Лагойскместа гістарычнай Меншчыны, колішняя сталіца графства (раней — сталіца ўдзельнага княства), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[1]. Тут разьмяшчалася рэзыдэнцыя роду Тышкевічаў, да нашага часу захаваўся парк і руіны палаца, помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XIX ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся збудаваны ў стылі барока комплекс манастыра базылянаў з царквой Божага Яўленьня, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны расейскімі ўладамі[2], а таксама касьцёл Сьвятога Казімера ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Палац. Н. Орда, 1864 г.
Літаграфія паводле Н. Орды

Раньнія часы

рэдагаваць
 
Манастыр. М. Янушэвіч, 1850 г.

Першы пісьмовы ўпамін пра Лагойск зьмяшчаецца ў «Павучаньні» Ўладзімера Манамаха і датуецца 1078 годам: «Пожог землю и, повоевав до Лукомля и до Логожьска, та на Дръютъск воюя». У канцы XI стагодзьдзя паселішча далучылася да Полацкага княства.

У 1127 годзе князь кіеўскі Мсьціслаў Ўладзімеравіч у часе выправы на Полацак разрабаваў Лагойск, узяў у палон жыхароў і перадаў яго Ізяславу Мсьціславічу. У 1180 годзе горад стаў сталіцай удзельнага княства.

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць
 
Касьцёл. Я. Тышкевіч, 1873 г.

У першай чвэрці XIV стагодзьдзя Лагойск далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. У 1387 годзе вялікі князь Ягайла перадаў яго ў валоданьне свайму брату Скіргайлу, з 1392 году — уладаньне вялікага князя Вітаўта. У Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх (канец XIV ст.) Лагойск значыцца сярод «літоўскіх» замкаў[3]. У 1413 годзе ён ўвайшлоў у склад Віленскага ваяводзтва. З часоў княжаньня Казімера Лагойскам валодалі Чартарыйскія. У 1505 годзе крымскія татары спалілі і разрабавалі мястэчка.

 
Палац Тышкевічаў, 1871 г.

Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў ваколіцаў Лагойску літвой (ліцьвінамі): гдзе сядзелі Пётар з брацьцею, Літва, каторыя ж дзей даньнікі зь людзьмі вашымі ў Ганявіцкай зямлі… і дань давалі к Лагойску (1 лютага 1516 году)[4].

У пачатку XVI стагодзьдзя дзякуючы шлюбу Лагойск перайшоў да Тышкевічаў, якія ўладкавалі тут сваю рэзыдэнцыю. З гэтага часу мястэчка стала цэнтрам графства. У 1532 годзе тут адбудавалі спаленую татарамі замкавую Богаяўленскую царкву, пры царкве існаваў манастыр. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Лагойск увайшоў у склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. За часамі войнаў Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім (1512—1522, 1534—1537), і ў вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) мястэчка пэўны час (у 1519, 1535, 1654 гадох[5]) знаходзілася пад маскоўскай акупацыяй.

 
Палац Тышкевічаў, 1883 г.

У 1609 годзе навуковец Аляксандар Тышкевіч фундаваў у Лагойску першы парафіяльны касьцёл, у якім праводзілася пахаваньне тутэйшай лініі роду. У 1673 годзе кароль і вялікі князь Міхал Вішнявецкі надаў мястэчку прывілей на штотыднёвы торг і 2 кірмашы ў год.

За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) 6 траўня 1708 году швэдзкае войска заняла Лагойск і спаліла замак. У 1752 годзе[5] на месцы зруйнавага замка А. Тышкевіч збудаваў новую царкву і заснаваў манастыр базылянаў. У 1787 годзе ён жа распачаў узьвядзеньне мураванага касьцёла, асьвечанага ў 1793 годзе[5].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць
 
Плян мястэчка, 1840 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Лагойск апынуўся ў складзе Расейскае імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Барысаўскага павету Менскай губэрні. На 1795 год тут было 90 хрысьціянскіх і 26 юдэйскіх двароў, дзеялі касьцёл, царква ў гонар Сьвятога Міколы і базылянскі манастыр; 9 траўня, 6 жніўня і 6 сьнежня праводзіліся кірмашы. Мястэчка было цэнтрам маёнтку, якім супольна валодалі былы рэфэрэндар і канцлер Вінцэнт Тышкевіч і кашталян жамойцкі Станіслаў Тышкевіч.

У 1814—1819 гадох тут збудавалі 2-павярховы палац (будынак падарвалі ў канцы апошняй вайны). У 1837 годзе пачала працаваць ткацкая фабрыка, таксама працавала невялікая фабрыка сельскагаспадарчых прыладаў з жалезаплавільнай майстэрняй. К. Тышкевіч заснаваў у мястэчку банк для мяшчанаў і сялянаў, але праз пэўны час фабрыку і банк зачынілі.

У 1842 годзе браты Канстантын і Яўстах Тышкевічы стварылі музэй старажытнасьцяў, на аснове калекцыі якога ў 1855 годзе заснавалі Віленскі музэй старажытнасьцяў. На 1844 год у Лагойску было 146 двароў і 5 вуліцаў (Замкавая, Спаская, Мікольская, Плешчаніцкая і Віленская), штогод праводзіліся кірмашы: на 6 жніўня (Перамяненьне) і 6 сьнежня (Сьвяты Мікола). Існаваў аднайменны маёнтак, у складзе якога было 4 фальваркі і 9 вёсак. У маёнтку працавалі 3 млыны, вінакурня, лесапільня і 3 карчмы. На 1861 год у мястэчку працавалі шкіпінарны і медны заводы.

 
Плян мястэчка, 1928 г.

У 1863 годзе з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады адкрылі ў Лагойску народную вучэльню, дзе выкладаньне вялося на расейскай мове. На 1866 год у мястэчку было 172 двары, дзеялі касьцёл, капліца, царква і 3 юдэйскія малітоўныя дамы. У 1886 годзе працавалі валасная ўправа, вінакурня, 5 крамаў, 2 карчмы, вадзяны млын і хлебазапасны магазын. Паводле вынікаў перапісу 1897 году — 302 двары, працавалі народная вучэльня, гарбарны завод, 2 вадзяныя млыны, 9 кузьняў, сукнавальня, 14 крамаў, штогод адбываліся 3 кірмашы.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Лагойск занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Лагойск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, у Менскі павет («падраён») Менскага раёну[6]. 17 ліпеня 1924 году Лагойск стаў цэнтрам раёну. На 1933 год у мястэчку працавалі электрастанцыя, цагельны завод (з 1928 году), хімічная лясная гаспадарка, лясная прамысловая гаспадарка (з 1930 году) і маслазавод (з 1932 году). 27 верасьня 1938 году паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 2 ліпеня 1941 да 2 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

3 чэрвеня 1998 году Лагойск атрымаў статус места.

Малюнкі Марцэлія Янушэвіча

рэдагаваць

Палац Тышкевічаў

рэдагаваць

Касьцёл Сьвятога Казімера

рэдагаваць

Царква Сьвятога Мікалая

рэдагаваць
  1. ^ Ткачоў М. Замкі і людзі. — Мн., 1991. С. 129.
  2. ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 430.
  3. ^ Пазднякоў В. Лагойск // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 177.
  4. ^ Литовская метрика. Т. 1. — СПб., 1903. С. 881—883.
  5. ^ а б в Пазднякоў В. Лагойск // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 178.
  6. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.

Літаратура

рэдагаваць