Тэлевяршыня

нацыянальны тэлевізійны конкурс Беларусі

«Тэлевяршыня» — нацыянальны тэлевізійны конкурс Беларусі, які Міністэрства інфармацыі Беларусі ладзіць зь 2005 году.

«Тэлевяршыня»
АрганізатарМіністэрства інфармацыі Беларусі
ВядучыАляксандар Яфрэмаў
Правядзеньне27 траўня 2022
Менск
КраінаБеларусь
Узнагародабронзавая статуэтка з дыямэнтам
Першае прысуджэньне2005
Бягучы ўладальнікБелтэлерадыёкампанія (2022)
Тэлетрансьляцыя
Сеткі«Беларусь 1» (2022)
Працягласьць1,5 гадзіны
 ← «Тэлевяршыня-2017»    

Трыма сузаснавальнікамі конкурсу разам зь Міністэрствам інфармацыі выступалі Белтэлерадыёкампанія, «Другі нацыянальны канал» і «Сталічнае тэлебачаньне», якія па чарзе ладзілі ўзнагароджаньне. Зь 2022 году прадугледзілі правядзеньне конкурсу аднойчы на 2 гады. Лік намінацыяў скарацілі да 22-х. Узнагародай у кожнай намінацыі служыла бронзавая статуэтка вагой 1,5 кг, аздобленая дыямэнтам.

Ладжаньне

рэдагаваць

Паводле 3-га артыкула Палажэньня аб Нацыянальным тэлевізійным конкурсе «Тэлевяршыня» 2004 году, заснавальнікамі адкрытага конкурсу былі Міністэрства інфармацыі Беларусі і Белтэлерадыёкампанія, ЗАТ «Другі нацыянальны канал» і ЗАТ «Сталічнае тэлебачаньне». Згодна зь 5-м артыкулам задачамі конкурсу былі: спрыяньне разьвіцьцю айчыннага тэлевяшчаньня, утварэньне паўнавартаснай весткавай прасторы Беларусі, павышэньне прафэсійнага ўзроўню апэратараў, журналістаў і рэжысэраў, занятых у вытворчасьці тэлеперадачаў. У 6-м артыкуле прадугледжвалася, што з прадстаўнікоў заснавальнікаў, якія і фінансавалі конкурс, утваралі арганізацыйны камітэт. Згодна зь 7-м артыкулам Палажэньня міністар інфармацыі Беларусі зацьвярджаў асабовы склад аргкамітэту сваім загадам. Паводле 8-га артыкула, аргкамітэт: 1) утвараў журы і працоўны орган для ладжаньня конкурсу, 2) вызначаў парадак ладжаньня і весткавай падтрымкі, спонсарскага ўдзелу і асьвятленьня конкурсу ў сродках масавай інфармацыі; 3) зацьвярджаў лік і найменьні намінацыяў; 4) складаў каштарыс выдаткаў конкурсу для падачы на ўхвалу заснавальнікамі[1].

Паводле Інструкцыі аб парадку правядзеньня Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу «Телевяршыня» 2022 году, конкурс сталі праводзіць прынамсі аднойчы на 2 гады[2].

Паводле Інструкцыі аб парадку правядзеньня конкурсу «Телевяршыня» 2022 году, журы ацэньвала пададзеныя тэлеперадачы, вызначала пераможцаў і брало ўдзел ва ўзнагароджаньні. Журы складалася са старшыні і ягонага намесьніка, сакратара і іншых сябраў. Паседжаньні журы лічыліся правамоцнымі пры ўдзеле 2/3 сябраў. Тэлеперадачы ацэньвалі паводле 10-бальнай сыстэмы на адпаведнасьць намінацыі і поўнасьць раскрыцьця прадмету, якаснасьць візуалізацыі і адпаведнасьць задачам. Пры аналітычным і інфармацыйным жанры пад увагу бралі інфарматыўнасьць і празрыстасьць, арыгінальнасьць і дакладнасьць. Пры іншым жанры ўлічвалі вобразнасьць, арыгінальнасьць і згоднасьць з прадметам. Рашэньні прымалі адкрытым галасаваньнем больш як паловай галасоў ад прысутных на паседжаньні сябраў. Таксама журы мела права вызначаць да 5 адмысловых узнагародаў. Пераможцаў вызначалі за 15 дзён да ўзнагароджаньня[2].

Умовы ўдзелу

рэдагаваць

Паводле 11-га артыкула Палажэньня аб Нацыянальным тэлевізійным конкурсе «Тэлевяршыня» 2004 году, да ўдзелу ў конкурсе дапускалі айчынныя тэлеперадачы мясцовых і агульнакраёвых вытворцаў тэлевяшчаньня Беларусі. Згодна з 12-м артыкулам Палажэньня, да 20 студзеня прымалі тэлеперадачы, якія выйшлі ў этэр за папярэдні год. У 3-м артыкуле прадугледжвалася, што кожную конкурсную праграму маглі прадставіць толькі ў адной намінацыі. Пры гэтым, удзельнікі маглі вылучаць перадачы ў кожную намінацыю без абмежаваньняў. Паводле 14-га артыкула, перадачы на замежных мовах мелі падаваць з субтытрамі або сынхронным перакладам на беларускую або расейскую мову. Згодна зь 15-м артыкулам падставай для ўдзелу была заяўка на адрас Міністэрства інфармацыі Беларусі (Менск, прасп. Пераможцаў, д. 11) зь пячаткай установы-заяўніцы, подпісам яе кіраўніка і запоўненай анкетай, выгляд якіх зацьвярджаў аргкамітэт. У 16-м артыкуле згадавалася, што відэаматэрыялы падавалі на лічбавай відэакружэлцы ў выглядзе файлу mpeg4. Паводле 17-га артыкула, да 20 лютага журы вызначала канчатковы пералік перадачаў для ўдзелу ў конкурсе. Гэты пералік абнародавалі на сваіх сайтах Міністэрства інфармацыі Беларусі і 3 тэлекампаніі-заснавальніцы конкурсу, а таксама рэспубліканскія сродкі масавай інфармацыі. Згодна з 22 артыкулам журы вызначала пераможцаў у кожнай намінацыі да 1 сакавіка. У 23-м артыкуле прадугледжвалася, што пераможцаў у кожнай намінацыі ўзнагароджвалі дыплёмамі і прэміямі[1].

Паводле Інструкцыі аб парадку правядзеньня конкурсу «Телевяршыня» 2022 году, сталі прымаць тэлеперадачы, якія выйшлі ў этэр цягам папярэдніх 2-х гадоў. Іх варта было падаць за 20 дзён да дня правядзеньня конкурсу[2].

Намінацыі

рэдагаваць

Паводле 21-га артыкула Палажэньня аб Нацыянальным тэлевізійным конкурсе «Тэлевяршыня» 2004 году, узнагароды прысуджалі тэлепраектам у 12 намінацыях, у тым ліку галоўную ўзнагароду «Тэлевізійны праект году», а таксама тэлепостацям у 8 намінацыях. Іншымі 11-ю намінацыямі тэлепраектаў былі: «Найлепшая інфармацыйная праграма», «Найлепшая грамадзка-палітычнная праграма», «Найлепшая культурна-асьветная праграма», «Найлепшая музычна-забаўляльная праграма», «Найлепшая праграма для дзяцей і юнацтва», «Найлепшая спартовая праграма», «Найлепшая тэлевізійныя дакумэнтальны фільм», «Найлепшая сацыяльная рэкляма», «Найлепшы тэлевізійны дызайн», «Найлепшая навіновая праграма рэгіянальнага тэлебачаньня» і «Найлепшы рэгіянальны праект году». Тэлепостацяў узнагароджвалі ў намінацыях: «Найлепшы вядоўца інфармацыйнай праграмы», «Найлепшы вядоўца грамадзка-палітычнай праграмы», «Найлепшы вядоўца музычна-забаўляльнай праграмы», «Найлепшы вядоўца спартовай праграмы (камэнтатар)», «Найлепшы вядоўца рэгіянальнага тэлебачаньня», «Найлепшы рэпартэр», «Найлепшы рэжысэр» і «Найлепшы апэратар»[1].

У 2008 годзе пачалі ўручаць «Прыз глядацкіх сымпатыяў», які ўпершыню атрымала вядоўца Першага музычнага каналу Люся Лушчык[3]. У 2010 годзе ўвялі намінацыю «Найлепшы тэлевізійны прадусар»[4]. У 2012 годзе дадалі намінацыю «Найлепшы сцэнарыст», вынікі якой дагэтуль падводзілі ў 1-м конкурсе. У выніку стала 22 намінацыі[5]. У 2013 годзе лік намінацыяў вырас да 24-х[6]. У 2014 годзе на 10-й «Тэлевяршыні» новай 25-й намінацыяй стала «Найлепшая тэматычная праграма рэгіянальнага тэлебачаньня»[7]. У 2022 годзе лік намінацыяў скарацілі да 22-х. Пры гэтым, увялі 3 новыя намінацыі: «Аўтарскі блог», «Праграма-інтэрвію» і «Адзіны фронт»[8].

Статуэтка

рэдагаваць

Пераможцаў конкурсу «Тэлевяршыня» ў кожнай намінацыі ўзнагароджвалі бронзавай статуэткай вагой 1,5 кг і вышынёй 39 см, якая аздаблялася штучным дыямэнтам. За 10 гадоў конкурсу ўладальнікамі такіх статуэтак сталі звыш 200 апэратараў, прадусараў і рэжысэраў, сцэнарыстаў і тэлевядоўцаў[9].

Мінуўшчына

рэдагаваць

28 траўня 2004 году Міністэрства інфармацыі Беларусі ўхваліла Пастанову № 14 «Аб зацьверджаньні Палажэньня аб Нацыянальным тэлевізійным конкурсе «Тэлевяршыня». Палажэньне распрацавалі дзеля весткавага суправаджэньня тэлевяшчаньня і ўтварэньня станоўчага вобразу тэлепраектаў у Беларусі і за мяжой[1]. У 2005 годзе на 1-м конкурсе «Тэлевяршыня» ўзнагародзілі полацкую тэлекампанію «Скіф» (Віцебская вобласьць), дзе па 2 апэратары і журналісты выпускалі навіны[10]. Старшыня «Агульнанацыянальнага тэлебачаньня» Рыгор Кісель атрымаў прэмію за шматсэрыйны фільм «Найноўшая гісторыя», які зьнялі пры падрыхтоўцы да рэфэрэндуму 2004 году[11]. Галоўным аўтарам фільму быў Юры Казіятка[12]. Найлепшым тэлевядоўцам журы вызначыла Аляксандра Аверкава, які працаваў на «АНТ»[13]. Сярод іншага, ад мясцовых тэлекампаніяў на конкурс паступіла 84 заяўкі[14].

24 сакавіка 2008 году ў менскім Палацы Рэспублікі прайшло ўзнагароджаньне пераможцаў 4-га конкурсу «Тэлевяршыня». Вядоўцамі былі Сяргей Кухто і Ягор Хрусталёў. Галоўную ўзнагароду атрамаў тэлемюзыкл «Паўлінка-Ню», які паказала «АНТ». Найбольш іншых узнагародаў атрымала Белтэлерадыёкампанія, як і ў 2007 годзе. Таксама «АНТ» узнагародзілі за найлепшы дакумэнтальны фільм «Савецкі Саюз. Старонкі гісторыі». Новаўвядзеньнем сталі ўзнагароды глядацкіх сымпатыяў. Журы абрала найлепшым вядоўцам забаўляльнай праграмы Вадзіма Галыгіна зь «Дзьвюх зорак», а вядоўца Першага музычнага каналу Люся Лушчык узначаліла глядацкі рэйтынг ад чытачоў газэты «Антэна». Старшыня журы Аляксандар Яфрэмаў атрымаў статуэтку за найлепшую культурна-асьветную праграму «Культурнае жыцьцё» на «Сталічным тэлебачаньні» і падзяліў перамогу ў намінацыі з экалягічнай праграмай «Раўнавага» на Першым нацыянальным канале[3]. Сярод іншага, на конкурсе была 191 заяўка на ўдзел[15].

29 сакавіка 2009 году ў камэрнай залі Беларускай філярмоніі прайшло ўручэньне ўзнагародаў 5-й «Тэлевяршыні». На конкурс прыйшло 253 заяўкі, зь якіх пасьля папярэдняга адбору 93 праграмы паказалі 11 сябрам журы. Ад мясцовых тэлекампаніяў паступіла 140 (55 %) заявак. Прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі атрымалі 7 статуэтак «Тэлевяршынi», у тым ліку галоўную ўзнагароду за беларускамоўны дакумэнтальны цыкль «Зямля беларуская», які Агенцтва тэленавінаў здымала пра ўсе раёны Беларусі. «Агульнанацыянальнае тэлебачаньне» таксама займела 7 статуэтак, а «Сталічнае тэлебачаньне» — 4. Па адной узнагародзе здабылі тэлеканалы Воршы (Віцебская вобласьць), Гомля і Ліды (Гарадзенская вобласьць). Тэлерадыёкампанія «Берасьце» атрымала ўзнагароду за найлепшую культурна-асьветніцкую праграму «Страсьць і ўлада», якую паказалі на тэлеканале «Лад». Найлепшым спартовым камэнтатарам назвалі Арташэса Антаняна зь Берасьця, які перайшоў працаваць на «АНТ». У якасьці найлепшай музычна-забаўляльнай праграмы адзначылі «Сярэбраны грамафон», а найлепшай рэпартэркі — Кацярыну Забеньку, якая вяла перадачу «Ля параднага пад’езда» на «СТБ». Прыз глядацкіх сымпатыяў з 62,9 % галасоў атрымаў Дзяніс Кур’ян у якасьці найлепшага тэлевядоўцы. Адмысловыя ўзнагароды атрымалі загаднікі 2-х катэдраў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў: «За ўклад у разьвiцьцё айчыннага тэлебачаньня» — Уладзімер Забела, які ўзначальваў катэдру рэжысуры кіно і тэлебачаньня, і ганаровую грамату Белтэлерадыёкампаніі — Анастасія Суханава, якая ачольвала катэдру кінатэлеапэратарства[14]. Сярод іншага, статуэтку ў якасьці вядоўцы перадачы «Ход у адказ» атрымаў намесьнік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандар Мартыненка, які быў таксама аўтарам праекту «Зямля беларуская»[15]. Аўтарам саміх сэрыяў «Зямля беларуская» быў Яўген Пуставы, а рэжысэркай — Юлія Ганчар[16]. Урэшце, навуковы супрацоўнік Бярэзінскага запаведніка Ігар Бышнёў атрымаў прызнаньне ў якасьці найлепшага апэратара за праграму «Мільён пытаньняў аб прыродзе», якая 4-ы год выходзіла на тэлеканале «Мір»[17]. Таксама статуэтку атрымаў вядоўца перадачы «Выбар» Сяргей Дарафееў, які ўзначальваў Дырэкцыю ранішняга вяшчаньня «АНТ»[18]. У намінацыі «Найлепшы дакумэнтальны фільм» перамог фільм «К-19. Час герояў», рэжысэркай якога была Людміла Клінцова[19].

У 2010 годзе на «Тэлевяршыні» ўзнагародзілі рэжысэра Ільлю Баранава[20]. Пры гэтым, журы 6-й «Тэлевяршыні» было ўпершыню міжнародным[21]. Сярод іншага, увялі намінацыю «Найлепшы тэлевізійны прадусар»[4]. Найлепшай рэпартэркай стала Натальля Копацева зь перадачы «5×5», якая перайшла ў Агенцтва тэленавінаў на Беларускім тэлебачаньні[22].

У 2011 годзе на ўдзел у 7-й «Тэлевяршыні» падалі 228 заявак ад 47 тэлекампаніяў, зь якіх адбор прайшлі 84. 17 траўня ўручэньне ўзнагародаў правялі ў Вялікай залі Палацу Рэспублікі[4] па 21-й намінацыі. 13 траўня з 6-й да 9-й гадзіны ладзілі галасаваньне за тэлевядоўцу ў намінацыі «Прыз глядацкіх сымпатыяў» падчас праграмы «Нашая раніца» на «АНТ». Агульнакраёвыя тэлеканалы вылучылі па 2 чалавекі. Ад «АНТ» ішлі Аляксандар Аверкаў і Георгі Калдун, ад Белтэлерадыёкампаніі — Аліна Краўцова (Першы канал) і Аляксандра Сьнегіна («Лад»), ад «СТБ» — Юры Жыгамонт і Ірына Ханунік-Рамбальская, ад «Міру» — Мікалай Іваноў і Ганна Мацьвеева[23]. Пераможцам у якасьці найлепшага тэлепрадусара стаў Уладзімер Бокун, які быў аўтарам амаль 110 выпускаў дакумэнтальнага цыклю «Адваротны адлік», які паказвалі на «АНТ» і тэлеканале «Беларусь ТБ»[24]. Галоўную ўзнагароду атрымалі 2 перадачы, як і ў папярэдні раз: «Дзіцячае Эўрабачаньне — 2011» і грамадзка-культурніцкая акцыя «Беларусь — гэта мы». Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына назвала найлепшую інфармацыйную праграму, якой абралі «Нашыя навіны» на «АНТ». Найлепшым спартовым камэнтатарам стаў Павал Баранаў, які камэнтаваў Кубак ЗЭФА[25]. Урэшце, Дзяніс Сухавараў атрымаў узагароду за журналісцкае расьсьледаваньне[26], а фільм «Эпоха. Знакаміты-невядомы. Іван Хруцкі» праекту «Спадчына Беларусі» ўганаравалі дыплёмам[27].

У 2012 годзе дадалі намінацыю «Найлепшы сцэнарыст», вынікі якой дагэтуль падводзілі ў 1-м конкурсе. У выніку стала 22 намінацыі[5]. Статуэтку ў намінацыі «Найлепшы рэпартэр» атрымала Вольга Макей, якая ў 2011 годзе зьняла рэпартаж за дзень да іншых пра прыбыцьцё ў Адэскі порт (Украіна) 1-га танкера з вэнэсуэльскай нафтай для Беларусі[28]. Дыплёмам «Тэлевяршыні» 2-і год запар адзначылі дакумэнтальны фільм шматсэрыйнай «Спадчыны Беларусі», якая да 2020 году стала налічваць 31 фільм пра даўніх постацяў Беларусі ад Эўфрасіньні Полацкай да Адама Міцкевіча[29]. Найлепшым рэпартэрам стаў Зьміцер Лукша, які быў карэспандэнтам перадачы «Зона Х» вытворчасьці Агенцтва тэленавінаў Белтэлерадыёкампаніі[30].

У 2013 годзе на 9-ю «Тэлевяршыню» падалі звыш 200 заявак у 24-х намінацыях. На разгляд журы прапанавалі 72 заяўкі. 19 красавіка ў Палацы Рэспублікі прайшло ўзнагароджаньне, якое пазьней паказалі на «Сталічным тэлебачаньні»[6]. Галоўную ўзнагароду атрымаў сэрыял «Лёс гігантаў» пра такія ўсходнеэўрапейскія заводы з брэндамі, як «БелАЗ» (Жодзін), «Беларуськалій» (Салігорск), «Масквіч» (Расея), «Ікарус» (Вугоршчына), «РАФ» (Латвія). Сэрыял паказалі на тэлеканале «Беларусь 1». Найлепшымі інфармацыйнымі праграмамі абвясьцілі «Нашыя навіны» на «АНТ» і «24 гадзіны» на «Сталічным тэлебачаньні». Найлепшай інфармацыйна-аналітычнай перадачай назвалі «Сферу інтарэсаў» ад Белтэлерадыёкампаніі, публіцыстычнай — «Гонар нацыі» на «АНТ», а забаўляльнай — «Сьпеўныя гарады» на «СТБ»[31]. Рэжысэр Уладзімер Аляксандравіч Арлоў атрымаў статуэтку за фільм-дылёгію «Лёс рэзыдэнта», які складаўся зь 2-х частак «Апэрацыя “Галівуд”» і «Апэрацыя “Эўропа”»[32]. Тэлерадыёкампанія «Магілёў» атрымала ўзнагароду ў намінацыі «Найлепшы рэгіянальны праект году» за моладзевую гутарковую перадачу «Перазагрузка»[33]. У якасьці найлепшай тэматычнай перадачы назвалі цыкль «Тэра інкогніта» пра маляўнічыя мясьціны Беларусі, які здымала Ксенія Луцкіна. Таксама «Тэру інкогніту» адзначылі за найлепшы дызайн[34].

У 2014 годзе адбыўся 10-ы конкурс «Тэлевяршыня». Да 1 сакавіка Міністэрства інфармацыі Беларусі прымала працы, якія выйшлі ў этэр цягам папярэднага году на мясцовых, сталічных і агульнакраёвых тэлеканалах. У склад журы ўваходзілі вядомыя акторы і журналісты, рэжысэры і сцэнарысты, якія абіралі па 3 фіналісты ў кожнай з 25 намінацыяў. Галоўную ўзнагароду ўручалі ў намінацыі «Тэлевізійны праект году». Мясцоваму тэлебачаньню прызначаліся ўзнагароды ў 4-х намінацыях. Яшчэ 11 намінацыяў былі асабістымі — найлепшы вядоўца паводле жанру, прадусар і рэжысэр[35]. Новай намінацыяй стала «Найлепшая тэматычная праграма рэгіянальнага тэлебачаньня». Уручэньне ўзнагародаў, якое правялі 17 красавіка ў Палацы Рэспублікі, паказалі 19 красавіка на «АНТ»[7]. На конкурс падалі 238 заявак, зь якіх адабралі 76[36]. Галоўную ўзнагароду падзялілі фінал «Міс Супранэшнл» на «АНТ» і «Сьпеўныя гарады» на «СТБ». Найлепшай публіцыстычнай праграмай прызналі гутарковую перадачу «Пазыцыя» на «АНТ», найлепшымі тэматычнымі — «Арсэнал» тэлекампаніі «ВаенТБ» Міністэрства абароны Беларусі і «Вяртаньне ў Хатынь» міжнароднай тэлерадыёкампаніі «Мір». Белтэлерадыёкампанія атрымала 3 статуэткі за найлепшую штотыднёвую інфармацыйна-аналітычную праграму ў выглядзе гутарковай перадачы «Форум», найлепшую штодзённую інфармацыйную перадачу «Панарама» і асьветніцкую — «Нацыянальная трылёгія», якую вёў Міхаіл Равуцкі (Агенцтва тэленавінаў). Сярод забаўляльных праграмаў перамагла «Акадэмія талентаў» на «АНТ», а сярод перадачаў для дзяцей і юнацтва — «Заўтра — гэта мы» Белтэлерадыёкампаніі[37]. Найлепшымі вядоўцамі 5 відаў перадачаў сталі: публіцыстычнай — Вадзім Гігін («Пазіцыя» на «АНТ»); штодзённай інфармацыйнай — Вікторыя Сянкевіч («Панарама» на «Беларусь 1»); тэматычнай — Кацярына Забенька («Цэнтральны рэгіён» на «АНТ»); інфармацыйна-аналітычнай — Яўген Горын («Тыдзень» на «СТБ»); забаўляльнай — Антон Мартыненка («На тым жа месцы ў той жа час» на «СТБ»). Найлепшым рэпартэрам назвалі Тэнгіза Думбадзэ зь перадачы «Подых плянэты» на «АНТ»[38]. Адмысловыя ўзнагароды журы атрымалі: «АНТ» — за грамадзкую перадачу «У вас будзе дзіця», празь якую ў сем'і разьмеркавалі 45 выхаванцаў дзіцячых прытулкаў; Белтэлерадыёкампанія — за стварэньне спартовага тэлеканала «Беларусь 5»; Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі — за ўклад ў разьвіцьцё айчыннага тэлебачаньня. Найлепшай вядоўцай рэгінальнага тэлебачаньня стала Вераніка Тарасюк, якая вяла рубрыку «Ваколіца» для тэлерадыёкампаніі «Берасьце». Найлепшым праектам рэгіянальнага тэлебачаньня назвалі дакумэнтальны фільм «Верасень 1943-га. Недзіцячы дзёньнік» ад ТРК «Магілёў». Яго рэжысэр Андрэй Пачалаў перамог у намінацыі «Найлепшы рэжысэр». Таксама «ВаенТБ», якому спаўнялася 20 гадоў, атрымала 2-ю ўзнагароду за найлепшую сацыяльную рэкляму для заклічнай кампаніі ва Ўзброеныя сілы Беларусі. Агулам «АНТ» займела 9 узнагародаў, Белтэлерадыёкампанія — 7, а «Сталічнае тэлебачаньне» — 5[9].

6 сакавіка 2015 году арганізацыйны камітэт 11-га конкурсу «Тэлевяршыня» вырашыў уручыць адмысловую ўзнагароду за тэлепраект пра перамогу ў Нямецка-савецкай вайне[39]. Каардынатарам узнагароджаньня стаў прадусарскі цэнтар Белтэлерадыёкампаніі ў асобе галоўнага прадусара Кірыла Казакова і рэжысэркі Тацьцяны Шыршовай. Узнагароджаньне правялі ў менскім Палацы спорту, дзе некалькі параў вядоўцаў прамаўлялі па-беларуску і па-расейску. 22 траўня ўзнагароджаньне паказалі на тэлеканале «Беларусь 1» і спадарожнікавым тэлеканале «Беларусь 24»[40]. Белтэлерадыёкампанія атрымала галоўную ўзнагароду за асьвятленьне першынства сьвету па хакеі 2014 году, які праходзіў у Менску. Галоўную ўзнагароду ўручалі народны артыст Аляксандар Яфрэмаў, які ўзначальваў журы, і 1-ы намесьнік старшыні Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі Максім Рыжанкоў. Найлепшай грамадзка-палітычнай праграмай прызналі гутарковую перадачу «Справа прынцыпу» на «АНТ», а тэматычнай — «Пра Беларусь з акцэнтам» на тэлеканале «Мір». Белтэлерадыёкампанія атрымала яшчэ 3 статуэткі: за найлепшую штотыднёвую інфармацыйна-аналітычную перадачу, якой абралі гутарковую перадачу «Галоўны этэр», за найлепшую штодзённую інфармацыйную перадачу — «Панарама», за найлепшую перадачу для дзяцей і юнацтва — «Дабраранак». ААТ «Менскія тэлевізійныя інфармацыйныя сеткі» ўзнагародзілі за забаўляльную перадачу «Плэй-оф шоў». Зьмітра Бачкова ўганаравалі ў якасьці найлепшага вядоўцу грамадзка-палітычнай перадачы «Форум» на «Беларусь 1», а Марыну Грыцук — у якасьці найлепшай вядоўцы тэматычнай перадачы «Бацькоў у школу» на «АНТ». Паліну Шубу назвалі найлепшай вядоўцай штодзённай перадачы «Панарама» на «Беларусь 1», а Ігара Пазьняка — найлепшым вядоўцам інфармацыйна-аналітычнай перадачы «Тыдзень» на «СТБ». Люцыя Лушчык і Андрэй Бонд сталі найлепшымі вядоўцамі забаўляльнай перадачы «Вечаровы Менск» на «АНТ». Найлепшай рэпартэркай назвалі Ганну Пыж зь перадачы «Контуры» на «АНТ». Найлепшым дакумэнтальным фільмам прызналі «Выпрабаваньне. Кроў вэрмахта», які здымала «Ваен ТБ» для Белтэлерадыёкампаніі. Апэратарскую групу гэтага фільму таксама назвалі найлепшымі. Найлепшым сцэнарыстам стаў стваральнік праекту «Шай-бу» на «СТБ», а найлепшым рэжысэрам — Уладзімер Бокун, які стварыў праект «Спэцпасяленцы. Сялянская трагедыя». Найлепшым вядоўцам рэгіянальнага тэлебачаньня стаў Мікалай Пракаповіч, які вёў перадачу «Край» для ТРК «Берасьце», а найлепшым праектам рэгіянальнага тэлебачаньня — «Ад сэрца да сэрца» вытворчасьці «Лідзкага тэлерадыёаб'яднаньня» (Гарадзенская вобласьць). Найлепшай інфармацыйнай праграмай на рэгіянальным тэлебачаньні назвалі «Днямі» ад ТРК «Магілёў», а тэматычнай — «У горадзе Бабруйску» таксама ад ТРК «Магілёў». Міністар адукацыі Беларусі Міхаіл Жураўкоў уручыў адмысловыя ўзнагароды студэнтам Інстытуту журналістыкі БДУ і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў за працу ў тэлежурналістыцы. Таксама адмысловую ўзнагароду атрымала «ВаенТБ» за «Хвіліну маўчаньня» на каналах Белтэлерадыёкампаніі, прысьвечаную 70-годзьдзю перамогі ў Нямецка-савецкай вайне[41]. Найлепшай культурна-асьветніцкай праграмай прызналі цыкль Алега Лукашэвіча «Мастакі Парыскай школы. Ураджэнцы Беларусі», у прыватнасьці фільм «Хаім Суцін. Прага колеру»[42].

20 траўня 2016 году 12-ю «Тэлевяршыню» ладзіла «Сталічнае тэлебачаньне». Пры гэтым, папярэдне на сайце «СТБ» аднавілі галасаваньне за найлепшага вядоўцу на «Прыз глядацкіх сымпатыяў», які ўручалі ў 2005—2010 гадох[43]. Галасаваньне за 22-х прадстаўнікоў тэлеканалаў Беларусі доўжылася з 14 па 19 траўня. Па яго выніках найлепшым вядоўцам назвалі ляльку-мядзьведзяня Топу зь перадачы «Калыханка» на тэлеканале «Беларусь 3». Гэтую ляльку, якую 25 гадоў агучваў актор Уладзімер Варанкоў, выкарыстоўвалі звыш 30 гадоў[44]. Агулам на 13-ы конкурс «Тэлевяршыня» падалі 260 заявак у 25 намінацыях[45]. 21 траўня ўзнагароджаньне ў Палацы Рэспублікі працягласьцю 1,5 гадзіны паказалі на «Сталічным тэлебачаньні». Урачыстасьць вялі Вікторыя Сянкевіч і Алег Ціткоў ад Белтэлерадыёкампаніі, Іван Падрэз і Марына Грыцук ад «АНТ», а таксама Ірына Рамбальская і Антон Мартыненка ад «СТБ»[46]. Галоўную ўзнагароду прысудзілі за сэрыял «Беларусь XXI», які паказвалі ў нядзельных выпусках навінаў пра 21 год кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. Найлепшымі вядоўцамі інфармацыйна-аналітычнай перадачы «Галоўны этэр» сталі Зьміцер Бачкоў і Алена Насачова, грамадзка-палітычнай — Тэнгіз Думбадзэ, штодзённай інфармацыйнай — Алена Міхайлоўская, забаўляльнай — Іван Падрэз, а тэматычнай — Ірына Ханунік-Рамбальская[47]. Сярод іншага, статуэткай адзначылі 4-сэрыйны дакумэнтальны фільм Ксеніі Луцкіной «Зямля страчаная. Зямля здабытая» да 30-годзьдзя Чарнобыльскай катастрофы[34].

12 траўня 2017 году 13-ю «Тэлевяршыню» ў Палацы Рэспублікі паказала «АНТ». На конкурс падалі 286 заявак ад 101-го тэлевяшчальніка[48]. Галоўнай узнагародай уганаравалі мюзыкл «Купальская казка» на «АНТ». Найлепшай грамадзка-палітычнай перадачай назвалі «Аб палітыцы», якую вялі Вольга Макей і Лаўроў на «Беларусь 1», а найлепшым вядоўцам адпаведнай перадачы стаў Ягор Хрусталёў, які вёў «Што адбываецца» на «СТБ». Найлепшай тэматычнай перадачай стаў «Мой бізнэс» на «АНТ», а найлепшай вядоўцай адпаведнай перадачы — Сьвятлана Панкратава, якая вяла «Навіны надвор'я» для Белтэлерадыёкампаніі. Пераможцам сярод штотыднёвых інфармацыйна-аналітычных перадачаў сталі «Контуры» на «АНТ», а найлепшым вядоўцам адпаведнай перадачы — Сяргей Гусачэнка з «Галоўнага этэру» на «Беларусь 1». Найлепшым дакумэнтальным фільмам стаў «Чарнобыль. 30 гадоў праз» на «АНТ», найлепшым рэпартэрам — Ігар Тур з «Контураў» на «АНТ», а найлепшай вядоўцай штодзённай інфармацыйнай перадачы — Юлія Пярцова з «Навінаў» на «Беларусь 1». Найлепшымі вядоўцамі забаўляльнай перадачы назвалі Антона Мартыненку і Аляксандра Каштанава, якія вялі перадачу «Раніца. Студыя добрага настрою» на «СТБ». Найлепшай штодзённай інфармацыйнай перадачай назвалі «Нашыя навіны» на «АНТ», а найлепшай перадачай для дзяцей і юнацтва — навуковы паказ прафэсара «Акрывачкіна» Белтэлерадыёкампаніі. Сярод культурна-асьветніцкіх перадачаў перамаглі «Такія дзіўныя» прадстаўніцтва тэлеканала «Мір» у Беларусі. Пераможцам сярод сацыяльнай рэклямы сталі «Мы — адзіныя» вытворчасьці «ВаенТБ», а сярод забаўляльных перадачаў — «Дзьве зоркі» на «СТБ». Найлепшай тэлепрадусарскай групай назвалі 6 прадстаўнікоў Белтэлерадыёкампаніі, якія адказвалі за «Панараму пад адкрытым небам»: Івана Эйсманта і Сяргея Гусачэнку, Вікторыю Сянкевіч і Зьмітра Бачкова, Юлію Пярцову і Юрыя Пракопава. Ільля Баранаў стаў найлепшым рэжысэрам за канцэрт для пасланьнікаў 5-га Ўсебеларускага народнага сходу. Найлепшай вядоўцай рэгіянальнага тэлебачаньня назвалі Натальлю Пунько, якая вяла перадачу «Закон і права» на Салігорскім тэлеканале. Найлепшымі праектамі рэгіянальнага тэлебачаньня прызналі тэлемаратон «Сагрэем дзіцячыя сэрцы» ад ТРК «Магілёў» і «Падарожжа бязь межаў» ад Лідзкага тэлебачаньня. Найлепшай інфармацыйнай праграмай рэгіянальнага тэлебачаньня сталі «Навіны на 4» ад ТРК «Горадня», а тэматычнай — «Гісторыі рамонту» ад ТРК «Берасьце». За найлепшы тэлевізійны дызайн адзначылі праект Белтэлерадыёкампаніі «Гумар на вайне, або Сьмех скрозь слёзы», які стварыў Віталь Савенка. Найлепшым апэратарам стаў Дзяніс Сакалоўскі ў перадачы «Эфэкт Калабанава» Белтэлерадыёкампаніі, а найлепшай сцэнарысткай — Ганна Эйсмант за праект «Якаў Шапіра. Адзін за ўсіх» для БТРК. Адмысловую ўзнагароду атрымалі: праект «Мой Багдановіч» тэлеканала «Беларусь 3» — за папулярызацыю беларускай мовы і літаратуры, дацэнтка факультэту экранных мастацтваў БДАМ Галіна Злабенка — за падрыхтоўку кваліфікаваных кадраў для айчыннага тэлебачаньня, перадача «Талент краіны» на «АНТ» — за раскрыцьцё творчых магчымасьцяў дзяцей, перадача «Добрыя навіны» ад «МТІС» — за жыцьцесьцьвярджальную падачу зьвестак пра сталіцу[49].

27 красавіка 2022 году Міністэрства інфармацыі Беларусі ўхваліла Пастанову № 10, якой ухваліла Інструкцыю аб парадку правядзеньня Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу «Тэлевяршыня». Паводле Пастановы, конкурс мелі праводзіць прынамсі аднойчы на 2 гады. Адпаведна на конкурс маглі прымаць тэлеперадачы, якія выйшлі ў этэр цягам 2-х папярэдніх гадоў[50]. 6 траўня 2022 году Міністэрства інфармацыі абвясьціла аб правядзеньні 14-га конкурсу «Тэлевяршыня» пасьля 5-гадовага перапынку. Да 17 траўня прымалі тэлеперадачы Беларусі 2020—2021 гадоў[51]. Сярод 224-х заявак у 22-х намінацыях 107 было ад мясцовых тэлевытворцаў. 27 траўня ўзнагароджаньне правялі ў сталічнай клюбнай арэне «Фэлкан» па праспэкце Пераможцаў, д. 20. 28 траўня ўрачыстасьць паказаў тэлеканал «Беларусь 1»[8]. Сярод новых намінацыяў былі «Аўтарскі блог», «Праграма-інтэрвію» і «Адзіным фронтам»[52]. Найлепшым рэгіянальным тэлепраектам абралі 4-сэрыйны дакумэнтальны фільм «Берасьцейская крэпасьць» вытворчасьці ТРК «Берасьце», які стварылі на замову тэлеканала «Беларусь 3». Найлепшай вядоўцай рэгіянальнага тэлебачаньня назвалі Капіталіну Зінкевіч, а найлепшым журналістам рэгіянальнага тэлебачаньня — Сяргея Пекліна. Найлепшай ранішняй інфармацыйна-забаўляльнай перадачай стала «Нашая раніца», а культурна-асьветніцкай — «Жывая спадчыны». У намінацыі «Музычны забаўляльны праект» перамаглі Вечары з сымфанічным аркестрам «Рэха вайны» на тэлеканале «Беларусь 3». У намінацыі «Спартовы праект» адзначылі перадачу «Алімпійская раніца» на «Беларусь 5». Перадача «Я ведаю» перамагла ў намінацыі «Дзіцячая, юнацкая праграма», а сэрыя расьсьледаваньняў на «АНТ» — у намінацыі «Расьсьледавальніцкая журналістыка». Статуэткай у намінацыі «Ток-шоў» адзначылі перадачу «Клюб рэдактараў» на «Беларусь 1». Найлепшай грамадзка-палітычнай перадачай назвалі «Пастскрыптум». У намінацыі «Выніковая тэлепраграма» перамог «Галоўны этэр», а ў намінацыі «Праграма-інтэрв'ю» адзначылі «Скажынемаўчы» на «Беларусь 1». Найлепшым дакумэнтальна-тэлевізійным праектам абвясьцілі «ЧАЭС 35. Горыч палыну». Сярод інфармацыйных перадачаў перамаглі «Нашыя навіны». За рэжысуру ўзнагародзілі каманду 12-га Нацыянальнага конкурсу прыгажосьці «Міс Беларусь» за паказ на «АНТ». У намінацыі «Вядучы інфармацыйнай праграмы» перамагла Паліна Шуба зь перадачы «Панарама». Найлепшай рэпартэркай назвалі Ксенію Лебедзеву з Агенцтва тэленавінаў БТРК, а найлепшым вядоўцам грамадзка-палітычнай перадачы — Рыгора Азаронка. Ігара Тура ўзнагародзілі за найлепшую аўтарскую тэлепраграму «Прапаганда» на «АНТ», а ў намінацыі «Аўтарскі блог на тэлебачаньні» перамагла Марыя Пятрашка. Галоўную ўзнагароду за «Праект году» атрымаў супэрфінал перадачы «Х-фактар» у наўпроставым этэры[53]. У новай намінацыі «Адзіны фронт» адзначылі рэпартэра Андрэя Аляксандрава і апэратара Івана Баравога ад «АНТ», якія працавалі ў лягеры перасяленцаў на беларуска-польскай мяжы падчас міграцыйнага крызісу на мяжы з Эўразьвязам[54].

Праект году

рэдагаваць
Год Пераможца Тэлекампанія Аўтар
2022 Супэрфінал перадачы «Х-фактар» Белтэлерадыёкампанія Вольга Шлягер
2017 Мюзыкл «Купальская казка» «Агульнанацыянальнае тэлебачаньне»
2016 Сэрыял «Беларусь XXI» Тэлеканал «Беларусь 1»
2015 Асьвятленьне першынства сьвету па хакеі ў Менску Белтэлерадыёкампанія
2014 «Міс Супранэшнл»,
«Сьпеўныя гарады»
«Агульнанацыянальнае тэлебачаньне»,
«Сталічнае тэлебачаньне»
2013 Сэрыял «Лёс гігантаў» Тэлеканал «Беларусь 1»
2012 «Дзіцячае Эўрабачаньне — 2011»,
грамадзка-культурніцкая акцыя «Беларусь — гэта мы»
2011
2010
2009 Дакумэнтальны цыкль «Зямля беларуская» Белтэлерадыёкампанія (Агенцтва тэленавінаў) Аляксандар Мартыненка, Яўген Пуставы, Юлія Ганчар
2008 Тэлемюзыкл «Паўлінка-Ню» «Агульнанацыянальнае тэлебачаньне»
2007
2006
2005 Сэрыял «Найноўшая гісторыя» «Агульнанацыянальнае тэлебачаньне» Рыгор Кісель, Юры Казіятка

31 сакавіка 2009 году журналістка газэты «Зьвязда» Вікторыя Цельшук адзначыла наконт 5-га конкурсу «Тэлевяршыня»: «у нацыянальнай тэлевiзiйнай прэмii iстотна не хапала цi не галоўнай нацыянальнай часткi — мовы. Зь ляўрэатаў па‑беларуску сваю падзяку ня вымавiў нiводны. З тых, хто абвяшчаў пераможцаў, вызначылiся толькi пiсьменьнiк Уладзімер Ліпскі i рэжысэр тэатру беларускай драматургii Валер Анісенка. Што да самiх пераможцаў — толькi адзiн беларускамоўны праект у вынiку ўзяў «Тэлевяршыню». Затое галоўную — Гран‑пры. «Лепшым тэлевiзiйным праектам году» журы назвала праект «Зямля беларуская»[14].

17 траўня 2011 году журналіст газэты «Наша ніва» Алесь Сабаленка заўважыў пра 7-ю «Тэлевяршыню»: «беларускасьці фіналістам бракуе крытычна: толькі спартовы камэнтатар Павал Баранаў, які атрымаў прэмію за камэнтаваньне Кубку УЭФА, зьвяртаўся да гледачоў па-беларуску»[25].

19 красавіка 2014 году журналістка «Зьвязды» Вікторыя Целяшук паўторна падкрэсьліла наконт 10-й «Тэлевяршыні»: «расчараваньнем у цырымоніі стала тое, што ніводзін зь вядучых і сябраў журы ня выступіў па-беларуску. Нават зь ляўрэатаў адзначыліся ў гэтым пляне толькі 2 чалавекі — вядучы АТН Міхась Равуцкі, які атрымаў прыз за найлепшую асьветніцкую праграму («Нацыянальная трылёгія», Белтэлерадыёкампанія), і найлепшая вядучая рэгіянальнага тэлебачаньня Вераніка Тарасюк (рубрыка «Ваколіца», ТРК «Берасьце»)»[9]. 15 траўня 2014 году беларускамоўная тэлевядоўца Вераніка Тарасюк, якую ўганаравалі статуэткай «Тэлевяршыні», згадала: «У пляне эмоцыяў мне прыемна. А зь іншага боку, тэлебачаньне ня можа даваць узнагароду пэрсанальна, хоць намінальна менавіта так адбываецца. Рэальна ацэньваючы сытуацыю, мы разумеем: узнагарода агульная, бо прадукт робіцца цэлай камандай, а не адным чалавекам. Ніхто ня ўбачыць тое, што табе хочацца расказаць, калі ня будзе, напрыклад, апэратара, які здымае, рэжысэра, які мантуе, і многіх іншых людзей, якіх гледачы ня бачаць у кадры»[55].

  1. ^ а б в г Уладзімер Русакевіч. Пастанова Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь ад 28 траўня 2014 году № 14 «Аб зацьверджаньні Палажэньня аб Нацыянальным тэлевізійным конкурсе «Тэлевяршыня» (рас.) // Валеры Леванеўскі, лістапада 2011 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  2. ^ а б в Уладзімер Пярцоў. Пастанова Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь ад 27 красавіка 2022 году № 10 «Аб Нацыянальным тэлевізійным конкурсе «Тэлевяршыня» (рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 14 траўня 2022 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  3. ^ а б Ільля Сьвірын. Дэманстрацыя самаўпэўненасьці // Культура : газэта. — 29 сакавіка 2008. — № 13 (831).
  4. ^ а б в Дар’я Амяльковіч. Фармат «Тэлевяршыні» // Культура. — 16 красавіка 2011. — № 16 (987).
  5. ^ а б На «Тэлевяршыню» — па сцэнары // Культура. — 21 студзеня 2012. — № 3 (1026).
  6. ^ а б Узыходжаньне // Газэта «Беларусь сёньня», 20 красавіка 2013 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  7. ^ а б Вікторыя Целяшук. 25 пікаў «Тэлевяршыні» // Зьвязда. — 12 красавіка 2014. — № 68 (27678). — С. 4.
  8. ^ а б «Беларусь 1» пакажа ўрачыстую цырымонію прэміі «Тэлевяршыня» // БелТА, 27 траўня 2022 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  9. ^ а б в Вікторыя Целяшук. На «Тэлевяршыні» зазірнулі ў будучыню // Зьвязда : газэта. — 19 красавіка 2014. — № 73 (27683). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  10. ^ Аляксандар Уліцёнак. Недзяржаўнае тэлебачаньне ў Беларусі // Беларуская служба Радыё «Свабода», 8 красавіка 2005 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  11. ^ Насьпявае скандал вакол фінансавай дзейнасьці «АНТ» // Беларуская служба Радыё «Свабода», 11 ліпеня 2006 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  12. ^ Ігар Карней. Апанэнтам слова не даваць // Беларуская служба Радыё «Свабода», 12 чэрвеня 2008 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  13. ^ Алесь Дашчынскі. Аверкаў засаромеўся і прыбраў здымак // Беларуская служба Радыё «Свабода», 5 лютага 2013 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  14. ^ а б в Вікторыя Цельшук, газэта «Зьвязда». Ні слова па‑беларуску // Газэта «Наша ніва», 31 сакавіка 2009 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  15. ^ а б Ільля Сьвірын. Дрэс-код для «Тэлевяршыні» // Культура. — 4 красавіка 2009. — № 14 (882).
  16. ^ Энцыкляпэдыя ў ТБ-фармаце // Газэта «Беларусь сёньня», 11 лістапада 2011 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  17. ^ Іван Ждановіч. У далонях запаведнай прыроды // Голас Радзімы : газэта. — 22 кастрычніка 2009. — № 3160. — ISSN 0439-3619.
  18. ^ Дар’я Амяльковіч. «Я хачу быць аб’ектыўным» // Культура. — 29 траўня 2009. — № 22 (942).
  19. ^ Антаніна Карпілава. У пошуках зьніклага часу // Мастацтва : часопіс. — Сакавік 2012. — № 3 (348).
  20. ^ Антон Сідарэнка. У кожнага ёсьць акно // Культура. — 11 сьнежня 2010. — № 50 (970).
  21. ^ Натальля Шчасная. Якасьць. Канкурэнтнасьць. Пазыцыя // Газэта «Беларуская ніва», 29 студзеня 2011 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  22. ^ ІІ. «Мне сорамна» // Тэлеканал «Белсат», 22 чэрвеня 2020 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  23. ^ Юры Чарнякевіч. «Тэлевяршыня» запрашае // Культура. — 14 траўня 2011. — № 20 (991).
  24. ^ Антон Сідарэнка. Страчаная сядзіба ў «Адваротным адліку» // Культура. — 16 ліпеня 2011. — № 29 (1000).
  25. ^ а б Алесь Сабаленка. «Тэлевяршыня»: ніякіх сюрпрызаў // Газэта «Наша ніва», 17 траўня 2011 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  26. ^ «Наша ніва» прайграла суд былому супрацоўніку «АНТ» // Беларуская служба Радыё «Свабода», 10 лютага 2012 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  27. ^ Гісторыя мастацкага праекту «Спадчына Беларусі» // Партал «Спадчына Беларусі», 2017 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  28. ^ Віктар Корбут. У люстэрку сучаснасьці // Газэта «Беларусь сёньня», 12 траўня 2015 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  29. ^ «Спадчына Беларусі» — у Нацыянальным гістарычным музэі // Газэта «Новы час», 17 ліпеня 2020 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  30. ^ «Усё было падрыхтавана, але не паспеў выехаць з Беларусі» // Партал «Наша ніва», 17 траўня 2022 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  31. ^ На «Тэлевяршыню» — па сцэнары // Газэта «Беларусь сёньня», 23 красавіка 2013 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  32. ^ Барыс Крэпак. «Апіева дарога» — праз 15 гадоў // Культура. — 25 траўня 2013. — № 21 (1095).
  33. ^ Творча, дакладна, апэратыўна // Газэта «Беларусь сёньня», 28 лістапада 2013 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  34. ^ а б «Сэрца разрываецца, што не магу абняць сына» // Беларуская служба Радыё «Свабода», 19 лістапада 2021 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  35. ^ Вікторыя Целяшук. Хто ўзыдзе на тэлевізійны алімп // Зьвязда : газэта. — 21 лютага 2014. — № 33 (27643). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  36. ^ Вэртыкальны ўздым // Газэта «Беларусь сёньня», 17 красавіка 2014 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  37. ^ Гран-пры конкурсу «Тэлевяршыня» падзялілі «АНТ» і «СТБ» // Газэта «Зьвязда», 18 красавіка 2014 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  38. ^ Найлепшы вядучы — Вадзім Гігін, найлепшы рэпартэр — Тэнгіз Думбадзэ // Газэта «Наша ніва», 18 красавіка 2014 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  39. ^ Заяўкі на XI Нацыянальны тэлевізійны конкурс «Тэлевяршыня» прымаюцца да 31 сакавіка // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 6 сакавіка 2015 г. Архіўная копія ад 8 сакавіка 2015 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  40. ^ Ніна Мажэйка, тэлеканал «Беларусь 1». Белтэлерадыёкампанія рыхтуецца да «Тэлевяршыні» // Белтэлерадыёкампанія, 20 траўня 2015 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  41. ^ БелТА. Белтэлерадыёкампанія ўдастоена Гран-пры XI Нацыянальнага конкурсу «Тэлевяршыня» за асвятленьне чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску // Газэта «Зьвязда», 22 траўня 2015 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  42. ^ Алена Драпко. Узяць вышыню // Зьвязда. — 23 траўня 2015. — № 96 (27954). — С. 3.
  43. ^ Прыз глядацкіх сымпатый будзе ўручаны лепшаму вядучаму на конкурсе «Тэлевяршыня» // БелТА, 16 траўня 2016 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  44. ^ Ляўры любімца гледачоў атрымала мядзьведзяня Топа з праграмы «Калыханка» // БелТА, 19 траўня 2016 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  45. ^ Ніна Мажэйка, тэлеканал «Беларусь 1». Нацыянальная прэмія «Тэлевяршыня» падводзіць вынікі году // Белтэлерадыёкампанія, 12 траўня 2017 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  46. ^ Алена Драпко. Хто вышэй // Зьвязда. — 20 траўня 2016. — № 94 (28204). — С. 7.
  47. ^ Сярод пераможцаў «Тэлевяршыні» Бачкоў, Думбадзэ і Ханунік-Рамбальская // Газэта «Наша ніва», 20 траўня 2016 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  48. ^ Марына Весялуха. Жыцьцё дыктуе правілы // Зьвязда. — 12 траўня 2017. — № 88 (28452). — С. 3.
  49. ^ Найлепшыя тэлевядучыя краіны — Хрусталёў і дачка Радзькова // Газэта «Наша ніва», 12 траўня 2017 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  50. ^ Як будзе праходзіць «Тэлевяршыня» // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 14 траўня 2022 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  51. ^ Мінінфарм абвяшчае старт прыёму заявак на нацыянальны конкурс «Тэлевяршыня» // Газэта «Зьвязда», 14 траўня 2022 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  52. ^ Сёньня ўвечары ў Менску аб’явяць вынікі і пераможцаў XIV Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу «Тэлевяршыня-2022» // Газэта «Зьвязда», 27 траўня 2022 г. Праверана 7 жніўня 2022 г.
  53. ^ Арына Карповіч. «Тэлевяршыня» зноў уручае ўзнагароды // Зьвязда : газэта. — 31 траўня 2022. — № 104 (29726). — С. 5.
  54. ^ Алена Драпко. Нагода сьвяткаваць разам // Зьвязда. — 24 чэрвеня 2022. — № 122 (29744). — С. 5.
  55. ^ Алена Драпко. «Хачу кар'еру жонкі і маці» // Зьвязда. — 16 траўня 2014. — № 89 (27699). — С. 3.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць