Чэнду

горад у Кітаі

Чэнду́ (па-кітайску: 成都) — горад у Кітаі, які ёсьць адміністрацыйным цэнтрам правінцыі Сычуань. Насельніцтва гораду паводле стану на 2020 году складала каля 20,9 млн чалавек[2], такім чынам, Чэнду — чацьверты паводле велічыні горадам краю. Ля места некалі была пабудаваная старажытная ірыгацыйная сыстэма Дуцзяньянь, якая ўваходзіць у сьпіс Сусьветнай спадчыны. У 2011 годзе ЮНЭСКО вызнала Чэнду горадам гастраноміі[3]. Таксама тут месьціцца Цэнтар вывучэньня і гадаваньня вялікай панды.

Чэнду
Дата заснаваньня: 311 да н. э.
Краіна: Кітай
Плошча:
  • 14 378 км²
Насельніцтва:
Тэлефонны код: 028
Паштовы індэкс: 610000
Нумарны знак: 川A, 川G
Геаграфічныя каардынаты: 30°39′36″ пн. ш. 104°3′48″ у. д. / 30.66° пн. ш. 104.06333° у. д. / 30.66; 104.06333Каардынаты: 30°39′36″ пн. ш. 104°3′48″ у. д. / 30.66° пн. ш. 104.06333° у. д. / 30.66; 104.06333
Чэнду на мапе Кітаю
Чэнду
Чэнду
Чэнду
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.chengdu.gov.cn

У цяперашні час Чэнду — адзін з найважнейшых эканамічных, фінансавых, камэрцыйных, культурных, транспартных і камунікацыйных цэнтраў Кітаю. Ягоная эканоміка досыць разнастайная, бо характарызуецца вытворчасьцю аўтамабіляў, прадуктаў харчаваньня, наяўнасьцю мэдычных цэнтраў і кампаніяў інфармацыйных тэхналёгіяў. Гэта адзін зь вядучых фінансавых цэнтраў краіны[4]. Тутака маюць свае філію мноства міжнародных кампаніяў, якія ўлучаныя ў сьпіс Fortune 500. Чэнду ёсьць трэцім кітайскім горадам з двума міжнароднымі аэрапортамі пасьля Пэкіну і Шанхаю[5]. Міжнародны аэрапорт Шуанлю і пабудаваны ў 2021 годзе Цяньфу — месцы базаваньня авіякампаніяў Эйр Чайна і Сычуань Эйрлайнз. Чыгуначны вакзал Чэнду ёсьць адным з шасьці найбуйнейшых у Кітаі.

Гісторыя рэдагаваць

 
Старажытныя дзьверы могліцы, дзе намаляваныя два мужчыны ў традыцыйных строях ханьфу.

Археалягічныя дасьледваньні ў навакольлях Саньсындую дазволілі меркаваць, што ўпершыню рэгіён быў заселены каля 4 тысячагодзьдзяў таму. За часам панаваньня кітайскіх дынастыяў Ся, Шан і Чжоў тэрыторыя сёньняшняга гораду мела асобную старажытную бронзавую культуру і была вядомая як краіна Шу[6][7]. Шу скарылася дзяржаве Цынь у 316 годзе да н. э., і цынскі генэрал Чжан І заклаў на месцы існага паселішча горад.

За часам дынастыі Хань парча, якая выраблялася ў горадзе, набыла папулярнасьць і экспартавалася па-за межы Кітаю. Была нават створаная пасада міністра панчы, які быў абавязаны сачыць за якасьцю прадукцыі і належнасьцю пастаўвак. Пасьля падзеньня Ўсходняй Хань дзяржавай Шу кіраваў Лю Бэй. Ягоны міністар Чжутэ Лян называў край «Зямлёй багацьця». За часам панаваньня дынастыі Тан горад лічыўся другім самым заможным у Кітаі апасьля Янчжоў. Жыхарамі места былі выбітныя паэты Лі Бо і Ду Фу. Апошні зь іх нават пабудаваў на другую гадавіну свайго жыхарства ў горадзе Травяную залю ў 760 годзе, у 1078 годзе перабудаваную ў больш заможны будынак ў гонар ранейшага збудаваньня. У X стагодзьдзі горад быў сталіцай розных дзяржаваў, а ў 965 годзе быў захоплены дынастыяй Сун, якая запачаткавала ўжываньне папяровых грошай.

Пасьля шэрагу вайсковых канфліктаў, а таксама захопу гораду манголамі колькасьць насельніцтва Чэнду значна паменшала. Большасьць мужчынаў была забітая, а жанчыны, дзеці ды рамесьнікі былі заняволеныя і вывезеныя з гораду. За часам кіраваньня дынастыі Юань большасьць жыхароў рэгіёну Сычуаню былі дэпартаваныя ў Хэнань. Пазьней горад наведаў італьянскі падарожнік Марка Полё[8][9]. Ён узгадаў пра мост Аньшунь ці ягоную больш старажытную вэрсію. Па згасаньні дынастыі Мін паўстанец Чжан Сяньчжун утварыў Вялікае Заходняе каралеўства з сталіцай у Чэнду, якое, аднак, праіснавала толькі з 1643 па 1646 гады. За гэты час, на думку гісторыкаў, Чжан забіў мноства жыхароў гораду і навакольляў, у выніку чаго горад стаўся местам-прывідам, які наведвалі тыгры[10]. Толькі за час дынастыі Цынь насельніцтва рэгіёну значна павялічылася дзякуючы перасаленьню сюды мільёнаў чалавек. Пазьней на палёх ля Чэнду вырошчваўся тытунь, а сам Чэнду стаў цэнтрам цыгарэтнай вытворчасьці.

 
Уваход у Чэнду камуністычных войскаў 27 сьнежня 1949 году.

У 1911 годзе суполка з Чэнду Руху абароны чыгункі Сычуані спрычынілася да Вучанскага паўстаньня, якое ў сваю чаргу стала каталізатарам да Сыньхайскай рэвалюцыі, якая зрынула дынастыю Цын. За часам Другое сусьветнае вайны сталіца Кітаю была вымушана пераехаць з Нанкіна ўглыб краіны ва Ўхань ў 1937 годзе, а потым у Чэнду. Але ўрад адтуль эвакуяваўся ў 1938 годзе ў Чунцын. Усё гэта было зьвязана з тым, што ўрад Гаміньдана пры генэралісімусе Чан Кайшы ратаваўся ад японскіх сілаў, якая актыўна наступалі. Поруч з урадоўцамі ад японскае навалы ратаваліся бізносоўцы, працоўныя і навукоўцы, многія зь якіх працягнулі працаваць у Чэнду, робячы важкі ўнёсак у ягонае культурнае і вытворчае разьвіцьцё[11].

Падчас грамадзянскай вайны ў Кітаі Чэнду быў апошнім горадам на мацерыку, дзе яшчэ панаваў урад Гаміньдана. Прэзыдэнт Чан Кайшы і ягоны сын Цзян Цзынго кіравалі абаронай гораду да 1949 году, але 27 сьнежня камуністычныя сілы авалодалі местам. Народна-вызвольная армія Кітаю здабыла горад без усялякага супраціву пасьля таго, як паміж бакамі была складзеная ўгода, паводле якой яшчэ 10 сьнежня сябры Нацыяналістычнай партыі эвакуяваліся на Тайвань[12]. У 2019 годзе Чэнду пераўзышоў кітайскі тэхналягічны цэнтар Шэньчжэнь у сваім эканамічным разьвіцьці[13]. У апошнія два дзесяцігодзьдзі ў горадзе ўзрасла колькасьць насельніцтва[14]. Былі зробленыя інвэстыцыі ў чыгунку, якая злучае Чэнду з Эўропай, што дало яшчэ больш магчымасьцяў для росквіту.

Транспарт рэдагаваць

Авіяцыйны рэдагаваць

 
Аэрапорт Цяньфу.

Міжнародны аэрапорт Шуанлю месьціцца прыкладна за 16 км да цэнтра гораду. Гэта другі самы загружаны аэрапорт мацерыковага Кітаю, бо паводле зьвестак на 2015 год трафік складаў 4 млн пасажыраў. З аэрапорта выконваюцца рэйсы ў большасьць буйных гарадоў краіны, а таксама міжнародныя рэйсы ў такія гарады як Ганконг, Осака, Сэул, Сынгапур, Тайбэй, Токіё, Куала-Лумпур, Пхукет, Бангкок ды іншыя. У аэрапорце базуецца буйная авіякампанія Чэнду Эйрлайнз.

У чэрвені 2021 году быў уведзены ў эксплюатацыю новы Міжнародны аэрапорт Цяньфу[15]. Важнае значэньне маюць грузавыя авіяперавозкі, якія злучаюць Чэнду з Брусэлем, Амстэрдамам і Лёнданам[16].

Чыгуначны рэдагаваць

 
Цэнтральны вакзал Чэнду.
 
Паўднёвы вакзал Чэнду.
 
Цягнік «Адраджэньне» на Ўсходнім вакзале.

Чэнду — буйны чыгуначны вузел. Тут перасякаюцца галіны Баоцзі — Чэнду, Чэнду — Чунцын, Чэнду — Куньмін і Чэнду — Дачжоў. У цяперашні час горад мае 5 асноўных вакзалаў. Акрамя таго, станцыя Паўночная-сартавальная ёсьць найбуйнейшай сартавальнай станцыяй ва ўсім Кітаі. У Чэнду сыходзяцца некалькі хуткасных чыгуначных лініяў, у тым ліку хуткасная чыгунка Дачжоў — Чэнду і міжгародняя чыгунка Чэнду — Дуцзяньянь. Лінія на Чунцын пераўтвараецца ў частку галоўнай шыротнай нацыянальнай высакахуткаснай магістралі, хуткасьць перасоўваньня на якой дасягае 350 км/г. У ліпені 2023 году пачалася эксплюатацыя хуткаснага маршруту Чэнду — Ганконг[17].

Міжнародны чыгуначны порт Чэнду гуляе важную ролю ў імпарце ячменю, пшаніцы, рысу, фасолі, лёну і сланечнікавага алею з Расеі, Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Азіі[18][19], а таксама ў экспарце аўтамабіляў і сычуаньскага чаю ў Цэнтральную Азію і Расею[20][21]. Акрамя таго, Чэнду ёсьць перавалачным цэнтрам паміж чыгуначнымі вузламі Заходняга Кітаю і марскімі партамі Паўднёвага і Ўсходняга Кітаю[22].

У 2013—2020 гадах грузавыя цягнікі з Чэнду зьдзейсьнілі больш за 8 тысячаў рэйсаў на маршруце Кітай — Эўропа, злучыўшы Сычуань з 61 замежным горадам. Важнае значэньне мае транспартны калідор Нінбо — Чэнду, на якім тавары зь Японіі і Паўднёвай Карэі трапляюць у Сычуань і затым транзытам рухаюцца ў Эўропу. У асноўным цягнікі перавозяць электроніку, побытавую тэхніку, прамысловае абсталяваньне, тэкстыль, аўтамабілі і аўтакамплекты. У 2020 годзе кошт таваразвароту чыгуначнага порту Чэнду дасягнуў 150,7 млрд юаняў. Грузавым тэрміналам у Чэнду кіруе кампанія Chengdu International Railway Port Investment & Development Group[23]. У 2021 годзе адкрыліся новыя маршруты з Чэнду ў Санкт-Пецярбург, Амстэрдам і Осьлё[24].

1 кастрычніка 2010 году ў Чэнду быў афіцыйна адкрыты мэтрапалітэн. На 2020 год ён складаўся з 13 лініяў, улучна з колцавай. У сьнежні 2022 году ў Чэнду была афіцыйна ўведзеная ў эксплюатацыю першая ў сьвеце лінія гарадзкага электравіку на вадародным паліве[25].

Аўтамабільны рэдагаваць

У Чэнду перасякаюцца мноства нацыянальных аўтадарогаў, якія злучаюць Чэнду з правінцыямі Шэньсі, Юньнань і Тыбэцкім аўтаномным раёнам. Аўтадарога Чэнду — Чунцын стала адным зь першых аўтабанаў у краіне і першым у ейнай заходняй частцы. У горадзе і аглямэрацыі працуюць каля 400 аўтобусных маршрутаў.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Seventh National Population Census of the People's Republic of China
  2. ^ «China: Sìchuān (Prefectures, Cities, Districts and Counties)». Population Statistics, Charts and Map.
  3. ^ «Chengdu: UNESCO City of Gastronomy». UNESCO.
  4. ^ «The Global Financial Centres Index 29». Long Finance.
  5. ^ «China opens new gateway to giant panda country in Chengdu». South China Morning Post.
  6. ^ Sage, Steven F. (1992). «Ancient Sichuan and the unification of China». Albany: State University of New York Press. — С. 16. — ISBN 0791410374.
  7. ^ Liang Deng; et al. (2001). «History of China». China Intercontinental Press. — С. 171. — ISBN 7-5085-1098-4.
  8. ^ Quian, Jack (2006). «Chengdu: A City of Paradise». AuthorHouse. — С. 109. — ISBN 978-1-4259-7590-6.
  9. ^ Mayhew, Bradley; Miller, Korina; English, Alex (2002). «South-West China» (2nd ed.). Lonely Planet. — С. 19. — ISBN 978-1-86450-370-8.
  10. ^ Yingcong Dai (2009). «The Sichuan Frontier and Tibet: Imperial Strategy in the Early Qing». University of Washington Press. — С. 22—27. — ISBN 978-0-295-98952-5.
  11. ^ «Chengdu, an Ancient and Modern City». Chengdu.
  12. ^ Cook, Chris Cook. Stevenson, John. (2005). «The Routledge Companion to World History Since 1914». Routledge. — С. 376. — ISBN 0-415-34584-7.
  13. ^ Zhou, Cissy (23.10.2019). «Shenzhen, Beijing lose out to Chengdu as China’s best performing city economy, says report». South China Morning Post.
  14. ^ Kuo, Lily (4.02.2019). «Inside Chengdu: can China’s megacity version of the garden city work?». The Guardian.
  15. ^ Новый аэропорт Тяньфу в китайском городе Чэнду сдан в эксплуатацию. Жэньминь Жибао. Архіўная копія ад 2021-06-28 г.
  16. ^ Новый грузовой авиамаршрут соединил Чэнду и Брюссель. Жэньминь Жибао.
  17. ^ Открыто движение поездов по новому скоростному железнодорожному маршруту Чэнду-Сянган. Жэньминь Жибао.
  18. ^ Первая партия зерновых бобовых культур из Узбекистана прибыла в Международный железнодорожный порт Чэнду. Жэньминь Жибао.
  19. ^ Грузовой поезд Китай-Европа привез ячмень из России в провинцию Сычуань. Жэньминь Жибао.
  20. ^ Из Чэнду в Москву отправился первый железнодорожный экспресс Китай-Европа. Жэньминь Жибао.
  21. ^ Специальный поезд для экспорта сычуаньского чая отправился из Юго-Западного Китая в Узбекистан. Жэньминь Жибао.
  22. ^ В Китае обнародован план строительства Нового западного сухопутно-морского коридора до 2025 года. Жэньминь Жибао.
  23. ^ За 8 лет грузовые поезда Китай-Европа из Чэнду совершили более 8 тыс рейсов. Жэньминь Жибао. Архіўная копія ад 2021-04-27 г.
  24. ^ Новый маршрут грузового ж/д сообщения Китай-Европа связал китайский Чэнду с норвежским Осло. Жэньминь Жибао. Архіўная копія ад 2021-09-03 г.
  25. ^ Первая в мире электричка на водородной энергии запущена в Чэнду. Жэньминь Жибао.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць