Гісторыя Горак
Горкі — магдэбурскае места гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[1]. За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў былі адным з двух местаў (разам з Пружанамі) на тэрыторыі колішняга ВКЛ, вызваленых на пэўны час з-пад расейскага панаваньня. Галоўная мясцовая славутасьць — Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія, адна з найстарэйшых вышэйшых навучальных установаў Беларусі. Захаваўся комплекс яе старых карпусоў у стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся касьцёл Сьвятога Андрэя Баболі, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны расейскімі ўладамі.
Вялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьПершы пісьмовы ўпамін пра Горкі як сяло ў складзе Горы-Горацкага маёнтку зьмяшчаецца ў Літоўскай мэтрыцы і датуецца 1514 годам. Маёнтак знаходзіўся ў валоданьні князя Друцкага-Горскага. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва.
У 1584 годзе Горкі перайшлі да Сапегаў. У 1619 годзе Леў Сапега надаў месту[2] «Статут аб вольнасьцях» і «малое Магдэбурскае права». У гэты час паселішча было цэнтрам маёнтку, тут штогод праводзіліся кірмашы. У 2-й палове XVII стагодзьдзя Юры Станіслаў Сапега меў тытул графа «на Горы-Горках».
У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у сакавіку 1659 году жыхары Горак узьняліся на ўзброеную барацьбу з усходнімі захопнікамі і доўга трымалі ў аблозе ў Вялікіх Гарах аддзел маскоўскіх салдатаў. У 1676 годзе ў месьце існавалі праваслаўнае брацтва і школа. Паводле інвэнтару, на 1683 год — 510 будынкаў, 2 прадмесьці (Казімерава Слабада і Зарэчча), 3 Рынкі, працавалі рамесьнікі 28 спэцыяльнасьцяў[2].
Захаваліся сьведчаньні літоўскай ідэнтычнасьці жыхароў Горак: «сознаютъ отца и матку свою родомъ з Литви, з города Горокъ»[3][4].
За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) Горкі знаходзіліся ў зоне ваенных дзеяньняў. У ліпені — жніўні 1708 году тут разьмяшчаліся расейскія войскі на чале з А. Меншыкавым і Б. Шарамецьцевым. 9 ліпеня — 16 жніўня 1708 году ў Горках спыняўся цар маскоўскі Пётар I. У 1717 годзе мястэчка з ваколіцамі набыў князь А. Меншыкаў і валодаў ім да высылкі ў Сыбір (1727 год). З 1732 году паселішча было ў валоданьні графа М. А. Патоцкага.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Горкі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Аршанскім павеце. На 1780 год у мястэчку дзеялі 3 цэрквы і касьцёл. У 1799 годзе ў Горках і навакольных вёсках спыняўся расейскі паэт Г. Дзяржавін, які напісаў тут вершы «Горкі», «Млынар», «Вішы» і інш. У канцы XVIII стагодзьдзя маёнтак перайшоў у валоданьне графа Л. Салагуба. У 1809 годзе ў Горы-Горацкім маёнтку пачала працаваць мануфактура з фарбавальняй. У 1828 годзе за невыкананьне забавязаньня забясьпечваць харчаваньнем армію Кутузава ў вайну 1812 году, расейскі ўрад канфіскаваў маёнтак у Л. Салагуба.
15 жніўня 1840 году адбылося ўрачыстае адкрыцьцё Горы-Горацкай земляробчай школы (з 1848 году — Горы-Горацкі земляробчы інстытут). Дзякуючы працы Эдуарда Рэга, прафэсара батанікі, паводле праекту італьянскага архітэктара А. Кампіёні на тэрыторыі інстытуту заснавалі дэндрарый. У 1841 годзе пачала працаваць Горацкая мэтэастанцыя. У 1846 годзе ў мястэчку, а ў 1847 годзе ў Казімераўскай Слабадзе адкрыліся расейскія пачатковыя народныя школы. У 1852 годзе выйшаў першы том «Запісак Горы-Горацкага земляробчага інстытуту». У пэрыёдыку разьмяшчаліся матэрыялы пра працу навучальнай фэрмы, адлюстроўваліся дасягненьні сельскагаспадарчай навукі таго часу. У 1857 годзе ў мястэчку ўтварыўся легальны прафэсарска-студэнцкі клюб. Яго ўдзельнікі абмяркоўвалі надзённыя пытаньні і будучую сялянскую рэформу з скасаваньнем прыгоннага права. 26 сьнежня 1861 году Горкі сталі цэнтрам павету Магілёўскай губэрні і зноў атрымалі статус места. У 1862 годзе тут сфармавалася падпольная студэнцкая арганізацыя, якая рыхтавалася да ўдзелу ў паўстаньні К. Каліноўскага. У яе склад уваходзілі С. Віскоўскі, В. Дамарацкі, В. Антановіч, Р. Чарвінскі, З. Міткевіч, С. Дымкевіч і іншыя. Яны разам зь іншымі студэнтамі адкрылі для сялянскіх дзяцей народную школу, выкладаньне ў якой вялося на беларускай мове. 21 красавіка 1862 году паўсотні студэнтаў зладзілі ў фальварку Шыманоўка палітычную акцыю, у часе якой сьпявалі патрыятычныя і рэвалюцыйныя песьні. 24 красавіка 1863 году аддзел Л. Зьвяждоўскага, паплечніка К. Каліноўскага, вызваліў места з-пад расейскага панаваньня, але неўзабаве царскія карнікі здушылі выступленьне. У 1864 годзе за ўдзел мясцовых студэнтаў і выкладнікаў у паўстаньні расейскія ўлады зачынілі земляробчы інстытут і перавялі яго ў Санкт-Пецярбург.
27 жніўня 1867 году адбылося афіцыйнае зацьверджаньне гербу Горак: «у залатым полі тры чорныя горкі, з кожнага вырастае адзін зялёны колас»[5]. У 1873 годзе ў ваколіцах места каля вёскі Пнёўшчыны на правым беразе ракі Лядні, на складзеным з камянёў кургане знайшлі гранітны валун пірамідальнай формы з рунічнымі або фінікійскімі надпісамі: «Помнік Ваала. Тут мы яго выдзеўбалі (высеклі)». У 1881 годзе на земскія сродкі праклалі два масты церз Парасіцу і Проню. У канцы XIX стагодзьдзя у Горках зьявіліся паштовая станцыя, аптэка, пачаў працаваць чыгуналіцейны завод, мэтэастанцыя. У 1902 годзе ў месьце зьявілася першая сацыял-дэмакратычная група. На 1904 год у Горках працавалі 10 гатэляў і нумароў, 7 заезных дамоў, 5 шынкоў, харчэўняў і чайных. Вуліцы асьвятляла 45 ліхтароў. Дзеялі прыватная бібліятэка, таварыства дапамогі бедным, прыватная друкарня, чатыры царквы, пры адной зь якіх — школа граматы (царкоўна-прыходзкая начатковая школа). Падобная школа абслугоўвала і жыдоўскае насельніцтва. 16 студзеня 1905 году ў мірнай дэманстрацыі супраць царызму расейскія карнікі забілі горацкіх навучэнцаў Ф. Ярафеева і П. Бруцэра. У 1917 годзе ўзьнікла Сэкцыя вучняў горацкіх сельскагаспадарчых школаў, якая займалася вывучэньнем беларускай мовы, пашырэньнем цікавасьці мясцовага насельніцтва да нацыянальнай культуры, ладзіла выступы моладзевага тэатра.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Горкі абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[6], аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР (у Гомельскай, а з 1922 году — у Смаленскай губэрні). 7 красавіка 1919 году горацкія сярэднія сельскагаспадарчыя ўстановы рэарганізавалі ў Горацкі сельскагаспадарчы інстытут. 10 кастрычніка 1919 году пачала працаваць моладзевая арганізацыя Беларуская сэкцыя студэнтаў. Яна мела на мэце пашыраць сьвядомасьць паміж беларусамі, знаёміць зь літаратурай, тэатральнымі творамі, гісторыяй, культурным і эканамічным становішчам Беларусі і дапамагаць беларускаму нацыянальнаму руху. У 1921 годзе збудавалі будынак чыгуначнай станцыі «Беларускія Горкі» (з 1930 году — «Пагодзіна»). У 1924 годзе Горкі вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам раёну. У 1925—1929 гадох у БДСГА выкладаў Ян Серада, у 1926—1928 гадох — Максім Гарэцкі. 28 лістапада 1925 году места наведалі народныя пісьменьнікі Янка Купала і Якуб Колас. У 1926 годзе ў Горках жыў і працаваў загаднікам катэдры беларускай мовы, літаратуры і гісторыі БДСГА Максім Гарэцкі. 22 кастрычніка 1930 году выйшаў першы нумар раённай газэты «Ленінскі шлях».
У 1930-я гады было брутальна перапынена рэлігійнае жыцьцё ў Горках. На загад камуністычных уладаў былі зьнішчаныя старадаўнія драўляныя цэрквы і зачынены мураваныя, Сьвята-Мікалаеўская царква была перабудавана ў Акадэмічную бібліятэку, а слабадзкая Спаса-Ўзьнясенская царква была перароблена ў склад, апошняя аднавіла сваю дзейнасьць у час нямецкай акупацыі і дзее да сёньня. У Другую сусьветную вайну з 12 ліпеня 1941 да 26 чэрвеня 1944 году Горкі знаходзіліся пад акупацыяй Трэцяга Райху.
У 1948 годзе сельскагаспадарчы інстытут рэарганізавалі ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. 5 жніўня 1959 году адкрылася паветраная лінія Горкі — Менск, пачаў працаваць аэрапорт. У 1967 годзе на рацэ Парасіцы стварылі першае ў месьце штучнае возера. У 1975 годзе ў Горках збудавалі мэмарыял «Тужлівая маці», пры якім запалілі «Вечны агонь». У 1984 годзе ў месьце заснавалі Горацкі раённы гісторыка-этнаграфічны музэй. У 1987 годзе пачаў працаваць мескі стадыён. У канцы 1980-х гадоў пачаў дзеяць незалежны «Клюб выбаршчыкаў» начале зь Я. Мажугіным. У 1999 годзе выйшаў першы нумар прыватнай горацкай газэты «Региональные ведомости». У 2007 годзе пачаў працу сайт www.horki.info. У 2009 годзе выйшаў першы нумар агульнапалітычнай газэты «УзГорак».
Галерэя
рэдагавацьМеста
рэдагаваць-
Вуліца Амсьціслаўская
-
Вуліца Аршанская
-
Вуліца Аршанская
-
Вуліца Паштовая
-
Рынак
-
Пляц Сынагогальны. Сынагога
-
Меская ўскраіна
-
Зарэчча
Казімераўская Слабада
рэдагаваць-
Царква
-
Царква
-
Вуліца
-
Вуліца
Інстытут
рэдагаваць-
да 1918 г.
-
1925 г.
-
1916 г.
-
1910-я гг.
-
1916 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
С. Юркоўскі, да 1900 г.
-
С. Юркоўскі, да 1900 г.
-
С. Юркоўскі, да 1900 г.
-
С. Юркоўскі, да 1900 г.
-
С. Юркоўскі, да 1900 г.
-
С. Юркоўскі, да 1900 г.
-
С. Юркоўскі, да 1900 г.
-
да 1900 г.
-
1930-я гг.
-
1930-я гг.
-
1930-я гг.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Ткачоў М. Замкі і людзі. — Мн., 1991. С. 105.
- ^ а б Ліўшыц У. Горкі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 546.
- ^ Лазаревский А. Малороссийские посполитые крестьяне (1648-1783 гг.). — Киев, 1908. С. 58.
- ^ Чаропка В. Гісторыя нашага імя: Гіст. даслед. — Менск, 1995. С. 67.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 151.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 2: Аршыца — Беларусцы. — 480 с. — ISBN 985-11-0061-7
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. — 576 с. — ISBN 985-11-0090-0
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2008. — 728 с. ISBN 978-985-11-0409-9.
- Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991. — 303 с.: фота. — ISBN 5-341-00240-7.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Горацкага р-на / Рэдкал.: А. А. Крывянкоў, У. М. Ліўшыц [і інш.]. — Мн.: Вышэйшая школа, 1996. — 589 с. ISBN 985-06-0180-9.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882.
- Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.