Наркотык
Нарко́тыкі (ад па-грэцку: ναρκωτικός — дурманлівы) — група фармакалягічных рэчываў, якія дзейнічаюць у асноўным на цэнтральную нэрвовую сыстэму і выклікаюць ў арганізьме здранцьвеньне, якое можа даць палягчэньне, пачуцьцё эўфарыі або наркатычны сон. Наркотыкі таксама могуць выклікаць галюцынацыі. Іх ужыцьцё прыводзіць да разьвіцьця псыхозу, што выклікае схільнасьць да самагубства[1].
Іхні распаўсюд заканадаўча забараняецца і абмяжоўваецца. Улучаюць такія расьлінныя і вытворныя зь іх рэчывы, як алькаголь, какаін, канопля, тытунь, опій і яго вытворныя (гераін, кадэін, марфін і пантапон), а таксама снатворныя сродкі (барбаміл, веранал і іншыя вытворныя барбітуравай кісьлі) і антыдэпрэсанты (тыянэптын).
Узьдзеяньне
рэдагавацьНаркотыкамі лекуюць боль, кашаль і панос. Іх прыём павышае ўтрыманьне дафаміну ў крыві, што выклікае стан асалоды і эўфарыю, зьмяншае агрэсію ды непакой. Пры гэтым агульны сынтэз дафаміну ў нэрвовай сыстэме падае. У выніку ўзьнікае псыхалягічная і цялесная цяга да паўторнага прыёму (наркаманія) дзеля пазьбяганьня апатыі, болю і дэпрэсіі. Месяц ужываньня выклікае пачуцьцёвую няўстойлівасьць, кволасьць, зьніжэньне памяці і інтэлекту[2]. Перадазіроўка ўяўляе сьмяротную пагрозу. Неахайнае і нядбайнае ўвядзеньне вядзе да заражэньня гепатытам і СНІД.
Беларусь
рэдагавацьНа беларускім наркарынку пераважаюць «бубкі» (прапітанае алькоідамі опію насеньне маку), што скарачаюць тэрмін жыцьця яго спажыўцоў да 2 гадоў[3]. З-за мяжы наркотыкі трапляюць у Беларусь пераважна зь Нідэрляндаў і 5 сумежных краінаў. Праз краіну з Усходу ў Эўрапейскі Зьвяз правозіцца гераін і расейскія прэкурсоры, у адваротным кірунку — амфэтамін, гашыш, марыхуана і экстазі[4]. У 2010 г. удалося выкрыць 1424 спробы збыту наркотыкаў (49 з-за мяжы) і 123 наркапрытоны (палова ў сталіцы). Сярод амаль 400 кг канфіскаваных наркотыкаў было каля 190 кг марыхуаны (48%), звыш 35 кг гераіну (9%), 25 кг гашышу (6%) і каля 2 кг мэтадону (0,5%). Праз увядзеньне з 2010 г. зьняволеньня за гандаль спайсам[5] яго сталі пастаўляць з Расеі і Ўкраіны замест Эўразьвязу[6].
На пачатак 2014 году ў турмах Беларусі знаходзілася 2294 асуджаных за незаконны абарот дурманаў і псыхатропаў, што было 4-м найбольшым лікам асуджаных за пэўнае злачынства пасьля крадзяжу, забойства і цяжкага цялеснага пашкоджаньня[7].
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Сьвятлана Барысенка. Калі ты можаш спыніцца // Краіна здароўя. — 16 красавіка 2013. — № 5 (306). — С. 5.
- ^ Сьвятлана Барысенка. Псыхаактыўнае рэчыва мозгу не таварыш // Зьвязда : газэта. — 13 ліпеня 2010. — № 134 (26742). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
- ^ Яўген Валошын. Чаму ў цэнтры сталіцы прадаецца опіюм // Зьвязда. — 25 чэрвеня 2010. — № 122 (26730). — С. 11.
- ^ Сьвятлана Барысенка. «Дурман» мяняецца // Зьвязда. — 25 чэрвеня 2010. — № 122 (26730). — С. 11.
- ^ Яўген Валошын. Цяпер давядзецца езьдзіць па спайс у Расею // Зьвязда. — 5 студзеня 2010. — № 1 (26606). — С. 3.
- ^ Леанід Лахманенка. Скажы, дзе гандлююць сьмерцю // Чырвоная зьмена. — 16 сакавіка 2011. — № 9 (15660). — С. 1—2.
- ^ Надзея Паўлава. За выраб наркотыкаў у лябараторыі — больш жорсткае пакараньне // Зьвязда. — 29 сакавіка 2014. — № 58 (27668). — С. 3.
Гэта — накід артыкула па мэдыцыне. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |