Белшына Бабруйск
«Белшына» — беларускі футбольны клюб з гораду Бабруйску, заснаваны ў 1976 годзе. З 2024 году выступае ў Першай лізе чэмпіянату Беларусі. У 1993—2016 гадах удзельнічаў у Найвышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі (акрамя 2005 і 2007—2009 гадоў). Да 1995 году называўся «Шыньнік». Чэмпіён Беларусі (2001), трохразовы ўладальнік Кубка Беларусі (1997, 1999, 2001). Хатні стадыён — «Спартак».
Белшына Бабруйск | |
Поўная назва | Бабруйскі футбольны клюб «Белшына» |
---|---|
Заснаваны | 1976 |
Горад | Бабруйск, Беларусь |
Стадыён |
Спартак Умяшчальнасьць: 3709 |
Генэральны дырэктар | Віталь Былінін[1] |
Галоўны трэнэр | |
Чэмпіянат | Першая ліга |
· 2023 | Найвышэйшая ліга, 15 месца (паніжэньне) |
Афіцыйны сайт |
Гісторыя
рэдагавацьПершая футбольная каманда ў Бабруйску была заснавана ў 1922 годзе. У 1976 годзе Беларускі шынны камбінат стаўся заснавальнікам каманды «Шыньнік», ператворанай у 1996 годзе ў «Белшыну». Двойчы, у 1978 і 1987 гадох, «Шыньнік» станавіўся чэмпіёнам БССР па футболе. У 1976, 1980 і 1986 гадох клюб станавіўся срэбраным прызэрам рэспубліканскага першынства. У 1979 годзе «Шыньнік» стаў уладальнікам Кубка БССР, а ў 1977, 1980 і 1991 гадох выходзіў у фінал турніру. У 1988 годзе клюб стаў уладальнікам Кубка сэзону БССР, а ў 1992 годзе быў фіналістам гэтага спаборніцтва. У 1977 і 1979 гадох «Шыньнік» браў удзел у розыгрышы Кубка СССР сярод камандаў калектываў фізкультуры.
У сувэрэнных турнірах чэмпіянату й Кубка краіны другой паловы 1990-х гадоў і пачатку трэцяга тысячагодзьдзя «Белшына» была ў ліку несумнеўных лідэраў беларускага футболу. Найвышэйшым дасягненьнем клюбу ў нацыянальным чэмпіянаце Беларусі зьяўляецца званьне чэмпіёна, якое было здабыта ў 2001 годзе. А да гэтага клюб у 1997 годзе станавіўся срэбраным, а ў 1996 і 1998 гадох — бронзавым прызэрам чэмпіянату краіны.
У складзе «Белшыны» гуляў шэраг футбалістаў, якія прадстаўлялі свой клюб у нацыянальнай зборнай Беларусі: Андрэй Хлебасолаў, Уладзімер Путраш, Дзьмітры Балашоў, Андрэй Хрыпач, Аляксандар Сяднёў і Валер Шанталосаў. Найбольшую колькасьць матчаў у Найвышэйшай лізе чэмпіянатаў Беларусі за клюб правёў Эдуард Градабоеў, маючы на сваім рахунку 249 матчы за клюб. На працягу пяці сэзонаў на межы стагодзьдзяў клюб атрымліваў права прадстаўляць краіну на міжнароднай арэне, аднак за чатырнаццаць гульняў у эўрапейскіх турнірах, толькі двойчы атрымаўшы перамогі.
Паводле вынікаў сэзону 2006 году бабруйская каманда выбыла ў Першую лігу. У першынстве 2007 году адразу тры каманды выходзілі ў Найвышэйшую лігу, аднак «Белшына» заняла толькі чацьвертае месца й ня здолела прабіцца ў наймацнейшы дывізіён краіны. Наступны сэзон клюб скончыў на трэцяй пазыцыі, якая таксама не давала магчымасьці атрымаць пуцёўку ў найвышэйшы дывізіён. Толькі ў сэзоне 2009 году «Белшына» здолела выйсьці ў дывізіён вышэй, стаўшы пераможцам розыгрышу Першай лігі.
Тады ў 2009 годзе каманду ачоліў малады спэцыяліст Аляксандар Сяднёў. У Найвышэйшай лізе каманда здолела замацавацца ў сярэдзіне табліцы, рабіла стаўку пераважна на маладых гульцоў, якія не прабіліся ў іншых клюбах, а таксама на ўкраінскіх футбалістаў. Гэтак, у сэзоне 2011 году сярод найлепшых бамбардзіраў былі гульцы «Белшыны», як то Ягор Зубовіч, Дзьмітры Коўб і Максім Лісавы, якія пазьней перайшлі ў больш статусныя клюбы. У канцы 2011 году Аляксандар Сяднёў прыняў прапанову ўзначаліць менскае «Дынама», замест яго галоўным трэнэрам стаў Сяргей Яромка. У ліпені 2012 году Сяднёў быў звольнены з «Дынама» й неўзабаве зноў узначаліў «Белшыну». У сэзоне 2013 году бабруйская каманда ішла ў сярэдзіне табліцы, аднак на момант падзелу каманд на дзьве шасьцёркі апынулася ў ніжняй палове й страціла шанцы на высокія месцы. У сваёй шасьцёрцы атрымлівала перамогу за перамогай і ўпэўнена заняла 7 месца, на што не паўплывала нават зьняцьцё 6 пунктаў за невыкананьне рашэньняў АБФФ.
Сэзон 2014 году каманда правяла няўдала, хутка апынулася ў ніжняй палове й скончыла сэзон на 10 месцы з 12 удзельнікаў. У 2015 годзе «Белшына» таксама лічылася аўтсайдэрам, але ў выніку пасьпяхова рушыла па дыстанцыі й нават прэтэндавала на прызавыя месцы, у выніку скончыла сэзон на чацьвертым радку, што пры пэўных раскладах давала права на ўдзел у Лізе Эўропы. Па заканчэньні сэзону галоўны трэнэр Аляксандар Сяднёў абвесьціў аб сваім сыходзе.
У студзені 2016 году новым галоўным трэнэрам быў прызначаны памочнік Сяднёва Віталь Паўлаў, які заявіў пра тое што каманда захавае большасьць гульцоў складу. Аднак літаральна праз тыдзень стала вядома аб тым, што да клюбу праяўляюць цікавасьць расейскія інвэстары з кампаніі «СТМ-Спортмэнэджмэнт», якія пастанавілі скласьці канкурэнцыю лідэрам беларускага футболу. Замест Паўлава трэнэрам стаў расеец Уладзімер Яжураў, амаль цалкам быў абноўлены склад, былі запрошаныя дасьведчаныя беларускія футбалісты, а таксама маладыя расейскія, шэраг аргентынскіх і іншых замежных футбалістаў. Але станоўчых вынікаў клюбу бракавала. У чвэрцьфінале Кубка Беларусі «Белшына» саступіла наваполацкаму «Нафтану», а ў чэмпіянаце захрасла ў сярэдзіне табліцы. У траўні па фінале Кубка Беларусі вольнае месца ў Лізе Эўропы атрымала жодзінскае «Тарпэда-БелАЗ», пакінуўшы бабруйскі клюб па-за эўракубкамі. Яшчэ ў красавіку каманду паводле сямейных абставінаў пакінуў Яжураў, кіраваць трэнавальным працэсам застаўся ягоны памочнік Вячаслаў Герашчанка, а ў чэрвені футбалісты пачалі пакідаць клюб. У ліпені 2016 году супрацоўніцтва з расейскімі інвэстарамі, якія гэтак і ня здолелі дасягнуць паразуменьня зь мясцовымі кіраўнікамі, было спыненае, амаль усе прывезеныя футбалісты пакінулі Бабруйск (многія зь іх далучыліся да новага інвэстарскага праекту — беоасьцейскага «Дынама»). Галоўным трэнэрам зноўку быў прызначаны Віталь Паўлаў, які хутка зьбіраў каманду з гульцоў Першай лігі й тых, хто ня меў практыкі й іншых клюбах. З новым складам «Белшына» стала выступаць яшчэ горш і апусьцілася ўніз табліцы, а паводле вынікаў сэзону заняла перадапошняе месца й выбыла ў Першую лігу.
Напрыканцы 2016 году Паўлаў перайшоў на працу ў «Слуцак», а «Белшыну» ачоліў Уладзімер Гольмак. Аднак ён ужо ў чэрвені 2017 году пакінуў каманду, выконваць абавязкі галоўнага трэнэра да сканчэньня сэзону застаўся ягоны памочнік Эдуард Градабоеў. Каманда праваліла сэзон у Першай лізе, заняўшы толькі пятае месца. У 2018 годзе галоўным трэнэрам стаў Георгі Кандрацьеў. «Белшына» доўгі час змагалася за выхад у Найвышэйшую лігу з мазырскай «Славіяй» і менскім «Энэргетыкам-БДУ», аднак у выніку саступіла ім. У кастрычніку Кандрацьеў быў адпраўлены ў адстаўку, каманду зноў узначаліў Градабоеў, аднак ён выправіць сытуацыю ня здолеў і «Белшына» фінішавала трэцяй. У студзені 2019 году на пасаду галоўнага трэнэра быў запрошаны Юры Пунтус, які здолеў згуртаваць баяздольны склад. «Белшына» хутка апынулася сярод лідэраў і змагалася за першы радок з «Смалявічамі». У верасьні 2019 году Пунтус прыняў прапанову ўзначаліць жодзінскае «Тарпэда-БелАЗ», пасьля чаго на чале «Белшыны» зноў стаў Эдуард Градабоеў, які завяршыў справу й выкіраваў бабруйчанаў у Найвышэйшую лігу.
У 2020 годзе «Белшына» пераважна захавала першалігавы склад, істотна не ўзмацніўшыся, і ў выніку хутка апынулася сярод аўтсайдараў. У траўні 2020 году Эдуард Градабоеў быў адпраўлены на адпачынак, каманду замест яго ачоліў ягоны памочнік Дзьмітры Мігас. Пазьней Градабоеў вярнуўся да кіраўніцтва, але ў чэрвені канчаткова быў адпраўлены ў адстаўку. Дзьмітры Мігас зноў стаў на чале каманды, але ня выратаваў яе ад 15 месца й вылету ў дывізіён ніжэй.
У пачатку 2021 году амаль цалкам абнавіўся склад каманды. У лютым 2021 году новым галоўным трэнэрам стаў Віталь Паўлаў, але на працягу большай часткі сэзона 2021 году ён не працаваў з камандай, якой кіраваў ягоны памочнік Альбэрт Рыбак. Не зважаючы на дрэнны старт, хутка бабруйская каманда далучылася да лідэраў. У траўні 2021 году ФІФА пастанавіла накласьці клюбу трансфэрную забарону, бо «Белшына» да таго часу не разьлічылася з запазычанасьцю перад сваім былым легіянэрам часоў расейскіх інвэстараў[3]. Забарона на трансфэры была скасаваная ў канцы ліпеня[4]. У другой палове сэзону бабруйская дружына змагалася за першае месца, але ў выніку скончыла сэзон другой, усё ж такі падвысіўшыся да Найвышэйшай лігі.
У лютым 2022 году Паўлаў і Рыбак памяняліся пасадамі, і апошні ўзначаліў каманду. «Белшына» здолела захаваць сваіх лідэраў і пасьля дрэннага старту ў сэзоне 2022 году стала зарабляць пункты, часам паказваючы неблагую гульню, хоць каманда й не ўздымалася вышэй сярэдзіны табліцы на працягу ўсяго чэмпіянату. За некалькі тураў да фінішу, гарантаваўшы сабе месца ў элітным дывізіёне на наступны сэзон, бабруйская каманда завяршыла турнір на 12 радку.
11 траўня 2023 года паводле вынікаў справы аб дамоўных матчах клюб быў пакараны пазбаўленьнем 10 пунктаў у чэмпіянаце 2023 году, а таксама 5 пунктаў у чэмпіянаце 2024 году. Таксама клюб атрымаў штраф і дыскваліфікацыі шматлікіх гульцоў і прадстаўнікоў трэнэрскага штабу. У дадатак быў ануляваны вынік матчу 30-га тура 2022 году з салігорскім «Шахцёрам» (1:4). Абедзьвюм камандам былі прысуджаныя тэхнічныя паразы[5]. 22 траўня 2023 году «Белшына» была пазбаўлена яшчэ аднага пункта ў чэмпіянаце 2023 году[6]. У выніку каманда апынулася ў канцы табліцы, дзе змагалася зь іншымі аштрафаванымі клюбамі — «Шахцёрам» і «Энэргетыкам»-БДУ. Няўдалая сэрыя бабруйчанаў у канцы турніру адкінула іх на перадапошні радок, а ў выніку сваёй перамогі ў апошнім туры «Энэргетык-БДУ» абышоў «Белшыну», якая скончыла сэзон на апошнім месцы і накіравалася ў Першую лігу.
Дасягненьні
рэдагаваць- Чэмпіён БССР 1978, 1982 гадоў.
- Чэмпіён Беларусі 2001 году.
- Срэбраны прызэр чэмпіянату Беларусі 1997 году.
- Бронзавы прызэр чэмпіянату Беларусі 1996, 1998.
- Уладальнік Кубка Беларусі 1997, 1999, 2001.
Склад
рэдагаваць- Актуальны на 11 жніўня 2024 году
|
|
Статыстыка
рэдагавацьСэзон | Ліга | Месца | Г | В | Н | П | РМ | Пкт | Кубак |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
2012 | Найвышэйшая | 7 | 30 | 7 | 9 | 14 | 26–40 | 30 | 1/4 |
2013 | Найвышэйшая | 7 | 32 | 15 | 8 | 9 | 42–38 | 47[a] | 1/4 |
2014 | Найвышэйшая | 10 | 32 | 8 | 8 | 16 | 42–56 | 32 | 1/4 |
2015 | Найвышэйшая | 4 | 26 | 12 | 7 | 7 | 39–19 | 43 | 1/4 |
2016 | Найвышэйшая | 15 ▼ | 30 | 5 | 10 | 15 | 34–45 | 25 | 1/16 |
2017 | Першая | 5 | 30 | 14 | 7 | 9 | 56–30 | 47[b] | 1/16 |
2018 | Першая | 3 | 28 | 18 | 5 | 5 | 59–23 | 59 | 1/4 |
2019 | Першая | 1 ▲ | 28 | 21 | 5 | 2 | 74–22 | 68 | 1/16 |
2020 | Найвышэйшая | 15 ▼ | 30 | 5 | 6 | 19 | 34–71 | 21 | 1/16 |
2021 | Першая | 2 ▲ | 33 | 19 | 6 | 8 | 69–42 | 63 | 1/16 |
2022 | Найвышэйшая | 12 | 30 | 6 | 12 | 12 | 37–50 | 30 | 1/4 |
2023 | Найвышэйшая | 15 ▼ | 28 | 3 | 5 | 20 | 21–61 | 3 | 1/16 |
Удзел у эўракубках
рэдагавацьКубак | Г | В | Н | П | М |
---|---|---|---|---|---|
Ліга чэмпіёнаў | 4 | 1 | 1 | 2 | 3—7 |
Кубак ўладальнікаў кубкаў | 4 | 1 | 1 | 2 | 6—7 |
Кубак УЭФА/Ліга Эўропы | 6 | 0 | 2 | 4 | 3—14 |
Усяго | 14 | 2 | 4 | 8 | 12—28 |
Сэзон | Кубак | Раўнд | Клюб | Дома | У гасьцях | |
---|---|---|---|---|---|---|
1997—1998 | Кубак кубкаў | к/р | Садам Талін | 4:1 | 1:1 | |
1 раўнд | Лякаматыў Масква | 1:2 | 0:3 | |||
1998—1999 | Кубак УЭФА | 1 к/р | ЦСКА Сафія | 1:3 | 0:0 | |
1999—2000 | Кубак УЭФА | к/р | Амонія Нікасія | 1:5 | 0:3 | |
2001—2002 | Кубак УЭФА | к/р | Ружамбэрак | 0:0 | 1:3 | |
2002—2003 | Ліга чэмпіёнаў | 1 к/р | Портадаўн | 3:2 | 0:0 | |
2 к/р | Макабі Хайфа | 0:1 | 0:4 |
Галоўныя трэнэры
рэдагаваць- Дзьмітры Мігас (з чэрвеня 2020 году)
- Эдуард Градабоеў (верасень 2019 году — чэрвень 2020 году)
- Юры Пунтус (студзень — верасень 2019 году)[7]
- Эдуард Градабоеў (в. а., кастрычнік 2018 году — студзень 2019 году)[8]
- Георгі Кандрацьеў (студзень — кастрычнік 2018 году)[9]
- Эдуард Градабоеў (в. а., чэрвень — сьнежань 2017 году)[10]
- Уладзімер Гольмак (студзень — чэрвень 2017 году)[11]
- Віталь Паўлаў (ліпень — сьнежань 2016 году)[12]
- Вячаслаў Герашчанка (в. а., красавік — ліпень 2016 году)[13]
- Уладзімер Ежураў (студзень — красавік 2016 году)[14]
- Аляксандар Сяднёў (ліпень 2012 году — сьнежань 2015 году)[15][16]
- Сяргей Яромка (студзень — ліпень 2012)
- Аляксандар Сяднёў (да 2011)
Заўвагі
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ В ФК «Белшина» сменился гендиректор (рас.)
- ^ https://football.by/news/192217
- ^ ФИФА наложила трансферный бан на "Белшину" из-за непогшенной задолженности перед своим бывшим игроком (рас.) Football.by Праверана 2021-05-06 г.
- ^ Футбольная «Белшина» обыграла ««Крумкачей». Рассказываем, как прошел матч (рас.) bobruisk.ru Праверана 2021-11-28 г. Архіўная копія ад 28 лістапада 2021 г.
- ^ Официально. АБФФ (2023-05-11).
- ^ Заседание Комитета по клубному лицензированию АБФФ. Итоги. АБФФ (2023-05-22).
- ^ Юрий Пунтус возглавил «Белшину» (рас.)
- ^ Кондратьев покинул пост главного тренера «Белшины» (рас.)
- ^ Георгий Кондратьев официально возглавил «Белшину» (рас.)
- ^ В «Белшине» смена главного тренера (рас.)
- ^ «Белшину» возглавил Владимир Гольмак (рас.)
- ^ Павлов подтвердил свое назначение на пост главного тренера «Белшины» (рас.)
- ^ Ежуров покинул «Белшину», Геращенко назначен и.о главного тренера (рас.)
- ^ «Белшина» объявила о назначении Владимира Ежурова главным тренером (рас.)
- ^ Геннадий Варакса: «Кандидатура Седнева появилась спустя три дня после его увольнения из «Динамо» (рас.)
- ^ Александр Седнев покинет пост главного тренера «Белшины» (рас.)
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Афіцыйны сайт (рас.)