Карл Філіп цу Шварцэнбэрг

Карл Філіп цу Шва́рцэнбэрг (па-нямецку: Karl Philipp zu Schwarzenberg; 15 красавіка 1771, Вена — 15 кастрычніка 1820, Ляйпцыг) — ляндграф Клятгаў, граф Зульц, князь, аўстрыйскі фэльдмаршал і генэралісімус часоў напалеонаўскіх войнаў.

Карл Філіп цу Шварцэнбэрг
ням. Karl Philipp Fürst zu Schwarzenberg
15 красавіка 1771(1771-04-15)[3][4][5]15 кастрычніка 1820(1820-10-15)[1][2][3][…] (49 гадоў)
Палявы маршал Карл Філіп Шварцэнбэрг
Месца нараджэньня
Месца сьмерці
Прыналежнасьць Аўстрыя
Род войскаў кавалерыя
Гады службы 1787—1817
Званьне Генэралісімус
Бітвы/войны Рэвалюцыйныя войны
Напалеонаўскія войны

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Паходзіць са старажытнага франконскага роду Шварцэнбэргаў, вядомага з XII стагодзьдзя і ўзьведзенага 14 ліпеня 1670 року ў княскі чын Сьвятой Рымскай імпэрыі.

У 1787 годзе ў чыне лейтэнанту ўвайшоў у пяхотны полк Браўншвайг-Вольфэнбютэлю (пазьней 10-ы пяхотны).

У турэцкай кампаніі 1788 року вызначыўся падчас штурму Шабацу і быў павышаны да капітана. Служыў пад харугвамі Ляўдона. У 1789 знаходзіўся пры Галоўнай кватэры, выказаў адвагу ў бітвах пры Бярбіры і Бялградзе. У 1790 ваяваў на Ніжнім Райне і ў Нідэрляндах, павышаны да маёра. У 1791 пераведзены ў Валёнскі полк Лятура (пазьней 14-ы драгунскі), у 1792 атрымаў чын маёра.

За адзнакі ў бітве пад Жэмапам і Нэервіндэнам 18 сакавіка 1793 року атрымаў званьне падпалкоўніка. Пасьля бітвы ўзначаліў частку авангарду войскаў прынца Заксэн-Кобург-Заальфэльдзкага. У гэтым самым року пераведзены ў дысьлякаваны ў Галіцыі ўланскі корпус (пазьней 2-і ўланскі полк).

З 1794 — палкоўнік, камандзір кірасірскага палку Цэшвіцу. 26 красавіка пад Ле-Като-Камбрэзі, дзейнічаючы на левым флянзе, зьдзейсьніў знакамітую кавалерыйскую атаку, прарваўшы абарону суперніка. Аўстрыйцы ўзялі 3 тысячы палонных і 32 гарматы, Карл Шварцэнбэрг быў узнагароджаны вайсковым ордэнам Марыі Тэрэзы.

У 1795—1796 у складзе войскаў Вурмзэра і эрцгерцага Карла ваяваў на Райне і ў Італіі. У 1796 вызначыўся пры Амбэргу. За перамогу пад Вюрцбургам (3 верасьня 1796) быў павышаны да генэрал-маёра.

У 1797 ізноў ваяваў на Райне, дзе камандаваў армейскім авангардам.

У 1799 на чале дывізіі ў авангардзе войска эрцгерцага Карла пасьпяхова дзейнічаў у Нямеччыне і Швайцарыі. У бітве пад Гайдэльбэргам супрацьстаяў войскам францускага генэрала Нэя і ў верасьні 1800 року за адвагу атрымаў чын фэльдмаршал-лейтэнанта.

З 1800 — шэф 2-га ўланскага палку Шварцэнбэрга. У бітве пад Гагенліндэнам супраць французаў камандаваў дывізіяй і 1-й лініяй правага крыла арміі, а па паразе прыкрываў адыход аўстрыйскага войска за Энс.

У 1805 прызначаны віцэ-прэзыдэнтам Гофкрыгсрату.

Напалеонаўскія войны

рэдагаваць

У кампанію 1805 року знаходзіўся ў войску генэрала Мака на чале дывізіі. Пасьпяхова змагаўся пад Ульмам, а 14—15 кастрычніка ўзначальваў правае крыло аўстрыйскага войска. Пасьля разгрому аўстрыйцаў на чале большае часткі кавалерыі (6—8 тысячаў чалавек) здолеў вырвацца з акружэньня напалеонаўскага войска. Узнагароджаны Камандорскім крыжам ордэна Марыі Тэрэзы.

Па Тыльзыцкім міры ў 1807 року прызначаны паслом у Санкт-Пецярбургу. Мэтаю было вядзеньне перамоваў пра падтрымку Аўстрыі ў будучай вайне з Францыяй.

Вярнуўся ў войска за 2 дні да Ваграмскае бітвы. За адзнаку пры Ваграме, дзе ён камандаваў часткаю кавалерыі на левым крыле (а пры адступленьні аўстрыйскага войска камандаваў ар’ергардам), павышаны ў генэралы ад кавалерыі. Узнагароджаны ордэнам Залатога руна.

Пасьля Венскага міру прызначаны аўстрыйскім пасланьнікам у Парыжы. Вёў перамовы пра шлюб Напалеона і аўстрыйскай эрцгерцагіні Марыі-Люізы і займеў асаблівы давер Напалеона.

У часе расейскай кампаніі Наполеона камандаваў аўстрыйскім дапаможным корпусам (блізу 30 тысячаў чалавек) у складзе Вялікай арміі. Са сваімі войскамі фарсіраваў Буг і спыніўся ў раёне Пінску. 12 жніўня разам з корпусам саксонскага генэрала Ж. Рэнье атакаваў ля Гарадзечны часткі 3-й арміі генэрала Тармасава (блізу 18 тысячаў чалавек), прычым абмежаваўся галоўным чынам артылярыйскім абстрэлам. У Расеі Шварцэнбэрг дзейнічаў надзвычай асьцярожна і здолеў пазьбегнуць вялікіх бітваў з расейскімі войскамі.

У верасьні выцесьнены войскамі П. В. Чычагава за межы Расейскай імпэрыі. Пасьля разгрому Напалеона ў Расеі ў актыўных баявых дзеяньнях ня ўдзельнічаў, аднак прыкрываў тыл адыходзячага францускага корпусу Рэнье.

З палітычных прычынаў Напалеон 2 сьнежня 1812 схадайнічаў ад імпэратара Аўстра-Вугоршчыны Франца I маршальскае жазло для Шварцэнбэрга.

Вайна ў Эўропе

рэдагаваць
 
Карл Філіп цу Шварцэнбэрг паведамляе прадстаўнікам трох саюзных дзяржаваў (зьлева направа: расейскі імпэратар Аляксандар I, імпэратар Франц I Аўстрыйскі і кароль Фрыдрых Вільгельм III) пра перамогу над Напалеонам у «бітве народаў». 19 кастрычніка 1813

У якасьці аўстрыйскага пасла 17 красавіка 1813 року прыбыў у Францыю, дзе спрабаваў стаць пасярэднікам у заключэньні міру між Расеяй і Францыяй. Пасьля правалу місіі пакінуў Парыж і быў прызначаны даводцам войскамі ў Багеміі.

Па далучэньні Аўстрыі да антыфранцускай кааліцыі ў жніўні 1813 прызначаны галоўнакамандуючым саюзнай Багемскай арміяй (блізу 230 тысячаў чалавек), якая напалову складалася з аўстрыйцаў, а другую палову складала расейска-пруская армія пад камандаваньнем Барклая-дэ-Тольлі. Ягонае становішча каля трох манархаў было надзвычай клапотным і часта паралізавала ягоныя дзеяньні.

У жніўні 1813 ў бітве пад Дрэздэнам з Напалеонам Багемская армія панесла паразу і адышла ў Багемію, застаючыся там да пачатку кастрычніка, здолеўшы, аднак, спыніць надыходзячыя францускія войскі ў бітве пад Кульмам.

У «Бітве народаў» пад Ляйпцыгам (16—19 кастрычніка 1813) аб’яднаныя саюзныя войскі (асноўная частка якіх уваходзіла ў склад былой арміі Шварцэнбэрга, а сам ён працягваў лічыцца галоўнакамандуючым хаўруснымі арміямі) нанесьлі вырашальную паразу Напалеону. 20 кастрычніка [ст. ст. 8 кастрычніка] 1813 ўзнагароджаны расейскім ордэнам Сьв. Георгія 1-е клясы «за паразу Напалеона ў трохдзённым баі пад Ляйпцыгам 5-га, 6-га і 7-га кастрычніка 1813 року».

У лютым 1814 атакаваў Нажан, але быў адкінуты гарнізонам колькасьцю ўсяго 1200 чалавек. Прадпрыняўшы шэраг няўдалых манэўраў, Шварцэнбэрг упусьціў ініцыятыву і 17 лютага запытаў замірэньня, упэўніваючы, што на перамовах у Шатыёне былі дасягнутыя пэўныя дамоўленасьці (што не адпавядала рэчаіснасьці). 18 лютага Напалеон разьбіў пад Мантро войскі кронпрынца Вюртэмбэрскага (страты хаўрусьнікаў склалі 6 тысячаў чалавек і 15 гарматаў). Шварцэнбэрг вырашыў адысьці да Труа і адначасна загадаў Гэбхарду Блюхеру ісьці на злучэньне зь ім да Мэры-сюр-Сен.

 
Надмагільле Карла Філіпа Шварцэнбэрга ў Ляйпцыгу

21 лютага злучэньне адбылося, а наступнага дню Шварцэнбэрг на вайсковай нарадзе дабіўся рашэньня працягнуць адступленьне (пры гэтым ён амаль у 3 разы перабольшыў сілы суперніка). 22 лютага ён ізноў разьяднаў Багемскую і Сылескую арміі. Толькі 26 лютага, саступіўшы ціску імпэратара Аляксандра I і караля Фрыдрыха Вільгельма III, Шварцэнбэрг пачаў наступ на Бар-сюр-Об і адкінуў Шарля Ўдзіно.

Пасьля посьпеху Напалеона пад Рэймсам Шварцэнбэрг неадкладна спыніў наступ на Сену і 17 сакавіка пачаў адыход на Труа. 20-21 сакавіка асьпяхова правёў бітву пад Арсі-сюр-Обам і, нягледзячы на першапачатковую няўдачу, тым ня меней здолеў выгадна разьвярнуць войска. Ягоная марудлівасьць уратавала францускае войска ад поўнага зьнішчэньня.

24 сакавіка пад ціскам Аляксандра I Шварцэнбэрг пагадзіўся на неадкладны наступ на Парыж. 25 сакавіка французы былі разьбітыы пад Фер-Шампенуазам, а 28 сакавіка абедзьве арміі хаўрусьнікаў злучыліся пад Парыжам.

31 сакавіка 1814 хаўрусьнікі ўвайшлі ў Парыж, а 5 траўня Шварцэнбэрг склаў паўнамоцтвы галоўнакамандуючага.

Пасьля вяртаньня Напалеона ў Францыю Шварцэнбэргу даручылі даводзтва саюзнымі войскамі на Верхнім Райне. На чале 210-тысячнае арміі ён меў выступіць з Шварцвальда. Калі ягонае войска пачало пераправу праз Райн, яно было запыненае ля Ле-Суфеля невялікім атрадам генэрала Жана Рапа, а неўзабаве адбылося другое зрачэньне Напалеона.

Па вяртаньні ў Австрыю прызначаны прэзыдэнтам Гофкрыгсрату, аўстрыйскае Рады па пытаньнях вайны.

У студзені 1817 выйшаў у адстаўку пасьля інсульту. Падчас візыту ў Ляйпцыг у кастрычніку 1820 року сканаў ад другога інсульту.

Ягоны малодшы сын Эдмунд цу Шварцэнбэрг таксама быў аўстрыйскім фэльдмаршалам.

  1. ^ а б Karl Philipp, prince zu Schwarzenberg // Encyclopædia Britannica (анг.)
  2. ^ а б Karl Philipp Schwarzenberg // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
  3. ^ а б в Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  4. ^ Wurzbach D. C. v. Schwarzenberg, Karl Philipp Fürst (ням.) // Biographisches Lexikon des Kaiserthums Oesterreich: enthaltend die Lebensskizzen der denkwürdigen Personen, welche seit 1750 in den österreichischen Kronländern geboren wurden oder darin gelebt und gewirkt habenWien: 1856. — Т. 33. — S. 94.
  5. ^ Brozović D., Ladan T. Karl Philipp Schwarzenberg // Hrvatska enciklopedija (харв.)LZMK, 1999. — 9272 с.
  6. ^ а б Deutsche Nationalbibliothek Record #118763032 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць