Уладзі́мер Фё́даравіч Іса́енка (15 сьнежня 1928, места Горкі, Магілёўская вобласьць, БССР — 30 чэрвеня 2010) — беларускі археоляг. Кандыдат гістарычных навук (1974).

Біяграфія

рэдагаваць

У 1932 годзе сям’я пераехала ў Менск. Увесну 1944 году быў вывезены разам з маці і бабуляй на прымусовыя працы ў паўднёвую Нямеччыну. Працаваў на ваенным заводзе. Пасьля сканчэньня Другой сусьветнай вайны вярнуўся ў Беларусь.

Скончыў у Гомелі школу, а ў 1947 годзе паступіў у Гомельскі пэдагагічны інстытут на фізыка-матэматычны факультэт (скончыў у 1951). Працаваў настаўнікам матэматыкі ў Шыіцкай, пасьля ў Юравіцкай школах Калінкавіцкага раёну. Пазьней дырэктарам Юравіцкай школы, стварыў у ёй археалягічны музэй.

У 1961 годзе паступіў у асьпірантуру Інстытуту гісторыі Акадэміі навук і пачаў працу над кандыдацкай дысэртацыяй «Нэаліт Прыпяцкага Палесься» (абараніў у 1973 годзе). 3 1964 у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі, з 1974 — старэйшы навуковы супрацоўнік.

У другой палове 1990‑ых — пачатку 2000‑ых працаваў на пасадзе археоляга‑кансультанта ў спэцыялізаваным пошукавым батальёне, падрыхтаваў для камандзіраў падразьдзяленьня дапаможнік па мэтодыцы правядзеньня палявых прац, закладаючы тым самым тэарытычную і практычную аснову беларускай ваеннай археалёгіі.

Памёр 30 чэрвеня 2010 году пасьля цяжкой хваробы. Пахаваны 1 ліпеня на могілках у Калодзішчах[1].

Дасьледчая дзейнасьць

рэдагаваць

Вывучаў дняпроўска-данецкую, нёманскую, сьвідэрскую і іншыя культуры, гісторыю першабытна-абшчыннага ладу. Адкрыў на тэрыторыі Палесься больш за 300 помнікаў каменнага і бронзавага вякоў. Дасьледаваў 14 стаянак.

Адзін з аўтараў «Нарысаў па археалёгіі Беларусі» (ч. 1, 1970), «Гісторыі Беларускай ССР» (т. I, 1972), «Нарысаў гісторыі Беларусі» (ч. 1, 1994), кнігі «Беларуская археалёгія» (1987), «Летапіс Юравічаў» (часткова надрукаваная ў 2000), больш за 400 артыкулаў для энцыкляпэдыяў.

Крыніцы і заўвагі

рэдагаваць
  1. ^ Галіна Абакунчык (2 ліпеня 2010) Вянок Памяці: Уладзімер Ісаенка. Радыё «Свабода»Праверана 11 ліпеня 2010 г.

Літаратура

рэдагаваць