Зэмбін

(Перанакіравана з «Зембін»)

Зэ́мбін — вёска ў Беларусі, на рацэ Зэмбінцы. Цэнтар сельсавету Барысаўскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 723 чалавекі. Знаходзіцца за 30 км на паўночны захад ад Барысава, за 33 км ад чыгуначнай станцыі Барысаў; на скрыжаваньні аўтамабільных дарог Барысаў — Плешчаніцы і ЛагойскБягомель.

Зэмбін
лац. Zembin
Касьцёл дамініканаў
Касьцёл дамініканаў
Першыя згадкі: 1526
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Барысаўскі
Сельсавет: Зэмбінскі
Вышыня: 190 м н. у. м.
Насельніцтва: 723 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 177
Паштовы індэкс: 222133
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°22′0″ пн. ш. 28°13′0″ у. д. / 54.36667° пн. ш. 28.21667° у. д. / 54.36667; 28.21667Каардынаты: 54°22′0″ пн. ш. 28°13′0″ у. д. / 54.36667° пн. ш. 28.21667° у. д. / 54.36667; 28.21667
Зэмбін на мапе Беларусі ±
Зэмбін
Зэмбін
Зэмбін
Зэмбін
Зэмбін
Зэмбін
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Зэмбін — даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны. Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў пераходным стылі ад барока да клясыцызму, помнік архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся корпус кляштару дамініканаў, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны расейскімі ўладамі.

На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Зэмбін спазнаў значныя зьмяненьні. Пачатковай формай, імаверна, быў Жабін — ад прозьвішча Жаба. На мапе XVI ст. паселішча значыцца як Жэмбін. Пазьней «ж» перайшло ў «з» падобна на тое, як гэта адбылося ў Жыгмант — Зыгмант, жалеза — залеза (дыялектнае), Ждановіч — Здановіч і г. д. Ужо пад 1592 годам мястэчка ўпамінаецца як Зэбін. Такім чынам, трансфармацыя назвы мела наступны выгляд: Жабін — Жэбін — Зэбін — Зэмбін[1].

Варыянты напісаньня сучаснай назвы паселішча — Зе́бін[2], Зе́мбін[3].

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Паводле дасьледнікаў XIX ст., сярод навакольных паселішчаў Зэмбін зьяўляецца найстарэйшым. Аднак дакладная дата яго заснаваньня застаецца невядомай. Першы пісьмовы ўпамін датуецца толькі 1526 годам. У гэты час тут існаваў вялікі маёнтак, якім валодалі Радзівілы. Пра значнасьць маёнтку сьведчыць тое, што для кіраваньня ім прызначаўся дзяржаўца. Як вядома, дзяржаўцы ў Вялікім Княстве Літоўскім прызначаліся толькі ў вялікакняскія або ў буйныя маёнткі. У ліпені 1592 году дзяржаўцам зэмбінскім быў Януш Длускі. У канцы XVI — пачатку XVII стагодзьдзяў маёнтак належаў прадстаўніку іншага вядомага літоўскага роду — Станіславу Кішку.

У XVІ — першай палове XVІІ стагодзьдзяў адбыўся росквіт Зэмбіна. У гэты час ён меў статус мястэчка. Зь сярэдзіны XVІІ ст. праз вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай і яе наступствы Зэмбін, як і ўся краіна, перажыў моцны заняпад. Пачатак XVIII ст. не прынёс палёгкі. Вайсковыя дзеяньні за часамі Вялікай Паўночнай вайны абмінулі мястэчка, аднак працяглае разьмяшчэньне тут хаўруснага маскоўскага войска на чале зь Меншыкавым давяло край да поўнага жабрацтва. З гэтай прычыны Зэмбін згубіў статус мястэчка. На 1777 год тут было 38 двароў, карчма, бровар і 2 вадзяныя млыны.

Пераломным у лёсе Зэмбіна быў 1783 год. Тагачасны ягоны гаспадар Храптовіч дамогся вяртаньня паселішчу статусу мястэчка і запрасіў сяліцца ў ім усіх вольных людзей (як хрысьціянаў, так і нехрысьціянаў) і стварыў ім умовы вядзеньня гандлю. З гэтага часу ў Зэмбіне пасяліліся жыды, а сам ён пачаў хутка расьці. Этнічная зьмена складу насельніцтва прывяла да зьмены вонкавага выгляду. Калі раней на Рынку стаяла царква, то неўзабаве па вяртаньні статусу мястэчка на яе месцы ўзьвялі сынагогу (апошняя бажніца на гэтым месцы існавала яшчэ да Другой сусьветнай вайны), а новую царкву збудавалі паміж 1783 і 1800 гадамі ў баку ад цэнтру — там, дзе і цяпер знаходзіцца больш позьняя царква-мураўёўка.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць
 
Касьцельная пячатка

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Зэмбін апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Барысаўскім павеце Менскай губэрні. Новыя ўлады адабралі мястэчка ў Яўхіма Храптовіча, але ўжо ў 1807 годзе вярнулі ягонаму сыну Ірынею. У 1795 годзе ў Зэмбіне адкрылася пошта, у якой было 4 паштальёны і 8 коней. На 1800 год у мястэчку было 52 двары, дзеялі касьцёл і царква, штогод праводзіліся 2 кірмашы, працаваў вадзяны млын. У 1811 годзе царкву адбудавалі намаганьнямі Францішка Сержпутоўскага.

У вайну 1812 году 30 чэрвеня Зэмбін занялі францускі войскі, у лістападзе таго ж году ў мястэчку правёў першую ноч па трагічнай пераправе празь Бярэзіну Напалеон. Тут жа ў касьцёле спавядаўся цяжка паранены францускі генэрал. У Зэмбіне ён памёр і спачыў на могілках. У 1834 годзе Ірыней Храптовіч прадаў частку мястэчка Ліхадзіеўскаму. Апошні здаваў яго ў арэнду.

Зэмбін здаўна быў цэнтрам культуры і адукацыі. Мясцовая бібліятэка, якая, хутчэй за ўсё, утварылася з заснаваньнем у першай палове XVІІ стагодзьдзя кляштару дамініканаў, была ў свой час найбагацейшай у краі. Існавала яна да 1812 году, калі згарэла ў часе вайсковых дзеяньняў. Былі ў Зэмбіне з даўніх часоў і навучальныя ўстановы. Так, разам з пабудовай у пачатку XIX ст. новага будынка касьцёла, пры ім утварылася школа.

У 1839 годзе расейскія ўлады глалтоўна адабралі будынак царквы ў Сьвятога Пасаду і перадалі яго ў валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1840 годзе праводзіўся рамонт будынка царквы, які абшылі дошкамі. У 1862 годзе па пажары драўляную царкву адбудавалі ў маскоўскім стылі пад тытулам Сьвятога Мікалая (працы каштавалі 2225 рублёў). У 1863 годзе таксама з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады адкрылі ў мястэчку народную вучэльню.

Вайна паміж Расейскай імпэрыяй і Францыяй і вызвольныя паўстаньні 1830—1831 і 1863—1864 гадоў, у якіх актыўна бралі ўдзел зэмбінцы, спынілі рост мястэчка. Калі на 1800 год яно мела 52 двары, то на 1864 — толькі 50. Пазьней Зэмбін зноў хутка рос. У 1880 годзе ў ім ужо было 139 двароў (101 зь іх валодалі жыды). Мястэчка стала цэнтрам воласьці. На 1890 год у яе склад уваходзілі 124 населеныя пункты з агульнай колькасьцю насельніцтва 9202 чалавекі. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Зэмбіне было 164 двары, дзеялі касьцёл і царква, працавалі школа, млын, 4 кузьні, 23 крамы, 3 карчмы і 5 заезных дамоў. У 1900 годзе згарэла драўляная царква, на месцы якой у 1903—1904 гадох збудавалі мураваную. У 1912 годзе ў мястэчку пачала працаваць паштова-тэлеграфная кантора. На 1917 год — 154 двары.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Зэмбін занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Зэмбін абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, дзе ў 1924 годзе стаў цэнтрам раёну (з 1927 году ў Барысаўскім раёне). На 1926 год у мястэчку быў 141 двор (у маёнтку — 12), працавалі пошта, лясьніцтва, амбуляторыя, аптэка, цырульня, 7-гадовая школа, жыдоўская пачатковая школа, народны дом, вэтэрынарны пункт, сельскагаспадарчае крэдытнае таварыства, кравецкая, шавецкая, 2 сталярныя, 3 гарбарныя майстэрні, 5 кузьняў, паравы млын, 2 пякарні, 2 маслабойні, 24 крамы (зь іх 21 прыватная), 2 заезныя дамы. 27 верасьня 1933 году статус паселішча панізілі да вёскі. У Другую сусьветную вайну зь ліпеня 1941 да 30 чэрвеня 1944 году Зэмбін знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. 17 ліпеня 1941 году нацысты расстралялі 927 жыдоў.

На 1971 год у Зэмбіне было 294 двары, на 1994 год — 744, на 1997 год — 328. У 2000-я гады паселішча атрымала афіцыйны статус «аграгарадку».

Насельніцтва

рэдагаваць

Дэмаграфія

рэдагаваць
  • XVIII стагодзьдзе: 1800 год — 266 чал.[4]
  • XIX стагодзьдзе: 1880 год — 635 чал.[5]; 1897 год — 1361 чал. у мястэчку Зэмбіне і 19 чал. у маёнтку Зэмбіне
  • XX стагодзьдзе: 1908 год — 1189 чал. у мястэчку Зэмбіне і 28 чал. у маёнтку Зэмбіне; 1917 год — 1244 чал. у мястэчку Зэмбіне і 68 чал. у маёнтку Зэмбіне; 1919 год — 1512 чал., зь іх паводле веры: 9,7% каталікоў, 24,5% праваслаўных, 64,4% юдэяў; паводле нацыянальнасьці: 5,5% палякаў, >5% беларусаў, астатнія жыды[6]; 1926 год — 1199 чал. у мястэчку Зэмбіне і 85 чал. у колішнім маёнтку Зэмбіне; 1960 год — 1056 чал.[7]; 1971 год — 942 чал.; 1994 год — 1714 чал.[8]; 1997 год — 834 чал.[9]; 1999 год — 799 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2008 год — 1049 чал.; 2010 год — 723 чал.

Інфраструктура

рэдагаваць

У Зэмбіне працуюць агульнаадукацыйная школа, сельская лякарня, гандлёвы цэнтар, дом культуры, пошта, ашчадная каса, бібліятэка, комплексна-прыёмны пункт, СПК «Зэмбінскі».

Забудова

рэдагаваць

Вуліцы і пляцы

рэдагаваць
Афіцыйная назва Гістарычная назва Былыя назвы
Ленінская вуліца Касьцельная вуліца
Загорная вуліца
Савецкая вуліца Барысаўская вуліца
Ізі Харыка вуліца Гацкая вуліца Працоўна-сялянская вуліца
Бяз назвы Рынак пляц

Турыстычная інфармацыя

рэдагаваць

Інфраструктура

рэдагаваць

У Зэмбіне дзее Музэй народнай славы (філіял Барысаўскага дзяржаўнага аб’яднанага музэю), у якім знаходзіцца, у тым ліку, калекцыя рэплікаў карцін майстроў эўрапейскага малярства, перададзеных музэю Надзеяй Хадасевіч-Лежэ, і 6 мазаік працы самой мастачкі[10].

Славутасьці

рэдагаваць

Страчаная спадчына

рэдагаваць
  1. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 140—141.
  2. ^ Шчэцька А. Вайна ў касьцёле ў Зембіне // «Наша Ніва» № 30 (340), 22 жніўня 2003 г. [1]
  3. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 71.
  4. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 120.
  5. ^ Jelski A. Ziembin // Słownik geograficzny... T. XIV. — Warszawa, 1895. S. 607.
  6. ^ Мацельскі М. Вынікі невядомага перапісу(недаступная спасылка) // «Гоман Барысаўшчыны» № 4 (121), 2009.
  7. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 121.
  8. ^ Бянько У. Зембін // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 441.
  9. ^ БЭ. — Мн.: 1998 Т. 7. С. 53.
  10. ^ Віктар Марціновіч, Маленькі Луўр у Зембіне, Новы час, 24 лістапада 2015 г.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць