Бяроза Картуская — даўняе мястэчка гістарычнай Берасьцейшчыны. Да нашага часу тут захаваліся руіны адзінага на абшарах Вялікага Княства Літоўскага кляштарнага комплексу картузаў, колішняга нэкропалю чарэйска-ружанскай лініі роду Сапегаў. У 1934—1939 гадох, за польскім часам, у мястэчку дзейнічаў канцэнтрацыйны лягер для палітычных зьняволеных.

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Першы вядомы пісьмовы ўспамін пра Бярозу датуецца 1477 годам, калі Ян Гамшэй са сваёй жонкай Барбарай заснавалі тут касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы. Вёска ўваходзіла ў склад Сялецкай воласьці Берасьцейскага павету[1]. У 1538 годзе касьцёл перайшоў да новых гаспадароў, а менавіта: «Ян і Ганна Гамшэі са Зьдзітава са сваім сынам Станіславам, а таксама дзецьмі апошняга Марцінам, Паўлам, Янам, Юрам са сваімі жонкамі ў Бярозе, нашчадкамі Гамшэяў, у 1537 годзе на алтары бярозаўскага касьцёла імянным запісам, замацаваным пячаткай…» «…Бярозу, плошчу з агароджай, поле Рыбака, карчму з арэнднай платай даравалі і запісалі…»

На мяжы XVXVI стагодзьдзяў Бяроза зрабілася асяродкам гандлю. Прывілей Жыгімонта Старога выдаў дазвол Мікалаю Гамшэю на правядзеньне ў маёнтку штотыднёвых таргоў зь пятніцы да суботы: «Біў нам чалом дваранін наш пан Мікалай Гамшэй у тым, каб, па-першае, дазволіць яму ў маёнтку бярозаўскім мець таргі ў пятніцу, згодна ліста яго бабкі нябожчыцы — пані Віштарт, і, па-другое, біў нам чалом, каб гэты торг у Бярозе прадоўжыць да суботы і зацьвердзіць на вякі».

У пачатку XVII стагодзьдзя Ян Паўлавіч Гамшэй прадаў Бярозу Ляву Сапегу, канцлеру Вялікага Княства Літоўскага. У 1614 годзе мясьціну набыў харунжы Марцін Німіра «сам маёнтак зь мястэчкам і ўсёй маёмасьцю». Але знаходзілася Бяроза ў руках М. Німіра нядоўга: ён не вылучаўся стараннасьцю і гаспадарлівасьцю, і неўзабаве пасьля набыцьця пазычыў мястэчка тутэйшым жыдам. Збанкрутаванага М. Німіру зь цяжкага становішча выратаваў у 1617 годзе Леў Сапега. Канцлер выкупляў яго расьпіскі, якія аддавалі ў заклад Бярозу. «Маёмасьць, — пішацца ў дакумэнце, — належыць канцлеру і яму належаць прыбыткі, пакуль я [Німіра] не вярну яму 14 600 польскіх злотых». Марцін Німіра не знайшоў гэтай сумы, пасьля чаго ўжо ў 1617 годзе суд у Берасьці зацьвердзіў акт продажу мясьціны «на вякі Льву Сапегу», а менавіта «маёнтак у Бярозе, землі, палі, само мястэчка Бярозу з усімі жыхарамі, з кірмашом, рэкі, азёры, млыны, бабровыя ўгодзьдзі на рацэ Ясельдзе» за 24 000 польскіх злотых.

Найперш, як перакананы каталік, Леў Сапега фундаваў у Бярозе касьцёл. Неабходнасьць заснаваньня новага касьцёла абгрунтоўвалася тым, што з 1538 году мясцовы касьцёл з навакольнымі землямі знаходзіўся ў руках кальвіністаў і заставаўся ў іх дзясяткі гадоў, бо калі ён зноў вярнуўся да каталікоў у 1600 годзе, то меў невялікі ўласны надзел і самастойна існаваць ня мог. Леў Сапега дзеля выратаваньня ад банкруцтва касьцёла ў 1620 годзе падараваў яму «ў вёсцы Левашкі чатыры валокі, Траяноўшчынай называемыя», якія паўторна былі замацаваныя ў 1632 годзе.

9 ліпеня 1629 году Леў Сапега, ваявода віленскі, гетман вялікі, староста берасьцейскі і магілёўскі, выдаў жыдам ліст на свабоднае пражываньне ў мястэчку Бярозе. У гэтым лісьце ён дазволіў збудаваць школу «ў гэтым мястэчку Бярозе, у якім, збудаваўшы школу, маглі б спакойна праводзіць свае набажэнствы»[2].

Побач з габрэйскім малітоўным домам і касьцёлам у Бярозе існавала ўніяцкая царква. Першыя зьвесткі пра яе месьцяцца ў дакумэнце 1618 году, у якім апісваюцца межы зямель касьцёла, а таксама ідзе гаворка пра землі «рускага папа з царквы».

Пасьля сьмерці Лява Сапегі ў 1633 годзе Бяроза, згодна з тэстамэнтам, перайшла да яго старэйшага сына Яна Сапегі, маршалка Вялікага Княства Літоўскага, пасьля сьмерці апошняга — да ягонага брата Казімера Льва Сапегі.

Казімер Леў Сапега, малодшы з двух сыноў славутага канцлера, быў перакананаым каталіком, ён фундаваў шэраг касьцёлаў і кляштараў, сярод якіх быў картускі кляштар у Бярозе. Закладка першага нарожнага каменя зь вялікай урачыстасьцю адбылася ў 1648 годзе, дзе прысутнічалі сам заснавальнік, а таксама біскуп луцкі Андрэй Гембінскі і рымскі нунцыюш ксёндз Ян дэ Торэс.

Пераход бярозаўскага ўладаньня да картузаў быў надзвычайным момантам у гісторыі мястэчка, што перш за ўсё адлюстравалася ў падтрымцы новымі ўладальнікамі разьвіцьця гандлю і рамёстваў. Асаблівую ўвагу надаваў кляштар дакладнасьці вагаў на бярозаўскіх кірмашах. «Жадаем мець дакладнасьць і справядлівасьць у вагах, — піша ксёндз Хрысьціян Бэкерс, — таму спэцыяльна за кошт кляштара накіроўваем хадака ў сталічнае места Вялікага Княства Літоўскага Вільню, каб прынёс інфармацыю ... колькі гарнцаў уваходзіць у віленскую бочку, каб потым ён мог важыць у нашым мястэчку Бярозе згодна віленскіх мераў пры продажы і пакупцы збожжа, напояў, піва, мёду і г. д.». У кляштарнай хроніцы ад 1767 году сустракаецца павучэньне малазямельных сялянаў пра пажаданьне займацца «гандлем або рамяством, адпавядаючым мясцовым умовам, напрыклад, вырабам скураў і гэтак далей».

У 1679 годзе кляштар атрымаў ад караля і вялікага князя Яна Сабескага прывілей на кірмаш у сьвята Адшуканьня Сьвятога Крыжа (паводле паданьня, кляштар заснавалі на месцы ў пушчы, дзе Леў Сапега знайшоў драўляны крыж у часе паляваньня), што спрыяла больш шырокім гандлёвым магчымасьцям мястэчка. Акрамя кірмашу на Сьвятую Тройцу, у Бярозе адбываліся таргі ў дзень праваслаўнага Прычашчэньня. Стараньні картузаў на паляпшэньне гаспадарчых справаў у Бярозе ня здолелі прынесьці вялікага выніку, мястэчка да сярэдзіны XIX стагодзьдзя было маленькім, небагатым населеным пунктам. Яно некалькі разоў гарэла, цярпела ад чумы.

У Вялікую Паўночную вайну ў канцы красавіка 1706 году каля Бярозы адбылася сутычка паміж расейскім і швэдзкімі войскамі. Апошнія пасьля пераходу Ясельды занялі мястэчка і кляштар, якіх спалілі і разрабавалі. Швэды захапілі некалькі манахаў з кляштару, за якіх потым плацілі выкуп.

Значэньне і статус Бярозы пад кіраўніцтвам картузаў не зьмянілася. Уладу ў мястэчку, згодна з загадам пракурора картузіі, выконваў кляштарны ўраднік.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Бяроза апынулася ў межах Расейскай імпэрыі, у Пружанскім павеце Слонімскай, з 1797 Літоўскай, з 1801 Гарадзенскай губэрні. У 1-й пал. XIX ст. у мястэчку праводзіліся 8 рэгулярных кірмашоў, дзейнічалі 2 гарбарныя і суконная мануфактуры, працавалі 36 крамаў.

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1832 годзе расейскія ўлады зачынілі кляштар картузаў за ўдзел манахаў у паўстаньнях 1794 і 1831 гадоў. Інфраструктура кляштару, разам зь мястэчкам, перайшла да Кіраваньня Дзяржаўнай маёмасьці Гарадзенскай губэрні. У пэрыяд 1860—1870-х гадоў паводле рашэньня царскага ўраду значная частка будынкаў кляштару была разабраная. Цэгла пайшла на будову вайсковых кашараў і праваслаўнай царквы ў Бярозе, медзяныя лісты з касьцёла — у Горадню для даху праваслаўнай царквы.

Станам на 1833 у Бярозе было 200 драўляных будынкаў, на 1897 — 5 цагляных і 1070 драўляных, працавалі мужчынская і жаночая народныя вучэльні, фэльчарскі пункт, аптэка. Хуткаму росту мястэчку паспрыяла будова Маскоўска-Берасьцейскай чыгункі.

Як і ўся Беларусь, Бяроза зьяўлялася часткаю «рысы аселасьці» і была заселеная габрэямі. У пачатку 30-х гадоў XX стагодзьдзя жыды складалі 53% насельніцтва.

У Першую сусьветную вайну ў 1916 годзе Бярозу занялі нямецкія войскі.

Найноўшы час

рэдагаваць

У 1918 годзе мястэчка зрабілася часткай Беларускай народнай рэспублікі, потым — БССР.

14 лютага 1919 году Бярозу заняла польскае войска. У польска-савецкую вайну мястэчка двойчы рабілася месцам буйных бітваў. Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) яно апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. У 1934 годзе ў мурах былых расейскіх кашараў была арганізаваная вязьніца для палітычных зьняволеныхукраінскіх нацыяналістаў з ОУН і камуністаў. У лягеры, якім кіраваў паліцэйскі інспэктар з Познані Ян Ґрэфнэр, трымалася да 800 вязьняў. 1 красавіка 1939 году да мястэчка далучылі населены пункт з гміны Сялец — вёску Навасёлкі[3].

У 1939 годзе, па нападзе Нямеччыны і СССР на Польшчу, Заходняя Беларусь была анэксаваная СССР і ўлучаная ў склад БССР. 15 студзеня 1940 годзе Бяроза зрабілася цэнтрам новаўтворанага Бярозаўскага раёну і атрымала статус гораду[4]. Перад вайною бальшавікі стварылі тут базу вайсковай авіяцыі. На ёй дысьлякаваліся 97, 121, 125, 130, 162, 207 і 212 бамбардовачныя авіяпалкі, падрыхтаваныя да нападу на Нямеччыну.

22 чэрвеня 1941 году, у першы дзень вайны з СССР Бярозу занялі нямецкія войскі. За часамі нямецкай акупацыі тут існавала габрэйскае гета. Нацысты забілі або замардавалі больш за 8 тыс. чал. У ваколіцах Бярозы дзейнічалі партызанскія аддзелы пад кіраўніцтвам дэсантаваных з Расеі дывэрсантаў. У ліпені 1944 году горад заняла Чырвонай арміяй.

Па вайне ў Бярозе была адноўленая авіябаза, у раёне збудаваная гідраэлектрастанцыя. У 1995 годзе каля гораду беларускія сілы супрацьпаветранай абароны зьбілі паветраны шар з двума амэрыканскімі аэранаўтамі — удзельнікамі міжнароднай авіярэгаты.

  1. ^ Валерый Грынявецкі. Бяроза // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 364.
  2. ^ Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссиею. — Т. 5. Акты Брестского и Гродненского гродских судов с присовокуплением привилегий на землевладение в Брестской и Кобринской экономиях. — Вильна, 1871. С.142—143. [1]
  3. ^ Rozporządzenie Ministra Spraw Wewnętrznych z dnia 24 marca 1939 r. o zmianie granic miasta Berezy Kartuskiej w powiecie prużańskim, województwie poleskim, Dz. U. Nr 27, poz. 178 (пол.)
  4. ^ Я. В. Сяленя. Бяроза // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 170.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Гісторыя Бярозысховішча мультымэдыйных матэрыялаў