Ізі Харык
Ізі (Іцхак-Лейб) Харык (Ісак Давыдавіч Харык; 6 сакавіка 1896, паводле іншых крыніцаў 17 сакавіка 1898, мяст. Зэмбін, Барысаўскі павет, Менская губэрня, цяпер Барысаўскі раён Менскай вобласьці — 29 кастрычніка 1937, Менск, турма НКВД) — беларускі габрэйскі паэт, грамадзкі дзеяч, публіцыст. Пісаў пераважна на мове ідыш. Чалец-карэспандэнт Акадэміі навук БССР (з 1936), чалец ЦВК БССР (1931—1937)[1].
Ізі Харык | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 6 сакавіка 1896 Зэмбін, Барысаўскі павет |
Памёр | 29 кастрычніка 1937 (41 год) Менск, БССР |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт |
Гады творчасьці | 1920—1937 |
Мова | ідыш |
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся 17 сакавіка 1898 годзе ў мястэчку Зэмбін у сям’і шаўца. Вучыўся ў хэдары, а таксама народнай расейскай школе Зэмбіна. У юнацкія гады працаваў рабочым на фабрыках і заводах Менску, Барысава, Гомеля, аптэкарам у Барысаве[2]. У 1917 годзе пераехаў у Менск на сталае жыхарства. Быў бібліятэкарам, загадчыкам агульнаадукацыйнай школы. У 1919 добраахвотна ўступіў у Чырвоную армію, удзельнічаў у грамадзянскай вайне ў Расеі. У 1916—1923 — сябар арганізацыі «Паалей-Цыён». У другой палове 1920-х гадоў уступіў у ВКП(б).
Літаратурную дзейнасьць пачаў у 1920 публікацыямі ў габрэйскіх газэтах. У 1921—1923 вучыўся ў Вышэйшым літаратурным інстытуце імя В. Брусава ў Маскве. У 1922 у Менску выйшла першая кніжка вершаў «Трапятаньне». З 1925 друкаваўся ў габрэйскім часопісе «Штэрн». У 1927 скончыў габрэйскае аддзяленьне пэдагагічнага факультэту 2-га Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. З 1928 пачалі зьяўляцца пераклады вершаў Харыка на беларускую мову. Пераехаў у Менск, працаваў рэдактарам часопіса «Штэрн». У 1931 абраны чальцом ЦВК БССР. Сябар Саюзу пісьменьнікаў Беларусі з 1934. Чалец прэзыдыюмаў СП БССР і СССР.
Да 1936 у Менску, Маскве і Кіеве выйшла 13 яго кніг на габрэйскай мове. З пачатку 1930-х гадоў выступаў з артыкуламі і нарысамі таксама ў беларускамоўных выданьнях. Перакладаў на габрэйскую мову творы Якуба Коласа, Міхася Чарота. Чалец-карэспандэнт Беларускай АН з 1936. Адзін з аўтараў «Пісьма беларускага народа вялікаму Сталіну» (1936). Вершы «Над Бярозай» і «Хлеб» былі пакладзеныя на музыку С. Палонскім.
З успамінаў перакладчыка Юркі Гаўрука (таксама рэпрэсаванага):
Я ніколі не забуду той атмасфэры давер’я, зацікаўленасьці, любові і пашаны, якая адразу ж устанавілася паміж паэтам і яго слухачамі. Ізі Харык чытаў многа, зь вялікім уздымам. Яго гучны, выразны голас зь пявучай інтанацыяй, запал, аптымізм і публіцыстычная вастрыня вершаў літаральна зачаравалі вучняў (Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. — Л. М.). Твары іх гарэлі, вочы блішчалі. Яны гатовы былі слухаць яго бясконца… Фізычна моцны, з энэргічнымі рысамі твару і пышнай чорнай чупрынай, ён быў увасабленнем жыцьцярадаснасьці… | ||
Арыштаваны ў Менску ў Доме спэцыялістаў. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28 кастрычніка 1937 як «сябар трацкісцка-зіноўеўскай арганізацыі» да вышэйшай меры пакараньня з канфіскацыяй маёмасьці. Расстраляны ў «Чорную ноч» 29 кастрычніка 1937 году ва ўнутранай турме НКУС БССР у Менску ў ходзе масавага расстрэлу, які таксама атрымаў назву «Ноч расстраляных паэтаў».
Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суду СССР 13 чэрвеня 1956. Асабовая справа № 6870-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
5 лістапада 1937 у Менску па адрасе: вул. Савецкая, д. 148, кв. 52 была арыштаваная жонка Ізі Харыка — хатняя гаспадыня, маці дваіх сыноў (Юлія і Давыда) Дзіна Звулаўна Харык (Матліна) (нар. ў 1911 у Бабруйску). 28 лістапада 1937 асобай нарадай пры НКВД СССР асуджана як «член сям’і здрадніка радзімы» да 8 гадоў ППК і этапавана ў Карагандзінскі канцлягер НКВД Казаскай ССР. Вызвалена ў 1946. Вярнулася на радзіму. Працавала выхавацелькай у дзіцячым садзе, загадвала бібліятэкай Менскага аб’яднаньня габрэйскай культуры імя Ізі Харыка. Дзіне Харык ня раз прапаноўвалі зьехаць за мяжу, у Ізраіль, ЗША, але яна адмаўлялася. Усё чакала сваіх сыноў. Рэабілітавана 14 жніўня 1956. Памерла 11 сакавіка 2003. Асабовая справа № 6846-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Перакладаў на ідыш Янку Купалу, Міхася Чарота, Якуба Коласа. Асобныя творы Ізі Харыка перакладалі на беларускую Пятрусь Броўка, Генадзь Бураўкін, Рыгор Бярозкін, Пятро Глебка, Хведар Жычка, Кастусь Кірэенка, Аркадзь Куляшоў, Уладзімер Паўлаў[3], Вольф Рубінчык[4], Ганна Янкута[5], Анатоль Вялюгін[6] і інш.
Шматлікія зь вершаў Ізі Харыка (напрыклад, урыўкі з паэмы «Хлеб») сталі песьнямі. З сусьветна вядомых сьпевакоў паэзію Харыка выконвала Тамара Гвердцытэлі (на музыку Мотла Палянскага). Напісаны і песьні на верш Ізі Харыка «Ў шэрым змроку» (пераклад Ганны Янкуты) і «Век настане такі…» (пераклад Рыгора Бярозкіна).
Сям’я
рэдагавацьБыў жанаты зь Дзінай Звулаўнай Харык (1911—2003), зь якой гадаваў двух сыноў (Юлія й Давыда). Дзіна Харык была арыштаваная 5 лістапада 1937 году, 28 лістапада асуджаная як «член сям’і ворага народу» да 8 гадоў лагераў, этапаваная ў Карагандзінскі канцлягер НКУС Казаскай ССР (Акмолінскі лягер жонак здраднікаў Радзімы). Вызваленая ў 1946 годзе, вярнулася ў Менск. Рэабілітаваная ў 1956 годзе.
Творчасьць
рэдагавацьПершыя вершы апублікаваў у 1920 годзе (часопіс «Камуністычны сьвет», Масква). Аўтар зборнікаў паэзыі на ідышы «Трапятаньне» (Менск, 1922), «На зямлі» (Масква, 1926), «Душой і целам» (паэма, 1928), «Вершы й паэмы» (Кіеў, 1930), «Хлеб» (паэма, Харкаў, 1930), «Круглыя тыдні» (1932), «Ад полюса да полюса» (Менск, 1934), «Наша бадзёрасьць» (Кіеў, 1934), «Вершы й паэмы» (1935), «Пяць паэм» (Менск, 1936), «На чужым балі» (паэма, Менск, 1936), «Душой і целам» (выбранае, Масква, 1970), «Лірычныя матывы» (Масква, 1994). У 1926 годзе ў менскім альманаху «Цайтшрыфт» быў зьмешчаны нарыс Ізі Харыка «Лейзер Шэйнман — бадхэн зь Зэмбіна», прысьвечаны дзеду паэта[7] (дзед Лейзер стане і прататыпам галоўнага героя паэмы «На чужым балі», напісанай у 1935 г.).
У перакладзе на беларускую выйшлі «Выбраныя творы» (Менск, 1958), «Выбранае» (Менск, 1969), на расейскую — «Стихи» (1935), «Стихи и поэмы» (Масква, 1958), «От полюса к полюсу» (Масква, 1971). У 1998 годзе ў Менску выйшаў зборнік «Отсель кричу в грядущие года…» (пераклады на расейскую)[1], у 2008 г. — дзьвюхмоўная кніга Ізі Харыка «Туга па чалавеку» на ідышы з паралельнымі перакладамі на беларускую.
Ацэнкі
рэдагавацьМаксім Танк згадваў у дзёньніках:
...Перачытаў вершы Ізі Харыка, падораныя калісьці мне яго жонкай Дзінай. Вершы яго вызначаюцца лірычнасьцю, змястоўнасьцю сярод тагачаснай барабаннай паэзіі. Некаторыя зь іх я калісьці перакладаў... | ||
—19.XI.1993[8] |
Дадатковыя факты
рэдагаваць- Янка Купала быў адным з найлепшых сяброў, а таксама адным з любімых паэтаў, Ізі Харыка[9]. Удава Ізі Харыка ўзгадвала, што ў тэлефонай трубцы часта можна было пачуць голас Янкі Купалы: Iзiк, як ты там жывеш? Мо зайшоў бы на чарку?. Уладзімер Левін потым паводле ўспамінаў Дзіны Харык пісаў:
У доўгія зімовыя вечары да Харыкаў заходзіў Янка Купала са сваёй жонкай Уладзіславай Францаўнай Луцэвіч. Купала цікавіўся габрэйскімі прыказкамі і прымаўкамі, казкамі і легендамі… | ||
- З удзелам Ізі Харыка зьвязаны напаўлегендарны выпадак:
«У 1936 годзе ў падмаскоўны дом адпачынку прыехалі ўласна Ізі Харык, Янка Купала й Зэлік Аксэльрод. Хутка ў адпачывальнікаў скончыліся грошы й тады яны ў паэтычнай форме накіравалі ў Менск тэлеграму чыноўніку па прозьвішчы Лесін, адказнаму за матэрыяльны дабрабыт беларускай літаратуры з просьбай даслаць грошай. Тэлеграма сканчвалася вершамі:
У перакладзе зь ідыша „Гоб рахмонэс“ – азначала „май спачуваньне“. Аднак тэлеграфістка, прачытаўшы блянк тэлеграмы, сказала „пачакайце хвіліначку“ і зьнікла ў глыбіні адзьдзяленьня сувязі й неўзабаве вярнулася ў суправаджэньні міліцыянэра. Ён падышоў да пісьменьнікаў і грозна спытаў: - Што за незразумелыя тэлеграмы пасылаеце, грамадзяне? Можа, гэта такі шыфр? Можа быць, вы шпіёны? - Таварыш, - сказаў Купала міліцыянэру, - які шыфр, пра што вы? Гэта ж проста подпісы. Гэта нашыя прозьвішчы ў тэлеграме. Вось ён, - Купала паказаў на Харыка - Гоб, ён - на Аксэльрода - Рахмонэс, ну а я - Лесін. Вось і ўсё. Міліцыянт паглядзеў на Харыка й падазрона перапытаў: - Гоб? - Гоб, Гоб, - ахвотна пацьвердзіў той. – беларускі пісьменьнік Ізі Гоб. Аксэльрода міліцыянэр ня стаў нават пытаць. Тэлеграма была шчасна адпраўлена, наваяўленыя Гоб, Рахмонэс і Лесін атрымалі аванс за ніколі не выдадзеную кнігу, і адпачынак працягнуўся.»[10]. |
||
Памяць
рэдагавацьУ 1998 годзе адна з цэнтральных вуліц вёскі Зэмбін атрымала імя Ізі Харыка.
Творы
рэдагаваць- Ізі Харык. Ноч у Бірабіджане (Пераклаў П. Броўка). Раніца (Пераклаў Андрэй Аляксандровіч). У светлы сад наш забаронены уваход… Снег (Пераклаў Мікола Хведаровіч). // Полымя рэвалюцыі : часопіс. — 1935, лістапад. — № 11. — С. 87—92.
- Адданасць: [Выбр. тв]. М., 1970. Габр. (ідыш).
- Пераклады: Выбр. тв. Мн., 1958.
- Выбранае. Мн., 1969.
- Стихи и поэмы. М., 1958. Рас.
- «Отсель кричу в грядущие года…» Мн., 1998. Рас.
- Туга па чалавеку. Мн., 2008. Ідыш, бел.
Літаратура
рэдагаваць- Проф. А. Бронштэйн. Пятнаццацігадовы творчы шлях Ізі Харыка. // Полымя рэвалюцыі : часопіс. — 1935, лістапад. — № 11. — С. 76—84.
- ХАРЫК Ізі // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- ХАРЫК Ізі // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Лынькоў М. Таленавіты паэт // Маладосць. 1958. № 6; Броўка П. Пра паэта і таварыша // ЛіМ. 1973. 23 сак.;
- Хведаровіч М. Сугучнасць часу // Беларусь. 1976. № 3; БП. Т. 6; Наша Ніва. 2003. 18 крас.; Рэпрэсаваныя…
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б http://nasb.gov.by/rus/members/correspondents/kharik.php
- ^ Лекция В. Рубинчика об Изи Харике
- ^ http://belisrael.info/?p=12095
- ^ https://web.archive.org/web/20180503223218/http://lit-bel.org/by/friends/360/5865.html
- ^ https://web.archive.org/web/20210102154210/http://prajdzisvet.org/kit/90-vitanni-praz-mory-.html
- ^ Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. Склад. М. Скобла. — Мн.: Лімарыус 2008. — 896 с.
- ^ Вершы Ізі Харыка (ІII) + дадатак
- ^ Збор твораў у 13 тамах. Т. 10. — С. 683.
- ^ Релес Гирш. Еврейские советские писатели Белоруссии. Воспоминания. С. 29.
- ^ Маргарита Акулич, Минск и евреи. История, холокост, наши дни, 2021. ISBN 978-5-4485-5723-1
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Вітанні праз моры. Вершы
- Расстраляныя літаратары. Ізі Харык, сіяніст, які стаў камуністам і ад камуністаў загінуў // Радыё Свабода, 10 кастрычніка 2017.