Бяроза (горад)
Бяроза (да 1945 году — Бяроза Карту́ская) — места ў Беларусі, на рацэ Ясельдзе. Адміністрацыйны цэнтар Бярозаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 29 441 чалавек[1]. Знаходзіцца за 102 км на паўночны ўсход ад Берасьця, за 6 км ад чыгуначнай станцыі Бяроза-Картуская (лінія Берасьце — Баранавічы); на аўтамабільнай дарозе Кобрынь — Баранавічы.
Бяроза лац. Biaroza | |||||
Адноўленая брама і руіны кляштару картузаў | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1477 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Берасьцейская | ||||
Раён: | Бярозаўскі | ||||
Плошча: | 43,3 км² | ||||
Вышыня: | 150 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2018) | |||||
колькасьць: | 29 441 чал.[1] | ||||
шчыльнасьць: | 679,93 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 1643 | ||||
Паштовы індэкс: | 225210 | ||||
СААТА: | 1208501000 | ||||
Нумарны знак: | 1 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 52°32′0″ пн. ш. 24°58′57″ у. д. / 52.53333° пн. ш. 24.9825° у. д.Каардынаты: 52°32′0″ пн. ш. 24°58′57″ у. д. / 52.53333° пн. ш. 24.9825° у. д. | ||||
± Бяроза | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://bereza.gov.by/ |
Бяроза Картуская — даўняе мястэчка гістарычнай Берасьцейшчыны. Да нашага часу тут захаваўся адзіны на абшарах Вялікага Княства Літоўскага кляштарны комплекс картузаў, колішні нэкропаль чарэйска-ружанскай лініі роду Сапегаў, помнік архітэктуры XVII ст., часткова зруйнаваны расейскімі і савецкімі ўладамі. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаецца царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла, помнік архітэктуры XVIIII ст., часткова зруйнаваны Маскоўскім патрыярхатам. У 1934—1939 гадох, за польскім часам, у мястэчку дзеяў канцэнтрацыйны лягер для палітычных зьняволеных.
Назва
рэдагавацьТапонім Бяроза ўтварыўся ад назвы дрэва[2]. Азначэньне Картуская зьявілася з прычыны існаваньня тут кляштару картузаў[3]. За расейскім панаваньнем ужывалася назва Картуз-Бяроза (рас. Картуз-Береза). Мясцовыя варыянты назвы: Бэрэза, Быроза, на ідыш: Kartuz-Berezer, польск. Bereza Kartuska.
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьПершы вядомы пісьмовы ўпамін пра Бярозу датуецца 1477 годам, калі Ян Гамшэй з сваёй жонкай Барбарай заснавалі тут касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы. Вёска ўваходзіла ў склад Сялецкай воласьці Берасьцейскага павету[4]. На мяжы XV—XVI стагодзьдзяў Бяроза стала асяродкам гандлю. Вялікі князь Жыгімонт Стары выдаў дазвол М. Гамшэю на правядзеньне ў мястэчку штотыднёвых таргоў зь пятніцы да суботы.
У пачатку XVII стагодзьдзя Ян Паўлавіч Гамшэй прадаў Бярозу Льву Сапегу, канцлеру Вялікага Княства Літоўскага. У 1614 годзе маёнтак набыў харунжы Марцін Німіра. У 1617 годзе Леў Сапега выкупіў паселішча ў Марціна Німіры.
Леў Сапега фундаваў у Бярозе новы касьцёл, якому ў 1620 годзе надаў чатыры валокі ў вёсцы Лявошках, замацаваныя паўторна ў 1632 годзе. 9 ліпеня 1629 году ён выдаў жыдам ліст на свабоднае пражываньне ў мястэчку Бярозе. У гэтым лісьце Леў Сапега дазволіў збудаваць школу «ў гэтым мястэчку Бярозе, у якім, збудаваўшы школу, маглі б спакойна праводзіць свае набажэнствы»[a]. Побач зь юдэйскім малітоўным домам і касьцёлам у Бярозе існавала царква. Першыя зьвесткі пра яе зьмяшчаюцца ў дакумэнце 1618 году, у якім апісваюцца межы зямель касьцёла, а таксама ідзе гаворка пра землі «рускага папа з царквы».
Па сьмерці Льва Сапегі ў 1633 годзе Бяроза, згодна з тэстамэнтам, перайшла да яго старэйшага сына Яна Станіслава, маршалка Вялікага Княства Літоўскага, па сьмерці апошняга — да ягонага брата Казімера Льва. Казімер Леў Сапега фундаваў некалькі касьцёлаў і кляштараў, сярод якіх быў картускі кляштар у Бярозе. Закладка першага нарожнага каменя зь вялікай урачыстасьцю адбылася ў 1648 годзе, дзе былі сам заснавальнік, а таксама біскуп луцкі Андрэй Гембінскі і рымскі нунцыюш ксёндз Ян дэ Торэс. Значэньне і статус Бярозы пад кіраўніцтвам картузаў не зьмянілася. Уладу ў мястэчку, згодна з загадам пракурора картузіі, выконваў кляштарны ўраднік.
У 1679 годзе кляштар атрымаў ад караля і вялікага князя Яна Сабескага прывілей на кірмаш у сьвята Адшуканьня Сьвятога Крыжа (паводле паданьня, кляштар заснавалі на месцы ў пушчы, дзе Леў Сапега знайшоў драўляны крыж у часе паляваньня), што спрыяла больш шырокім гандлёвым магчымасьцям мястэчка. Апроч кірмашу на Сьвятую Тройцу, у Бярозе Картускай адбываліся таргі ў дзень праваслаўнага Прычашчэньня.
За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў канцы красавіка 1706 году каля Бярозы Картускай адбылася сутычка паміж расейскім і швэдзкімі войскамі. Апошнія па пераходзе Ясельды занялі мястэчка і кляштар, якіх спалілі і разрабавалі. Швэды захапілі некалькі манахаў з кляштару, за якіх потым атрымалі выкуп.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Бяроза Картуская апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Пружанскім павеце Слонімскай, з 1797 году Літоўскай, з 1801 году Гарадзенскай губэрні. У 1-й палове XIX ст. у мястэчку штогод праводзіліся 8 кірмашоў, працавалі 36 крамаў, 2 гарбарныя і суконная мануфактуры. У 1819 годзе пісьменьнік і публіцыст Юльян Урсын Нямцэвіч апісаў Бярозу ў сваёй кнізе «Падарожжа да Літвы»[5]. На 1824 год у мястэчку было 130 мяшчанскіх будынкаў і 20 жыдоўскіх, дзеяў кляштар і 2 царквы, працавала фабрыка[6].
Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1832 годзе расейскія ўлады зачынілі кляштар картузаў за ўдзел манахаў у паўстаньнях 1794 і 1830—1831 гадоў. Інфраструктура кляштару, разам зь мястэчкам, перайшла да Ўправы дзяржаўнай маёмасьці Гарадзенскай губэрні. У пэрыяд 1860—1870-х гадоў паводле пастановы расейскіх уладаў значную частка будынкаў кляштару разабралі. Цэгла пайшла на пабудову вайсковых кашараў і царквы Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) у Бярозе Картускай, медзяныя лісты з касьцёла — у Горадню на дах царквы Аляксандра Неўскага расейскага вайсковага гарнізону.
На 1833 год у Бярозе Картускай было 204 драўляныя будынкі, працавалі 36 крамаў, суконная і 2 гарбарныя мануфактуры, штогод праводзілася 8 кірмашоў. Жыхары мястэчка падтрымалі нацыянальна-вызвольнага паўстаньне, 14 траўня 1863 году тут адбыліся сутычкі[6]. З 1866 году расейскія ўлады разьмясьцілі ў Бярозе 151-ы Пяцігорскі пяхотны полк. На 1886 год у мястэчку быў 101 двор, дзеялі царква, капліца і 6 юдэйскіх малітоўных дамоў, працавалі валасная ўправа, пачатковая школа, паштовая станцыя, паравы, ветраны і конны млыны, 15 шынкоў. Паводле вынікаў перапісу 1897 году — 5 цагляных і 1070 драўляных будынкаў, дзеялі 2 царквы (прыходзкая і на могілках), капліца і 5 юдэйскіх малітоўных дамоў, працавалі расейскія мужчынская і жаночая народныя вучэльні, фэльчарскі пункт, аптэка. Хуткаму росту мястэчку паспрыяла будаваньне Маскоўска-Берасьцейскай чыгункі.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Бярозу Картускую занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
-
Кляштар, 1743 г.
-
Кляштар, 1750 г.
-
Кляштар, XVIII ст.
-
Абмеры кляштару, 1837 г.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бяроза Картуская абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[7].
14 лютага 1919 году Бярозу Картускую заняла польскае войска. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году яна апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. У 1934 годзе ў мурах былых расейскіх кашараў польскія ўлады зладзілі вязьніцу для палітычных зьняволеных — украінскіх нацыяналістаў з ОУН і камуністаў. У лягеры, якім кіраваў паліцэйскі інспэктар з Познані Ян Ґрэфнэр, трымалася да 800 вязьняў.
У 1939 годзе Бяроза Картуская ўвайшла ў склад Беларускай ССР, дзе 15 студзеня 1940 году стала цэнтрам раёну і атрымала статус места[8]. У гэты час тут працавалі лякарня, амбуляторыя, 7-гадовая беларуская і жыдоўская школы, дом культуры зь бібліятэкай, пошта, электрастанцыя, 3 паравыя млыны, смалярня, 2 лесапілкі і 3 цагельні.
23 чэрвеня 1941 году[9], у другі дзень вайны з СССР Бярозу занялі войскі Трэцяга Райху. За часамі нямецкай акупацыі тут існавала жыдоўскае гета. Нацысты забілі больш за 8 тысячаў чалавек. У ваколіцах Бярозы дзеялі савецкія партызанскія аддзелы пад камандаю дэсантаваных з Расеі дывэрсантаў. 16 ліпеня 1944 году места заняла Чырвоная армія. У 1944 годзе ў Бярозе пачалі працаваць малочны і лесаперапрацоўчы заводы, у 1945 годзе — тарфяны, цагельны і бэтонны заводы, завод з вырабу скураў. На 1950 год у месьце было 753 жылыя дамы і 61 барак[10]. 3 лістапада 1965 году адкрыўся Бярозаўскі краязнаўчы музэй, заснаваны ў 1961 годзе. У 1965—1967 гадох адбыўся ўвод у эксплюатацыю масласырзаводу. У 1967 годзе пачаў працаваць камбінат будаўнічых матэрыялаў, у 1969 годзе — завод жалезабэтонных вырабаў. 17 жніўня 1987 году да места далучылі вёску Самойлавічы.
У 1995 годзе каля Бярозы сілы супрацьпаветранай абароны Беларусі зьбілі паветраны шар з двума амэрыканскімі аэранаўтамі — удзельнікамі міжнароднай авіярэгаты. У 1998 годзе ў месьце збудавалі новы касьцёл. У 2014 годзе праводзілася рэстаўрацыя кляштарнай брамы, тым часам рэшта комплексу патрабуе неадкладнай кансэрвацыі.
-
Кляштар. Шпіталь, 1925 г.
-
Кляштар. Брама, 1925 г.
-
Кляштар. Дом садоўніка, 1906 г.
-
Касьцёл па руйнаваньні расейскімі ўладамі, 1906 г.
-
Вуліца Сялецкая. Новы касьцёл, 1933 г.
-
Вуліца Царкоўная. Царква па маскоўскай перабудове, 1915 г.
-
Рынак, да 1939 г.
Насельніцтва
рэдагавацьДэмаграфія
рэдагаваць- XIX стагодзьдзе: 1830 год — 584 муж., зь іх шляхты 6, духоўнага стану 28, мяшчанаў-юдэяў 161, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 389[11]; 1833 год — 1174 чал.; 1864 год — 1223 чал.; 1878 год — 2507 чал. (1121 муж. і 1386 жан.)[12]; 1886 год — 1222 чал., зь іх 1100 мяшчанаў; 1897 год — 4461 чал. (2606 мяшчанаў і 1855 сялянаў), а таксама 2273 расейскіх вайскоўцаў[6]
- XX стагодзьдзе: 1931 год — 4,5 тыс. чал.[13]; 23 чэрвеня 1940 году — 5 тыс. чал.[9]; 1950 год — 5150 чал.[10]; 1959 год — 5,6 тыс. чал.; 1968 год — 7,5 тыс. чал.[14]; 1992 год — 26 тыс. чал.[8]; 1995 год — 30,5 тыс. чал.[15]
- XXI стагодзьдзе: 2006 год — 29,5 тыс. чал.; 2009 год — 29 357 чал.[16] (перапіс); 2016 год — 29 408 чал.[17]; 2017 год — 29 451 чал.[18]; 2018 год — 29 441 чал.[1]
Адукацыя
рэдагавацьУ Бярозе працуюць 3 сярэднія, музычная і дзіцяча-юнацкая спартовая школы, 7 дашкольных установаў.
Мэдыцына
рэдагавацьМэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць лякарня і паліклініка.
Культура
рэдагавацьДзеюць дом культуры, кінатэатар, 2 бібліятэкі.
Зь Бярозы паходзіць рок-гурт BN — пераможца конкурсу «Басовішча».
Забудова
рэдагавацьПлян
рэдагавацьУ канцы 1950-х гадоў распрацавалі першы генэральны плян забудовы Бярозы.
Вуліцы і пляцы
рэдагавацьАфіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
17 верасьня вуліца | Гмінная вуліца (частка) Біскупская вуліца (частка) |
|
Камсамольскі сквэр | Рынак пляц | |
Кастрычніцкая вуліца | Тыльная вуліца | |
Кірава вуліца | Шырокая вуліца[19] | Юзэфа Пілсудзкага вуліца |
Леніна вуліца | Берасьцейскі тракт Берасьцейская шаша |
Тадэвуша Касьцюшкі вуліца |
Максіма Горкага вуліца | Кутніцкая вуліца | |
Першамайская вуліца | Татарская вуліца | |
Пушкіна вуліца | Кляштарная вуліца | |
Савецкая вуліца | Царкоўная вуліца (частка) Зьдзітаўская вуліца (частка) |
|
Сьвярдлова вуліца | Сялецкая вуліца | |
Чырвонаармейская вуліца | Пружанская вуліца[b] |
Эканоміка
рэдагавацьПрадпрыемствы машынабудаваньня, будаўнічых матэрыялаў і харчовай прамысловасьці.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Бярозы |
---|
|
Турыстычная інфармацыя
рэдагавацьІнфраструктура
рэдагавацьДзее Бярозаўскі гістарычна-краязнаўчы музэй. Спыніцца можна ў гатэлі «Ясельда». Працуе дом паляўнічага «Смалярка»[20].
Славутасьці
рэдагаваць- Забудова гістарычная (канец ХІХ — пачатак ХХ ст.; фрагмэнты)
- Касьцёл Сьвятога Крыжа і кляштар картузаў (1648—1689; руіны)
- Кашары (2-я палова XIX ст.)
- Могілкі хрысьціянскія: капліца Сапегаў (1869?)
- Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла (1772, пацярпела ад маскоўскай перабудовы сьпярша ў 1867 годзе, потым — у 2003 годзе; Сьвяты Пасад, цяпер у валоданьні Маскоўскага патрыярхату)
Страчаная спадчына
рэдагаваць- Капліца могілкавая
- Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (1933)
- Могілкі юдэйскія (адно надмагільле захоўваецца ў Бярозаўскім гістарычна-краязнаўчым музэі)
- Сынагога (XIX ст.)
Галерэя
рэдагаваць-
Кляштар, руіны касьцёла
-
Кляштар, шпіталь
-
Кляштар, адноўленая брама
-
Кашары
-
Погляд з гістарычнага Рынку на царкву
-
Новы касьцёл
-
Адміністрацыя
Асобы
рэдагаваць- Мікола Дубоўскі (1933—2013) — беларускі пісьменьнік[21][c]
- Якуб Кляцкін (1882—1948) — філёзаф
- Кадзя Маладоўскі (1894—1975) — паэтка, пісала на ідыш
- Міхась Пашкевіч (нар. 1986) — грамадзянскі актывіст
Глядзіце таксама
рэдагавацьЗаўвагі
рэдагаваць- ^ Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссиею. — Т. 5. Акты Брестского и Гродненского гродских судов с присовокуплением привилегий на землевладение в Брестской и Кобринской экономиях. — Вильна, 1871. С. 142—143. [1]
- ^ Плян Бярозы 1934 году
- ^ Нарадзіўся ў вёсцы Самойлавічах, якая ў 1987 годзе стала часткаю Бярозы
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.), Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Бяроза, Бярозаўская раённая бібліятэчная сыстэма
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 25.
- ^ Грынявецкі В. Бяроза // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 364.
- ^ Нямцэвіч У. Падарожжа да Літвы — 1819 г. // Гістарычная брама. № 1 (5), 1998.
- ^ а б в Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 3. Кн. 1. — Менск, 2006. С. 155.
- ^ Біч М. У якіх межах былі абвешчаныя Беларуская Народная Рэспубліка і БССР? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 62.
- ^ а б Сяленя Я. Бяроза // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 170.
- ^ а б Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 3. Кн. 1. — Менск, 2006. С. 157.
- ^ а б Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 3. Кн. 1. — Менск, 2006. С. 158.
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 414.
- ^ Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 141.
- ^ Береза Картузька // Енциклопедія українознавства(uk) : Словникова частина : [в 11 т.] / Наукове товариство імені Шевченка ; гол. ред. проф., д-р В. Кубійович(uk). — Париж — Нью-Йорк: Молоде життя, 1955. — Т. 2, [т. 1] : А — Головна Руська Рада. — С. 114. — ISBN 5-7707-4049-3
- ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ^ БЭ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 409.
- ^ Перепись населения — 2009. Брестская область (рас.), Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.), Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.), Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Rewieńska W. Bereza Kartuska. Wybrane rozdziały z antropogeografii miasteczka. Wilna, 1934.
- ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
- ^ Вядомыя ўраджэнцы, Сайт вёскі Самойлавічаў
Літаратура
рэдагаваць- Ананьеў Р. Ля ціхае Ясельды-рэчкі Бярозай назвалі мястэчка // Народная газета. 20 чэрвеня 2009. С. 15.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Беларусы — Варанец. — 511 с. — ISBN 985-11-0068-4
- Бяроза і Бярозаўскі рэгіён / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут гісторыі. — Менск: Беларуская навука, 2014. — 400 с ISBN 978-985-08-1785-3 — (Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі).
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2006. — 528 с.: іл. ISBN 985-11-0373-X.
- Дзярновіч А. Бярозаўская картузія // Наша Ніва. 15 красавіка 2009. С. 12.
- Кнырэвiч С. Да 520 годдзя Бярозы // Гістарычная брама. № 1, 1997.
- Кнырэвіч С. Як адны разбуралі кляштар, а другія спрабавалі яго ратаваць // Гістарычная брама. № 1 (23), 2008.
- Сінкевіч М. Картузія маляваная // Маяк (Бяроза). 21 красаіка 2012.
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
- Popowska M. Rys dziejow kartuzji bereskiej w latach 1648―1831. — Wilno: Drukarnia Artystyczna «Grafika», 1938. — 125 s.
- Reweńska W. Bereza Kartuska: Wybrane rozdziały z antropogeografii miasteczka. — Wilno: «Znicz», 1934. — 64 s.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880.
- Кныревич С. Старый город // Маяк (Берёза). 27 июня 2009. С. 12.
- Синкевич Н. Старый город // Маяк (Берёза). 3 июня 2009. С. 6.
- Синкевич Н. Старый город: кляшторные липы // Маяк (Берёза). 15 июля 2009. С. 6.
- Синкевич Н. Старый город: костел Святой Анны // Маяк (Берёза). 10 июня 2009. С. 6.
- Синкевич Н. Три берёзовских апостола: наследие монахов-картузов сохранилось до наших дней // Маяк (Берёза). 29 мая, 2010. С. 4.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Бяроза , Radzima.org
- Афіцыйная старонка (рас.) Бярозаўскага райвыканкаму
- Краязнаўчы блог Бярозы Картускай
- Гістарычная Брама — гістарычна-краязнаўчы часопіс
- Дарашкевіч Ю. Бяроза, Наша Ніва, 30 ліпеня 2008 г.
- Бярозаўскія жыды (анг.), jewishgen.org (анг.)
- Бяроза на польскай мапе 1930 году (пол.)
- Тапаграфічная мапа Бярозы (Польшча, 1930) (пол.)
- Схема забудовы Бярозы да 1942 году частка 1, частка 2 (ід.) паводле l993 «Memorial Book of Kartuz Bereza»
- Сучасная мапа Бярозы (рас.)
- Бяроза (рас.), Глёбус Беларусі