Прамсувязь
Каардынаты: 53°54′48″ пн. ш. 27°35′56″ у. д. / 53.91333° пн. ш. 27.59889° у. д.
«Прамсувязь» — дзяржаўнае прамысловае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў верасьні 1931 году ў якасьці электрамэханічнай майстэрні.
Тып | адкрытае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Заснаваная | 13 верасьня 1931 (93 гады таму) |
Заснавальнікі | Беларускае кіраўніцтва сувязі |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | Менск |
Адрас | Савецкі раён, вул. П. Броўкі, д. 18[1] |
Ключавыя фігуры | Андрэй Юніцын, Анатоль Алпатаў[2] |
Галіна | прамысловасьць |
Прадукцыя | мадэм, радыёперадатчык, радыёпрымач, счытвальнік, сэрвэр, тэлеантэна, тэлефон, тэрмінал аплаты, чуйніка-ахоўная прылада |
Абарачэньне | ▲24,609 млн рублёў (2020 г.; 10 млн $)[3] |
Апэрацыйны прыбытак | ▲2,623 млн руб (2020 г.; 1,065 млн $) |
Чысты прыбытак | ▲2,137 млн руб (2020 г.; 0,868 млн $) |
Лік супрацоўнікаў | 160 (2021 год) |
Матчына кампанія | Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь |
Аўдытар | «АўдытІнфарм» (Менск)[4] |
На 2020 год ААТ «Прамсувязь» вырабляла:
- радыёперадатчыкі лічбавага тэлебачаньня РТЛ-1000М-Т2 і РТЛ-2000М-Т2 магутнасьцю 1000 і 2000 ват адпаведна[5];
- высокачастотныя радыёперадатчыкі ў дыяпазоне 87,5-108 МГэрц магутнасьцю 10 кіляват[6];
- сэрвэры захоўваньня зьвестак СЗД5500Т з 4 кантролерамі па 16 Гбайт кэшу і магутнасьцю сілкаваньня 650 ват[7];
- сэрвэрныя плятфоры ПС2288Н з двума 24-ядравымі працэсарамі з частасьцю па 3500 МГэрц, хуткасьцю 1866 МГэрц і сілкаваньнем 800 ват[8];
- рэгенэратары лічбавых сыгналаў ADSL і радыёпрымачы «Мэта» М-205 і 212;
- шнуравыя тэлефоны М335 і М337;
- ахоўная прылада «Разумны дом» з 7 чуйнікамі — адкрыцьця дзьвярэй, руху, тэмпэратуры, працёку, дыму, сыгналізацыі і відэа[9];
- счытвальнікі біямэтрычных дакумэнтаў і кантактных картак (СКК-1);
- аптычныя кросы і разеткі (ПЮРК);
- аплатна-даведкавыя тэрміналы ТПД-1 і касавыя тэрміналы аплаты;
- оптавалаконныя вузлы сувязі (мадэмы) і паліцы;
- спадарожнікавыя і тэлевізійныя антэны, поштаматы[10].
Мінуўшчына
рэдагаваць13 верасьня 1931 годзе Беларускае кіраўніцтва сувязі адчыніла электрамэханічную майстэрню тэлеграфнай апаратуры і тэлефонных камутатараў. На чале сьлесараў стаяў брыгадзір, якім у лютым 1932 году стаў Анатоль Александровіч. 19 траўня 1939 году Загадам Народнаму камісарыяту сувязі СССР № 296 майстэрню пераўтварылі ў рамонтны завод тэхнікі сувязі № 22. 10 лютага 1966 году Загадам Мінсувязі СССР № 11 прадпрыемства пераўтварылі ў саюзны завод «Прамсувязь», на якім сталі выпускаць электронныя рэле і прылады сувязі ЧВТ-2, КПП-10 і СУС-54. Узьвялі 4 участкі: фарбавальны, гальванапакрыцьця, мантажу друкаваных платаў і наладкі абсталяваньня. 27 сьнежня 1973 годзе згодна з Загадам Мінсувязі СССР № 690 завод стаў досьледным. У 1978 годзе завод «Прамсувязь» узнагародзілі Дыплёмам 1-й ступені на Выставе дасягненьняў народнай гаспадаркі ў Маскве. 14 сьнежня 1989 году Загадам Мінсувязі СССР № 376 завод пераўтварылі ў вытворчае аб'яднаньне[11].
1 студзеня 1992 году вытворчае аб'яднаньне «Прамсувязь» стала прадпрыемствам Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь. 28 чэрвеня 2001 году «Прамсувязь» стала ўнітарным прадпрыемствам. «Прамсувязь» стала 1-м у Беларусі прадпрыемствам, што пачало выпускаць бяздротавыя тэлефоны з гучнай сувязьзю. Пазьней наладзілі вытворчасьць плястыкавых картак для гарадзкіх тэлефонаў-аўтаматаў. 23 лютага 2009 году прадпрыемства пераўтварылі ў адкрытае акцыянэрнае таварыства. У 2012 годзе на прадпрыемстве стварылі канструктарскае падразьдзяленьне, службу галоўнага тэхноляга і аддзел тэхнічнага кантролю. Замянілі каля паловы мэталаапрацоўчых станкоў савецкага часу на 2 новыя. У выніку для вырабу мэталічных скрынак замест 4-х стала ставаць аднаго станка. Новыя машыны для ліцьця, якія выпусьціў завод «Атлянт» у Баранавічах (Берасьцейская вобласьць), задзейнічалі ў вырабе плястмасавых карпусоў для мадэмаў, радыёпрымачоў і тэлепрыставак. На 2013 год прадпрыемства было найбольшым у Беларусі вытворцам прыладаў сувязі. Найбольшымі пакупнікамі былі УП «Белпошта» і УП «Белтэлекам». Для «Белпошты» выраблялі аплатна-даведкавыя тэрміналы для безнаяўнага разьліку аплатнай карткай. Будаўнічым прадпрыемствам прадавалі оптавалаконнае абсталяваньне для шматпавярховых дамоў. «Прамсувязь» налічвала каля 300 супрацоўнікаў і выпускала спадарожнікавыя антэны і хатнія тэлефоны, тэлевізійныя антэны і прыстаўкі (лічбавыя радыёперадатчыкі), а таксама кліматычныя шафы. Прылады сувязі экспартавалі ў Летуву, Расею і Сынгапур[12].
У 2015 годзе абарачэньне прадпрыемства скарацілася да 190,724 млрд рублёў (11,734 млн даляраў ЗША), апэрацыйны прыбытак — 28,234 млрд рублёў (1,737 млн $), а чысты прыбытак — да 20,704 млрд руб (1,274 млн $). На пачатак 2016 году «Прамсувязь» налічвала 253 супрацоўнікі[13].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Кантакты // ААТ «Прамсувязь», 2021 г. Праверана 6 красавіка 2021 г.
- ^ Кіраўніцтва // ААТ «Прамсувязь», 2021 г. Праверана 6 красавіка 2021 г.
- ^ Фінансавыя вынікі за 2020 год (рас.) // ААТ «Прамсувязь», 2021 г. Праверана 6 красавіка 2021 г.
- ^ І.В. Сазонава, Г.І. Калінкіна. Аўдытарскія высновы па бухгальтарскай справаздачнасьці за 2019 год (рас.) // ААТ «Прамсувязь», 12 сакавіка 2020 г. Праверана 6 красавіка 2021 г.
- ^ Радыёперадавальнік тэлевізійны лічбавы РТЛ-2000М-Т2 // ААТ «Прамсувязь», 2021 г. Праверана 6 красавіка 2021 г.
- ^ Перадатчыкі радыёвяшчальныя стацыянарныя ВВЧ дыяпазону // ААТ «Прамсувязь», 2021 г. Праверана 6 красавіка 2021 г.
- ^ Сэрвэр захоўваньня дадзеных СЗД5500Т // ААТ «Прамсувязь», 2021 г. Праверана 6 красавіка 2021 г.
- ^ Плятформа сэрвэрная ПС2288Н // ААТ «Прамсувязь», 2021 г. Праверана 6 красавіка 2021 г.
- ^ Сыстэма кіраваньня і маніторынгу «Разумны дом» (рас.) // ААТ «Прамсувязь», 2020 г. Праверана 21 лютага 2020 г.
- ^ Прадукцыя // ААТ «Прамсувязь», 2021 г. Праверана 6 красавіка 2021 г.
- ^ Гісторыя // ААТ «Прамсувязь», 2021 г. Праверана 6 красавіка г.
- ^ Леанід Тугарын, Аляксандар Фурсаў. Стаўка на выпуск інавацыйнай прадукцыі // Зьвязда : газэта. — 12 лістапада 2013. — № 212 (27577). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
- ^ Справаздача аб дзейнасьці ААТ за 2015 год (рас.) // Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 21 лютага 2020 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Арэнда памяшканьняў (плян-схема) // ААТ «Прамсувязь», 2021 г. Праверана 6 красавіка 2021 г.