Фольксваген (канцэрн)

найбольшае аўтамабілебудаўнічае прадпрыемства Нямеччыны
(Перанакіравана з «Volkswagen Group»)

Канцэ́рн «Фо́льксваген»[3] (наркам. Фальксваген[4][5], ням. Volkswagen — народны аўтамабіль) — найбольшае аўтамабілебудаўнічае прадпрыемства Нямеччыны, заснаванае ў траўні 1937 году ў Бэрліне.

Канцэрн «Фольксваген»
Volkswagen Konzern
Тып канцэрн
Лістынг на біржы ФБКП: VOW
Дэвіз Мы вызначаем мабільнасьць наноў
Заснаваная 28 траўня 1937 (87 гадоў таму)
Заснавальнікі Нямецкі працоўны фронт
Уласьнікі Porsche Automobil Holding SE[d][1], Qatar Investment Authority[d][1] і Hannoversche Beteiligungsgesellschaft[d][1]
Краіна
Разьмяшчэньне Вольфсбург (зямля Ніжняя Саксонія, Нямеччына)
Ключавыя фігуры Гэрбэрт Дыс, Ганс Пёч
Галіна прамысловасьць
Прадукцыя аўтамабіль, матацыкл, рухавік
Абарачэньне 217,267 млрд эўра (2016 г.; $240,46 млрд)
Апэрацыйны прыбытак 7,103 млрд эўра (2016 г.; $7,861 млрд)
Чысты прыбытак 5,144 млрд эўра (2016 г.; $5,693 млрд)[2]
Лік супрацоўнікаў 626 715 (2017 г.)
Матчына кампанія холдынг «Поршэ» (Штутгарт)
Даччыныя кампаніі АТ «Фольксваген», «Аўдзі» (Баварыя), «Поршэ», «Шкода Аўта» (Чэхія)
Аўдытар «Прайс, Ўотэрхаўс і Купэры» (Ангельшчына)

У красавіку 1961 г. звычайныя акцыі АТ «Фольксваген» разьмясьцілі на Франкфурцкай біржы каштоўных папераў па цане 350 нямецкіх марак за акцыю. У верасьні 1986 г. прывілеяваныя акцыі разьмясьцілі шляхам рэкапіталізаваньня 300 млн марак. Таксама акцыямі гандлявалі на Лёнданскай фондавай біржы (Ангельшчына), Швайцарскай і Люксэмбурскай біржах[6]. У 2016 г. канцэрн стаў найбольшым аўтавытворцам у сьвеце паводле продажаў (11,9% сусьветных продажаў) і ўлучаў 120 аўтазаводаў у 31 дзяржаве. Са жніўня 2012 году канцэрнам «Фольксваген» валодае аўтамабільны холдынг «Поршэ» (Штутгарт, зямля Бадэн-Вюртэмбэрг).

Галаўное прадпрыемства ў Вольфсбургу (2013 г.)
 
Разьмяшчэньне заводаў па краінах (2009 г.)

На 2017 г. канцэрн «Фольксваген» (ням. Volkswagen Konzern) складаўся з 2 падразьдзяленьняў: фінансавых паслуг і аўтамабілебудаўнічага, якое ўлучала галіны пасажырскіх і камэрцыйных самаходаў, электраэнэргетыку. Аўтамабілебудаўнічае падразьдзяленьне ажыцьцяўляла распрацоўку самаходаў і рухавікоў, выраб і продаж пасажырскіх аўтамабіляў, лёгкіх камэрцыйных самаходаў, грузавікоў, аўтобусаў і матацыклаў, турбінаў і кампрэсараў, рэдуктараў і выпрабавальнага абсталяваньня. Падразьдзяленьне фінансавых паслуг пазычала прадаўцам і пакупнікам самаходаў, ажыцьцяўляла іх лізінг і страхаваньне, кіраваньне аўтапаркам і перавозкі. Канцэрн «Фольксваген» пастаўляў самаходы пад уласным таварным знакам і 10 таварнымі знакамі даччыных прадпрыемстваў:

 
Завод у Вольфсбургу (2008 г.)

У 2016 г. на заводы канцэрна «Фольксваген» прыпала 11,9% сусьветных продажаў самаходаў, якія ажыцьцяўляліся ў 153 краінах. На 2017 г. канцэрн «Фольксваген» меў 120 заводаў у 31 дзяржаве:

 
Завод у Гановэры (2008 г.)

Уласьнікі

рэдагаваць

На 31 сьнежня 2016 г. АТ «Фольксваген» разьмясьціла на біржы 295 089 818 звычайных акцыяў і 206 205 445 прывілеяваных. Уласьнікамі падпіснога капіталу звычайных акцыяў былі: АТ «Аўтамабільны холдынг "Поршэ"» (Штутгарт; 30,8%), ТАА «Інвэстыцыйная ўправа Катару» (14,6%), Урад зямлі Ніжняя Саксонія (11,8%), іншыя замежныя ўстановы (22,8%), фізычныя асобы (18%) і ўстановы Нямеччыны (2,3%). Правы голасу паводле прывілеяваных акцыяў разьмяркоўваліся наступным чынам: АТ «Аўтамабільны холдынг "Поршэ"» (52,2%), Урад зямлі Ніжняя Саксонія (Гановэр; 20%), Інвэстыцыйная ўправа Катару (17%) і іншыя (10,8%)[8].

Мінуўшчына

рэдагаваць
 
Вайсковы аўтамабіль (Музэй у Аўстрыі, 2005 г.)

У траўні 1937 году ў Бэрліне (Нямецкая дзяржава) «Нямецкі працоўны фронт» заснаваў ТАА «Таварыства падрыхтоўкі народнага аўтамабіля». У студзені 1938 г. пад Фалерсьлебэнам (Паўднёвагановэрска-Браўншвайская вобласьць; цяпер Ніжняя Саксонія) пачалося будаўніцтва завода паводле ўзору аўтазавода «Форд» на рацэ Руж (штат Мічыган, ЗША). У Браўншвайгу сталі ўзводзіць вытворчасьць аўтадэталяў. 16 верасьня 1938 г. назву прадпрыемства зьмянілі на ТАА «Народны аўтамабільны завод», якое атрымала ўлік у гандлёвым рэгістры 18 кастрычніка. У сьнежні 1939 г. завод атрымаў ад Паветраных войскаў Нямеччыны заказ на рамонт зьнішчальнікаў «Юнкерс-88» і пастаўку паліўных бакаў і крылаў да іх. Зь лета 1940 году ў вытворчасьці сталі выкарыстоўваць пераважна прымусовую працу замежных нявольнікаў, сярод якіх пераважалі польскія жанчыны, ваеннапалонныя і вязьні канцлягераў. У 1941 г. паставілі 2-ю зборачную лінію для вырабу бязьдзьверных і вадаплаўных паўнапрывадных самаходаў для войска. У 1943 г. вытворчасьць пашырылі за кошт разьмяшчэньня заказаў у захопленых землях Францыі. За 1940—1944 гады на заводзе вырабілі 66 285 вайсковых самаходаў. У 1944 г. іншаземцы з захопленых нямецкім войскам краінаў Эўропы складалі 2/3 работнікаў аўтазавода (каля 20 000 чалавека). 11 красавіка 1945 г. амэрыканскае войска заняло места, дзе месьціўся завод. У выніку вытворчасьць вайсковага абсталяваньня спынілася[9].

У чэрвені 1945 г. Брытанскі вайсковы ўрад (Бад-Эйнгаўзэн, цяпер зямля Паўночны Райн — Вэстфалія) узяў аўтазавод у давернае кіраваньне. 27 сьнежня 1945 г. завод аднавіў вытворчасьць сэданаў «Фольксваген Жук» (ням. Käfer). У сакавіку 1946 г. вытворчасьць дасягнула 1000 самаходаў за месяц. 25 кастрычніка 1946 г. зьявіліся 2 першыя гандлёвыя прадстаўнікі, якія сталі збываць аўтамабілі насельніцтву праз 10 распаўсюднікаў і 28 прадаўцоў. У студзені 1947 г. адчынілася першая рамонтная майстэрня. 1 кастрычніка 1948 г. «Фольксваген» падаў заяўку на ўлік свайго таварнага знака ў выглядзе лацінскіх «літараў V і W у крузе», які яшчэ ў 1937 г. распрацаваў інжынэр рухавікоў «Поршэ» Франц Раймсьпіс (1900—1979). У 1948 г. пачаўся экспарт у іншыя краіны Эўропы, дзе за год прадалі 4385 самаходаў: 1820 у Нідэрлянды, 1380 у Швайцарыю, 1050 у Бэльгію, 75 у Нарвэгію, 55 у Швэцыю і 5 у Данію. У 1949 г. экспарт вырас да 7127 аўтамабіляў (15% вытворчасьці). 30 чэрвеня 1949 г. заснавалі даччынае ТАА «Фінансаваньне Фольксвагена», якое стала выдаваць 1-гадовыя пазыкі на набыцьцё аўтамабіляў. 8 кастрычніка 1949 г. Брытанскі вайсковы ўрад перадаў ураду зямлі Ніжняя Саксонія кіраўніцтва прадпрыемствам, якое налічвала каля 10 000 супрацоўнікаў, вырабляла штомесяц 4000 самаходаў і назапасіла 30 млн нямецкіх марак. У 1948—1949 гадах «Фольксваген» вырабіў каля паловы ўсіх аўтамабіляў у Заходняй Нямеччыне[9].

 
«Фольксваген Жук» (1951 г., Баварыя)

У 1950 г. экспарт падвоіўся да 1/3 аўтамабіляў і ажыцьцяўляўся ў 18 краінаў, у тым ліку ўпершыню ў Паўднёвую Амэрыку — 1253 самаходы паставілі ў Бразылію. 8 сакавіка 1950 г. пачалі выраб фургонаў «Транспартэр», якія занялі 1/3 нямецкага рынка ў сваёй нішы. У выніку ў 1950-я гады «Фольксваген» стаў найбольшым экспартэрам Нямеччыны, чый самаход «Жук» стаў найбольш прадаваным. Адначасна адчынілі зборачныя заводы ў Бразыліі, Паўднёвай Афрыцы (1956 г.) і Аўстраліі (1957 г., Мэльбурн). 11 верасьня 1952 г. заснавалі гандлёвае ТАА «Фольксваген Канады» (Таронта). 23 сакавіка 1953 г. адчынілі вытворчае ТАА «Фольксваген Бразыліі» (Сан-Паўлу), якое ў ліпені пачало зборку сэданаў «Фольксваген Жук». Пасьля гэтага можна казаць пра ўзьнікненьне канцэрна «Фольксваген». 21 лістапада 1953 г. таварны знак прадпрыемства атрымаў улік у Патэнтнай службе Нямеччыны. 21 ліпеня 1955 г. заснавалі гандлёвае ТАА «Фольксваген ЗША» (Нью-Ёрк), якое прадало за 1956 г. 42 884 «Жукоў» і 6666 «Транспартэраў». Збытавая сетка ў ЗША складалася з 15 распаўсюднікаў і 342 прадаўцоў. 5 жніўня 1955 г. «Фольксваген» выпусьціў мільённы самаход. У 1957 г. дзякуючы новаму заводу ў Гановэры выраб «Транспартэраў» вырас на траціну да 91 993, 2/3 зь якіх экспартавалі. У верасьні 1957 году ў Аснабруку (Ніжняя Саксонія) пусьцілі вытворчасьць кабрыялетаў «Карман-Гіа». 18 лістапада 1959 году ў Сан-Бэрнарду-ду-Сампу (штат Сан-Паўлу, Бразылія) адчынілі новы аўтазавод, дзякуючы якому ў 1960 г. продажы ў Бразыліі вырасьлі на 67% да 47 320 самаходаў (41% рынка). Лік супрацоўнікаў у Бразыліі перавысіў 8000 чалавек[9].

21 ліпеня 1960 г. Саюзны сход Заходняй Нямеччыны зацьвердзіў Закон «Аб перадачы правоў на паі ТАА "Народны аўтамабільны завод" у прыватныя рукі», паводле якога 60% паёў прадалі грамадзянам. Па 20% паёў атрымалі Саюзны ўрад Нямеччыны і Ўрад зямлі Ніжняя Саксонія. 22 жніўня 1960 г. «Фольксваген» атрымаў улік у гандлёвым рэестры ў якасьці акцыянэрнага таварыства (АТ). Да 15 сакавіка 1961 г. 60% паёў АТ прадалі за 360 млн нямецкіх марак, па 350 марак за пай. Выручаныя ад продажу паёў сродкі перавялі фонду «Фольксваген» (Гановэр), які заснавалі для выдаткоўваньня на распрацоўкі канцэрна. У 1961 г. завод у Вольфсбургу пачынае запрашаць на працу замежных работнікаў, лік якіх да канца 1962 г. дасягнуў 4494, зь іх 3188 (71%) зь Італіі. 2 кастрычніка 1961 г. завод у Гановэры выпусьціў мільённы «Фольксваген Транспартэр». За 1961 г. канцэрн «Фольксваген» вырабіў звыш млн самаходаў (1 007 113). 15 студзеня 1963 г. канцэрн атрымаў марскі карабель «Ёган Шульт», які мог перавозіць 1750 самаходаў. У 1963 г. канцэрн «Фольксваген» стаў найбольшым у сьвеце экспартэрам самаходаў, каля 60% якіх прадалі за мяжу. На 31 сьнежня 1963 г. завод у Вольфсбургу наймаў 43 722 супрацоўнікі і мог за содні выпусьціць да 3300 легкавікоў. У 1964 г. экспарт у ЗША дасягнуў каля 330 000 аўтамабіляў, пасьля 4-гадовага росту продажаў у сярэднім на 20% штогод. У ЗША «Фольксваген Жук» атрымаў паноўнае становішча ў сваёй нішы. 15 студзеня 1964 году ў Мэхіка заснавалі ААТ «Фольксваген Мэксыкі», якое ў лістападзе 1967 г. адчыніла новы завод у Пуэбле-дэ-Сарагоса. У выніку гадавыя продажы ў Мэксыцы дасягнулі 22 220 аўтамабіляў (21,8% рынка). 1 студзеня 1965 г. «Фольксваген» набыў у АТ «Даймлер-Бэнц» яго даччынае ТАА «Аўта-Зьвяз» (Інгальштат, зямля Баварыя), якое мела збытавую сетку ў 1200 аўтакрамаў, 11 000 супрацоўнікаў і завод магутнасьцю на 100 000 самаходаў за год. Набыты завод стаў вырабляць аўтамабілі «Аўдзі». 12 ліпеня 1965 г. стварылі ТАА «Вольфсбурскія перавозкі», якому перадалі 55 марскіх грузавых караблёў і 1700 супрацоўнікаў. Да канца году даччынае прадпрыемства перавезла звыш 168 000 аўтамабіляў. У 1968 г. вытворчасьць у Аўстраліі давялося спыніць, бо ўрад запатрабаваў да 1969 г. вырабляць аўтамабілі на 95% зь мясцовых дэталяў. 26 жніўня 1969 г. даччынае ТАА «Аўта-Зьвяз» злучылася з АТ «Нэкарсульмскі маторны завод» (зямля Бадэн-Вюртэмбэрг) у АТ «Нэкарсульмскі Аўта-Зьвяз "Аўдзі"», дзе «Фольксваген» атрымаў 59,5% паёў[9].

 
«Фольксваген Пасат» (Вена, 1973 г.)

У 1970 г. продажы канцэрна ў ЗША дасягнулі каля 570 000 аўтамабіляў. У сакавіку 1970 г. набылі найбольшае ў Нямеччыне прадпрыемства аўтанайму «Самаходавы Зьвяз». 1 ліпеня 1970 г. адчынілі новы завод у Зальцгітэры (Ніжняя Саксонія), дзе 2000 з 5108 супрацоўнікаў выраблялі рухавікі, у тым ліку для «Аўдзі 100». 17 лютага 1972 г. вытворчасьць «Жука» дасягнула 15 007 034 самаходаў, што зрабіла яго найбольш распаўсюджаным у сьвеце аўтамабілем. 14 чэрвеня 1973 г. заснавалі разам з югаслаўскім імпартэрам «Уніс» сумеснае прадпрыемства «Аўтамабільны завод Сараева» (Вагошча; цяпер Босьнія і Герцагавіна), на якім з 10 лістапада 1973 г. пачалі вырабляць аўтамабілі «Фольксваген». За 1973 г. у Зальцгітэры вырабілі звыш 400 000 аўтамабіляў, у тым ліку з траўня пачалі вырабляць частку сэданаў «Фольксваген Пасат». У выніку нафтавага крызісу 1973 году да 1975 г. продажы ўпалі на 40% да 2,038 млн самаходаў. У ЗША да 1976 г. продажы скараціліся больш як удвая да 238 167 самаходаў. 21 чэрвеня 1976 году ў Зальцгітэры выпусьцілі першыя 4-цыліндравыя дызэльныя рухавікі абсягам у 1,5 літра. 31 ліпеня 1978 г. пусьцілі завод у акрузе Ўэстэрморлянд (штат Пэнсыльванія), дзе сталі вырабляць самаходы «Фольксваген Гольф» для Паўночнай Амэрыкі. 20 сьнежня 1978 году ў Мюнхэне (Баварыя) заснавалі ТАА «МАН-Фольксваген» для вытворчасьці лёгкіх грузавікоў з АТ «Машынабудаўнічы завод Аўгсбурга і Нюрнбэрга» (Обэргаўзэн). У лістападзе 1978 г. «Фольксваген» падпісаў кантракт на пастаўку 10 000 самаходаў «Гольф» у Нямецкую Дэмакратычную Рэспубліку. Пры канцы 1978 г. збытавая сетка налічвала 10 600 прадпрыемстваў з больш як 211 000 супрацоўнікаў[9].

З 1980-х гадоў

рэдагаваць
 
«Фольксваген Гольф» 1-га пакаленьня (2008 г.)

У красавіку 1980 г. «Фольксваген» набыў у амэрыканскага аўтавытворцы «Крайсьлер» (Пантыяк, штат Мічыган) даччынае прадпрыемстве ў Аргентыне. 16 лютага 1985 г. заснавалі зборачнае ТАА «Шанхайская аўтамабільная кампанія "Фольксваген"» (Кітай) сумесна з «Шанхайскай трактарна-аўтамабільнай карпарацыяй», што дазволіла «Фольксвагену» стаць найбольшым вытворцам самаходаў у Кітаі. За 1985 г. эўрапейскія продажы канцэрна вырасьлі амаль на 24% да блізу 760 000 аўтамабіляў, што зрабіла «Фольксваген» найбольшым аўтавытворцам у Эўропе. 18 чэрвеня 1986 г. набылі 51% паёў гішпанскага аўтавытворцы «Сеат» (Мартарэль, Каталёнія)[10]. 4 ліпеня 1986 г. агульны сход пайнікаў зьмяніў назоў АТ на «Народны аўтамабіль» («Фольксваген»). 1 ліпеня 1987 году ў Бразыліі стварылі сумеснае ТАА «Аўталаціна» з амэрыканскім «Фордам», якое праіснавала да 1995 году[9].

6 лютага 1991 году ў Чанчуні стварылі з кітайскім «Першым аўтазаводам» ТАА «ПАЗ-Фольксваген», якое ў сьнежні 1994 г. адчыніла новы завод магутнасьцю на 150 000 сэданаў «Фальскваген Джэта». 16 красавіка 1991 г. «Фольксваген» набыў 30% чэхаславацкага аўтамабільнага АТ «Шкода» (Млада Болеслаў; цяпер Чэхія), кантрольны пакет акцыяў якога атрымаў 19 сьнежня 1994 году[10]. 17 лістапад 1995 г. АТ «Фольксваген Аргентыны» адчыніў новы завод у Пачэка магутнасьцю на 150 000 самаходаў, дзе сталі вырабляць мадэлі «Гольф» і «Пола». У 1997 г. «Фольксваген Бразыліі» вырабіў 609 000 аўтамабіляў і наймаў звыш 31 000 супрацоўнікаў. 15 жніўня 1998 г. набылі ТАА «Саксонскія аўтамабілі», якому належалі 3 заводы ў Айзэнаху (зямля Турынгія), Мозэлі (частка Цьвікаў) і Кемніцы, што з 1990 г. былі сумеснымі прадпрыемствамі. Цягам 1998 г. «Фольксваген» набыў адразу 3-х замежных аўтавытворцаў Эўропы: «Бэнтлі» (Кру, Ангельшчына), «Лямбаргіні» (Сант-Агата-Балёньезэ, Італія) і «Бугаці» (Мольсайм, Францыя). 25 жніўня 1999 году ў Палькавіцэ (Ніжнесылескае ваяводзтва) адчынілі завод ТАА «Матор Польшчы» магутнасьцю на 540 000 рухавікоў за год[9].

У 2000 г. канцэрн «Фольксваген» упершыню вырабіў і прадаў звыш 5 млн аўтамабіляў. За 2003 г. у Кітаі прадалі 698 000 аўтамабіляў «Фольксваген», вырабленых у Шанхаі і Чанчуні, што зрабіла канцэрн найбольшым вытворцам самаходаў у Кітаі. 22 кастрычніка 2007 г. АТ «Поршэ» (Штутгарт, зямля Бадэн-Вюртэмбэрг) набыла 18,5% прывілеяваных паёў АТ «Фольксваген», пасьля чаго 28 сакавіка 2007 г. давяло сваю долю да 31%. У 2007 г. продажы ў Кітаі вырасьлі на 28% да звыш 900 000 самаходаў, што зрабіла Кітай найбольшым рынкам для канцэрна «Фольксваген». 28 лістапада 2007 году ў Калузе (Расея) ТАА «Фольксваген Рус» адчыніла 48-ы завод канцэрна, які стаў 33-й вытворчасьцю самаходаў канцэрна і меў магутнасьць у 150 000 аўтамабіляў за год. У 2009 г. ТАА «Фольксваген Індыі» адчыніў у Пуне (штат Магараштра) завод коштам 580 млн эўра і магутнасьцю 110 000 самаходаў за год[9].

У сьнежні 2009 г. АТ «Фольксваген» набыло 49,9% паёў АТ «Поршэ». 1 жніўня 2012 г. АТ «Фольксваген» выкупіў рэшту паёў АТ «Поршэ». Адначасна аўтамабільны холдынг «Поршэ», які ў чэрвені 2007 г. утварыла сям'я Поршэ, атрымліваў 50,7% прывілеяваных паёў АТ «Фольксваген» з правам голаса. 14 лютага 2014 году «Фольксваген» пачаў прадаваць у Нямеччыне свой першы электрамабіль «е-Гольф» па цане ад €34 900 ($47 800). Магутнасьць літ-іённага акумулятара складала 26,5 кіляват-гадзіна, што дазваляла праехаць да 134 км на адным зарадзе. Да канца году ў Заходняй Эўропе прадалі 3328 такіх электрамабіляў. У 2017 годзе яго цана ўпала да $29 000[11], а магутнасьць акумулятара вырасла да 35,8 кіляват-гадзіна (144 км язды).

18 верасьня 2015 году Агенцтва па ахове навакольнага асяродзьдзя ЗША (ААНА ЗША) выкрыла, што звыш 428 000 аўтамабіляў «Фольксваген», якія прадалі ў краіне за апошнія 6 гадоў, выкідвалі ў паветра 40-кратна больш шкодных рэчываў за дапушчальны ўзровень. Махлярства з выпрабаваньнем на шкодныя выкіды ажыцьцявілі пры дапамозе апраграмаваньня, што заніжала паказьнікі да прымальнага ўзроўню. Выкрытая праграма стаяла на 11 млн аўтамабіляў у сьвеце з 2-літровым дызэльным рухавіком EA189, якія былі на мадэлях «Фольксваген Гольф», «Джэта», «Жук» і «Пасат», «Аўдзі А3» і «Шкода Актавія». У выніку за тыдзень АТ «Фольксваген» вылучыла $7,3 млрд на спагнаньні і страціла на біржы 26% рынкавай вартасьці — 25 млрд эўра (падзеньне да ўзроўню 2012 году)[12]. У Эўропе знаходзілася 8 млн дызэльных аўтамабіляў (73% ад 11 млн), у якіх перавышаў узровень выкідаў аксыду азоту і вуглякіслага газу і якія адпаведна падлягалі рамонту[13]. 28 чэрвеня 2016 году на «Фольксваген» у ЗША наклалі спагнаньне ў памеры $15 млрд, зь якіх $10 млрд прызначаліся на рамонт і выкуп ва ўласьнікаў больш як 428 000 дызэльных аўтамабіляў. Астатнія $5 млрд выплочваліся ААНА ЗША на дасьледаваньне шкоднага ўзьдзеяньня дызэльных рухавікоў EA189[14].

За 2016 г. продажы канцэрна «Фольксваген» павялічыліся да 10 391 113 аўтамабіляў (11,9% сусьветнага рынку), зь якіх на акцыянэрнае таварыства «Фольксваген» прыпала 25,3% (2 632 144). Аднак доля канцэрна на сусьветным аўтарынку скарацілася да 11,9%. Пагатоў вытворчасьць канцэрна «Фольксваген» вырасла да 10 405 092 самаходаў, зь якіх АТ «Фольксваген» вырабіў 11,9% (1 241 217). На 31 сьнежня 2016 г. найм канцэрнам «Фольксваген» вырас да 626 715 супрацоўнікаў, зь якіх 18,2% (113 928) наймала АТ «Фольксваген». Выручка канцэрна «Фольксваген» вырасла на 1,9% да 217,267 млрд эўра, зь іх на АТ «Фольксваген» прыпадала 34,7% (75,310 млрд эўра). Чысты прыбытак канцэрна, які адносіўся да пайнікаў АТ «Фольксваген», павялічыўся да 5,144 млрд эўра, зь якіх уласна АТ «Фольксваген» прынёс 54,4% (€2,799 млрд). Пастаўкі самаходаў канцэрна «Фольксваген» ажыцьцяўляліся ў 153 краіны і паводле частак сьвету разьмеркаваліся наступным чынам:

  • Эўропа, Афрыка, Сярэдняя і Паўднёва-Заходняя Азія — вырасьлі на 2,5% да 4,618 млн (44,4% агульных продажаў) з агульнай вартасьцю 138,1 млрд эўра (63,6%);
  • Паўднёвая і Ціхаакіянскаяя Азія, Акіянія — вырасьлі на 9,7% да 4,319 млн (41,6%);
  • Паўночная Амэрыка — вырасьлі на 0,8% да 929 тыс. (8,9%) з вартасьцю €35,5 млрд (16,3%);
  • Паўднёвая Амэрыка — упалі на 24,5% да 424 тыс. (4,1%) з агульнай вартасьцю €8 млрд (3,7%)[2].

На 31 сьнежня 2016 г. сродкі канцэрна «Фольксваген» вырасьлі да 409,732 млрд эўра. Зь іх асноўныя сродкі — €254,01 млрд (62% сродкаў): доўгатэрміновыя пазыкі — €68,402 млрд (26,9% асноўных сродкаў), нематэрыяльныя сродкі (інтэлектуальная ўласнасьць) — €62,599 млрд (24,6%), нерухомасьць (у тым ліку заводы і абсталяваньне) — €54,033 млрд (21,3%), арэндаваныя сродкі — €33,173 млрд (13,1%), адтэрмінаваны падатак — €9,756 млрд (3,8%). Памер абаротных сродкаў вырас да €155,722 млрд (38% сродкаў): кароткатэрміновыя пазыкі — €49,673 млрд (31,9% абаротных сродкаў), таварныя запасы — €38,978 млрд (25%), наяўныя грошы і тэрміновыя ўклады — €19,265 млрд (12,4%), рынкавыя каштоўныя паперы — €17,52 млрд (11,3%), гандлёвая дэбіторская запазычанасьць — €12,187 млрд (7,8%). Уласны капітал канцэрна «Фольксваген» вырас да €92,91 млрд (22,7% сродкаў). Абавязкі канцэрна «Фольксваген» павялічыліся да €316,821 млрд (77,3% сродкаў). Зь іх бягучыя абавязкі (да году) — €177,515 млрд (56% абавязкаў, 43,3% сродкаў): кароткатэрміновыя пазыковыя абавязкі — €88,461 млрд (49,8% бягучых абавязкаў), назапашваньні для пакрыцьця абавязкаў — €35,711 млрд (20,1%), гандлёвая крэдыторская запазычанасьць — €22,794 млрд (12,8%). Доўгатэрміновыя абавязкі скараціліся да €139,306 млрд (44% абавязкаў): доўгатэрміновыя пазыковыя абавязкі — €66,358 млрд (47,6% доўгатэрміновых абавязкаў), назапашваньні для пэнсіяў — €33,012 млрд (23,7%), назапашваньні для пакрыцьця іншых доўгатэрміновых абавязкаў — €21,482 млрд (15,4%)[2].

На канец 2016 г. лік прадпрыемстваў канцэрна «Фольксваген» павялічыўся да 1510. Зь іх 1068 (70,7%) былі задзіночанымі (100%-мі) даччынымі прадпрыемствамі АТ «Фольксваген», у тым ліку 149 (9,9% ад агульнага ліку, 14% задзіночаных) у Нямеччыне. Таксама налічвалася 325 (21,5%) даччыных прадпрыемстваў, улічаных па цане набыцьця кантрольнага пакету акцыяў, зь якіх 74 (4,9% ад агульнага ліку; 22,8%) месьціліся ў Нямеччыне. Яшчэ 117 (7,7%) прадпрыемстваў былі сумеснымі пачынаньнямі, зь іх 47 (3,1% ад агульнага ліку; 40% сумесных) у Нямеччыне. З €217,267 млрд выручкі канцэрна за 2016 г. на продажы пасажырскіх аўтамабіляў прыпадала 73,9% (€160,461 млрд), фінансавыя паслугі — 12,8% (€27,831 млрд), продажы камэрцыйных самаходаў — 11,7% (€25,385 млрд), электраэнэргетыку — 1,6% (€3,59 млрд)[2].

11 студзеня 2017 году фэдэральны суд ЗША задаволіў позву Міністэрства юстыцыі ЗША аб спагнаньні з «Фольксвагена» яшчэ $4,3 млрд пасьля прызнаньня ў парушэньні Закону «Аб чыстым паветры» 1963 году. З улікам ранейшых выплатаў за махлярства з выкідамі ад дызэльных рухавікоў EA189 агульныя страты дасягнулі $19,2 млрд[15].

Кіраўнікі

рэдагаваць
  1. ^ а б в https://www.volkswagenag.com/en/InvestorRelations/shares/shareholder-structure.html
  2. ^ а б в г д Справаздача за 2016 год (ням.) // АТ «Фольксваген», 14 сакавіка 2017 г. Архіўная копія ад 14 сакавіка 2017 г. Праверана 14 верасьня 2017 г.
  3. ^ «Фольксваген» // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 16. — С. 435. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0263-6
  4. ^ Сяргей Сідорскі. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 5 лютага 2007 г. № 149 «Аб камандзіраваньні В.А.Гурыновіча ў г. Ужгарад, г. Крамянчуг (Украіна)» // Партал «Бусел», 2008 г. Праверана 1 студзеня 2019 г.
  5. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Швайцарыя прыпыніла продаж аўтамабіляў нямецкага канцэрна «Фольксваген» // Белтэлерадыёкампанія, 28 верасьня 2015 г. Праверана 16 верасьня 2017 г.
  6. ^ Частыя пытаньні ўкладнікаў (ням.) // АТ «Фольксваген», 2017 г. Архіўная копія ад 2017 г. Праверана 15 верасьня 2017 г.
  7. ^ Абрыс і разьмяшчэньне вытворчасьці (ням.) // АТ «Фольксваген», 2017 г. Архіўная копія ад 2017 г. Праверана 14 верасьня 2017 г.
  8. ^ Склад уласьнікаў (ням.) // АТ «Фальксваген», 31 сьнежня 2016 г. Архіўная копія ад 31 сьнежня 2016 г. Праверана 15 верасьня 2017 г.
  9. ^ а б в г д е ё ж Маркус Лупа. Гістарычныя нататкі = ням. Historische Notate / рэд. Манфрэд Грыгер. — Вольфсбург: Фольксваген, 2008. — Т. 7. Летапіс «Фольксвагена». — 260 с. — ISBN 978-3-935112-10-9
  10. ^ а б в Вера Жохавец. «Сьвет мяняецца, і мы павінныя быць падрыхтаванымі да гэтага» // Зьвязда : газэта. — 3 траўня 2012. — № 95 (27210). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  11. ^ Беларускі электрамабіль каштавацьме ўдвая даражэй за «Джылі», праедзе 100 км без падзарадкі // Радыё «Свабода», 20 лютага 2017 г. Праверана 30 чэрвеня 2018 г.
  12. ^ У ЗША вялікі скандал з «Фольксваген» // Радыё «Свабода», 25 верасьня 2015 г. Праверана 30 чэрвеня 2018 г.
  13. ^ Яланта Сьмялоўская. Падае курс акцый канцэрну «Фольксваген» // Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 4 лістапада 2015 г. Архіўная копія ад 4 лістапада 2015 г. Праверана 30 чэрвеня 2018 г.
  14. ^ «Фольксваген» выплаціць 15 млрд даляраў за ўрэгуляваньне дызэльнага скандалу // Эўрарадыё, 28 чэрвеня 2016 г. Архіўная копія ад 28 чэрвеня 2016 г. Праверана 30 чэрвеня 2018 г.
  15. ^ «Фольксваген» заплаціць ЗША $4,3 млрд з-за дызэльнага скандалу // Газэта «Зьвязда», 11 студзеня 2017 г. Праверана 30 чэрвеня 2018 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Фольксваген (канцэрн)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў