Палацава-паркавы комплекс Козел-Паклеўскіх (Красны Бераг)
Сядзіба | |
Палацава-паркавы комплекс Козел-Паклеўскіх
| |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Красны Бераг (Жлобінскі раён) |
Каардынаты | 52°57′54.83″ пн. ш. 29°47′3.97″ у. д. / 52.9652306° пн. ш. 29.7844361° у. д.Каардынаты: 52°57′54.83″ пн. ш. 29°47′3.97″ у. д. / 52.9652306° пн. ш. 29.7844361° у. д. |
Архітэктурны стыль | эклектыка |
Аўтар праекту | Віктар Шротэр[d] |
Заснавальнік | Марыя і Вікенці Козел-Паклеўскія |
Будаваньне | 1890—1893 гады |
Будынкі: сядзібны дом • агароджа з брамай • гаспадарчыя пабудовы • парк
| |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасьць Беларусі, шыфр 312Г000324 |
Сайт | zhlobin.museum.by |
Палацава-паркавы комплекс Козел-Паклеўскіх | |
Палацава-паркавы комплекс Козел-Паклеўскіх на Вікісховішчы |
Пала́цава-па́ркавы ко́мплекс Ко́зел-Пакле́ўскіх — помнік архітэктуры ў стылі эклектыкі і садова-паркавага мастацтва канца XIX стагодзьдзя. Сядзібна-паркавы комплекс разьмешчаны на паўночнай ускраіне вёскі Красны Бераг Жлобінскага раёну, на беразе ракі Добасны[1]. Уваходзіць у турыстычны маршрут «Залатое кальцо Гомельшчыны».
Мінуўшчына
рэдагавацьУ 1893 року генэрал-лейтэнант Міхаіл Сямёнавіч Гатоўскі і ягоная жонка шляхцянка Марыя-Юзэфа збудавалі ва ўласным маёнтку Красны Бераг палац. Аўтар праекту — расейскі архітэктар Віктар Шротэр, які скончыў Санкт-Пецярбурскую акадэмію мастацтваў і Бэрлінскую акадэмію мастацтваў. Адначасна побач з палацам паводле праекту варшаўскага садавода Францішка Шаніёра быў разьбіты ангельскі рэгулярны парк.
Па сьмерці Міхала Гатоўскага ў 1904 року маёнтак Красны Бераг перайшоў да Гатоўскіх, а з замужжам Марыі-Юзэфы — да Вікенція Паклеўскага-Козел.
У 1905 року ў часе расейскай рэвалюцыі мясцовыя сяляне спрабавалі абрабаваць панскі маёнтак, але казакі, якія апэратыўна прыбылі з Бабруйскай фартэцыі, спынілі гэтыя спробы.
З прыходам бальшавікоў палац разрабаваны. Пазьней быў прыстасаваны пад сельскагаспадарчыя курсы, што зьберагло яго ад канчатковага разбурэньня. У 1921 року быў праведзены касмэтычны рамонт: адрамантаваны мармуровы камін, печы, вокны, дзьверы, падлога[2].
У часе Другой сусьветнай вайны ў сядзібе дзейнічаў нямецкі шпіталь. Па вайне ў палацы разьмясьціўся сельскагаспадарчы тэхнікум.
У 1996—2015 роках ладзілася рэстаўрацыя[3].
-
Марыя Козел-Паклеўская
-
Вікенці Козел-Паклеўскі
Архітэктар
рэдагавацьУ розных мастацтвазнаўчых крыніцах існуе няўзгодненасьць што да асобы аўтара праекту палаца. Так, Анатоль Кулагін і Васіль Анціпаў у даведніку «Архітэктура Беларусі» называюць толькі прозьвішча Шрэтэр[4], Анатоль Федарук у выданьні «Садово-парковое искусство Белоруссии» называе архітэктарам К. Шрэтэра[5], той жа Анатоль Кулагін у «Зборы помнікаў гісторыі і культуры» таксама называе К. Шрэтэра[6]. Барыс Лазука ў сваёй «Гісторыі сусьветнага мастацтва» называе архітэктарам Я. К. Шрэтэра[7]. Раман Афтаназы прыводзіць імя Яўгена Шрэтэра(uk)[8] з спасылкай на працу Антонія Ўрбанскага «Memento kresowe(pl)»[9], які пры гэтым у сваім выданьні імя не называе, кажучы «акадэмік Шрэтэр»[10]. Паколькі ў гэтыя ж гады актыўнай творчай дзейнасьцю займаўся яшчэ адзін акадэмік архітэктуры з такім прозьвішчам — Віктар Шрэтэр(ru), то ў сеціве знаходзіцца шмат матэрыялаў, якія называюць аўтарам менавіта яго[11][12][13][14][15].
Пры гэтым вэрсія пра Яўгена Шрэтэра падаецца памылковай прынамсі з тае прычыны, што на момант будаўніцтва палацу яму было 14—17 гадоў, а вэрсія пра Віктара Шрэтэра ўскосна пацьвярджаецца яшчэ і падабенствам будынкаў, створаных паводле ягоных праектаў, на вонкавы выгляд палацу ў Красным Беразе.
Архітэктура
рэдагавацьСядзібны дом
рэдагавацьПалацава-паркавы комплекс Козел-Паклеўскіх уключае сядзібны дом, флігель, гаспадарчыя пабудовы, мураваную агароджу з брамай, парк. Галоўным архітэктурным элемэнтам комплексу і цэнтрам ягонай кампазыцыі зьяўляецца палац, які ўяўляе сабой Г-падобны ў пляне асімэтрычны двухпавярховы мураваны будынак, узьведзены ў стылі гістарызму(uk) з выкарыстаньнем элемэнтаў готыкі, рэнэсансу, ампіру і мадэрну[2].
Фасады палацу і ягоны дах вызначаюцца складанай канфігурацыяй, якая спалучае аб’ёмы асноўнага корпусу з рызалітамі, эркерамі і аб’ёмам бальнай залі. Асабліва вылучаюцца на асноўным фасадзе двух-, трох- і чатырохгранныя руставаныя эркеры з контрфорсамі і шатровымі гранёнымі завяршэньнямі. Галоўны ўваход вырашаны ў выглядзе манумэнтальнай тэрасы на масіўных пілёнах са стрэльчатымі арачнымі праёмамі паміж імі[2].
Вадазьлівы(ru) аформленыя ў выглядзе хімэраў. Гарызантальнае чляненьне на 2 ярусы вызначана прафіляванай цягай з арнамэнтамі і карнізам з сухарыкамі па пэрымэтры будынку. На фасадзе розныя па велічыні аконныя праёмы з плоскаснымі і руставанымі ліштвамі[1].
Маляўнічасьць архітэктурнага сылуэту спалучаецца зь іх калярыстычным рашэньнем, пабудаваным на кантрасьце чырвонай цэглы, белых атынкаваных дэталяў і шэрых ацынкаваных дахаў з каванымі мэталічнымі элемэнтамі. Масіўнасьць будынку падкрэсьлівае буйны руст і каменна-блёчная муроўка[2].
Інтэр’ер
рэдагавацьСядзіба Козел-Паклеўскіх — свайго роду даведнік па гісторыі архітэктурных стыляў у інтэр’еры. Тут выкарыстаныя элемэнты больш як дзесяці стыляў — гатычнага і раманскага, ракако, маньерызму, барока(ru), клясыцызму й іншых. Варта адзначыць, што сядзіба Козел-Паклеўскіх — гэта адзіная беларуская сядзіба, у афармленьні якой выкарыстоўваўся рэдкі арабскі стыль — альгамбра.
Арганізацыя ўнутранай прасторы палаца спалучае анфілядную і калідорную пляніроўку. У афармленьні інтэр’ераў парадных памяшканьняў выкарыстаныя каміны, разная сталярка, багатая ляпніна на столі і сьценах, драўляныя і мэталічныя дэкаратыўныя элемэнты розных стыляў[2]. Сярод пакояў палаца вылучаюцца яго раманская, гатычная, рэнэсансная, кітайская, ракайльная і арабская залі. Апошняя была абсталявана арыгінальнай экзатычнай мэбляй, інкруставанай пэрлямутрам і слановай косткаю з Дамаску, а таксама пэрсідзкімі дыванамі(ru). Бальная заля была вырашаная ў стылі Людовіка XVI. Будуар меў насьценныя люстры ў разных рамах, мастацкае афармленьне салёнаў выканана Аляксандрам Бараўскім[3].
Акрамя стылёвай мэблі палацавыя інтэр’еры значна ўзбагачалі вырабы з бронзы (фірма Лапенскіх), вэнэцыянскі крышталь, ангельскі фаянс, француская парцаляна і найбагацейшая галерэя партрэтаў, сярод якой карціны Сьцяпана Бакаловіча(ru), Генрыха Сямірадзкага(ru), копіі Караваджа, Івана Айвазоўскага, Гаўрылы Кандраценкі(ru), Ёгана Лямпі(ru)[3].
Гаспадарчыя пабудовы
рэдагавацьКомплекс гаспадарчых пабудоваў прадстаўлены вынесенымі за межы рэпрэзэнтатыўнай часткі сядзібы будынкам былога вінзаводу, стайнямі, складзкім памяшканьнем, у афармленьні якіх выкарыстаны розныя архітэктурныя элемэнты[2].
Аднапавярховы цагляны флігель асімэтрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазыцыі, які разьмешчаны непадалёк ад палацу, мае падобнае з палацам архітэктурнае рашэньне[2].
Парк
рэдагавацьПарк мае пэйзажна-рэгулярную пляніроўку. Закладзены па праекце Францішка Шаніёра(pl) ў XIX стагодзьдзі на месцы былога рэгулярнага парку, ад якога захаваўся баскет, перароблены ў ляндшафтную паляну.
Парк вылучаецца кампактнасьцю. З двух бакоў абмежаваны высокай сьцяной, якая захавалася з XIX стагодзьдзя, з трэцяй — ракой.
Асноўная сетка дарожак і акружны прагулачны маршрут дзеляць яго на некалькі зон: пладовы сад і фазанавая фэрма, пэйзажны ляндшафт, курціны вакол сядзібнага дому і па беразе ракі і да т. п[2]. У парку былі адкрыты газоны, сажалкі[3].
У парку растуць піхта (Abies), елка чырвоная (Picea rubens), ліпа буйналістая (Tilia platyphyllos), Acer velutinum, граб (Carpinus), лістоўніца (Larix) ды іншыя рэдкія для Беларусі прадстаўнікі флёры. Цэнтральная паляна мае дыямэтар каля 40 мэтраў.
У парку знаходзіцца савіны камень-валун з двума трыкутнымі адтулінамі. Згодна з традыцыяй, юнакі і дзяўчаты загадваюць каля яго жаданьні.
Агароджа
рэдагавацьУся тэрыторыя сядзібы плошчай 11 га абнесеная мураванай агароджай. Галоўны ўезд аформлены брамай, зробленай у стылі нэаготыкі, якая мае форму сьпічастай аркі. У яе дэкоры выкарыстаная аркатура і васьмігранныя бакавыя вежы[2].
Статус
рэдагавацьПарк занесены ў пералік помнікаў прыроды рэспубліканскага значэньня, а сядзіба — у сьпіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- ^ а б в г д е ё ж з Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь / склад. В. Абламскі, І. Чарняўскі, Ю. Барысюк. — Менск: БелТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8
- ^ а б в г Кулагін А. Эклектыка. Архітэктура Беларусі другой паловы XIX — пачатку XX ст. — Менск: «Ураджай», 2000. — 304 с.: іл. ISBN 985-04-0350-0.
- ^ «Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік». Мінск, «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», 1993 год. 620 стар. ISBN 5-85700-078-5.
- ^ Федорук Анатолий Тарасович. «Садово-парковое искусство Белоруссии». Минск, «Ураджай», 1989 г. 247 страниц. ISBN 5-7860-0086-9. (рас.)
- ^ Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. — Мн.: Беларуская савецкая энцыклапедыя, 1986—1988.
- ^ Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX — пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX — пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 354. — 430 с. — ISBN 978-985-01-0880-7
- ^ Aftanazy Roman. «Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej». Wrocław, Ossolineum, 1991-97. (пол.)
- ^ Urbański, Antoni. Memento kresowe. Warszawa, 1929, s. 97-99
- ^ Urbański, Antoni. Memento kresowe. Warszawa, 1929, s. 98
- ^ Красный дворец Красного Берега (рас.)
- ^ Усадьба Гатовского в деревне Красный Берег (рас.)
- ^ Секреты усадьбы в Красном Береге (рас.)
- ^ В Красном Береге завершается реставрация столетней усадьбы (рас.)
- ^ Усадебный дом в Красном Береге Гомельской области планируется открыть для туристов в 2009 года(недаступная спасылка) (рас.)
Літаратура
рэдагаваць- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. — Мн.: Беларуская савецкая энцыклапедыя, 1986—1988.
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Красны Бераг. Некранутая рэчаіснасць. Кніга першая / Аляксандр Пабалавец; — Барк, 2016. — 204 с.: іл. Тыраж 99 экз.ISBN 978-985-7065-56-1
- Красны Бераг. Людзі, іх лёсы і справы. Кніга другая / Аляксандр Пабалавец; артыкулы Л.Рэйдэр, А. Хлапкова і М. Шуканава. — Барк, 2017. — 192 с.: іл. Тыраж 99 экз. ISBN 978-985-7065-72-1
- Красны Бераг. Шануй бацькоў сваіх. Кніга трэцяя / Аляксандр Пабалавец; — ПАМВЫДАТ, 2019. — 108 с.: іл.
- Федорук Анатолий Тарасович. «Садово-парковое искусство Белоруссии». Минск, «Ураджай», 1989 г. 247 страниц. ISBN 5-7860-0086-9.
- Кулагін А. Эклектыка. Архітэктура Беларусі другой паловы XIX — пачатку XX ст. — Менск: «Ураджай», 2000. — 304 с.: іл. ISBN 985-04-0350-0.
- R. Aftanazy, Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. Cz. 1: Wielkie Księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 312Г000324 |