Пояс Вітаўта
Пояс Вітаўта — умоўная назва ўнікальнага паяснога гарнітуру (у гістарыяграфіі і зборах найбуйнейшых музэяў сьвету аналягі невядомыя). Навукоўцы мяркуюць, што ён трапіў на тэрыторыю Беларусі як падарунак крымскага хана Хаджы Гірэя вялікаму князю літоўскаму Вітаўту.
| |
Пояс Вітаўта, XIV — пач. XV стагодзьдзя | |
Срэбра. | |
Нацыянальны гістарычны музэй Рэспублікі Беларусь, Менск |
Як і Крыж Эўфрасіньні Полацкай, гэты гістарычны артэфакт адносіцца да ліку найбольш унікальных гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, мастацкія, эстэтычныя і дакумэнтальныя вартасьці якіх уяўляюць міжнародны інтарэс[1].
Апісаньне
рэдагавацьПояс Вітаўта складаецца зь некалькіх полых срэбных пазалочаных паясных пласьцінаў — 2 пласьціны (гравіроўка, чэрнь, залачэньне) зорчатыя (16 «промняў»), дэкараваныя раслінным арнамэнтам, выявамі птушак і васыліскаў, 11 круглых пласьцінаў з раслінным арнамэнтам; спражкі з наканечнікам, арнамэнтаванай расьлінным арнамэнтам; 5 злучальных прамавугольных планак. Агульная вага паяснога гарнітуру — 805,40 грамаў, проба срэбра — 960°[2].
Пласьціны поясу меркавана былі вырабленыя ў сталіцы Крымскага ханства Кафе (цяпер — Феадосія), спражка з наканечнікам — напэўна, у Італіі (мабыць у Генуі)[3].
Гісторыя
рэдагавацьПояс Вітаўта датуецца XIV ці пачаткам XV стагодзьдзя. Ён быў выяўлены напачатку 1990-х гадоў пры раскопках паблізу ад вёскі Літва Маладзечанскага раёну.
Паводле меркаваньня беларускага гісторыка Валянціна Рабцэвіча, пісьмовыя крыніцы, у прыватнасьці паведамленьні Генэ, блазна вялікага князя Вітаўта, і хана Мэнглі Гірэя, дазваляюць выказаць гіпотэзу, што пояс мог быць падараваны Вітаўту Хаджы Гірэем падчас сустрэчы ў Менску ў жніўні 1428 году. Паводле В. Рабцэвіча, найбольш верагоднай датыроўкай утойваньня скарбу зьяўляўся «смутны час» (1430—1432) у Вялікім Княстве Літоўскім.
Нягледзячы на тое, што пояс быў занесены ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь найвышэйшай катэгорыі, каля 11 гадоў ён знаходзіўся ў прыватных руках. У канцы 2006 году рашэньнем Вярхоўнага Суду Рэспублікі Беларусь рарытэт быў зьвернуты ва ўласнасьць беларускай дзяржавы і па цяперашні час знаходзіцца на захоўваньні ў Нацыянальным музэі гісторыі і культуры Беларусі.
У 2013 годзе РУП «Беларускі відэацэнтар» стварыў дакумэнтальны фільм «Паясы Вялікага князя Вітаўта», у якім прафэсар Адам Мальдзіс сьцьвярджае, што акрамя поясу, які ў цяперашні час знаходзіцца ў Нацыянальным музэі гісторыі і культуры Беларусі, ёсьць і другі пояс, які належаў Вітаўту, а цяпер знаходзіцца ў Францыі [4].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Славутасьці Беларусі. Пояс князя Вітаўта (рас.)
- ^ Нацыянальны музэй гісторыі і культуры Беларусі. Пояс Вітаўта
- ^ Рябцевич В. Клад из деревни… С. 44.
- ^ Прэм’еры дакументальных фільмаў на канале «Беларусь 3» з 24 па 30 сакавіка
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |