Давернае кіраваньне
Даве́рнае кірава́ньне — кіраваньне маёмасьцю ў зацікаўленасьцях даверніка за ўзнагароджаньне.
Прадугледжвае перадачу маёмасьці давернаму кіраўніку на вызначаны тэрмін безь пераходу права ўласнасьці. Угоды зь перададзенай маёмасьцю ажыцьцяўляюцца ад імя давернага кіраўніка з адпаведнай пазнакай «Д.К.». Прадметам давернага кіраваньня бываюць прадпрыемствы, нерухомасьць, каштоўныя паперы, выключныя правы і грошы[1].
Віды
рэдагаваць- На загад. Угода з маёмасьцю ажыцьцяўляецца на пісьмовае распараджэньне даверніка.
- Па ўзгадненьні. Даверны кіраўнік прапануе даверніку ўгоду на ўхваленьне.
- Поўнае. Даверны кіраўнік самастойна ажыцьцяўляе дзеяньні з маёмасьцю[1].
Беларусь
рэдагавацьПаводле 898-га артыкула Грамадзянскага кодэксу Рэспублікі Беларусь 1999 году: «даверным кіраўніком можа быць індывідуальны прадпрымальнік або камэрцыйная арганізацыя». Згодна з 899-м артыкулам Грамадзянскага кодэксу: «дамова давернага кіраваньня заключаецца на тэрмін, які не перавышае 5 гадоў». Аднак «пры адсутнасьці заявы аднаго з бакоў пра спыненьне дамовы па сканчэньні тэрміну яе дзеяньня яна лічыцца працягнутай на той самы тэрмін і на тых самых умовах, якія былі прадугледжаныя дамовай». Паводле 900-га артыкула Кодэксу: «дамова давернага кіраваньня маёмасьці мае быць заключанай у пісьмовым выглядзе» і «падлягае дзяржаўнаму ўліку» ў выпадку кіраваньня нерухомасьцю. Згодна з 901-м артыкулам: «маёмасьць, перададзеная ў давернае кіраваньне, …адлюстроўваецца ў давернага кіраўніка на асобным балянсе, і па ёй вядзецца самастойны ўлік. Для разьлікаў па дзейнасьці, зьвязанай з даверным кіраваньнем, адчыняецца асобны банкаўскі рахунак». Паводле 909-га артыкула Грамадзянскага кодэксу Беларусі: «давернае кіраваньне маёмасьці можа быць таксама ўсталявана: 1) з прычыны патрэбы ў пастаянным кіраваньні маёмасьцю апекаванага або маёмасьцю грамадзяніна, прызнанага адсутным бязь вестак»; 2) «на падставе запавету, у якім прызначаны выканаўца»[2].
За 2017 год абсяг грошай у даверным кіраваньні камэрцыйных банкаў Беларусі вырас на 99,6% да 92,2 млн рублёў ($46,1 млн). Прычынай паслужыла падзеньне адсоткавых ставак па валютных укладах да ўзроўню, які перастаў пакрываць інфляцыю даляра ЗША. Прыбытковасьць разьмяшчэньня сродкаў у замежныя каштоўныя паперы праз давернае кіраваньне вымяралася ў некалькіх дзясятках адсоткаў гадавых. Аднак існавала пагроза страты ўкладаньняў у выпадку падзеньня вартасьці каштоўных папераў. На ліпень 2018 году найменшы памер укладаньняў у давернае кіраваньне банкам складаў ад $10 000 у «Беларусбанку» да $50 000 у «Прыёрбанку»[3]. Па закрытых у 2017 годзе дамовах давернага кіраваньня ў «Беларусбанку» сярэдняя прыбытковасьць перавышала 17% за год[1].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Давернае кіраваньне грашовымі сродкамі ў замежнай валюце // ААТ «ААБ Беларусбанк», 2018 г. Праверана 19 ліпеня 2018 г.
- ^ А.Лукашэнка. Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 7 сьнежня 1998 г. № 218-З (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 12 студзеня 2017 г. Праверана 19 ліпеня 2018 г.
- ^ Зьміцер Заяц. Валютныя ўкладчыкі пачынаюць больш актыўна цікавіцца інвэставаньнем у замежныя каштоўныя паперы // БелаПАН, 16 ліпеня 2018 г. Праверана 19 ліпеня 2018 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Сыстэма «Давернае кіраваньне» // ТАА «Сыстэмныя тэхналёгіі», 2018 г. Праверана 19 ліпеня 2018 г.