Сродак масавай інфармацыі

Сро́дак ма́савай інфарма́цыі (СМІ, мас-мэдыя) — сродак данясеньня інфармацыі паводле прынцыпу шырокавяшчальнага каналу, які ахоплівае вялікую аўдыторыю і дзейнічае на пастаяннай аснове.

Віды: паводле вестак — візуальны, гукавы, тэкставы; паводле выданьня — 1) друкаваны (газэта і часопіс), 2) электронны (Сеціва, тэлебачаньне і радыё); паводле зьместу — забаўляльны і фармавальны (для грамадзкай думкі); паводле сувязі — аднанакіраваны і зносінавы (са зваротнай сувязьзю для выказваньня меркаваньня глядачоў, слухачоў і чытачоў).

Прычыны выкарыстаньня

рэдагаваць

Да выкарыстаньня СМІ спрычыняюцца наступныя патрэбы:

  1. парада;
  2. зьмяншэньне пачуцьця асабістай небясьпекі;
  3. веды пра навакольны сьвет;
  4. падтрымка сваіх поглядаў;
  5. разуменьне жыцьцёвых абставінаў;
  6. спагада;
  7. грамадзкая сувязь;
  8. замяшчэньне грамадзкай сувязі;
  9. супольнасьць зь іншымі — узаемападтрымка й салідарнасьць;
  10. уцёкі ад турботаў;
  11. стварэньне сьвету мрояў;
  12. баўленьне часу;
  13. зьняцьцё пачуцьцёвай напружанасьці;
  14. плянаваньне часу[1].

Беларусь

рэдагаваць
Асноўны артыкул: Свабода слова ў Беларусі

На ліпень 2013 году на ўліку ў Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь стаяла 523 друкаваныя пэрыядычныя выданьні (газэты і часопісы), 166 радыёстанцыяў і 89 тэлеканалаў. Пагатоў у Беларусі распаўсюджвалі каля 4000 замежных газэтаў і часопісаў, звыш паловы якіх складалі расейскія выданьні. Астатнія друкаваныя выданьні паходзілі з ЗША, Казахстану і 9 краінаў Эўропы: сумежных Латвіі, Летувы, Польшчы і Ўкраіны, а таксама Вялікабрытаніі, Італіі, Нідэрляндаў, Нямеччыны і Фінляндыі. Агульны разавы наклад замежнай пэрыёдыкі складаў каля 1 млн асобнікаў. Таксама ў Беларусі паказвалі звыш 130 замежных тэлеканалаў, якія маглі дасягаць звыш 50% хатніх гаспадарак[2].

На 1 траўня 2021 году ў Беларусі налічвалася 9 інфармацыйных агенцтваў, зь іх 7 прыватных. Дзейнічала 262 электронныя СМІ, у тым ліку 181 (69 %) дзяржаўны. Сярод іх было: 1) 98 тэлеканалаў, зь іх 54 прыватныя; 2) 164 радыёстанцыі, зь іх 137 (83 %) дзяржаўных. Існавала 1615 друкаваных СМІ, у тым ліку 1183 (73 %) прыватных. Сярод іх было: 1) 854 часопісы, зь іх 647 (75 %) прыватных; 2) 720 газэтаў, зь іх 506 (70 %) прыватных; 3) 41 альманах, бюлетэнь і каталёг, зь іх 30 прыватных[3].

  1. ^ Алесь Анціпенка Аўдыторыі мэдыяў: актыўныя альбо пасыўныя ўспрымальнікі інфармацыі?. Беларускі КалегіюмПраверана 27 сакавіка 2011 г.
  2. ^ Алег Праляскоўскі. Геапалітыка і тэхналёгіі — новыя выклікі інфармацыйнай бясьпецы краіны // Зьвязда : газэта. — 12 ліпеня 2013. — № 127 (27492). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ СМІ Беларусі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 5 траўня 2021 г. Праверана 27 траўня 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць