Літвакі
Літвакі́ (ід. ליטװאַק — лі́твак, лі́твяк або літвэ́к) — тэрытарыяльна-лінгвістычная падгрупа (субэтнас[1]) ашкенаскіх жыдоў і гістарычна зьвязаная зь імі артадаксальная плынь у юдаізме, якая сфармавалася на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага.
Мова
рэдагавацьЛітвакі як тэрытарыяльна-лінгвістычная падгрупа ашкенаскіх жыдоў ёсьць носьбітамі літоўскага дыялекту, або літоўскае гаворкі (ід. ליטװיש, лі́твіш)[2], мовы ідыш[3]. Гэты дыялект быў гістарычна пашыраным на тэрыторыі большае часткі сучаснае Беларусі, Летувы, Латвіі, у некаторых прылеглых раёнах сучасных Расеі й Польшчы. З часоў Рэчы Паспалітае, у сувязі з унутраным тэрытарыяльным падзелам польска-літоўскае дзяржавы, гэты арэал пашырэньня паўночна-ўсходняга дыялекту ідыш у жыдоўскіх крыніцах адпаведна называецца «Літвой» (ід. ליטע, лі́тэ), а ягоная гістарычная сталіца й цэнтар жыдоўскае культуры ў рэгіёне, Вільня — «Літоўскім Ерусалімам» (ашкенаская арамэйская ירושלים דליטא, ерушола́йім д’лі́то).
Традыцыі
рэдагавацьЯк этналінгвістычная падгрупа, жыды-літвакі, апроч уласнага дыялекту ідышу і адпаведнага яму вымаўленьня старажытнажыдоўскае й арамейскае моваў, валодаюць таксама некаторымі адметнымі асаблівасьцямі традыцыйнае кухні і рысаў характару, якія ім прыпісваюць.
На поўначы арэалу пражываньня ашкенаскіх жыдоў (гэта значыць у жыдоўскай Літве, гл. вышэй) хасыдызм у пэрыяд свайго росквіту не атрымаў вялікага пашырэньня, галоўным чынам дзякуючы ўплыву Віленскага гаону, прыхільнікаў якога ў проціпастаўленьні прыхільнікам хасыдызму звалі міснагдым («пратэстоўцы»). Пазьней літвакамі сталі зваць усіх міснагдым (пасьлядоўнікаў Віленскага Гаону, супраціўнікаў хасыдызму) незалежна ад іхнага месца знаходжаньня й грамады, адкуль яны паходзілі.
Гісторыя
рэдагавацьЗь сярэдзіны XIX ст. пасьлядоўнікі Віленскага Гаону разьвілі ўласную сыстэмы рэлігійнае адукацыі, цэнтрамі якой сталі ешыботы Міру, Валожыну і Панявежу, якія звалі звычайна ешыботамі (або ешывамі) літоўскага толку або кірунку. Ужо ў пачатку ХХ ст. філіялы гэтых навучальных установаў пачалі зьяўляцца ў Амэрыцы, а па разбурэньні традыцыйных цэнтраў рэлігійнае адукацыі літоўскіх жыдоў і самі ешывы былі ўзноўленыя ў ЗША (штатах Нью-Ёрк і Нью-Джэрзі) і Ізраілі (Ерусалім і Бнэй-Брак). Гэтыя ешывы аб’ядноўвае традыцыйная літоўская мэтодыка вывучэньня Торы, распрацаваная ў канцы XIX — пачатку ХХ стагодзьдзяў.
Апрача ўласна літоўскае плыні ў артадаксальным юдаізьме, сярод літвакоў атрымалі значнае пашырэньні й хасыдзкія дынастыі спэцыфічна літвацкага паходжаньня — Хабад (любавіцкага й нежынскага толку) і Каралінская-Столінская, а таксама некаторыя іншыя.
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Іофе Э. Літвакі // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 381.
- ^ Зайка В. Студзеньскі сход аддзелу БАЗА // Беларус. № 553, 2009. С. 5.
- ^ Левіт З. Літвакі — невядомая нацыя, Жыды на Беларусі
Літаратура
рэдагаваць- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Katz D. Lithuanian Jewish Culture. — Вільня: Baltos lankos, 2004.
- Levin D., Teller A. The Litvaks: A Short History of the Jews of Lithuania. — Berghahn Books, 2001.
- Nikžentaitis A., Schreiner S., Staliūnas D., Donskis L. The Vanished World of Lithuanian Jews. — Rodopi, 2004.