Полацкі Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр
| |
Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр
| |
Краіна | Беларусь |
места | Полацак |
Каардынаты | 55°30′14.79″ пн. ш. 28°46′47.98″ у. д. / 55.5041083° пн. ш. 28.7799944° у. д.Каардынаты: 55°30′14.79″ пн. ш. 28°46′47.98″ у. д. / 55.5041083° пн. ш. 28.7799944° у. д. |
Эпархія | Полацкая япархія[d] |
Архітэктурны стыль | Полацкая школа дойлідзтва[d] |
Дата заснаваньня | 1125 год |
Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
Стан | Дзейны манастыр |
Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр | |
Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр на Вікісховішчы |
Спа́са-Эўфрасі́ньнеўскі манасты́р — помнік архітэктуры XII — пачатку XX стагодзьдзяў у Полацку. Знаходзіцца ў паўночнай частцы места, на правым беразе ракі Палаты, у прадмесьці Спасе пад адрасам вуліца Эўфрасіньні Полацкай, 89. Заснаваны Сьвятой Эўфрасіньняй Полацкай, пры пабудове быў у юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату, цяпер — у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Дзее. Твор архітэктуры мясцовай школы, барока і клясыцызму, а таксама дададзенай уладамі Расейскай імпэрыі расейскай эклектыкі. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Комплекс Полацкага Спаскага жаночага манастыра сфармаваўся да пачатку XX ст. і складаецца з разьмешчаных курданэрам вакол невялікага пляцу цэркваў Сьвятога Спаса (XII ст., у другой палове XIX ст. расейскія ўлады ў рэчышчы палітыкі русіфікацыі зьнявечылі яе мастацкае аблічча купалам-цыбулінай), Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай (1847 год, пераробленая з жылога дома[1]) і Ўзьвіжаньня Сьвятога Крыжа (1893—1897; мураўёўка), а таксама брамы-званіцы (XVI ст., з прыбудаванай у другой палове XIX ст. вежай з купалам-цыбулінай), 2-павярховага манастырскага корпуса (пачатак XVIII ст.), жылых і гаспадарчых будынкаў з садам. У другой палове XIX ст. да брамы прыбудавалі два бакавыя жылыя карпусы, у пачатку XX ст. з заходняга боку брамы паставілі 2-павярховы жылы корпус. Таксама на тэрыторыі манастыра захаваліся рэшткі царквы-пахавальні полацкіх япіскапаў XII стагодзьдзя.
У манастыры захоўваліся Крыж Эўфрасіньні Полацкай, зроблены ў 1161 годзе, і цудоўны абраз Маці Божай Этэскай-Карсунскай. За часамі маскоўскай акупацыі Полацку ў вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў Крыж разам з цудоўным абразом забраў гаспадар Маскоўскай дзяржавы Аляксей Міхайлавіч у выправу на Рыгу ў 1656—1667 гадох. У 1659 годзе Крыж вярнулі ў манастыр, аднак цудоўны абраз вывезьлі ў Маскву[2]. Урэшце, Крыж згубіўся ў Другую Сусьветную вайну, калі ён мог трапіць у расейскія музэйныя сховішчы[3], аднак у 2020—2021 гадох зьявіліся сьведчаньні і аргумэнты за тое, што напраўду Крыж патаемна ад грамадзкасьці захоўвае Расейская праваслаўная царква, у рызьніцы патрыярха маскоўскага Троіца-Сергіевай лаўры[4]. У 1997 годзе ў манастыр перадалі копію Крыжа, вырабленую берасьцейскім мастаком Міколам Кузьмічом.
Гісторыя
рэдагавацьПолацкае княства
рэдагавацьМанастыр заснавала сьвятая князёўна Эўфрасіньня Полацкая, якая ў 1125 годзе пасялілася пры драўлянай Спаскай царкве ў мясцовасьці Сяльцы, дзе была пахавальня полацкіх япіскапаў[5]. З часам тут пастрыглі ў манаства сёстраў Сьвятой Эўфрасіньні: родную Эўдакію (Градзіславу) і стрыечную Эўпраксію (Зьвяніславу) — адзіную дачку полацкага князя Рагвалода-Барыса Ўсяслававіча.
У 1161 годзе намаганьнямі Сьвятой Эўфрасіньні, якая 45 гадоў была ігуменьняй манастыра, тут збудавалі мураваную царкву Сьвятога Спаса — найбольш захаваны помнік Полацкай школы дойлідзтва. Яе будаўніком быў дойлід Іаан. У 1161 годзе на гэтую царкву Сьвятая Эўфрасіньня ахвяравала пазалочаны напрастольны крыж (Крыж Эўфрасіньні Полацкай) з часьцінкамі мошчаў шматлікіх сьвятых і Жыватворчага Крыжа Хрыстова. Крыж вырабіў тутэйшы майстар-ювэлір Лазар Богша.
Па захопе Полацку смаленскім князем Мсьціславам Давыдавічам 17 студзеня 1222 году Крыж перавезьлі ў Смаленск, па захопе якога Маскоўскай дзяржавай у 1514 годзе ён трапіў у Маскву.
Вялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьЗа часамі Інфлянцкай вайны ў 1563 годзе маскоўскі гаспадар Іван IV Тыран узяў Крыж у сваю няўдалую выправу на Вялікае Княства Літоўскае, у выніку чаго рэліквія вярнулася ў Полацак (па вызваленьні места таго ж году). У 1563—1579 гадох у манастыры ўжо не было манахаў. У 1580 годзе кароль і вялікі князь Стэфан Баторы перадаў будынкі манастыра з прыналежнымі вёскамі Полацкаму езуіцкаму калегіюму.
У пачатку XVII ст. тут збудавалі жылы корпус, пазьней — летнюю рэзыдэнцыю генэрала езуіцкага ордэну.
За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667), калі Полацак зноў акупавалі маскоўскія войскі, у 1656 годзе на загад маскоўскага гаспадара Аляксея Міхайлавіча манастырскую Спаскую царкву пераасьвяцілі як прыналежную да Маскоўскай царквы. Па вызваленьні Полацку ў 1667 годзе будынкі манастыра зноў трапілі да езуітаў.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьПа першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі асноўная, правабярэжная частка Полацку апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, будынкі манастыра працягвалі знаходзіцца ў валоданьні езуітаў. Комплекс пацярпеў у вайну 1812 году, але неўзабаве яго аднавілі.
Па скасаваньні ордэна ў 1820 годзе будынкі манастыра перайшлі да іншых гаспадароў, і толькі ў 1832 годзе расейскія ўлады перадалі іх Урадаваму сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царкве). У 1840 годзе манастыр зноў пачаў дзеяць. У 1841 годзе Крыж Эўфрасіньні Полацкай вярнулі ў Спаскую царкву. У 1840-х гадох манастыр прылічылі да першай клясы. Тут разьмясьцілася Спаса-Эўфрасіньнеўская духоўная вучэльня.
У 1847 годзе за ігуменьняй Клаўдзіяй (Шчыпаноўскай) жылы манастырскі дом перабудавалі пад Эўфрасіньнеўскую трапезную царкву. У 1897 годзе за ігуменьняй Яўгеніяй (Гаваровіч), паводле праекту расейскага архітэктара Уладзімера Коршыкава ў псэўдабізантыйскім стылі збудавалі манумэнтальную саборную царкву Ўзьвіжаньня Сьвятога Крыжа.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе манастыр эвакуяваўся ў Растоў-Яраслаўскі.
Найноўшы час
рэдагавацьУ 1928 годзе савецкія ўлады зачынілі манастыр, а Крыж рэквізавалі (сьпярша яго перавезьлі ў Менск, а ў 1929 годзе — у Магілёў, адкуль рэліквія зьнікла ў 1941 годзе з пачаткам нямецка-савецкай вайны).
У вайну на тэрыторыі манастырскага комплексу быў лягер савецкіх ваеннапалонных. 3 1943 году манастыр зноў пачаў дзеяць. На 1945 год у ім было 50 манашак. У 1960 годзе савецкія ўлады зноў зачынілі манастыр (насельніцаў перавялі ў Жыровіцкі манастыр).
У 1990 годзе будынкі манастыра перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату, аднавілася яго дзейнасьць. На сакавік 2022 году ў Спаса-Эўфрасіньнеўскім манастыры знаходзілася 136 манашак[6].
Ігуменьні манастыра (з 1839 году)
рэдагавацьСан | Манаскае імя | Сьвецкае імя | Гады на пасадзе |
---|---|---|---|
Ігуменьня | Іаана | Куляшова | 1839 |
Ігуменьня | Эўфрасіньня | Дзегцярова | 1842 |
Ігуменьня | Клаўдзія | Шчыпаноўская | 1842—1853 |
Ігуменьня | Эўфрасіньня | Сэрбіновіч | 1853—1878 |
Ігуменьня | Яўгенія | Гаваровіч | 1878—1900 |
Ігуменьня | Алімпіяда | 1901—1903 | |
Ігуменьня | Эўфрасіньня | Сладкевіч | 1904—1905 |
Ігуменьня | Іларыёна | Чэрніх | 1905—1910 |
Манахіня | Ангэліна | 1911—1913 | |
Ігуменьня | Алена | Волкава | 1913—1928 (?) |
Ігуменьня | Ананія | 194(?) | |
Ігуменьня | Элефэрыя | Новікава | 194(?)—1959 |
Ігуменьня | Эўфрасіньня | Максімчук | 1991—1995 |
Манахіня | Натальля | Скіндэр | 1995—1997 |
Ігуменьня | Анфіса | Шавардзяева | 1997—2004 |
Манахіня | Эўдокія | Ляўшук | 2004 — дагэтуль |
Галерэя
рэдагавацьГістарычная графіка
рэдагаваць-
1812 г.
-
1812 г.
-
1812 г.
-
Ю. Азямблоўскі, 1849 г.
-
Д. Струкаў, 1864—1867 гг.
-
Д. Струкаў, 1864—1867 гг.
-
Н. Орда, 1875—1876 гг.
-
1888 г.
Гістарычныя здымкі
рэдагаваць-
1880-я гг.
-
1909 г.
-
1910 г.
-
1910 г.
-
1910 г.
-
1910 г.
-
5 чэрвеня 1910 г.
-
1911 г.
-
1911—1912 гг.
-
М. Міронаў, 1912 г.
-
1912 г.
-
1913 г.
-
1914 г.
-
1916 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
1918 г.
-
1918 г.
-
1918 г.
-
1918 г.
-
1918 г.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Памяць: Полацк: Гіст.-дак. хроніка. — Мн.: БелЭн, 2002.
- ^ Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі. — Менск, 2001. С. 167.
- ^ Арлоў У. Ад Полацка пачаўся Свет. — Менск: «Рыфтур», 2005. С. 43.
- ^ «Патрыярх лічыць яго асабістай святыняй і прыязджае да яго маліцца». Дзе знаходзіцца Крыж Ефрасінні Полацкай?, Наша Ніва, 9 чэрвеня 2021 г.
- ^ Ярашэвіч А. Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 454.
- ^ Рэканструкцыю аб'ектаў жаночага манастыра ў Полацку абмеркавалі на нарадзе з Качанавай // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 31 сакавіка 2022 г. Праверана 31 сакавіка 2022 г.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2001. — 328 с.: іл. ISBN 985-11-0190-7.
- Памяць: Полацк: Гіст.-дак. хроніка. — Мн.: БелЭн, 2002. — 912 с.: іл. ISBN 985-11-0233-4.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 212Г000624 |