Дзьмітры Піневіч

Міністар аховы здароўя Рэспублікі Беларусь

Дзьмі́тры (Зьмі́цер[1][2][3][4]) Леані́давіч Піне́віч (нар. 1967, Ільля, Вялейскі раён, Менская вобласьць, цяпер Беларусь) — дзяржаўны дзяяч рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі, абвешчаны ў 2020 годзе Аляксандрам Лукашэнкам «міністрам аховы здароўя Беларусі».

Дзьмітры Піневіч
9-ы міністар аховы здароўя Беларусі (de facto)
27 лістапада 2020 — цяперашні час
Прэзыдэнт: Аляксандар Лукашэнка (de facto)
Прэм’ер-міністар: Раман Галоўчанка (de facto)
Папярэднік: Уладзімер Каранік
Першы намесьнік міністра аховы здароўя Беларусі
2011 — 24 жніўня 2020
Прэм’ер-міністар: Міхаіл Мясьніковіч, Андрэй Кабякоў, Сяргей Румас, Раман Галоўчанка
Наступнік: Алена Краткова
Старшыня камітэту аховы здароўя Менскага гарвыканкаму
ліпень 2002 — 2011
Прэм’ер-міністар: Генадзь Навіцкі, Сяргей Сідорскі, Міхаіл Мясьніковіч
Галоўны лекар 6-й гарадзкой клінічнай лякарні Менску
1999 — 2001
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 17 кастрычніка 1967 (56 гадоў)
Ільля, Вялейскі раён, Менская вобласьць, Беларуская ССР, Савецкі Саюз
Дзеці: 2 дачкі: Юлія і Ксенія
Бацька: Леанід Піневіч (нар. 1941)
Маці: Ганна Піневіч (нар. 1941)
Адукацыя: Ленінградзкая вайскова-мэдычная акадэмія (1990), Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі (2005)
Узнагароды:
Ордэн Пашаны (Беларусь)
Ордэн Пашаны (Беларусь)
Мэдаль «За працоўныя заслугі»
Мэдаль «За працоўныя заслугі»
Ганаровая грамата Савета міністраў Беларусі

Выканаўца волі А. Лукашэнкі, за што стаў прадметаў нараканьняў за “генацыд беларускага народу”[5] (у тым ліку сьледам за сваім папярэднікам Уладзімерам Каранікам[6]), бо проста прымалі не патрэбныя рашэньні для барацьбы з пашырэньнем каранавіруснай інфэкцыі ў краіне, фальсыфікацыю зь істотным скажэньнем статыстыкі памерлых і захварэлых (што не дазволіла адэкватна ацэньваць рызыку знаходжаньня ў грамадзкіх месцах), адмову ад прапанаваных задарма[7] сусьветна прызнаных вакцынаў на карысьць набыцьця за грошы беларускіх платнікаў падаткаў вакцынаў з Расеі і Кітаю, дзе няма незалежнага кантролю якасьці вытворчасьці праз спэцыфіку ўсталяваных у адпаведных краінах аўтарытарных рэжымаў (сам Лукашэнка заявіў, што заходніх вакцынаў у Беларусі ня будзе, бо такія вакцыны патрабуюцца «оппам», каб «ехаць на Захад інструкцыі атрымліваць»[8]), непрыняцьце захадаў (у тым ліку праз патрабаваньні і рэкамэндацымі Міністэрства аховы здароўя да іншых міністэрстваў) дзеля ўвядзеньня ў краіне дыстанцыйнага навучаньня і працы — як і забароны правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Прытым у Беларусі (з спасылкай на каранавірусныя абмежаваньні, якія не зьняпраўджваюцца Міністэрствам аховы здароўя) дыскрымінуюцца і катуюцца палітычныя вязьні (празь непрыняцьце перадачаў у турмах), парушаецца закладзены ў Канстытуцыі краіны прынцып таемнасьці галасаваньня (праз прыбіраньне фіранак з кабінак дзеля галасаваньня), а таксама абмяжоўваецца свабода перамяшчэньня беларусаў (як і магчымасьць свабодна прышчапіцца сусьветна прызнанымі вакцынамі ў суседняй Украіне) праз закрыцьцё наземных межаў.

Старшыня Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (2019—2021). У 2020 годзе атрымаў ад Лукашэнкі ордэн Пашаны за «значны асабісты ўклад у арганізацыю і правядзеньне комплексных захадаў па супрацьдзеяньні распаўсюду каронавіруснай інфэкцыі».

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся ў сям'і выкладнікаў Леаніда Піневіча родам з Расна Дрыбінскага раёну (Магілёўская вобласьць) і Ганны Піневіч родам зь Лідзкага раёну (Гарадзенская вобласьць). Бацька выкладаў тэхнічныя прадметы ў Ільлянскім аграрным каледжы і пазьней стаў яго кіраўніком, а маці — тамсама па разьмеркаваньні пасьля Менскага інстытуту замежных моваў. Тамсама ў Ільлянскім каледжы выкладаў дзядзька па мячы. Гадаваўся разам з братам Сяргеем, які скончыў Беларускі політэхнічны інстытут і заняўся рамонтам самаходаў. У 1984 годзе скончыў школу з чырвоным дыплёмам і паступіў у Ленінградзкую вайскова-мэдычную акадэмію (Расейская СФСР), якую таксама скончыў з чырвоным дыплёмам. У 1990-м разьмеркаваўся лекарам у вайсковую частку 78530 у Вазьнясенску Мікалаеўскай вобласьці Ўкраінскай ССР. У 1992 годзе вярнуўся ў Беларусь, дзе ўладкаваўся хірургам 36-й гарадзкой паліклінікі Менску. У 1994-м стаў намесьнікам галоўнага лекара па мэдычнай частцы для грамадзянскай абароны 5-й гарадзкой клінічнай лякарні Менску. З 1999 году займаў пасаду галоўнага лекара 6-й гарадзкой клінічнай лякарні Менску. У студзені—чэрвені 2002 году быў начальнікам управы кантролю органаў аховы здароўя, сацыяльнай абароны, спорту і турызму Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі. У 2002 годзе стаў старшынёй камітэту аховы здароўя Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту[9]. У 2005 годзе скончыў Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі[10].

1-ы намесьнік міністра

рэдагаваць

У 2011-м заняў пасаду 1-га намесьніка міністра аховы здароўя Беларусі і заставаўся на ёй пры 3-х міністрах — Васілю Жарко, Валерыю Малашку і Ўладзімеру Караніку[9]. 20 лістапада 2014 году 1-ы намесьнік міністра аховы здароўя Беларусі Зьміцер Піневіч адзначыў, што з больш як 15 000 падлеткаў пад кантролем наркалягічнай службы дыспансэрнаму нагляду падлягала 45, а кожны 3-і сыходзіў з-пад назіраньня лекараў[11]. 9 сьнежня 2015 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 1031 «Аб узнагароджаньні Д.Л.Піневіча Ганаровай граматай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь» за значны асабісты ўклад у арганізацыю і правядзеньне 21–22 кастрычніка 2015 году ў Менску Эўрапейскай міністэрскай канфэрэнцыі Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя «Ахоп усіх этапаў жыцьця ў кантэксьце палітыкі Здароўе – 2020»[12]. 26 ліпеня 2017 году Піневіч паведаміў пра падпісаньне ў траўні 2017 году новых пратаколаў лячэньня інфэкцыі віруса імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ), якія ўводзілі 1 студзеня 2018 году: «Новыя пратаколы азначаюць, што ў Беларусі пашыраны доступ да антырэтравіруснай тэрапіі (АРВ-тэрапіі) для ўсіх узроставых катэгорыяў пацыентаў, з рознымі клінічнымі стадыямі захворваньня». Намесьнік міністра згадаў, што 9 000 з 18 000 заражаных атрымлівалі лячэньне паводле 23-х схемаў, якое на 70 % фінансаваў урад Беларусі, а рэшту — міжнародныя арганізацыі. Піневіч заявіў пра агульную палітыку з Аб'яднанай праграмай ААН па ВІЧ і СНІД (Швайцарыя) і Сусьветным фондам змаганьня са СНІД, сухотамі і малярыяй (Швайцарыя): «Мы ўводзім новыя праекты саматэставаньня, працягваем праграму замяшчальнай тэрапіі і праграму зьніжэння шкоды пры шырокім ўдзеле грамадзкіх арганізацыяў». Ён зьвярнуў увагу на тое, што спрашчэньне парадку дзяржаўнага сацыяльнага заказу дазволіць бюджэтнае фінансаваньне недзяржаўных арганізацыяў, якія прапануюць паслугі для заражаных ВІЧ. Асновай распрацоўкі пратаколаў стала Зводнае кіраўніцтва СААЗ 2016 году па выкарыстаньні антырэтравірусных прэпаратаў для заражаных ВІЧ. У выніку Беларусь стала адзінай краінай Усходняй Эўропы, якая найбольш пасьпяхова спраўлялася з эпідэміяй ВІЧ і cындрому набытага імунадэфіцыту (СНІД), паводле Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (Швайцарыя)[13]. У 2017—2019 гадох Піневіч быў прадстаўніком ад ураду Беларусі ў Каардынацыйнай радзе Аб'яднанай праграмы ААН па ВІЧ і СНІД[14].

1 лістапада 2018 году на 16-м Зьезьдзе хірургаў Беларусі, які праходзіў у Гарадзенскім дзяржаўным мэдычным унівэрсытэце, Зьміцер Піневіч адзначыў у якасьці посьпеху Міністэрства аховы здароўя Беларусі ў галіне перааснашчэньня стварэньне такіх рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў (РНПЦ), як РНПЦ дзіцячай хірургіі і Менскі навукова-практычны цэнтар хірургіі. Пры гэтым, за 2017 год у Беларусі сярод 1,76 млн хірургічных умяшаньняў стацыянарна выканалі 49 % (860 000). Паказьнік сьмяротнасьці склаў менш за 0,5 % пры экстраным апэраваньні 40 000 пацыентаў[15]. 23 траўня 2019 году на паседжаньні Нацыянальнай камісіі ў правах дзіцяці распавёў, што ў 2018 годзе паводле вынікаў мэдычных прафіляктычных аглядаў 86 % дзяцей у веку да 17 гадоў мелі 1-ю і 2-ю групы здароўя, зь іх 27,4 % прызнаныя цалкам здаровымі, 12,3 % пажыцьцёвую хваробу (у тым ліку 1,6 % — зьнявечаньне). Пры гэтым, удзельная вага дзяцей з пажыцьцёвай хваробай узрастала з узростам: у дашкольным веку складала 8 %, у школьным — 15,5 % і ў падлеткавым — каля 20 %. Піневіч адзначыў захады папярэджаньня дзіцячых траўмаў: «З мэтай прафіляктыкі ў 2017-м пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН (ЗША) пачалі працу па стварэньні мадэльных цэнтраў. У цяперашні час на базе арганізацыяў аховы здароўя працуюць 10 такіх цэнтраў для бацькоў па навучаньні правілам бясьпечнага пражываньня дзяцей»[16]. 16 кастрычніка 2019 году на адкрыцьці 6-га Беларускага стаматалягічнага зьезду ў Нацыянальным выставачным цэнтры Піневіч паведаміў: «У краіне працуе больш за 5000 супрацоўнікаў, больш за 60 розных стаматалягічных паліклінік»[17].

8 чэрвеня 2020 году Піневіч перанакіраваў у Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі прашэньне звыш 400 чалавек абнародаваць штомесячны падлік сьмяротнасьці. У адказе намесьнік міністра патлумачыў сьмяротнасьць у Беларусі ад каронавірусу ў 0,51 % заражаных, што была кратна ніжэйшай за 12 % у Швэцыі, забясьпечанасьцю вэнтылятарамі лёгкіх, кропкамі доступу да тлену і лекарамі. Пры гэтым, Піневіч напісаў: «Айчынныя прадпрыемствы фармацэўтычнай прамысловасьці ў прыярытэтным парадку ажыцьцяўляюць вытворчасьць лекавых сродкаў, неабходных для лячэньня пацыентаў з каронавіруснай інфэкцыяй»[18].

Міністар аховы здароўя

рэдагаваць

24 жніўня 2020 году А. Лукашэнка прызначыў Зьмітра Піневіча выканаўцам абавязкаў міністра аховы здароўя Беларусі. Пры гэтым, Лукашэнка заявіў: «Міністар аховы здароўя (Уладзімер Каранік) накіраваны ў Гарадзенскую вобласьць і пачаў там працаваць (старшынёй аблвыканкаму). Сёньня ён павінен быць тут, каб перадаць справы і вярнуцца пасьля абеду ў Горадню. Таму выконваць абавязкі, Зьміцер Леанідавіч, будзеце вы. Вы (Старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава) галавой за гэта адказваеце, вы ўносілі гэтую кандыдатуру. Праўда, не адна, іншыя падтрымлівалі. Але вы адказная (ўпаўнаважаная прэзыдэнта) па Менску». Урэшце Лукашэнка згадаў: «Выдзелілі клінікі для хворых на каронавірус. Запас ложкаў стварылі, апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх (ШВЛ). Навучылі людзей лячыць і дапамагалі рэгіёнам. Гэта вялікі плюс у вашай біяграфіі»[19]. 14 верасьня 2020 году Зьміцер Піневіч прадставіў новую кіраўніцу Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру «Кардыялёгія» Натальлю Міцькоўскую і заявіў: «Мяне не задавальняла загрузка РНПЦ як ва ўмовах каронавірусу, так і да пачатку пандэміі і да пачатку рамонтаў. Гэта датычылася тэрапэўтычных ложкаў, інтэрвэнцыйнай кардыялёгіі, у меншай ступені кардыяхірургіі. Была недазагружанасьць. Інтэнсіўнасьць працы, калі параўноўваць з эўрапейскімі цэнтрамі, значна ніжэйшая». Ён зьвярнуў увагу на некалькі выпадкаў, калі дапамогу ў РНПЦ не аказалі належным чынам, і прыгадаў закупкі лекарскага абсталяваньня для РНПЦ: «Мы зьвярталі ўвагу і своечасова выпраўлялі парамэтры тэхнічных заданьняў з мэтай канкурэнтаздольнасьці і зьмяншэньня канчатковага кошту. Аднак і пры гэтым, як паказаў наш аналіз, амаль 30 % ад усяго аб'ёму закуплялася ад 2-х афіляваных пастаўшчыкоў. І гэта магло стаць значна большай праблемай у далейшым»[20].

15 верасьня 2020 году на сустрэчы зь лекарамі ў Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі Піневіч заявіў пра больш поўныя зьвесткі Нацстаткаму Беларусі датычна росту сьмяротнасьці за 2-і квартал 2020 году на 5605 чалавек. Выканаўца абавязкаў міністра патлумачыў: «Нацстат жа зьбірае зьвесткі не ад нас, а ад ЗАГСаў. Нацстат бачыць тую сьмерць, якую ня бачым мы, — судовую, сьмерці дома. То-бок Нацстат зьбірае зьвесткі праз пазаведамасныя ўстановы»[21]. 24 верасьня 2020 году Піневіч прадставіў Ігара Стому ў якасьці новага рэктара Гомельскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту і заявіў: «Зь 2023 году пераходзім на падрыхтоўку кадраў у рамках рэзыдэнтуры. Па многіх спэцыяльнасьцях уваход у прафэсію будзе яшчэ суправаджацца навучаннем ад 3-х да 5 гадоў»[22]. 1 кастрычніка 2020 году Піневіч паведаміў пра клінічнае выпрабаваньне ў Беларусі расейскай прышчэпкі «Спадарожнік V» ад каронавіруса. Сярод 4000 добраахвотнікаў адабралі 100 грамадзянаў Беларусі ў веку 18—60 гадоў, якія ніколі не хварэлі на каронавірусную інфэкцыю. Для 2-разовага ўвядзеньня прышчэпак праз 7—14 дзён абралі 28-ю паліклініку Менска. Працягласьць досьледа складала 120—180 дзён. Прышчэпку «Спадарожнік V» распрацаваў Нацыянальны дасьледчы цэнтар эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі імя Мікалая Гамалеі ў Маскве, а выраблялі яе сумесна з Расейскім фондам прамых інвэстыцыяў, які і фінансаваў выпрабаваньне ў Беларусі[23]. 8 кастрычніка 2020 году в.а. міністра аховы здароўя паведаміў пра скарачэньне карантыну да 10 дзён для сем'яў заражаных каронавірусам і прыежджых з-за мяжы, бо беларускія лекары назіралі праявы хваробы не пазьней за 7-ы дзень пасьля стасункаў з хворымі[24].

27 лістапада 2020 году ў 6-й гарадзкой клінічнай лякарні Менску, дзе Піневіч у 1999—2001 гадох працаваў галоўным лекарам, А. Лукашэнка паведаміў пра падпісаньне Ўказу аб яго прызначэньні міністрам аховы здароўя Беларусі[25]. 7 сьнежня 2020 году на 6-м міжнародным зьезьдзе Асацыяцыі нэфролягаў Піневіч патлумачыў, што 4 сьнежня менскія паліклінікі прыпынілі плянавую дапамогу, як і ў 1-ю хвалю пандэміі каронавіруса, «каб не канцэнтраваць пацыентаў у адным месцы»[26]. 14 сьнежня 2020 году Піневіч нагадаў, што пасьля лячэньня запаленьня лёгкіх на ложку ў лякарні пераводзяць на далечваньне амбуляторна або стацыянарна[27]. 21 сьнежня 2020 году Піневіч паведаміў пра рэгістрацыю Міністэрствам аховы здароўя Беларусі расейскай прышчэпкі «Спадарожнік V», бо, «паводле наяўных на сёньняшні дзень дадзеных, вакцына бясьпечная і эфэктыўная. Сур'ёзных або непрадбачаных пабочных эфэктаў выяўлена не было»[28]. У той дзень Піневіч заявіў, што больш за тыдзень «ня бачым росту колькасьці пнэўманіяў. У асобных рэгіёнах няма неабходнасьці трымаць той ложкавы фонд, які быў перапрафіляваны, у тым ліку зь лёгкім запасам (для прыёму пацыентаў з каронавірусам). Таму лякарні, у прыватнасьці Магілёўскай, Віцебскай і Берасьцейскай вобласьцяў, аднаўляюць звычайны рэжым працы»[29]. Таксама ў той самы дзень А. Лукашэнка падпісаў Указ № 474 «Аб узнагароджаньні» Піневіча ордэнам Пашаны, а папярэдняга міністра Ўладзімера Каранікаордэнам Айчыны 3-й ступені за «значны асабісты ўклад у арганізацыю і правядзеньне комплексных захадаў па супрацьдзеяньні распаўсюду каронавіруснай інфэкцыі»[30]. Ордэны ўручылі 16 студзеня 2021 году[31].

У сьнежні 2020 году на паседжаньні камісіі аб закупках на 2021 год Піневіч адмовіў у далейшым набыцьці з 12-кратнай нацэнкай індыйскіх і расейскіх лекаў, якія прадпрыемства «НатыВіта» Аляксея Сычова 5 гадоў пакавала ў Бешанковічах (Бешанковічы). Пры гэтым, міністар заявіў: «НатыВіта» няхай спачатку верне ўсё тое, што напісаў «Белсат», ці падасьць на іх у суд, а потым ходзіць і расказвае тут нам»[32]. 29 сьнежня 2020 году міністар аховы здароўя Беларусі паведаміў пра дастаўку 1-й партыі прышчэпкі «Спадарожнік V» з Расеі і заявіў: «Сёньня ў нас пачнецца новы этап - масавая вакцынацыя супраць каронавіруснай інфэкцыі. Першымі будуць вакцынаваныя мэдычныя працаўнікі, пэдагогі і тыя спэцыялісты, якім з-за асаблівасьцяў прафэсіі даводзіцца шмат кантактаваць зь людзьмі. Вакцынацыя будзе праводзіцца ў добраахвотным парадку»[33]. Піневіч падкрэсьліў: «І першая партыя расейскай вакцыны, і першыя кантракты сваім аб'ёмам ахопліваюць як раз тую колькасьць нашых працаўнікоў, якая будзе падлягаць вакцынацыі ў першую чаргу — гэта 200 000 чалавек»[34]. 17 студзеня 2021 году на тэлеканале «Сталічнае тэлебачаньне» Піневіч адзначыў падпісаньне дамовы на 170 000 прышчэпак «Спадарожнік V» і ўдакладніў: «Гэта першая партыя вакцынаў, якая да нас паступіла. Яна адпаведным чынам разьбітая на некалькі дробных партыяў. Да новага году паступіла 20 000 вакцынаў, была пройдзеная праверка якасьці іх бясьпекі. Зараз мы працягваем прышчапляць мэдычных працаўнікоў»[35]. 10 лютага 2021 году на тэлеканале «Беларусь 1» Піневіч паведаміў: «Учора паступіла чарговая партыя — 40 000 вакцынаў»[36].

24 лютага 2021 году Зьміцер Піневіч заявіў, што падчас пандэміі «з 16 да 59 была павялічаная колькасьць ПЛР-лябараторыяў. Праведзена звыш 4 млн дыягнастычных дасьледаваньняў». Лекарам за працу з хворымі на каронавірус выплацілі дадаткова 580 млн рублёў (235 млн даляраў). Лік прышчэпленых дасягнуў каля 25 000 чалавек[37]. Міністар згадаў: «На працягу года дзяржузнагародамі былі ўзнагароджаныя 45 мэдычных працаўнікоў, якія былі занятыя ў барацьбе зь інфэкцыяй, яшчэ больш за 4300 узнагароджаныя ўрадам, міністэрствам сумесна з прафсаюзамі і мясцовымі органамі ўлады». Паводле словаў Піневіча, падчас пандэміі для працы з каронавіруснай інфэкцыяй прыцягнулі 35 % усіх лекараў і 45 % мэдсясьцёр. На піку захваральнасьці працавала 1500 кантактных брыгадаў. Таксама перапрафілявалі звыш 34 000 ложкаў. Піневіч зьвярнуў увагу на дастатковую вытворчасьць у Беларусі мэдычных масак і паступленьне лекаў у лякарні бяз збою, таму заявіў: «мы мелі рацыю, калі не скарацілі структуру аховы здароўя, калі адстойвалі прыярытэтнасьць імпартазамяшчэньня»[38]. 10 сакавіка 2021 году падчас наведваньня РНПЦ эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі Піневіч паведаміў пра пачатак распрацоўкі беларускай прышчэпкі ад каронавіруса некалькімі РНПЦ Міністэрства аховы здароўя Беларусі[39].

12 сакавіка 2021 году Піневіч паведаміў пра зацьвярджэньне Пагадненьня аб пазыцы на 20 млн даляраў, падпісанага 24 сьнежня 2020 году з Фондам міжнароднага разьвіцьця Арганізацыяй краін-экспартэраў нафты (АКЭН, Аўстрыя). Ён удакладніў, што пазыка прызначалася для такіх выдаткаў бюджэту на супрацьдзеяньне каронавіруснай інфэкцыі, як лекарскае абсталяваньне, заробкі лекарам і лекі[40]. Тэрмін пазыкі складаў 18 гадоў[41]. 26 сакавіка 2021 году Піневіч паведаміў, што для лячэньня ад каронавірусу ў лякарнях задзейнічалі 19 % ложкаў. Таксама ад каронавіруса пачалі прышчапляць кітайскай прышчэпкай, 100 000 дозаў якой паставілі бясплатна. Міністар згадаў, што «Белмэдпрэпараты» пачалі разьліваньне прамысловых партыяў расейскай прышчэпкі «Спадарожнік V» з паўпрадукту расейскага прадпрыемства «Генэрыюм». Гэтая прышчэпка праходзіла праверку якасьці. Таксама Піневіў апавясьціў пра пачатак будаўніцтва «Белмэдпрэпаратамі» вытворчасьці поўнага цыклю ад вырошчваньня віруса да разьліваньня прышчэпкі сумесна з расейскім канцэрнам «Росіюм». Магутнасьць узводзімай вытворчасьці складала каля 8 млн дозаў прышчэпкі за год[42].

1 красавіка 2021 году на разьмеркаваньні студэнтаў Гомельскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту (ГомДМУ) міністар аховы здароўя Беларусі заявіў: «рэзыдэнтура ўведзеная. Цяпер рыхтуем дакумэнты найвышэйшага ўзроўню для яе старту ў поўнай меры. Стаіць задача напоўніць рэзыдэнтуру кампэтэнцыямі, месцамі, парадкам праходжаньня». З ГомДМУ тады разьмеркавалі каля 580 з 2600 выпускнікоў-лекараў Беларусі[43]. 8 красавіка на адкрыцьці кабінэту кампутарнай тамаграфіі ў Каленкавіцкай цэнтральнай раённай лякарні Піневіч заклікаў да прышчэпліваньня ад каронавіруса і паведаміў, што «ў лекавых установах адкрытыя спэцыяльныя пункты, ідзе запіс». Таксама міністар згадаў забясьпечанасьць мэдычнымі маскамі і абеззаражвальнікамі: «Па панядзелках а 8:30 кожны рэгіён удакладняе сытуацыю з запасамі неабходнага. Цяпер яны разьлічаныя на 2-2,5 месяцы і пастаянна папаўняюцца. Мінімум раз у тыдзень у кожнай вобласьці зьвяраем гадзіньнікі з усімі раёнамі па відэасэлектары»[44]. 9 красавіка ў этэры тэлеканалу «Агульнанацыянальнае тэлебачаньне» Піневіч заявіў: «адток кадраў ёсьць. Прыкладна 200—250 чалавек у год зьяжджаюць за мяжу з мэтай працягу сваёй працоўнай дзейнасьці». Пры гэтым, штогод мэдычныя ВНУ Беларусі выпускалі 2600—2800 лекараў, то-бок штогадовы адток складаў 7 %. Міністар прыгадаў увядзеньне 3—4-гадовай падрыхтоўкі ў рэзыдэнтуры ў якасьці спробы зьменшыць адток лекараў, якія жадаюць атрымаць навучаньне за мяжой. Урэшце, Піневіч заўважыў, што ўсе наймальнікі заявілі, што ўсе 2600 лекараў-выпускнікоў сёлета атрымаюць «арэнднае жыльлё», калі прыбудуць на першае працоўнае месца[45].

16 красавіка 2021 году Піневіч заявіў, што расейскую прышчэпку «Спадарожнік V» беларускай вытворчасьці ўвялі ў грамадзянскі абарот пасьля ўхваленьня якасьці партыі з боку НДЦ эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі імя Мікалая Гамалеі ў Маскве. Пры гэтым, Зьміцер Піневіч стаў 1-м беларусам, які прышчапіўся разьлітай у Беларусі прышчэпкай. Памер 1-й партыі прышчэпкі склаў да 90 000 дозаў. Да канца красавіка ў Менску мелі вырабіць яшчэ 5 партыяў агульным лікам да 500 000 дозаў. Кожная партыя падлягала праверцы якасьці[46]. 18 траўня 2021 году на аэрадроме Мачулішчы (Менскі раён) міністар аховы здароўя Беларусі Зьміцер Піневіч і амбасадар Кітаю ў Беларусі Се Сяоюн падпісалі Акт аб перадачы Беларусі прышчэпак ад каронавіруса ў якасьці гуманітарнай дапамогі. Вайскова-транспартны самалёт «Іл-76МД» Міністэрства абароны Беларусі даставіў з Пэкіну 300 000 дозаў прышчэпкі на 150 000 чалавек, распрацаванай кітайскай карпарацыяй «Сінафарм». Прышчэпкі перадалі на склад УП «Белфармацыя» для разьмеркаваньня па абласьцях Беларусі. Пры падпісаньні Акта Піневіч заявіў: «сёньня мы сустракаем яшчэ 300 000 дозаў прэпарата. Гэтая вакцына ёсьць адным зь найлепшых узораў фармацэўтычнай прамысловасьці ў КНР і сэртыфікаваная СААЗ. Я гатовы запэўніць, што ўсе кітайскія грамадзяне, якія пражываюць у Беларусі, будуць таксама вакцынаваныя»[47]. 28 траўня міністар аховы здароўя Піневіч стаў сябрам Выканаўчага камітэту Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (Швайцарыя) на 3 гады ў выніку абраньня Беларусі ўпершыню з 1948 году на 74-й сэсіі Сусьветнага сходу аховы здароўя[48].

14 чэрвеня 2021 году ў Сусьветны дзень донара крыві міністар аховы здароўя здаў кроў у Навучальным цэнтры Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і распавёў: «Кожны год мы нарыхтоўваем больш за 240 тонаў розных кампанэнтаў крыві, донарамі становяцца каля 90 000 чалавек»[49]. 17 чэрвеня на прыёме для лекараў у менскім Палацы Незалежнасьці Піневіч згадаў, што сёлета на патрэбы лячэньня каронавіруснай інфэкцыі «ў нас ужо не 35 000 перапрафіляваных ложкаў, а 11 000». Таксама міністар заўважыў, што ў службе хуткай мэдычнай дапамогі «ў нас працуе 860 брыгадаў па краіне»[50]. 25 чэрвеня на ўручэньні 70 дыплёмаў з адзнакай выпускнікам Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Піневіч адзначыў, што больш за 50 % выпускнікоў у 2020—2021 гадох адточвалі свае ўменьні ў чырвоных зонах лякарняў і паліклінік[51]. 29 чэрвеня міністар паведаміў, што сёлета 4 мэдычныя ВНУ Беларусі выпусьцілі 2500 лекараў[52].

6 ліпеня 2021 году міністар адзначыў: «У Беларусі, паводле статыстычных зьвестак, рэгіструецца рост ужываньня алькаголю на душу насельніцтва ў катэгорыі 15+ (гадоў). І ў 2020 годзе ён складаў 10,8 л на чалавека». Тым часам, яго ўжываньне ў сярэдзіне 2019 году складала блізу 8,1 літру на душу насельніцтва. Пры гэтым, Піневіч зазначыў, што «ў нашай краіне пераважае паўночная мадэль ўжываньня алькаголю, для якой характэрная прыхільнасьць да моцных напояў, якія людзі п'юць за кароткі час». Сярод станоўчых зьмяненьняў, міністар згадаў тое, што менш стала піць моладзь і зьменшылася колькасьць альгагольна залежных грамадзянаў на дыспансэрным уліку, у тым ліку жанчынаў[53]. 12 жніўня 2021 году Піневіч паведаміў пра рашэньне ўзьвесьці прамыслова-вытворчы корпус для вытворчасьці прышчэпак ад каронавіруса на прадпрыемстве «БелВітуніфарм» у Віцебскім раёне (Доўжа)[54]. 19 жніўня Піневіч запэўніў, што на паўгады стварылі запас лекаў пры каронавіруснай інфэкцыі і запас мэдычных масак на 3 месяцы. Пры гэтым, сярод каля 77 000 ложкаў у лякарнях пад хворых на каронавірусную інфэкцыю перапрафілявалі 6000. За 1,5 гады лік тленавых кропак у лякарных павялічылі ўдвая да 20 700[55].

3 верасьня 2021 году Піневіч паведаміў пра дастаўку ў Беларусь расейскай прышчэпкі «Спадарожнік Лайт»: «Партыя паступіла ў аб'ёме 250 000 дозаў. Роўна столькі, колькі мы заказвалі». Міністар удакладніў: «нашыя студэнты найвышэйшых навучальных установаў, навучэнцы ССНУ, усе, хто пажадае, змогуць прышчапіцца гэтым відам вакцыны. Гэта аднаэтапная вакцынацыя». Таксама Піневіч згадаў, што між папярэдняй прышчэпкай або раней перанесенай каронавіруснай інфэкцыяй і той прышчэпкай ад каронавіруса мае прайсьці 6 месяцаў, бо Экспэртная рада імунізацыі раіла прымяняць тую прышчэпку ў якасьці паўторнай[56]. 6 верасьня міністар аховы здароўя Беларусі і амбасадар Кітаю ў Беларусі падпісалі дакумэнт аб перадачы 500 000 дозаў прышчэпкі «Сінафарм». Напярэдадні, 5 верасьня ў Беларусь з Пэкіну прыляцеў самалёт з 1,5 млн дозаў прышчэпкі супраць каронавіруса, зь якіх 1 млн набылі паводле дамовы, а 500 000 перадалі бязвыплатна[57]. 20 верасьня падчас наведваньня 10-й лякарні Менску Піневіч заявіў пра перапрафіляваньне пад каронавірус каля 1/3 з 100 000 ложкаў у лякарнях Беларусі і дадаў, што асноўная частка перапрафіляваных ложкаў яшчэ пустуе[58]. 28 верасьня міністар аховы здароўя Беларусі заявіў пра станоўчае стаўленьне да звароту беларускага экзарха Веньяміна наконт прышчэпліваньня ад каронавіруса: «вакцынацыя самы дзейсны метад барацьбы з гэтым вірусам. Спадзяюся, калі паства будзе слухаць голас сьвятара, гэта дапаможа і лекарам». Піневіч дадаў: «Нашае супрацоўніцтва зь Беларускай праваслаўнай царквой мае сыстэмны характар і ўключае такія напрамкі, як сям'я, прафіляктыка абортаў, здаровы лад жыцьця, псыхічныя захворваньні»[59].

4 кастрычніка 2021 году падчас наведваньня лякарні ў Магілёве міністар паведаміў, што захваральнасьць на каронавірус пасьля прышчэпкі была амаль 29-кратна меншай. Адпаведныя прышчэпкі рабілі ва ўсіх паліклініках Беларусі, а таксама ў перасоўных кропках у буйных гандлёвых цэнтрах і на прадпрыемствах[60]. 17 кастрычніка ў этэры тэлеканалу «Беларусь 1» Піневіч заявіў, што вольнымі засталі 2500 з 32 000 перапрафіляваных пад каронавірус ложкаў у лякарнях[61]. 20 кастрычніка міністар паведаміў пра знаходжаньне ў абарачэньні звыш 800 000 дозаў прышчэпкі ад каронавіруса. Паводле яго словаў, сярод шпіталізаваных з каронавірусам 4 % былі прышчэпленыя ад яго. Сярод такіх людзей у рэанімацыю трапіла менш за 0,5 % прышчэпленых[62]. 25 кастрычніка Піневіч паведаміў, што дэльта-штам каронавіруса выклікаў пік немачы на 3—4-ы дзень замест 7—8-га. На той час у 850 кропках прышчэпліваньня ад каронавіруса бясплатна прышчапілі 27 % насельніцтва Беларусі. Пры гэтым, патрабавалі паказаць пашпарт[63]. 11 лістапада міністар аховы здароўя Беларусі і амбасадар Кітаю ў Беларусі падпісалі 4-ы Акт прыёму прышчэпкі ад каронавірусу. Яе даставілі зь Кітаю ў якасьці замежнай бязвыплатнай дапамогі памерам 500 000 дозаў прышчэпкі «Вэра Сэл» разам зь 500 000 шпрыцамі[64]. 25 лістапада падчас міграцыйнага крызісу на мяжы з Эўразьвязам міністар сустрэўся з генсакратаром Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Зьмітром Шаўцовым і старшынёй Міжнароднага саюзу таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца Франчэскам Рокам. На сустрэчы міністар адзначыў: «Я амаль 15 гадоў быў уцягнуты ў працу нашага нацыянальнага таварыства» Чырвонага Крыжа. Піневіч заўважыў: «Асноўную частку працы па забесьпячэньні для мігрантаў нармальных умоваў жыцьця ўзяў на сябе Гарадзенскі аблвыканкам, якому дапамагаюць прадстаўнікі розных органаў дзяржкіраваньня. Гуманітарную дапамогу бежанцам арганізоўвае БТЧК на чале са Зьмітром Шаўцовым»[65].

3 сьнежня 2021 году на сустрэчы з студэнтамі Гомельскага мэдунівэрсытэту Піневіч адзначыў, што сёлета заробкі лекараў з каронавіруснай даплатай склалі 150 % ад сярэдняга заробку па Беларусі[66]. 11 сьнежня на Ўсерасейскім мэдычным форуме па каронавірусе міністар аховы здароўя Беларусі заявіў: «мы ня ўводзілі элемэнтаў локдаўна ні ў першую, ні ў другую, ні ў трэцюю хвалю». Піневіч заўважыў: «Мы маем 94 000 ложкаў, зь іх 77 000 кароткатэрміновага побыту. На піку гэтай восеньню, калі ў нас былі самыя высокія лічбы, мы перапрафілявалі каля 45 % стацыянарнага ложкавага фонду. І пры гэтым у рэзэрве заўсёды было ад 2000 да 4000 вольных ложкаў зь ліку выдзеленых». Паводле яго словаў, «у краіне 2800 апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх (ШВЛ). На піку мы каля 1500 апаратаў ШВЛ вылучалі пад перапрафіляцыю, занята было крыху менш за палову гэтых апаратаў». Міністар распавёў, што ў параўнаньні з дапандэмійным часам «спажываньне мэдычнага тлену на піку захворваньня каронавірусам у Беларусі павялічылася практычна ў 5 разоў». Ён адзначыў: «У рамках рэагаваньня на будучы пэрыяд мы заплянавалі сабе рэзэрвовую вытворчасьць тлену да 300 тонаў за содні, каб ня мець праблемаў. Бо на піку чацьвертай хвалі мы выходзілі на 250 тонаў спажываньня тлену за содні. Пры гэтым пастаўкі тлену былі бесьперабойнымі. Мы нават за кошт прамысловасьці перапрацоўвалі тэхнічны тлен у мэдычны». Урэшце, міністар згадаў, што 1400 брыгадаў аказалі дапамогу на амбуляторным этапе прыкладна палове хворых на запаленьне лёгкіх, дазволіла паменшыць нагрузку на ложкавы фонд[67]. 14 сьнежня на Эўрапейскай нарадзе СААЗ у Маскве Піневіч заявіў: «Пандэмія каронавіруса прымусіла паглядзець на тэлемэдыцыну пад новым кутом і ў значнай меры паскорыць яе ўкараненьне ў практычную ахову здароўя. Калі за 1-е паўгодзьдзе 2019 году было выканана 9042 кансультацыі, то ў 1-м паўгодзьдзі 2020 году колькасьць выкананых кансультацыяў павялічылася на 60,6 % і склала 14 518, а за 1-е паўгодзьдзе 2021 году — 18 056, рост у 2 разы ў параўнаньні зь 1-м паўгодзьдзем 2019 году». Таксама міністар згадаў рост выкарыстаньня сыстэмы электроннага рэцэпту, усталяваную ва ўсіх арганізацыях аховы здароўя і аптэках Беларусі дзяржаўнай і прыватнай формаў уласнасьці: «Калі ў 1-м паўгодзьдзі 2019 году ў аптэках было адпушчана амаль 1 млн 386,3 тыс. рэцэптаў, то ў 1-м паўгодзьдзі 2020-га — каля 1 млн 798 тыс. (+31,4 %), а ў 1-м паўгодзьдзі 2021 года — больш за 2,1 млн (+53,9 %)»[68]. 21 сьнежня пры ўхваленьні Палатай прадстаўнікоў Беларусі зьмяненьняў у Закон «Аб аказаньні псыхалягічнай дапамогі» Піневіч паведаміў, што ў Беларусі налічвалася 5125 псыхолягаў: «Большая іх частка — 4000 (78 %) — у сыстэме адукацыі, у сыстэме аховы здароўя — 630 і крыху больш за 300 у сыстэме Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і шэраг спэцыялістаў, якія працуюць у рамках іншых ведамстваў, у тым ліку МНС, і як індывідуальныя прадпрымальнікі»[69]. 22 сьнежня міністар падкрэсьліў: «Увесь сьвет вакцынуе дзяцей супраць каронавіруса. Мы пакуль дапускаем з 12 гадоў вакцынай кітайскай вытворчасьці — найбольш мяккай у гэтых адносінах»[70].

21 студзеня 2022 году Піневіч і амбасадар Кітаю ў Беларусі Се Сяоюн падпісалі дакумэнты аб перадачы 3 млн дозаў дэзактываванай прышчэпкі «Вэра Сэл», зь якіх 1,5 млн дозаў Міністэрства аховы здароўя Беларусі закупіла, а рэшту паставілі зь Кітаю ў якасьці замежнай бязвыплатнай дапамогі[71]. 1 лютага Піневіч падпісаў Загад № 113 «Аб некаторых пытаньнях правядзеньня экспэртызы часовай непрацаздольнасьці», які дазволіў прыцягваць 6-курсьнікаў мэдунівэрсытэтаў да выдачы і афармленьня адпаведных лісткоў і даведак у паліклініках[72]. 2 лютага Піневіч патлумачыў загад дыягнаставаньні каронавіруса без пробы ПЛР на падставе кампутарнай тамаграфіі і рэнтгенаграфіі: «Давайце ўспомнім: наступаў эпідсэзон, нашыя дактары заўсёды ставілі ВРВІ, ВРЗ. А потым раптам пачалі ўсім ставіць грып. Таму што калі праводзяцца дазорныя дасьледаваньні і мы бачым, што колькасьць выяўленых вірусаў грыпу становіцца больш, чым іншых, мы кажам: калегі, наступіў грып. Таму ўсім, хто мае прыкметы інфэкцыйнага захворваньня, выстаўляецца дыягназ “грып”». Міністар дадаў: «гэта ні ў якай меры не ўплывае на альгарытм лячэньня. Таму цяпер на амбуляторным этапе практычна ўсе з прыкметамі віруснага захворваньня ёсьць носьбітамі новага штаму. Сэнсу праводзіць тэставаньне няма. Але калі надыходзіць ускладненьне і лекар разумее, што пацыенту трэба стацыянарнае лячэньне, ён абавязкова зробіць тэст». Паводле словаў Піневіча, у Беларусі прышчапілі ад каронаруса каля 60 % насельніцтва. Пры гэтым, міністар прызнаў, што сярод шпіталізаваных з каронавірусам «25—30 % знаходзяцца ў рэанімацыі»[73].

Меў дзьвюх беларускамоўных дачок. Старэйшая дачка Юлія скончыла Беларускі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт і працавала анэстэзіёлягіняй, у тым ліку пры апэрацыях па перасадцы органаў. Малодшая дачка Ксенія скончыла Факультэт міжнародных адносін БДУ па спэцыяльнасьці міжнароднае права і працавала адвакаткай у прыватным бюро. Пры гэтым, Ксенія студэнткай езьдзіла на школу правоў чалавека ў Люнд (Швэцыя) і па абмене навучалася ў Лодзі (Польшча)[9].

12 сакавіка 2021 году ў Маладэчанскай лякарні Піневіч прызнаў перад Лукашэнкам, што «былі невялікія перабоі» з падачай тлену хворым на вэнтыляцыі лёгкіх 7—8 студзеня ў Віцебскай гарадзкой клінічнай лякарні хуткай мэдычнай дапамогі. Датычна здарэньня рэаніматоляг Уладзімер Мартаў напісаў міністру, што ў хірургічным корпусе тройчы адключалася падача тлену — на 15, 20 і 23 хвіліны[74]. 14 сакавіка на «Сталічным тэлебачаньні» Піневіч згадаў: «паводле сьцьверджаньня іншых спэцыялістаў, гэта было кароткачасовае падзеньне ўзроўню патоку тлену, якое не паўплывала фатальна на тое, што распавядаў наш шаноўны Ўладзімер Юр'евіч»[75]. 30 сакавіка загаднік аддзяленьня анэстэзіялёгіі і рэанімацыі той лякарні Ўладзімер Мартаў, які апавясьціў пра здарэньне з тленам, паведаміў, што пры канцы сакавіка ў Віцебскай лякарні адбыліся патоляганатамічныя нарады: «Камісіі Міністэрства аховы здароўя вывучалі мэдычную дакумэнтацыю. На канфэрэнцыях разабралі 8 гісторыяў хваробы пацыентаў, якія памерлі ў хірургічным корпусе 7—8 студзеня і пазьней. У 2-х пацыентаў з 8 ў гісторыі хваробы былі запісы лекара аб спыненьні падачы тлену — і ў гэтых 2-х чалавек на канфэрэнцыях выявілі прычынна-выніковую сувязь з пагаршэньнем іх стану»[76].

22 сьнежня 2020 году міністар аховы здароўя Беларусі паведаміў, што да канца вясны плянуецца прышчапіць 1,2 млн чалавек ад каронавіруса[77]. 19 чэрвеня 2021 году магістар палітычных навук Андрэй Елісееў адзначыў: «Па стане на 3 чэрвеня першую дозу вакцыны атрымалі 560 тысяч чалавек (каля 6%), а поўны курс прайшлі менш за 300 тысяч (каля 3% насельніцтва)». Пры гэтым, Елісееў патлумачыў: «даводзіцца ў Расеі апэратыўна выпрошваць 180 тысяч дозаў у сьвятле дэфіцыту 2-га кампанэнта вакцыны»[78]. 20 чэрвеня міністар Піневіч патлумачыў: «Мы атрымліваем на разьліў вакцыну і другі для нас абавязковы элемэнт у тым, што ўвесь кантроль якасьці праходзіць у Маскве. Гэта лягістычна займае некалькі больш часу». Піневіч адзначыў, што збой у дастаўцы вырашылі за «літаральна некалькі дзён». Папярэдне, 25 сакавіка, сябар-карэспандэнт Расейскай акадэміі навук Аляксандар Гарэлаў заяўляў, што між дозамі прышчэпкі мае прайсьці 21 дзень, а дапушчальны прамежак часу ня мае перавышаць 6 тыдняў. Таксама Піневіч удакладніў: «Цяпер Беларусь атрымала 160 тысяч дозаў другога кампанэнта ў адной партыі, затым — яшчэ 90 тысяч дозаў, таму праблема ліквідаваная»[79].

19 кастрычніка 2021 году на нарадзе ў Палацы Незалежнасьці А. Лукашэнка запатрабаваў спыніць спагнаньне за ненашэньне мэдычных масак у грамадзкіх месцах, бо тое адцягвала міліцыю ад вышуку крымінальных злачынцаў: «Мы паводзім сябе агідна, а людзей прымушаем быць ідэальнымі. Не, Зьміцер, гэта нікуды ня варта. Вяртайцеся да таго, што мы рабілі ў першую хвалю»[80].

  1. ^ Піневіч выказаўся пра недахоп другой дозы вакцыны і звальненьня мэдыкаў // Тэлеканал «Белсат», 20 чэрвеня 2021 г. Праверана 22 лютага 2022 г.
  2. ^ Акцыя «Новы год-хатняе сьвята» // УП «Фармацыя», 30 сьнежня 2020 г. Праверана 22 лютага 2022 г.
  3. ^ «Гэта было жахлівае відовішча»: беларусы расказваюць, як цяпер выглядаюць прыёмы ў лякарнях // Прэс-цэнтар «Хартыі'97», 24 студзеня 2022 г. Праверана 22 лютага 2022 г.
  4. ^ Беларускі пісьменьнік Саша Філіпенка апублікаваў зварот да прэзыдэнта Чырвонага Крыжа // Тэлеканал «Белсат», 14 лютага 2021 г. Праверана 22 лютага 2022 г.
  5. ^ Паліна Прысмакова пра палітыку Лукашэнкі падчас пандэміі COVID-19: “генацыд беларускага народу”, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, 6 лістапада 2021 г.
  6. ^ Зянон Пазьняк. Трывожныя думкі пра афіцыйную статыстыку па каронавірусу // Беларуская салідарнасьць, 30 красавіка 2020 г.
  7. ^ Улады Беларусі не адказалі на прапанову Эўразьвязу даць заходнія вакцыны ад каранавірусу, Радыё Свабода, 24 сьнежня 2021 г.
  8. ^ Хочаце Pfizer ці Johnson & Johnson? Ёсць «вакцынныя туры»: Польшча, Украіна, Турцыя. Расказваем, колькі яны каштуюць, Наша Ніва, 5 лістапада 2021 г.
  9. ^ а б в Зьміцер Панкавец. Хто такі Дзьмітры Піневіч, які стаў на месца Караніка // Партал «Наша ніва», 24 жніўня 2020 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  10. ^ Віктар Талочка. Дзьмітры Піневіч прызначаны міністрам аховы здароўя // Радыё «Спадарожнік», 27 лістапада 2020 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  11. ^ Людміла Габасава. Сем'і шукаюць пункты апоры // Рэспубліка : газэта. — 22 лістапада 2014. — № 6125. — ISSN 1991-5322.
  12. ^ Андрэй Кабякоў. Пастанову Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 9 сьнежня 2015 г. № 1031 «Аб узнагароджаньні Д.Л.Піневіча Ганаровай граматай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь» // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 27 жніўня 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  13. ^ БелаПАН. У Беларусі ўводзяцца новыя пратаколы лячэньня ВІЧ // Радыё «Рацыя», 27 ліпеня 2017 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  14. ^ Дзьмітры Піневіч выступіць на савеце ЮНЭЙДС // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 27 чэрвеня 2018 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  15. ^ У Горадні пачаў працу 16-ы зьезд хірургаў Беларусі // Міністэрства аховы здароўя Беларусі, 1 лістапада 2018 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  16. ^ Пасяджэньне па правах дзіцяці // Міністэрства аховы здароўя Беларусі, 23 траўня 2019 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  17. ^ Беларускі стаматалягічны форум у Менску // Міністэрства аховы здароўя Беларусі, 16 кастрычніка 2019 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  18. ^ Мінздароўя адмовілася публікаваць штомесячную статыстыку смяротнасьці // «Эўрарадыё», 8 чэрвеня 2020 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  19. ^ Дзьмітры Піневіч прызначаны выканаўцам абавязкаў міністра аховы здароўя // Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь, 24 жніўня 2020 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  20. ^ Ад дзяржзакупак да высокіх тэхналёгій - Піневіч аб задачах перад РНПЦ «Кардыялёгія» // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 14 верасьня 2020 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  21. ^ Міхась Ільлін. Мінздароўя пра рэкордную сьмяротнасьць: гэта зьвесткі Нацстата, а ня нашыя // «Эўрарадыё», 16 верасьня 2020 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  22. ^ Разьвіцьцё навукі экалёгіі чалавека і клінічных базаў - Піневіч аб задачах перад ГДМУ // БелТА, 24 верасьня 2020 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  23. ^ Віктар Талочка. Піневіч: каля 4 тысяч беларусаў хацелі ўдзельнічаць у выпрабаваньні вакцыны // Радыё «Спадарожнік», 1 кастрычніка 2020 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  24. ^ БелаПАН. За суткі ў Беларусі зафіксаваныя 477 пацьверджаных выпадкаў каронавіруса, шэсьць чалавек памерлі // Радыё «Рацыя», 8 кастрычніка 2020 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  25. ^ Марыя Дадалка, Вольга Мядзьведзева. На такіх людзях трымаецца і сувэрэнітэт, і незалежнасьць, і нашая краіна // Зьвязда : газэта. — 28 лістапада 2020. — № 233 (29347). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
  26. ^ Піневіч растлумачыў прычыны адмены плянавай мэддапамогі ў паліклініках // БелТА, 7 сьнежня 2020 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  27. ^ Марыя Дадалка. «Трэба для сябе і сваіх людзей вырабіць вакцыну» // Зьвязда. — 15 сьнежня 2020. — № 244 (29358). — С. 2.
  28. ^ Расейскую вакцыну «Спадарожнік V» зарэгістравалі ў Беларусі // «Эўрарадыё», 21 сьнежня 2020 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  29. ^ Дзьмітры Піневіч. Цытата дня // Зьвязда. — 22 сьнежня 2020. — № 249 (29363). — С. 1.
  30. ^ А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 сьнежня 2020 г. № 474 «Аб узнагароджаньні» // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 22 сьнежня 2020 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  31. ^ Прыём на стары Новы год // Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь, 16 студзеня 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  32. ^ Міністар Піневіч уцёк ад журналістаў «Белсату» // Тэлеканал «Белсат», 27 красавіка 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  33. ^ У Беларусі пачалася вакцынацыя насельніцтва расейскай вакцынай «Спадарожнік V» // БелТА, 29 сьнежня 2020 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  34. ^ Вольга Савіцкая. Піневіч: вакцынацыя ад каронавірусу проста неабходная // Радыё «Спадарожнік», 29 сьнежня 2020 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  35. ^ Алена Кравец. Вакцынацыя ад каронавіруса стане даступнай для ўсіх зь вясны // Зьвязда. — 19 студзеня 2021. — № 9 (29378). — С. 3.
  36. ^ З пачатку сакавіка пачнецца вакцынацыя пэдагогаў // БелТА, 10 лютага 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  37. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Д. Піневіч: Праца ва ўмовах пандэміі пацьвердзіла правільнасьць выбранага шляху // Белтэлерадыёкампанія, 24 лютага 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  38. ^ Віктар Талочка. Піневіч распавёў, калі можна будзе падвесці вынікі ў барацьбе з каронавірусам // Радыё «Спадарожнік», 24 лютага 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  39. ^ Міністэрства аховы здароўя ўпэўнена ў посьпеху стварэньня айчыннай вакцыны супраць каронавіруса // БелТА, 10 сакавіка 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  40. ^ Піневіч расказаў, на што патрацяць $20 млн крэдыту Фонду АКЭН // БелТА, 12 сакавіка 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  41. ^ Міхаіл Кутузаў. Міністар аховы здароўя распавёў, куды выдаткуюць $20 млн крэдыту АКЭН // Радыё «Спадарожнік», 12 сакавіка 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  42. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Эпідсытуацыя, прышчэпачная кампанія, вытворчасьць уласнай вакцыны. У Палацы Незалежнасьці з дакладам пабываў Д.Піневіч // Белтэлерадыёкампанія, 26 сакавіка 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  43. ^ Стварэньне сымуляцыйных цэнтраў і рэзыдэнтуры, рост зарплатаў - Піневіч аб разьвіцьці аховы здароўя // БелТА, 1 красавіка 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  44. ^ Міністэрства аховы здароўя: сфэра аховы здароўя гатовая да трэцяй хвалі каронавіруса // БелТА, 8 красавіка 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  45. ^ Міхаіл Васкрасенскі. Адток кадраў ёсьць: Міністэрства аховы здароўя пракамэнтавала сытуацыю з мэдыкамі // Радыё «Спадарожнік», 9 красавіка 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  46. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». У Беларусі пачалася вакцынацыя «Спадарожнікам V» беларускай вытворчасьці // Белтэлерадыёкампанія, 16 красавіка 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  47. ^ Кітай перадаў Беларусі вакцыну ад каронавіруса // Міністэрства аховы здароўя Беларусі, 18 траўня 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  48. ^ Беларусь выбраная ў склад Выканкаму Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя // Міністэрства аховы здароўя Беларусі, 28 траўня 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  49. ^ Сусьветны дзень донара штогод адзначаецца 14 чэрвеня // Міністэрства аховы здароўя Беларусі, 14 чэрвеня 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  50. ^ Экскурсія ў Палац Незалежнасьці для мэдыцынскіх работнікаў краіны // Міністэрства аховы здароўя Беларусі, 17 чэрвеня 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  51. ^ Вялікае сьвята ў БДМУ // Міністэрства аховы здароўя Беларусі, 25 чэрвеня 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  52. ^ Міністэрству аховы здароўя важнае меркаваньне выпускнікоў па ўдасканаленьні аховы здароўя - Піневіч // БелТА, 29 чэрвеня 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  53. ^ Спажываньне алькаголю ў Беларусі вырасла — Піневіч // «Эўрарадыё», 6 ліпеня 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  54. ^ Беларускую вакцыну ад каронавіруса плянуюць выпусьціць у грамадзянскі абарот у 2023 годзе // БелТА, 12 жніўня 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  55. ^ Ільля Піталёў. Колькасьць хворых расьце: новая статыстыка па каронавірусу ў Беларусі // Радыё «Спадарожнік», 19 жніўня 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  56. ^ Вакцына «Спадарожнік Лайт» паступіла ў Беларусь // БелТА, 3 верасьня 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  57. ^ Дзьмітры Піневіч: кітайская вакцына паступіць у рэгіёны ўжо праз 2-3 дні // Міністэрства аховы здароўя Беларусі, 6 верасьня 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  58. ^ Дзьмітры Піневіч: вакцынацыя – гэта адзіны спосаб захаваць здароўе // Міністэрства аховы здароўя Беларусі, 20 верасьня 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  59. ^ Піневіч: узаемадзеяньне Міністэрства аховы здароўя і БПЦ мае сыстэмны характар // БелТА, 28 верасьня 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  60. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Д. Піневіч: Рызыка захварэць на каронавірус пасьля вакцынацыі амаль у 29 разоў меншая // Белтэлерадыёкампанія, 4 кастрычніка 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  61. ^ Піневіч: пад каронавірус у Беларусі перапрафілявана ўжо траціна ложкаў у бальніцах // «Эўрарадыё», 17 кастрычніка 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  62. ^ Віктар Талочка. Піневіч распавёў, калі Беларусь пройдзе пік захворваньня на каронавірус // Радыё «Спадарожнік», 20 кастрычніка 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  63. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». У Беларусі прынятыя дадатковыя захады для недапушчэньня паніжэння даступнасьці мэддапамогі // Белтэлерадыёкампанія, 25 кастрычніка 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  64. ^ Піневіч: у крытычных сытуацыях пандэміі праяўляецца характар як людзей, так і краін // БелТА, 11 лістапада 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  65. ^ У Мінаховы здароўя адбылася сустрэча Дзьмітрыя Піневіча і Франчэска Рока // Міністэрства аховы здароўя Беларусі, 25 лістапада 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  66. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Дзьмітры Піневіч сустрэўся са студэнтамі-мэдыкамі // Белтэлерадыёкампанія, 3 сьнежня 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  67. ^ Выступленьне Дзьмітрыя Піневіча на Ўсерасейскім мэдыцынскім форуме // Міністэрства аховы здароўя Беларусі, 11 сьнежня 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  68. ^ Піневіч: пандэмія значна паскорыла ўкараненне тэлемедыцыны ў практычную ахову здароўя // БелТА, 14 сьнежня 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  69. ^ Піневіч: псыхалягічная дапамога павінна быць яшчэ больш даступнай для грамадзян // БелТА, 21 сьнежня 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  70. ^ Піневіч: у Беларусі да новага году ад каронавіруса можа быць прышчэплена палова насельніцтва // БелТА, 22 сьнежня 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  71. ^ Піневіч і пасол Кітая падпісалі дакумэнты аб перадачы 3 млн вакцын супраць каронавіруса // БелТА, 21 студзеня 2022 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  72. ^ Студэнты 6 курсаў мэдунівэрсытэтаў (якiя зараз прыцягнутыя да аказаньня мэддапамогі) змогуць самі афармляць пацыентам бальнічныя // Міністэрства аховы здароўя Беларусі, 1 лютага 2022 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  73. ^ Кіраўнік Мінздароўя: Сэнсу праводзіць ПЛР-тэставаньне няма // Партал «Новы час», 2 лютага 2022 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  74. ^ Міністр Піневіч пацьвердзіў Лукашэнку праблемы з кіслародам у віцебскіх хворых // «Эўрарадыё», 12 сакавіка 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  75. ^ Піневіч пра гібель пацыентаў у БХМД Віцебска: гэта не з-за праблем з кіслародам // «Эўрарадыё», 15 сакавіка 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  76. ^ 30 сакавіка ў Мінздароўя разгледзяць інцыдэнт з кіслародам у віцебскай лякарні // «Эўрарадыё», 30 сакавіка 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  77. ^ Да канца вясны ў Беларусі 1,2 млн чалавек плянуюць вакцынаваць ад каронавіруса // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 22 сьнежня 2020 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  78. ^ МГ. Лукашэнка ня бачыць сэнсу ў абавязковай вакцынацыі // Тэлеканал «Белсат», 19 чэрвеня 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  79. ^ АД. Піневіч выказаўся пра недахоп другой дозы вакцыны і звальненьня мэдыкаў // Тэлеканал «Белсат», 20 чэрвеня 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.
  80. ^ Нарада па эпідэміялягічнай сытуацыі і прымаемых захадах па процідзеяньні распаўсюджваньню каронавіруснай інфэкцыі // Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь, 19 кастрычніка 2021 г. Праверана 19 лютага 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць