Тэлеграф
Тэлегра́ф (па-грэцку: tele — «далёка» + grapho — «пішу») — прыстасаваньне для перадачы інфармацыі, пераважна тэкставай на вялікія адлегласьці.
Аптычны тэлеграф
рэдагавацьУ 1792 годзе ў Францыі Клод Шап стварыў сыстэму перадачы бачнай інфармацыі, якая атрымала назву «Аптычны тэлеграф». У звыклым выглядзе гэта быў ланцуг аднолькавых будынкаў, з разьмешчанымі на дахах тычкамі з рухомымі папярочкамі, якія будаваліся ў межах бачнасьці адно ад другога. Тычкі з рухомымі папярочкамі — сэмафор — кіраваліся пры дапамозе тросаў апэратарамі ў будынках. Шап стварыў табліцу кодаў, дзе кожнай літары альфабэту адпавядала вызначаная фігура, якая ўтваралася сэмафорам у залежнасьці ад становішча папярочак адносна тычкі. Сыстэма Шапа дазваляла перадаваць паведамленьні на хуткасьці два словы за хвіліну і хутка распаўсюдзілася па Эўропе. У Швэцыі ланцуг станцыяў аптычнага тэлеграфа дзейнічаў да 1880 году.
Электрычны тэлеграф
рэдагавацьАдна зь першых спроб стварыць сродак сувязі з выкарыстаньнем электрычнасьці адносіцца да другой паловы XVIII стагодзьдзя, калі Лесаж у 1774 годзе пабудаваў у Жэнэве электрастатычны тэлеграф. У 1798 годзе гішпанскі вынаходнік Франсыска дэ Сальва стварыў уласную канструкцыю электрастатычнага тэлеграфа. Потым, у 1809 годзе нямецкі вучоны Самуіл Томас Земерынг пабудаваў электрахімічны тэлеграф.
Першы электрамагнітны тэлеграф стварыў расейскі вучоны Павел Шылінг у 1832 годзе. Ён распрацаваў код, у якім кожнай літары альфабэту адпавядала камбінацыя сымбаляў, якая магла праяўляцца чорнымі і белымі кругамі на тэлеграфным апараце. Пазьней электрамагнітны тэлеграф быў пабудаваны ў Нямеччыне Карлям Гаўсам і Вільгельмам Вэберам (1833), у Вялікабрытаніі — Кукам і Ўітсанам (1837), а ў ЗША электрамагнітны тэлеграф быў запатэнтаваны Морзэ ў 1837 годзе. Тэлеграфныя апараты Шылінга, Гаўса-Вэбера, Кука-Ўітсана адносяцца да электрамагнітных апаратаў стрэлачнага тыпа, а апарат Морзэ да электрамэханічных. Вялікай заслугай Морзэ зьяўляецца вынаходніцтва тэлеграфнага кода, дзе літары альфабэту прадстаўлены камбінацыяй кропак і працяжнікаў (код Морзэ). Камэрцыйнае выкарыстаньне электрычнага тэлеграфа было пачата ў Лёндане ў 1837 годзе, а ў 1858 годзе была наладжаная праца першай трансатлянтычнай тэлеграфнай лініі, што дазволіла злучыць тэлеграфнай сувязьзю ЗША і Вялікабрытанію.
Фотатэлеграф
рэдагавацьУ 1843 годзе брытанскі фізык Аляксандар Бэйн запатэнтаваў сваю канструкцыю электрычнага тэлеграфа, якая дазваляла перадаваць выявы па дроце. Апарат Бэйна лічыцца першай факс-машынай. У 1855 годзе італьянскі вынаходнік Джавані Казэлі стварыў аналягічную прыладу, якую назваў «пантэлеграф» і прапанаваў яго для камэрцыйнага выкарыстаньня.
Бяздротавы тэлеграф
рэдагаваць7 траўня 1895 году расейскі навукоўца Аляксандар Папоў на паседжаньні Расейскага фізыка-хімічнага таварыства прадэманстраваў прыладу, якую ён назваў «навальніцаадметчык», які рэгістраваў электрамагнітныя хвалі. Гэта прылада лічыцца першым радыёпрыймальнікам. У 1897 годзе пры дапамозе апаратаў бяздротавай тэлеграфіі Папоў ажыцьцявіў прыём і перадачу паведамленьняў паміж берагам і вайсковым караблём. У 1899 годзе Папоў мадэрнізаваў свой апарат, цяпер прыём сыгналаў (кодам Морзэ), ажыцьцяўляўся на слухаўкі апэратара.
У 1896 годзе ў Вялікабрытаніі італьянец (маці ірляндка) Гільерма Марконі падаў патэнт «аб удасканаленьнях апарата бяздротавай сувязі». У 1901 годзе Марконі здолеў атрымаць першы сынгал бяздротавага тэлеграфа праз Атлянтычны акіян.
Апарат Бадо
рэдагавацьУ 1872 годзе францускі вынаходнік Жан Бадо стварыў тэлеграфны апарат шматразовага дзеяньня, які мог перадаваць па адным дроце два і болей паведамленьні ў адзін бок. Акрамя таго ён стварыў тэлеграфны код (код Бадо), які потым атрымаў сусьветнае распаўсюджваньне і атрымаў назву Міжнародны тэлеграфны код №1 (ІТА1). Мадыфікаваная вэрсія МТК №1 атрымала назву МТК №2 (ІТА2). Далейшае разьвіцьцё тэлеграфнага апарата Бадо прывяло да ўзьнікненьня тэлепрынтараў (тэлетайпаў). У гонар Бадо атрымала назву адзінка хуткасьці перадачы інфармацыі — Бод.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьТэлеграф — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў