Тышкевічы
Тышкевічы (Tyškievičy) — шляхецкі род гербу «Ляліва», прадстаўнікі якога займалі высокія дзяржаўныя і вайсковыя пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім.
![]() Герб «Ляліва» | |
Краіна паходжаньня | Вялікае Княства Літоўскае |
---|---|
Тытул | графы |
Прызнаныя ў | Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Расейская імпэрыя |
Валодалі вялікімі маёнткамі на тэрыторыі сучасных Беларусі (галоўная рэзыдэнцыя — Лагойск), Летувы (Біржы) і Ўкраіны (Бярдычаў).
У наш час прадстаўнікі роду жывуць у Бэльгіі, Вялікабрытаніі, Польшчы і Францыі[1].
Паходжаньне рэдагаваць
Паходяць ад Каленіка Мішкавічы, якому вялікі князь Сьвідрыгайла падараваў у 1437 сяло Буркаўцы і слабадзішчы (г.зн. з палёгкамі для сялянаў) Мігеявічы, Хадарковічы і Ейковічы ў Жытомірскім павеце, а таксама сёлы Астаф’ева, Вальковічы, Дэмадковічы, Вішчы і Кусопічы ў Оўруцкім павеце. Каленік Мішкавіч таксама атрымаў вялікі маёнтак Чарталесы, у якім ягоныя нашчадкі збудавалі Бярдычаў. Зь цягам часу колькасьць маёнткаў у прадстаўнікоў роду павялічылася.
У Каленіка Мішкавіча было 3 сыны — Сенька, Івашка і Тышка (Цімафей) Каленікавічы, якія падзялілі паміж сабой бацькоўскія ўладаньні. Сенька Каленікавіч быў падскарбіем і падканцлерам вялікага князя Сьвідрыгайлы ў 1450 г. Як сьведчаць імёны прадстаўнікоў гэтага роду і дакумэнты, да 2-й паловы XVI ст. Тышкевічы былі праваслаўнай веры.
Ад трэцяга сына Каленіка Мішкавіча Тышкі менавіта паходзіць прозьвішча роду (г.зн. нашчадкаў Тышкі), у якога было 5 сыноў. Старэйшы Барыс (памёр пасьля 1498) быў жанаты зь Мілохнай, сястрой вядомага вайсковага дзеяча і кіраўніка казакоў Астафія Дашкевіча (Дашковіча). Пра нашчадкаў Барыса зьвестак няма. Другі сын, Леў (памёр да 1515) быў вялікакняскім дваранінам (прыдворным). Ад яго сына Скуміна Львовіча Тышкевіча (інакш — Івана Скуміна Львовіча; памёр у 1566) паходзіць галіна роду Скумінаў-Тышкевічаў (згасла 26 чэрвеня 1808). Трэцім сынам Тышкі быў Васіль Тышкевіч (памёр 13 жніўня 1571), ад якога паходзіць графская галіна роду Тышкевічаў-Каляніцкіх (так спачатку яны называліся), або Тышкевічаў, графаў «на Лагойску і Бярдычаве».
Герб роду рэдагаваць
Выкарыстоўвалі прыватны шляхецкі герб «Ляліва», якім таксама карысталіся 593 роды Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага.
Апісаньне гербу: у блакітным полі залаты маладзік рогамі ўгору, над ім залатая 6-прамянёвая зорка. Кленод — над прылбіцай з каронай на паўлінавых пёрах такія ж маладзік й зорка.
Герб выбіваўся на літоўскіх манэтах Тэадорам Тышкевічам — падскарбіем вялікім літоўскім.
Найбольш вядомыя прадстаўнікі рэдагаваць
- Васіль Тышкевіч (1492—1571) — ваявода падляскі і смаленскі; атрымаў ад вялікага князя Жыгімонта Аўгуста тытул графа
- Ян Скумін Тышкевіч (каля 1572 — 1642) — ваявода амсьціслаўскі, троцкі і віленскі
- Юры Тышкевіч (1596—1656) — біскуп віленскі і жамойцкі
- Людвік Тышкевіч (1748—1808) — гетман польны літоўскі
- Канстантын Тышкевіч (1806—1868) — беларускі археоляг, гісторык, этнограф, фальклярыст; адзін з заснавальнікаў беларускай навуковай археалёгіі
- Яўстах Тышкевіч (1814—1873) — беларускі археоляг, гісторык, этнограф, краязнаўца, музэязнаўца; адзін з заснавальнікаў беларускай навуковай археалёгіі
Галерэя рэдагаваць
- Мужчынскі партрэт
-
Марцін Тышкевіч
-
Юзэф Тышкевіч
-
Антоні Ян Тышкевіч
-
Оскар Тышкевіч
- Жаночы партрэт
-
Эўфрасіньня Тышкевіч
-
Сузанна Курч (з Тышкевічаў)
-
Аляксандра Тышкевіч (з Чартарыйскіх)
-
Тэадора Тышкевіч (з Сапегаў)
-
Марыя Тэрэза Тышкевіч (з Панятоўскіх)
-
Марыя Тышкевіч (з Радзівілаў)
-
Марыя Тышкевіч (з Радзівілаў)
-
Ганна Тышкевіч
Крыніцы рэдагаваць
- ^ Грыцкевіч А. Тышкевічы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 681.
Літаратура рэдагаваць
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
Вонкавыя спасылкі рэдагаваць
Тышкевічы — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў