Беларускія воблачныя тэхналёгіі

дзяржаўнае прадпрыемства сувязі Беларусі, заснаванае ў 2012 годзе

Каардынаты: 53°53′55″ пн. ш. 27°33′29″ у. д. / 53.89861° пн. ш. 27.55806° у. д. / 53.89861; 27.55806

«Белару́скія во́блачныя тэхналё́гіі» («БВТ») — дзяржаўнае прадпрыемства сувязі Беларусі, заснаванае ў сьнежні 2012 году.

«Беларускія воблачныя тэхналёгіі»
наркам. «Беларускія воблачныя тэхналогіі»
Тып таварыства з абмежаванай адказнасьцю
Дэвіз Набліжаем будучыню
Заснаваная 19 сьнежня 2012 (11 гадоў таму)
Заснавальнікі «Нацыянальны цэнтар абмену трафікам», «Сабсіка» (Канстанцін Нікалаеў)
Уласьнікі «Нацыянальны цэнтар абмену трафікам» (51%)
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Менск
Адрас Ленінскі раён, вул. К. Маркса, д. 29[1]
Ключавыя фігуры Алег Сядзельнік (генэральны дырэктар), Андрэй Гарунчык (галоўны інжынэр)[2]
Галіна сфэра паслугаў
Паслугі сувязь
Матчына кампанія «Нацыянальны цэнтар абмену трафікам»

На 2021 году аказвала іншым прадпрыемствам сувязі паслугі пропуску тэлефоннага трафіку і доступу да замежных рэсурсаў Сеціва праз уласныя сеткі[3]. Уласная і адзіная ў Беларусі сотавая сетка 4-га пакаленьня выкарыстоўвала дуплекс падзелу частасьцяў 800, 1800 і 2600 мэгагэрц з наміналамі частасьці DL 6400 (шырыня 10 МГц), 1300 (20 МГц) і 3150/3325 (20 і 15 МГц) адпаведна[4]. «Беларускія воблачныя тэхналёгіі» займаліся праектаваньнем, будаўніцтвам і аснашчэньнем:

  • апорнай сеткі перадачы зьвестак для Адзінай рэспубліканскай сеткі перадачы зьвестак (АРСПЗ);
  • адзінай сеткі доўгатэрміновага разьвіцьця для мабільнага Сеціва 4-га пакаленьня;
  • Рэспубліканскага цэнтру апрацоўкі зьвестак (РЦАЗ) у Калодзішчах на ўсходзе Менскага раёну[5];
  • Рэспубліканскай воблачнай плятформы на аснове АРСПЗ, РЦАЗ і віртуалізацыі;
  • мабільнага Сеціва 5-га пакаленьня;
  • рэспубліканскай смарт-плятформы[6].

Інфраструктура

рэдагаваць

На 2021 год «Беларускія воблачныя тэхналёгіі» мелі Рэспубліканскі цэнтар апрацоўкі зьвестак (РЦАЗ) у Калодзішчах на ўсходзе Менскага раёну, які займаў 12 гектараў. Плошча сэрвэрныхпамяшканьняў РЦАЗ складала 3200 кв.м. У памяшканьнях знаходзілася 624 сэрвэрныя стойкі з 4-х модуляў па 156 стоек кожны. Інжынэрная інфраструктура РЦАЗ дублявалася, а яго сумарная магутнасьць складала 7,2 мэгаваты. Высоканагружаныя стойкі мелі падведзеную магутнасьць 12 кіляват. РЦАЗ меў гадавую энэргаэфэктыўнасьць на ўзроўні 1,4, што вымяралася дзяленьнем магутнасьцяў дата-цэнтру і сэрвэрнага абсталяваньня ў кіляватах. Рэспубліканская воблачная плятформа на аснове РЦАЗ аказвала паслугі: воблачнага апраграмаваньня, дата-цэнтру і кампутарнай плятформы, воблачнай інфраструктуры і віртуалізацыі працоўнага месца, прыватнага «воблака» і запаснога капіяваньня. Воблачныя паслугі забясьпечвалі плятформа «вСфэра» амэрыканскага прадпрыемства «ВМвэар» (Пала-Альта, штат Каліфорнія) і «ФьюжнСфэра» ад кітайскага «Хуавэя» (Шэньчжэнь, правінцыя Гуандун)[7].

Таксама «Беларускія воблачныя тэхналёгіі» валодалі Адзінай рэспубліканскай сеткай перадачы зьвестак (АРСПЗ), якую задзейнічалі пры будоўлі Адзінай сеткі сотавай сувязі 4-га пакаленьня і РЦАЗ. Апорай АРСПЗ ёсьць спэктральнае ўшчыльненьне каналаў, што дазваляе праз шматканальную камутацыю паводле пазнакаў аказваць паслугі сувязі на падставе інтэрнэт-пратаколу. У 2021 годзе на «БВТ» штомесяц прыпадала 35 % галасавога транзыту для сотавых апэратараў Беларусі. Вонкавым каналам «БВТ» карысталася звыш 40 пастаўнікоў Сеціва ў Беларусі, у тым ліку ў абласных цэнтрах і іншых буйных гарадах. Хуткасьць доступу да АРСПЗ складала ад 1 да 10 гігабіт/сэкунда. Фізычная прапускная здольнасьць вонкавых каналаў перавышала 480 Гбіт/сэк., апоры АРСПЗ між абласьцямі — да 200 Гбіт/сэк., між буйнымі гарадамі вобласьці — 80 Гбіт/сэк., між драбнейшымі раённымі цэнтрамі да 50 000 жыхароў — да 20 Гбіт/сэкунда[8]. На 10 верасьня 2021 году налічвалася 53 кропкі доступу да апорных вузлоў АРСПЗ ва ўсіх 6 абласьцях Беларусі:

На 15 сакавіка 2022 году Адзіная сетка сотавай сувязі 4-га пакаленьня «БВТ» налічвала 5090 базавыя станцыі ва ўсіх 6 абласьцях краіны, сярод іх: 1) 1496 (29 %) у дыяпазоне 2600 мэгагэрц у буйных гарадах з насельніцтвам звыш 50 000 чалавек, 2) 2347 (46 %) у дыяпазоне 1800 МГэрц, 3) 1247 (25 %) у дыяпазоне 800 МГц у сельскай мясцовасьці. Пры гэтым, станцыі 4-пакаленьня ў дыяпазоне 800 МГц адсутнічалі ў Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцях Беларусі, а ў Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай — наадварот былі найбольш пашыраным відам. Агулам базавыя станцыі разьмяркоўваліся па абласьцях наступным чынам: 1) Менская — 1888 (37 %), 2) Гомельская — 843 (17 %), 3) Віцебская — 779 (15 %), 4) Магілёўская — 607 (12 %), 5) Берасьцейская — 541 (11 %), 6) Гарадзенская — 432 (8 %). Сярэдняя хуткасьць сеткі 4-га пакаленьня ў Менску складала 25 мэгабіт/сэкунда, а ў абласьцях даходзіла да 150 Мбіт/сэк. У 2017 годзе швэдзкае даччынае прадпрыемства «Эрыксан Нікола Тэсла» з Харватыі паставіла абсталяваньне для пуску сеткі ў Гомельскай, Берасьцейскай і Магілёўскай абласьцях. Сярод сотавых апэратараў «Мабільныя тэлесыстэмы» выкарыстоўвалі 1490 (99,5 %) базавых станцыяў у дыяпазоне 2600 МГц, а «Лайф» — 762 (51 %). Сярод станцыяў у дыяпазоне 1800 МГц «МТС» выкарыстоўваў 2307 (98,2 %), «Лайф» — 2302 (98 %), «А1» — 2295 (97,7 %). Таксама «А1» і «Лайф» выкарыстоўвалі па 1245 (99,8 %) станцыяў дыяпазону 800 МГц, «МТС» — 863 (69 %)[10].

На 2021 год «Беларускія воблачныя тэхналёгіі» праз Рэспубліканскі цэнтар апрацоўкі зьвестак (РЦАЗ) аказвалі паслугі: 1) віртуальнага сэрвэра, віртуальнай інфраструктуры і прыватнага воблака; 2) хостынга на віртуальным сэрвэры і віртуальнага хостынга, уліку дамэнных імёнаў і выпуску пасьведчаньняў слою бясьпечных раздымаў (SSL); 3) воблачнай інфраструктуры дата-цэнтру; апраграмаваньня, у тым ліку беларускія антывірусы «ВірусБлякада» («ВБА») і «Каноэ», карпаратыўная і электронная пошта, амэрыканскіх прадпрыемстваў «Майкрасофт» (штат Вашынгтон) і «Оракл» (штат Каліфорнія), расейскай «Лябараторыі Касьперскага» і славацкага «Эсэт», відэаканфэрэнцсувязі «Іва» (Расея), збор і захоўваньне тэлемэтрычных зьвестак; 4) запаснога капіяваньня, у тым ліку праз воблачнае злучэньне «Віэм» (штат Агаё, ЗША); 5) тэхнічнай падтрымкі і кіраваньня хостынгам[11]. Адзіная рэспубліканская сетка перадачы зьвестак (АРСПЗ) аказвала паслугі: доступу да Сеціва, падлучэньня да сыстэмы міжведамаснага дакумэнтаабароту, каналу сувязі, давядзеньня да кропкі абмену нацыянальным трафікам і транзыту трафіка[12]. Таксама «Беларускія воблачныя тэхналёгіі» аказвалі сотавым апэратарам паслугу доступу да Адзінай сеткі сотавай сувязі 4-га пакаленьня[13].

Мінуўшчына

рэдагаваць

13 сьнежня 2012 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 556 «Аб умовах рэалізацыі інвэстыцыйнага праекту ў галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгіяў», першыя 12 зь 15 пунктаў якога прызначаліся для «для службовага карыстаньня», як і 14-ы пункт, і не абнародаваліся. У 13-м пункце Ўказу згадвалася сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Беларускія воблачныя тэхналёгіі», якое вызвалілі ад штогадовай платы за выкарыстаньне радыёчастотнага спэктру. На гэтае прадпрыемства ўсклалі «да 31 сьнежня 2014 году завяршэньне аб'яднаньня ў Адзіную рэспубліканскую сетку перадачы зьвестак (АРСПЗ) існых сетак перадачы зьвестак»[14]. 19 лістапада 2012 году Менскі гарвыканкам паставіў на ўлік «Беларускія воблачныя тэхналёгіі» («БВТ») ў Адзіны дзяржаўны рэгістар юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў за № 191772685 (УНП)[15]. Заснавальнікамі прадпрыемства выступілі: 1) УП «Нацыянальны цэнтар абмену трафікам» («НЦАТ») зь 51 % паёў[16], які ў сваю чаргу належаў Апэратыўна-аналітычнаму цэнтру пры прэзыдэнце Беларусі (ААЦ)[17]; 2) кіпрскі холдынг «Сабсіка» расейскага транаспартнага прадпрымальніка Канстанціна Нікалаева на 49 % паёў[18][19][20]. 22 лютага 2013 году міністар сувязі і інфарматызацыі Беларусі Мікалай Панцялей паведаміў, што ТАА «Беларускія воблачныя тэхналёгіі» атрымала права будаваць сотавую сетку доўгатэрміновага разьвіцьця 4-га пакаленьня[21]. 7 чэрвеня 2013 году кіраўнік прадпрыемства Сяргей Паблагуеў абвясьціў пра пачатак стварэньня Рэспубліканскага цэнтру апрацоўкі зьвестак (РЦАЗ) і пабудовы Адзінай рэспубліканскай сеткі перадачы зьвестак (АРСПЗ) агульным коштам каля 400 млн даляраў ЗША[22]. 12 жніўня 2013 году Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі ўхваліла Рашэньне № 37/2 аб выдачы «БВТ» спэцыяльнага дазволу на права ажыцьцяўленьня дзейнасьці ў галіне сувязі за № 02140/2227. Тэрмін дазволу складаў 15 гадоў да 12 жніўня 2028 году. «Беларускія воблачныя тэхналёгіі» атрымалі дазвол на: паслугі сотавай сувязі і перадачу зьвестак паводле Інтэрнэт-пратаколу, перадачу ў карыстаньне каналаў электрасувязі, а таксама аказаньне мясцовага, міжгародняга і міжнароднага тэлефоннага злучэньня[23].

23 студзеня 2014 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 46 «Аб выкарыстаньні дзяржаўнымі органамі і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі тэлекамунікацыйных тэхналёгіяў», на падставе якое «Беларускія воблачныя тэхналёгіі» мелі стварыць рэспубліканскую воблачную плятформу для разьмяшчэньня праграмна-тэхнічных сродкаў і інфармацыйных рэсурсаў і сыстэмаў дзяржаўных установаў[18]. У ліпені 2014 году «Беларускія воблачныя тэхналёгіі» запусьцілі апорную сетку АРСПЗ, якая злучыла 40 гарадоў Беларусі[24]. На 12 студзеня 2015 году «Беларускія воблачныя тэхналёгіі» сталі 3-м прадпрыемствам Беларусі з правам на пропуск вонкавага інтэрнэт-трафіку між краінамі, разам зь «Белтэлекамам» і матчыным «Нацыянальным цэнтрам абмену трафікам». Такое права надаў сваёй пастановай ААЦ пры прэзыдэнце Беларусі[25]. 7 траўня 2015 году ў пасёлку Калодзішчы на ўсходзе Менскага раёну распачалі ўзьвядзеньне Рэспубліканскага цэнтру апрацоўкі зьвестак (РЦАЗ) на 600 стоек плошчай 1200 кв.м пры агульнай плошчы каля 3000 кв.м. Пры гэтым, увесь рынак дата-цэнтраў Беларусі складаў каля 250 стоек. Інжынэрную інфраструктуру пастаўляла амэрыканскае прадпрыемства «Эмэрсан» (Фэргюсан, штат Мізуры), а апраграмаваньне — ангельскае «Софтлайн» (акруга Хамэрсьміт, графства Вялікі Лёндан), заснаванае ў 1993 годзе ў Расеі[26]. 13 жніўня 2015 году Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце Беларусі зацьвердзіў Загад № 73 аб наданьні «БВТ» спэцыяльнага дазволу на права ажыцьцяўленьня дзейнасьці па тэхнічнай і крыптаграфічнай абароне інфармацыі за № 01019/324[27].

17 сьнежня 2015 году «Беларускія воблачныя тэхналёгіі» запусьцілі сетку сотавай сувязі 4-га пакаленьня ў Менску для камэрцыйнага выкарыстаньня[28]. Такая сувязь забясьпечвала хуткасьць перадачы зьвестак да 250 мэгабіт/сэкунда, што дазваляла імгненна адчыняць здымкі і слухаць музыку ў Сеціве. Таксама зьявілася магчымасьць удзелу ў відэаканфэрэнцыях праз смартфон[29]. 17 сьнежня кіраўнік «БВТ» Паблагуеў заявіў, што з агульнай сумы ўкладаньняў у 30 млн даляраў на стварэньне АРСПЗ пайшло 20 млн $, а на запуск сотавай сувязі 4-га пакаленьня ў Менску — каля 10 млн $[30]. «Мабільныя тэлесыстэмы» сталі першым сотавым апэратарам Беларусі, які стаў выкарыстоўваць сотавую сетку 4-га пакаленьня ад «БВТ». У дзень яе пуску ў Менску пакрыцьцё забясьпечвалі 150 базавых станцыяў ў дыяпазоне 1800 мэгагэрц. Падраднікам пабудовы сеткі 4-га пакаленьня выступіла кітайскае даччынае прадпрыемства «Бел Хуавэй Тэхноладжыс», якое паставіла і наладзіла абсталяваньне. Сярэдняя хуткасьць сувязі ў сетцы складала каля 30 мэгабіт/сэкунда і дасягала 100 Мбіт/сэк. пры набліжанасьці да базавай станцыі[31].

19 красавіка 2016 году на Форуме тэлекамунікацыяў, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналёгіяў (ТІБО) «БВТ» прадставіла сотавую сувязь з хуткасьцю Сеціва да 800 мэгабіт/сэкунда[32]. 9 траўня 2016 году амэрыканскі Інстытут часу падлучанасьці (Сіетл, штат Вашынгтон) выдаў дата-цэнтру «Беларускіх воблачных тэхналёгіяў» пасьведчаньне адмоваўстойлівасьці 3-га ўзроўню. Пасьведчаньне прадугледжвала: 1) дубляваньне інжынэрнай інфраструктуры, 2) незалежнасьць запасных лініяў вонкавых сетак электразабесьпячэньня і оптавалаконнай лініі сувязі, 3) даступнасьць 99,98 % часу з дапушчальнасьцю адмовы абсталяваньня аднойчы на год працягласьцю да 1-й гадзіны і 34 хвілінаў[33]. 1 ліпеня 2016 году «БВТ» стварыў для Міністэрства па падатках і зборах Беларусі партал «Улік рахункаў-фактур» (vat.gov.by), які прызначаўся для больш за 130 000 плацежнікаў падатку на дададзеную вартасьць[34]. 2 сакавіка 2017 году «Беларускія воблачныя тэхналёгіі» прадставіў Рэспубліканскую воблачную плятформу на аснове Рэспубліканскага цэнтру апрацоўкі зьвестак (РЦАЗ) у Калодзішчах[35]. 25 жніўня 2017 году Міністэрства адукацыі Беларусі стала 1-м ведамствам, якое абвясьціла пра пераход свайго парталу на рэспубліканскую воблачную плятформу «БВТ». На анлайн-сэрвісах паставілі на ўлік звыш 2000 сярод 3200 школ Беларусі. Ад траўня 2016-га па травень 2017 году лік наведваньняў электронных дзёньнікаў вырас з 32 000 да 95 000 за содні[36]. 12 верасьня 2017 году «БВТ» запусьцілі воблачны сэрвіс для 5000 дзяржаўных установаў Беларусі на аснове РЦАЗ у Калодзішчах, які стаў найбольшым дата-цэнтрам ва Ўсходняй Эўропе. Папярэдне на яго перайшоў Менскі гарвыканкам[37].

На 14 лютага 2018 году «БВТ» разбудавалі адзіную сотавую сетку 4-га пакаленьня ў абласных цэнтрах Беларусі і буйных раённых цэнтрах зь лікам насельніцтва звыш 50 000 чалавек. У выніку на 1 студзеня 2018 году сетка ахоплівала землі, дзе пражывала 68,5 % насельніцтва Беларусі. На той час «БВТ» прадавала доступ да інфраструктуры сеткі сотавым апэратарам «Лайф» і «МТС»[38]. 15 траўня 2018 году на «Форуме ТIBO» «Беларускія воблачныя тэхналёгіі» прадставілі сотавую сувязь 5-га пакаленьня, якая дазваляла перадаваць зьвесткі з хуткасьцю да 20 гігабіт/сэкунда[39]. На 16 кастрычніка 2018 году сетка 4-га пакаленьня налічвала 1505 базавых станцыяў дыяпазону 1800 мэгагэрц і працавала 185 паселішчах Беларусі. Найбольш базавых станцыях (БС) налічвалася ў Менску — 429, а таксама ў абласных цэнтрах: Берасьце — 120, Горадня — 106, Віцебск — 99, Магілёў — 62 і Гомель — 53. У абласьцях па-за абласнымі цэнтрамі быў параўнальны лік БС: у Менскай вобласьці — 209, у Віцебскай — 120, у Берасьцейскай — 112, у Гомельскай — 76, у Гарадзенскай — 64 і ў Магілёўскай — 55[40].

На 19 сакавіка 2019 году сотавая сетка 4-га пакаленьня ахоплівала землі, дзе пражывала 75,7 % насельніцтва краіны[41]. 1 траўня 2019 году «БВТ» стварылі асобную сетку 5-га пакаленьня на палігоне «БелАЗа» для самазвала-бесьпілётніка. Час водгуку абсталяваньня склаў 0,01 сэкунды, бо хуткасьць перадачы зьвестак магла дасягаць 1 гігабіт/сэкунда. Каманды перадавалі з аддаленай кабіны самазвала, якая ўлучала джойстыкі, стырно, пэдалі і 3 маніторы. Таксама на палігоне выпрабавалі аддаленае кіраваньне пагрузчыкам[42]. 16 сьнежня 2019 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 461, якім вызначыў, што «не прызнаюцца прадметам падаткаабкладаньня падаткам на дададзеную вартасьць (ПДВ) абароты па збыце паслугаў РЦАЗ і рэспубліканскай плятформы». Пры гэтым, згодна з Указам «дзяржаўныя органы абавязаныя разьмяшчаць існыя і ствараемыя праграмна-тэхнічныя сродкі і інфармацыйныя рэсурсы на рэсурсах РЦАЗ і рэспубліканскай плятформы». Разам з тым, не падлягалі такому разьмяшчэньню сродкі, «прызначаныя для апрацоўкі інфармацыі, аднесенай да дзяржаўных таямніцаў»[43]. 24 сьнежня 2019 году кіраўнік «БВТ» Алег Сядзельнік паведаміў пра пераход на Рэспубліканскую воблачную плятформу больш за 400 дзяржаўных установаў, у тым ліку Міністэрства фінансаў Беларусі, Міністэрства юстыцыі Беларусі і Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Мінпрацы Беларусі[44].

20 ліпеня 2020 году «Беларускія воблачныя тэхналёгіі» перадалі на Сітніцкае радовішча УП «Граніт» у Лунінецкім раёне сотавае абсталяваньне 5-га пакаленьня. Яго ўсталявалі на 3-х мачтах для аддаленага кіраваньня рабатызаваным кар'ерам з дыспэтчарскага будынка. Спадарожна ўзьвялі 48 мачтаў, празь якія працягнулі звыш 4 км сеткавага і электрычнага кабэлю. Рабатызаванае абсталяваньне і абсталяваньне аддаленага кіраваньня паставіла расейскае прадпрыемства «Віст» (Масква). Яго ўсталявалі на кар'ерны самазвал «БелАЗ-7558» грузападымальнасьцю 90 тонаў і франтальны пагрузчык «БелАЗ-7825». У красавіку 2021 году ўсталявалі 3-вымерныя чуйнікі і радары для сканаваньня навакольля, што дазволіла выявіць пабочныя прадметы на шляху рабатызаванага самазвала і наладзіць сустрэчны разьезд самазвалаў[45]. 25 жніўня 2021 году Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце Беларусі зацьвердзіз Загад № 138, якім з 1 студзеня 2022 году прызначыў «Беларускія воблачныя тэхналёгіі» тэхнічным кіраўніком беларускіх дамэнных зонаў .бел і .by (Байнэт), якія разам налічвалі каля 150 000 дамэнаў[46]. На верасень 2021 году статутны фонд «БВТ» складаў 17,88 млн рублёў (звыш 7,14 млн даляраў), якія ўнесла кіпрскае ТАА «Сабсіка»[20]. 2 кастрычніка 2021 году кіраўнік кіпрскага холдынгу «Сабсіка» Артэміс Тамаідэс паведаміў: «Сабсіка» прадала сваю долю ў «БеКлаўд» і больш не мае дачыненьня да гэтай кампаніі»[47].

На 2 лістапада 2021 году Адзіная сетка сотавай сувязі 4-га пакаленьня «БВТ» налічвала 4873 базавыя станцыі ва ўсіх 6 абласьцях краіны, сярод іх: 1) 1420 (29 %) у дыяпазоне 2600 мэгагэрц у буйных гарадах з насельніцтвам звыш 50 000 чалавек, 2) 2229 (46 %) у дыяпазоне 1800 МГэрц, 3) 1224 (25 %) у дыяпазоне 800 МГц у сельскай мясцовасьці. Пры гэтым, станцыі 4-пакаленьня ў дыяпазоне 800 МГц адсутнічалі ў Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцях Беларусі, а ў Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай — наадварот былі найбольш пашыраным відам. Агулам базавыя станцыі разьмяркоўваліся па абласьцях наступным чынам: 1) Менская — 1769 (36 %), 2) Гомельская — 817 (17 %), 3) Віцебская — 737 (15 %), 4) Магілёўская — 604 (12 %), 5) Берасьцейская — 531 (11 %), 6) Гарадзенская — 415 (9 %). Сярэдняя хуткасьць сеткі 4-га пакаленьня ў Менску складала 25 мэгабіт/сэкунда, а ў абласьцях даходзіла да 150 Мбіт/сэк. У 2017 годзе швэдзкае даччынае прадпрыемства «Эрыксан Нікола Тэсла» з Харватыі паставіла абсталяваньне для пуску сеткі ў Гомельскай, Берасьцейскай і Магілёўскай абласьцях. Сярод сотавых апэратараў «Мабільныя тэлесыстэмы» выкарыстоўвалі 1419 (99,9 %) базавых станцыяў у дыяпазоне 2600 МГц, а «Лайф» — 691 (49 %). Сярод станцыяў у дыяпазоне 1800 МГц «Лайф» выкарыстоўваў 2222 (99,7 %), «МТС» — 2212 (99,2 %), «А1» — 2150 (96 %). Таксама «А1» і «Лайф» выкарыстоўвалі ўсе станцыі дыяпазону 800 МГц, «МТС» — 842 (68 %)[48].

Кіраўнікі

рэдагаваць
  • Сяргей Паблагуеў (2013—2018)
  • Алег Сядзельнік (зь 2019-га)
  1. ^ Кантакты // ТАА «Беларускія воблачныя тэхналёгіі», 2022 г. Праверана 16 сакавіка 2022 г.
  2. ^ Нашае кіраўніцтва // ТАА «Беларускія воблачныя тэхналёгіі», 2022 г. Праверана 16 сакавіка 2022 г.
  3. ^ СТАА «Беларускія воблачныя тэхналёгіі» // УП «Нацыянальны цэнтар абмену трафікам», 2021 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  4. ^ Тэхнічныя характарыстыкі сеткі «БеКлаўд» // Партал «Манiторынг сотавых сетак у Беларусi», 2021 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  5. ^ Парадак наведваньня РЦАЗ // СТАА «Беларускія воблачныя тэхналёгіі», 2022 г. Праверана 16 сакавіка 2022 г.
  6. ^ Аб прадпрыемстве // ТАА «Беларускія воблачныя тэхналёгіі», 2022 г. Праверана 16 сакавіка 2022 г.
  7. ^ Пра РЦАЗ і Рэспубліканскую плятформу // ТАА «Беларускія воблачныя тэхналёгіі», 2022 г. Праверана 16 сакавіка 2022 г.
  8. ^ Пра Адзіную рэспубліканскую сеткі перадачы зьвестак // ТАА «Беларускія воблачныя тэхналёгіі», 2022 г. Праверана 16 сакавіка 2022 г.
  9. ^ Пералік кропак доступу да АРСПЗ праз апорную сетку (рас.) // ТАА «Беларускія воблачныя тэхналёгіі», 10 верасьня 2021 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  10. ^ Аб прасунутай сетцы доўгатэрміновага разьвіцьця (рас.) // ТАА «Беларускія воблачныя тэхналёгіі», 15 сакавіка 2022 г. Праверана 16 сакавіка 2022 г.
  11. ^ Паслугі РЦАЗ // ТАА «Беларускія воблачныя тэхналёгіі», 2022 г. Праверана 16 сакавіка 2022 г.
  12. ^ Паслугі АРСПЗ // ТАА «Беларускія воблачныя тэхналёгіі», 2022 г. Праверана 16 сакавіка 2022 г.
  13. ^ Паслугі доступу да Адзінай сеткі доўгатэрміновага разьвіцьця // ТАА «Беларускія воблачныя тэхналёгіі», 2022 г. Праверана 16 сакавіка 2022 г.
  14. ^ Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 сьнежня 2012 г. № 556 «Аб умовах рэалізацыі інвэстыцыйнага праекту ў галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгіяў» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 15 сьнежня 2012 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  15. ^ Д.В. Антаневіч. Пасьведчаньне аб рэгістрацыі юрыдычнай асобы (рас.) // ТАА «Беларускія воблачныя тэхналёгіі», 2021 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  16. ^ Заснаваныя прадпрыемствы // УП «Нацыянальны цэнтар абмену трафікам», 2021 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  17. ^ Заснавальнік прадпрыемства // УП «Нацыянальны цэнтар абмену трафікам», 2021 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  18. ^ а б ААЦ будзе праслухоўваць міжнародны трафік // Прэс-цэнтар «Хартыі'97», 29 студзеня 2014 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  19. ^ Мікалай Вітаўт, «Заўтра тваёй краіны». На чым багацеюць у Беларусі расейскія алігархі // Партал «Новы час», 2 кастрычніка 2021 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  20. ^ а б ІІ. Хто насамрэч стаіць за кампаніяй «beCloud», якую прызначылі новым адміністратарам байнэту // Тэлеканал «Белсат», 28 верасьня 2021 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  21. ^ Андрэй Асфура. Рынак сувязі ў Беларусі чакае лібэралізацыя // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 22 лютага 2013 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  22. ^ Наведваньне Апэратыўна-аналітычнага цэнтру // Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь, 7 чэрвеня 2013 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  23. ^ Мікалай Панцялей. Спэцыяльны дазвол № 02140/2227 на права ажыцьцяўленьня дзейнасьці ў галіне сувязі (рас.) // ТАА «Беларускія воблачныя тэхналёгіі», 2021 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  24. ^ БелаПАН. Сетку LTE плянуецца запусьціць у Менску ў 2015 годзе // Газэта «Наша ніва», 1 жніўня 2014 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  25. ^ Канстанцін Сідаровіч, «Анлайнэр». «Белтэлекам» назваў станоўчы момант інтэрнэт-манаполіі // Газэта «Наша ніва», 12 студзеня 2015 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  26. ^ БелаПАН. Апэратар «БеКлаўд» пачаў будаўніцтва Рэспубліканскага цэнтру апрацоўкі даных // Газэта «Наша ніва», 7 траўня 2015 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  27. ^ С.В. Жарнасек. Спэцыяльны дазвол № 01019/324 на права ажыцьцяўленьня дзейнасьці па тэхнічнай і крыптаграфічнай абароне інфармацыі (рас.) // ТАА «Беларускія воблачныя тэхналёгіі», 2021 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  28. ^ Янчэўскі: запуск 4G - гэта толькі пачатак // БелТА, 17 сьнежня 2015 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  29. ^ У Беларусь прыходзіць 4G-сувязь // БелТА, 17 сьнежня 2015 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  30. ^ Інвэстыцыі ў стварэньне сеткі LTE Advanced ў Беларусі склалі каля $ 30 млн // Газэта «Зьвязда», 17 сьнежня 2015 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  31. ^ Сьвятлана Барысенка. 4G запушчана ў Менску // Зьвязда : газэта. — 18 сьнежня 2015. — № 245 (28103). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  32. ^ Зьміцер Цітоў, тэлеканал «Беларусь 1». Міжнародны форум ТІБО-2016 адчыніў свае дзьверы для наведвальнікаў // Белтэлерадыёкампанія, 19 красавіка 2016 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  33. ^ Нашыя пасьведчаньні (рас.) // ТАА «Беларускія воблачныя тэхналёгіі», 2021 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  34. ^ Плацельшчыкі ПДВ стварылі з пачатку месяца больш за 10 тыс. электронных рахункаў-фактур // БелТА, 5 ліпеня 2016 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  35. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Да канца 2018 году ўсе дзяржорганы краіны цалкам пяройдуць на «БеКлаўд» // Белтэлерадыёкампанія, 2 сакавіка 2017 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  36. ^ Алёна Крывянкова. Адукацыя будучыні — дапоўненая рэальнасьць і воблачныя тэхналёгіі // Газэта «Настаўніцкая газэта», 26 жніўня 2017 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  37. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Кампанія «БеКлаўд» запусьціла глябальны праект у Беларусі для дзяржорганаў // Белтэлерадыёкампанія, 12 верасьня 2017 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  38. ^ Доступ да 4G у 2019 годзе будзе ў 76 працэнтаў насельніцтва Беларусі // БелТА, 14 лютага 2018 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  39. ^ Вікторыя Антоненкава, тэлеканал «Беларусь 1». У Менску адкрыліся экспазыцыйныя стэнды ТIBO-2018 // Белтэлерадыёкампанія, 15 траўня 2018 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  40. ^ Разьвіцьцё сеткі 4G у Беларусі // БелТА, 16 кастрычніка 2018 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  41. ^ Сотавая сувязь у Беларусі // БелТА, 19 сакавіка 2019 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  42. ^ Сьвятлана Чарнова, тэлеканал «Беларусь 1». На бесьпілётным самазвале і пагрузчыку «БелАЗ» усталявалі 5G // Белтэлерадыёкампанія, 1 траўня 2019 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  43. ^ А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 сьнежня 2019 г. № 461 «Аб зьмяненьні Указу» // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 18 сьнежня 2019 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  44. ^ Больш за 400 дзяржорганаў разьмясьцілі свае інфармацыйныя сыстэмы на плятформе «БеКлаўд» // Радыё «Беларусь», 24 сьнежня 2019 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  45. ^ Бесьпілётная тэхніка і інтэлектуальныя распрацоўкі - Лукашэнка азнаёміўся зь інавацыямі пры здабычы друзу на «Граніце» // БелТА, 4 чэрвеня 2021 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  46. ^ Адміністраваць байнэт замест hoster.by будзе «БеКлаўд» // Партал «Новы час», 27 жніўня 2021 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  47. ^ ІІ. Кіпрыёцкая кампанія адхрысьцілася ад «beCloud», якому ААЦ даручыў адміністраваць байнэт // Тэлеканал «Белсат», 2 кастрычніка 2021 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.
  48. ^ Аб прасунутай сетцы доўгатэрміновага разьвіцьця (рас.) // ТАА «Беларускія воблачныя тэхналёгіі», 10 верасьня 2021 г. Праверана 3 лістапада 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць