Філон Кміта-Чарнабыльскі

Філон Сямёнавіч Кміта-Чарнабыльскі гербу Харугва Кмітаў (19 сакавіка[1] 1530 — 29 лістапада 1587) — вялікалітоўскі дзяржаўны і вайсковы дзяяч, пісьменьнік. Староста аршанскі (з 1566), ваявода смаленскі (з 1579).

Філон Кміта

Харугва Кмітаў
  Староста аршанскі
1566 — 29 лістапада 1587
ПапярэднікА. С. Адзінцэвіч
НаступнікАндрэй Сапега
  Ваявода смаленскі
1580 — 29 лістапада 1587
ПапярэднікЮры Осьцік
НаступнікЯ. Я. Валмінскі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 19 сакавіка 1530
Памёр 29 лістапада 1587 (57 гадоў)
Род Кміты гербу Харугва
Бацькі Сямён Кміта
Тацяна Крашынская
Жонка Настасься Гарнастаева
Соф’я з Хадкевічаў
Дзеці Ерамія
Лазар
Соф’я
Багдана
Дзейнасьць пісьменьнік

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Сын Сямёна са шляхецкага роду Кмітаў, аселага ў Кіеўскім ваяводзтве, і Тацяны Крашынскай.

У 1562 прыняў удзел у вайне з Масковіяй(pl). На чале атраду з 300 конных разьбіў пад Чарнігавам 2-хтысячную групоўку маскавітаў. Па ўзмацненьні свайго войску, кіруючы аддзелам з 1400 кавалерыстаў, узяў штурмам Чарнігаў. Пасьля гэтага з 1000 коньнікаў прадпрыняў вылазку пад Старадуб, па дарозе назад разьбіўшы маскоўскі атрад на рацэ Сноў.

У 1564, у часе апэрацыі асноўных літоўскіх сілаў пад кіраўніцтвам вялікага гетмана Мікалая Радзівіла Рудога ў ваколіцах Полацку, прыкрываў ягоны правы флянг. На чале 2-хтысячнага коннага атраду перашкодзіў злучэньню маскоўскіх сілаў. Па перамозе Радзівіла ў бітве на Іван-полі, перайшоўшы да наступальных дзеяньняў, змусіў маскалёў адысьці да Смаленску. У 1565 з 1600 коньнікамі правёў рэйд па Севершчыне, захапіўшы Почап і з ваеннай здабычай вярнуўшыся ў край.

За ягоныя заслугі ў вайсковых дзеяньнях прывілеем ад 29 сакавіка 1566 Жыгімонта Аўгуста замест спустошанага Літыну атрымаў ў вечнае карыстаньне замак і места Чарнобыль з ваколіцамі (адсюль другая частка прозьвішча) і Аршанскае староства.

У 1568 на чале 4-хтысячнага атраду праводзіў рэйды па Смаленшчыне. Выцягнуў частку смаленскай залогі і разьбіў яе ў полі. Пасьля спустошыў тэрыторыю Масковіі ажно да Вязьмы, пасьля чаго без сутыкненьняў вярнуўся ў Воршу.

Прыняў удзел у вайне з Масковіяй(en) Сьцяпана Батуры. У 1579, у часе полацкай выправы, абараняў паход асноўных сілаў з боку Смаленска. 18 кастрычніка 1579 атрымаў пасаду ваяводы смаленскага (намінальна, але з атрыманьнем месца ў сэнаце Рэчы Паспалітай).

У 1580 ў часе вялікалускай выправы, узначаліўшы 9-цітысячны атрад, уварваўся на Смаленшчыну, аднак атрымаў тут паразу. Па здабыцьці Вялікіх Лукаў стаў 5 верасьня камэндантам гэтай крэпасьці. У студзені 1581 захапіў Холм. Правёў рэйд на Вялікі Ноўгарад і захапіў Старую Русу.

Разам з польным гетманам Крыштафам Радзівілам «Перуном» правёў 25-29 жніўня сьмелую атаку 7000-м атрадам на Ржэў, непасрэдна пагражаючы самому Івану Жахліваму, які ў той час перабываў у Старыцы. Гэтую гісторыю апісаў Ян Каханоўскі ў паэме «Jezda do Moskwy».

Пісьмы Кміты-Чарнабыльскага

рэдагаваць

З Воршы дасылаў у Вільню панам-радзе ВКЛ данясеньні аб становішчы на мяжы і падзеях у Масковіі. Да нашага часу захаваліся 30 лістоў за 1573—1574 рокі. Напісаныя на старабеларускай мове з выкарыстаньнем прыказак і прымавак, народных сродкаў гумару і сатыры, яны зьяўляюцца помнікам[2] старабеларускай эпісталярнай літаратуры XVI ст.

Тэматыка лістоў — службовыя данясеньні пра ваенна-палітычную сытуацыю на ўсходніх межах краіны. Раскрываецца становішча ў Маскоўскай дзяржаве, пляны Івана IV, маскоўска-татарскія зносіны і інш. У некаторых лістах аўтар характарызуе ўнутрыпалітычнае жыцьцё Рэчы Паспалітай, закранае сацыяльныя праблемы.

Асобна вылучаюцца лісты да троцкага кашталяна Астафея Валовіча, у якіх выяўленая асоба аўтара, яго індывідуальны стыль, жыцьцё і побыт служылай шляхты.

Рукапіс, у якім на 96 старонках зьмяшчаліся лісты Кміты-Чарнабыльскага, захоўваўся ў Бібліятэцы Дэпартамэнта Генэральнага штаба ў Санкт-Пецярбурзе й, імаверна, перададзены ў Польшчу пасьля заключэньня Рыскай дамовы[3].

Упершыню 28 лістоў у храналягічнай пасьлядоўнасьці за пэрыяд са сьнежня 1573 да канца 1574 году надрукавалі лацінкай у 1844 годзе Аляксандар Пжэзьдзецкі(pl) і Мікалай Маліноўскі(pl) у зборніку «Zrzódła do dziejów polskich» па-беларуску: «Крыніцы па гісторыі Польшчы».

Іван Грыгаровіч, галоўны рэдактар выданьня «Акты, якія адносяцца к гісторыі Заходняй Расеі», прапанаваў для друку на нарадзе Археаграфічнай камісіі 7 сьнежня [ст. ст. 25 лістапада] 1841 году поўны сьпіс лістоў, але ў 3-ім томе зборніка ў 1848 годзе надрукавалі толькі 20 лістоў[4].

Аляксандар Коршунаў і Юльян Пшыркоў у 1975 годзе ў зборніку «Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасьці» узялі за аснову выданьне ў зборніку «Zrzódła do dziejów polskich» і дапоўнілі дадаткам з выданьня «Актаў».

Філон Кміта быў жанаты з Настасьсяй Гарнастаевай, удавой Рыгора Сангушкі. Другі раз ажаніўся з Соф’яй з Хадкевічаў, дачкой віленскага кашталяна Рыгора Хадкевіча, зь якой меў сыноў Ерамію і Лазара і дачок Соф’ю і Багдану[5].

Кнігапіс

рэдагаваць
  1. ^ Дзьве даты: 19 сакавіка // Зьвязда : газэта. — 19 сакавіка 2010. — № 50 (26658). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Пд. Белазаровіч, С.56.
  3. ^ Е. Ѳ. Карскій. Бѣлорусы. — Петроградъ: 12-я Государственная Типографія (б. Академіи Наукъ), 1921. — Т. ІІІ. Очерки словесности Бѣлорусскаго племени. 2. Старая западно-русская письменность. — С. 110—113. — VIII,248 с.
  4. ^ Протоколы засѣданій Археографической коммиссіи. 1841—1849 г.. — Выпускъ второй. — С.-Петербургъ: Типографія брат. Пантелеевыхъ, 1886. — С. 70—74. — 442 с.
  5. ^ «Archiwum domu Sapiehów» / opracował dr. Prochaska, Antoni. — Lwów: Nakładem rodziny z drukarni zakładu narodewego im. Ossolińskich, 1892. — Т. 1. Listy z lat 1576—1606. — С. 70; 86; 95. — XXXV;578 с.

Літаратура

рэдагаваць