Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту
Белару́скі дзяржа́ўны ўнівэрсытэ́т тра́нспарту (БелДУТ) — унівэрсытэт Беларусі, заснаваны ў кастрычніку 1953 году ў Гомлі (цяпер Беларусь) ў якасьці Беларускага інстытуту інжынэраў чыгуначнага транспарту.
Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту | |
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту | |
Лягатып | |
Заснаваны | 1 кастрычніка 1953 (71 год таму) |
---|---|
Тып | урадавы |
Рэктар | Юры Кулажанка[1] |
Факультэтаў | 9 (2021 год) |
Колькасьць пэрсаналу | 300 (2021 год) |
Колькасьць студэнтаў | 6000 (2021 год) |
Месцазнаходжаньне | |
Геаграфічныя каардынаты | 52°25′55″ пн. ш. 31°0′7″ у. д. / 52.43194° пн. ш. 31.00194° у. д.Каардынаты: 52°25′55″ пн. ш. 31°0′7″ у. д. / 52.43194° пн. ш. 31.00194° у. д. |
Горад | Гомель |
Краіна | Беларусь |
Кампус | гарадзкі |
Былыя назвы | Беларускі інстытут інжынэраў чыгуначнага транспарту (да 6 кастрычніка 1993 году) |
Знаходзіцца ў складзе | Міністэрства адукацыі Беларусі |
Вэб-сайт | bsut.by/by |
Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту |
На 2021 год БелДУТ улучаў 9 факультэтаў, Інстытут павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі (ІПКП), Навукова-дасьледчы інстытут чыгуначнага транспарту (НДІЧТ), Выпрабавальны цэнтар чыгуначнага транспарту (ВЦЧТ) і орган сэртыфікацыі. У якасьці філіяў БелДУТ працавала 3 каледжы чыгуначнага транспарту ў Берасьці, Воршы і Гомлі. Налічвалася звыш 6000 студэнтаў і 300 выкладнікаў, сярод якіх было 150 дацэнтаў і прафэсараў. Пры факультэтах дзейнічала 13 навуковых школаў. НДІЧТ налічваў 7 навукова-дасьледчых лябараторыяў. Студэнцкае мястэчка ўлучала спартовы комплекс і басэйн[2], а таксама налічвала 4 інтэрнаты — № 1 (вул. Карповіча, д. 3), № 2 (вул. Кірава, д. 33), № 3 (Чырвонаармейская вул., д. 4) і № 4 (Чырвонаармейская вул., д. 4а). Пры гэтым інтэрнат № 4 належаў да 2-й катэгорыі, а №№ 1—3 — да 3-й катэгорыі жытла для іншагародніх[3]. На 2019 год у ВНУ налічвалася 34 імянныя стыпэндыяты, зь іх: 4 — стыпэндыі прэзыдэнта Беларусі, 3 — стыпэндыі Францішка Скарыны, 23 — стыпэндыяў Рады ВНУ, 4 — стыпэндыі за высокія вытворчыя паказьнікі[4]. БелДУТ месьціўся ў Чыгуначным раёне Гомлю па вул. Кірава, д. 34[5].
Факультэты і катэдры
рэдагавацьНа 2021 год Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту ў Гомлі налічваў 9 факультэтаў: 1) будаўнічы, 2) вайскова-транспартны, 3) эканомікі і бізнэс-тэхналёгіяў, 4) завочны, 5) мэханічны, 6) навучаньня замежных грамадзянаў, 7) кіраваньня працэсамі перавозак, 8) прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва, 9) электратэхнічны[6]. У ВНУ дзейнічала 26 катэдраў[7].
- Будаўнічы (БФ). Месьціўся ў навучальным корпусе № 2 па вул. Кірава, д. 34[8]. Ажыцьцяўляў навучаньне па 4-х спэцыяльнасьцях: 1) будаўніцтва чыгунак і шляхавая гаспадарка, 2) будаўніцтва дарог і лётнішчаў, 3) водазабесьпячэньне і водаадвядзеньне, 4) энэргаэфэктыўныя тэхналёгіі і энэргетычнае кіраваньне ў перавозках[9]. Поруч з асноўнай спэцыяльнасьцю студэнты маглі атрымаць падрыхтоўку па праграмах афіцэраў запасу і малодшых камандзіраў[10]. Дзейнічала 3 катэдры, сярод іх агульнаадукацыйная катэдра водазабесьпячэньня, хіміі і экалёгіі, а таксама 2 выпускальныя: 1) праектаваньня, будаўніцтва і эксплюатацыі транспартных аб’ектаў; 2) фізыкі і энэргаэфэктыўных тэхналёгіяў[11]. Заснаваны 23 кастрычніка 1954 году Загадам Галоўнай управы навучальных установаў Міністэрства шляхоў зносінаў СССР № 252/4[12].
- Вайскова-транспартны (ВТФ). Рыхтаваў афіцэраў з прысваеньнем званьне лейтэнанта для Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі і Ўзброеных сілаў Беларусі. Улучаў камандаваньне, навучальна-мэтадычную частку і батальён курсантаў, 2 аддзяленьні — 1) страявое і кадраў, 2) матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня, а таксама 2 катэдры — 1) агульнавайскавой падрыхтоўкі, 2) вайскова-спэцыяльнай падрыхтоўкі[13]. Месьціўся ў навучальным корпусе № 1[14]. Па сканчэньні 4-гадовага навучаньня выпускаў будаўнікоў і інжынэраў шляхоў зносінаў, а таксама інжынэраў-мэханікаў па 6 спэцыяльнасьцях: 1) кіраваньне падразьдзяленьнямі транспартных войскаў, 2) аднаўленьне і будаўніцтва чыгуначнага шляху, 3) аднаўленьне і будаўніцтва штучных збудаваньняў, 4) аднаўленьне і будаўніцтва транспартных камунікацыяў, 5) выкарыстаньне транспартных машынаў і абсталяваньня, 6) выкарыстаньне вайсковых самаходаў[15]. Заснаваны 11 чэрвеня 2003 году паводле Пастановы Савету міністраў Беларусі № 775 на аснове вайсковай катэдры БелДУТ. У 2005 годзе ў пасёлку Бярозкі Гомельскага раёну стварылі Навучальна-палявы цэнтар ВТФ пры ўдзеле вайсковай часткі № 83469 Дэпартамэнту чыгуначных войскаў Беларусі[16].
- Эканомікі і бізнэс-тэхналёгіяў (ФЭБТ). Улучаў 4 катэдры: 1) бухгальтарскага ўліку, аналізу і аўдыту; 2) эканомікі транспарту; 3) мытнай справы; 4) філязофіі, гісторыі і паліталёгіі[17]. Месьціўся ў навучальным корпусе № 2[18]. Выпускаў бухгальтараў, аўдытараў, падатковых рэвізораў, адмыслоўцаў у галіне статыстыкі і лягістаў, а таксама бізнэс-аналітыкаў па 3-х спэцыяльнасьцях: 1) бухгальтарскі ўлік, аналіз і аўдыт; 2) мытная справа, 3) інфармацыйныя сыстэмы і тэхналёгіі[19]. Заснаваны ў лютым 1990 году ў якасьці Гуманітарнага факультэту, які ў лютым 1996 году перайменавалі ў Гуманітарна-эканамічны[20].
- Завочны (ЗФ). На 2021 год налічваў каля 2000 студэнтаў, якія складалі 1/3 навучэнцаў БелДУТ, таму зьяўляўся найбольшым факультэтам ВНУ. Большасьцю навучаньне праходзілі будаўнікі і перавозчыкі[21]. Рыхтаваў адмыслоўцаў па 12 спэцыяльнасьцях: 1) ладжаньне перавозак і кіраваньне на чыгунцы, 2) транспартная лягістыка, 3) бухгальтарскі ўлік і аўдыт, 4) гаспадарка і ладжаньне вытворчасьці, 5) выкарыстаньне пагрузачна-разгрузачных і дарожна-будаўнічых машынаў і абсталяваньня, 6) электразабесьпячэньне, 7) цеплавозы, 8) вагоны, 9) грамадзянскае і прамыслоўвае будаўніцтва, 10) будаўніцтва чыгункі і шляхавая гаспадарка, 11) будаўніцтва дарог і лётнішчаў, 12) аўтаматыка і сувязь на чыгунцы[22]. Месьціўся ў навучальным корпусе № 4 па вул. Кірава, д. 34[23].
- Мэханічны (МФ). Існаваў з 1953 году. Улучаў магістратуру і асьпірантуру[24]. Месьціўся ў навучальным корпусе № 1[25]. Рыхтаваў электрамэханікаў, інжынэраў-мэханікаў і энэргетыкаў па 7 спэцыяльнасьцях: 1) цеплавозы, 2) электратранспарт і мэтрапалітэн, 3) вагоны, 4) кантроль і дыягностыка на чыгунцы, 5) абсталяваньне і спосабы павышэньня зносаўстойлівасьці аднаўленьня дэталяў машынаў і прыбораў, 6) выкарыстаньне пагрузачна-разгрузачных і дарожна-будаўнічых машынаў і абсталяваньня, 7) электразабесьпячэньне чыгункі[26]. Налічваў 5 катэдраў: 1) вагонаў, 2) графікі, 3) транспартна-тэхналягічных машынаў і абсталяваньня, 4) лякаматываў, 5) тэхнічнай фізыкі і тэарэтычнай мэханікі[27].
- Навучаньня замежных грамадзянаў (ФНЗГ). Навучаў іншаземцаў, у тым ліку на ступенях магістратуры, вочнай і завочнай асьпірантуры і дактарантуры. Таксама ажыцьцяўляў іх навуковае стажаваньне і павышэньне кваліфікацыі. На 2021 год навучаў грамадзянаў зь 10 краінаў Азіі — Азэрбайджану, Емэну, Ізраілю, Іраку, Кітаю, Лібану, Пакістану, Сырыі, Туркмэністану і Ўзбэкістану; 3-х суседніх краінаў Эўропы — Латвіі, Летувы і Ўкраіны, а таксама з Мазамбіку][28]. Знаходзіўся ў навучальным корпусе № 4[29]. Заснаваны 1 кастрычніка 1993 году ў якасьці Факультэту замежных студэнтаў[30].
- Кіраваньня працэсамі перавозак (ФКПП). Утвораны 23 кастрычніка 1954 году ў якасьці Эксплюатацыйнага факультэту, які займеў сучасную назву ў 1981 годзе. На 2021 год налічваў 50 выкладнікаў і каля 500 студэнтаў. Меў магістратуру і рыхтаваў лягістаў, інжынэраў-кіраўнікоў, інспэктараў і эканамістаў для чыгункі, аўтамабільных і рачных перавозак па 5 спэцыяльнасьцях: 1) ладжаньне міжнародных перавозак і кіраваньне на аўтамабільным і гарадзкім транспарце, 2) ладжаньне бясьпекі дарожнага руху, 3) ладжаньне перавозак і кіраваньне на чыгунцы, 4) ладжаньне рачных перавозак, 5) лягістыка чыгункай. Спадарожна студэнты маглі прайсьці падрыхтоўку малодшых камандзіраў і афіцэраў запасу з прысваеньнем вайсковага званьня. Налічваў 3 катэдры: 1) кіраваньня эксплюатацыйнай працай і ахова працы, 2) кіраваньня грузавой і камэрцыйнай працай, 3) кіраваньня аўтаперавозкамі і дарожным рухам. На катэдрах існавалі навучальныя лябараторыі[31]. Месьціўся ў навучальным корпусе № 1[32]. Дзейнічалі ансамбль народнага танцу «Палескія зоры» і студыя эстраднага танцу[33].
- Прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва (ФПГБ). Створаны ў 1957 годзе на аснове аднайменнай катэдры. Працавала 3 катэдры: 1) архітэктуры і будаўніцтва, 2) будаўнічых тэхналёгіяў і канструкцыяў, 3) будаўнічай мэханікі. На 2021 год налічваў 14 кандыдатаў навук і 5 прафэсараў. Дзейнічалі выпрабавальныя лябараторыі. Выпускальныя катэдры мелі аддзяленьні на будаўнічых прадпрыемствах «Гомельжалезабетон» і «Гомельскі дарожна-будаўнічы камбінат», а таксама ў інстытутах «Гомельграмадзянпраект» і «Гомельаблбудпраект». Рыхтаваў дойлідаў, інжынэраў-будаўнікоў і тэхнолягаў, інжынэраў нерухомасьці па спэцыяльнасьцях і спэцыялізацыях: 1) спосабы і ладжаньне будаўнічай вытворчасьці, 2) выкарыстаньне будынкаў і збудаваньняў, 3) адбудова і рэстаўрацыя будынкаў і збудаваньняў, 4) вытворчасьць зборных і маналітных жалезабэтонных канструкцыў, 5) экспэртыза і кіраваньне нерухомасьцю, 6) архітэктура прамысловых будынкаў і збудаваньняў[34]. Знаходзіўся ў навучальным корпусе № 2[35].
- Электратэхнічны (ЭТФ). Рыхтаваў інжынэраў чыгункі па 3-х спэцыялізацыях: 1) аўтаматыка і тэлемэханіка, 2) сыстэмы перадачы і разьмеркаваньня інфармацыі, 3) мікрапрацэсарныя інфармацыйна-кіраўнічыя сыстэмы. Існавалі магістратура, асьпірантура і дактарантура. Заснаваны ў 1970 годзе. Дзейнічала 2 базавыя катэдры: 1) найвышэйшай матэматыкі, 2) электратэхнікі, а таксама 2 выпускальныя катэдры: 1) аўтаматыкі, тэлемэханікі і сувязі, 2) інфармацыйна-кіраўнічых сыстэмаў і тэхналёгіяў. Апошнія 2 катэдры вялі спэцкурсы і дыплёмнае праектаваньне. Выпускнікі складалі аснову супрацоўнікаў Беларускай чыгункі. У ходзе навуковых дасьледаваньняў распрацоўвалі чыгуначную аўтаматыку і сродкі сувязі, а таксама сеткі кіраваньня. Студэнты маглі таксама прайсьці падрыхтоўку малодшых камандзіраў і афіцэраў запасу на вайсковай катэдры з прысваеньнем званьня[36]. ЭТФ месьціўся ў навучальным корпусе № 3[37].
Падразьдзяленьні
рэдагавацьНа 2021 год Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту ў Гомлі ўлучаў наступныя падразьдзяленьні:
- 3 цэнтры — выдавецкі, вылічальны (утвораны ў студзені 1984 году)[38] і выпрабавальны[39];
- 15 аддзелаў: 1) інфармацыйных сыстэмаў, 2) кадраў, 3) магістратуры і студэнцкай навукі, 4) міжнародных сувязяў, 5) выхаваўчай працы з моладзьдзю, 6) якасьці і інфармацыйнага забесьпячэньня навучальнага працэсу, 7) навучальна-мэтадычны, 8) плянава-эканамічны, 9) праектна-канструктарскі (заснаваны 10 лістапада 2009 году)[40], 10) арганізацыйнай працы і прававога забесьпячэньня, 11) забесьпячэньня, 12) галоўнага энэргетыка, 13) экплюатацыйна-тэхнічны, 14) забесьпячэньня бясьпекі і аховы працы, 15) сэртыфікацыі[39];
- навукова-тэхнічная бібліятэка і музэй (адчынены 1 кастрычніка 1985 году)[41];
- плавальны басэйн (з сакавіка 2003-га) і спартовы клюб (створаны ў 1958 годзе)[42];
- канцылярыя і бухгальтэрыя, студэнцкае мястэчка, пункт аховы здароўя і навукова-дасьледчы сэктар[39].
Зь верасьня 1956 году выпускалі газэту «Весьці БелДУТ», якая на 2021 год выходзіла двойчы на месяц накладам 700 асобнікаў[43].
Каледжы і Інстытут перападрыхтоўкі
рэдагавацьНа 2021 году Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту ў Гомлі меў у падпарадкаваньні 3 каледжы чыгуначнага транспарту, далучаныя 23 траўня 2015 году загадам Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі № 35:
- Аршанскі (вул. Клімента Ціміразева, д. 26)[44], заснаваны ў кастрычніку 1929 году[45];
- Берасьцейскі (Пушкінская вул, д. 65)[46], заснаваны 14 чэрвеня 1940 году[47];
- Гомельскі (Савецкая вул., д. 59)[48], заснаваны ў кастрычніку 1878 году[49].
Інстытут павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі (ІПКП) БелДУТ набіраў слухачоў для завочнага навучаньня працягласьцю ад 18 да 24 месяцаў па 8 спэцыяльнасьцях. Ажыцьцяўлася перападрыхтоўка эканамістаў, бухгальтараў, мэнэджэраў, лягістаў, праграмістаў, ахоўнікаў працы і будаўнікоў[50]. Таксама праводзілася перадатэстацыйная падрыхтоўка будаўнікоў у групах паводле 11 пасадаў: 1) інжынэр-каштарысьнік, 2) начальнік падразьдзяленьня праектнай дакумэнтацыі, 3) галоўны каштарысьнік, 4) прараб і майстар цепласетак і мантажу праветрываньня, 5) прараб і майстар вадаправоду і каналізацыі, 6) прараб і майстар будоўлі, 7) інжынэр тэхнагляду за будоўляй, 8) галоўны інжынэр вадаправоду, цепласетак і мантажу праветрываньня, 9) галоўны інжынэр электрасетак, праветрываньня, цепласетак і вадаправоду, 10) галоўны інжынэр будоўлі, 11) начальнік вытворча-тэхнічнага аддзелу агульнабудаўнічай працы[51]. Інстытут заснавалі 19 сьнежня 1968 году ў якасьці Факультэту павышэньня кваліфікацыі (ФПК) паводле Загаду Міністэрства шляхоў зносінаў № 1491. 19 ліпеня 1994 году Міністэрства адукацыі Беларусі і Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі сумесным Загадам № 131-П/208 пераўтварылі ФПК БелДУТ у Інстытут павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі (ІПКП)[52].
Грамадзкія аб’яднаньні
рэдагавацьНа 2021 год у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце транспарту дзейнічалі суполкі 5 грамадзкіх аб’яднаньняў: «Белая Русь» (зь 2008 году)[53], Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускае грамадзкае аб’яднаньне вэтэранаў (з 25 лютага 1987 году)[54], Камітэт прафсаюза супрацоўнікаў (1145 дзейных сябраў і 195 на пэнсіі на 2021 год[55], заснаваны 12 кастрычніка 1953 году)[56] у складзе Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі і таварыства «Веды» (дзейнічае з 1998 году, налічвала звыш 100 лектараў на 2021 год)[57]. Таксама існаваў Студэнцкі клюб імя Алега Коваля, заснаваны ў 1976 годзе ў якасьці моладзевага клюбу «Сталёвыя магістралі». На 2021 год у клюбе дзейнічала 17 творчых суполак: народны ансамбль танцу «Палескія зоры» (з 1976 году), тэатральная студыя (створаная ў 1988 годзе на аснове тэатру «Карчагінцы»), тэатар эстрадных мініяцюраў «Альянс» (з 1993 году каманда КВЗ, якая ў 1995 годзе была чэмпіёнам Беларусі), студыя бальна-спартовага танцу (з 1997 году) і студыя спартовага танцу «Максімум» (з 2006 году), а таксама харавая студыя, тэатар ценяў, ВІА «Пунсовыя гвазьдзікі», студыя чытальнікаў, гурт брэйк-дансу «Магніт», духавы аркестар, кінастудыя «Экспрэс», аркестар народных інструмэнтаў, джазавы гурт «Прывітаньне Вам», клюб аўтарскай песьні, вакальны гурт і студыя салістаў[58]. Гісторыка-патрыятычны клюб «Айчына» стварылі 15 лютага 2018 году для паездак па гістарычных мясьцінах Гомельскай вобласьці і ўтварэньня навыкаў грамадзянскай абароны[59].
Магістратура і навука
рэдагавацьНа 2021 год Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту ў Гомлі прымаў у магістратуру па 7 спэцыяльнасьцях: 1) эканоміка; 2) бухгальтарскі ўлік, аналіз і аўдыт; 2) інавацыйныя тэхналёгіі і машынабудаваньні, 4) чыгуначны транспарт, 5) аўтаматызацыя, 6) архітэктура, 7) узьвядзеньне будынкаў і збудаваньняў[60]. У асьпірантуру набіралі на 10 спэцыяльнасьцяў: 1) матэматычныя лёгіка, альгебра і тэорыя лікаў; 2) мэханіка дэфармуемага цьвёрдага цела; 3) дынаміка і трываласьць машынаў, прыладаў і апаратуры; 4) матэматычнае мадэляваньне, лікавыя спосабы і комплексы праграмаў; 5) матэрыялазнаўства ў машынабудаваньні; 6) рухомы склад чыгункі, цяга цягнікоў і электрыфікацыя; 7) кіраваньне працэсамі перавозак; 8) архітэктура будынкаў і збудаваньняў, гарадзкіх і сельскіх паселішчаў, міжсялёных земляў; 10) эканоміка і кіраваньне народнай гаспадаркай. На 2 гады ў асьпірантуру таксама платна без уступных іспытаў залічвалі сушукальнікаў для здачы кандыдацкіх экзамэнаў і заліку агульнаадукацыйных дысцыплінаў. Набор у дактарантуру ажыцьцяўлялі на 3 спэцыяльнасьці: 1) дынаміка і трываласьць машынаў, прыладаў і апаратуры; 2) рухомы склад чыгункі, цяга цягнікоў і электрыфікацыя; 3) кіраваньне працэсамі перавозак. Тэрмін дзённай падрыхтоўкі складаў 3 гады, а сушукальніцтва — 5 гадоў[61].
Найвышэйшая атэстацыйная камісія Беларусі стварыла пры БелДУТ у Гомлі 2 рады па абароне дысэртацыяў на атрыманьне ступені:
- кандыдата і доктара тэхнічных навук па 2 спэцыяльнасьцях — 1) рухомы склад чыгункі, цяга цягнікоў і электрыфікацыя, 2) кіраваньне працэсамі перавозак;
- кандыдата фізыка-матэматычных навук па спэцыяльнасьці — мэханіка дэфармаванага цьвёрдага цела[62].
Навукова-дасьледчы інстытут
рэдагавацьНа 2021 год Навукова-дасьледчы інстытут чыгуначнага транспарту (НДІЧТ) БелДУТ налічваў 6 лябараторыяў:
- кіраваньня перавозачным працэсам (КПП) — заснаваная ў 1999 годзе на аднайменнай катэдры[63], налічвала 5 дасьледнікаў[64];
- дыягностыкі, выпрабаваньня і дасьледаваньня будаўнічых матэрыялаў і канструкцыяў (ДВДБМК) імя Ігара Кудраўцава, створаная 5 лютага 1991 году ў якасьці лябараторыі мэханікі грунтоў, падставаў і падмуркаў — з 2009 году дзейнічае пры катэдры прамысловых і грамадзянскіх збудаваньняў[65], аснашчалася 3-ма гідраўлічнымі прэсамі і вымяральнікам трываласьці будаўнічых матэрыялаў, малатком Кашкарава і вызначальнікам воданепранікальнасьці бэтону і 3-ма сушыльнымі шафамі[66];
- грузавой і камэрцыйнай працы і тарыфаў (ГКПТ), заснаваная 2 сакавіка 1998 году і 1 чэрвеня ўлучаная ў Цэнтар комплексных транспартных праблемаў — налічвала 5 дасьледнікаў[67];
- эканамічнага аналізу, мэтадалёгіі бухгальтарскага і падатковага ўліку — заснаваная 17 сьнежня 2001 году[68];
- тэхнічных і тэхналягічных ацэнак рэсурсу адзінак рухомага складу — створаная 24 студзеня 1997 году сумесным зь Беларускай чыгункай распараджэньнем[69];
- бясьпекі і электрамагнітнай сумяшчальнасьці тэхнічных сродкаў — заснаваная 10 сакавіка 1999 году[70], налічвала 6 навукоўцаў[71].
Выпрабавальны цэнтар
рэдагавацьНа 2021 год Выпрабавальны цэнтар чыгуначнага транспарту (ВЦЧТ) БелДУТ выконваў:
- выпрабаваньні 107 відаў чыгуначнага абсталяваньня, у тым ліку грузавых і пасажырскіх вагонаў, электрацягнікаў і цеплавозаў, міжвагонных злучэньняў і вагонных колавых параў, высакавольтных зазямляльнікаў і рэлейных чуйнікаў, надрэсорных бэлек і бакавых рамаў цялежак, спружынаў рэсорнага падвешваньня і паветраных рэзэрвуараў для аўтатармазоў, прыладаў кіраваньня і злучальных рукавоў для тармазоў, тармазных цыліндраў і аўтасчэпкі, электрапеччак і аўтарэгулятараў тармазной рычажнай перадачы, тармазных калодак і ліставых рысораў, чыставых і чарнавых восяў, ролікавых падшыпнікаў і вэнтыльных разраднікаў перанапругі, тармазных дыскаў і цыліндрычных зубчастых колаў цягавых перадачаў, чыгуначных рэек і кантактных дратоў, шпалаў і стрэлачных прывадаў;
- распрацоўку і вымярэньні ў 16 галінах экалягічнай бясьпекі і аховы працы на прадпрыемствах перавозак і прамысловасьці;
- 10 відаў абсьледаваньняў і вымярэньняў у галіне энэргаспажываньня і ашчаджэньня паліўна-энэргетычных рэсурсаў на прадпрыемствах[72].
Выпрабавальны цэнтар БелДУТ улучаў 2 аддзелы:
- выпрабаваньняў аб’ектаў чыгуначнага транспарту і інфраструктуры, які меў: выпрабавальны палігон, 2 сэктары — 1) тэхнічнага забесьпячэньня, 2) аналізу і пэрспэктыўнага разьвіцьця, а таксама 4 лябараторыі: 1) тармазных сыстэмаў рухомага складу, 2) электрычных і электронных сыстэмаў, 3) дынамікі і трываласьці, 4) камплектавальных і матэрыялаў[73];
- экалягічнай бясьпекі і энэргазьберажэньня на транспарце, які ўлучаў 3 лябараторыі: 1) экалягічнай бясьпекі, 2) энэргаэфэктыўнасьці і аховы працы, 3) фізыка-хімічную — налічваў звыш 150 выпрабавальных прыладаў і 33 навуковыя супрацоўнікі[74], заснаваны ў 2000 годзе ў якасьці навукова-дасьледчага цэнтру, які 7 верасьня 2015 году загадам рэктара БелДУТ № 696 улучылі ў склад ВЦЧТ[75].
Выданьні і канфэрэнцыі
рэдагавацьНа 2021 год Беларусі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту ў Гомлі выпускаў 5 навуковых выданьняў, зь іх першыя 4 былі ўхваленыя Найвышэйшай атэстацыйнай камісіяй Беларусі:
- часопіс «Весьнік БелДУТ: навука і транспарт» (ISSN 2227-1120) двойчы на год з красавіка 2000 году сумесна зь Міністэрствам транспарту і камунікацыяў Беларусі[76];
- 3 міжнародныя зборнікі навуковых працаў: «Мэханіка. Дасьледаваньні і інавацыі» (ISSN 2519-8742), «Праблемы пэрспэктыўнага разьвіцьця чыгуначных станцый і вузлоў» (ISSN 2664-5025) і «Рынак транспартных паслуг» (ISSN 2225-6741, штогод з 23 лістапада 2001 году)[77];
- «Зборнік студэнцкіх навуковых працаў» (ISSN 2227-1155)[78].
БелДУТ ладзіў 2 міжнародныя навукова-практычныя канфэрэнцыі, матэрыялы якіх абнародаваў: 1) «Праблемы бясьпекі на транспарце» (штогод, у 2020 годзе 10-я) і «Актуальныя пытаньні і пэрспэктывы разьвіцьця транспартнага і будаўнічага комплексаў». Таксама абнародавалі матэрыялы міжнароднай навукова-тэхнічнай канфэрэнцыі магістрантаў «Інавацыі. Транспарт. Энэргаэфэктыўнасьць. Будаўніцтва» (6-я «ІТЭБ» у 2020 годзе)[79].
Мінуўшчына
рэдагаваць1 кастрычніка 1953 году ў Гомлі (Беларуская ССР) распачаў заняткі Беларускі інстытут інжынэраў чыгуначнага транспарту (БІІЧТ). Ад пачатку існаваў мэханічны факультэт. 23 кастрычніка 1954 году Загадам Галоўнай управы навучальных установаў Міністэрства шляхоў зносінаў СССР № 252/4 заснавалі Будаўнічы і Эксплюатацыйны факультэты БІІЧТ[80]. У верасьні 1956 году пачалі выпускаць газэту «Весьці БІІЧТ». У 1957 годзе на аснове аднайменнай катэдры заснавалі Факультэт прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва (ФПГБ). У 1958-м адчынілі спартовы клюб БІІЧТ. 19 сьнежня 1968 году паводле Загаду Міністэрства шляхоў зносінаў № 1491 заснавалі Факультэт павышэньня кваліфікацыі (ФПК). У 1970 годзе ўтварылі Электратэхнічны факультэт. У 1976 годзе заснавалі моладзевы клюб «Сталёвыя магістралі», пры якім стварылі ансамбль танцу «Палескія зоры». У 1981 годзе Эксплюатацыйны факультэт перайменавалі ў Факультэт кіраваньня працэсамі перавозак (ФКПП). У студзені 1984 году заснавалі Вылічальны цэнтар БІІЧТ. 1 кастрычніка 1985 году пры БІІЧТ адчынілі Музэй гісторыі.
21 сакавіка 1992 году загадам рэктара БелІІЧТ № 232 моладзевы клюб «Сталёвыя магістралі», які належаў прафсаюзу Гомельскага аддзяленьня Беларускай чыгункі, пераўтварылі ў Студэнцкі клюб БІІЧТ. У лютым 1993 году стварылі Гуманітарны факультэт. 1 лютага 1993 году стварылі Факультэт замежных студэнтаў (ФЗС). 6 кастрычніка 1993 году БІІЧТ перайменавалі ў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту (БелДУТ) паволе Пастановы Савету міністраў Беларусі № 768[81]. 19 ліпеня 1994 году Міністэрства адукацыі Беларусі і Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі сумесным Загадам № 131-П/208 пераўтварылі Факультэт павышэньня кваліфікацыі БелДУТ у Інстытут павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі (ІПКП). У лютым 1996 году Гуманітарны факультэт перайменавалі ў Гуманітарна-эканамічны, які пазьней стане Факультэтам эканомікі і бізнэс-тэхналёгіяў. У красавіку 2000 году сумесна зь Міністэрствам транспарту і камунікацыяў Беларусі сталі выпускаць навукова-практычны часопіс «Весьнік БелДУТ: навука і транспарт», які ўхваліла Найвышэйшая атэстацыйная камісія Беларусі. 23 лістапада 2001 году пачаў выходзіць штогадовы міжнародны зборнік навуковых працаў «Рынак транспартных паслуг». У сакавіку 2003 году пачаў прымаць наведнікаў плавальны басэйн[82]. 11 чэрвеня 2003 году заснавалі Вайскова-транспартны факультэт (ВТФ) паводле Пастановы Савету міністраў Беларусі № 775 на аснове вайсковай катэдры БелДУТ. 10 лістапада 2009 году ўтварылі праектна-канструктарскі аддзел БелДУТ. Зь 2010 году сталі ладзіць штогадовую міжнародную навукова-практычную канфэрэнцыю «Праблемы бясьпекі на транспарце». 23 траўня 2015 году Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі № 35 у падпарадкаваньне БелДУТ перадалі 3 каледжы чыгуначнага транспарту: Аршанскі (Віцебская вобласьць), Берасьцейскі і Гомельскі.
Рэктары
рэдагаваць- Аляксей Петруковіч (1953—1961)
- Пётар Сыцко (1961—1986)
- Пётар Грунтоў (1986—1996)
- Валянцін Ярашэвіч (1997—2000)
- Веньямін Сянько (2001—2016)
- Юры Кулажанка (з 2016-га)
Выпускнікі
рэдагаваць- Ігар Малкаў (1959) — доктар архітэктуры
- Анатоль Грачанікаў (1960) — беларускі паэт і перакладнік
- Яфім Басін (1962) — міністар будаўніцтва Расеі (1994—1997)
- Уладзімер Чартовіч (1971) — старшыня ГА «Трыадзіная Русь»
- Канстанцін Бачкоў (1973) — доктар тэхнічных навук і прафэсар
- Леанід Ерын (1973) — 5-ы старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі
- Аляксандар Якабсон (1973) — 5-ы старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі (2010—2014)[83]
- Сяргей Сідорскі (1976) — 6-ы старшыня ўраду Беларусі (2003—2010)
- Анатоль Фейгін (1976) — кіраўнік «Гомельаблгазу»
- Валер Шубадзёраў (1976) — галоўны інжынэр «Беларускай чыгункі»
- Васіль Гапееў (1977) — 4-ы начальнік Беларускай чыгункі (2002—2004)
- Мікалай Максіменка (1977) — начальнік «Белтрансаўтаматыкі»
- Фёдар Сатыроў (1977) — дэкан Электратэхнічнага факультэту БелДУТ[84]
- Міхаіл Мельнічэнка (1978) — галоўны інжынэр трэсту «Белтрансбуд»[85]
- Юры Бародзіч (1979) — генэрал-маёр і старшыня фізкультурна-спартовага таварыства «Дынама» (2004—2013)
- Віктар Рахманько (1980) — 3-і начальнік Беларускай чыгункі (1998—2001)
- Андрэй Семянюта (1981) — доктар тэхнічных навук і прафэсар
- Зьміцер Ярмоленка (1981) — доктар тэхнічных навук і прафэсар[84]
- Алесь Яўсеенка (1981) — старшыня гомельскай «Талакі» (1986—1990)
- Уладзімер Жарэла (1982) — 5-ы начальнік Беларускай чыгункі (2004—2008)
- Уладзімер Сотнікаў (1982) — кіраўнік «Менскага мэтрапалітэну»
- Ігар Мацьвяцоў (1984) — кіраўнік «Гомельаўтадару»
- Сяргей Сізін (1984) — намесьнік начальніка «Беларускай чыгункі»[85]
- Уладзімер Чушаў (1985) — беларускі дыплямат, 3-і амбасадар Беларусі ў Сэрбіі (2011—2017) і 8-ы ў Польшчы (зь 2019-га)
- Анатоль Сівак (1986) — 7-ы міністар транспарту і камунікацыяў Беларусі (2012—2018)[83]
- Аляксандар Пятрэнка (1989) — кіраўнік «Дарожна-будаўнічага трэсту № 2» Гомлю
- Пётар Стоцкі (1989) — намесьнік начальніка «Беларускай чыгункі»
- Сяргей Кавалёў (1991) — кіраўнік «Гомельскага аб’яднанага будаўнічага трэсту»[85]
- Аляксандар Зянкевіч (1992) — кіраўнік Інстытуту павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БелДУТ[84]
- Ігар Краўчанка (1993) — кіраўнік «Гомельаблдарбуду»[85]
- Ганна Яравая (1994) — доктарка фізыка-матэматычных навук[83]
- Уладзімер Гарбачоў (1996) — намесьнік старшыні Гомельскага аблвыканкаму[85]
- Дзяніс Леаненка (2004) — доктар фізыка-матэматычных навук[83]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Кіраўніцтва ўнівэрсытэту // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Аб унівэрсытэце // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Студэнцкае мястэчка // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Імянныя стыпэндыяты // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2019 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Кантакты // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2019 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Факультэты // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Катэдры // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Кантакты Будаўнічага факультэту // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Спэцыяльнасьці Будаўнічага факультэту // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Будаўнічы факультэт // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Катэдры і падразьдзяленьні Будаўнічага факультэту // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Гісторыя Будаўнічага факультэту // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Вайскова-транспартны факультэт // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Кантакты Вайскова-транспартнага факультэту // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Спэцыяльнасьці Вайскова-транспартнага факультэту // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Гісторыя Вайскова-транспартнага факультэту // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Факультэт эканомікі і бізнэс-тэхналёгіяў // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Кантакты Факультэту эканомікі і бізнэс-тэхналёгіяў // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Спэцыяльнасьці Факультэту эканомікі і бізнэс-тэхналёгіяў // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Гісторыя Факультэту эканомікі і бізнэс-тэхналёгіяў // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Завочны факультэт // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Спэцыяльнасьці Завочнага факультэту // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Кантакты Завочнага факультэту // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Мэханічны факультэт // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Кантакты Мэханічнага факультэту // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Спэцыяльнасьці Мэханічнага факультэту // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Катэдры і падразьдзяленьні Мэханічнага факультэту // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Факультэт навучаньня замежных грамадзянаў // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Кантакты Факультэту навучаньня замежных грамадзянаў // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Гісторыя Факультэту навучаньня замежных грамадзянаў // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Факультэт кіраваньня працэсамі перавозак // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Кантакты Факультэту кіраваньня працэсамі перавозак // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Жыцьцё Факультэту кіраваньня працэсамі перавозак // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Факультэт прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Кантакты Факультэту прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Электратэхнічны факультэт // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Кантакты Электратэхнічнага факультэту // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Гісторыя Вылічальнага цэнтру // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ а б в Кантакты падразьдзяленьняў // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Праектна-канструктарскі аддзел // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Музэй // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Гісторыя Спартовага клюбу // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Рэдакцыя газэт «Весьці БелДУТ» // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Аршанскі каледж - філія БелДУТ // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Пра каледж (рас.) // Аршанскі каледж чыгуначнага транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Берасьцейскі каледж - філія БелДУТ // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Этапы разьвіцьця (рас.) // Берасьцейскі каледж чыгуначнага транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Гомельскі каледж - філія БелДУТ // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Гісторыя Гомельскага каледжу // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Перападрыхтоўка кіраўнічых працаўнікоў і спэцыялістаў, якія маюць вышэйшую адукацыю // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Перадатэстацыйная падрыхтоўка спэцыялістаў будаўнічай галіны // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Гісторыя Інстытуту павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Гісторыя разьвіцьця РГА «Белая Русь» // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Гісторыя вэтэранскай арганізацыі // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Камітэт прафсаюза супрацоўнікаў // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Гісторыя Камітэту прафсаюза супрацоўнікаў // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Гісторыя ПА РДГА таварыства «Веды» // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Студэнцкі клюб імя Алега Коваля // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Вайскова-патрыятычны клуб «Айчына» // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Магістратура // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Асьпірантура і дактарантура // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Рады па абароне // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ НДЛ «Кіраваньне перавозачным працэсам» // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Склад НДЛ «Кіраваньне перавозачным працэсам» // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ НДЛ «Дыягностыка, выпрабаваньне і дасьледаваньне будаўнічых матэрыялаў і канструкцый» імя праф. I.А.Кудраўцава // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Выпрабавальнае абсталяваньне НДЛ «Дыягностыка, выпрабаваньне і дасьледаваньне будаўнічых матэрыялаў і канструкцый» імя праф. I.А.Кудраўцава // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ НДЛ «Грузавая, камэрцыйная праца і тарыфы» // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ НДЛ «Эканамічны аналіз, мэтадалёгія бухгальтарскага і падатковага ўліку» // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ ГНДЛ «Тэхнічныя і тэхналягічныя ацэнкі рэсурсу адзінак рухомага складу» // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Пра нас (рас.) // Навукова-дасьледчая лябараторыя бясьпекі і электрамагнітнай сумяшчальнасьці тэхнічных сродкаў БелДУТ, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Супрацоўнікі (рас.) // Навукова-дасьледчая лябараторыя бясьпекі і электрамагнітнай сумяшчальнасьці тэхнічных сродкаў БелДУТ, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Выпрабавальны цэнтр чыгуначнага транспарту // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Аддзел выпрабаваньняў аб'ектаў чыгуначнага транспарту і інфраструктуры ВЦЧТ // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Аддзел экалягічнай бясьпекі і энэргазьберажэньня на транспарце ВЦЧТ // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Гісторыя Аддзелу экалягічнай бясьпекі і энэргазьберажэньня на транспарце ВЦЧТ // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Весьнік БелДУТ: навука і транспарт (аб часопісе) // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Навуковы зборнік «Рынак транспартных паслуг» // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Навуковыя выданьні // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Матэрыялы канфэрэнцыяў // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Гісторыя Факультэту кіраваньня працэсамі перавозак // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту (Гомель) // Зводны электронны каталёг бібліятэк Беларусі, 2015 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ Плавальны басэйн // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ а б в г Выпускнікі Факультэту прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ а б в Выпускнікі Электратэхнічнага факультэту // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- ^ а б в г д Выпускнікі Будаўнічага факультэту // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Электронны зварот // Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.
- Пакінуць камэнтар (рас.) // Электронная бібліятэка БелДУТ, 2021 г. Праверана 6 ліпеня 2021 г.