Сотавая су́вязь — бяздротавая перадача зьвестак між рухомымі падпісчыкамі ў абшары абслугоўваньня, таксама між імі і падпісчыкамі стацыянарнай тэлефоннай сеткі. Абшар абслугоўваньня падзяляецца на падобныя да пчаліных сотаў (адсюль назоў) абсягі радыюсам да 30 км, кожны зь якіх мае базавую станцыю(en) (БС) з пэўнай колькасьцю модуляў прыёмна-перадавальнага абсталяваньня. Кожнай БС вылучаюць пэўныя частасьці для радыёсувязі. Пры гэтым для выключэньня ўзаемных перашкодаў аднолькавыя частасьці маюць прасторава аддаленыя адна ад адной БС. Сувязь між падпісчыкамі з адной соты ажыцьцяўляецца з дапамогай БС. Між падпісчыкамі з розных сотаў, у тым ліку пры перамяшчэньні з адной соты ў другую, таксама з падпісчыкамі стацыянарнай тэлефоннай сеткі — з дапамогай асяродка камутацыі рухомай сувязі(en). Лічбавы спосаб перадачы знакаў(be) забясьпечвае ахову паведамленьняў(en) ад недазволенага доступу, устойлівасьць і высокую якасьць сувязі, перадачу дадзеных і доступ да сотавай сувязі аднолькавага стандарту розных краінаў[1].

Вяршыня сотавай вежы

Беларусь

рэдагаваць

Першым прадпрыемствам сотавай сувязі ў краіне 7 жніўня 1991 году стаў «БелСел». У ліпені 1998 г. зьявілася прадпрыемства «Мабільная лічбавая сувязь» (А1), якое 16 красавіка 1999 г. стала першым пастаўніком паслугаў сотавай сувязі стандарту GSM. На пачатак 2010 г. у Беларусі было 9 686,2 тыс. падпісчыкаў сотавай сувязі[2], што перавышала колькасьць насельніцтва краіны. На пачатак 2013 г. іх лік перавышаў колькасьць жыхароў Беларус на 16,6%[3].

13 сьнежня 2012 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 556 аб пабудове сеткі сотавай сувязі 4-га пакаленьня. 17 сьнежня 2015 году сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Беларускія воблачныя тэхналёгіі» запусьціла сотавую сетку 4-га пакаленьня. На 14 кастрычніка 2018 году 1505 базавых станцыяў дыяпазону 1800 мэгагэрц працавала ў 185 паселішчах Беларусі. Зь іх 429 (29%) дзейнічала ў Менску, 209 (14%) — у Менскай вобласьці, па 120 (8%) — у Берасьці і Віцебскай вобласьці, 112 — у Берасьцейскай вобласьці, 106 — у Горадні, 99 — у Віцебску, 76 — у Гомельскай вобласьці, 64 — у Гарадзенскай вобласьці, 62 — у Магілёве, 55 — у Магілёўскай вобласьці і 53 — у Гомелі. У 2018 годзе штодзённы трафік сеткі 4-га пакаленьня складаў 450 тэрабайт, што было 3-кратна больш за ўзровень 2017 году. У кастрычніку 2018 году ТАА «Беларускія воблачныя тэхналёгіі» пачало запускаць базавыя станцыі ў дыяпазоне 2600 МГц[4].

  1. ^ Эдуард Ліпковіч. Сотавая радыёсувязь // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 15. — С. 90. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0251-2
  2. ^ Разьвіцьцё сувязі ў Беларусі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 6 траўня 2011 г. Праверана 8 красавіка 2014 г.
  3. ^ Андрэй Асфура. У Беларусі зьнізілася пранікненьне сотавай сувязі // БелТА, 28 лютага 2013 г. Праверана 8 красавіка 2014 г.
  4. ^ Разьвіцьцё сеткі 4-га пакаленьня ў Беларусі // БелТА, 16 кастрычніка 2018 г. Праверана 3 чэрвеня 2020 г.