Берасьцейскі клюб быў заснаваны ў 1960 годзе, калі каманда «Спартак» была залічана ў першую зону клясы «Б» чэмпіянату СССР па футболе. Галоўным трэнэрам клюбу быў прызначаны мянчук Віталь Касенюк. Асноўны склад каманды быў укамплектаваны таксама прадстаўнікамі сталіцы. Першы матч чэмпіянату «Спартак» правёў у Бэндэры супраць мясцовага «Ніструл», які скончыўся перамогай беларускіх гульцоў зь лікам 5:1. У 1973 годзе клюб зьмяніў назву спачатку на «Буг», а з 1976 году быў зноўку перайменаваны ў «Дынама», што было зьвязана зь перадачай клюбу на балянс менскага спартовага таварыства «Дынама».
У Берасьце прыехаў Эдуард Малафееў, аднак больш чым на час правядзеньня падтрыхтоўкі да новага сэзону ён не застаўся. У тым жа сэзоне каманда дамаглася свайго галоўнага выніку за гісторыю выступаў за савецкім часам, заняўшы ў табліцы другі радок. Аднак у 1980-х гадох клюб быў сканцэнтраваны, галоўным чынам, на падрыхтоўцы гульцоў для менскага «Дынама». Сярод выбітных футбалістаў таго пэрыяду варта адзначыць абаронцу Сяргея Гоманава (1979—1981), Георгія Кандрацьева, нападніка Валера Вялічку (1984, 1989—1990), Юрыя Антановіча, Юрыя Малеева.
З 1991 году берасьцейскі клюб стала выступае ў найвышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі. Самым значным дасягненьнем да сёньняшняга часу лічыцца трэцяе месца ў самым першым сэзоне айчыннага чэмпіянату. Недастатковае фінансаваньне ў наступныя гады не дало магчымасьць клюбу паказваць добрыя вынікі. З 2003 году клюб згодна з прэзыдэнцкім загадам, быў перададзены ва ўпраўленьне РУП «Берасьцеэнэрга». Амаль утрымаўшыся ад вылету ў сэзоне 2003 году, у клюбе пайшлі на зьмены, быў запрошаны малавядомы латвійскі спэцыяліст Віктар Несьцярэнка на пасаду галоўнага трэнэра, а асноўны вэктар разьвіцьця быў накіраваны на вяртаньне ў каманды берасьцейскіх выхаванцаў. Гэтак у маскоўскага «Спартака» быў арэндаваны Раман Васілюк. Аднак пачатак сэзону быў катастрафічным за першыя 7 тураў клюб зарабіў толькі 5 пунктаў, пасьля чаго Несьцярэнка быў звольнены, а на вольную пасаду быў запрошаны Ўладзімер Курнеў. Каманда загуляла лепей, аднак выніковае 8 месца не дазволіла Курневу працягнуць працу ў клюбе і новым галоўным трэнэрам стаў Міхаіл Мархель. З новым трэнэрам склад клюбу абнавіўся на 80%, пры гэтым у складзе берасьцейскіх выхаванцаў амаль не засталося, аднак гэта не дапамагло клюбу — ён зноўку скончыў чэмпіянат на 8 месцы. Сэзон 2006 году клюб зноўку пачаў з новым трэнэрам, на гэты раз свае сілы паспрабаваў Сяргей Бароўскі, зь якім было заключана пагадненьне паводле схемы 1+1. Асноўная стаўка была зроблена на моладзь, зь некаторымі вэтэранамі кантракты не былі падоўжаныя. Аднак сэзон выйшаў няўдалы, «Дынама» за ўвесь сэзон забіла толькі 17 мячоў, менш толькі ў «Белшыны», якая заняла апошні радок. Новы сэзон 2007 году пачаўся як і папярэднія — з адстаўкі галоўнага трэнэра. Новым трэнэрам стаў Уладзімер Геваркян, зь якім «Дынама» пачало вельмі пасьпяхова, у 1/4 фінала быў пераможаны салігорскі «Шахцёр», у паўфінальных баталіях берасьцейцы вырвалі перамогу зь лікам 2:1 ў Горадні, калі Дзьмітры Мазалеўскі адзначыўся галявым стрэлам на 92 хвіліне. Першы матч гэтых супернікаў скончыўся нічыёй 2:2, такім чынам «Дынама» выйшла ў фінал кубку, дзе яго чакаў барысаўскі БАТЭ. 27 траўня ў Менску ў драматычным матчы толькі ў сэрыі адзінаццацімэтрвых удараў берасьцейцы сталі ўладальнікамі Кубку Беларусі, незважаючы на тое, што свой першы стрэл у сэрыі берасьцейцы схібілі, аднак выдатна згуляў галкіпэр «дынамаўцаў» Юры Цыгалка. Чэмпіянат, аднак, склаўся няўдала, выніковае 12 месца ўсё ж такі дазволіла клюбу застацца ў эліце.
Пасьля таго як з 2012 году беларускае фізкультурна-спартовае таварыства «Дынама» вырашыла падняць кошт за выкарыстаньне назвы, было вырашына перайменаваць клюб у футбольны клюб «Берасьце»[3]. На гэты конт было праведзена галасаваньне сярод заўзятараў клюбу, якое аднак мела нараканьне на конт сумленнасьці падліку галасоў[4]. Аднак ужо ў канцы лістапада таго ж году Нацыянальны цэнтар інтэлектуальнай уласнасьці выдаў клюбу пасьведчаньне на таварны знак «Дынама»[5].