Бяроза (горад)

горад у Беларусі
(Перанакіравана з «Бяроза-Картуская»)

Бяроза (да 1945 году — Бяроза Карту́ская) — места ў Беларусі, на рацэ Ясельдзе. Адміністрацыйны цэнтар Бярозаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 29 441 чалавек[1]. Знаходзіцца за 102 км на паўночны ўсход ад Берасьця, за 6 км ад чыгуначнай станцыі Бяроза-Картуская (лінія Берасьце — Баранавічы); на аўтамабільнай дарозе Кобрынь — Баранавічы.

Бяроза
лац. Biaroza
Адноўленая брама і руіны кляштару картузаў
Адноўленая брама і руіны кляштару картузаў
Герб Бярозы Сьцяг Бярозы
Першыя згадкі: 1477
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Берасьцейская
Раён: Бярозаўскі
Плошча: 43,3 км²
Вышыня: 150 м н. у. м.
Насельніцтва (2018)
колькасьць: 29 441 чал.[1]
шчыльнасьць: 679,93 чал./км²
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1643
Паштовы індэкс: 225210
СААТА: 1208501000
Нумарны знак: 1
Геаграфічныя каардынаты: 52°32′0″ пн. ш. 24°58′57″ у. д. / 52.53333° пн. ш. 24.9825° у. д. / 52.53333; 24.9825Каардынаты: 52°32′0″ пн. ш. 24°58′57″ у. д. / 52.53333° пн. ш. 24.9825° у. д. / 52.53333; 24.9825
Бяроза на мапе Беларусі ±
Бяроза
Бяроза
Бяроза
Бяроза
Бяроза
Бяроза
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://bereza.gov.by/

Бяроза Картуская — даўняе мястэчка гістарычнай Берасьцейшчыны. Да нашага часу тут захаваўся адзіны на абшарах Вялікага Княства Літоўскага кляштарны комплекс картузаў, колішні нэкропаль чарэйска-ружанскай лініі роду Сапегаў, помнік архітэктуры XVII ст., часткова зруйнаваны расейскімі і савецкімі ўладамі. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаецца царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла, помнік архітэктуры XVIIII ст., часткова зруйнаваны Маскоўскім патрыярхатам. У 1934—1939 гадох, за польскім часам, у мястэчку дзеяў канцэнтрацыйны лягер для палітычных зьняволеных.

Тапонім Бяроза ўтварыўся ад назвы дрэва[2]. Азначэньне Картуская зьявілася з прычыны існаваньня тут кляштару картузаў[3]. За расейскім панаваньнем ужывалася назва Картуз-Бяроза (рас. Картуз-Береза). Мясцовыя варыянты назвы: Бэрэза, Быроза, на ідыш: Kartuz-Berezer, польск. Bereza Kartuska.

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Першы вядомы пісьмовы ўпамін пра Бярозу датуецца 1477 годам, калі Ян Гамшэй з сваёй жонкай Барбарай заснавалі тут касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы. Вёска ўваходзіла ў склад Сялецкай воласьці Берасьцейскага павету[4]. На мяжы XV—XVI стагодзьдзяў Бяроза стала асяродкам гандлю. Вялікі князь Жыгімонт Стары выдаў дазвол М. Гамшэю на правядзеньне ў мястэчку штотыднёвых таргоў зь пятніцы да суботы.

 
Бярозаўскі кляштар картузаў: Сьвяты Бруно і К. Л. Сапега

У пачатку XVII стагодзьдзя Ян Паўлавіч Гамшэй прадаў Бярозу Льву Сапегу, канцлеру Вялікага Княства Літоўскага. У 1614 годзе маёнтак набыў харунжы Марцін Німіра. У 1617 годзе Леў Сапега выкупіў паселішча ў Марціна Німіры.

Леў Сапега фундаваў у Бярозе новы касьцёл, якому ў 1620 годзе надаў чатыры валокі ў вёсцы Лявошках, замацаваныя паўторна ў 1632 годзе. 9 ліпеня 1629 году ён выдаў жыдам ліст на свабоднае пражываньне ў мястэчку Бярозе. У гэтым лісьце Леў Сапега дазволіў збудаваць школу «ў гэтым мястэчку Бярозе, у якім, збудаваўшы школу, маглі б спакойна праводзіць свае набажэнствы»[a]. Побач зь юдэйскім малітоўным домам і касьцёлам у Бярозе існавала царква. Першыя зьвесткі пра яе зьмяшчаюцца ў дакумэнце 1618 году, у якім апісваюцца межы зямель касьцёла, а таксама ідзе гаворка пра землі «рускага папа з царквы».

Па сьмерці Льва Сапегі ў 1633 годзе Бяроза, згодна з тэстамэнтам, перайшла да яго старэйшага сына Яна Станіслава, маршалка Вялікага Княства Літоўскага, па сьмерці апошняга — да ягонага брата Казімера Льва. Казімер Леў Сапега фундаваў некалькі касьцёлаў і кляштараў, сярод якіх быў картускі кляштар у Бярозе. Закладка першага нарожнага каменя зь вялікай урачыстасьцю адбылася ў 1648 годзе, дзе былі сам заснавальнік, а таксама біскуп луцкі Андрэй Гембінскі і рымскі нунцыюш ксёндз Ян дэ Торэс. Значэньне і статус Бярозы пад кіраўніцтвам картузаў не зьмянілася. Уладу ў мястэчку, згодна з загадам пракурора картузіі, выконваў кляштарны ўраднік.

 
Касьцёл пры кляштары картузаў, 1750 г.

У 1679 годзе кляштар атрымаў ад караля і вялікага князя Яна Сабескага прывілей на кірмаш у сьвята Адшуканьня Сьвятога Крыжа (паводле паданьня, кляштар заснавалі на месцы ў пушчы, дзе Леў Сапега знайшоў драўляны крыж у часе паляваньня), што спрыяла больш шырокім гандлёвым магчымасьцям мястэчка. Апроч кірмашу на Сьвятую Тройцу, у Бярозе Картускай адбываліся таргі ў дзень праваслаўнага Прычашчэньня.

За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў канцы красавіка 1706 году каля Бярозы Картускай адбылася сутычка паміж расейскім і швэдзкімі войскамі. Апошнія па пераходзе Ясельды занялі мястэчка і кляштар, якіх спалілі і разрабавалі. Швэды захапілі некалькі манахаў з кляштару, за якіх потым атрымалі выкуп.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Бяроза Картуская апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Пружанскім павеце Слонімскай, з 1797 году Літоўскай, з 1801 году Гарадзенскай губэрні. У 1-й палове XIX ст. у мястэчку штогод праводзіліся 8 кірмашоў, працавалі 36 крамаў, 2 гарбарныя і суконная мануфактуры. У 1819 годзе пісьменьнік і публіцыст Юльян Урсын Нямцэвіч апісаў Бярозу ў сваёй кнізе «Падарожжа да Літвы»[5]. На 1824 год у мястэчку было 130 мяшчанскіх будынкаў і 20 жыдоўскіх, дзеяў кляштар і 2 царквы, працавала фабрыка[6].

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1832 годзе расейскія ўлады зачынілі кляштар картузаў за ўдзел манахаў у паўстаньнях 1794 і 1830—1831 гадоў. Інфраструктура кляштару, разам зь мястэчкам, перайшла да Ўправы дзяржаўнай маёмасьці Гарадзенскай губэрні. У пэрыяд 1860—1870-х гадоў паводле пастановы расейскіх уладаў значную частка будынкаў кляштару разабралі. Цэгла пайшла на пабудову вайсковых кашараў і царквы Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) у Бярозе Картускай, медзяныя лісты з касьцёла — у Горадню на дах царквы Аляксандра Неўскага расейскага вайсковага гарнізону.

На 1833 год у Бярозе Картускай было 204 драўляныя будынкі, працавалі 36 крамаў, суконная і 2 гарбарныя мануфактуры, штогод праводзілася 8 кірмашоў. Жыхары мястэчка падтрымалі нацыянальна-вызвольнага паўстаньне, 14 траўня 1863 году тут адбыліся сутычкі[6]. З 1866 году расейскія ўлады разьмясьцілі ў Бярозе 151-ы Пяцігорскі пяхотны полк. На 1886 год у мястэчку быў 101 двор, дзеялі царква, капліца і 6 юдэйскіх малітоўных дамоў, працавалі валасная ўправа, пачатковая школа, паштовая станцыя, паравы, ветраны і конны млыны, 15 шынкоў. Паводле вынікаў перапісу 1897 году — 5 цагляных і 1070 драўляных будынкаў, дзеялі 2 царквы (прыходзкая і на могілках), капліца і 5 юдэйскіх малітоўных дамоў, працавалі расейскія мужчынская і жаночая народныя вучэльні, фэльчарскі пункт, аптэка. Хуткаму росту мястэчку паспрыяла будаваньне Маскоўска-Берасьцейскай чыгункі.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Бярозу Картускую занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бяроза Картуская абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[7].

14 лютага 1919 году Бярозу Картускую заняла польскае войска. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году яна апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. У 1934 годзе ў мурах былых расейскіх кашараў польскія ўлады зладзілі вязьніцу для палітычных зьняволеных — украінскіх нацыяналістаў з ОУН і камуністаў. У лягеры, якім кіраваў паліцэйскі інспэктар з Познані Ян Ґрэфнэр, трымалася да 800 вязьняў.

У 1939 годзе Бяроза Картуская ўвайшла ў склад Беларускай ССР, дзе 15 студзеня 1940 году стала цэнтрам раёну і атрымала статус места[8]. У гэты час тут працавалі лякарня, амбуляторыя, 7-гадовая беларуская і жыдоўская школы, дом культуры зь бібліятэкай, пошта, электрастанцыя, 3 паравыя млыны, смалярня, 2 лесапілкі і 3 цагельні.

23 чэрвеня 1941 году[9], у другі дзень вайны з СССР Бярозу занялі войскі Трэцяга Райху. За часамі нямецкай акупацыі тут існавала жыдоўскае гета. Нацысты забілі больш за 8 тысячаў чалавек. У ваколіцах Бярозы дзеялі савецкія партызанскія аддзелы пад камандаю дэсантаваных з Расеі дывэрсантаў. 16 ліпеня 1944 году места заняла Чырвоная армія. У 1944 годзе ў Бярозе пачалі працаваць малочны і лесаперапрацоўчы заводы, у 1945 годзе — тарфяны, цагельны і бэтонны заводы, завод з вырабу скураў. На 1950 год у месьце было 753 жылыя дамы і 61 барак[10]. 3 лістапада 1965 году адкрыўся Бярозаўскі краязнаўчы музэй, заснаваны ў 1961 годзе. У 1965—1967 гадох адбыўся ўвод у эксплюатацыю масласырзаводу. У 1967 годзе пачаў працаваць камбінат будаўнічых матэрыялаў, у 1969 годзе — завод жалезабэтонных вырабаў. 17 жніўня 1987 году да места далучылі вёску Самойлавічы.

У 1995 годзе каля Бярозы сілы супрацьпаветранай абароны Беларусі зьбілі паветраны шар з двума амэрыканскімі аэранаўтамі — удзельнікамі міжнароднай авіярэгаты. У 1998 годзе ў месьце збудавалі новы касьцёл. У 2014 годзе праводзілася рэстаўрацыя кляштарнай брамы, тым часам рэшта комплексу патрабуе неадкладнай кансэрвацыі.

Насельніцтва

рэдагаваць

Дэмаграфія

рэдагаваць
  • XIX стагодзьдзе: 1830 год — 584 муж., зь іх шляхты 6, духоўнага стану 28, мяшчанаў-юдэяў 161, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 389[11]; 1833 год — 1174 чал.; 1864 год — 1223 чал.; 1878 год — 2507 чал. (1121 муж. і 1386 жан.)[12]; 1886 год — 1222 чал., зь іх 1100 мяшчанаў; 1897 год — 4461 чал. (2606 мяшчанаў і 1855 сялянаў), а таксама 2273 расейскіх вайскоўцаў[6]
  • XX стагодзьдзе: 1931 год — 4,5 тыс. чал.[13]; 23 чэрвеня 1940 году — 5 тыс. чал.[9]; 1950 год — 5150 чал.[10]; 1959 год — 5,6 тыс. чал.; 1968 год — 7,5 тыс. чал.[14]; 1992 год — 26 тыс. чал.[8]; 1995 год — 30,5 тыс. чал.[15]
  • XXI стагодзьдзе: 2006 год — 29,5 тыс. чал.; 2009 год — 29 357 чал.[16] (перапіс); 2016 год — 29 408 чал.[17]; 2017 год — 29 451 чал.[18]; 2018 год — 29 441 чал.[1]

Адукацыя

рэдагаваць

У Бярозе працуюць 3 сярэднія, музычная і дзіцяча-юнацкая спартовая школы, 7 дашкольных установаў.

Мэдыцына

рэдагаваць

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць лякарня і паліклініка.

Культура

рэдагаваць

Дзеюць дом культуры, кінатэатар, 2 бібліятэкі.

Зь Бярозы паходзіць рок-гурт BN — пераможца конкурсу «Басовішча».

Забудова

рэдагаваць

У канцы 1950-х гадоў распрацавалі першы генэральны плян забудовы Бярозы.

Вуліцы і пляцы

рэдагаваць
Афіцыйная назва Гістарычная назва Былыя назвы
17 верасьня вуліца Гмінная вуліца (частка)
Біскупская вуліца (частка)
Камсамольскі сквэр Рынак пляц
Кастрычніцкая вуліца Тыльная вуліца
Кірава вуліца Шырокая вуліца[19] Юзэфа Пілсудзкага вуліца
Леніна вуліца Берасьцейскі тракт
Берасьцейская шаша
Тадэвуша Касьцюшкі вуліца
Максіма Горкага вуліца Кутніцкая вуліца
Першамайская вуліца Татарская вуліца
Пушкіна вуліца Кляштарная вуліца
Савецкая вуліца Царкоўная вуліца (частка)
Зьдзітаўская вуліца (частка)
Сьвярдлова вуліца Сялецкая вуліца
Чырвонаармейская вуліца Пружанская вуліца[b]

Эканоміка

рэдагаваць

Прадпрыемствы машынабудаваньня, будаўнічых матэрыялаў і харчовай прамысловасьці.

Пералік прамысловых прадпрыемстваў Бярозы

Турыстычная інфармацыя

рэдагаваць

Інфраструктура

рэдагаваць

Дзее Бярозаўскі гістарычна-краязнаўчы музэй. Спыніцца можна ў гатэлі «Ясельда». Працуе дом паляўнічага «Смалярка»[20].

Славутасьці

рэдагаваць

Страчаная спадчына

рэдагаваць
  • Капліца могілкавая
  • Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (1933)
  • Могілкі юдэйскія (адно надмагільле захоўваецца ў Бярозаўскім гістарычна-краязнаўчым музэі)
  • Сынагога (XIX ст.)

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссиею. — Т. 5. Акты Брестского и Гродненского гродских судов с присовокуплением привилегий на землевладение в Брестской и Кобринской экономиях. — Вильна, 1871. С. 142—143. [1]
  2. ^ Плян Бярозы 1934 году
  3. ^ Нарадзіўся ў вёсцы Самойлавічах, якая ў 1987 годзе стала часткаю Бярозы
  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.), Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Бяроза, Бярозаўская раённая бібліятэчная сыстэма
  3. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 25.
  4. ^ Грынявецкі В. Бяроза // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 364.
  5. ^ Нямцэвіч У. Падарожжа да Літвы — 1819 г. // Гістарычная брама. № 1 (5), 1998.
  6. ^ а б в Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 3. Кн. 1. — Менск, 2006. С. 155.
  7. ^ Біч М. У якіх межах былі абвешчаныя Беларуская Народная Рэспубліка і БССР? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 62.
  8. ^ а б Сяленя Я. Бяроза // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 170.
  9. ^ а б Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 3. Кн. 1. — Менск, 2006. С. 157.
  10. ^ а б Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 3. Кн. 1. — Менск, 2006. С. 158.
  11. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 414.
  12. ^ Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 141.
  13. ^ Береза Картузька // Енциклопедія українознавства(uk) : Словникова частина : [в 11 т.] / Наукове товариство імені Шевченка ; гол. ред. проф., д-р В. Кубійович(uk). — Париж — Нью-Йорк: Молоде життя, 1955. — Т. 2, [т. 1] : А — Головна Руська Рада. — С. 114. — ISBN 5-7707-4049-3
  14. ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  15. ^ БЭ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 409.
  16. ^ Перепись населения — 2009. Брестская область (рас.), Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  17. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.), Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  18. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.), Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  19. ^ Rewieńska W. Bereza Kartuska. Wybrane rozdziały z antropogeografii miasteczka. Wilna, 1934.
  20. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  21. ^ Вядомыя ўраджэнцы, Сайт вёскі Самойлавічаў

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць