Жыды ў Беларусі
Жыды ў Беларусі — адна з найбольш старажытных этнічных меншасьцей на тэрыторыі Беларусі, якая здолела практычна да апошняга часу зьберагчы сваю спэцыфічную культуру. Паводле перапісу 2009 году на тэрыторыі Беларусі пражывала 12,9 тыс. жыдоў (0,1%).
Жыды на Беларусі | |
Рэгіёны пражываньня | Беларусь — 12 926 (0,1 %) (2009)[1]
|
---|---|
Мовы | расейская — 11 126 (86,1 %) беларуская — 1175—3691 (~9,1 %) іўрыт і ідыш — 245—544 (~1,9 %) |
Рэлігіі | юдаізм, рэфармісцкі юдаізм, артадаксальны юдаізм, хасідызм, праваслаўе |
Блізкія этнасы | жыды, літвакі, галіцыйскія жыды |
Спрыяньне
рэдагаваць25 сакавіка 2021 году Савет міністраў Беларусі ухваліў Пастанову № 168, паводле якой зацьвердзіў «Пералік грамадзкіх аб’яднаньняў..., у дачыненьні якіх пры арэндзе нерухомасьці да базавых ставак прымяняецца паніжальны каэфіцыент 0,1». Сярод 102 грамадзкіх аб’яднаньняў у Пераліку, 7 мелі ў назьве слова «жыдоўскае» (-ая, -і) і былі адзінымі этнічнымі: «Бабруйская гарадзкая жыдоўская грамада», «Брыск» (Берасьце), «Сьвятло мяноры», «Нохум» (Горадня), «Рахамім» (Магілёўская вобласьць), «Салігорскае жыдоўскае грамадзкае аб'яднаньне» (Менская вобласьць) і «Хэсэд-Давыд» (Берасьце)[4].
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьПершая зафіксаваная гістарычнымі дакумэнтамі міграцыйная хваля жыдоў на тэрыторыю Беларусі (на ідыш Райсн) назіралася ў другой палове ХIV — пачатку XV стагодзьдзя зь Нямеччыны, Польшчы і Ўкраіны. Многія з аселых на тэрыторыі Беларусі жыдоў былі выгнаныя з краінаў Заходняй Эўропы. Акурат у гэты час зьяўляюцца першыя жыдоўскія грамады ў Берасьці (1388) і Горадні (1389).
З XIV па XVII стагодзьдзі Берасьце было галоўным цэнтрам жыдоў княства, і грамада Берасьця адыгрывала кіруючую ролю ў жыцьці жыдоўства ўсёй Літвы. Ужо з XV ст. жыды Берасьця граюць важную ролю ў гандлі ВКЛ. Яны вядуць буйныя фінансавыя апэрацыі і атрымліваюць на водкуп пошліны, падаткі і іншыя дзяржаўныя абкладаньні. Некаторыя зь іх валодалі зямельнымі надзеламі. Гандлёвыя сувязі жыдоў Берасьця распаўсюджваліся па ўсім княстве і за яго межамі. У 1483 годзе жыды Берасьця ўсталявалі гандлёвыя сувязі з Вэнэцыяй.
У Горадні жыды зьявіліся, на думку дасьледнікаў[5], яшчэ ў канцы XII ст. На момант атрыманьня ў 1389 годзе прывілея Вітаўта жыдам у горадзе ўжо існавалі сынагога і жыдоўскія могілкі.
Першы дакумэнт, які сьведчыць аб пражываньні жыдоў на тэрыторыі сучаснай Беларусі, адносіцца да 24 чэрвеня 1388 году, калі літоўскі князь Вітаўт выдаў у Луцку[6] прывілей жыдам Берасьця з мэтай заахвочваньня іх далейшага перасяленьня. Прывілей падобны да дакумэнта, выдадзенага князем Баляславам Каліскім ў 1264 годзе. Прывілей Вітаўта ўсталёўваў прынцыпы пражываньня жыдоў у Вялікім Княстве Літоўскім. За забойства жыда належыла такое ж пакараньне як і за забойства шляхціца. Жыдам дазвалялася свабоднае выкананьне абрадаў, а таксама дазвалялася займацца маёмаснымі і закладнымі апэрацыямі. Пад заклад дазвалялася браць розныя рэчы, акрамя хрысьціянскага рэлігійнага начыньня і «скрываўленых» (зьнятых з забітага) рэчаў. Акрамя таго, прытрымліваючыся дэкрэта рымскіх пап, Вітаўт у гэтым дакумэнце забараняў вінаваціць жыдоў ва ўжываньні хрысьціянскай крыві. Былі ўсталяваныя і асновы аўтаноміі жыдоўскай грамады[7].
18 чэрвеня 1389 Вітаўтам быў выдадзены прывілей жыдам Горадні. Гэты дакумэнт ўсталёўваў межы паселішчаў жыдоўскай грамады, вызваляў ад падаткаў сынагогу і могілкі, а таксама рэгуляваў гандлёвыя злучэньні ў горадзе[7].
Прычынай зьяўленьня жыдоў на Беларусі, на думку дасьледнікаў, сталі масавыя пагромы жыдоўскіх грамадаў Цэнтральнай Эўропы ў час так званай чорнай чумы. Важную ролю ў фармаваньні і падтрыманьні сацыяльна-эканамічнага становішча жыдоў ВКЛ традыцыйна выконвалі вялікія князі літоўскія. Яны разглядалі жыдоў як уплывовую фінансавую супольнасьць, апора якой была эканамічна выгаднай. Жыды ВКЛ мелі права свабодна гандляваць і займацца рамяством. Недатыкальнасьць асобы і прыватнай уласнасьці ахоўвалася вялікакняжацкай уладай і законамі дзяржавы.
У XV ст. жыдоўская грамада Горадні была малаважная. Жыды жылі на адмысловай вуліцы і займаліся гандлем. У 1495 яны, як і іншыя жыды ВКЛ, былі выгнаныя з краіны, іх маёмасьць канфіскавана і раздадзена гараджанам, а даўгі хрысьціян прызнаныя несапраўднымі. У 1503 ім было дазволена вярнуцца і патрабаваць вяртаньня маёмасьці.
Маюцца зьвесткі аб тым, што жыды займаліся зборам падаткаў у Наваградку (1445), Менску (1489) і Смаленску (1489).
У 1495 усе жыды, якія адмовіліся перайсьці ў хрысьціянства, былі выгнаныя з ВКЛ. У Берасьці толькі адзін жыд прыняў хрышчэньне і быў пакінуты ў горадзе. Буйным духоўным аўтарытэтам жыдоў Берасьця ў гэты пэрыяд быў Іехіэль Лурыя, дзед Шлома Лурыі. У 1503 жыдам было дазволена вярнуцца, і грамада хутка дасягнула ранейшага росквіту. У XVI ст. жыды Берасьця гулялі значную ролю ў экспартна-імпартнай гандлі Польска-Літоўскай уніі з Нямеччынай і Аўстрыяй, і ім належала 16% зямельнай уласнасьці ў горадзе і ваколіцах. Значную ролю ў жыцьці грамады згулялі Міхаэль (Міхель) Юзэфовіч, буйны адкупнік, прызначаны ў 1514 «старэйшым» усіх літоўскіх жыдоў, і Саўл Валь, фактычна кіраўнік грамады ў канцы XVI ст.
У 1506 была заснаваная грамада ў Пінску. Каля 1539 жыды пасяліліся ў Наваградку, а затым (пасьлядоўна) у Менску, Полацку, Віцебску, Магілёве і Воршы.
У 1551 беларускія жыды атрымалі права абраньня рабінаў. Цяжбы паміж жыдамі вырашаліся жыдоўскімі судамі (Бэйт-дзін) на аснове жыдоўскага права. Грамаднае самакіраваньне захоўвалася ў Беларусі і пад уладай Расеі ў канцы XVIII ст. і было ліквідавана толькі ў 1844 року.
У сярэдзіне XVI ст. 60 з 543 гарадзкіх участкаў Горадні былі забудаваны жыдоўскімі дамамі. У канцы XVI ст. у Горадні існавала некалькі бэт-мідрашаў і ешыботаў. Доўгі час Горадня лічылася адным з цэнтраў духоўнага жыцьця польскага жыдоўства. Сярод буйных талмудыстам, якія займалі пасаду рабіна ў Горадні, асабліва вядомы Мардэхай Яффэ (XVI ст.).
Жыдоўская меншасьць ВКЛ мела вельмі добра распрацаваную сыстэму грамаднага самакіраваньня (кагал), якая закранала і кантралявала амаль усе аспэкты жыцьця жыдоў. Жыдоўская меншасьць моцна адрозьнівалася ад мясцовага насельніцтва веравызнаньнем. Аснова жыдоўскай рэлігіі — юдаізму — гэта вера ў Адзінага Бога-творцу, які абраў жыдоў у якасьці сваіх місіянэраў і слуг. Адзіны кодэкс жыцьця жыдоў — Талмуд. Талмудычная традыцыя вызначала статус кожнага жыда ў адпаведнасьці з паходжаньнем, адукацыяй і багацьцем. Да заможных людзей жыдоўская грамада адносілася з павагай. Здольнасьць зарабляць грошы лічылася праявай мудрасьці і Божай ласкі.
Адзеньне
рэдагавацьЖыды адчувальна адрозьніваліся ад беларусаў адзеньнем. Мужчыны насілі доўгі чорны сюртук (лапсярдак) з шырокім поясам. Галаўным уборам была ярмолка (цюбецейка). Зь непакрытай галавой жыдам забаранялася маліцца да Бога і нават вымаўляць гэта Сьвятое Імя. Да абрадавага адзеньня адносіўся кіцель — кашуля з доўгімі рукавамі і шырокім каўняром, які падаравала нявеста свайму нарачонаму падчас шлюбу. Значным элемэнтам культуры зьяўляліся традыцыйныя прычоскі. Мужчыны насілі пышныя бароды і стрыглі валасы на галаве, адпускаючы доўгія косы (пэйсы) на скронях. Жанчыны насілі парыкі, а дзяўчаты косы, але толькі да шлюбу, а потым адразалі (каб ня ўводзіць у спакусу іншых мужчын).
Кухня
рэдагавацьЕжа, паводле талмудысцкай традыцыі, падзялялася на кашэрную (дазволеную) і трэфную (забароненую). Была забароненая сьвініна, зайчаціна і рыба без лускі (уюн, вугор). Існавала павер’е, што душа знаходзіцца ў крыві ўсялякай істоты, таму мяса павінна быць без крыві. Жыды пазьбягалі таксама ўжываць мяса жывёл, забітых неасьвячоным нажом. Мясная і малочная ежа лічылася несумяшчальнай, і яе ўжывалі паасобку (посуд для прыгатаваньня павінен быць асобны). Абрадавая ежа — маца (тонкія праснакі з пшаніцы) — была абавязковай на жыдоўскую Пасху. Шырока выкарыстоўвалася садавіна, гародніна, а таксама розныя спэцыі.
Гаспадарчыя заняткі
рэдагавацьПераважная колькасьць жыдоўскай меншасьці займалася дробным гандлем і рамяством. Асабліва значную ролю жыды адыгрывалі ў сталярным, шавецкім і ювелірным рамёствах. Вельмі распаўсюджаны былі сярод жыдоў фактарства, шынкарства, дробны гандаль, арандатарства. Большасьць найбуйнейшых фінансавых апэрацыяў у ВКЛ і ў Рэчы Паспалітай у ХV—XVI ст. кантралявалася групай заможных жыдоў-адкупшчыкаў, якія падтрымлівалі сувязі з эўрапейскім гандлем.
Рэч Паспалітая
рэдагавацьАктыўнае асваеньне ўнутраных і зьнешніх рынкаў ВКЛ выклікала незадавальненьне мясцовых гандляроў. Магістраты таксама нэгатыўна адносіліся да пашырэньня правоў жыдоўскай меншасьці ў гарадах і мястэчках. Такая незадаволенасьць прыводзіла да ўзьнікненьня канфрантацыяў і канфліктаў паміж жыдамі і мясцовым насельніцтвам. Значная роля ў гэтых стасунках належала сялянству, якое ўспрымала жыдоўскае арандатарства як галоўную прычыну свайго цяжкага эканамічнага становішча. У канфліктах заўсёды эксплюатаваўся нэгатыўны стэрэатып жыда, створаны яшчэ ў Сярэднявеччы (забойца Хрыста і спажывец хрысьціянскай, пераважна дзіцячай, крыві). Падчас казацкіх выступленьняў і шматлікіх войнаў з Маскоўскай дзяржавай жыдоўская меншасьць заўсёды падвяргалася шматлікім пагромам.
У першай палове XVII ст. грамада Горадні лічылася адной з трох галоўных жыдоўскіх грамад Літвы (нароўні з грамадамі Берасьця і Пінску) і мела сваіх прадстаўнікоў у літоўскім ваадзе. Драўляная сынагога Горадні (др. пал. XVIII ст.; разбурана нацыстамі ў 1941) славілася памерамі і архітэктурнымі плюсамі.
У 1637 г. жыды Берасьця падвергліся пагрому, многія жыдоўскія крамы былі спаленыя ці разрабаваныя; аднак улады загадалі вярнуць жыдам скрадзеныя ў іх тавары, і ў пазьбяганьне паўтарэньня беспарадкаў была арганізавана зьмяшаная жыдоўска-хрысьціянская варта. Вельмі варожа ставілася да жыдоў каталіцкае і праваслаўнае духавенства. Студэнты езуіцкай калегіі часта нападалі на жыдоў; асабліва сур’ёзны напад адбыўся ў 1636 року.
У час паўстаньня Б. Хмяльніцкага ў 1648-49 гг. многія жыды Берасьця беглі ў Польшчу і Данцыг; тыя, што засталіся ў горадзе былі выразаныя. Па некаторых зьвестках, колькасьць забітых даходзіла да 2 тыс. Аднак неўзабаве жыды зноў пасяліліся ў Берасьці і ў 1655 г. атрымалі ахоўную грамату. Цяжкія страты панесла грамада ў 1660, калі шмат жыдоў было зьнішчана маскоўскімі войскамі, якія ўступілі ў Берасьце. Да канца XVIII ст., асабліва ў 1792, адбываліся новыя сутыкненьні паміж жыдамі і хрысьціянамі.
Грамада Горадні не пацярпела ад пагромаў і разьні ў часы Б. Хмяльніцкага і нават прытуліла бежанцаў з Украіны, але пасьля пакутавала ад уварваньняў маскоўскіх войскаў (1655—1657) і швэдаў (1658—1660).
Хрысьціяне перашкаджалі пасяленьню жыдоў у гарадах, якія знаходзіліся пад юрысдыкцыяй гарадзкіх упраў. У Віцебску, напрыклад, жыдам да 1627 не дазвалялі пабудаваць сынагогу.
Большасьць жыдоўскіх грамад Беларусі знаходзілася пад кіраваньнем берасьце-літоўскай грамады і толькі некалькі — у падпарадкаваньні пінскай грамады. У 1692 адной з галоўных стала таксама слуцкая грамада. Расьлі і дробныя грамады, якія знаходзіліся пад заступніцтвам польскіх магнатаў, якія здавалі жыдам у арэнду свае маёнткі, вёскі, корчмы і заезныя двары. Новыя грамады імкнуліся вызваліцца ад падпарадкаваньня старым.
На працягу стагодзьдзяў Беларусь была адным з буйных цэнтраў жыдоўскай вучонасьці. У канцы XVI ст. былі заснаваныя першыя ешыботы ў Берасьці і Горадні, а ў 1685 рабін Мошэ бен Мардэхай адкрыў ешыву ў Менску, дзе з 1722 выкладаў выбітны талмудыст і гістарыёграф І. Гейлпрын (1660?-1746?); у 1733 талмудыст А. Л. Гінцбург (1695—1785) заснаваў у Менску другую ешыву. У Беларусі зарадзіліся некаторыя хасідзкія напрамкі, у прыватнасьці, Хабад. У той жа час у Беларусі было вельмі моцна ўплыў мітнагдым.
У другой палове ХVІІ—ХVІІІ ст. колькасьць жыдоў значна павялічылася: ад 40 да 80% у розных гарадах і мястэчках Беларусі. У канцы ХVІІІ ст. на землях былога ВКЛ пражывала больш за 300 тыс. жыдоў-юдэяў.
Паводле зьвестак перапісу 1766, у Беларусі было 62800 жыдоў-падаткаплатнікаў (40% усяго літоўскага жыдоўства). Найбуйнейшымі былі менская (1396 чалавек) і пінская (1350 чалавек) грамады. Да падзелу РП жыдоўскія грамады часта знаходзіліся пад пагрозай набегаў маскальскіх войскаў, якія суправаджаліся разьнёй жыдоў і іх гвалтоўным зваротам у хрысьціянства.
У XVIII ст. роля асноўнага цэнтру жыдоўства ў Літоўскім княстве перайшла ад Берасьця да Вільні.
У XVIII ст. у Горадні жыў вядомы рабін і кабаліст Зіскінда (Аляксандар) бэн Машэ (памёр у 1794 г.). Першая кніга, выдадзеная на іўрыце ў Літве, была надрукаваная ў Горадні ў 1788 року.
Расейская імпэрыя
рэдагавацьУ 1791 року, калі адбываўся працэс далучэньня Беларусі да Расейскай імпэрыі, была створана мяжа аседласці, замацоўваецца магчымасьць пражываньня жыдоў толькі ў межах заходніх губэрняў. Жыды ў гэты пэрыяд складалі абсалютную альбо адносную большасьць практычна ва ўсіх гарадах і мястэчках Беларусі.
Пасьля ўключэньня Берасьця ў склад Расейскай імпэрыі яго эканамічнае значэньне ўпала. У 1830-я гады па распараджэньні расейскіх уладаў была зроўненая зь зямлёй значная частка гістарычнага жыдоўскага квартала ў Берасьці (у тым ліку старажытная сынагога і жыдоўскія могілкі) і на яго месцы стала будавацца Берасьцейская крэпасьць. З пабудовай канала Днепр-Буг ў 1841 эканамічнае становішча Берасьця зноў палепшылася, што прывяло таксама да ажыўленьня гаспадарчай і эканамічнай жыцьця жыдоўскай грамады і да яе павелічэньня. У XIX — пачатку XX стагодзьдзя ў руках жыдоў былі засяроджана амаль уся рамесная вытворчасьць у Берасьці, асноўнымі галінамі якой зьяўляліся абутковая і швейная справа. У руках жыдоў знаходзілася таксама значная частка гандлю. У 1905 некалькі жыдоў было забіта падчас пагромаў.
Пасьля таго, як Горадня адышла да Расеі, жыды складалі большасьць насельніцтва гораду. У XIX — пачатку XX ст. працягваўся рост колькасьці жыдоўскага насельніцтва Горадні, але працэнт жыдоў сярод жыхароў гораду паменшыўся. Так, у 1816 у Горадні жылі 8 422 жыды (85% ад усяго насельніцтва), у 1859 — 10 300 (53%), у 1887 — 27 343 (68,7%), у 1897 — 22 684 (48,4%), у 1910 — 31 055. У 1790 і 1816 роках жыдам Горадні прыйшлося перажыць крывавыя паклёпы. Традыцыйнымі крыніцамі даходу гарадзенскіх жыдоў былі гандаль (галоўным чынам сельскагаспадарчымі прадуктамі і лесам), рамёствы, а ў другой палове XIX ст. — прамысловасьць. У 1887 жыдам Горадні належалі 88% камэрцыйных прадпрыемстваў, 76% фабрык і майстэрняў, 65,2% нерухомай маёмасьці.
У час вайны 1812 року жыды Беларусі аказалі вялікую дапамогу рэгулярнай арміі Расеі і партызанам.
Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай расьсяленьне жыдоў было абмежавана тэрыторыямі беларускіх губэрняў (мяжа аседласьці). Гэта садзейнічала павелічэньню жыдоўскага насельніцтва з 350 тыс. чалавек у 1863 г. да 890 тыс. чалавек у 1897 г. і 1250 тыс. чалавек у 1914 г. (каля 14%). Прыблізна 50—60% жыдоў у канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. пражывала ў гарадах, што паўплывала на складаньне асаблівасьцей гарадской культуры на Беларусі. Гэта былі збольшага прадстаўнікі артадаксальнага юдаізму. Частка жыдоў спавядала хасідызм.
Першапачаткова ўваход у Расейскую імпэрыю не аказаў моцнага ўплыву на традыцыйны ўклад жыцьця жыдоў. Яны працягвалі жыць кагаламі, зьберагаючы ўсе рэлігійныя традыцыі. Істотныя культурныя зьмены пачаліся пасьля адмены кагальнай сыстэмы кіраваньня ў 1844. Значная частка жыдоў адыходзіць ад старажытных традыцыйных норм жыцьця і ўспрымае эўрапейскія нормы гарадской культуры (Гаскала).
Пагромы 1881 і 1883 на Беларусь не распаўсюдзіліся. Жыды займаліся лесапільным і гарбарным промысламі, розьнічным гандлем, скупкай сельскагаспадарчай прадукцыі (лёну, пянькі, шчаціньня), якую жыды-скупшчыкі прадавалі жыдам-купцам, якія гандлявалі з замежжам.
Пасьля пераходу Беларусі да Расеі Шклоў стаў важным гандлёвым цэнтрам на шляху паміж Расеяй і Заходняй Эўропай. Невялікая група жыдоў — буйныя аптовыя гандляры, будаўнічыя падрадчыкі і пастаўшчыкі арміі — хутка багацела, але большасьць жыдоў Беларусі жылі ў нястачы. Ратуючыся ад галечы, многія перасяляліся на Ўкраіну, на поўдзень Расеі, а з 1880 г. — у ЗША. Тым ня менш жыдоўскае насельніцтва расло. У 1847 г. у Беларусі жылі 225.727 габрэяў, а ў 1897 г. — 724548 (13,6% усяго насельніцтва). У Менску жылі 47560 жыдоў (52% усяго насельніцтва), у Віцебску — 34420 (52,4%), у Магілёве — 21539 (50%), у Пінску — 21065 (74,2%), у Бабруйску — 20759 (60,5%), у Гомлі — 20385 (54,8%).
Заснаваныя ў XIX ст. «Літоўскія» ешывы ў Валожыне, Іўі, Міры і Ружанах далі нямала выбітных навукоўцаў і рабінаў. У мястэчках Беларусі сфармаваўся ўклад жыцьця, які меў мясцовыя асаблівасьці, і адмысловы паўночна-заходні дыялект мовы ідыш.
На пачатку ХХ ст. колькасьць жыдоў дасягала мільёна чалавек. Жыдоўская меншасьць складала да 60% гарадскога насельніцтва Беларусі. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 «мяжа аседласьці» была адменена, і жыды ў вялікай колькасьці расьсяліліся па ўсёй тэрыторыі Расейскай імпэрыі. З гэтага часу колькасьць жыдоўскай меншасьці Беларусі працягвала зьніжацца:
- 1914 г. — 1125 тыс. (~14%);
- 1926 г. — 407 тыс. (8,2%);
- 1939 г. — 375 тыс. (6,7%)[8];
- 1959 г. — 150 тыс. (1,9%);
- 1970 г. — 148 тыс. (1,6%);
- 1979 г. — 135,5 тыс. (1,4%);
- 1989 г. — 112 тыс. (1,1%);
- 1999 г. — 27,8 тыс. (0,3%);
- 2009 г. — 12,9 тыс. (0,1%).
У час Першай сусьветнай вайны жыдоў двойчы высялялі зь Берасьця. Зь пераходам Берасьця да Польшчы (1919) жыцьцё жыдоўскай грамады аднавілася. Разам з рэлігійнай актыўнасьцю значнае месца надавалася сьвецкай культурнай дзейнасьці. У горадзе былі дзьве жыдоўскія гімназіі, чатыры сынагогі, каля 30 малітоўных дамоў, жыдоўскія прафсаюзы, жаночыя і моладзевыя арганізацыі; 12 з 44 членаў гарадскога савета былі жыдамі, у тым ліку і віцэ-мэр Берасьця. Аднак уплывовыя былі і заўзятыя антысэміты, якія зладзілі пагром у 1937 року.
Нягледзячы на частыя вайны (Беларусь была арэнай мноства бітваў, у тым ліку бітваў Першай і Другой сусьветных войнаў) і антырэлігійных акцый савецкіх уладаў, у рэспубліцы захавалася нямала будынкаў сынагогаў.
Выхадцамі Беларусі былі пісьменьнік Мендэле Мохер Сфар, мастак М. Шагал, гісторык і мысьліцель С. Дубноў, дырыгент Б. Хайкін (1904—1978), будучыя прэзыдэнты і прэм’ер-міністры Ізраіля Х. Вейцман, І. Шамір, Ш. Перэс, публіцыст і грамадзкі дзеяч А. Ахімеір, рабін і актыўны ўдзельнік сіянісцкага руху І. Нісенбаўм і многія іншыя. Тут заснаваў знакамітую мастацкую школу І. Пэн. У Полацку вучыўся Э. Бэн-Іехуда, які адрадзіў у Эрэц-Ісраэль сучасны іўрыт. У Гомелі зьявіўся адзін зь першых атрадаў жыдоўскай самаабароны (1903), удзельнікі якога, якія перасяліліся неўзабаве ў Эрэц-Ісраэль, паклалі пачатак другой Аліі і заснавалі арганізацыю Ха-Шомэра. Беларусь стала таксама першым і найбольш значным цэнтрам жыдоўскага рабочага руху. У 1902 у Менску адбыўся II Зьезд расейскіх сіяністаў; буйнымі цэнтрамі жыдоўскага рабочага руху былі таксама Бабруйск, Гомель і Віцебск. Прыхільнікамі Бунда былі рамесьнікі, рабочыя і частка інтэлігенцыі. У 1905 г. Бунд узначальваў рэвалюцыйны рух у Беларусі. Разам зь сіянісцкім рабочым рухам ён арганізаваў у кожным горадзе жыдоўскую самаабарону, дзякуючы якой большасьць жыдоўскіх суполак Беларусі не пацярпелі ад пагромаў. У пачатку Першай сусьветнай вайны ўцекачы з Польшчы і Літвы былі сардэчна прынятыя жыдамі Беларусі.
Выхадцамі Берасьця былі жыдоўскі паэт і журналіст М. Барэйша, амэрыканскі прафсаюзны лідэр Д. Дубінскі, савецкі ваеначальнік генэрал-маёр танкавых войскаў М. В. Рабіновіч (1901—1977), дзяржаўны дзеяч Ізраіля М. Бегін. Адным з кіраўнікоў гераічнай абароны Берасьцейскай крэпасьці быў жыд Яфім Фамін (1909—1941 гг.; пасьля вайны на месцы яго расстрэлу ля Холмскіх варот ўстаноўлена мэмарыяльная дошка, на Алеі памяці ўсталяваны барэльефны партрэт героя, адна з вуліцаў гораду носіць яго імя).
У Горадні доўгі час жылі рэдактар выданьняў на іўрыце і перакладчык Аўрахам Шалом Фрыдберг (1838—1902) і паэт Л. Найдус. Родам з Горадні былі прыдворны фатограф і аўтар вершаў на іўрыце Абба Ашэр (Канстанцін Александровіч) Шапіра (1839—1900), мастак Л. Бакст і скульптар І. Гінцбург. Адна зь першых у Расеі каапэратыўных пазыка-ашчадных кас была заснавана ў Горадні ў 1898. У Горадні дзейнічаў адзін зь першых жыдоўскіх сацыялістычных гурткоў (1875—1876). З канца 1890-х у горадзе існавалі розныя групоўкі жыдоўскага рабочага руху, сярод якіх вылучаліся актыўнасьцю члены Бунду. Удзельнікі рабочага руху згулялі важную ролю ў арганізацыі жыдоўскай самаабароны.
У 1906 годзе ў Горадні функцыянавалі 100 хедараў (1200 навучэнцаў), сем пачатковых мужчынскіх школ (566 навучэнцаў), пяць жаночых школ (527 вучняў). У 1907 у Горадні былі адкрыты Гарадзенскія пэдагагічныя курсы — адзіная ў Расеі навучальная ўстанова для падрыхтоўкі жыдоўскіх настаўнікаў. Курсы былі заснаваны Таварыствам для распаўсюджваньня асьветы паміж жыдамі ў Расеі. Пры курсах мелася бібліятэка.
Палестынафільскі і сіянісцкі рухі мелі ў Горадні глыбокія карані. У 1872 у Горадні было заснавана таварыства для перасяленьня ў Палестыну; іншае аналягічнае таварыства набыло ўчастак зямлі ў Пэтах-Тыкве пры заснаваньні гэтага паселішча (1880). Адным зь першых пасяленцаў Пэтах-Тыквы быў Мардэхай Дыскін (1844—1914) з Горадні. Таварыства Ховевей Цыён ў Горадні аказала ў 1890 шчодрую падтрымку ў пабудове жыдоўскай жаночай школы ў Яффэ. Актыўнымі ўдзельнікамі сіянісцкага руху былі выхадцы з Горадні браты Бецалель і Лейб Яфэ.
На пачатку 1915 году казачыя часткі Расейскай арміі зладзілі ў Горадні пагром. У красавіку 1915 жыдоўскае насельніцтва з Гарадзенскай губэрні па распараджэньні вышэйшага ваеннага камандаваньня — галоўнакамандуючага вялікага князя Мікалая Мікалаевіча і начальніка штаба генэрала Н. Янушэвіча — было выслана з губэрні.
Лютаўская рэвалюцыя 1917 спарадзіла ў асяродзьдзі жыдоў вялікія надзеі. Жыдоўскія партыі выйшлі з падпольля. У Менску пачалі выдавацца некалькі жыдоўскіх часопісаў, у тым ліку сіянісцкі «Дэр ід» і бундаўскі «Дэр Векер». На выбарах ва Ўстаноўчы сход у Менскім павеце за сіяністаў прагаласавалі 65400 чалавек, за Бунд і меншавікоў — 16 270.
Кастрычніцкі пераварот 1917 ўнёс радыкальныя зьмены ў жыцьцё жыдоў Беларусі. У ходзе грамадзянскай вайны сымпатыі жыдоўскага насельніцтва апынуліся на баку савецкай улады і Чырвонай арміі, якія змагаліся з антысэмітызмам. У баях з белагвардзейцамі і палякамі загінулі тысячы маладых жыдоў. У выніку эканамічных мерапрыемстваў бальшавіцкіх уладаў была разбурана гаспадарчая структура мястэчка, сотні тысячаў былых рамесьнікаў і гандляроў пазбавіліся ня толькі заработку, але і грамадзянскіх правоў («лішэнцаў»). Індустрыялізацыя, якая пачалася ў Савецкім Саюзе спрыяла масавым міграцыям, дысьперснаму расьсяленьню жыдоў і дала магутнае паскарэньне працэсу асіміляцыі. Зь іншага боку, 1920-я гг. і першая палова 1930-х гг. — час шырокага распаўсюджваньня пэўных формаў культурнага жыцьця і адукацыі на мове ідыш (літаратура, тэатар, фальклёрная і прафэсійная музыка).
СССР
рэдагаваць1920—1930-я гг.
рэдагавацьБССР
рэдагавацьПасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў межах працэсу беларусізацыі былі створаны ўмовы для разьвіцьця нацыянальнай культуры жыдоў. У ліпені 1924 жыдоўская мова (ідыш) стала адной зь дзяржаўных у БССР. Пры Інбелкульце ў тым жа годзе быў адкрыты жыдоўскі аддзел. З 1925 у яго склад уваходзіла чатыры камісіі. Кіраўніком быў Б. Аршанскі. У 1928 жыдоўскі аддзел быў трансфармаваны ў сэктар пры АН БССР. Пры ім выдаваўся навуковы часопіс «Цайтшрыфт» (Штогоднік), у якім друкаваліся дасьледаваньні супрацоўнікаў сэктару. Актыўны ўдзел у працы сэктара прынялі І. Сосіс, Г. Аляксандраў і Л. Галамшток. У 1932 на базе жыдоўскага сэктару Інбелкульта быў заснаваны Інстытут жыдоўскай пралетарскай культуры пры АН БССР пад кіраўніцтвам І. Сосіса. У ім дзейнічала пяць камісій: лінгвістычная, гістарычная, літаратурная, сацыяльна-эканамічная і антырэлігійная. У сярэдзіне 1935 інстытуты і сэктары, якія дасьледавалі гісторыю і культуру нацыянальных меншасьцей на тэрыторыі Беларусі, былі аб’яднаны ў Інстытут нацыянальных меншасьцей. Дырэктарам быў прызначаны Станіслаў Матулайціс. Аднак ужо ў траўні 1937 Інстытут нацыянальных меншасьцей быў ліквідаваны.
Паводле перапісу 1926 у Беларусі жылі 407 тыс. жыдоў (8,2% насельніцтва), у тым ліку ў Менску — 53686 (40,8%), у Гомелі — 37 475 (43,7%), у Віцебску — 37013 (37,5%), у Бабруйску — 21558 (42%). Паводле перапісу 1939 г. у Беларусі засталося 375 тыс. жыдоў (6,7% насельніцтва). Жыдоўскія камуністы (Еўсэкцыя) ў Беларусі вялі асабліва актыўную прапаганду супраць юдаізму, жыдоўскага ладу жыцьця і жыдоўскай нацыянальнай салідарнасьці. Хедары і ешывы былі зачыненыя, а сынагогі былі выкарыстаныя для сьвецкіх патрэбаў. Ўсё ж да канца 1920-х гг. жыды змагаліся за права друкаваньня сідураў, календароў і іншых рэлігійных выданьняў, а таксама за права ўтрыманьня сынагог. Былі створаны падпольныя хедары і ешывы. Улады бязьлітасна змагаліся з сіянізмам. Аднак падпольныя сіянісцкія моладзевыя арганізацыі Ха-Шомэра ха-ца’ір, Кадзіма, Хе-Халуц дзейнічалі да канца 20-х гг., калі яны былі ліквідаваныя шляхам масавых арыштаў і іншых рэпрэсій.
Адначасова камуністы-жыды, якія падтрымлівалі ўладу, імкнуліся стварыць у Беларусі новую, савецкую жыдоўскую культуру на ідыш. Была створана сетка школ з выкладаньнем на гэтай мове; у 1932-33 гг. іх наведвалі 36650 вучняў (55% усіх жыдоўскіх дзяцей школьнага ўзросту). Пры Беларускім унівэрсытэце існаваў інстытут для настаўнікаў жыдоўскіх школ. У 1931 у 10 судах судаводзтва вялося на ідыш. Некаторы час лозунг «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» быў напісаны на гербе БССР на ідыш, разам зь беларускай, польскай і расейскай мовамі. У Менску паўстаў адзін з цэнтраў жыдоўскай савецкай літаратуры, тут тварылі І. Харык, М. Кульбак, З. Аксельрод. У Беларусі працавалі жыдоўскія паэты М. Тэйф, Х. Камянецкі (1895—1957), рэжысэр Беларускага дзяржаўнага жыдоўскага тэатра (1926) М. Рафальскі, акторы Юдзіф Арончык (1908—1993), А. Трэпель (1908—1969), тэатральныя мастакі Ц. Г. Кіпніс (1905—1982), Б. Е. Малкін (1908—1972) і многія іншыя.
У 1920—30-х гг. на тэрыторыі БССР было створана больш за дзесяць жыдоўскіх нацыянальных местачковых і сельскіх Саветаў. Да сярэдзіны 1930-х гг. дзейнічала Жыдоўскае бюро ЦК КП(б)Б. Жыдоўскія сэкцыі існавалі пры СНК БССР, народным камісарыяце асьветы і інш. Для падрыхтоўкі нацыянальных кадраў былі адкрыты жыдоўскія сэкцыі пры БДУ, пэдагагічных і настаўніцкіх інстытутах. Былі заснаваны тры жыдоўскія пэдагагічныя тэхнікумы (у Менску, Гомлі і Віцебску), Менскі настаўніцкі інстытут нацыянальных меншасьцяў, жыдоўскія аддзяленьні на пэдфаку БДУ і Магілёўскім тэхнікуме палітычнай асьветы, у саўпартшколе і сельскагаспадарчым тэхнікуме.
Канец 20-х — п. пал. 30-х гг. ХХ ст. сталі пэрыядам росквіту жыдоўскай культуры БССР. Так, у 1926 року ў Менску быў адкрыты Беларускі дзяржаўны жыдоўскі тэатар, ягонымі першымі артыстамі сталі выпускнікі жыдоўскага сэктара Беларускай драматычнай студыі ў Маскве. Тэатар знаходзіўся ў будынку былой Менскай харальнай сынагогі, які цяпер належыць Расейскаму драматычнаму тэатру. У 1949 паводле загаду Саўміна БССР жыдоўскі тэатар быў закрыты. У Менску існавала гарадзкая жыдоўская бібліятэка імя І. Л. Перэца (была зачыненая ў 1938). Яе фонды (каля 40 тыс. кніг) былі перададзены ў Беларускую дзяржаўную бібліятэку імя У. І. Леніна, дзе быў створаны жыдоўскі аддзел. У гэты пэрыяд у БССР актыўна разьвіваўся жыдоўскі друк. Выдаваліся часопісы «Штэрн» («Зорка»), «Дэр юнгер арбэтэр» («Малады рабочы»), штодзённая газэта «Кастрычнік» і піянэрская газэта «Дэр юнгер ленінец» («Малады ленінец») на жыдоўскай мове (ідыш). Пры Саюзе пісьменьнікаў БССР працавала жыдоўская сэкцыя. Яна налічвала больш за сорак пісьменьнікаў. У 1931 року ў Менску адбылася сусьветная канфэрэнцыя жыдоўскіх пісьменьнікаў.
Аднак ужо ў 1930-х гг. назіраецца прыкметны заняпад жыдоўскай культуры, якая разьвівалася ў рамках камуністычнай ідэалёгіі. Да канца 30-х гг . большасьць жыдоўскіх культурных і выхаваўчых устаноў было ліквідавана. Пачаліся сыстэматычныя «чысткі» у колах жыдоўскай інтэлігенцыі Беларусі (у прыватнасьці, у 1937 г. былі арыштаваныя І. Харык і М. Кульбак, а ў 1941 г. — З. Аксельрод). З другой паловы 1930-х гадоў працэсы разьвіцьця жыдоўскай культуры на Беларусі былі згорнуты. Значная міграцыя, асіміляцыя і этнацыд падчас Другой сусьветнай вайны аказалі вялікі ўплыў на зьмяншэньне колькаснага складу беларускага жыдоўства.
Заходняя Беларусь
рэдагавацьУ Заходняй Беларусі, якая знаходзілася пад польскім кіраваньнем, жыдоўскае жыцьцё працякала інакш. Па перапісу 1931, на тэрыторыі ваяводзтваў, населеных беларусамі (Віленскага, Навагрудзкага, Палескага і Беластоцкага), жыды складалі 9,7% насельніцтва. Ранейшая эканамічная сыстэма захавалася, жыды працягвалі займацца гандлем і рамёствамі, але большасьць жыла ў крайняй нястачы. Аднак жыдоўская культура разьвівалася без прымусовай рэглямэнтацыі ідэй. Дзейнічалі хедары і ешывы. У адказ на дыскрымінацыйныя абмежаваньні польскіх уладаў (тайная працэнтная норма) была створана сетка сьвецкіх школ на іўрыце (Тарбут, Яўне). Жыды былі актыўныя ў розных партыях — ад камуністычнай да артадаксальна — рэлігійнай Агудат Ісраэль; моцным быў уплыў сіяністаў. Моладзевыя сіянісцкія арганізацыі ад вельмі левых (Ха-Шомэра ха-ца’ір) і да вельмі правых (Бетар) налічвалі вялікую колькасьць членаў. Ідыш заставаўся гутарковай мовай жыдоўскіх мас; шырока быў распаўсюджаны і іўрыт. Жыдоўскія грамады Заходняй Беларусі падтрымлівалі цесную сувязь зь іншымі цэнтрамі жыдоўскай культуры ў Польшчы: Вільняй, Беластокам і Варшавай.
У 1939 г., пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да Савецкага Саюза, у межах БССР апынулася каля 750 тыс. жыдоў. Савецкая адміністрацыя прыступіла да ліквідацыі рэлігійных, сіянісцкіх і іншых жыдоўскіх арганізацыяў. Былі арыштаваныя і сасланыя «буржуазныя элемэнты». Большасьць актывістаў ўсіх партыяў, уключаючы камуністычную, а таксама многія дзеячы адукацыі і культуры былі рэпрэсаваныя. Толькі нешматлікія зь іх здолелі часова прыжыцца ў савецкай сыстэме, напрыклад, былыя дзеячы камуністычнага падпольля ў Польшчы Вера Харужая (1903—1942) і Х. Аляксандравіч (1903—1945), музыканты Э. Розьнер (1910—1976), М. Вайнберг і некаторыя іншыя.
Пасьля Першай сусьветнай вайны ў Горадні актывізаваўся сіянісцкі рух. Праз вучэбную сетку Тарбут распаўсюджвалася веданьне іўрыту, вялася падрыхтоўка моладзі да перасяленьня ў Эрэц-Ісраэль. У Горадні паўстала першая ў Заходняй Беларусі ячэйка Хе-Халуц. У 1920—1239 гг. выбітны талмудыст, рабін Шымон Іехуда Шкоп узначальваў вялікі ешыбот Шаарэй ха-Тора. Жыдоўскае насельніцтва Горадні амаль не расло, а адносная колькасьць яго памяншалася (1921 г. — 53,9%; 1931 г. — 42,6%). Жыдоў сыстэматычна выцясьнялі з займаных імі пазыцыяў, а зь сярэдзіны 1930-х гг. польскія шавіністы арганізавалі эканамічны байкот жыдоў. Жыдоўскі працоўны рух у Горадні змагаўся супраць нацыянальнай дыскрымінацыі жыдоўскіх працоўных з боку польскага ўрада.
Немцы занялі Берасьце 15 верасьня 1939 году і адразу ж сагналі многіх жыдоў на прымусовыя работы. Аднак па дамове паміж СССР і Нямеччынай аб падзеле Польшчы, 22 верасьня Берасьце перайшло да СССР. Савецкія ўлады расфармавалі супольныя ўстановы, забаранілі ўсялякую палітычную дзейнасьць (за выключэньнем камуністычнай) і арыштавалі жыдоўскіх кіраўнікоў. Дзясяткі жыдоў былі высланы ў аддаленыя раёны СССР.
18—20 верасьня 1939 году, пасьля сыходу польскіх частак і перад уступленьнем савецкіх войскаў, у Горадні ўспыхнуў буйны пагром. У 1939—1940 гадах таемны сіянісцкі цэнтар у Горадні перапраўляў ў Вільню жыдоў, якія меліся перасяліцца ў Палестыну.
Другая сусьветная вайна
рэдагавацьЗ моманту ўварваньня нямецкіх войскаў на тэрыторыю Савецкага Саюзу Беларусь стала арэнай жорсткіх бітваў, апынуўшыся на галоўным, маскоўскім напрамку прасоўваньня арміяў Гітлера. Імклівасьць наступу нямецкіх войскаў прывяла да таго, што большасьць жыдоўскага насельніцтва Беларусі не пасьпела эвакуявацца. 24 чэрвеня 1941 году камуністычнае кіраўніцтва Беларусі таемна зьбегла са сталіцы, не абвясьціўшы аб эвакуацыі. Нават зь Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласьцей, дзе ў насельніцтва быў час для збораў, эвакуяваліся толькі каля траціны жыдоў.
З жыдоў Берасьця амаль ніхто не пасьпеў эвакуявацца. Неўзабаве пасьля заняцьця гораду жыдам было загадана насіць адметны знак — чырвона-белыя шасьцікутныя зоркі, у пачатку восені форма знака была зьмененая — круглыя латы жоўтага колеру. 28—29 чэрвеня падразьдзяленьне эйнзацгруппен «У» разам з часткамі вэрмахта расстралялі ў Берасьці чатыры-пяць тыс. жыдоў. 16 сьнежня 1941 году жыдоўскае насельніцтва Берасьця было складзена ў гета. Быў створаны юдэнрат і жыдоўская паліцыя (15 паліцэйскіх). У гета знаходзілася 18 000 чалавек (паводле іншых зьвестак, 27 000).
Нацысты акупавалі Горадню 23 чэрвеня 1941 году. Адразу пасьля акупацыі жыдам было загадана насіць адметны знак — блакітную шасьціканцовую зорку. У лістападзе 1941 г. жыды былі заключаны ў два гета. Ад астатняга гораду гета былі аддзеленыя драцянымі загародамі і вартавымі вышкамі. У гета было заключана каля дваццаці пяці тысячаў жыдоў. Па распараджэньні акупацыйных уладаў быў створаны юдэнрат, які налічваў 13 аддзелаў. У ліпені 1941 падразьдзяленьне эйнзацгруппен «Б» расстраляла ў Горадні каля 100 прадстаўнікоў мясцовай жыдоўскай інтэлігенцыі. У гета часта адбываліся расстрэлы груп жыдоўскага падпольля. Член юдэнрата Г. А. Мадэра пакончыў з сабой, каб не браць удзелу ў складаньні сьпісаў асуджаных на зьнішчэньне. Немцы актыўна займаліся рабаваньнем жыдоўскага насельніцтва. У цэнтралізаваным парадку адбывалася адабраньне золата і іншых каштоўных мэталаў. Юдэнрат спрабаваў аказаць дапамогу жыдоўскаму насельніцтву. У гета была арганізавана бальніца, адкрыты амбуляторый, аптэка. У абодвух гета дзейнічала сыстэма санітарнай службы. Летам 1942 г. лекарам і медсёстрам цаной каласальных намаганьняў удалося прадухіліць распаўсюджваньне эпідэміі дызентэрыі. У гета было створана 19 прадпрыемстваў, якія пастаўлялі прадукцыю за межы гета, у тым ліку якія выконвалі заказы нямецкіх уладаў. Кіраўніцтва юдэнрата спадзявалася, што гэта можа дапамагчы жыдам пазьбегнуць зьнішчэньня.
У Беларусь было накіравана падразьдзяленьне эйнзацгрупен «B» генэрала паліцыі і брыгадэнфюрэр СС А. Няве — 655 афіцэраў і салдат. Актыўны ўдзел у зьнішчэньні беларускіх жыдоў прыняў літоўскі батальён СД; дзейнічалі таксама латыскі і ўкраінскі батальёны і беларускія нацыяналісты. У Берасьці 28—29 чэрвеня 1941 году зондэркаманда СС зладзілі аблавы, падчас якіх было расстраляна пяць тысячаў (з дваццаці шасьці тысячаў жыдоў гораду). У Пінску 5—7 жніўня немцы забілі 4,5 тыс. жыдоў (з дваццаці тысячаў). Усяго ў першыя тыдні вайны ў Заходняй Беларусі было зьнішчана ня менш пяцідзесяці тысячаў жыдоў. 8 сьнежня былі расстраляныя дзевяць тысячаў жыдоў у Слоніме, 4,5 тыс. — у Наваградку. Тысячы жыдоў загінулі ў Баранавічах, Лідзе, Вялейцы, Кобрыні, Міры і іншых гарадах. Хваля забойстваў хутка дасягнула і ўсходніх абласьцей. У Магілёве на працягу верасьня-кастрычніка гітлераўцы зьнішчылі каля дзесяці тысячаў жыдоў, у Віцебску — шаснаццаць тысячаў, у Барысаве — дзьве тысячы, у Рэчыцы — тры тысячы (лістапад). Яшчэ да канца 1941 г. было цалкам зьнішчана насельніцтва мястэчак Парычы, Зембін, Лагойск, Чашнікі і іншых.
Летам і восеньню 1941 па распараджэньні акупацыйных уладаў адбывалася адабраньне золата і іншых каштоўных мэталаў у жыдоўскага насельніцтва. Толькі з сынагог Берасьця было вывезена 100 кг срэбра. Пасьля канфіскацыі, як гаворыцца ў справаздачы Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, «…усе сынагогі і малітоўныя дамы былі занятыя пад стайні і гаражы».
Тых, хто застаўся ў жывых, ізалявалі ў гета. За гады вайны ў Беларусі было створана сто адзінаццаць гета. Іх тэрыторыі абнасілася калючым дротам і ахоўвалася войскамі, самавольны выхад караўся сьмерцю; вязьні абавязаны былі насіць адметны знак. У беларускія гета былі дастаўлены дзясяткі тысячаў жыдоў Нямеччыны, Польшчы, Чэхіі і Славаччыны, Аўстрыі, Вугоршчыны, Нідэрляндаў. Самыя вялікія гета былі ў Менску (сто тысячаў чалавек), Берасьці (сорак тры тысячы), Бабруйску, Віцебску (па дваццаць тысячаў), Барысаве, Ваўкавыску (па дзесяць тысячаў), Слуцку (пяць тысячаў), Гомелі (чатыры тысячы), Горадня, Жлобіне (па дзьве тысячы). Сорак пяць гета ва Ўсходняй Беларусі праіснавалі некалькі месяцаў. У кастрычніку 1941 г. былі праведзены «акцыі» ў гета Слуцку і Шклова, у лістападзе — у Бабруйску, Воршы, у сьнежні — у Віцебску, Полацку, Гомелі, Сяньне, Чачэрску і іншых. У другой палове 1942 нацысты зьнішчылі ўсе гета ў Заходняй Беларусі. 15 кастрычніка 1942 г. загінулі жыды Берасьця, 27 кастрычніка па асабістым распараджэньні Гімлера былі расстраляныя ацалелыя жыды Пінску. Затым надышла чарга гета Журавічаў, Дзярэчына, Галынкі і многіх іншых; у кастрычніку 1943 г. было зьнішчана Менскае гета. Апошнімі 17 сьнежня 1943 г. загінулі вязьні гета ў Баранавічах. Па прыблізных ацэнках, у гета Беларусі было зьнішчана больш за пяцьсот тысячаў жыдоў, у тым ліку каля пяцідзесяці тысячаў жыдоў зь іншых краінаў.
У лістападзе — сьнежні 1942 гарадзенскае гета № 2 было ліквідавана. Частка жыдоў была адпраўлена ў перасыльны лягер у вёсцы Калбасіна недалёка ад гораду. Многія былі забітыя ў гэтым лягеры, а астатнія накіраваны ў лягеры сьмерці на тэрыторыі Польшчы і зьнішчаны там. У лютым-сакавіку 1943 г. было ліквідавана гета № 1. Апошні старшыня юдэнрата доктар Бравер быў забіты. Частка зьняволеных гета была расстраляна, а астатнія вывезены ў Трэблінку.
З 15 па 18 кастрычніка 1942 г. каля 17 тыс. жыдоў Берасьця былі вывезены на чыгуначную станцыю Бронная Гара і расстраляныя.
У 1942 г. жыды ў берасьцейскім гета атрымлівалі 150 г хлеба ў дзень. Для таго, каб выратаваць жыдоўскае насельніцтва ад голаду і хвароб, юдэнрат Берасьця ўтрымліваў дзіцячы дом на 80 чалавек, дзіцячы сад (135 дзяцей), бальніцу (75 ложкаў), дом састарэлых (80 месцаў), начлежны дом (150—200 чалавек). У Берасьці функцыянавала грамадзкая кухня, абслугоўвалая бясплатнымі абедамі да 3800 вязьняў. Па ініцыятыве акупацыйных уладаў у канцы чэрвеня 1942 году ў Берасьці былі адкрыты арцелі, у іх працавала 7994 чалавека.
У гета Берасьця дзейнічалі жыдоўскія падпольныя арганізацыі: з канца сьнежня 1941 падпольная арганізацыя «Вызваленьне», з пачатку 1942 — «Некама» («Помста») пад кіраўніцтвам Фрумкі Патніцкай. У сяр. 1942 падпольны рух у гета ўзначаліў Ар’е Шэйнман. Падпольшчыкі выраблялі ў майстэрнях гета зброю, стваралі таемныя зброевыя склады. У раёне Берасьця дзейнічаў партызанскі атрад імя Шчорса пад камандаваньнем П. Пранягіна, куды ахвотна прымалі жыдоў, у тым ліку шматлікіх уцекачоў з гета. Па ініцыятыве камандаваньня атрада пры ім быў створаны жыдоўскі сямейны лягер.
Гета Беларусі былі агменямі антынацысцкага супраціву. Адна зь першых падпольных груп на чале з Х. Смаляр узьнікла ў менскім гета. Падпольныя арганізацыі вязьняў існавалі таксама ў гета Баранавічаў, Бабруйску, Берасьця, Горадні і іншых гарадоў і мястэчак. У шэрагу гета напярэдадні масавых расстрэлаў успыхвалі паўстаньні: у Нясьвіжы (22 ліпеня 1942), Міры (9 жніўня 1942 г.), Камянцы (9 верасьня 1942), Тучына (23 верасьня 1942), Клецку (21 ліпеня 1943). Узброены супраціў аказалі таксама вязьні гета ў Глыбокім, Кобрыні, Наваградку. У Лахве 3 верасьня 1942 году выведзеная на расстрэл калёна вязьняў кінулася на канвой: загінула каля двух тысячаў жыдоў, але шэсьцьсот чалавек здолелі сысьці ў лес, каб далучыцца да партызанаў. Некаторыя жыды знайшлі прытулак у сяброў і знаёмых — беларусаў і палякаў, якія з рызыкай для жыцьця хавалі ўцекачоў.
Групы супраціву ў гета мелі сувязь з партызанскімі атрадамі; сувязныя зьбіралі падрыхтаваныя для партызан мэдыкамэнты, зброю, боепрыпасы, выводзілі ў лес людзей. Уцекачы зь Менскага гета арганізавалі або папоўнілі дзевяць партызанскіх атрадаў і адзін батальён. 106-ы партызанскі атрад (пазьней — атрад імя Калініна; каля ста пяцідзесяці чалавек), якім камандаваў які выйшаў з гета Ш. Зорын, забясьпечваў харчаваньнем многія іншыя атрады і групы. Атрад прыняў шмат уцекачоў з гета. У Налібоцкай пушчы блізу Навагрудку дзейнічаў жыдоўскі партызанскі атрад імя Кутузава пад камандаваньнем Т. Бельскага (пры атрадзе існаваў так званы «сямейны лягер» — каля 1,2 тыс. жыдоў). Аднак антысэмітызм ня быў чужы шматлікім партызанам; нярэдка яны праганялі ўцекачоў-жыдоў, адабраўшы прынесеную імі зброю, харчаваньне і грошы, а часам і расстрэльвалі.
Па-за гета жыды Беларусі таксама прымалі ўдзел у антынацысцкім супраціве. У кастрычніку 1941 г. карнікі павесілі юную менскую падпольшчыцу Машу Брускіну (1924—1941). Камуністычным падпольлем ў Менску кіраваў І. П. Казінец (1910—1942; пасьмяротна ўдастоены званьня Героя Савецкага Саюза). Намесьнікам камандзіра вялікага партызанскага атрада быў жыд Д. Кеймен. Адным з арганізатараў партызанскага руху ў Пінскай вобласьці стаў Ш. І. Бярковіч (1918—1942). У баях на тэрыторыі Беларусі вызначыліся: адзін з арганізатараў абароны Берасьцейскай крэпасьці Е. Фамін (1909—1941); Героі Савецкага Саюза артылерыст капітан Б. Хігрын (1909—1941), генэрал-лейтэнант танкавых войскаў С. Крывашэін (1899—1978), пяхотнікі маёр М. Шварцман (1911—1944) і старэйшы лейтэнант А. Панціелеў (1919—1944). Палі на франтах Другой сусьветнай вайны ўраджэнцы Беларусі Героі Савецкага Саюза М. Сьпівак (1919—1943), Ю. Шандалаў (1923—1945), І. Катуніна (1908—1944), А. Смалякоў (1908—1943) і многія іншыя. Вядомыя сямнаццаць жыдоў-камандзіраў і 32 камісара партызанскіх атрадаў, чацьвёра камандзіраў брыгад, сямёра намесьнікаў начальнікаў штабоў брыгад, пятнаццаць начальнікаў штабоў партызанскіх атрадаў у Беларусі.
У гарадзенскім гета дзейнічала жыдоўская падпольная арганізацыя. У канцы 1942 г. яна надрукавала ўлётку з заклікам да ўзброенага супраціву. У майстэрнях гета выраблялі зброю. Невялікай колькасьці жыдоў ўдалося бегчы ў лясы і далучыцца да партызанскіх атрадаў. 20 тыс. жыдоў Горадні загінулі. Каля 180 жыдам гораду і навакольных паселішчаў удалося выратавацца і хавацца ад немцаў, пакуль Горадня не была вызваленая савецкай арміяй 16 ліпеня 1944 году.
Паваенны час
рэдагавацьПасьля вызваленьня Берасьця 28 ліпеня 1944 году ў жывых засталося 19 чалавек, 6 зь іх былі выратаваны Палінай Макаранка-Галоўчанка. У 1946 г. на месцы расстрэлу пяці тысячаў жыдоў Берасьця быў пастаўлены помнік з надпісам на ідыш. У 1947 г. помнік быў зьнесены. У 1959 г. апошняя ў Берасьці сынагога была ператворана ў кінатэатар. Трагедыя берасьцейскіх жыдоў замоўчвалася ўвесь савецкі пэрыяд. На месцах масавых пахаваньняў будавалі хаты, пракладалі дарогі. У 1974 быў зьнесены і адзіны помнік ахвярам гета ў раёне вуліцы Куйбышава (адноўлены ў 1992 г. на сродкі жыдоў з ЗША, Аргентыны і Ізраіля).
У першыя гады пасьля вызваленьня Горадні каля двух тысячаў жыдоў вярнуліся ў горад, аднак супольнае жыцьцё не было адноўлена. Да 1960-х гг. у Горадні не было сынагогі. Жыдоўскія могілкі былі ўзараныя ў сяр. 1950-х гг., а надмагільлі выкарыстаны пры пабудове помніка Леніну.
У пасьляваеннай Беларусі шырока распаўсюдзіўся антысэмітызм як вынік нацысцкай прапаганды пэрыяду акупацыі; вялікі размах набыла дзяржаўная юдафобія. Не аднаўляліся ўстановы жыдоўскай культурнай аўтаноміі (школы, пэрыядычны друк); некаторы час працягваў існаваць толькі БелДзяржЯТ. Толькі нешматлікія дзеячы навукі і культуры жыдоўскага паходжаньня пасьпяхова працавалі ў народнай гаспадарцы, у сфэры расейскага і беларускага мастацтва, былі афіцыйна адзначаны (напрыклад, Н. Лойтэр, рэжысэр Віцебскага беларускага тэатра імя Я. Коласа; у 1945 г. быў удастоены званьня заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, у 1946 г. — Сталінскай прэміі); рэпрэсіўная палітыка ўладаў набывала антысэміцкі характар. 19-ы зьезд кампартыі Беларусі (люты 1949 г.) пачаў ініцыяваную з Масквы кампанію барацьбы з «касмапалітамі». Артыстаў і пісьменьнікаў абвінавацілі ў «ідэалізацыі побыту жыдоўскай дробнай буржуазіі». У 1949 г. быў зачынены БелДзяржЯТ, ашэльмаваны яго галоўны рэжысэр В. Галаўчынер. Выганяліся жыды, якія працавалі ў нежыдоўскай культуры (галоўны рэжысэр Беларускага тэатра імя Я. Купалы ў Менску Л. Літвінаў (Гурэвіч; 1899—1963), фалькларыст Л. Бараг і многія іншыя). Антысэмітызм у Беларусі ўзмацніўся ў пэрыяд справы лекараў. Пасьля сьмерці І. Сталіна галосныя антысэміцкія кампаніі ў Беларусі аціхлі, але працэнтная норма выконвалася няўхільна.
Дзяржаўных ушанаваньняў ўдастоіліся скульптар Заір Азгур (1908—1995), драматург Аркадзь Маўзон (Маўшэнзон; 1918—1977), літаратуразнаўца Навум Перкін (1912—1976) і іншыя. Аднак беларускія ўлады ўпарта замоўчвалі галакост, на помніках яго ахвярам не згадвалася слова «жыды» і часта прыбіраліся надпісы жыдоўскімі літарамі. Вялося наступленьне на жыдоўскае рэлігійнае жыцьцё, абцяжарвалася атрыманьне афіцыйнага статусу рэлігійнай грамадой.
Паводле перапісу 1959 г. у Беларусі жылі каля ста пяцідзесяці тысячаў жыдоў (1,9% агульнага насельніцтва рэспублікі). Працягвалася міграцыя жыдоўскага насельніцтва ў буйныя прамысловыя цэнтры Беларусі, Расеі і іншых савецкіх рэспублік. Жыдоўская моладзь атрымлівала вышэйшую і спэцыяльную адукацыю, сацыяльны статус жыдоўскага насельніцтва зьмяняўся, рамяство і гандаль перасталі быць яго пераважнымі заняткамі. У 1970, паводле зьвестак перапісу, у Беларусі налічвалася крыху больш за 148 тыс. жыдоў.
У 1970-я гг. пачынае адраджацца жыдоўская нацыянальная самасьвядомасьць. Рух за рэпатрыяцыю ў Ізраіль узначалілі былыя вайскоўцы Савецкай арміі мінчане Е. Давідовіч (1924—1976), Л. Аўсішчар (нарадзіўся ў 1919 г., у Ізраілі з 1987 г.), С. Альшанскі (1917—1993 гг.; з 1974 г. жыў у Ізраілі). Штогод 9 траўня, у Дзень Перамогі над нацызмам, жыды Менску, а затым і іншых гарадоў Беларусі сталі зьбірацца ля помнікаў ахвярам генацыду. Пачалі дзейнічаць нелегальныя гурткі па вывучэньні іўрыту, у Менску праводзіўся культурна-гістарычны сэмінар, распаўсюджваўся самвыдат.
Сучаснасьць
рэдагавацьУ 1989 колькасьць жыдоўскага насельніцтва Беларусі склала 112 462 чалавекі. У 1986 рэспубліка моцна пацярпела ад катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Гэта стымулявала эміграцыйныя працэсы, якія ўзмацніліся з пачатку палітыкі перабудовы.
Алія зь Беларусі склала:
- у 1989 годзе — 1121 чалавек,
- у 1990 годзе — 23521,
- у 1991 годзе — 15997,
- у 1992 годзе — 3359,
- у 1993 годзе — 2344,
- у 1994 годзе — 2901,
- у 1995 годзе — 4219,
- у 1996 годзе — 4381,
- у 1997 годзе — 3369,
- у 1998 годзе — 2258,
- у 1999 годзе — 2692,
- у 2000 годзе — 2560,
- у 2001 годзе — 2003,
- у 2002 годзе — 974,
- у студзені-жніўні 2003 году — 421.
Усяго за 1989—1994 гг. — 49 243 чалавекі, або 34% ад агульнай колькасьці жыдоўскага насельніцтва Беларусі ў 1989 г. За тыя ж гады жыдоўская эміграцыя зь Беларусі ў іншыя краіны склала 21 127 чалавек. Па перапісе 1999 г., жыдоўскае насельніцтва Беларусі складала 28 тыс. чалавек.
У пэрыяд перабудовы ў Берасьці аднавілася жыдоўская грамадзкая і культурная дзейнасьць. У 1991 г. зарэгістраваная жыдоўская грамада (старшыня Ш. Вайнштэйн). У 1992 г. улады вярнулі суполцы будынак сынагогі (рабін Х. Рабіновіч). У горадзе ёсьць Таварыства жыдоўскай культуры «Тарбут» (з 1990 г. дзейнічае пры абласным Фондзе культуры), жыдоўская нядзельная і дзённая школы. У Берасьці актыўна дзейнічаюць берасьцейская арганізацыя Беларускага саюза жыдоў-вэтэранаў вайны, інвалідаў, партызан і падпольшчыкаў, берасьцейская арганізацыя Асацыяцыі жыдоў-былых вязьняў гета і канцлягераў, аддзяленьне Міжнароднага асьветніцкага цэнтру Галакост (Катастрофы), Цэнтар гісторыі і культуры жыдоў Палесься. У 1995 Цэнтральнае тэлебачаньне Расеі паказала дакумэнтальны фільм пра трагедыі Берасьцейскага гета.
У канцы 1980-х — пач. 2000-х гг. жыдоўскае насельніцтва Горадні рэзка скарацілася з-за выезду вялікай колькасьці жыдоў у Ізраіль, ЗША, Нямеччыну й іншыя краіны. У к. 1980-х — пач. 2000- х гг. у Горадні адбываецца працэс аднаўленьня жыдоўскага супольнага і рэлігійнага жыцьця. З 1989 г. у Горадні функцыянуе Гарадзенскае абласное аб’яднаньне жыдоўскай культуры, з 1992 г. — клюб жыдоўскай культуры імя Лейба Найдуса. На пачатку 1990-х гг. была ўтворана жыдоўская грамада Горадні (старшыня Б. Квіаткоўскі). Будынак сынагогі, пабудаваны ў канцы XVI ст., які выкарыстоўваўся на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў пад мастацкія майстэрні, быў вернуты грамаде (рабін Горадні — М. Хофман).
Новы этап уздыму разьвіцьця нацыянальнай жыдоўскай культуры ў Беларусі пачаўся ў канцы 1980-х гг. У 1988 была створана грамада аматараў жыдоўскай культуры. Яна ставіла сваёй мэтай адраджэньне нацыянальнай самасьвядомасьці жыдоў. Грамада аб’ядноўвае прыкладна сто сорак жыдоўскіх арганізацыяў Беларусі. У 1991 было зарэгістравана Беларускае аб’яднаньне жыдоўскіх арганізацыяў і грамад.
У пэрыяд перабудовы ў Менску пачаў выходзіць альманах «Кантакт» (1988—1989, 4 выпускаў, рэдактар — Г. Хайтовіч), затым там жа выдаваўся бюлетэнь «Рэнесанс» (1990, рэдактар — Я. Басін). У 1989—1991 гг . ў Бабруйску і Гомелі выходзіў часопіс «Авіў» («Вясна»). З 1992 г. у Менску рэгулярна выходзіць аднайменная газэта. У 1990 г. у Гомелі друкавалася газэта «Адзінства», а ў Магілёве — «Жыдоўскі акцэнт». З 1995 г. у Віцебску выдаецца часопіс «Мішпоха». З 1997 г. у Менску публікуюцца зборнікі «Жыды Беларусі. Гісторыя і культура» (адказны рэдактар — Іна Герасімава). З 2002 г. у Менску выходзіць газэта «Бе-Цаўта» (некалькі раз у год), орган Жыдоўскага агенцтва.
У 1990 г. адбыўся 1-ы зьезд Беларускага аб’яднаньня жыдоўскіх арганізацыяў і суполак; ў 1993 г. — 2-і зьезд. Прэзыдэнт аб’яднаньня — заслужаны архітэктар рэспублікі Б. Л. Левін (1936—2014), ён жа кіраваў таварыствам дружбы «Беларусь — Ізраіль», віцэ-прэзыдэнт — А. Гальперын (нарадзіўся ў 1946 г.), старшыня Фонду захаваньня жыдоўскай гістарычнай і культурнай спадчыны Беларусі. У 1993 створана Асацыяцыя жыдоўскіх суполак (рэлігійных) і арганізацыяў Беларусі; яе старшыня — кіраўнік менскай суполкі Б. Мінко. Гарадзенскай грамаде ўлады вярнулі будынак харальнай сынагогі. У Менску выдзелена спэцыяльнае памяшканьне для жыдоўскіх арганізацыяў. У 1993 г. створана юдэйскае рэлігійнае аб’яднаньне — ІРА (прэзыдэнт праўленьня Ю. Дорн). Гэтыя арганізацыі падтрымліваюць шчыльныя кантакты з «Ізраільскім культурным цэнтрам» і прадстаўніцтвам Джойнта. У Беларусі функцыянуе аддзяленьне Сусьветнай асацыяцыі беларускіх жыдоў (штаб-кватэра ў Нью-Ёрку). У Менску дзейнічае гістарычная генеалягічная група амэрыканскай грамадзкай арганізацыі JewishGen (узачальвае А. В. Перзашкевіч). У Берасьці дзейнічае аддзяленьне міжнароднага асьветніцкага цэнтру «Халакост». У ліку рэспубліканскіх таварыстваў — жаночая арганізацыя «Хава», моладзевыя аб’яднаньня «Макабі», Бетар і Кідма, Саюз беларускіх жыдоў-вэтэранаў вайны, партызан і падпольшчыкаў, Асацыяцыя жыдоўскіх музыкаў Рэспублікі Беларусь (прэзыдэнт І. Райхлін) і іншыя.
Больш чым у 15 гарадох Беларусі дзейнічаюць жыдоўскія нядзельныя школы і ўльпан (некалькі тысячаў навучэнцаў). У 1990 г. у Менску была адкрыта першая ў рэспубліцы нядзельная школа, дзе дзеці вывучалі іўрыт, жыдоўскія традыцыі, гісторыю і музыку. У верасьні 1992 г. у Менску адкрылася першая жыдоўская агульнаадукацыйная школа — Рэспубліканская школа — ліцэй імя Я. Корчака. У Гомелі працуюць жыдоўскі дзіцячы сад і пачатковая школа. З 19 па 22 кастрычніка 1993 г. у краіне прайшлі дні памяці, прысьвечаныя 50-годзьдзю зьнішчэньня Менскага гета. У Асіповіцкім раёне жыхары пасёлка Лапічы і мясцовая воінская частка правялі перапахаваньне на жыдоўскія могілкі рэшткаў жыдоў, расстраляных у 1941 г. У лютым 1995 быў адкрыты Жыдоўскі ўнівэрсытэт у Менску (рэктар — дацэнт З. Пінхасік). У студзені 1999 г. на яго базе быў створаны Міжнародны інстытут імя М. Шагала, які ўвайшоў у склад Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэта. У 1996 г. быў адкрыты Жыдоўскі ўнівэрсытэт культуры (рэктар М. Рыўкін). Пры ІРА створаны Каледж жыдоўскіх ведаў у Менску.
У той жа час у Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць нацыяналістычныя арганізацыі, якія выкарыстоўваюць антысэміцкія лозунгі (напрыклад, Славянскі Сабор — Белая Русь); выходзяць антысэміцкія выданьні «Мы і час», «Славянскія ведамасьці» і іншыя. Да 1994 г. выдаваўся часопіс антысэміцкай скіраванасьці «Палітычны суразмоўца» — орган ЦК кампартыі Беларусі. Улетку 1994 г. у Дзень незалежнасьці Беларусі ў Менску адбыўся марш пад лозунгамі «Беларусь для беларусаў» і іншымі падобнымі. Нярэдкія выпадкі апаганьваньня жыдоўскіх могілак і помнікаў ахвярам Галакоста.
З 1990-х гадоў назіраюцца адначасовае ўзмацненьне актыўнасьці жыцьця жыдоўскіх грамад і памяншэньне колькасьці жыдоў за кошт эміграцыі ў Ізраіль, а таксама ЗША і шэраг іншых краінаў Захаду і Расею. Колькасьць жыдоў па дадзеных перапісаў хутка скарачаецца, асабліва хутка лік жыдоў скарачалаўся ў пэрыяд незалежнасьці краіны: да 1999 году іх колькасьць скарацілася яшчэ ў 4 разы[9], а ў пэрыяд да 2009 году яшчэ больш чым у два разы[10]. Адначасова вырасла беларуская алія ў Ізраіль: беларускія ўрадавыя крыніцы ацэньваюць, што ў Ізраілі пражывае каля 130 тыс. выхадцаў зь Беларусі[11]. Па інфармацыі з жыдоўскіх грамад, да жыдоў сябе адносяць ад 30 да 50 тысячаў беларусаў, аднак пераважная большасьць жыдоў не зьяўляюцца актыўнымі вернікамі[2]. Тым ня менш ёсьць крыніцы, якія называюць значна больш высокія лічбы колькасьці асобаў юдэйскага веравызнаньня: 60 тысячаў[3].
Дзейнічаюць 6 сынагогаў (2 — у Менску), працуе 19 равінаў. Найбольшая колькасьць прадстаўнікоў жыдоўскай грамады пражывае ў Менску і абласных цэнтрах рэспублікі, а таксама ў Баранавічах, Бабруйску, Мазыры, Пінску і Полацку. Беларускія жыды жывуць ня толькі ў самой Беларусі, але па ўсім сьвеце, і прытрымліваюцца як кансэрватыўнага, так і рэфармісцкага напрамку ў юдаізьме.
Характар расьсяленьня жыдоў дысьперсны. Яны пражываюць у гарадах. Гутарковай мовай зьяўляецца расейская. Прадстаўнікі гэтай меншасьці, якія ведаюць ідыш ці іўрыт, сустракаюцца даволі рэдка. Але ў апошні час наладжана вывучэньне гэтых моў, асабліва іўрыта. Жыдоўская меншасьць Беларусі характарызуецца вельмі высокім адукацыйным цэнзам. Сярод жыдоў шмат інжынэраў, мэдыкаў, настаўнікаў, юрыстаў і навукоўцаў. Падчас існаваньня СССР адбываліся моцныя русіфікацыйныя працэсы сярод жыдоў. У апошні час назіраецца значны ўздым нацыянальных, рэлігійных і культурных традыцый жыдоў.
Дынаміка насельніцтва
рэдагавацьГлядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ https://web.archive.org/web/20111103030412/http://belstat.gov.by/homep/ru/perepic/2009/publications/census_2009_vol3.rar
- ^ а б Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША. Даклад пра свабоду рэлігіі (2010) (анг.)
- ^ а б NationMaster database: Belarusian religion stats (анг.)
- ^ Раман Галоўчанка. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 сакавіка 2021 г. № 168 «Аб зьмяненьні пастановы Савета міністраў РБ ад 30 красавіка 2013 г. № 327» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 30 сакавіка 2021 г. Праверана 13 красавіка 2021 г.
- ^ https://eleven.co.il/article/11313 Гродно — Электронная еврейская энциклопедия
- ^ Шуман А. Ашкенаскія жыды як адзін з карэнных народаў Беларусі // Arche, 2009.
- ^ а б Лазутка С. Привилегия-судебник 1388 году евреям великого князя Литовского Витаутаса // История евреев в России. Проблемы источниковедения и историографии: сборник научных трудов. — Серия «История и этнография». — Вып.1. — СПб., 1993.
- ^ http://demoscope.ru/weekly/ssp/sng_nac_39.php?reg=3
- ^ Национальный статистический комитете Республики Беларусь. Перепись населения 1999 году. Национальный состав населения.
- ^ Перепись населения Республики Беларусь 2009 году. Население по национальности и родному языку
- ^ Как живешь, белорусская диаспора?
Літаратура
рэдагаваць- Анищенко, Е. И. Черта оседлости / Е. И. Анищенко. Минск, 1998.
- Бершадский, С. А. Авраам Езофович Ребичкович, подскарбий земский, член Рады ВКЛ / С. А. Бершадский. Киев, 1888.
- Бершадский, С. А. Литовские евреи. История их юридического и общественного положения в Литве от Витовта до Люблинской унии / С. А. Бершадский. СПб., 1883.
- Бунд в Беларуси, 1897—1921. Документы и материалы. — Минск: БелНИИДАД, 1997. — 607 с.
- Владимирский-Буданов, М. Ф. Литовские евреи / М. Ф. Владимирский-Буданов // Журнал министерства народного просвещения (ЖМНП). 1885. № 1.
- Гессен, Ю. И. История еврейского народа в России / Ю. И. Гессен. М., 1993.
- Документы по истории и культуре евреев в архивах Беларуси. Путеводитель. — М.: РГГУ, 2003. 607 с.
- Дубнов, С. М. Всеобщая история евреев / С. М. Дубнов. СПб., 1906.
- Еврейская энциклопедия: в15т. СПб, [б. д.].
- Иоффе, Э. Г. Страницы истории евреев Беларуси / Э. Г. Иоффе. Минск, 1996.
- Кандель, Ф. Очерки времен и событий / Ф. Кандель. Ч. 1—3. Иерусалим, 1988—1994.
- Навагродскі, Т. А. [і інш.] Этналогія Беларусі: традыцыйная культура насельніцтва ў гістарычнай перспектыве. Вучэб.-метад. дапам. — Мінск, БДУ, 2009. — 335 с іл. ISBN 978-985-518-121-8
- Скир, А. Еврейская духовная культура в Беларуси / А. Скир. Минск, 1995.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Жыдоўскія грамады Беларусі / interfax.by /
- Артыкул «Беларусь» у Электроннай габрэйскай энцыкляпэдыі (рас.)
- Артыкул «Берасьце» у Электроннай габрэйскай энцыкляпэдыі (рас.)
- «Брит Хадаша» — жыдоўская месіянская супольнасьць Менску
- Аўтарскі праект Аляксандра Фрыдмана «Гісторыя жыдоў Беларусі»
- Бальшавізм і жыды ў 1920-я гг.
- Belarus ShtetLinks Index
- Leonid Smilovitsky, Ph.D. A Demographic Profile of the Jews in Belorussia, 1939—1959 Diaspora Research Institute, Lester and Sally Entin Faculty of the Humanties, Tel Aviv University