Ко́брынскае ге́та (на ідышы: קאברינער געטא; Кобрынэр гета) — жыдоўскае гета ў Кобрыні, створанае нацыстамі ў пэрыяд акупацыі Беларусі.

Прыход нацыстаў

рэдагаваць

З пачаткам II сусьветнай вайны у Кобрынь памкнуліся ўцекачы з акупаванай Польшчы, і да ўварваньня Нямеччыны ў СССР жыды складалі каля 70% мяшканцаў 10–тысячнага места. 23 чэрвеня 1941 нямецкія войскі акупавалі Кобрынь, і неўзабаве тут быў створаны юдэнрат на чале з купцом Аняловічам[1], які пагадзіўся супрацоўнічаць зь немцамі. Жыды Кобрыня атрымалі загад насіць на сьпіне жоўтыя палоскі (пазьней жоўтыя нашыўкі і палоскі з зоркамі Давіда).

У ліпені 1941 у ваколіцах вёскі Патрыкі было расстраляна ад 170[2] да 200[3] асобаў, схопленых падчас аблаваў на кобрынскіх вуліцах. У жнівеньскай лапанцы былі схопленыя, а пазьней расстраляныя ля вёскі Імянін яшчэ 180 хворых і непрыдатных да працы жыдоў.

У жніўні 1941 нямецкія ўлады выдалі распараджэньне пра стварэньне двух прылеглых гетаў у цэнтры места. У гета «A», якое разьмяшчалася ў квартале сучасных вуліцаў Суворава, Інтэрнацыянальнай, Кастрычніцкай, Першамайскай, был разьмешчаныя працаздольныя жыды[4], усе астатнія паселеныя ў гета «B» (раён плошчы Свабоды, вуліцаў Савецкай, Спартовай, Беларускай, 17 верасьня)[5]. Сюды таксама былі зьвезеныя жыды з суседніх штэтлаў (напрыклад, з Гайнаўкі і Белавежы). Гета пастаўляла працоўную сілу для працоўных лягероў у Ходасах і Запрудах.

2 чэрвеня 1942 каля 1800 мяшканцаў гета «B» былі вывезеныя і забітыя ў Броннай Гары, а самое гета было ліквідаванае.

14 кастрычніка 1942 4000 жыхароў гета «A» былі расстраляныя ў Барысаўскім лесе[1] на дарозе між Кобрынем і Дывінам[2], за 14 км ад Кобрыню. Падчас ліквідацыі частка насельнікаў гета аказалі ўзброены супраціў, невялікая колькасьць жыдоў уцякла ў вакольныя лясы і ўлучылася ў партызанскую барацьбу, а некаторыя былі схаваныя мясцовымі насельнікамі. За актыўную дапамогу жыдам (у т. л. нелегальную выдачу пасьведчаньняў пра хрышчэньне) 15 кастрычніка 1942 былі расстраляныя два польскія сьвятары: пробашч Ян Вольскі (польск. Jan Wolski) і вікарый Уладыслаў Грабельны (польск. Władysław Grobelny)[6].

Частка кобрынскіх жыдоў, якія працавалі ў нямецкай гаспадарцы, улетку 1943 былі расстраляныя на падворку кобрынскай турмы[4].

Крыніцы і заўвагі

рэдагаваць
  1. ^ а б Кобрин (рас.) «Рисале-и Нур». saidnur. Праверана 21 кастрычніка 2011 г.
  2. ^ а б Kobrin history (анг.). Stephen P. Morse. Праверана 21 кастрычніка 2011 г.
  3. ^ Эмануил Иоффе Актуальные вопросы изучения Холокоста на территории Советской Белоруссии в годы Второй мировой войны (рас.). Homo Liber. Праверана 21 кастрычніка 2011 г.
  4. ^ а б Kobryn History (анг.). The Brest-Belarus Group (1 лютага 2010). Праверана 21 кастрычніка 2011 г.
  5. ^ Гісторыя Кобрыня (рас.). Ночной Кобрин. Праверана 21 кастрычніка 2011 г.
  6. ^ Василий Сарычев Бася Мельник // В поисках утраченного времени.

Літаратура

рэдагаваць
  • Mieczysław Kitajczuk. «Los mieszkańców kobryńskiego getta» // Burzliwe dzieje Polesia. — Wrocław: Nortom, 2002.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць