Шымон Пэрэс

ізраільскі палітык, нобэлеўскі ляўрэат
(Перанакіравана з «Шымон Перэс»)

Шымо́н Пэ́рэс (народжаны Сямён Перскі; па-габрэйску: שמעון פרס); (2 жніўня 1923, мяст. Вішнева Польскае Рэспублікі, цяпер у Рэспубліцы Беларусь — 28 верасьня 2016, Тэль-Авіў, Ізраіль) — найстарэйшы палітык Дзяржавы Ізраіль, чыя палітычная кар’ера доўжылася больш за 70 гадоў, восьмы прэм’ер-міністар Ізраілю (1984—1986 і 1995—1996, хоць партыя пад ягоным кіраўніцтвам ні разу не перамагала на выбарах), дзявяты прэзыдэнт Ізраілю (2007—2014). Шматгадовы чалец Кнэсэту (1959—2006), зьмяніў мноства міністэрскіх партфэляў. Лідэр партыі Авода (Партыя працы, 1977—1992, 1995—1997, 2001, 2003—2005). Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 1994 году (сумесна зь Ясірам Арафатам і Іцхакам Рабінам).

Шымон Пэрэс
лац. Šymon Peres
שמעון פרס
שמעון פרס
שמעון פרס
прэзыдэнт Ізраілю
15 ліпеня 2007 — 24 ліпеня 2014
Папярэднік: Машэ Кацаў
Наступнік: Рэўвэн Рыўлін
двойчы прэм’ер-міністар Ізраілю
1) 13 верасьня 1984 2) 5 лістапада 1995 — 1) 20 кастрычніка 1986 2) 18 чэрвеня 1996
Папярэднік: 1) Іцхак Шамір 2) Іцхак Рабін
Наступнік: 1) Іцхак Шамір 2) Біньямін Нетаньяху
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 2 жніўня 1923(1923-08-02)[1][2]
Вішнева, Валожынскі павет, Наваградзкае ваяводзтва, Польская Рэспубліка
Памёр: 28 верасьня 2016(2016-09-28)[3][4][5][…] (93 гады)
Тэль-Авіў, Ізраіль
Партыя:
Сужэнец: Соня Пэрэс[d]
Дзеці: Цьвія Ўолдэн[d], Ёні Пэрэс[d] і Хемі Пэрэс[d]
Бацька: Іцхок Перскі,
Маці: Сара Мельцэр
Адукацыя:
Узнагароды:
ордэн сьвятога Міхала і сьвятога Георгія Вялікая зорка ганаровай адзнакі «За заслугі перад Аўстрыйскай рэспублікай» камандор ордэна Ганаровага легіёну кавалер ордэна Ганаровага Легіёну рыцар Вялікага Крыжа ордэна Святога Міхаіла і Святога Георгія ордэн князя Яраслава Мудрага I ступені ордэн «Стара планіна» Прэзыдэнцкі мэдаль Свабоды ордэн Заслугаў перад Летувой ганаровы знак «За заслугі перад Аўстрыйскай Рэспублікай» Сонца Перу, ордэн Order of Mono
Нобэлеўская прэмія міру прэмія міру імя Фэлікса Уфуэ-Буаньі[d] (1993) прэмія Чатырох свабод — Свабода ад страху[d] (1996) Філядэльфійскі мэдаль Свабоды прэмія Штайгер[d] ганаровы доктар Льескага ўнівэрсытэту[d] (1998) прэмія „Плянэтная сьвядомасьць“[d] (2002) залатая таблічка Амэрыканскай акадэміі дасягненьняў[d] (2003) ганаровы доктар Бількенцкага ўнівэрсытэту[d] (2007) Залаты мэдаль Кангрэсу ЗША[d] (19 траўня 2014) Ганаровы доктар Унівэрсытэцкага коледжу Лёндану[d] (18 лістапада 2008) ганаровы доктар Бар-Іланавага ўнівэрсытэту[d] ганаровы доктар Алькалскага ўнівэрсытэту[d] (1997) прэмія Свабоды[d] (2015) ганаровы доктар Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў[d] Осгар[d] (2003) прэмія Саламона Бубліка[d] (31 траўня 2015) Прэмія сусьветнага грамадзяніна[d] (2014) Yakir Ashdod[d] (1986) Q111363583? (10 жніўня 1999)

Біяграфія

рэдагаваць

Маладосьць

рэдагаваць

Сямён Перскі нарадзіўся 1 жніўня[a] 1923 году ў мястэчку Вішнева Валожынскага павету Наваградзкага ваяводзтва Польшчы (цяпер вёска Вішнева Валожынскага раёну Менскай вобласьці Беларусі). Яго бацька, Іцхок, працаваў лесьніком і рэдка бываў дома; маці Сара займалася гаспадаркай. Таму Шымон прывязаўся да свайго дзеда рабі Цьві Мельцэра, знаўцы Торы і габрэйскай паэзіі. У дзевяць гадоў пачаў пісаць вершы, якія атрымалі прызнаньне вядомага габрэйскага паэта Хаіма Нахмана Бяліка. Захапленьне паэзіяй Пэрэс захаваў на ўсё жыцьцё: пазьней, ужо ў Ізраілі ён апублікаваў свае літаратурныя творы, асаблівым посьпехам карысталася напісаная ім пад жаночым псэўданімам сэрыя рэпартажаў «З дзёньніка жанчыны».

У 1931 Пэрэс-старэйшы эміграваў у Палестыну, хутка паправіў фінансавыя справы дзякуючы гандлю збожжам і ўвесну 1933 заклікаў да рэпатрыяцыі жонку зь дзецьмі. У 1934 Шымон разам з маці і малодшым братам Гершонам прыбыў на гістарычную радзіму. У Тэль-Авіве Шымон скончыў прэстыжную гімназію «Бальфур», потым вучыўся ў працоўнай школе сельскагаспадарчага паселішча Бэн-Шэмен, дзе ў 1945 пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Соняй Гельман. Атрымаўшы дыплём, некалькі гадоў працаваў фэрмэрам у кібуцах Гева ў Ізрэельскай даліне і Алумот у Ніжняй Галілеі.

Як і шматлікія выхадцы зь Вішнева, Шымон быў прыхільнікам сіянізму, таму пасьля прыбыцьця на радзіму стаў актывістам сіянісцкага рухі. У 1941—1944 — сакратар моладзевай арганізацыі левага толку «Ханаар хаавед веаломед» («Моладзь, якая працуе»). Неўзабаве стаў актыўным чальцом МАПАІ і ў 1946 удзельнічаў ад гэтай партыі ў працы 22-га зьезду Сусьветнага кангрэса сіяністаў. У 1947 паступіў на працу ў упраўленьне Хаганы, дзе пазнаёміўся з Давідам Бэн-Гурыёнам і Леві Эшкалем. Падчас войны за незалежнасьць Пэрэс стаў памочнікам генэральнага дырэктара міністэрствы абароны Ізраілю, адказваў за закупы ўзбраеньняў і набыцьцё экіпіяваньня і займаўся наборам вайскоўцаў, у 1948 году быў пераведзены на пасаду начальніка марскога аддзела міністэрства абароны.

Пачатак палітычнай дзейнасьці

рэдагаваць

У 1949 прызначаны галавой дэлегацыі міністэрства абароны Ізраілю ў ЗША. Знаходзячыся на штатнай працы ў прадстаўніцтве, сумяшчаў яе з вучобай у школе сацыяльных дасьледаваньняў Нью-Ёрскага ўнівэрсытэту і школе адміністрацыйнага кіраваньня Гарвардзкага ўнівэрсытэту. У 1952 Пэрэс быў прызначаны намесьнікам генэральнага дырэктара міністэрства абароны, а з 1953 па 1959 год быў генэральным дырэктарам гэтага ведамства. Знаходзячыся на пасадзе, правёў рэарганізацыю міністэрства, палепшыў ваенныя адносіны з Францыяй, здолеў падпарадкаваць міністэрскаму кантролю значную частку дзяржаўнага бюджэту, а паступова — і прамысловасьці краіны, якая стала выконваць шматлікія ваенныя замовы (напрыклад, стварэньне ізраільскай авіяцыйнай прамысловасьці шляхам рэарганізацыі навукова-дасьледчай працы ў ваеннай сфэры). Выступіў ініцыятарам стварэньня ізраільскага ядзернага праекту: значны яго ўнёсак у справу стварэньня ядзернага рэактару ў Дымоне і Нахабнік-Сорэке. Згуляў значную ролю ў плянаваньні Суэцкай кампаніі 1956 году. За гады службы ў міністэрстве абароны атрымаў рэпутацыю прагматычнага тэхнакрата.

У 1959 упершыню паспрабаваў сябе ў палітыцы: абраны дэпутатам Кнэсэту 4-га скліканьня як прадстаўнік МАПАІ і заняў пасаду намесьніка міністра абароны. На новай пасадзе ён працягваў прыкладаць высілкі для ажыцьцяўленьня прынцыпаў, пакладзеных ім у аснову дзейнасьці міністэрства ў бытнасьць яго генэральным дырэктарам: ператварыў навуковыя дасьледаваньні, разьвіцьцё вытворчасьці ў вобласьці абароны ў рычаг абнаўленьня грамадзянскай прамысловасьці Ізраілю, асабліва электроннай. Ён па-ранейшаму займаўся пашырэньнем закупаў узбраеньняў шляхам заключэньня мэтавых дамоў, якія пасьля палегчылі вытворчасьць новых відаў зброі. У ліпені 1965 з-за ўнутрыпартыйнага канфлікту ў МАПАІ выйшаў з партыі і разам з Бэн-Гурыёнам стварыў рух РаФІРэшымат паалей Ісраэль» — «Сьпіс працоўных Ізраілю»), дзе стаў генэральным сакратаром.

Стваральнік Аводы і лідэр лейбарыстаў

рэдагаваць

Пасьля Шасьцідзённай вайны ў чэрвені 1967 рух Рафі разам з МАПАІ і «Ахдут ха-Аведа Аалей Цыон» аб’ядналіся ў Працоўную партыю Ізраілю — АводаПартыя працы»). Пэрэс быў абраны адным з двух яе сакратароў. У 1969 пасьля чарговых выбараў у Кнэсэт 7-га скліканьня ўвайшоў у склад ураду Голды Мэір. Часова быў прызначаны міністрам па справах уладкаваньня імігрантаў, затым займаў пасаду міністра без партфэля, адказнага за эканамічнае разьвіцьцё занятых тэрыторыяў, зь верасьня 1970 стаў міністрам транспарту і камунікацыяў, а ў 1974 атрымаў пост міністра інфармацыі. На гэтых пастах ён распачаў крокі па ўдасканаленьні радыё- і тэлефонных ліній сувязі, падпісаў дамову аб далучэньні Ізраілю да сыстэм спадарожнікавай сувязі.

Пасьля Войны Суднага дня ў 1974 Пэрэс зноў вярнуўся ў міністэрства абароны ў якасьці главы ведамства. На гэты пост ён быў высунуты новым прэм’ер-міністрам Іцхакам Рабінам. Аднак пасьля супрацоўніцтва абодвух палітыкаў перарадзілася ў падспудную варожасьць і ўзаемную падазронасьць на глебе ўнутрыпартыйнага суперніцтва. Узьніклыя ўвесну 1976 году сэнсацыйныя матэрыялы аб акалічнасьцях вайны 1974 году і фінансавыя скандалы кінулі цень на самога прэм’ера, які быў змушаны саступіць абодвы пасты Пэрэсу. Атрымаўшы ва ўнутраным проціборстве з Рабінам верх, у красавіку 1977 Пэрэс заняў пасаду выканаўцы абавязкаў старшыні ўраду, стаў лідэрам Аводы і ўзначаліў сьпіс партыі да наступных выбараў. Аднак у траўні 1977 ізраільскія лейбарысты ўпершыню за 29 гадоў пацярпелі паразу на выбарах у Кнэсэт 9-га скліканьня. Пэрэс стаў лідэрам парлямэнцкай апазыцыі, сумяшчаючы гэтыя абавязкі з пастом намесьніка старшыні Сацінтэрну (з 1978 году).

Двойчы на чале ўраду

рэдагаваць

Пэрэс ізноў узначаліў сьпіс партыі Працы да выбараў 1981 году, але ізноў атрымаў (гэтым разам нечаканую) паразу і прабыў яшчэ 3 гады лідэрам парлямэнцкай апазыцыі. На фоне няўдач другога ўраду правацэнтрыстаў з Лікуду, Пэрэс і Авода былі фаварытамі на выбарах 1984 году, але нягледзячы на гэта, выбары скончыліся безь відавочнай перамогі аднаго з блёкаў, і ўвосень 1984 Шымон Пэрэс стаў прэм’ер-міністрам ва ўрадзе нацыянальнага адзінства (14 верасьня 1984 — 20 кастрычніка 1986). Акрамя таго, да сьнежня 1984 ён займаў пасады міністра па пытаньнях рэлігіі і міністра ўнутраных справаў. За кароткі пэрыяд знаходжаньня на гэтых пастах ён дамогся вываду войскаў з Лівана і спрыяў унутрыпалітычнай стабілізацыі краіны. Наступныя два гады, паводле прынцыпу ратацыі ва ўрадзе нацыянальнага адзінства, Пэрэс займаў пасады віцэ-прэм’ера кааліцыйнага кабінэта — міністра замежных справаў (кастрычнік 1986 — сьнежань 1988). Ва ўрадзе Іцхака Шаміра (1988—1990) займаў пасты віцэ-прэм’ера і міністра фінансаў. У 1990, калі Лікуд тарпэдаваў магчымасьць пачаць перамовы з палестынцамі пры пасрэдніцтве ЗША, Пэрэс вывеў Аводу з урада і спрабаваў стварыць кааліцыю без Лікуду, але пацярпеў няўдачу. Як сьледзтва, у Партыі працы ізноў абвастрылася супрацьстаяньне Пэрэс — Рабін. Напярэдадні парлямэнцкіх выбараў 1992 Пэрэс прайграў унутрыпартыйныя выбары Іцхаку Рабіну. Апанэнты ўнутры партыяў казалі:

«Пэрэс — выбітны дзеяч і палітык вялікага маштабу. Але ён няўдачлівы чалавек… пакуль ён застаецца на чале партыі, ёй не перамагчы… толькі адзін Рабін можа вярнуць Аводу да ўлады».

У чэрвені 1992 заняў пост міністра замежных справаў ва ўрадзе Рабіна. Прытрымліваўся палітыкі кампрамісаў: падчас яго знаходжаньня на пасадзе значна палепшыліся адносіны з арабскімі дзяржавамі. Выступіў як ідэоляг мірных перамоў з Арганізацыяй вызваленьня Палестыны, а таксама аўтар палітыкі «мір у абмен на тэрыторыі»; пры яго актыўным удзеле ў 1993 годзе былі заключаныя дамовы з палестынцамі і ў 1994 зь Ярданіяй. Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру за 1994 за высілкі па дасягненьні міру і ўнёсак у мірнае ўрэгуляваньне на Блізкім Усходзе (сумесна з Іцхакам Рабінам і Ясірам Арафатам).

У лістападзе 1995 пасьля забойства прэм’ер-міністра Іцхака Рабіна Пэрэс ізноў ненадоўга ўзначаліў урад і міністэрства абароны (5 лістапада 1995 — 18 чэрвеня 1996); стаў кандыдатам ад Аводы на першых прамых усеагульных выбарах у траўні 1996, якія зноў прайграў кандыдату ад Лікуда Біньяміну Нетаньяху. У чэрвені 1997 сышоў з паста лідэра Працоўнай партыі, перадаўшы яго Эхуду Бараку, але застаўся дэпутатам Кнэсэта, быў чальцом парлямэнцкага камітэта замежных справаў і абароны, а ў траўні 1999 году зноў быў абраны ў парлямэнт.

Дзейнасьць пасьля прэм’ерства

рэдагаваць

У 1999—2000 займаў пост міністра рэгіянальнага супрацоўніцтва ва ўрадзе Барака. У 2001 пасьля адстаўкі апошняга быў абраны на пасаду лідэра Аводы, якую, аднак, праз год саступіў Біньяміну Бэн-Эліэзеру. Зь лютага 2001 займаў пасты віцэ-прэм’ера — міністра замежных справаў ва ўрадзе Шарона. У канцы 2002 Авода пакінула кааліцыю ў перадпачатку ўнутрыпартыйных выбараў, на якіх перамог Амрам Міцна. Пасьля чарговай паразы ў выбарах і адстаўкі Міцна ў траўні 2003 Шымон Пэрэс быў ізноў абраны лідэрам партыі. У студзені 2005, пасьля доўгіх унутрыпартыйных спрэчак, Авода ізноў увайшла ў кааліцыйны ўрад Шарона, цалкам падтрымаўшы рашэньне прэм’ер-міністра аб аднабаковым выхадзе Ізраілю з сэктары Газу; Пэрэсу жа ізноў дасталася пасада віцэ-прэм’ера. У лістападзе 2005 ён ізноў прайграў партыйныя выбары прафзьвязнаму дзеячу Аміру Перецу. Пасьля гэтага далучыўся да партыі Кадзіма і атрымаў у яе перадвыбарным сьпісе другое месца пасьля Эхуда Ольмэрта. У красавіку 2006 быў абраны дэпутатам Кнэсэту 17-га скліканьня. Ва ўрадзе Ольмэрта, сфармаваным да траўню 2006, займаў пасады віцэ-прэм’ера і міністра па разьвіцьці Нэгеву і Галілеі.

Разам з тым у Ізраілі за Пэрэсам замацаваўся імідж «палітыка, які ўвесь час прайграе», бо ў мінулым ён пяць разоў прайграваў на розных выбарах. Ён шматкроць пацьвярджаў рэпутацыю «удачлівага няўдачніка» і меў крыўдную мянушку «вечна другога» з-за таго, што шмат раз страчваў магчымасьць заняць той або іншы дзяржаўны пост, але стала заставаўся ў вялікай палітыцы[6].

Прэзыдэнт Ізраілю

рэдагаваць

Яшчэ ў 2000 годзе Пэрэса лічылі найболей верагодным кандыдатам у прэзыдэнты краіны, аднак на прэзыдэнцкіх выбарах, якія адбыліся 31 ліпеня, ён саступіў кандыдату ад блёку Лікуд Машэ Кацаву, набраўшы толькі 57 галасоў выбарнікаў супраць 63 у суперніка. Пасьля таго як улетку 2006 году супраць апошняга былі высунутыя скандальныя абвінавачаньні, Пэрэса называлі яго магчымым пераемнікам у выпадку адстаўкі.

13 чэрвеня 2007 абраны прэзыдэнтам Ізраілю. Аднак у першым туры выбараў ён атрымаў 58 з 120 галясоў дэпутатаў Кнэсэту. Толькі ў другім туры, пасьля таго як Рэувен Рывлін з Лікуду і Колет Авіталь з Аводы зьнялі свае кандыдатуры і адмовіліся ад працягу барацьбы за пост главы дзяржавы, за Пэрэса, пакінутага адзіным кандыдатам, прагаласавалі 86 дэпутатаў Кнэсэту. Уступіў у пасаду 15 ліпеня (яго папярэднік Кацаў незадоўга да заканчэньня тэрміна паўнамоцтваў 29 чэрвеня падаў у адстаўку з-за ўзьніклага вакол яго сэксуальнага скандалу). Хоць прэзыдэнт Ізраілю — пасада сымбалічная, палітычная актыўнасьць і аўтарытэт Шымона Пэрэса могуць моцна падвысіць значнасьць паста кіраўніка дзяржавы падчас яго сямігадовага тэрміна[7].

Пасьля цырымоніі прынясеньня прысягі ў сваім звароце да парлямэнту ён заявіў аб неабходнасьці для Ізраілю гуляць міратворчую ролю. Прэзыдэнт ушанаваў памяць свайго куміра і настаўніка, першага прэм’ера Ізраілю Давіда Бэн-Гурыёна, назваўшы яго «найвялікшым габрэем, з усіх каго я ведаю». «Карыстаючыся выпадкам, хачу выказаць жаль у маім сэрцы з-за забойства Іцхака Рабіна», — успомніў Пэрэс яшчэ аднаго былога прэм’ера.

Палітычным крэда новага прэзыдэнта можна лічыць яго выказваньне, зробленае некалькі гадоў назад:

Кожны палітык павінен усведамляць суадносіны прагнозаў і рэальнасьці. Мяне лічаць аўтарам ідэі новага Блізкага Ўсходу. Прызнаю сябе «вінаватым». Я сапраўды мару аб новым Блізкім Усходзе, дзе ня будзе варожасьці паміж арабамі і габрэямі. Мяне звалі шарлатанам… […] заяўлялі, што я гандлюю белымі сланамі. Сёньня мяне ўжо не цікавіць, што аба мне кажуць. Я ведаю сваю задачу і выканаю яе да канца. — заявіў тады Пэрэс[8].

Пэрсанальныя зьвесткі

рэдагаваць

Пэрэс жанаты, у яго трое дзяцей і шэсьць унукаў (Міхаль, Надав, Ной, Асаф, Гаі, Ёэль). Дачка Пэрэса, прафэсар Цьвія (Цыкі) Вальден, філёляг па адукацыі, займаецца выкладаньнем псыхалёгіі прамовы. Старэйшы сын Ёнатан (Ёні), аграном і вэтэрынар, заснаваў школу, дзе навучаюць і рыхтуюць сабак-павадыроў для сьляпых. Малодшы сын Нехамія (Хемі), быў лётчыкам, потым заняўся бізнэсам і стаў старшынём інвэстыцыйнага фонду Pitango. Галівудская акторка Лорен Бакалл (народж. Бэцьці Джоан Перскі) — яго стрыечная сястра.

Пэрэс — аўтар шматлікіх палітычных артыкулаў і больш дзясятка кніг, шматлікія зь якіх прысьвечаныя гісторыі араба-ізраільскіх адносін. Ён ужо выпусьціў цэлы кнігапіс:

  • «Выдуманае вандраваньне: разам з Гэрцлем у Сьвятую Зямлю» (The Imaginary Voyage: With Theodor Herzl in Israel, 1999, ISBN 1-55970-468-3);
  • «За будучыня Ізраілю» (For the Future of Israel, 1998, ISBN 0-8018-5928-X);
  • «Бітва за мір: мэмуары» (Battling for Peace: a memoir, 1995, ISBN 0-679-43617-0);
  • «Новы Блізкі Ўсход» (The New Middle East, 1993, ISBN 0-8050-3323-8);
  • «Дзёньнік Энтэбе» (Entebbe Diary, 1991);
  • «Ідзі з людзьмі» (From These Men: seven founders of the State of Israel, 1979, ISBN 0-671-61016-3);
  • «Заўтра ў гэты жа час» (And Now Tomorrow, 1978);
  • «Прашча Давыда» (David’s Sling, 1970, ISBN 0-297-00083-7);
  • «Новы крок» (The Next Step, 1965).

Зьяўляецца аўтарам шматлікіх перакладаў твораў У. Набокава, Л. Талстоя, Альбэра Камю і Ж. Сартра. Акрамя літаратуры, да ліку яго захапленьняў можна аднесьці нямецкую філязофію, опэру і тэатар. Па сканчэньні вайны 1956 году ўзнагароджаны ордэнам Ганаровага легіёну (Францыя).

20 лістапада 2008 году каралева Вялікабрытаніі Лізавета II ўвяла Шымона Пэрэса ў ганаровыя рыцары Вялікага крыжа. Пэрэсу быў уручаны ордэн Сьв. Міхала і Сьв. Георгія шостай ступені — найвышэйшая ўзнагарода ў сыстэме брытанскіх ордэнаў, якую могуць атрымаць замежнікі.[9]

Сувязь з радзімай

рэдагаваць

Шымон Пэрэс двойчы наведваў радзіму — у 1998 і ў 2004 гадох. Абодва разы прыязджаў у Вішнева[10].

Крыніцы і заўвагі

рэдагаваць
  1. ^ Кожны год свой дзень нараджэньня Пэрэс спраўляў паводле габрэйскага календару; яго 70-летні юбілей прыйшоўся на 20 жніўня, а 80-годзьдзе ён адзначаў 16 жніўня

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць