Вайна 1812 году на Пружаншчыне
Вайна́ 1812 го́ду на Пружа́ншчыне — вайсковыя дзеяньні падчас француска-расейскае вайны.
Вайна 1812 року на Пружаншчыне | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Мапа наступу войскаў Напалеона | |||||||||
| |||||||||
Супернікі | |||||||||
Француская імпэрыя
Хаўрусьнікі: Аўстрыя Саксонія | Расейская імпэрыя | ||||||||
Камандуючыя | |||||||||
К.-Ф. Шварцэнбэрг Ж.-Л.-Э. Рэнье | А.П. Тармасаў П.В. Чычагоў | ||||||||
Колькасьць | |||||||||
45 000 — 50 000 чалавек | 44 200 чалавек (улетку) 60 000 чалавек (увосень) | ||||||||
Улетку-ўвосені 1812 року землі Беларусі ў складзе Расейскай імпэрыі сталі часткаю тэатру маштабных і кровапралітных баявых дзеяньняў. Пружаншчына, разьмешчаная на заходняй граніцы Расейскай імпэрыі, зь першых дзён апынулася ў зоне вайсковых дзеяньняў. Баявыя дзеяньні на яе тэрыторыі вяліся цягам некалькіх месяцаў, зь ліпеня па лістапад.
Перадумовы
рэдагавацьУ 1807 року па ўмовах Тыльзыцкага міру на землях, якія адышлі з другім і трэцім падзеламі Рэчы Паспалітай да Прусіі, было ўтворанае Герцагства Варшаўскае. У якасьці кампэнсацыі Расеі дасталася Беластоцкая вобласьць. Напалеон Банапарт зацьвердзіў для герцагства канстытуцыю, герцагам стаў унук Аўгуста Саса Фрыдрых Аўгуст I. Былі створаныя таксама ўрад, двухпалатны сойм і незалежная судовая сыстэма, аднак фактычная ўлада належала францускаму рэзыдэнту ў Варшаве.
Жаўнеры! Другая польская вайна пачалася. Першая скончылася пад Фрыдляндам і Тыльзытам. У Тыльзыце Расея паклялася быць у вечным міры з Францыяй і ваяваць з Ангельшчынай. Цяпер яна парушае свае клятвы і не жадае даць ніякага тлумачэньня пра свае дзіўныя паводзіны… Расею вядзе рок! Лёс яе павінен вырашыцца. Ці ня лічыць яна, што мы зьмяніліся? Хіба мы ўжо не ваяры Аўстэрліцу? Расея ставіць нас паміж ганьбай і вайной. Выбар несумнеўны. Пойдзем жа наперад! Пяройдзем Нёман, прынясём вайну ў расейскія межы. Другая польская вайна, як і першая, уславіць францускую зброю, і мір, які мы здабудзем, будзе трывалы і пакладзе канец пяцідзесяцігадоваму пыхліваму ўплыву Расеі на справы Эўропы. |
Адозва Напалеона 22 чэрвеня 1812 року[1]. |
Толькі ў траўні 1812, калі вайна з Расеяй стала непазьбежнай, Напалеон абвясьціў пра стварэньне Генэральнай канфэдэрацыі Польскага каралеўства і перадачу ёй усёй улады. 22 чэрвеня [ст. ст. 10 чэрвеня] ў Ваўкавішках, паведамляючы пра пачатак вайны на ўсходзе, францускі імпэратар назваў яе ня йначай, як «другая польская вайна». Адноўленае Польскае каралеўства стала адным з самых адданых хаўрусьнікаў французаў, выставіўшы ў шэрагі Вялікае арміі сто тысячаў жаўнераў. Да гэтае пары францускія войскі дзякуючы тэрытарыяльным заваёвам у часе Вайны пятай кааліцыі ўшчыльную падышлі да граніцы Расейскае імпэрыі[2].
Расейская эканоміка панесла вялікія страты ад падтрыманьня кантынэнтальнае блякады Вялікабрытаніі, да якой Расея далучалася паводле ўмоваў Тыльзыцкага міру. У 1810 року расейскі ўрад, незадаволены скарачэньнем экспарту і абясцэньваньнем папяровых грошай[3], управодзіў вольны гандаль з нэўтральнымі краінамі (што дазволіла гандляваць з Ангельшчынай праз пасярэднікаў) і павысіў мытныя стаўкі галоўным чынам на францускія тавары[4]: прадметы раскошы і віно[5]. У сьнежні 1810 Расея спыніла кантынэнтальную блякаду і навязала кантакты з антыфранцускай апазыцыяй у нямецкіх дзяржавах.
Перадачу Заходняе Галіччыны Варшаўскаму герцагству Расея ўспрыняла як пагрозу ўладаньням, набытым у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітае. Яна запатрабавала ліквідаваць гэтае ўтварэньне альбо перадаць герцагу Альдэнбурскаму ў якасьці кампэнсацыі за тэрытарыяльныя страты[6]. Вырашальную ролю ў пагаршэньні расейска-францускіх стасункаў адыграла адмова Напалеона Банапарта ратыфікаваць канвэнцыю, якая б забараняла аднаўленьне Польскай дзяржавы[7].
Са студзеня 1810 новы ваенны міністар Расеі Міхаіл Барклай-дэ-Тольлі прадпрыняў праграму дзеяньняў па падвышэньні баяздольнасьці войска. На пачатку 1811 расейскі Генэральны штаб распрацаваў плян наступальнае вайны на Варшаву і Данцыг[8].
Перадваеннае становішча
рэдагавацьУзмоцненая мабілізацыя рэкрутаў у беларускіх губэрнях пачалася яшчэ з 1802 року. Звычайны прызыў рэглямэнтаваў забіраць аднаго чалавека з 500 душ, але на час вайны бралі па 4-5. У гады панаваньня Аляксандра I часьцей за ўсё бралі менавіта па 4-5 рэкрутаў і толькі тройчы — па 1 чалавеку. Узімку 1812 року бралі па 8 рэкрутаў з 500 душ[9]. У Літоўска-Гарадзенскай губэрні ў 1802—1806 у войска было ўзята 7742 чалавекі, а ўвогуле да 1811 року — больш за 16 тысячаў чалавек, што нават перавышала натуральны прырост насельніцтва[1]. Падрыхтоўка да вайны не абмінула й Пружаншчыну. Толькі за 1808—1810 з Пружанскага павету пайшло служыць у пяхотныя палкі больш за 550 рэкрутаў (1808 — 221, 1809 — 213, 1810 — 121[10]).
У 1810—1812 у Пружане знаходзілася штаб-кватэра 2-й заходняй арміі генэрала Пятра Багратыёна. 18 чэрвеня 1812 пераведзеная ў Ваўкавыск[11].
Паводле ўспамінаў капітана Ільлі Радажыцкага, у сакавіку 1812 пад час маршу 2-й артылярыйскай брыгады праз Пружану — Слонім — Ваўкавыск — Масты — Ліду — Вільню правіянт здабывалі пагрозамі і сілай[1]. У траўні таго ж року праз Наваградак і Слонім у Пружану прыйшоў на злучэньне з 2-й арміяй Маларасейскі кірасірскі полк[12].
Літоўская шляхта зь нецярплівасьцю сачыла за дзеяньнямі Напалеона, перадаючы адзін аднаму чуткі пра францускага імпэратара і бюлетэні «Вялікага войска». Губэрнатары даносілі, што з прыходам французаў усе павернуцца супраць Расеі[1].
Сілы бакоў
рэдагаваць24 лютага 1812 Напалеон заключыў дагавор з Прусіяй, 14 сакавіка — з Аўстрыяй. Прусія абавязвала выставіць 20 тысячаў жаўнераў, Аўстрыя — 30 тысячаў[13]. Войска Варшаўскага герцагства ўжо ў сакавіку 1811 налічвала 60 тысячаў чалавек, а ў вайне паводле розных ацэнак узялі ўдзел ад 80 да 100 тысячаў палякаў і ліцьвінаў.
На скрайнім правым крыле войска, сабранага супраць Расеі, стаяў 7-ы корпус Жана-Люі-Эбэнэзэра Рэнье, які складаўся з 20 000 саксонцаў і францускай дывізіі Дзюрута. Ягоным прызначэньнем было ўтрыманьне на Літве і Валыні наступальных дзеяньняў расейскай 3-й Заходняй абсэрвацыйнай арміі. Аднак Напалеон недаацаніў значэньне палескага кірунку. Неўзабаве ён вымушаны быў скіраваць на дапамогу болей шматлікі Аўстрыйскі дапаможны корпус генэрала Карла Шварцэнбэрга (~25 000 чалавек), які ў адпаведнасьці з пачатковай задумай прызначаўся для абароны Варшаўскага герцагства[14].
Назапасіўшы трайную перавагу над расейцамі, Напалеон разьлічваў зьнішчыць заходнія арміі Расеі паасобку ў межах Беларусі й Літвы і прадыктаваць імпэратару Аляксандру I свае ўмовы міру. Францускі імпэратар паведаміў сваім паплечнікам пра плян:
Я распачну кампанію пераходам празь Нёман. Скончу яе ў Смаленску і Менску. Там спынюся. Я ўмацую гэтыя два гарады і займуся ў Вільні, дзе будзе мая галоўная кватэра на працягу бліжэйшай зімы, упарадкаваньнем Літвы, якая прагне скінуць зь сябе расейскі гнёт… Я не перайду Дзьвіны. Імкнуцца ісьці далей на працягу гэтага року — значыць ісьці насустрач уласнай пагібелі. | ||
У сакавіку 1812 року былі сфармаваныя тры расейскія Заходнія арміі. Асноўныя сілы ваеннага міністра Міхаіла Барклая-дэ-Тольлі (120,2 тыс. чалавек і 580 гарматаў) знаходзіліся ля Вільні, прыкрываючы шлях на Пецярбург. 2-я армія (49,4 тыс. чалавек і 180 гарматаў) пад даводзтвам Пятра Баграціёна знаходзілася каля Беластоку і прыкрывала маскоўскі кірунак.
3-я рэзэрвовая абсэрвацыйная армія (44,2 тыс. чалавек і 168 гарматаў), якая будзе супрацьстаяць саксонскім і аўстрыйскім войскам на Пружаншчыне, стаяла ля Луцку на кіеўскім кірунку[13]. Яе даводцам быў прызначаны генэрал ад кавалерыі Аляксандар Тармасаў. У апэратыўных адносінах ёй былі падпарадкаваныя разьмешчаны ў ваколіцах Мазыру 2-і рэзэрвовы корпус генэрал-лейтэнанта Фёдара Эрцля (~ 11 тыс. чалавек і 12 гарматаў) і гарнізон Бабруйскае фартэцыі пад даводзтвам генэрал-маёра Гаўрылы Ігнацьева (больш за 5 тыс. чалавек і 344 гарматы)[14].
Пачатак вайны
рэдагавацьУ ноч на 24 чэрвеня 1812 Напалеон з асноўнымі сіламі пераправіўся празь Нёман. На поўдні, ля Дарагічыну, раку Буг перайшоў 33-тысячны аўстрыйскі корпус Шварцэнбэрга. З Гарадзенскай губэрні і Беластоцкай вобласьці пачалася эвакуацыя казённай маёмасьці, архіваў, зброі, чынавенства.
27 чэрвеня аўстрыйскі корпус стаяў у Седльцах[15], а ў Гарадзенскай губэрні аўстрыйцы зьявіліся 30 чэрвеня. 4 ліпеня [ст. ст. 22 чэрвеня] Шварцэнбэрг заняў Берасьце, 6 ліпеня [ст. ст. 24 чэрвеня] — Высока-Літоўск, 9 ліпеня [ст. ст. 27 чэрвеня] — Пружану. Аўстрыйцы выставілі гарнізоны ўздоўж рэчак Мухавец і Піна ад Берасьця-Літоўскага праз Кобрынь і Янаў да Пінску, прыкрыўшы ад 3-й арміі расейцаў правы флянг Напалеона. Сьпярша справа абмяжоўвалася манэўрамі, расейцы і аўстрыйцы назіралі адзін за адным, не ўступаючы ў баі.
9 ліпеня Напалеон загадаў аўстрыйцам вырушыць праз Слонім і Нясьвіж на галоўны кірунак з намерам перасьледаваць армію Багратыёна. 10 ліпеня войска Шварцэнбэрга прайшло праз Пружану[15]. На ягонае месца быў адасланы саксонскі корпус Жана Рэнье. Напалеон памылкова недаацаніў сілы 3-й арміі Тармасава, разьлічваючы, што корпус Рэнье здолее стрымаць расейцаў да падыходу Дунайскай арміі Чычагова з Малдавіі.
7-ы саксонскі корпус (17 000 чалавек) Рэнье 27 чэрвеня знаходзіўся ў Беластоку, адкуль перайшоў да Слоніму. 7 ліпеня Рэнье распачаў рух у раён Пружаны з мэтаю абароны герцагства Варшаўскага і наступу на Валынь, па дарозе 10 ліпеня заняўшы Ваўкавыск і Наваградак[15]. Да Берасьця і Кобрыня былі накіраваныя пададдзелы са складу брыгады генэрала фон Кленгеля, а да Антопалю і Янава — кавалерыйская брыгада генэрал-маёра Габленца[16].
3-я рэзэрвовая армія Аляксандра Тармасава пачала баявыя дзеяньні толькі 15 ліпеня [ст. ст. 3 ліпеня] партызанскімі набегамі на прыгранічныя мястэчкі герцагства. 17 ліпеня [ст. ст. 5 ліпеня] Тармасаў атрымаў загад ад ваеннага міністра Барклая-дэ-Тольлі дзейнічаць на правы флянг францускай арміі і 18 ліпеня [ст. ст. 6 ліпеня] рушыў з Луцку на Гарадзеншчыну.
Вайсковыя дзеі
рэдагавацьВайсковыя дзеяньні на паўднёвым флянгу мелі самастойны характар і да завяршальнага этапу вайны не былі непасрэдна зьвязаныя са становішчам на цэнтральным напрамку. У абавязкі аўстрыйскага корпусу Шварцэнбэрга ўваходзіла ахова заходніх базаў і ліній камунікацыяў асноўных сілаў Напалеона. Гэта дазволіла аўстрыйцам пазьбегнуць маршу на Маскву і жудасных стратаў.
Фэльдмаршалу Шварцэнбэргу пазьней быў падпарадкаваны 7-ы саксонскі корпус генэрала Рэнье, які павінен быў сачыць і дакладаць Напалеону пра дзеяньні аўстрыйцаў. Яны правялі некалькі баёў разам (напрыклад, пад Гарадзечнай), аднак большасьць часу працавалі незалежна адзін ад аднаго.
Нязначная колькасьць стратаў аўстрыйскага корпусу, а таксама даволі рэдкія сутычкі з расейцамі дазваляюць меркаваць, што Вена і Санкт-Пецярбург, нядаўнія хаўрусьнікі, таемна дамовіліся не ўступаць у сутычкі адно з адным болей, чым таго патрабавала сытуацыя. Расейскія ўлады нават прад’яўлялі прэтэнзыі аўстрыйскаму двару за надта ўдалыя дзеяньні сілаў Шварцэнбэрга[17].
Наступ французаў
рэдагавацьКобрынская бітва
рэдагавацьВайскавод расейскай 3-й рэзэрвовай арміі Аляксандар Тармасаў дзеля дэзарыентацыі скіраваў частку сваіх войскаў да Берасьця і Пінску, а сам з асноўнымі сіламі рушыў да Кобрыні. Расейцы мелі 6 батальёнаў пяхоты, 40 кавалерыйскіх швадронаў, 15 сотняў ірэгулярнае кавалерыі, 30 гарматаў — агулам калі 10 400 чалавек. Рэнье, падмануты адцягвальным манэўрам Тармасава, скіраваў асноўныя сілы свайго корпусу на Пінск[14]. 25 ліпеня [ст. ст. 13 ліпеня] 1812 расейцы ўзялі Берасьце і рушылі ў бок Кобрыні.
У Кобрыні Рэнье пакінуў брыгаду генэрала Генрыха Кленгеля. У сувязі з тым, што грэнадэрскі батальён брыгады быў пакінуты дзеля спаўненьня гарнізоннае службы ў Беластоку, яна была ўзмоцненая ўланскім палком прынца Клеменса. Агулам саксонскі генэрал меў 4 батальёны, 3 швадроны, 8 гарматаў — 2430 чалавек[14].
27 ліпеня [ст. ст. 15 ліпеня] 1812 року тут адбылася бітва паміж сіламі расейскай 3-й заходняй арміі пад камандаваньнем генэрала Аляксандра Тармасава і саксонскай брыгады Генрыха Кленгеля. Акружаныя з усіх бакоў саксонцы абараняліся на развалінах форту, пабудаванага за часам Паўночнай вайны з Карлам XII. Аднак сілы былі няроўныя, і пасьля жорсткага бою абаронцы капітулявалі. У палон здаліся два саксонскія генэралы, 76 афіцэраў, больш за 2 тысячы жаўнераў[18]. Рэнье фарсіраваным маршам намагаўся падысьці на дапамогу Кленгелю, аднак спазьніўся і, даведаўшыся пра перамогу расейцаў, адышоў на Слонім.
15 ліпеня адбыўся бой Тармасава з напалеонаўскімі войскамі ля вёсак Крыніца, Сухопаль і Роўбіцк[18]. Неўзабаве расейцы занялі таксама Пружану і Пінск. Кавалерыя Лямбэрта зьявілася нават у Беластоку, выклікаўшы жах сярод францускіх чыноўнікаў[11]. Пасьля гэтага вайсковы міністар Варшаўскага герцагства генэрал Вяльгорскі(pl) нават загадаў стварыць дывізію для аховы граніц[19]. Аднак на Варшаўскае герцагства Тармасаў не пайшоў, бо не ставала харчу і боепрыпасаў.
19 ліпеня 3-я Заходняя армія накіравалася да Антопалю, а на поўнач, да Малечу і Хомску, былі высунутыя аддзелы генэрал-маёраў Карла Лямбэрта і Яфіма Чапліца.
Далучэньне аўстрыйскіх войскаў
рэдагавацьПасьля гэтага Напалеон падпарадкаваў сілы Рэнье аўстрыйскаму корпусу князя Шварцэнбэрга, які атрымаў загад адкінуць армію Тармасава на Валынь. Злучыўшыся 3 жніўня [ст. ст. 22 ліпеня] ў Слоніме, аўстрыйцы ды саксонцы выступілі ў бок Пружаны і 6 жніўня [ст. ст. 25 ліпеня] захапілі Зэльву і Ружаны.
Даведаўшыся пра падыход супраціўнікаў, Тармасаў загадаў Лямбэрту перайсьці да Пружаны, а Чапліцу да Равяцічаў[18].
7 жніўня [ст. ст. 26 ліпеня] войска Рэнье сканцэнтравалася ў Вялікім Сяле на поўнач ад павятовага цэнтру. 8 жніўня [ст. ст. 27 ліпеня] адбыўся бой паміж расейскім авангардам і саксонскім корпусам між Сухопалем і Папялёвам, пасьля чаго Лямбэрт вымушаны быў адступіць да Пружаны, аднак Рэнье дагнаў яго й 9 жніўня атакаваў ізноў.
У той самы час аўстрыйцы фарсіравалі забалочаную пойму ракі Ясельда. Разьбіўшы 8 жніўня [ст. ст. 27 ліпеня] ў баі пад Сігневічамі расейскі аддзел, Шварцэнбэрг рушыў да Пружаны «праз Мальцы і Лінёва»[11].
Узяцьце Пружанаў
рэдагавацьРанкам 10 жніўня [ст. ст. 29 ліпеня] атакай нашмат большых сілаў Шварцэнберг здолеў выбіць зь Пружаны войскі графа Лямбэрта. Расейцы пачалі адыходзіць па дарозе Пружана — Клятное — Козі Брод да Гарадзечны. Цягам усяе дарогі саксонцы атакавалі адыходзячых расейцаў, сутычкі адбыліся пад Клетным[18] і на пераправе ля Козі-Броду.
11 жніўня да Гарадзечны з Кобрыню падышлі асноўныя сілы Тармасава: корпусы генэрал-лейтэнантаў Яўгена Маркава і Сяргея Каменскага. Аўстрыйскія і саксонскія войскі падыходзілі з поўначы і ўсходу.
Бітва пад Гарадзечнай
рэдагаваць12 жніўня [ст. ст. 31 ліпеня] 1812 ва ўрочышчы Высокая Гара, за 2 км на поўдзень ад вёскі Паддубна Кобрынскага павету Гарадзенскай губэрні (цяпер у Пружанскім раёне), адбылася бітва паміж сіламі аўстрыйска-саксонскага корпусу Карла Шварцэнбэрга і Карла Лямбэрта (40 000 чалавек) і арміяй генэрала Аляксандра Тармасава (18 000 чалавек), што ўвайшла ў гісторыю як найвялікшая бітва Напалеонаўскай эпохі ў заходніх рэгіёнах Беларусі[11]. Бітва пачалася на сьвітаньні і доўжылася па розных ацэнках ад 10 да 14 гадзін. Увечары расейцы адступілі да ракі Стыр у кірунку Кобрыня.
Зьвесткі пра страты супярэчлівыя: кожны бок акрэсьлівае свае страты прыблізна ў 1,5 тыс. чалавек, а страты праціўніка ад 3 да 5 тыс. чалавек. Як адзін, так і іншы бок за ўдзел у бітве быў узнагароджаны разнастайнымі ордэнамі і адзнакамі. Тым ня меней, у выніку напалеонаўскія войскі 1 (13) жніўня занялі Кобрынь, 4 (16) жніўня — Берасьце і Дзівін, 6 (18) — Маларыту, а расейская армія цалкам пакінула тэрыторыю Гарадзенскай губэрні.
Іншыя
рэдагаваць20 ліпеня каля вёскі Галоўчыцы адбылася бітва, якая скончылася перамогай францускага войска.
Падчас праходжаньня 6-тысячнага саксонскага атраду празь вёску Сухопаль былі разрабаваныя царква і царкоўная бібліятэка. Толькі ўмяшальніцтва арандатара сухопальскага маёнтку Энгельгарта дапамагло выратаваць вёску ад спаленьня[20].
Пасьля 17 жніўня 3-я Абсэрвацыйная армія, адышоўшы з тэрыторыі Беларусі, сканцэнтравалася на правым беразе ракі Стыр. Галоўныя сілы напалеонаўскіх хаўрусьнікаў разьмеркаваліся эшэлонамі між Стыр’ю і Бугам. У гэтым становішчы супраціўнікі знаходзіліся да пачатку верасьня[21].
Наступ расейцаў
рэдагавацьУ пачатку восені на Валынь з Малдавіі перайшла Дунайская армія адмірала Чычагова. 9 верасьня на рацэ Стыр між Берасьцечкам і Луцкам яна злучылася з 3-й арміяй Тармасава. Гэта забясьпечыла колькасную перавагу над сіламі Шварцэнбэрга—Рэнье (60 000 чалавек супраць 43 000)[22]. Чычагоў, які пераняў даводзтва аб’яднанай арміяй, распачаў неадкладны наступ на карпусы князя Шварцэнбэрга і генэрала Рэнье.
Выгнаньне за Буг
рэдагавацьНаступ разгортваўся на шырокім фронце між правым берагам Бугу і Кобрынем. Адбылося некалькі сутычак (Паўлавічы, Вышнеў й інш.). Аўстрыйскі корпус пасьля паразы ад расейцаў на рацэ Лясной (за 10 вёрстаў ад Берасьця-Літоўскага)[23] адышоў цераз Сямятычы ў герцагства Варшаўскае. Туды ж накіравалася і саксонскае войска пасьля паразы 28 верасьня пад Любомлем[15]. 3 кастрычніка аўстрыйцы і саксонцы аб’ядналіся ў Берасьці[15].
12 кастрычніка [ст. ст. 30 верасьня] 1812 расейскія войскі занялі Берасьце і заняліся нарыхтоўкай харчаваньня. Корпус князя Шчарбатава(ru) (20 батальёнаў, 4 драгунскія, 1 гусарскі і 2 казацкія палкі, 3 артылерыйскія роты), над якім узяў даводзтва генэрал-лейтэнант Остэн-Сакен, перайшоў у Пружаны з мэтаю сабраць 10-дзённы запас для ўсяго войска. Генэрал-маёр Чапліц зь невялікім аддзелам (4 батальёны, 12 швадронаў, 2½ казацкіх палкоў і 12 гармат) быў скіраваны для заняцьця Слоніма, дзе генэрал Канопка(pl) фармаваў полк зь літоўцаў; урэшце, флігель-ад’ютант палкоўнік Чарнышоў (4 швадроны, 3 казацкія палкі, 4 гарматы) быў скіраваны дзеля набегу ў межы герцагства Варшаўскага[23]. Тут адбылася сутычка з саксонскім і часткаю аўстрыйскага корпусу пад Васкрыніцай. Пасьля гэтае паразы корпус Сакена (як і ўсе астатнія карпусы) быў выкліканы з Пружаны ў Берасьце[24]. На пэўны час баявыя дзеі перанесьліся на тэрыторыю Варшаўскага герцагства.
Адыход Чычагова да Менску
рэдагаваць27 кастрычніка [ст. ст. 15 кастрычніка] Чычагоў, атрымаўшы загад зь Пецярбургу выступаць у тыл напалеонаўскага войска, падзяліў сваю армію на дзьве часткі. З адной зь іх 30 кастрычніка [ст. ст. 18 кастрычніка] рушыў на Менск цераз Пружану, Картуз-Бярозу, Косаў, Слонім, Нясьвіж і г. д.[24] У Берасьці засталася вайсковая група генэрала Остэн-Сакена.
Калі Шварцэнбэргу стала вядома пра выступленьне Чычагова зь Берасьця, ён пераправіўся цераз Буг і хуткім маршам пайшоў наўздагон, да Ваўкавыску. Саксонцы, прыкрываючы яго на маршы, набліжаліся да Сьвіслачы й Поразава. Генэрал Сакен, даведаўшыся пра манэўры Шварцэнбэрга і Рэнье, паслаў свае войскі наўздагон саксонцам. Прайшоўшы маршам Белавескую пушчу, вёску Рудня, 31 кастрычніка расейцы дагналі ворага ля мястэчка Поразава. Першая сутычка адбылася ля вёскі Гарнастаевічы, аднак саксонцы вырашылі пазьбягаць вялікае бітвы і адышлі да Ваўкавыску. 14 лістапада Шварцэнбэрг заняў Слонім, аднак Чычагова там ужо не было.
Сакен вырашыў атакаваць саксонцаў, якім на дапамогу падышоў корпус Шварцэнбэрга. Пасьля бітвы пад Ваўкавыскам 15—16 лістапада [ст. ст. 3—4 лістапада] генэрал Сакен вымушаны быў адступіць да Берасьця[18]. 25 лістапада [ст. ст. 13 лістапада] група Остэн-Сакена была разьбітая пад Берасьцем і, перасьледаваная саксонцамі, адышла на Валынь, аднак сваімі актыўнымі дзеяньнямі здолела пазбавіць Напалеона дапамогі з боку сьвежых сілаў, што ў значнай ступені паспрыяла канчатковай паразе французаў. Шварцэнбэрг, атрымаўшы загад Напалеона выступіць на Менск, выправіўся з Кобрыні 27 лістапада ўвасьлед Чычагову, аднак адлегласьць была надта вялікая[15].
Заключны пэрыяд
рэдагавацьУ заключны пэрыяд вайны найбольш вялікія бітвы на тэрыторыі Берасьцейшчыны адбыліся ля мястэчак Шарашова Пружанскага і Клейнікі Берасьцейскага паветаў[18].
22 лістапада, адыходзячы, войскі Рэнье перайшлі ў Шарашова. Шварцэнбэрг ад Гарадзечны перайшоў да Пружаны 1 сьнежня, куды 6 сьнежня рушыў і Рэнье. Аўстрыйскія і саксонскія войскі пакідалі Літоўска-Гарадзенскую губэрню па шляху Горадня — Індура — Крынкі — Сьвіслач — Пружаны — Брэст-Літоўск. У пачатку сьнежня, перасьледаваныя войскамі Тучкова, яны пакінулі тэрыторыю Пружаншчыны, перайшоўшы ў Герцагства Варшаўскае. Па вуснай дамоўленасьці з расейцамі пра спыненьне агню войскі хаўрусьнікаў спыніліся на зімовыя кватэры ў Беластоку[17].
У канцы студзеня 1813 року, дайшоўшы разам з асноўнымі сіламі французаў да Варшавы, Шварцэнбэрг і Рэнье падзяліліся: аўстрыйцы скіраваліся ў Галіцыю, 7-ы корпус Рэнье — да Калішу, дзе 13 лютага быў нагнаны корпусам генэрала Вінцынгеродэ і, атрымаўшы значныя страты, адышоў да Дрэздэну, а пасьля ў Парыж.
Страты аўстрыйскага корпусу склалі 7000 забітымі і яшчэ 4000 памерлымі, захварэлымі і адсталымі. Дакладная колькасьць стратаў саксонскага войска невядомая, аднак яны таксама значныя, сярод загінулых быў і генэрал-маёр Крыстаф фон Гутшмід[17].
Француская адміністрацыя
рэдагаваць4 ліпеня [ст. ст. 22 чэрвеня] 1812 прызначаны Жазэфам Банапартам губэрнатарам генэрал Ражнецкі сабраў у Горадні канфэрэнцыю, рада якой утварыла правіянцкі, паліцэйскі, фінансавы і палітычны аддзелы. Рада канфэдэрацыі кіравала ўсёй Гарадзенскай губэрняй і падтрымлівала стасункі з францускім камандаваньнем па пытаньнях збору правіянту і стварэньня лязарэтаў. Аднак праіснаваўшы ўсяго 15 дзён, Рада была скасаваная ў сувязі са стварэньнем Часовага ўраду[13]. Урад складаўся з 5 сябраў і генэральнага сакратара. Камісія Часовага ўраду займалася кіраваньнем фінансамі краю, дастаўкай правіянту, стварэньнем мясцовага апалчэньня і паліцэйскіх фармаваньняў.
Неўзабаве губэрні былі перайменаваныя ў дэпартамэнты, паветы — у падпрэфэктуры, якія падзяляліся на дыстрыкты, а апошнія, у сваю чаргу, на кантоны. Губэрнскія камісіі былі замененыя адміністрацыяй дэпартамэнтаў, на чале якіх былі пастаўленыя францускія губэрнатары й інтэнданты. Камісіі падпрэфэктураў павінны былі выконваць усе загады францускіх военачальнікаў. У гарадах утвараліся муніцыпалітэты, якія падпарадкоўваліся падпрэфэктам. Акрамя таго, існавала і сельская адміністрацыя[13].
Для Гарадзенскага дэпартамэнту Напалеон прызначыў наступных камісіянэраў і падпрэфэктаў:
- Ігнацы Ляхніцкі(pl)
- Юльян Урсын Нямцэвіч
- Панцэжынскі[25]
Вайсковым губэрнатарам стаў генэрал Брун(fr).
Як толькі расейскія войскі пакінулі Пружану, павятовыя шляхцічы з палкоўнікам францускага войска Стэфанам Грабоўскім склалі акт Канфэдэрацыі і надрукавалі яго ў газэтах. Прэфэктам Пружанскай падпрэфэктуры стаў Юзэф Булгарын, камісарамі — Трэмбіцкі, Швыкоўскі, Анджэйкавіч, Ляховіч[11].
14 ліпеня [ст. ст. 2 ліпеня] 1812 ў катэдральным саборы Вільні быў абвешчаны Акт пра далучэньне Вялікага Княства Літоўскага да Генэральнай канфэдэрацыі Польшчы, утворанай 24 чэрвеня ў Варшаве. Цягам ліпеня — кастрычніка да канфэдэрацыі далучыліся амаль усе паветы Беластоцкага, Віленскага, Гарадзенскага і Менскага дэпартамэнтаў[26]. У справаводзтва быў вернуты Статут 1588 року[13]. Былі заснаваныя губэрнскія і павятовыя суды.
Для абароны насельніцтва ад марадэраў пачалося стварэньне жандармэрыі (па 30—60 чалавек на павет), а ў местах — народнае гвардыі (старожы). Гарадзенскі полк жандармэрыі ўзначаліў князь Міхал Геранім Радзівіл[25], яго колькасьць дасягнула 856 чалавек. Жандары насілі сінія мундзір і рэйтузы, памяранцавы шалік, чорны ківер з латуневай бляхай з надпісам «жандар», скураныя партупею і лядунку, на якой зьмешчаны герб «Пагоня»[1].
Дзеля набору рэкрутаў у напалеонаўскае войска была ўведзеная падобная да расейскай сыстэма. Кожны шляхціч, які валодаў маёмасьцю, меў выставіць пэўную колькасьць чалавек. Гарадзенскі дэпартамэнт агулам павінен быў выставіць 2500 чалавек (Віленскі і Менскі дэпартамэнты — па 3000, Беластоцкі — 1500). Падобная сыстэма дзейнічала і для набору кавалерыстаў, адзін вершнік выстаўляўся з кожных 75 двароў, на ягонае ўтрыманьне зьбіраліся па 73 рублі з кожных 50 двароў[9]. Гарадзенскі дэпартамэнт меў выставіць 996 чалавек (Віленскі — 1327, Менскі — 1307 і Беластоцкі — 370)[25]. Тэрмін службы акрэсьліваўся ў 6 рокаў (у расейскім войску на той час — 25 рокаў). Афіцэры й валянтэры набіраліся шляхам прымусовай мабілізацыі шляхцічаў ва ўзросьце ад 19 да 38 гадоў, аднак стварэньне гэтых структураў ішло вельмі марудна. З Пружанскага павету ў напалеонаўскім войску служылі ўланамі 90 чалавек, 214 рэкрутаў накіраваныя ў пяхоту, 82 — у кавалерыю, 107 — у жандары, 35 — у паляўнічыя[11]. На іхняе ўтрыманьне было рэквізавана ў насельніцтва 754 адзінкі амуніцыі, 36 кажухоў[18].
Улетку былі ўведзены падаткі на прыбыткі — гарэлкі, рыбы, масла, тытуню і да т.п.; паборы натурай (хлебам, фуражом, быдлам) дасягнулі жахлівых памераў.
У канцы 1812 року, калі расейскае войска ўступіла ў Літву, Камісія часовага ўраду ВКЛ зьбегла за мяжу. Кіроўны орган Генэральнае канфэдэрацыі самараспусьціўся ў красавіку 1813.
Стаўленьне насельніцтва
рэдагавацьЗ моманту апошняга падзелу Рэчы Паспалітай мінула меней за 20 рокаў, і сярод яе былых насельнікаў былі вялікія спадзяваньні на імпэратара Напалеона, які абяцаў адраджэньне іхняе дзяржавы ў межах да 1772 року. Многія жыхары заходніх губэрняў разглядалі Варшаўскае герцагства як «залог, створаны Напалеонам для будучага аднаўленьня Айчыны» ў старадаўніх межах. З часоў аўстра-франка-польскай вайны 1809 року вялікая колькасьць шляхецкай моладзі, нягледзячы на забарону і рэпрэсыўныя меры, эмігравала ў Варшаўскае герцагства, дзе паступала на службу. Сапегі, Радзівілы, Пацы, а таксама больш дэмакратычныя шляхецкія, мяшчанскія, інтэлігенцкія колы схіляліся на бок Напалеона. Частка арыстакратаў, тым ня меней, зьвязвала надзею на аднаўленьне дзяржаўнасьці ВКЛ у хаўрусе з Расеяй[27].
Аднак ня ўсе чакалі прыходу францускіх войскаў з радасьцю. Даходзілі на Палесьсе навіны з Варшаўскага герцагства пра зусім не саюзьніцкае стаўленьне францускіх жаўнераў, разбэшчаных шматгадовым паходным жыцьцём і вайсковымі посьпехамі, да цывільнага насельніцтва. Рэквізыцыі цягнуліся за рэквізыцыямі, грабяжы замяняліся гвалтам і разбоямі[28]. Тутэйшыя жыхары ў чаканьні пачатку вайсковых дзеяньняў адпаведна таксама не маглі пачувацца ў бясьпецы. Менавіта з гэтай прычыны Пружаншчына пазбавілася права называць сябе радзімай таленавітага польскага пісьменьніка Язэпа Крашэўскага[29]: яшчэ ўвесну 1812 Соф’я Мальская, ягоная маці, пераехала ў бацькоўскі маёнтак Раманаў, а адтуль у Варшаву[30].
1 ліпеня [ст. ст. 19 чэрвеня] 1812 Напалеон падпісаў дэкрэт пра ўтварэньне Вялікага Княства Літоўскага і прызначыў яго Часовы ўрад. Таму сярод напалеонаўскіх афіцэраў было прыкладна 80 тысячаў палякаў, а таксама прадстаўнікоў ліцьвінскай і ўкраінскай нацыянальнасьцяў[11].
Значная частка мясцовай шляхты стала шпіёнамі войска Банапарта. Сярод іх быў, між іншых, Войцех Пуслоўскі. Адначасна ён займаўся пастаўкамі збожжа й ялавічыны на патрэбу расейскага войска[11]. Мела шляхта напачатку й парывы ахвяраваць каштоўнасьці, золата, срэбра, аднак пасьля першых паразаў запал паціху пачаў згасаць.
На загад Часовага ўраду ад 25 ліпеня [ст. ст. 13 ліпеня] Гарадзенскі дэпартамэнт меўся выставіць для францускага войска 2,5 тыс. рэкрутаў. Нягледзячы на абяцаньні, што тэрмін службы складзе толькі шэсьць рокаў і будзе аплочваны, у большасьці выпадкаў сяляне супраціўляліся набору ў войска. Памешчыкі таксама не былі зацікаўленыя ў страце ўласных прыгонных. У такіх умовах урад вымушаны быў рэкрутаваць нават марадэраў і дэзэртыраў з расейскага войска[13].
Беларускія сяляне чакалі ад Напалеона вызваленьня ад прыгону, як гэта было зроблена ў Польшчы ў 1807 року. Пачаліся сялянскія напады на сядзібы паноў, адмаўленьне ад падпарадкаваньня. Насуперак іхнім чаканьням, Напалеон загадаў высылаць створаныя аддзелы жандармэрыі для пакараньня мяцежнікаў. Акрамя таго, сяляне былі забавязаныя аддаваць у францускае войска рэкрутаў, забясьпечваць жаўнераў грашыма, фуражом і харчам. Гэта выклікала пасіўны (адмова выкананьня паставак, уцёкі цэлымі вёскамі ў лясы) і актыўны (забойствы рэквізытараў, партызанскія дзеяньні, захоп правіянцкіх абозаў) супраціў[9].
Урачыста быў адзначаны дзень нараджэньня Напалеона 15 жніўня. У местах былі вывешаныя партрэты імпэратара з надпісамі кшталту «Уся цьвердзь зямная сьвяткуе: сёньня нарадзіўся Той, хто зьняважыў ганарлівых і вызваліў слабых» ці «Ўсемагутны справядлівы Бог праяўляецца ў Напалеоне». У касьцэлах і цэрквах служылі ўдзячныя малебны, адбываліся вайсковыя парады, ладзіліся фаервэркі[9].
Вынікі
рэдагавацьВайна прынесла Пружаншчыне вялікія разбурэньні. Падчас Гарадзечанскае бітвы былі разбураныя вёскі Паддубна, Харкі і Гарадзечна. Ружаны і вакольныя вёскі былі разрабаваныя пры праходжаньні напалеонаўскага войска, а насельніцтва Пружанаў пакідала сваё места з-за адсутнасьці сродкаў да існаваньня[20]. Падчас адступленьня саксонскі генэрал Функ згадваў пра землі між Ваўкавыскам і Шарашовам: «Гэтая мясцовасьць увогуле адна з самых гаротных у Расеі і Польшчы…».
Агульныя страты павету падчас вайны склалі 700 тысячаў рублёў. Для параўнаньня, мястэчка і маёнтак Гарадзец зь дзьвюма вёскамі ў Кобрынскім павеце былі набытыя пружанскім шляхціцам Францам Врэйтам ад сям’і фэльдмаршала Суворава за 105 600 рублёў. Штодзённы заработак рабочага на будаўніцтве складаў 20 капеек у дзень; рабочая кабыла ў 1812 каштавала 50 рублёў[11].
24 сьнежня [ст. ст. 12 сьнежня] 1812 ў Вільні Міхаіл Кутузаў раіў расейскаму імпэратару Аляксандру I канфіскаваць маёнткі шляхцічаў, што падтрымалі Напалеона, і перадаць іх расейскім вайскоўцам, што адзначыліся ў вайне. Аднак цар маніфэстам абвясьціў амністыю ўсім жыхарам Літвы-Беларусі пры ўмове вяртаньня іх на радзіму цягам двух месяцаў (пазьней гэты тэрмін быў падоўжаны). 5 лістапада [ст. ст. 24 кастрычніка] 1813 царскім загадам праводзілася канфіскацыя 234 маёнткаў 189 уладальнікаў, у тым ліку ў Пружанскім павеце — 2 маёнткі са 104 душамі[1].
Рэпрэсіі спыніліся толькі пасьля выданьня маніфэсту 30 жніўня 1814 пра ўсеагульную і безумоўную амністыю і вяртаньне канфіскаваных альбо сэквэстраваных маёнткаў[31].
У сакавіку 1813 року была адноўленая губэрнская адміністрацыя.
У канцы 1813 з прычыны невыкананьня Пружанскім паветам абавязкаў па выплаце падаткаў гарадзенскі губэрнатар даў распараджэньне казённай палаце разабрацца з сытуацыяй. 14 сьнежня 1813 дараднікі палаты Максімовіч і Абнінскі склалі рапарт, у якім паведамлялі, што колькасьць жыхароў Пружанаў зьменшылася праз голад, беднасьць і заразную хваробу са сьмяротным зыходам. З 536 мужчынскіх душаў па рэвізіі 1811 року засталося 202, а ў цэлым па павеце колькасьць сялянаў зьменшылася з 22 388 да 19 785 чалавек, шляхціцаў і жыдоў — напалову, мужчынскае насельніцтва зьменшылася на 13%[11]. Толькі добрыя ўраджаі 1813 і 1814 рокаў дазволілі пазьбегнуць масавага голаду й эпідэміі.
У 1817 у Пружане заставаліся толькі 824 жыхары і 242 драўляныя хаты. Вёскі Паддубна, Жабін, Харкі былі адноўленыя толькі ў 1818 року. З прычыны вялікіх стратаў насельніцтва, іхняе маёмасьці, хатняе жывёлы і ўраджаю рэвізоры рэкамэндавалі ня браць падаткі з «выбылых» душаў і аказаць спустошанаму павету абарону і заступніцтва.
Сьляды мясцовых баёў заставаліся яшчэ не адзін год. Ужо па вайне пружанскі земскі спраўнік Канстанцінаў дакладаў кіраўніцтву, што «…у фальварку Паддубне знаходзіцца немалая колькасьць ядраў шасьціфунтавага калібару, бомбы й іншыя воінскія прыналежнасьці»[32].
Памяць
рэдагавацьНа сустрэчах і ў ліставаньні з гарадзенскім губэрнатарам генэрал Тармасаў неаднаразова выказваў думкі пра неабходнасьць ушанаваньня памяці Кобрынскай і Гарадзечанскай бітваў. Было пастаноўлена пабудаваць у Гарадзечне праваслаўную царкву. Фундатарам пабудовы стаў уласьнік Гарадзечны і Плянты Войцех Брунан Пуслоўскі, былы маршалак Слонімскага павету, а будаўніком — памешчык Шэмет. Царква была адчыненая на сьвята Пакрова 1825 року і атрымала назву Сьвята-Пакроўскае[11]. Дванаццаць калёнаў храму сымбалізавалі «12-ы рок». Царква была зьнішчаная за савецкім часам, аднак на пачатку 1990-х рокаў адноўленая ў першапачатковым выглядзе дзякуючы намаганьням грамадзкасьці[33].
У 1840-я рокі ля вёскі Клятное ў гонар загінулых тут вояў была ўзьведзеная невялікая каплічка, зруйнаваная па Першай сусьветнай вайне[33].
Падчас падрыхтоўкі да 100-гадовага юбілею вайны на тэрыторыі Пружанскага павету было выяўлена шэсьць братэрскіх пахаваньняў. Паводле архіўных дакумэнтаў, дзьве братэрскія магілы знаходзіліся непадалёк ад Шарашова. На месцы аднае зь іх, на паўночна-заходняй ускраіне мястэчка, ужо ў 1911 року была жылая забудова; другая, на паўднёва-ўсходнім напрамку, была раскапаная і з часам таксама зьнікла. Яшчэ на двух братэрскіх магілах мясцовыя жыхары раней усталявалі драўляныя крыжы, аднак адна зь іх была зьнішчаная падчас пабудовы дарогі, а другая, ля вёскі Харкі, захавалася да нашага часу[33]. Пятая магіла знаходзілася ва ўрочышчы Дзяды Бярозаўскай воласьці, за 16 вёрстаў ад Картуз-Бярозы (цяпер у Пружанскім раёне), на ёй таксама быў усталяваны драўляны крыж з надпісамі па-расейску, які, аднак, да 1911 ужо спарахнеў. Шостае пахаваньне знаходзілася ў непраходнай дрыгве між вёскамі Жабін і Паддубнай[34].
У 1912 року, на 100-рочча Гарадзечанскай бітвы, ля вёскі Паддубна, дзе адбываўся бой, было заплянаванае ўзьвядзеньне капліцы ў памяць палеглых расейскіх жаўнераў. Дзеля гэтага ўласьнікі зямлі ва ўрочышчы Высокая Гара ахвяравалі надзел плошчай 25 квадратных сажаняў. Помнік-капліца была пастаўленая да лета 1914 року, мела від усечанай шасьціграневай піраміды на каменным пастамэнце з прыступкамі, на шатровым даху стаяў чыгунны крыж. Адкрыцьця помніку не адбылося з прычыны пачатку Першай сусьветнай вайны, а пазьней капліца была зруйнаваная. У 1994 року намаганьнямі мясцовых краязнаўцаў, уладаў і іншых жыхароў Пружаншчыны капліца таксама была адноўленая ў пачатковым выглядзе[33]. Праваслаўныя крыжы былі пастаўленыя за вёскай Харкі і ў вёсцы Паддубна. У 1971 року гэтыя крыжы ў Харках, Гарадзечне, Паддубне, Сасноўцы і Жабіне былі зруйнаваныя бальшавікамі; у 1992—1993 адноўленыя[34].
Яшчэ адна братэрская магіла тых часоў знаходзіцца на заходняй ускраіне вёскі Ляскова (за 7 км на поўнач ад Кобрыні). У ёй пахаваныя расейскія жаўнеры, якія загінулі падчас адступленьня з Гарадзечны і памерлі ад ранаў у шпіталях. У 1986 року над магілай насыпалі паўтарамятровы курган, на якім усталявалі стэлу з выявай помніку кобрынскай перамогі[33].
У 1962 року 150-годзьдзе бітвы пад Гарадзечнай было адзначанае ўсталяваньнем абэліску на аўтадарозе Р85 Слонім — Высокае, ля павароту на Паддубна. Гэта квадратная калёна вышынёй 6,4 м на невялікім п’едэстале. У ніжняй частцы знаходзіцца мармуровая дошка з тэкстам: «12 жніўня 1812 року ля в. Паддубнае часткі 3-й расейскай арміі колькасьцю 18 000 чалавек пад даводзтвам генэрала Тармасава на працягу чатырнаццаці гадзінаў упарта змагаліся супраць 40 000 корпусу напалеонаўскае арміі. У гэтым баі супернік страціў 6,5 тысяч жаўнераў і афіцэраў. Усталяваны ў 150-ю гадавіну Айчыннай вайны 1812 року». Аднатыпны абэліск быў усталяваны 11 лістапада 1962 і на братэрскай магіле ў вёсцы Стрыгава (Кобрынскі раён), за 17 км на поўдзень ад Гарадзечны[35].
У гэтым самым року Шарашоўская вуліца ў Пружанах была перайменаваная ў гонар Аляксандра Тармасава[11].
Частка матэрыялаў па падзеях француска-расейскай вайны на Пружаншчыне прадстаўленая ў экспазыцыях Пружанскага палацыку і Кобрынскага ваенна-гістарычнага музэю імя Суворава[33].
Крыніцы і заўвагі
рэдагаваць- ^ а б в г д е Леанід Лаўрэш. Вайна 1812 г. у Літве і на Лідчыне // Наша слова. — 13 чэрвеня 2012. — № 24 (1071), 25 (1072), 26 (1073), 27 (1074).
- ^ Тарле Е. В. Нашествие Наполеона на Россию // Собрание сочинений: в 12 томах. — М.: Издательство АН СССР, 1959. — Т. 7. — С. 435 — 732.
- ^ Подмазо А. А. Континентальная блокада как экономическая причина войны 1812 г. // Эпоха 1812 года. Исследования. Источники. Историография. Часть II. / Сборник материалов. К 200-летию Отечественной войны 1812 года. — М.: Труды ГИМ, 2003. — № 137. — С. 249 — 266.
- ^ Бескровный Л. Г. Некоторые вопросы истории Отечественной войны 1812 года. — Вопросы Истории, 1962. — № 10. — С. 50—60.
- ^ Тарле Е. В. Вторжение Наполеона // Собрание сочинений: в 12 томах. — М.: Издательство АН СССР, 1961. — Т. 11. — С. 447.
- ^ Brégeon, Jean-Joël. 1812 : La paix et la guerre. — Paris: Perrin, 2012. — С. 157. — ISBN 978-2-262-03239-5
- ^ Айчынная вайна 1812 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2 — С. 73.
- ^ Dariusz Nawrot. Litwa i Napoleon w 1812 roku. — Katowice: 2008. — С. 58-59.
- ^ а б в г д Тарасаў Канстанцін Іванавіч. «Насустрач уласнай пагібелі» // Памяць пра легенды. — Мн.: Полымя, 1990. — 12 000 ас.
- ^ Швед В.В., Данскіх С.У. 1.2. Дэмаграфічныя праблемы ды рэкруцкія наборы // Заходні рэгіён Беларусі ў часы напалеонаўскіх войнаў 1805—1815. — Гродна: ГрДУ імя Янкі Купалы, 2006. — С. 34.
- ^ а б в г д е ё ж з і к л Ірына Сядова. (23 студзеня 2010) Вуліцы майго дзяцінства Культура. Раённыя будні. Праверана 3 чэрвеня 2012 г.
- ^ Швед В.В., Данскіх С.У. 1.3. Ваенныя пастоі і гаспадарчыя праблемы // Заходні рэгіён Беларусі ў часы напалеонаўскіх войнаў 1805—1815. — Гродна: ГрДУ імя Янкі Купалы, 2006. — С. 38.
- ^ а б в г д е Вайна 1812 года і Беларусь Туризм в Беларуси. Праверана 23 чэрвеня 2012 г.
- ^ а б в г Лякин В. А. В далёком тылу «Великой армии» // Гроза двенадцатого года над Полесьем. — Мн.: Четыре четверти, 2009. — С. 4. — ISBN 978—985-6856-57-3
- ^ а б в г д е John Sloan. French invasion of russia — 1812 (анг.) Xenophon. Праверана 4 ліпеня 2012 г.
- ^ Сергій Яровенко. 2.1.1. Початок бойових дій. Рейд загону генерала Ламберта // Волинь у 1812 році.
- ^ а б в Stephen Herold, M.A., Ph.C. The Austrian Campaign under FM Schwarzenberg in 1812 (анг.) Antiques AtoZ. Праверана 4 ліпеня 2012 г.
- ^ а б в г д е ё Вайна 1812 года Всё о Ружанах. Праверана 30 чэрвеня 2012 г.
- ^ Stephen Herold, M.A. Ph.C. Volhynie Campaign — 1812 (анг.) Antiques AtoZ. Праверана 4 ліпеня 2012 г.
- ^ а б Памяць: Пружанскі раён… — С. 26.
- ^ Лякин В. А. В далёком тылу «Великой армии» // Гроза двенадцатого года над Полесьем. — Мн.: Четыре четверти, 2009. — С. 29. — ISBN 978—985-6856-57-3
- ^ Айчынная вайна 1812 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2 — С. 76.
- ^ а б Воскриница (рас.) / Под ред. В.Ф. Новицкого и др. // Военная энциклопедия: [В 18 т.]. — СПб.: Т-во И.Д. Сытина, 1911—1915.
- ^ а б В.В. Вяземский. «Журнал» 1812 г. (рас.) Военная литература. Праверана 30 чэрвеня 2012 г.
- ^ а б в Henry L. Gaidis. Napoleon's Lithuanian forces // Lituanus : Lithuanian quarterly journal of arts and sciences. — 1984. — Т. 30. — № 1. — ISSN 0024-5089.
- ^ Генеральная канфедэрацыя 1812 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2 — С. 510.
- ^ Айчынная вайна 1812 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2 — С. 74.
- ^ Warzenica Ewa. Józef Ignacy Kraszewski (пол.) Chomik. Праверана 30 чэрвеня 2012 г.
- ^ Ірына Сядова. Мае Крашэўскія // Раённыя будні. — 28 красавіка 2012. — № 34 (9480). — С. 3.
- ^ Wincenty Danek. Józef Ignacy Kraszewski (пол.) Chomik. Праверана 30 чэрвеня 2012 г.
- ^ Айчынная вайна 1812 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2 — С. 77.
- ^ Лякин В. А. Память земли и народа // Гроза двенадцатого года над Полесьем. — Мн.: Четыре четверти, 2009. — С. 56. — ISBN 978—985-6856-57-3
- ^ а б в г д е Лякин В. А. В далёком тылу «Великой армии» // Гроза двенадцатого года над Полесьем. — Мн.: Четыре четверти, 2009. — С. 58. — ISBN 978—985-6856-57-3
- ^ а б Лукашевич, А.М. Глава 3. Персональные и коллективные захоронения // Памятники и памятные места 1812 года в Беларуси. — Мн.: Харвест, 2012. — С. 157. — 1000 ас. — ISBN 978-985-18-0997-0
- ^ Лякин В. А. В далёком тылу «Великой армии» // Гроза двенадцатого года над Полесьем. — Мн.: Четыре четверти, 2009. — С. 59. — ISBN 978—985-6856-57-3
Літаратура
рэдагаваць- Калинин С. Е., Кожановский В. Ю., Шпагин С. В. Вооружённые силы Великого княжества Варшавского и Великого княжества Литовского. 1806-1814 гг. Ч. I. Генералитет, штаб, пехота, артиллерия. — М.: 1998.
- Лякин В. А. Гроза двенадцатого года над Полесьем. — Мн.: Четыре четверти, 2009. — 60 с. — ISBN 978—985-6856-57-3
- Нестерчук Л. М. Отечественная война 1812 года на Брестчине. — Брест: 1990.
- Орловский Е. Ф. Гродненская губерния в 1812 году: исторический очерк. — Гродно: 1912.
- Старонкі мінулага // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружанскага р-на / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1992. ISBN 5-85700-094-7. — С. 25—26.
- Толеренок С. В. Создание французскими оккупационными властями государственных структур ВКЛ (1812 год). — Мн.: 1998.
- Швед В. В., Данскіх С. У. Заходні рэгіён Беларусі ў часы напалеонаўскіх войнаў. — Гродна: 2006.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Паўстанне Каліноўскага (pdf) Мая пружанская зямліца Праверана 25 траўня 2012 г. Архіўная копія