Віленская археалягічная камісія

Ві́ленская археалягі́чная камі́сія — навукова-асьветная ўстанова, якая займалася зборам і дасьледаваньнем помнікаў старажытнасьцяў на тэрыторыі Беларусі і Летувы. Паўстала дзякуючы лібэралізацыі ў пачатку валадараньня Аляксандра II Мікалаевіча з ініцыятывы Яўстаха Тышкевіча пры Віленскім музэі старажытнасьцяў. У 1830—1840-х роках ён выступаў з ідэяй стварэньня навуковага таварыства і музэю на Літве, дзе зь ліквідацыяй Віленскай мэдычна-хірургічнай акадэміі і пераводам Духоўнае акадэміі ў Санкт-Пецярбург (1842) не засталося ніводнае навуковае ўстановы. Дзейнічала ў 1855—1865 роках.

Стварэньне рэдагаваць

11 траўня [ст. ст. 29 красавіка] 1855 імпэратар зацьвердзіў «Палажэньне пра Музэюм старажытнасьцяў і Часовую археалягічную камісію». У яе першапачатковы склад увайшлі старшыня і апякун Музэю старажытнасьцяў граф Яўстах Тышкевіч (старшыня) і 15 сапраўдных сябраў «зь мясцовых пісьменьнікаў, якія атрымалі вядомасьць навуковымі працамі сваімі па частцы гісторыі, археалёгіі і статыстыкі тутэйшага краю»: віцэ-старшыня камісіі, гісторык і публіцыст, былы сябра таварыства шубраўцаў Міхал Балінскі; навуковы сакратар камісіі археограф Маўрыцы Круповіч; гісторык Тэадор Нарбут; пісьменьнік, аўтар кніг па гісторыі і этнаграфіі Юзэф Ігнацы Крашэўскі; прэлат, перакладнік актаў віленскага капітулу на польскую мову Мамерт Гербурт; гісторык, археограф, выдавец дакумэнтаў па гісторыі Літвы і Польшчы, у маладосьці філярэт Мікалай Маліноўскі; пісьменьнік Ігнацы Ходзька; былы прафэсар гісторыі Віленскага ўнівэрсытэту Павал Кукальнік; літаратар, дасьледнік літоўскіх старажытнасьцяў, выдавец Адам Ганоры Кіркор; астраном Мацьвей Гусеў і іншыя; акрамя таго, 9 сябраў-супрацоўнікаў, «якія маглі садзейнічаць таварыству сваімі ведамі па частцы археалёгіі і археаграфіі» — лекар, выдавец «Віленскага альбому» Ян Казімер Вільчынскі; выдавец і кніжны гандляр Адам Завадзкі і інш.; таксама 18 сябраў-дабратворцаў, чые аднаразовыя ахвяраваньні дазволілі набыць «усё неабходнае для першапачатковага прыдбаньня і ўладкаваньня памяшканьня Музэюму» — заможныя і радавітыя шляхцічы граф Райнальд Тызэнгаўз, граф Марыян Чапскі, граф Канстантын Тышкевіч і інш.; і, нарэшце, 8 ганаровых сябраў, «якія выказалі ахвоту шторок сплочваць на патрэбы Музэюму і Камісіі па 30 руб. срэбрам» — князь Мікалай Радзівіл, Канстантын Сьнітка і інш.

Першае пасяджэньне камісіі адбылося 23 студзеня [ст. ст. 11 студзеня] 1856, далейшыя паседжаньні зазвычай адбываліся штомесяц таксама 11-га дня. Сябрамі Археалягічнай камісіі былі скульптар Генрых Дмахоўскі; вядомы магнат і апякун літоўскай славеснасьці І. Агінскі; грамадзкі дзяяч, пісьменьнік, япіскап Матэюс Валанчус. Сябрам-супрацоўнікам быў абраны рэтаўскі настаўнік і аграном, выдавец летувіскіх календароў Ляўрынас Івінскіс. У дзейнасьці камісіі браў удзел паэт Уладыслаў Сыракомля і ягоны вучань, сябра, сакратар Вінцэнт Каратынскі; як знаўца летувіскай міталёгіі у АК быў прыняты асьветнік Мікалоюс Акелайтыс.

Музэй старажытнасьцяў быў адчынены ў сьценах Віленскага ўнівэрсытэту 29 красавіка [ст. ст. 17 красавіка] 1856, на дзень нараджэньня імпэратара Аляксандра II. Ва ўрачыстасьцях бралі ўдзел каля трахсот чалавек — праваслаўны мітрапаліт Літоўскі і Віленскі Язэп (Сямашка), каталіцкі біскуп Вацлаў Жылінскі, вайсковыя і цывільныя чыноўнікі на чале з генэрал-губэрнатарам Уладзімерам Назімавым, настаўнікі, артысты, купцы.

Мэтамі музэю і камісіі былі абвешчаныя зьбіраньне «ў адзінае цэлае старажытных кніг, актаў, рукапісаў, манэтаў, мэдалёў, зброі, надпісаў і здымкаў з іх, статуяў і іншых прадметаў, якія адносяцца да гісторыі Заходнягя краю Расеі», судзейнічаньне «захаваньню помнікаў старажытнасьці», забесьпячэньне магчымасьці «выкарыстаць іх дзеля вывучэньня краю, ня толькі ў гістарычным, але і ў гандлёвых, прамысловых, сельскагаспадарчых і статыстычных адносінах». Шырокім задачам адпавядалі разнастайнасьць збораў музэю, шырокі дыяпазон дзейнасьці камісіі і ейны склад.

Дзейнасьць рэдагаваць

Камісія зьбірала матэрыялы ня толькі па гісторыі краю, зьвесткі пра старажытныя знаходкі і ўладальнікаў археалягічных матэрыялаў, наладжвала археалягічныя экспэдыцыі, але займалася і прыродазнаўствам, статыстыкай, эканомікай. Паводле складзенай Яўстахам Тышкевічам праграмы ягоныя аднадумцы намагаліся пераўтварыць АК у навуковае таварыства з аддзяленьнямі археалёгіі, археаграфіі, натуральных навук, статыстыкі і эканомікі. Надалей плянавалася аднавіць вышэйшую навучальную ўстанову.

АК выдала два выпускі сваіх нататак, том археаграфічнага зборніку, «Skarbiec» Даніловіча ў 2 тамох, каталёг музэю, зборнік артыкулаў з нагоды візыту ў музэй імпэратара (1858). Карысталася заснаванай у 1859 року друкарняй Адама Кіркора, дзе друкавалася пераважна навуковая і асьветніцкая літаратура на польскай, расейскай, летувіскай мовах.

Сябры камісіі і супрацоўнікі пастаянна праводзілі абмен навуковай інфармацыяй, кнігамі, наладжвалі сустрэчы з навуковымі арганізацыямі Ангельшчыны, Швэцыі, Францыі, Швайцарыі і іншых краінаў. Бібліятэка камісіі налічвала да 20 000 тамоў і мела зрабіцца публічнай, аднак яе адкрыцьцё зацягвалася праз напружаную палітычную сытуацыю ў краі ў 1861—1862. З прычыны пачатку паўстаньня 1863—1864 дзейнасьць АК прыпынялася і аднаўлялася.

Экспазыцыя рэдагаваць

 
«Ягайла і Ядвіга»

Аснову Музэю старажытнасьцяў склалі багатыя зборы Тышкевіча — болей за 2000 прадметаў даўніны (каменныя молаты, паганскія ідалы, старадаўняя зброя і да т. п.), бібліятэка (каля 3000 тамоў), збор 3000 манэтаў і мэдалёў, болей за 1000 гравюраў, геаграфічных мапаў, медных гравіраваных дошак і да т. п., а таксама рэшткі мінэралягічнага, заалягічнага, нумізматычнага кабінэтаў зачыненага ў 1832 року Віленскага ўнівэрсытэта. Музэй займаў тры залі на трох паверхах цэнтральнага будынку Віленскага ўнівэрсытэту, для наведаньняў быў адчынены ў нядзелі з 12-й да 16-й гадзіны. Ён толькі часткова адпавядаў сваёй назьве: першы публічны музэй у Літве ўлучаў у сябе арніталягічны кабінэт, канхіялягічную і мінэралягічную калекцыі (болей за 15 000 пудзілаў птушак і сысуноў, прэпаратаў, выкапнёвых костак; каля 6000 манэтаў і мэдалёў), а таксама вялізны збор карцін, эстампаў, скульптур (у 1859 137 жывапісных працаў, 3127 гравюраў, 28 скульптураў; у 1864 166 карцінаў, 3570 твораў графікі, 44 скульптуры) пры тым, што ў Вільні не было іншага даступнага для публікі збору твораў выяўленчага мастацтва. Экспазыцыя музэю з партрэтамі Сьцяпана Батуры, Тадэвуша Касьцюшкі, Адама Міцкевіча выкарыстоўвалася для прапаганды патрыятычных ідэяў. Напрыклад, з 1858 выстаўленая скульптура Оскара Сасноўскага «Ягайла і Ядвіга», якая сымбалізавала аб’яднаньне Літвы і Польшчы (цяпер у вэстыбюлі Бібліятэкі Акадэміі навук Летувы) і нагадвала пра Рэч Паспалітую.

Ліквідацыя рэдагаваць

Пасьля прызначэньня на пасаду генэрал-губэрнатара Мураўёва-вешальніка ягоны паплечнік, новы апякун Віленскае навучальнае акругі Іван Карнілаў прапанаваў прыняць у склад камісіі ўладных кандыдатаў — генэрала Васіля Ратча, А. П. Сталыпіна, палкоўніка Паўла Баброўскага, праваслаўнага сьвятара Антонія Пшчолку. У пачатку 1864 року была створаная Камісія для разбору і выданьня старажытных актаў (Віленская археаграфічная камісія). У 1865 року яна абвінаваціла кіраўнікоў Археалягічнай камісіі ў спачуваньні «польскай справе», спробах стварэньня ў музэі «пантэону лацінска-польскай даўніны ў краі» і прапагандзе ідэі аднаўленьня літоўска-польскай дзяржавы. Тышкевіч быў вымушаны адмовіцца ад абавязкаў старшыні АК і апекуна Музэю, пасьля чаго яны спынілі сваё існаваньне.

Частка калекцыяў музэю была вывезеная ў Румянцаўскі музэй, другая захоўвалася ў гімназіі, якая дзейнічала ў сьценах зачыненага ўнівэрсытэту, і пазьней была выкарыстаная ў экспазыцыі музэю пры Віленскай публічнай бібліятэцы, калекцыя фартыфікацыйных мадэляў была перададзеная юнкерскай вучэльні. Віленская калекцыя часткова вывезеная падчас эвакуацыі ў 1915, рэшткі трапілі ў выніку ў Гісторыка-этнаграфічны музэй Летувіскай ССР (цяпер Нацыянальны музэй Летувы) ў Вільні.

Літаратура рэдагаваць