Любарт
Лю́барт Гедзімі́навіч (у праваслаўі Дзьмітры; 1299 — 1384?) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, князь валынскі (уладзімерскі і луцкі).
![]() Уяўны партрэт Любарта, 1578 г. | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1299 |
Памёр | 1384 (?) |
Род | Гедымінавічы |
Бацькі | Гедзімін |
Дзеці | Фёдар Любартавіч[d] |
Дзейнасьць | палітык |
Імя Рэдагаваць
- Асноўныя артыкулы: Любарт (імя) і Імёны ліцьвінаў
Гісторык Павал Урбан у сваёй кнізе «Старажытныя ліцьвіны» зьвяртае ўвагу на тое, што аўтар хронікі Ўсходняй Фрызіі пад 1422 годам упамінае Любарта з Шмаленбургу, а пад 1417 годам — іншага Любарта зь Мюнстэру. Апроч таго, па 1328 годзе магістар Любарт Бол дзеіў у адной зь філіяў Тэўтонскага ордэну, што месьцілася ў месьце Утрэхце (Нідэрлянды). Гэтыя ды іншыя прыклады пацьвярджаюць, што імя Любарт (як і ў выпадку імёнаў Жыгімонт і Альгерд) мае лучнасьць з імёнамі германскага паходжаньня[1]. Таксама Павал Урбан зьвяртае ўвагу на наяўнасьць старажытных славянскіх імёнаў Любамір (князі з такім імём былі ў бодрычаў і чэхаў), Люб (князь у люцічаў) і Любка (сын полацкага князя Воіна, брата Віценя і Гедзіміна)[2].
Паводле менскага дасьледніка Алёхны Дайліды, які разьвівае ўсходнегерманскую этымалёгію імёнаў літоўскіх князёў і баяраў, імя Любарт складаецца з фармантаў -люб- і -рад- (іхны германскі сэнс такі ж, як славянскі) і азначае «рада міласьці». Дасьледнік зьвяртае ўвагу на пашыранасьць германскага імя Lubert, Leubrad, Liubarat[3].
Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: Любартъ Кгедиминовичь (8 сьнежня 1322 году)[4]; От князя от Кестутя и от князя от Либорта у Торунь к местычемъ (па 1341 годзе)[5][6]; Оже я князь Еоунутии, и Кистюти, и Любартъ (1352 год)[7]; Nobilibus viris Oligerdo Magno et Kenstuto ac Lubardo fratribus ducibus Lituanorum (23 кастрычніка 1373 году)[8]; Lubertus Lytwanus (1376 год)[9]; Lunardus dux Lituanorum (29 верасьня 1377 году)[10]; das Luwburten was gewest (Мэмарыял Вітаўта, 1390 год)[11]; Lubart (Хроніка Віганда[12], 18 студзеня 1401 году[13]); non Luberti in Lutzik[14], Lubertus[15] (Хроніка Лівоніі Германа Вартбэрга); Lubarth[a] або Любортъ[b] (Летапісец вялікіх князёў літоўскіх); Lubarth (Ян Длугаш)[16]; Любортъ (Наўгародзкі чацьверты летапіс[17] і Сафійскі першы летапіс[18]); Любордъ Гедимановичь[19] (Ніканаўскі летапіс).
Жыцьцяпіс Рэдагаваць
Паводле Раўданскага рукапісу, Любарт нарадзіўся ў 1299 г. і быў першым сынам Гедзіміна ад трэцяй жонкі Еўны Полацкай. Выступае ў гістарычных крыніцах у 1336—1382 гадох. У 1330-х гадох удзельнічаў у літоўскіх наездах на Мазовію. Першым шлюбам, відаць, жанаты з дачкой уладзімера-валынскага князя Андрэя Юр’евіча (Ганнай ?).
Па сьмерці апошняга гаспадара Галіцка-Валынскага княства Юрыя-Баляслава II Тройдзенавіча (1340 год), пры падтрымцы бацькі Любарт заняў Валынь. Прэтэндаваў і на Галічыну, у 1340—1349 гадох галіцкае баярства на чале зь Дзьмітрыем Дзядзькам намінальна прызнавала гаспадаром то Любарта, то польскага караля Казіміра III Вялікага, то вугорскага Людвіка I Вялікага. Гэта выклікала канфрантацыю паміж Любартам, з аднаго боку, і Казімірам і Людвікам, з другога. Падтрымліваў прыязныя стасункі з кіеўскім мітрапалітам Феагностам, у 1347 годзе падтрымаў яго ініцыятыву па скасаваньні асобнай Галіцкай мітраполіі, каб яна не паслужыла інструмэнтам пашырэньня ўплыву Польшчы і Вугоршчыны на паўднёва-заходнія землі ВКЛ.
Быў зьвязаны дынастычным шлюбам зь вялікім князем маскоўскім Сямёнам Гордым: у 1350 годзе ажаніўся зь яго пляменьніцай Вольгай, дачкой растоўскага князя Канстанціна. У жніўні — лістападзе 1349 году Казімер пры падтрымцы Залатой Арды, Вугоршчыны і Мазовіі захапіў амаль усю тэрыторыю былога Галіцка-Валынскага княства, у тым ліку Берасьце. У 1350 годзе войскі ВКЛ вярнулі Берасьце і Валынь, нават на кароткі час авалодалі Львовам, але Галічына засталася ў руках Казімера. У 1351—1352 гадох польска-вугорскія войскі зьдзейсьнілі некалькі паходаў на Берасьце, Белз, Уладзімер Валынскі. У жніўні 1351 году Любарт разам з Кейстутам быў захоплены ў палон вугорцамі; 15 жніўня 1351 году падпісаў умову зь Людвікам, паводле якой ВКЛ мусіла заплаціць вялікі выкуп, адмаўлялася ад прэтэнзіяў на Галічыну, але захавала большую частку Валыні. У 1352 годзе склаў сэпаратную мірную ўмову з Казімерам і мазавецкімі князямі, але ўжо ў 1353 годзе далучыўся да наездаў Кейстута на Польшчу. Па працяглым пэрыядзе мірных дачыненьняў з Казімерам (1356—1366) у выніку ваеннага паходу апошняга адмовіўся ад прэтэнзіяў на Белскую і Холмскую землі, саступіў Польшчы заходнюю частку Валыні з цэнтрам ва Ўладзімеры, якую вярнуў па сьмерці Казімера ў 1370 годзе. У 1376 годзе браў удзел у шырокамаштабнай літоўскай выправе на Польшчу, што выклікала няўдалую для яго вайну зь Людвікам у 1377 годзе, у выніку якой Любарт мусіў прызнаць сябе васалам Вугоршчыны і пакінуць Людвіку сваіх сыноў у якасьці заложнікаў. Па сьмерці Людвіка ў 1382 годзе выкупіў у вугорскіх старастаў некаторыя памежныя галіцкія крэпасьці (Лапацін, Алеска ды іншыя).
За Любартам значэньне аднаго з галоўных палітычных цэнтраў ВКЛ набыў Луцак. У 1375 годзе ён згадзіўся на стварэньне першай у ВКЛ Луцкай каталіцкай япархіі, юрысдыкцыя якой ахоплівала і паўднёва-заходнія землі Беларусі.
Сын Любарта ад першага шлюбу, Іван, быў адным з чарнігаўскіх удзельных князёў. Ад другой жонкі Любарт меў трох сыноў — Фёдара, Лазара і Сямёна.
Заўвагі Рэдагаваць
- ^ Паводле Origo regis Jagyelo et Wytholdi ducum Lithuanie
- ^ Паводле Віленскага сьпісу
Крыніцы Рэдагаваць
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 47.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 47—48.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 23.
- ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 21.
- ^ Послание литовских князей Кейстута и Любарта жителям Торуни (после 1341), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
- ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 23.
- ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 30.
- ^ Послание папы Григория XI в.к.л. Ольгерду с призывом принять католичество (1373), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 168.
- ^ Послание короля Польши и Венгрии Людовика о положении в Подольской земле (1377), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
- ^ Лицкевич О. В. «Летописец великих князей литовских» и «Повесть о Подолье»: опыт комплексного критического разбора. — СПб., 2019. С. 265.
- ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. S. 618.
- ^ Codex epistolaris Vitoldi. — Cracoviae, 1882. S. 72.
- ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. S. 111.
- ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. S. 115.
- ^ Joannis Długossii seu longini canonici Cracoviensis Historiae Polonicae libri XII. T. 3. L. 9, 10. — Cracoviae, 1876. P. 406, 500.
- ^ ПСРЛ. Т. 4. — СПб., 1848. С. 72.
- ^ ПСРЛ. Т. 5. — СПб., 1851. С. 235.
- ^ ПСРЛ. Т. 10. — СПб., 1885. С. 221.
Літаратура Рэдагаваць
- Белы А. Любарт-Дзмітрый // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Насевіч В. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Менск, 1993.
- Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: Тэхналогія, 2001. — 216 с. — 500 ас. — ISBN 978-985-458-050-4
- Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. Аўтарскае выданне. — Менск, 2019. — 459 с. — (сьціслая вэрсія кнігі: Вытокі Вялікае Літвы. — Менск, 2021. — 89 с.)
- Paszkiewicz H. Polityka ruska Kazimierza Wielkiego. Warszawa, 1925.
- Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od konca czternastego wieku. Warszawa, 1895.
- Довнар-Запольский М. В. Из истории литовско-польской борьбы за Волынь // Киевские университетские известия. 1896. № 8.
- Филевич И. П. Борьба Польши и Литвы-Руси за галицко-владимирское наследие. СПб., 1890.