зноў накіраваўся з пасольствам у Маскву, аднак працягнуць тэрмін замірэньня не атрымалася. Быў намесьнікам віцебскім у 1508—1514 (з 1511 ваяводам). Зноў выехаў паслом у Маскву ў 1508, склаў мір, якім скончылася вайна Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім (1507—1508).
У 1512 вёў перамовы ў Каралеўстве Польскім з кароннай радаю пра дапамогу ў вайне Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім (1512—1522). Удзельнічаў у кампаніі 1514 пад камандаю гетмана Канстантына Астроскага. Камандаваў часткай войска ў бітве на Бярэзіне 27 жніўня 1514 і ў Аршанскай бітве (1514)[2]. Пахавалі І. Сапегу ў царкве Сьвятога Духа ў Кодні.
Быў двойчы жанатым. Імя і паходжаньне першай жонкі невядомыя, другі раз ажаніўся з Альжбетай Глябовіч. У першым шлюбе нарадзіліся дзеці:
- Павал (пам. 1579), ваявода падляскі і наваградзкі
- Міхал (пам. каля 1540)
- Фёдар (пам. каля 1548), дваранін гаспадарскі
- Даброхна (пам. па 1528), жонка кашталяна люблінскага Яна Тэнчынскага
- Ганна, жонка старосты чаркаскага і канеўскага Яна Неміровіча
ЗаўвагіРэдагаваць
- ^ Таксама Івашка Сапежыч, Ян Сапега; на лаціне падпісваўся як Joannes
КрыніцыРэдагаваць
- ^ Грыцкевіч А. Сапегі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 547.
- ^ Грыцкевіч А. Сапегі // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1.
ЛітаратураРэдагаваць
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8