Бяроза-Картускі канцэнтрацыйны лягер

(Перанакіравана з «Бяроза-Картускі канцлягер»)

Бяроза-Картускі канцэнтрацыйны лягер (па-польску: Miejsce Odosobnienia w Berezie Kartuskiej) — лягер для палітычных вязьняў у Бярозе-Картускай у міжваеннай Польшчы. Дзейнічаў у пэрыяд 1934—1939 гадоў.

Будынак казармаў, дзе месьціўся лягер і памятны манумэнт, 2010 год

Гісторыя

рэдагаваць
 
Будынак вязьніцы

Створаны 12 ліпеня 1934 году ў Бярозе-Картускай па распараджэньні польскага прэзыдэнта Ігнацыя Масьціцкага ад 17 чэрвеня 1934 году для асобаў, якія пагражалі бясьпецы, спакою і грамадзкаму парадку[1]. Аўтарам ідэі стварэньня лягера быў прэм’ер Леон Казлоўскі, падтрымаў яго і Юзэф Пілсудзкі. Згодна з распараджэньнем мусіла быць створана некалькі такіх лягераў, але заснаваны быў толькі адзін у Бярозе[2].

Лягер разьмяшчаўся ў будынках былых царскіх кашараў. Гэты лягер меў афіцыйную назву «Miejsce Odosobnienia» і быў прызначаны для асобаў, «дзейнасьць якіх ці намеры даюць падставы верыць, што пагражае зь іх боку парушэньнем бясьпекі, ці грамадзкага спакою». Акрэсьлілі яго як «непрызначаны для асобаў асуджаных ці арыштаваных за злачынствы».

Непасрэдным повадам, дзякуючы якому польскія ўлады заснавалі канцлягер, было забойства 15 чэрвеня 1934 году году міністра ўнутраных справаў Браніслава Перацкага, якое выканаў Рыгор Мацейка ад імя Арганізацыі Ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН). Таксама быў забіты й Тадэвуш Галуўка намесьнік кіраўніка «BBWR» (па-польску: Bezpartyjny Blok Współpracy z Rządem — Беспартыйны блёк супрацоўніцтва з урадам) — напалітычнай арганізацыі, якая была шчыльна зьвязная, зь Пілсудзкім і яго рухам «санацыі».

У лягер зьмяшчалі на падставе адміністрацыйнай пастановы бяз права апэляцыі на тэрмін 3 месяцы. Той тэрмін мог быць пасьля падоўжаны на чарговыя 3 месяцы (вядомыя выпадкі затрыманьня на год). Акрамя падазраваных у антыдзяржаўнай дзейнасьці і праціўнікаў палітыкі санацыі трымалі тамака гаспадарчых злачынцаў ці падазраваных у такіх злачынствах, а таксама рэцыдэвістаў. На прыканцы існаваньня лягера тамака ж утрымліваліся і падазраваныя ў дыверсыях і віжаваньні на карысьць Трэцяга Райху.

Вязьніцу ў Бярозе-Картускай стваралі: дырэктар Палітычнага Дэпартамэнту ў Міністэрстве ўнутраных справаў Вацлаў Жуборскі ды кіраўнік Нацыянальнага Аддзелу ў тым дэпартамэнце палкоўнік Леон Яраслаўскі. Нагляд за імі аднесьлі да мясцовага кіраўніцва — выконваў палескі ваявода палкоўнік Вацлаў Костак-Бярнацкі, якога часта называлі камэндантам. Фактчна надзорам кіравалі інспэктары паліцыі Баляслаў (зрэдчас падаецца імя Ян) Грэфнер з Познані (да сьнежня 1934), а пасьля Юзэф Камаля-Курганскі.

Мэтаю лягера было псыхічнае зламаньне вязьняў, каб ужо ніколі не супраціўляліся дзяржаўнай уладзе. Лічылася, што хопіць на тое 3 месяцы, але мацнейшым магчыма было працягнуць тэрмін. У канцлягэры акрамя псыхалягічных зьдзекаў ажыцьцяўляліся і фізычныя. Канцлягер быў створаны на ўзор нямецкіх і савецкіх лягэроў[3].

Лягэр распачаў працу 6 ліпеня 1934 году. У гэты дзень былі прынятыя першыя пяць вязьняў: а 20 гадзіне прывезьлі двух эндэкаў з Кракава, а 21 гадзіне трох камуністаў Наваградку. Першымі зьняволеннымі дзеячамі арганізацыі Нацыянальна-Радыкальны Лягэр (ONR) былі: Зыгмунд Дзярмага, Уладыслаў Хацкевіч, Ян Ёдзевіч, Эдвард Кемнітз, Баляслаў Пясэцкі, Мечыслаў Прушынскі, Гэнрык Росман, Уладзімір Шнарбахоўскі і Баляслаў Сьвідэрскі.

Сярод каля 16 тысячаў асобаў[4], якія прайшлі празь лягэр у Бярозе, былі ня толькі дзеячы нелегальных ці забароненых санацыйнымі ўладамі КПЗБ, Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН), Камуністычнай партыі Польшчы (KPP), Нацыянальна-радыкальны лягэр (ONR), але таксама і людзі зьвязаныя зь Сялянскай партыяй (SL) і Польскай сацылістычнай партыяй (PPS). Трымалі тамака напрыклад некалькі дзён публіцыста Станіслава Мацкевіча, які быў тамака зьмешчаны за крытыку загранічнай палітыкі дзяржавы.

Дзейнасьць лягера магчыма падзяліць на 3 этапы

  • 1. лета 1934—1935 год.

Масавыя арышты, ізаляваньне палітычных дзеячоў рознага кірунку.

  • 2. 1935—1936 гады.

Скарачэньне арыштаў. Вызваленьне ўсіх эндэкаў і аўнаўцаў.

  • 3. вясна 1936 — верасень 1939 гг.

Новыя арышты, у сувязі з антыдзяржаўнымі выступамі. Большую частку вязьняў складалі камуністы. У лягэры яны называліся «квятнеўцы» па назьве месяца арышту.

Лягер дзейнічаў да пачатку наступу Чырвонай арміі ў верасьні 1939 году. Але вызваленьне вязьняў Бярозы-Картускай прышло ад нямецкіх частак — перадавыя часткі фашыстаў прасунуліся на сотню кілямэтраў на ўсход ад Берасьця. Ахова разьбеглася. Вязьні вызваліліся самастойна і разышліся па хатах. У Берасьці яны злавілі і павесілі некалькі паліцэйскіх-ахоўнікаў.[5].

Існуюць непадцьверджаныя зьвесткі, што ў будынкі канцлягера трымалі вязьняў і за Савецкім часам у 1939—1941 гадах[6].

Арганізацыя лягера

рэдагаваць
 
Руіны аднаго з будынкаў вязьніцы

У канцлягэры разам ўтрымлівалася ад 100 да 800 чалавек. Нумары, якія атрымлівалі зьмешчаныя туды ў 1939, набліжаліся да 3000. У 1936 было 369 вязьняў, зь іх 342 камуністаў. Жыды траплялі да Бярозы-Картускай збольшага за фінансавыя злоўжываньні ды за няўплату падаткаў. У апошні тэрмін дзейнасьці прывозілі сюды немцаў.

Да Бярозы траплялі тыя, хто з браку доказаў віны не маглі паўстаць перад судом. Пагроза трапіць у Бярозу была таксама формай ціску на арыштантаў.

Лягер складаўся з трох будынкаў былых царскіх кашараў. Адзін з будынкаў дзе месьціліся камэндант, і яго памошнікі, заставаўся за плотам. У другім будынку была вартоўня, паліцэйскія кашары, пякарня, склады з харчамі і зброяй. У трэцім зьмяшчаліся вязьні. На першым паверсе знаходзіліся кухня і сталоўка. На другім і трэцім зьмяшчаліся камэры падзеленыя па ўсёй даўжыні каліджору. Акрамя гэтых будынкаў, у лягэры былі склады, лазьня, памяшканьне для паліва, карцар — восем сырых бэтонных камэр у склепе сярод поля.

Канцлягэр быў агароджаны высокім драўляным плотам, паверсе працягнуты калючы дрот. На кожным куту стаялі вышкі, дзе дзяжурылі паліцыянты. Звонку лягер аховаў паліцэйскі патруль. Будынак зь вязьнямі меў дадатковую агароджу з калючага дроту. Лягерны пляц з дапамогаю клаючга дроту падзяляўся на асобныя сэкцыі[7].

На час стварэньня лягера ахова складалася з прыкладна 60 паліцыянтаў. Павіны былі служыць асобы ўзростам 25—35 гадоў.

Значную частку аховы складалі паліцыянты, якіх за правіны накіроўвалі сюды на «выпраўленьне» зь іншых рэгіёнаў Польшчы. Яны жылі побач на тэрыторыі лягера, бязь сем’яў. Толькі вуліца імя Касьцюшкі падзяляла казармы вязьняў і будынкі аховы. У студзені 1939 году на 502 вязьні прыходзіўся 131 шэраговы паліцыянт[5].

Зьмяшчэньне ў лягэр

рэдагаваць

Новапрыбылых пасьля афармленьня, падчас якога іх моўна зьневажалі, накіроўвалі на 3 дні ў карантын. Тамака не было мэблі, вокны да паловы былі забітыя фанэраю, а верхнія былі адчыненыя, таму зімою панавала тамака тэмпэратура ніжэй за нуль. Падлога была бэтонная.

На працягу дня вязьні вымушаныя былі стаяць тварам да сьцяны. У ночы маглі пакласьціся бяз нарываньня на падлогу, але кожныя паўгадзіны паліцыянты будзілі вязьняў, загаваючы ім узьняцца, пашыхтавацца ў шэрагі ля сьцяны, пералічыцца, бегаць, падаць, скакаць. Пасьля гэтага вязьні маглі ізноў легчы на падлогу на паўгадзіны. Любое адхіленьне ад загаду, а гэта вызяначаў паліцыянт, каралася біцьцём палкаю. Зрэшты ў карантыне вязьняў білі ўвесь час, катуючы іх да крыві.

Гімнастыка

рэдагаваць
 
Руіны вязьніцы

Гімнастыку праводзілі паліцыянты, ці «інструктары», прызначаныя з крымінальнікаў. Апошнія ў жаданьні выслужыцца былі нашмат больш лютыя за паліцыянтаў. Гімнастыка была найцяжэйшым зьдзекам як па працягласьці (сем гадзін безь перапынкаў для тых, каго не накіравалі на працу), як і па правядзеньні яе згодна карнай сыстэмы вайсковых вучэньняў: падай, паўзі, бег на працягу некалькіх гадзінаў. Мэтаю гэткіх практыкаваньняў было як найбольш фізычна і маральна змучыць вязьня.

Сярод удзельнікаў «вучэньняў» набірался група, якую іранічна называлі «падхарунжаўка». Накіроўвалі туды тых, каго паліцыянты лічылі ўпартымі. Гэтая група займалася альбо ў будынку, які служыў летам для вырабу бэтону (кожны рух ўздымаў з падлогі хмары пылу з бэтону, які ляжаў грубым слоем ў 5 см і не даваў дыхаць), ці за рогам жылога блёку, у месцы, дзе з трубы выплывала мача, ствараючы невялікія лужыны. Падчас адлігі тамака праводзілся практыкаваньні па поўзаньні.

Вязьні былі вымушаны ўсё выконваць бегма. Было забаронена размаўляць між сабою. Паліцыянты зьвярталіся да іх праз «курвін сын», «курва маць», «сьвінячая сьцерва». Паленьне было забаронена.

Зьдзекі праводзіліся нават падчас наведваньня туалету. Гэта можна было рабіць толькі раз на суткі, ранкам: 20 чалавек ставілі ў пакоі з бэтоннай падлогаю, і на загад кожны зь іх павінен быў зьняць порткі, залатвіць справы і апрануцца. На ўсё адводзілася некалькі сэкундаў, пасьля чаго людзі хадзілі неспаражнёныя, што было пакутліва, асабліва падчас шматгадзіннай гімнастыкі.

Падчас працы трэба было чысьціць прыбіральні маленькай шчоткай, ці практычна голымі рукамі. Перад харчаваньнем не дазвалялася мыць рукі, забруджаныя калам.

Самай цяжкаю працаю лічылася пампаваньне вады, для чаго трэба было круціць замест каня кола. Яно было змайстравана гэдак, што вязьні мусілі працаваць нізка пахіліўшыся. Выконвалася і цалкам бессэнсоўная праца, як капаньне і засыпаньне равоў, перанос цяжкіх камянёў зь месца на месца.

За ўхіленьне ад працы вязьні атрымлівалі лупцоўку ад 5 да 50 удараў у твар[8].

 
Руіны аднаго з будынкаў вязьніцы

У ночы праводзіліся ператрусы, падчас якіх усе вязьні мусілі распрануцца да гала і прабегчы карыдорам да адной з заляў. Падчас гэтага іх зьбівалі палкамі.

Расклад дня

рэдагаваць

Пабудка была а 4 раніцы, паўгадзіны пазьней — сьняданак (несалоджаная кава са збожжа ці жур і 400 грамаў чорнага хлеба на цэлы дзень). У 6:30 распачыналіся «праца» ці «гімнастыка», якія працягваліся да 11. Абед падавалі а 12, ён складаўся з гарачае вадкасьці бяз тлушчу і порцыі бульбы. Па абедзе заняткі працягваліся. Вячэру падавалі а 17 гадзіне. Складалася яна зь несалоджанай кавы са збожжа ці журу. Падрыхтоўка да сну пачыналася ў 18:30. Харчаваньне было замалое, вязьні заставаліся галоднымі, а пакункі ад радзіны былі забароненымі. Вязьні насілі ў канцлягэры ўласную вопратку, якая вельмі хутка псавалася. Праньне было забаронена, і гэта таксама стварала дадатковы дыскамфорт. Вязьні хварэлі найперш на хранічныя запаленьні й артрыт.

Жыцьцё пасьля канцлягера

рэдагаваць

Звольненыя зь Бярозы мусілі спыняць ранейшае палітычнае дзеяньне і не маглі анікому расказваць пра ўмовы ў канцлягэры пад пагрозай новае высылкі ў Бярозу-Картускую. Пасьля звальненьня зь лягера шмат людзей мела шэраг хваробаў фізычных (хранічныя запаленьні) і псыхічных (шызафрэнія і дэпрэсія)[9]. Крымінальнікі, да якіх ставіліся лепей, казалі, што лепей год адседзець у жахлівай камэры, чым дзень у Бярозе.

У 1966 годзе выйшаў зборнік «Яны ня сталі на калені» пра вязьняў Бяроза-Картускага канцлягеру. У 1967 годзе ў Бярозе (Беларуская ССР) адбылася сустрэча звыш 100 былых вязьняў польскага канцлягеру, якія прыехалі зь Беларусі, Летувы, Польшчы, Расеі і Ўкраіны. Каля будынку гандлёвага цэнтру, дзе ў 1930-я гады месьцілася лягерная адміністрацыя, усталявалі абэліск у памяць пра вязьняў канцлягеру. У 1980 годзе пасьмяротна выйшла паэма «Песьня зь Бярозы» ўкраінскага паэта Аляксандра Гаўрылюка, які двойчы быў вязьнем канцлягеру. Пазьней на беларускую яе пераклала Ніна Мацяш[10]. 13 красавіка 2021 году кіраўнік аналітычнага цэнтру «Актуальная канцэпцыя» Аляксандар Шпакоўскі абвясьціў пра збор сродкаў на дапаўненьне абэліску мэмарыялам усім ахвярам рэпрэсіяў польскай акупацыйнай улады[11].

Некаторыя вязьні лягера

рэдагаваць

Беларусы

рэдагаваць

Украінцы

рэдагаваць
  1. ^ Rozporządzenie Prezydenta Rzeczypospolitej z dnia 17 czerwca 1934 r. w sprawie osób zagrażających bezpieczeństwu, spokojowi i porządkowi publicznemu, Dz.U. Nr 50 poz. 473 ze zm. (пол.)
  2. ^ Л. Жэброўскі, Прадмова ў: П. Секаноўскі, Obóz odosobnienia w Berezie Kartuskiej 1934—1939, Warszawa 1991, s. 7-8.
  3. ^ Агнежка Кныт — Bereza Kartuska, w: «Karta» nr 59/2009
  4. ^ Агнежка Кныт падае лічбу 3000 вязьняў да канца жніўня 1939 году, зь якіх 13 памерла. Апошні прыбылы ў лягер Тадэвуш Бешчынскі, 29 жніўня 1939 году, меў лягерны № 3091, і гэта апошні нумар з асабістых справаў, што захаваліся
  5. ^ а б в г д е ё ж з і к л Концлагерь в Березе-Картузской — продукт польского «государственного несварения» //Навіны.by
  6. ^ Што такое Бяроза Картуская — у Польшчы ведаюць усе Зьміцер Бартосік, Радыё Свабода 25 чэрвеня 2009
  7. ^ Чырвоныя Казармы Сайт Бярозаўскага райвыканкаму
  8. ^ P. Siekanowski, Obóz odosobnienia w Berezie Kartuskiej 1934—1939, Warszawa 1991
  9. ^ P. Siekanowski, Obóz odosobnienia w Berezie Kartuskiej 1934–1939, Warszawa 1991, s. 27-46
  10. ^ а б Сьвятлана Яскевіч. Гаротная «Песьня зь Бярозы» // Зьвязда : газэта. — 10 красавіка 2021. — № 67 (29436). — С. 1, 5. — ISSN 1990-763x.
  11. ^ У Бярозе можа зьявіцца мэмарыял ахвярам канцлягеру польскага пэрыяду // Газэта «Зьвязда», 13 красавіка 2021 г. Праверана 13 красавіка 2021 г.
  12. ^ Язэп Малецкі Пад знакам Пагоні

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Бяроза-Картускі канцэнтрацыйны лягерсховішча мультымэдыйных матэрыялаў