Менскі маторны завод
Каардынаты: 53°53′17″ пн. ш. 27°38′7″ у. д. / 53.88806° пн. ш. 27.63528° у. д.
«Ме́нскі мато́рны заво́д» — дзяржаўнае машынабудаўнічае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў кастрычніку 1962 году.
«Менскі маторны завод» | |
![]() | |
![]() | |
Тып | адкрытае акцыйнае таварыства |
---|---|
Дэвіз | Мы дарым вам рух[1] |
Заснаваная | 12 кастрычніка 1962 (62 гады таму) |
Заснавальнікі | Рада народнай гаспадаркі Беларускай ССР |
Уласьнікі | Міністэрства прамысловасьці Рэспублікі Беларусь[2] |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | Менск |
Адрас | Партызанскі раён, вул. Ваўпшасава, д. 4 |
Ключавыя фігуры | Аляксандар Бацьвіньнік (генэральны дырэктар), Мікалай Самахвалаў (тэхнічны дырэктар)[3] |
Галіна | машынабудаваньне |
Прадукцыя | дызэльны рухавік, дызэль-генэратар, кампрэсарная станцыя, дызэльная помпа, каленчаты і разьмеркавальны вал, махавік, паліўная помпа, турбіна і шатун |
Абарачэньне | ▲857 млн рублёў[4] (2022 год; 313 млн $)[5] |
Апэрацыйны прыбытак | |
Чысты прыбытак | |
Лік супрацоўнікаў | |
Матчына кампанія | Міністэрства прамысловасьці Рэспублікі Беларусь |
Даччыныя кампаніі | «Барысаўскі завод агрэгатаў», «Гомельскі завод пускавых рухавікоў», «Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод» і «Стаўпецкі ліцейны завод» |
На 1 студзеня 2025 году ў холдынг «ММЗ» уваходзілі «Барысаўскі завод агрэгатаў» (Барысаў), «Гомельскі завод пускавых рухавікоў» (Гомель), «Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод» (Жыткавічы) і «Стаўпецкі ліцейны завод»[8] (Стоўпцы). Прадпрыемства акцыянавалі ў лютым 2009 году[9]. У 2022 годзе вытворчасьць перавысіла 50 000 рухавікоў. Іх паставілі на канвэеры 49 заводаў і прадалі ў больш як 50 краінаў[10].
Вырабы
рэдагавацьНа 2025 год «Менскі маторны завод» вырабляў:
- 145 найменьняў аўтамабільных, прамысловых і трактарных рухавікоў магутнасьцю ад 13 да 265 кВат паводле нормаў ад Эўра-1 да Эўра-5 з частасьцю кручэньня ад 220 да 3000 абаротаў за хвіліну[11];
- 12 найменьняў дызэль-генэратараў магутнасьцю ад 10 да 160 кВат з частасьцю кручэньня ў 1500 абаротаў за хвіліну[12];
- 10 найменьняў кампрэсарных станцыяў з працоўным ціскам ад 0,7 да 1 мэгапаскалю і прадукцыйнасьцю ад 3,5 да 12 кубамэтар/сэкунда[13];
- 9 найменьняў дызэльных помпаў з падачай ад 29 да 175 літраў/сэк. і напорам ад 23-х да 143-х м[14];
- паветранадзімалкі 792 прадукцыйнасьцю 21,5 кубамэтраў/хвіліна на ўваходзе і 15,6 на выхадзе пры 2350 абаротах за хвіліну[15];
- 54 найменьні запчастак, у тым ліку блёкі цыліндраў, каленчатыя і разьмеркавальныя валы, гільза-поршневую групу, галоўкі блёка, махавікі, паліўныя помпы, турбіны і шатуны[16].
Мінуўшчына
рэдагаваць26 траўня 1960 году Рада міністраў СССР ухваліла Пастанову № 563 «Аб пачатку будаўніцтва у г. Менску маторнага заводу па вытворчасьці дызэльных рухавікоў». У праекце прадугледжваўся штогадовы выпуск 120 000 рухавікоў «Д-50» магутнасьцю 50—60 конскіх сілаў. Увосень 1960 году на паўночна-ўсходняй ускраіне Менску між «Менскім трактарным заводам» і «Менскім падшыпнікавым заводам» пачалі будаваць «Менскі маторны завод». Першым кіраўніком заводу быў прызначаны Ўладзімер Ражкоў. У студзені 1961 году пачалі абсталяваньне інструмэнтам. У лютым 1962 году ўтварылі аддзел галоўнага тэхноляга. У красавіку 1962 году пачалі мантаж першых 2-х аўтаматычных лініяў. 12 кастрычніка 1962 году сабралі першыя ўзоры 4-цыліндравых рухавікоў «Д-50». Да канца 1962 году змантавалі 14 аўтаматычных лініяў, 196 адмысловых і агрэгатных станкоў, 338 унівэрсальных станкоў, 34 прэсы і стэнд выпрабаваньня рухавікоў[17].
На 1 студзеня 1963 году завод налічваў 17 аддзелаў і службаў, 4 цэхі вытворчасьці і 4 дапаможныя цэхі. Рада народнай гаспадаркі Беларускай ССР выдала Распараджэньне № 963, якім прызнала завод часткова ўведзеным у карыстаньне на магутнасьць 50 000 рухавікоў за год. 23 ліпеня 1963 году асвоілі вытворчасьць трактарнага рухавіка «Д-50» з рэсурсам 2500 гадзінаў. Да канца 1963 году з канвэера сышло 11 360 рухавікоў «Д-50» на новы трактар «МТЗ-50». У 1964 годзе ўсе трактары «Беларусь» пачалі аснашчаць дызэльнымі рухавікамі Д-50. У сакавіку 1964 году ўвялі дзіцячы камбінат на 119 месцаў для дзяцей супрацоўнікаў заводу. У 1969 годзе асвоілі выпуск дызэльных рухавікоў Д-60 магутнасьцю 60—65 к.с. для пастаўкі трактароў «Беларусь» сэрыі 500 за мяжу. Вырабілі 500 000 рухавікоў. У 1970 годзе рэсурс рухавікоў падвоілі да 5000 гадзінаў і панізілі выдатак рухавіковай алівы на чад з 2-х да 1 %. Пачалі пастаўку рухавікоў ва Ўсходнюю Нямеччыну[17].
У 1971 годзе «Менскі маторны завод» атрымаў маркіроўку рухавікоў Дзяржаўным знакам якасьці першым у галіне. Кіраўнік заводу В.А. Ражкоў атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР. У 1974 годзе асвоілі новае сямейства 4-цыліндравых рухавікоў «Д-240» з наўпроставым упрыскам паліва і магутнасьцю 60—85 к.с. З канвэера сышоў мільённы рухавік. У 1975 годзе пачалі пастаўку рухавікоў у Баўгарыю, Пакістан і Віетнам. У 1978 годзе кіраўніком заводу прызначаны Іван Сямак. У 1980 годзе спынілі вытворчасьць рухавікоў Д-50 для Савецкага Саюзу. Завод атрымаў міжнародную прэмію «Залаты мэркурый» (Італія)[17].
У 1981 годзе з канвэера сышоў 2-мільённы рухавік, а завод атрымаў ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу. У 1983 годзе стварылі вытворчае аб'яднаньне «Менскі маторны завод», у склад якога ўвайшлі: «Барысаўскі завод агрэгатаў» і Стаўпецкая філія. Заводзкая здраўніца «Мара» прыняла першых наведнікаў. У 1984 годзе асвоілі вытворчасьць рухавіка «Д-245». 2 студзеня 1985 году выйшаў першы нумар газэты «Маторабудаўнік», якая стала выходзіць двойчы на тыдзень на 4-х палосах фармату А3. У 1987 годзе токар-расточнік экспэрымэнтальнага цэху Л.І. Дзюсаў стаў ляўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР. У 1988 годзе кіраўніком заводу стаў І.Я. Вараб'ёў. З канвэера сышоў 3-мільённы рухавік. Выхаванка спортклюбу «Матор» стала срэбранай прызэркай Алімпійскіх гульняў у Сэуле (Паўднёвая Карэя). Увялі ў дзеяньне піянэрскі летнік «Церамок». У 1990 годзе спынілі вытворчасьць рухавікоў Д-50 і Д-60 для замежнага рынку. «ММЗ» увайшоў у асацыяцыю дзяржаўных вытворцаў дызэльных рухавікоў[17].
1990-я гады
рэдагавацьУ 1992 годзе асвоілі вытворчасьць аўтамабільнага рухавіка «Д-245.1» для пастаўкі на «Завод імя Ліхачова» ў Маскве (Расея). У лютым 1992 году на сэрыйны цяжкавік «МАЗ-5433» сталі ставіць 180-сільны 6-цыліндравы рухавік «Д-260Т». У чэрвені 1992 году пачалі хадавое выпрабаваньне рухавіка «Д-265» на вугорскім аўтобусе «Ікарус-260». У 1993 годзе кіраўніком быў прызначаны Карл Шаўлоўскі. У студзені 1993 году распрацавалі праграму стварэньня магутнасьці для выпуску рухавікоў «Д-240Т» і «Д-260Т» з давядзеньнем да стандартаў «Эўра-1» і «Эўра-2». Улетку 1993 году рухавікі «Д-245.20» выпрабавалі на «Заводзе імя Ліхачова». Да ліпеня 1993 году рухавікі заводу паставілі ў 85 краінаў. «Менскпасажыраўтатранс» усталяваў рухавік «Д-245.20» на аўтобус «ЛАЗ». У верасьні 1994 году завод асвоіў вытворчасьць рухавіка «Д-247» для «Заволскага заводу вусенічных цягачоў» (Ніжагародзкая вобласьць, Расея). У экспэрымэнтальных цэху сабралі 6 першых рухавікоў «Д-260.5» з вэртыкальным разьмяшчэньнем цыліндраў, прызначаных да аўтобусаў «Менскага аўтамабільнага заводу». Сабралі і выпрабавалі першы сэрыйны рухавік «Д-265» для аўтобуса «Ікарус». Увялі ў дзеяньне базу адпачынку «Лясная Верацейка». У 1995 годзе асвоілі вытворчасьць трактарнага рухавіка «Д-260». Пачалі засьведчаньне рухавікоў. Досьледныя ўзоры рухавікоў пастаўлялі на «Завод імя Ліхачова», «Горкаўскі аўтамабільны завод», «Курганскі аўтобусны завод» і «Паўлаўскі аўтобусны завод» (Горкаўская вобласьць) у Расеі, а таксама на «Львоўскі аўтобусны завод» ва Ўкраіне[17].
У 1996 годзе асвоілі вытворчасьць аўтамабільных рухавікоў «Д-245.12» і «Д-245.9», а таксама камбайнавага рухавіка «Д-260.4». У красавіку 1996 году пачаў працу ўчастак каленчатага вала для рухавікоў «Д-260» і «Д-265». Запусьцілі участак гільзы блёку цыліндраў. Атрымалі замову на 10 000 рухавікоў для трактароў «МТЗ-510» у Пакістане. Стварылі вытворчасьць 1000 6-цыліндравых рухавікоў. Вырабілі досьледны ўзор рухавіка для трактара, які выпускаў «Паўднёвы машынабудаўнічы завод» ў Днепрапятроўску (Украіна) і для «МАЗу». У 1997 годзе асвоілі вытворчасьць аўтамабільных рухавікоў «Д-247.7» і «Д-260.5», а таксама камбайнавага «Д-260.7». 14 красавіка 1997 году з канвэера сышоў 4-мільённы рухавік. У 1998 годзе запусьцілі канвэер зборкі 6-цыліндравых рухавікоў. У траўні 1998 году сабралі 3-тысячны, а ў сьнежні — 5-тысячны 6-цыліндровік. Аўтамабільныя рухавікі засьведчылі паводле Эўра-1, а трактарныя — паводле Правілаў № 96 Эўрапейскай эканамічнай камісіі ААН ва Ўстанове дасьледаваньня маторных транспартных сродкаў(cs) (УДМТС; Чэхія). 5 сакавіка 1999 году кіраўніком заводу быў прызначаны Мікалай Лобач, які дагэтуль 10 гадоў узначальваў «Барысаўскі завод агрэгатаў». У 1999 годзе асвоілі вытворчасьць трактарнага рухавіка «Д-245.16» для «Анескага трактарнага заводу» (Карэлія, Расея). Трактарныя рухавікі засьведчылі ў Агенцтве аховы навакольля ЗША (ААН ЗША). У жніўні 1999 году на «Маскоўскім аўтасалёне» (Расея) прадставілі мадыфікацыі 4-х 6-цылідравікаў. «Паўлаўскі аўтобусны завод» усталявалі менскі рухавік на новы міжгародні аўтобус ПАЗ-3209 «Аўрора». У 2000 годзе асвоілі вытворчасьць трактарнага рухавіка «Д-245.2». 27 чэрвеня 2000 году Міністэрства прамысловасьці Беларусі зацьвердзіла Загад № 217 аб пераўтварэньні «ММЗ» ва ўнітарнае прадпрыемства. 30 чэрвеня 2000 году з канвэера сышоў 10-тысячны 6-цыліндравік[17].
ХХІ стагодзьдзе
рэдагавацьУ 2001 годзе асвоілі вытворчасьць камбайнавага рухавіка «Д-260.9». 18 красавіка 2001 году ад УДМТС (Прага) атрымалі пасьведчаньне для аўтамабільных рухавікоў «Д-245» і «Д-260» магутнасьцю 80–184 кіляватаў на адпаведнасьць нормам выкідаў Эўра-2. На «Паўднёвы машынабудаўнічы завод» паставілі досьледныя ўзоры рухавікоў «Д-243» і «Д-245». Засьведчаныя паводле Еўра-2 рухавікі «Д-245.11», «Д-245.30», «Д-260.11», «Д-260.12» і «Д-265» прадставілі на «Маскоўскім аўтасалёне». У 2002 годзе «Аграмас» стаў дылерам «ММЗ» у Віетнаме. У 2003 годзе трактарны рухавікі магутнасьцю 55-186 кВат засьведчылі на адпаведнасьць Эўра-2 адпаведна Дырэктыве ЭЗ 2000/25 і Правілам ААН ЗША. Распрацавалі рухавікі на 250 і 280 к.с. для «МТЗ». У 2004 годзе супрацоўнікі Фізыка-тэхнічнага інстытуту НАН Беларусі атрымалі ад Мінпрамысловасьці Беларусі прэмію ў галіне навукі і тэхнікі за распрацоўку алюмінавых поршняў для рухавікоў «ММЗ». Выпрабавальную станцыю Цэнтру стандартызацыі і мэтралёгіі (ЦСМ) аснасьцілі 6 стэндамі выпрабаваньня 6-цыліндравікаў і 10 – 4-цыліндравікаў. Пачалі пастаўкі рухавікоў на расейскі «Растсельмаш» (Растоў-на-Доне). Далучылі земляробчае прадпрыемства «Сьветлая ніва» ў Пухавіцкім раёне. У 2005 годзе «Горкаўскі аўтазавод» стаў найбольшым спажыўцом менскіх рухавікоў. Досьледныя ўзоры рухавікоў «Д-245.7» і «Д-245.9», адпаведныя стандарту Эўра-3, паставілі «ГАЗу», «ЗіЛу» і «МАЗу». На жніве 2005 году рухавікі на 300 і 350 к.с. прайшлі выпрабаваньне ў складзе збожжаўборачных камбайнаў «Ліда-1300» ад «Лідааграмашу», «КЗС-10КМ» і «УЭС-280» ад «Гомсельмашу», а таксама ў складзе трактароў «МТЗ-2822» і «МТЗ-3022»[17].
У 2006 годзе на далучаным заводзе «Аграэнэргамаш» стварылі вытворчасьць станкоў. З канвэера сышоў 50-тысячны рухавік «Д-260». У лістападзе 2006 году выпусьцілі першы сэрыйны рухавік «Д-262» на 300 к.с., 150 якіх закантрактавалі для «Лідааграпраммашу». Набылі абсталяваньне хімапрацоўкі шасьцерняў, станок віхрафрэзэрнай апрацоўкі каленвала і шліфавальныя станкі для каленвала. 22 траўня 2007 году заключылі дамову на распрацоўку і пастаўку прыладаў упрыску паліва ад нямецкага прадпрыемства «Бош» (зямля Бадэн-Вюртэмбэрг). 25 кастрычніка 2007 году выпрабавалі рухавік «Д-249». 15 лістапада 2007 году пачалі сэрыйную вытворчасьць рухавіка пад Эўра-3, для чаго асвоілі выпуск 79 арыгінальных дэталяў, запусьцілі 20 адзінак абсталяваньня, стварылі ўчастак падзборкі аўтарухавікоў і пераабсталявалі 10 выпрабавальных боксаў. На 2008 год атрымалі заяўку на 141 000 рухавікоў. У лютым 2008 году трактарныя 4-цыліндравікі «Д-243.2», «Д-245», «Д-245.5» і «Д-245.43» засьведчылі на ЎДМТС. На ўчастку электраэразійнай апрацоўкі і разьбашліфоўкі ўсталявалі выразны станок. У цэху мэталарэжучых станкоў змантавалі 2 фрэзэрна-расточныя станкі зь лічбавым праграмным кіраваньнем (ЛПК) для вырабу блёкаў цыліндраў рухавікоў «Д-263». У ліпені 2008 году чатыры 8-цыліндравыя рухавікі «Д-280» на 425 к.с., якія сабралі з дэталяў ад «Тутаеўскага маторнага заводу» (Яраслаўская вобласьць, Расея), выпрабавалі на самазвалах «БелАЗ». Да канца 2008 году на «БелАЗ» адгрузілі яшчэ 10 такіх рухавікоў. У лістападзе вырабілі досьледныя ўзоры рухавіка «Д-245.9», якія пасьля стэндавага выпрабаваньня адправілі ў Расею на «ПАЗ» і «ГАЗ». 30 сьнежня 2008 году Дзяржаўны камітэт па маёмасьці Беларусі зацьвердзіў Загад № 380, якім пераўтварыў «ММЗ» у адкрытае акцыйнае таварыства. Яго органам кіраваньня быў Мінпрам Беларусі[17]. Завод вырабляў радныя 4- і 6-цыліндравыя дызэльныя рухавікі магутнасьцю да 425 конскіх сілаў. Меў прадстаўніцтва ў Расеі (Нагінск, Маскоўская вобласьць), куды збываў больш за траціну сваіх вырабаў. У 2008 годзе выпусьціў 124 тыс. рухавікоў[18].
24 лютага 2009 году запусьцілі рухавік пад Эўра-5. У сакавіку 2009 году на «Гомсельмаш» адгрузілі 425-сільны рухавік «Д-280.1» для выпрабаваньня на энэргасродку «КВК-800». У красавіку 2009 году далучылі «Лідзкі ліцейна-мэханічны завод» для вытворчасьці мясцовых нарыхтовак пад рухавікі. На вытворчасьці спэцтэхнікі пачалі выпуск аўтабэтоназьмяшальнікаў «МАБС-6» і «МАБС-7». На шасі «МАЗу» ставілі адзін рухавік у якасьці сілавога агрэгата, а другі — для кручэньня зьмешвальнага барабана. 31 жніўня 2009 году экспэрымэнтальны цэх стварыў 300-сільны 6-цыліндравік «Д-262» для трактароў «МТЗ-3022». Наладзілі выпуск бэтонапомпаў «МБС-20», а з расейскай «Бэцэмай» — самаходаў для ямачнага рамонту дарогі. У цэху малых сэрыяў усталявалі новую камэрную печ для нітрацэмэнтацыі дэталяў у дадатак да 2-х іншых. У 2010 годзе ў складзе ЦСМ адчынілі ўчастак фірмовага рамонту рухавікоў. У красавіку 2010 году рухавік «Д-249» на 190 к.с. пад Эўра-4 усталявалі на цяжкавік «МАЗ-4570» для выпрабаваньня. На заводзе стварылі службу перавозак. Пачалі выпрабоўваць рухавік «Д-262» на 300 к.с. з электроннай палівападачай у агульную магістраль. Трактар з такім рухавіком мог замяніць 4 трактары «Беларус-1221». Замовілі 3 выпрабавальныя стэнды для праверкі гермэтычнасьці. Атрымалі новае плавільнае абсталяваньне для цэху алюмінавага ліцьця. Вырабілі досьледны ўзор дызэль-генэратара «МДГ-40». 24 сьнежня 2010 году з канвэера сышоў 100-тысячны 6-цыліндравік[17]. У 2010 годзе выручка вырасла да 743 млрд рублёў (248 млн $), а апэрацыйны і чысты прыбытак скараціліся да 46,2 млрд (15,4 млн $) і 28,5 млрд рублёў (9,5 млн $) адпаведна. Завод налічаў 5847 супрацоўнікаў.
За 2011 г. «Менскі маторны завод» паставіў за мяжу 56,1% сваіх вырабаў[19]. У 2011 годзе ў цэху малых сэрыяў запусьцілі абсталяваньне для вытворчасьці шасьцерняў. У ЦСМ запусьцілі абсталяваньне для закручваньня нітаў мацаваньня галовак блёка цыліндраў у 6-цыліндровіках. У інструмэнтальным цэху ўвялі ў дзеяньне 5-каардынатны вэртыкальны апрацоўчы цэнтар з ЛПК. У расейскім Нагінску (Маскоўская вобласьць) заснавалі гандлёвы дом «ММЗ». У Чэхіі засьведчылі тры мадэлі 6-цыліндровікаў на ўзроўні 3Б, каб пастаўляць у краіны Эўразьвязу. Распрацавалі сьнегаўборачную машыну «СУМ-160». Досьледны рухавік «Д-280.1» на 600 к.с. пад Эўра-4 перадалі для ўсталёўкі на досьледны капотны цяжкавік «МАЗ». На заводзе стварылі ўчастак зборкі джгутоў магутнасьцю 1400 камплектаў за месяц, каб выпускаць рухавікі стандарту Эўра-3. Ва ўправе галоўнага канструктара стварылі канструктарскае бюро рухавікоў малой магутнасьці, каб распрацаваць 3-цыліндравік. Чатыры мадэлі рухавікоў «Д-425» засьведчылі пад Эўра-4, сэрыйны выпуск якіх пачалі 1 студзеня 2012 году. 14 кастрычніка 2011 году прадставілі школьны аўтобус «МАЗ-324» з рухавіком «Д-245-35» на 177 к.с. На Беларускім інавацыйным тыдні прадставілі вытворчасьць 4-і 6-цыліндравікаў ад 80 да 350 к.с. пад Эўра-4 і -5, а таксама 8-цыліндравік «Д-280.3» для капотнага «МАЗа». У 2012 годзе 4 мадэлі рухавіка «Д-245» засьведчылі пад Эўра-4, у тым ліку «Д-425.35». У сакавіку 2012 году далучылі «Досьледна-экспэрымэнтальны завод тэхналягічнага абсталяваньня» («ДЭЗТА»). У чэрвені 2012 году запусьцілі 3-цыліндравік «ММЗ-3ЛД». 20 лістапада 2012 году Міністэрства эканомікі Беларусі ўнесла ў дзяржаўны рэестар холдынг «ММЗ», у які ўвайшлі «Гомельскі завод пускавых рухавікоў», «Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод» (Гомельская вобласьць), «Лідзкі ліцейна-мэханічны завод» («ЛЛМЗ») і «ДЭЗТА». На «Горкаўскім аўтазаводзе» ў Расеі пачалі канвэерную зборку машынаў з рухавіком «Д-245.7» пад Эўра-4. У 2013 годзе пачалі сэрыйную вытворчасьць рухавікоў пад Эўра-5 і ступеньню 3Б. Малагабарытны рухавік «ММЗ-3ЛД» паставілі на «Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў» («БЗТДА»), а таксама ў Расею на «Курскэлектраагрэгат» і «Пнэўмабудмашыну» (Екацярынбург). Рухавікі паставілі ў Лаос для пераабсталяваньня цяжкавікоў «ЗіЛ» і «ГАЗ»[17].
У чэрвені 2013 году сабралі першыя 2 аўтамабільныя газадызэльныя рухавікі «ГД-245.7» на 122 к.с. і «ГД-245.9» на 136 к.с. У верасьні 2013 году запусьцілі выпрабавальны стэнд для рухавікоў да 50 кВат. 20 верасьня выпрабавалі рухавікі «ММЗ-3ЛД» і «ММЗ-ЛДГ». У кастрычніку 2013 году атрымалі пасьведчаньне паводле Правілаў № 24, 49 і 85 ЭЭК ААН на рухавік «Д-245.7» для расейскіх цяжкавікоў «Газон Нэкст». 15 лістапада 2013 году сабралі 100-ы рухавік «ММЗ-3ЛД». У канцы 2013 году рухавікі заводу атрымалі пасьведчаньне ўзроўню 3А для продажу ў Паўночнай Амэрыцы. У 2014 годзе 6-цыліндравікаі атрымалі пасьведчаньне ступеняў 3А і 4 у Чэхіі. У сакавіку 2014 году ў цэх малых сэрыяў паступіў восьмы 3-каардынатны станок з ЛПК для ўчастка карпусных дэталяў на рухавікі пад Эўра-4 і -5, а таксама «ММЗ-3ЛД». Для ўчастка гільзы блёка цыліндраў у Стоўпцах даставілі новае абсталяваньне на 8000 т чыгуннага ліцьця. Досьледныя ўзоры рухавіка «Д-245.9» вырабілі для «Паўлаўскага аўтазаводу». Пачалі сэрыйны выпуск 3-цыліндравікаў з турбанадзьмувам для «БЗТДА». У Этыёпію паставілі 220 рухавікоў для пераабсталяваньня цяжкавікоў «ЗіЛ» і «ГАЗ». У цэху малых сэрыяў на ўчастку чыгунных і дробных дэталяў укаранілі 2 новыя такарныя агрэгатныя станкі. У 2-м мэталаапрацоўчым цэху ўкаранілі 2 устаноўкі аўтаматычнай загартоўкі з нагрэвам токам высокай частасьці (ТВЧ) разьмеркавальных валаў. Рухавік «ММЗ-3ЛДТІ» на 49 к.с. з турбакампрэсарам і інтэрпулерам атрымаў пасьведчаньне ступені 3А для пастаўкі ў Эўразьвяз. У 2015 годзе на філіі ў Стоўпцах стварылі досьледны зор пенагенэратара са сьціснутым паветрам для Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Беларусі. У Віетнам закантрактавалі 579 рухавікоў «Д-245.9» і «Д-245.12» для пераабсталявання цяжкавікоў «ЗіЛ» і «ГАЗ». «Гомельскі завод пускавых рухавікоў» («ГЗПР») пачаў выпускаць прычапныя цыстэрны для харчовых вадкасьцяў на 900 літраў. Рухавіком «ММЗ-3ЛД» абсталявалі самаходнае шасі «Ўладзімерскага матора-трактарнага заводу». 19 лістапада 2015 году запусьцілі 4-цыліндравік «ММЗ-3ДТІ». На Кубу адправілі 943 рухавікі[17].
У лютым 2016 году распрацавалі дызэль-генэратар з рухавіком «ММЗ-3ЛДГ» на шасі. У траўні 2016 году рухавік «Д-245.35» атрымаў пасьведчаньне пад Эўра-5. У чэрвені іх адгрузілі на «МАЗ». У ліпені «Ялабускі аўтамабільны завод» стаў дылерам у Татарстане. Стварылі 3-цыліндравік «ММЗ-3ЛДГ.1» на 18 к.с. на замову расейскай «Праект-Тэхнікі» (Рыбінск) для электраагрэгатаў і электрастанцыяў. У 2017 годзе вырабілі першы 6-цыліндравік пад Эўра-5 для «МАЗу». Стварылі 4-цыліндравік «ММЗ-4ДТІ.А» з палівападачай у агульную магістраль. Вырабілі досьледны ўзор 2-цыліндравіка «ММЗ-2ЛД» з ураўнаважвальным момантам ад сілаў інэрцыі 1-га парадку. У траўні 2017 году рухавік «262.С2» на 330 к.с. паставілі на першы трактар «Амкадар-5300». Вырабілі досьледны ўзор 4-цыліндравіка «ММЗ-4ДТГ» на 23 кВат для «Праект-Тэхнікі». У 2018 годзе на Кубе рухавікамі «Д-260.562» пераабсталявалі амэрыканскія і савецкія цяжкавікі, у тым ліку «КамАЗ-5324». Пры заводзе стварылі філію катэдры арганізацыі і кіраваньня Факультэту эканомікі і мэнэджмэнту БДЭУ. Пачалі сэрыйную пастаўку прамысловых рухавікоў на аснове «ММЗ-3ЛДТ» для «Ялабускга аўтазаводу». Стварылі 4-цыліндравік «ММЗ-3,6ДТІ». Першы ўзор рухавіка «ММЗ-4ДТГ.1» на 23 кВат адправілі для выпрабаваньня на «Шумерлінскі завод спэцыялізаваных аўтамабіляў» (Чувашыя, Расея). Цягам 2018 году на Кубу адгрузілі 400 грузавікоў. Дылерамі заводу сталі «Аграпанонка МТЗ Фінке» ў Сэрбіі і «Агратрак» у Барнавуле (Сыбірская фэдэральная акруга, Расея). «ММЗ» атрымаў пасьведчаньне навуковай арганізацыі ад Дзяржаўнага камітэту па навуцы і тэхналёгіях Беларусі і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. На Кубу паставілі рухавікі для пераабсталяваньня трактароў «МТЗ-80» і «МТЗ-82». У кастрычніку 2019 году прадставілі рухавікі на 2-м Форуме рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны ў Жытоміры. У 2019 годзе найлепшымі сталі дылеры ў Казахстане, Вугоршчыне, Польшчы і Летуве. Рухавікі паставілі ва Ўзбэкістан на «Ташкенцкі завод сельскагаспадарчай тэхнікі» і ў Эгіпет[17].
4 cьнежня 2019 году на ліцейнай вытворчасьці ў Стоўпцах адбылася першая плаўка мэталу зь ліцьцём у халодна-цьвярдзельную сумесь (ХЦС). Для памежных войскаў Беларусі вырабілі 5 дызэль-генэратараў. 30 студзеня 2020 году ў Стоўпцах запусьцілі ўчастак фасонных адлівак. У Эгіпце заключылі 4 дылерскія дамовы. У красавіку 2020 году на Кубу паставілі рухавікі для пераабсталяваньня самаходаў «УАЗ-469». У траўні 2020 году газапоршневы 6-цыліндравік «ММЗ-262ЗПГ» абсягам 7,98 літраў прадставілі на выставе ў Татарстане. У ліпені 2020 году менскі рухавік атрымаў пасьведчаньне ўзроўню 5 у Чэхіі. Аўстрыйскаму прадпрыемству «Вінтэрстайгер» адгрузілі рухавік «ММЗ-4ДТІ.1» на 73 к.с. для сэлекцыйнага камбайна. Закупілі каардынатна-вымяральную машыну і прамысловы кампутарны тамограф для канструктарскіх дасьледаваньняў. Колькасьць замежных дылераў у Эўразьвязе, Усходняя Азіі і Афрыцы павялічылі зь 19 да 37. Для дызэль-генэратараў на марскіх караблях распрацавалі турбарухавікі «ММЗ-3ЛДТГ» і «ММЗ-4ДТІГ». У выпрабавальным цэнтры ўсталявалі вымяральнікі выкідаў для даводкі рухавікоў да Эўра-6. На «Каўроўскі электрамэханічны завод» (Уладзімерская вобласьць) паставілі 60 рухавікоў «Д-243-С2» для замены на пагрузчыках «Ант-1000». «ММЗ» стаў першым заводам Беларусі, які атрымаў пасьведчаньне для ўдзел у дзяржаўных закупках Расеі. Завод уступіў у лізінгавую праграму «Ашчадбанку Расеі»[17]. У 2020 годзе сабралі 41 708 рухавікоў 163 мадыфікацыяў магутнасьцю ад 7 да 330 кВат. Іх паставілі ў больш як 40 краінаў[20].
У чэрвені 2021 году вырабілі першую прамысловую партыю рухавікоў сямейства «ММЗ-4Д». У кастрычніку 2021 году ў расейскай Цюмені адчынілі прадстаўніцтва гандлёвага дому. У сакавіку 2022 году ў Нагінску запусьцілі вытворчасьць рухавікоў «ММЗ-3ЛД» на 35—49 к.с. У красавіку ў Табольску (Цюменская вобласьць) пачалі выпускаць усюдыходы з рухавікамі «ММЗ». У чэрвені ў 6-м мэталаапрацоўчым цэху ўсталявалі трохвымерны прынтэр для вырабу пясчана-палімэрных формаў і стрыжняў. У сакавіку 2023 году на Стаўпецкім ліцейным заводзе адлілі нарыхтоўку 16-цыліндровага блёка цыліндраў. «ГЗПР» запусьціў машыну тэрмічнай рэзкі мэталу. У ліпені адчынілі стэнд выпрабаваньня рухавікоў да 500 кВат. У жніўні расейскае прадпрыемства «Марскія прапульсіўныя сыстэмы» спусьціла на ваду рачныя караблі з 4-ма 4-цыліндровікамі «ММЗ-4ДТГРР» на 46 кВат. У цэх малых сэрыяў паставілі 3 паземна-фрэзэрныя станкі. У верасьні на выставе камтранспарту ў Маскве прадставілі рухавікі «ММЗ-4ДГ» і «ММЗ-4ДГ.1» для аўтаномных лядоўняў і ацяпляльняў. У лютым 2024 году «ГЗПР» вырабіў цэнтрабежную самаўсмоктвальную помпу «НЦСЦ-6». У сакавіку ў склад холдынгу ўвайшоў «Барысаўскі завод агрэгатаў», які вырабляў турбакампрэсары, аліўныя помпы і фільтры. У красавіку ў цэху алюмінавага ліцьця ўкаранілі футроўку плавільных печаў, што зьнізіў іх выдаткі. У мэталаапрацоўчых паставілі 2 новыя паземныя 3-каардынатныя станкі. У траўні «ГЗПР» запусьціў вытворчасьць кругавых і франтальных дажджавальнікаў. У экспэрымэнтальны цэх паставілі паліравальны станок для шыек каленчатых валаў. У кастрычніку ў БДАТУ адчынілі лябараторыю «ММЗ». 31 кастрычніка запусьцілі зборачную вытворчасьць ва Ўзбэкістане[17].
Кіраўнікі
рэдагаваць- Уладзімер Ражкоў (восень 1960 — 1978), ляўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1971)
- Іван Сямак (1978—1988)
- І.Я. Вараб'ёў (1988—1993)
- Карл Шаўлоўскі (1993 — 5 сакавіка 1999)
- Мікалай Лобач (5 сакавіка 1999 — 27 сьнежня 2014)
- Ігар Емельяновіч (27 сьнежня 2014 — 11 верасьня 2018)
- Аляксандар Рагожнік (11 верасьня 2018 — 31 сьнежня 2022)
- Аляксандар Бацьвіньнік (ад 1 студзеня 2023 году)[17]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Кіраўніцтва па фірмовым стылі = Руководство по фирменному стилю. — Менск: Менскі маторны завод, 2020. — С. 11. — 78 с.
- ^ https://mmz-motor.by/blr/o-predpriyatii/istoriya-predpriyatiya/ (белар.) — 2025.
- ^ Кіраўніцтва // ААТ «Менскі маторны завод», 2025 г. Праверана 16 чэрвеня 2025 г.
- ^ К.А. Кандраценка, А.В. Сычова, Аляксандар Бацьвіньнік, А.В. Кавалёва. Справаздачнасць паводле МСФС за 2022 год (рас.) // ААТ «Менскі маторны завод», 16 чэрвеня 2023 г. Праверана 16 чэрвеня 2025 г.
- ^ Афіцыйныя курсы беларускага рубля ў адносінах да замежных валют, якія штодзённа, на 31.12.2023 // Нацыянальны банк Беларусі, 31 сьнежня 2023 г. Праверана 16 чэрвеня 2025 г.
- ^ а б https://mmz-motor.by/upload/documents/Otchyotnost%60%20MSFO%20za%202022%20god.pdf — 2023.
- ^ https://web.archive.org/web/20230301000000*/http://www.po-mmz.minsk.by/upload/finans/forma1_1.xls — 2023.
- ^ Іншая прадукцыя // ААТ «Менскі маторны завод», 2025 г. Праверана 16 чэрвеня 2025 г.
- ^ Марына Носава (4 лютага 2010) Менскі маторны завод плянуе стварыць сумесную вытворчасьць з амэрыканскай кампаніяй Navistar Эканоміка. БелаПАН. Праверана 25 красавіка 2012 г.
- ^ «Менскі маторны завод» за год павялічыў вытворчасьць рухавікоў больш як на 11 працэнтаў // БелТА, 12 студзеня 2023 г. Праверана 16 чэрвеня 2025 г.
- ^ Рухавік // ААТ «Менскі маторны завод», 2025 г. Праверана 16 чэрвеня 2025 г.
- ^ Дызэль-генэратарныя ўстаноўкі // ААТ «Менскі маторны завод», 2025 г. Праверана 16 чэрвеня 2025 г.
- ^ Кампрэсарныя станцыі // ААТ «Менскі маторны завод», 2025 г. Праверана 16 чэрвеня 2025 г.
- ^ Дызэль-помпавыя ўстаноўкі // ААТ «Менскі маторны завод», 2025 г. Праверана 16 чэрвеня 2025 г.
- ^ Паветранадзiмалка 792-00.00.00-2 // ААТ «Менскі маторны завод», 2025 г. Праверана 16 чэрвеня 2025 г.
- ^ Запчасткі // ААТ «Менскі маторны завод», 2025 г. Праверана 16 чэрвеня 2025 г.
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о Гісторыя прадпрыемства // ААТ «Менскі маторны завод», 2025 г. Праверана 16 чэрвеня 2025 г.
- ^ Тацяна Паляжай (24 лютага 2009) А. Лукашэнка наведае Менскі маторны завод. Беларускае тэлеграфнае агенцтва. Праверана 25 красавіка 2012 г.
- ^ Павал Берасьнеў. «Галоўная пэрспэктыва для разьвіцьця Партызанскага раёна — асваеньне новых тэрыторыяў» // Зьвязда : газэта. — 5 красавіка 2012. — № 66 (27181). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
- ^ «Менскі маторны завод» у 2020 годзе сабраў амаль 42 тыс. рухавікоў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 21 студзеня 2021 г. Праверана 16 чэрвеня 2025 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Мэдыяцэнтар // ААТ «Менскі маторны завод», 2025 г. Праверана 16 чэрвеня 2025 г.
Гэты артыкул — кандыдат у добрыя артыкулы з 11 ліпеня 2025 году. Магчыма, патрабуецца яго дапрацоўка. |