Дарагічын (Падляскае ваяводзтва)

Дарагі́чын (польск. Drohiczyn) — места ў Польшчы, на рацэ Бугу. Цэнтар меска-сельскай гміны Сямяціцкага павету Падляскага ваяводзтва. Насельніцтва на 2008 год — 2075 чалавек. Знаходзіцца на поўдзень ад Беластоку, на аўтамагістралі Стрэльна — Сямяцічы.

Дарагічын
лац. Darahičyn
польск. Drohiczyn
Панарама места
Панарама места
Герб Дарагічына
Дата заснаваньня: 1498
Магдэбурскае права: 4 кастрычніка 1498
Краіна: Польшча
Ваяводзтва: Падляскае
Павет: Сямяціцкі
Плошча:
  • 15,68 км²
Насельніцтва: 2075 чал. (2008)
Часавы пас: UTC+1
летні час: UTC+2
Тэлефонны код: 85
Паштовы індэкс: 17-312
Геаграфічныя каардынаты: 52°24′0″ пн. ш. 22°39′0″ у. д. / 52.4° пн. ш. 22.65° у. д. / 52.4; 22.65Каардынаты: 52°24′0″ пн. ш. 22°39′0″ у. д. / 52.4° пн. ш. 22.65° у. д. / 52.4; 22.65
Дарагічын на мапе Польшчы
Дарагічын
Дарагічын
Дарагічын
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
Афіцыйны сайт

Дарагічын Надбужанскі — адзін з племянных цэнтраў дрыгавічоў або, паводле аднаго зь меркаваньняў, сталіца яцьвягаў. Даўняе магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну і старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Побач зь местам праходзіць паўднёва-заходняя мяжа этнічнай тэрыторыі беларусаў. Сёньня ў Дарагічынскай Вышэйшай духоўнай сэмінарыі атрымліваюць духоўную фармацыю і тэалягічную адукацыю некаторыя сэмінарысты Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы[1], а да апошняга часу таксама і беларускія рыма-каталікі.

Назва рэдагаваць

Паводле вэрсіі, якую ў сярэдзіне XV ст. высунуў Ян Длугаш, тапонім Дарагічын паходзіць зь яцьвяскае (балцкае) мовы.

Гісторыя рэдагаваць

 
Панарама места і замка, 1882 г.

Раньняе Сярэднявечча рэдагаваць

Упершыню Дарагічын упамінаецца ў XI ст., калі ён уваходзіў у склад Тураўска-Пінскага княства[2]. У XII—XIII стагодзьдзях Дарагічын знаходзіўся пад уладай Галіцка-Валынскага княства, дзе быў цэнтрам Дарагічынскай зямлі. У 1230-я гады места захапіў мазавецкі князь Конрад і перадаў яго дабжынскім рыцарам. У 1238 годзе галіцка-валынскі князь Даніла Раманавіч разьбіў рыцараў і вярнуў Дарагічын пад сваю ўладу. У 1254 годе тут адбылася каранацыя Данілы Раманавіча.

У 1273 годзе Дарагічын занялі войскі Трайдзеня, потым места спустошылі мангола-татары.

Паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каралеўствам Польскім рэдагаваць

У 1325 годзе згодна з дамовай паміж вялікім князем Гедзімінам і каралём польскім Уладыславам I Лакатком, Падляшша разам з Дарагічынам прызнавалася за Вялікім Княствам Літоўскім. У 1390 годзе мазавецкі князь Януш захапіў Дарагічын, а ў 1391 годзе вялікі князь Ягайла падараваў яму места. У 1405 годзе Дарагічын вярнуўся ў Вялікае Княства Літоўскае. 4 кастрычніка 1498 году кароль і вялікі князь Аляксандар надаў месту Магдэбурскае права.

29 жніўня 1513 году Дарагічын стаў цэнтрам Падляскага ваяводзтва[3]. У XVI ст. у месьце існавалі Спаскі і Траецкі манастыры, цэрквы Багародзіцы, Барбары і Ільлі[4]. У гэты час Дарагічын атрымаў ўласны герб «у чырвоным полі залатая галава зубра з чырвонымі вачыма»[5].

У 1569 годзе згодна з умовамі Люблінскай уніі Дарагічын перайшоў да Каралеўства Польскага. У гэты час ён знаходзіўся ў валоданьні Кішкаў. На 1576 год тут было 327 будынкаў. За часамі Паўночнай вайны (1655—1660) у 1657 годзе швэдзкае войска зруйнавала места разам з замкам. У 1660 годзе яго спустошылі маскоўскія захопнікі. У XVII—XVIII стагодзьдзях у Дарагічыне існавала праваслаўнае Мікалаеўска-Спаскае брацтва. У 1646 годзе ў месьце знаходзілася езуіцкая рэзыдэнцыя, якую ў 1747 годзе ператварылі ў калегіюм. У 1661 годзе тут працавала езуіцкая школа (існавалі музычная бурса, бібліятэка, аптэка, дзейнічаў тэатар). У 1696—1709 гадох езуіты збудавалі ў Дарагічыне касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы. На 1713 год у месьце было 117 будынкаў. У сярэдзіне XVIII ст. тут збудавалі кляштары бэнэдыктынак і францішканаў.

Пад уладай Расейскай імпэрыі рэдагаваць

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Дарагічын падзялілі паміж Прусіяй (правабярэжжа) і Аўстрыяй (левабярэжжа, Руская Старана), у 1807 годзе правабярэжная частка места апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1808 годзе стала цэнтрам павету. У 1842 годзе Дарагічын стаў заштатнам местам. 13 ліпеня 1864 году зьявіўся праект расейскага мескага гербу.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Дарагічын занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час рэдагаваць

Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Дарагічын апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. У гэты час тут было 289 жылых дамоў.

З пачаткам Другой сусьветнай вайны 15 верасьня 1939 году Дарагічын акупавалі войскі Трэцяга Райху, але праз тыдзень места перадалі СССР згодна з пактам Молатава-Рыбэнтропа. У лістападзе 1939 году Дарагічын увайшоў у склад БССР. У 1941—1944 гадох места зноў знаходзілася пад акупацыяй нацысцкай Нямеччыны. 61 жніўня 1945 году ўлады СССР перадалі Дарагічын Польскай Народнай Рэспубліцы. 10 чэрвеня 1999 году места наведаў Ян Павал II.

Насельніцтва рэдагаваць

  • XVII стагодзьдзе: 1662 год — 680 чал.
  • XVIII стагодзьдзе: 1800 год — 984 чал.[6]
  • XIX стагодзьдзе: 1857 год — 835 чал.; 1891 год — 2041 чал. (1083 муж. і 958 жан.), зь іх 862 праваслаўныя, 658 каталікоў, 517 юдэяў[7]
  • XX стагодзьдзе: 1921 год — 1972 чал., зь іх згодна з афіцыйнай польскай статыстыкай паводле нацыянальнасьці 1165 палякаў, 114 беларусаў, 687 жыдоў, 1 расеец, 1 русін, 1 фін і 3 «інтэрнацыяналісты»; паводле веры 950 каталікоў, 207 праваслаўных, 1 эвангеліст і 814 юдэяў[8]; 1935 год — 2454 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2008 год — 2075 чал.; 2012 год — 2129 чал.

Турыстычная інфармацыя рэдагаваць

Славутасьці рэдагаваць

  • Гарадзішча на Замкавай Гары
  • Капліца зь фігурай Сьвятога Яна Непамука (XVIII ст.)
  • Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (Катэдра; 1696—1709), кляштар (1729—1744) і калегіюм езуітаў (1746—1751)
  • Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (1682—1715) і кляштар францішканаў (1737—1751)
  • Касьцёл Усіх Сьвятых (1733—1738) і кляштар бэнэдыктынак.
  • Царква Сьвятой Тройцы (1798; Сьвяты Пасад, цяпер царква Сьвятога Мікалая ПАПЦ)

Страчаная спадчына рэдагаваць

  • Замак
  • Манастыр базылянаў
  • Рачны порт у заходняй частцы Рускай Стараны

Галерэя рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Пад Покрывам Багародзіцы // Царква. № 4 (63), 2009. С. 2.
  2. ^ Грынявецкі В. Дарагічын // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 578.
  3. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 384.
  4. ^ Грынявецкі В. Дарагічын // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 579.
  5. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 157.
  6. ^ Sulimierski F. Drohiczyn Lacki // Słownik geograficzny... T. II. — Warszawa, 1881. S. 149.
  7. ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  8. ^ Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej: opracowany na podstawie wyników pierwszego powszechnego spisu ludności z dn. 30 września 1921 r. i innych źródeł urzędowych. T. 5: województwo białostockie. — Warszawa: Główny Urząd Statystyczny, 1924. S. 19.

Літаратура рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць