Рыбы

група жывёлаў, якія жывуць у вадзе
(Перанакіравана з «Рыба»)
Гэтая назва мае некалькі сэнсаў. Калі вас цікавяць іншыя сэнсы, глядзіце таксама Рыбы (знак задыяку), Рыбы (сузор’е).

Ры́бы (па-лацінску: Pisces) — надкляса водных жывёлаў, для якіх характэрнае жабравае дыханьне на ўсіх этапах постэмбрыянальнага разьвіцьця арганізму. Рыбы маюць нясталую тэмпэратуру цела, адно кола кровазвароту, дзьвюхкамэрнае сэрца, скура (як правіла) пакрытая лускай. Рыбы зьяўляюцца разьдзельнаполымі. Вядомыя з часоў дэвону[1]. Самымі раньнімі арганізмамі, якіх можна аднесьці да рыбаў, былі хордавыя зь мяккім целам, якія ўпершыню зьявіліся ў пэрыяд кембру. Не зважаючы на тое, што ў іх бракавала сапраўднага хрыбетніку, яны валодалі хордай, якая дазваляла ім быць больш спрытнымі, чым іх бесхрыбтовыя браты. Рыбы працягвалі разьвівацца ў эпоху палеазою, атрымаўшы шырокую разнастайнасьць. Шмат рыбаў палеазою атрымалі праз эвалюцыю зьнешні панцыр, які абараняў іх ад драпежнікаў. Першая рыба з сківіцамі зьявілася ў сылюрскі пэрыяд, пасьля чаго многія зь іх, як то акулы, сталі грознымі марскімі драпежнікамі, а ня проста здабычай суставаногіх. Большасьць рыбаў ёсьць эктатэрмічнымі, то бок халоднакроўнымі, што дазваляе тэмпэратуры іхняга цела зьмяняцца ў залежнасьці ад зьмены тэмпэратуры навакольнага асяродзьдзя, але некаторыя буйныя рыбы, як то белая акула і тунец, могуць мець больш высокую тэмпэратуру цела[2][3].

Рыбы
Макрапод (Macropodus opercularis)
Клясыфікацыя
ЦарстваЖывёлы
ПадцарстваЭўмэтазоі
РазьдзелБілятэральныя
ПадразьдзелДругаснаротыя
ТыпХордавыя
ПадтыпХрыбетныя
НадклясаРыбы
Бінамінальная намэнклятура
Pisces

Рыбы маюць зносіны паміж сабой у падводных умовах з дапамогай акустычнай камунікацыі. Акустычная камунікацыя ўключае ў сябе перадачу акустычных сыгналаў ад адной асобіны да іншай. Такія зносіны паміж рыбамі часьцей за ўсё маюць месца ў кантэксце кармленьня, нападаў драпежнікаў і заляцаньняў[4]. Гукі, якія выпускаюць рыбы, могуць вар’іравацца ў залежнасьці ад віду жывёліны і раздражняльніка. Гукі могуць стварацца праз хуткія рухі касьцяной сыстэмы альбо праз маніпуляцыю адмысловымі ворганамі, як то плавальны пузыр[5].

Рыбы багата ў большасьці вадаёмаў сьвету. Іх можна сустрэць практычна ва ўсіх водных асяродзьдзях, як то ад высокіх горных патокаў струменяў да бездані і нават абісальных зонаў самых глыбокіх акіянаў, аднак, яшчэ ніводны від дагэтуль не зафіксаваны ў самых глыбокіх месцах плянэты. З 33,6 тысяч апісаных відаў рыба мае найбольшую разнастайнасьць відаў, чым любая іншая група хрыботовых жывёлаў[6].

Нэрвовая сыстэма

рэдагаваць

Цэнтральная нэрвовая сыстэма прадстаўлена млечам і галаўным мозгам, пэрыфэрычная — нэрвамі. Млеч знаходзіцца ў сьпінна-мазгавым канале хрыбетніка. Галаўны мозаг складаецца, як правіла, з 5 аддзелаў: пярэдняга, сярэдняга, прамежкавага, прадаўгаватага мозгу і мозачку. Рыбы звычайна маюць малы галаўны мозаг адносна памеру свайго цела ў параўнаньні зь іншымі хрыбетнымі. Гэтак у рыбаў маса мозгу ў пятнаццаць разоў меншая за масу галаўнога мозгу птушкі або сысуна аналягічнага памеру[7]. Аднак, усё ж такі некаторыя рыбы маюць параўнальна вялікі мозаг, у першую чаргу мармірыды і акулы, якія маюць мазгі прыблізна такой жа прапорцыі да масы цела, як птушкі і торбачнікі[8].

Размнажэньне

рэдагаваць

Праз шырокую разнастайнасьць рыбаў у розных іхных відаў маюцца розныя тыпы размнажэньня, як то дзьвюхплоцевае, гермафрадытызм, гнагенэз. Акрамя трох тыпаў размнажэньня існуюць тры адрозьненьні ў кожным зь іх, як то варта вылучыць яйканараджэньне, яйкажыванараджэньне ды жыванараджэньне.

У харчаваньні

рэдагаваць

Розныя віды і гатункі рыбы зьмяшчаюць ад 18 да 24 грамаў бялку на 100 грамаў. Мяса рыбы зьмяшчае ўсе незаменныя амінакісьлі, якія магчыма атрымаць толькі зь ежы, бо арганізм чалавека не сынтэзуе такія кісьлі самастойна. Сярод іншага, рыба зьмяшчае багата поліненасычаных тлустых амінакісьляў амэга-3. Бялок рыбы засвойваецца на 98%. Пры гэтым, рыба ператраўліваецца ў страўніку цягам каля 2-х гадзінаў. У рыбе ўтрымліваюцца: вітамін А, які аднаўляе абмен рэчываў пасьля акісьленьня; вітамін Д, карысны для костак; вітаміны групы Б, якія ўмацоўваюць імунітэт і цэнтральную нэрвовую сыстэму ад душэўных хваробаў. Марская рыба таксама багатая на ёд і фтор. Таму ў дыеталёгіі аддавалі перавагу прынамсі 2-разоваму на тыдзень ужываньню найперш марской рыбы. Найбольшую карысьць давала сьвежая і сьвежамарожаная рыба без перасоленасьці пры гатаваньні[9].

На 2022 год у гандлёвай сетцы Беларусі круглы год прадавалі каля 30 відаў рачной, сажалкавай і марской рыбы. Сярод іх, найбольш сытнымі відамі і гатункамі рыбы былі: 1) селядзец — 242 кілякалёрыі на 100 грамаў, 2) скумбрыя — 190 ккал, 3) мойва — 157 ккал, 4) ласось — 146 ккал, 5) сайра — 143 ккал, 6) кіжуч — 140 ккал, 7) салака — 121 ккал, 8) карп — 112 ккал, 9) гарбуша і стаўрыда — па 111 ккал, 10) марскі акунь і палтус — па 103 ккал[9].

Найменш сытнымі былі: 1) мінтай — 72 ккал, 2) пікша — 73 ккал, 3) траска — 75 ккал, 4) сайда — 81 ккал, 5) путасу і сібас — 82 ккал, 6) камбала і рачны шчупак — па 84 ккал, 7) таўсталобік і хек — 86 ккал, 8) аргентына — 88 ккал, 9) пангасіюс — 89 ккал, 10) дарада — 96 ккал, 11) фарэль — 97 ккал[9].

  1. ^ Биологический энциколпедический словарь / Гл. ред. М. С. Гиляров; Редкол.: А. А. Баев, Г. Г. Винберг, Г. А. Заварзин и др. — М.: Сов. энциклопедия, 1986. С. 550. (рас.)
  2. ^ Goldman, K.J. (1997). «Regulation of body temperature in the white shark, Carcharodon carcharias». Journal of Comparative Physiology. B Biochemical Systemic and Environmental Physiology. 167 (6). — С. 423—429. — DOI:10.1007/s003600050092.
  3. ^ Carey, F.G.; Lawson, K.D. (February 1973). «Temperature regulation in free-swimming bluefin tuna». Comparative Biochemistry and Physiology A. 44 (2). — С. 375—392. — DOI:10.1016/0300-9629(73)90490-8. PMID 4145757.
  4. ^ Weinmann, S.R.; Black, A.N.; Richter, M. L.; Itzkowitz, M; Burger, R.M (February 2017). «Territorial vocalization in sympatric damselfish: acoustic characteristics and intruder discrimination». Bioacoustics. 27 (1). — С. 87—102. — DOI:10.1080/09524622.2017.1286263.
  5. ^ Bertucci, F.; Ruppé, L.; Wassenbergh, S.V.; Compère, P.; Parmentier, E. (29 October 2014). «New Insights into the Role of the Pharyngeal Jaw Apparatus in the Sound-Producing Mechanism of Haemulon Flavolineatum (Haemulidae)». Journal of Experimental Biology. 217 (21). — С. 3862—3869. — DOI:10.1242/jeb.109025. PMID 25355850.
  6. ^ Yancey, PH; Gerringer, ME; Drazen, JC; Rowden, AA; Jamieson, A (2014). «Marine fish may be biochemically constrained from inhabiting the deepest ocean depths». Proc Natl Acad Sci U S A. 111 (12). — С. 4461—4465. — DOI:10.1073/pnas.1322003111. PMID 24591588.
  7. ^ Helfman, Collette, Facey 1997. С. 48—49.
  8. ^ Helfman, Collette, Facey 1997. С. 191.
  9. ^ а б в Валянціна Мохар. Мясам рыбу не заменіш // Партал «Слушна», 14 жніўня 2022 г. Праверана 14 верасьня 2022 г.

Літаратура

рэдагаваць
  • Helfman, G.; Collette, B.; Facey, D. The Diversity of Fishes. — 1. — Wiley-Blackwell, 1997. — ISBN 978-0-86542-256-8

Глядзі таксама

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць