Аборт

наўмыснае спыненьне цяжарнасьці

Або́рт (спаро́н[1]; лац. abortus — выкідыш; мэд. азн. — abruptio graviditatis) — штучнае перарываньне цяжарнасьці шляхам выдаленьня плода з маткі ў тэрмін да 22 тыдняў ад зачацьця (да моманту, калі магчыма нараджэньне жыцьцяздольнага дзіцяці) праз прэпаратнае правакаваньне выкідышу і апэрацыйнае (прыладнае) ўмяшаньне.

10-тыднёвы плод, выдалены з 44-гадовай жанчыны з высьветленым ракам маткі на раньняй стадыі.

На больш позьнім тэрміне, калі маса плоду(en) сягае 500 грамаў, перарываньне цяжарнасьці называюць заўчаснымі родамі(en). Ажыцьцяўленьне па-за бальнічнай установай і без урача ёсьць крымінальным злачынствам. Можа выклікаць раньнія (крывацёк, пракол сьценкі маціцы і пашкоджаньне сумежных органаў) і позьнія (запаленьне плоцевых органаў і брушыны, бясплодзьдзе, эндакрынныя парушэньні) ўскладненьні, а таксама сьмерць жанчыны. Лячэньне наступстваў аборту праводзіцца ў стацыянарных умовах[2].

На 2013 год 57 з больш як 200 урадаў скасавалі ў сваіх краінах крымінальную адказнасьць за аборт, што прывяло да росту дзелі байструкоў сярод народжаных[3]. У тых краінах пражывала меншасьць жаночага насельніцтва Зямлі (каля 40%). Палова гэтай меншасьці пражывала ў Кітаі, дзе аборты ажыцьцяўляліся прымусова пры нясплаце спагнаньня за паўторныя роды[4]. Больш за палову абортаў ажыцьцяўлялася траўматычным выскрабаньнем[5].

22 кастрычніка 2020 году міністры ЗША, Беларусі, Вугоршчыны, Грузіі і Польшчы, а таксама 29 дзяржаваў Азіі (Інданэзіі і Пакістану), Афрыкі (Д.Р. Конга і Эгіпту) і Паўднёвай Амэрыкі (Бразыліі) з агульным насельніцтвам у 1,6 млрд чалавек падпісалі Жэнэўскую кансэнсусную дэклярацыю «Аб прасоўваньні жаночага здароўя і ўмацаваньні сям’і». Паводле 4-га пункту Дэклярацыі, «ні ў якім выпадку спарон ня мае прасоўвацца ў якасьці спосабу сямейнага плянаваньня», а «дзіцяці патрэбныя адмысловыя ахова і клопат як да, гэтак і пасьля народзінаў» (цытата з Канвэнцыі ААН аб правах дзіцяці 1989 году). Урэшце ўрады абвясьцілі «адданасьць працаваць разам, каб ... прасоўваць ... найвышэйшы магчымы ўзровень здароўя без улучэньня спарону». Тамсама згадвалася: «пацьвярджаем, што няма міжнароднага права на спарон і міжнароднага абавязку з боку дзяржаваў фінансаваць або спрыяць спарону»[6].

Беларусь

рэдагаваць

У 1920 г. аборты ў падсавецкай Беларусі ўпершыню дазволіў расейскі бальшавіцкі кіраўнік Уладзімер Ленін[7]. За 1990—2010 гады ў Беларусі правялі звыш 2,7 мільёны ўлічаных абортаў[8]. Пры гэтым іх штогадовы лік скараціўся з 260,8 тыс. у 1990-м да 33,3 тыс. у 2010 годзе[9].

У 1995 годзе 188 спаронаў прыпадала на 100 родаў[10]. У 2008 г. беларускія жанчыны зрабілі 26 350 абортаў, што склала 24,6% ад нараджэньняў[11]. На 2014 г. Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь прызнавала мэдычным супрацьпаказаньнем для правядзеньня аборту ганарэю, запаленьне і інфэкцыю[12]. Дзейнае заканадаўства дазваляе аборт без абгрунтаваньня прычыны ў тэрмін да 12 тыдняў цяжарнасьці. Такія аборты штогод складаюць 92% ад агульнай колькасьці[13]. Пры гэтым пасьля здабыцьця незалежнасьці ўрад Беларусі абавязаўся «забясьпечваць у максімальна магчымай ступені выжываньне» дзяцей незалежна ад нараджэньня паводле Канвэнцыі аб правах дзіцяці 1989 году, прэамбула якой падкрэсьлівае: «дзіця, з прычыны яго фізычнай і разумовай нясталасьці, мае патрэбу ў спэцыяльнай ахове і клопаце, уключаючы належную прававую абарону, як да, так і пасьля нараджэньня»[14]. Паводле эмбрыялёгіі, жыцьцё да народзінаў пачынаецца ад часу зачацьця (зьліцьця ядраў мужчынскай і жаночай плоцевых вузаў)[15].

У 2015 годзе Лагойск (Менская вобласьць) стаў першым горадам Беларусі, дзе ўсе да аднаго лекары напісалі заявы аб адмове выконваць аборты. У выніку нараджальнасьць у горадзе стала перавышаць сьмяротнасьць[16].

  1. ^ Барыс Пракопчык. Вяртаньне забытых словаў // Зьвязда : газэта. — 15 лістапада 2011. — № 217 (27081). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Іван Дуда. Аборт // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 1. — С. 32. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0036-6
  3. ^ Джордж Акерлоф, Джэнет Елен і Майкл Кац. Разгляд пазашлюбнага дзетараджэньня ў Злучаных Штатах  (анг.) = An Analysis of Out-of-Wedlock Childbearing in the United States // Штоквартальны часопіс эканомікі : часопіс. — Травень 1996. — Т. 111. — № 2. — С. 277-317. — ISSN 0033-5533.
  4. ^ Ігаэл Егудзі. Антыдухоўнае цемрашальства, антынавуковы падыход, бязьмежны цынізм // Крыніца.info, 14 лістапада 2014 г. Праверана 5 кастрычніка 2017 г.
  5. ^ Сьвятлана Барысенка. Прадухіліць непажаданае // Зьвязда. — 13 лютага 2013. — № 28 (27393). — С. 4.
  6. ^ Жэнэўская кансэсусная дэклярацыя «Аб прасоўваньні жаночага здароўя і ўмацаваньні сям’і» ад 22 кастрычніка 2020 г. (анг.) // Ведамства здароўя і кадравых паслуг ЗША, 10 лістапада 2020 г. Праверана 14 лістапада 2020 г.
  7. ^ Аляксандар Пятроў. Скажыце дзіцяці «Так» // Зьвязда. — 3 лютага 2010. — № 19 (26627). — С. 5.
  8. ^ Тацяна Тарасевіч. Праваслаўныя і католікі абмяркуюць прапановы для ўнясеньня зьменаў у Закон РБ «Аб ахове здароўя» // Рымска-Каталіцкі Касьцёл на Беларусі, 29 кастрычніка 2012 г. Праверана 5 кастрычніка 2017 г.
  9. ^ Сабіна Брыло. Ці будзе забаронены аборт у Беларусі // Сеціўны часопіс «Новая Эўропа», 11 лістапада 2012 г. Праверана 3 студзеня 2014 г.
  10. ^ Аляксандар Шпакоўскі. 20 мільёнаў беларусаў: мара дасягальная // Зьвязда : газэта. — 17 кастрычніка 2013. — № 196 (27561). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  11. ^ Вольга Мядзьведзева. «Так» або «не» // Зьвязда. — 26 студзеня 2010. — № 13 (26621). — С. 1, 5.
  12. ^ Васіль Жарко. Пастанова Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 7 лютага 2007 г. № 15 (рас.) // Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, 27 кастрычніка 2008 г. Праверана 10 верасьня 2014 г.
  13. ^ У Беларусі адмянілі большасьць сацыяльных паказаньняў для абортаў на позьнім тэрміне // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 14 студзеня 2013 г. Праверана 26 верасьня 2013 г.
  14. ^ Канвэнцыя аб правах дзіцяці // Пачатковая школа : часопіс. — 1992. — № 1-3. — С. 3-5; 3-5; 6-8. — ISSN 0869-3501.
  15. ^ Максім Обухаў, Генадзь Рудыкін. Аборт // Беларуская праваслаўная інтэрнэт-энцыкляпэдыя, 13 кастрычніка 2010 г. Праверана 4 студзеня 2014 г.
  16. ^ Сьвятлана Барысенка. Роды як цуд // Зьвязда. — 20 верасьня 2017. — № 181 (28545). — С. 13.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць