Беларускі рубель

валюта Беларусі, уведзеная ў 2016 року
(Перанакіравана з «BYR»)

Беларускі рубе́ль — афіцыйная валюта Беларусі, якую з 1992 году выпускае Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь.

Беларускі рубель
500 беларускіх рублёў эмісіі 2009 г., авэрс
500 беларускіх рублёў эмісіі 2009 г., авэрс
Краіна Беларусь
Падзел капейка
Код ISO-4217 BYN
Скарачэньне Br
Сымбаль Br
Цэнтральны банк Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь
Увядзеньне ва ўжытак 1 ліпеня 2016
Папярэдняя валюта беларускі рубель[d]
Абменны курс:
(22 студзеня 2018)
$0,51[1]
Галерэя выяваў у Вікісховішчы

Падзяляецца на 100 капеек. З 1 ліпеня 2016 году маюць хаджэньне банкноты наміналам 5, 10, 20, 50, 100, 200 і 500 рублёў. Таксама ў абароце манэты наміналу 1, 2, 5, 10, 20, 50 капеек і 1, 2 рублі.

Назва беларускае валюты паходзіць ад расейскага рублю, была пакінутая пасьля адмовы Беларусі ад савецкага рублю і адмовы ад увядзеньня нацыянальнае грашовае адзінкі — талеру.

Гісторыя

рэдагаваць
 
Картка спажыўца на 100 рублёў
 
Разьліковы білет нацыянальнага банку Беларусі ў 50 капеек, авэрс
 
Разьліковы білет нацыянальнага банку Беларусі ў 50 капеек, рэвэрс

У студзені 1992 году, у час распаду агульнае савецкае грашовае прасторы, у Беларусі была ўведзеная купонная сыстэма (картка спажыўца), каб абараніць унутраны рынак тавараў і харчаваньня. З траўню замест купонаў ў абарот былі ўведзеныя разьліковыя білеты Нацыянальнага банку Беларусі, знакамітыя «зайчыкі» ці «шушыкі»,[2] празваныя ў народзе гэтак за выяву бягучага зайца на купоне ў 1 рубель і па імені кіраўніка беларускай дзяржавы Станіслава Шушкевіча. Разьліковыя білеты былі дадатковым плацёжным сродкам на тэрыторыі Беларусі, акрамя асноўнае грашовае адзінкі — савецкага рублю, чыім сурагатам яны па сутнасьці былі. У пастанове Нацыянальнага Банку Рэспублікі Беларусі ад 29 красавіка 1992 году «Аб выпуску ў абарачэньне разьліковых білетаў Нацыянальнага Банку Рэспублікі Беларусі» прадугледжвалася, што разьліковыя білеты будуць абарачацца самастойна, без суправаджэньня рубля. Яны прызначаліся для выплаты часткі грашовых даходаў насельніцтва, эквівалентнае аб’ёму тавараў і паслугаў, што рэалізаваліся па сьпісе, выдадзенаму Саветам Міністраў Беларусі. Адзінка разьліковага білету раўнялася 10 савецкім рублём.

З 1 ліпеня 1992 году пачалі ўжывацца безнаяўныя беларускія рублі. Яны азначалі грашовыя сродкі на карэспандэнцкім рахунку Беларусі ў Цэнтральным банку Расеі, выручаныя беларускімі прадпрыемствамі ад продажу тавараў і паслугаў у Расею і ў рамках якіх можна было ажыцьцяўляць плацяжы расейскім прадпрыемствам за пастаўленыя тавары і аказаныя паслугі. У сувязі з канчатковым выхадам Украіны, Летувы, Латвіі, Эстоніі з рублёвае зоны, 9 лістапада 1992 году Нацыянальны Банк пастанавіў перавесьці наяўныя разьлікі за прадукты харчаваньня, алькагольную і тытунёвую прадукцыю выключна на беларускія разьліковыя білеты. У ліпені 1993 году грашовы абарот быў цалкам пераведзены на беларускія рублі. З канцу ліпеня 1993 году пачаўся вывад з абароту расейскіх і савецкіх рублёў. Беларускі рубель стаўся адзіным законным сродкам плацяжу на тэрыторыі краіны. Такім чынам, наяўныя разьлікі ў Беларусі ажыцьцяўляліся з дапамогай разьліковых білетаў Нацыянальнага банку Беларусі, а безнаяўныя — з дапамогай безнаяўных беларускіх рублёў. Пастановай Нацыянальнага банку Беларусі ад 18 траўня 1994 году «Аб плацёжным сродку Рэспублікі Беларусі» (безнаяўны) беларускі рубель прызнаны адзіным плацёжным сродкам Рэспублікі Беларусі, у наяўным абароце адзіным законным сродкам плацяжу стаўся разьліковы білет.

Курсы беларускага рублю і разьліковага білету не адпавядалі адзін аднаму. 12 жніўня 1994 году ўрадам Беларусі і Нацыянальным банкам была выдадзеная пастанова аб дэнамінацыі беларускага рублю, з мэтай прывядзеньня яго кошту ў адпаведнасьць з наміналам разьліковага білету Рэспублікі Беларусі. Пастанаўлялася таксама, што з 20 жніўня 1994 году разьліковыя білеты Нацыянальнага банку абавязковыя да прыёму ўсімі юрыдычнымі і фізычнымі асобамі па ўсіх відах плацяжоў, для залічэньня на ўнёскі (дэпазыты) і на разьліковыя, бягучыя рахункі па іх намінале.

Да 2000 году беларускі рубель абазначалі кодам BYB, пасьля чаго да 1 ліпеня 2016 году выкарыстоўвалі код BYR. 2 студзеня 2009 г. Нацбанк Беларусі перайшоў да прывязкі курса беларускага рубля да кошыка замежных валют, у склад якога роўнымі далямі ўлучылі амэрыканскі даляр, расейскі рубель і эўра. Пачатковая вартасьць кошыка склала 960 беларускіх рублёў, што адпавядала курсам: 2650 бел. рублёў за даляр, 90,16 бел. рубля за расейскі рубель і 3792 бел. рублі за эўра[3].

 
Купюра ў 5000 рублёў, 1998 г., авэрс
 
Купюра ў 5000 рублёў, 1998 г., рэвэрс

31 траўня 2012 г. Кіраўніцтва Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь зацьвердзіла Пастанову аб паступовым вывадзе з абарачэньня банкнотаў наміналам 10 і 20 рублёў узору 2000 году. Паводле Пастановы, 1 верасьня 2012 г. Нацбанк Беларусі спыніў іх выпуск. 1 сакавіка 2013 г. яны перасталі быць сродкам плацяжу ў крамах. 1 кастрычніка 2013 г. іх абмен на іншыя купюры спынілі ў камэрцыйных банках. 1 красавіка 2014 г. банкноты сталі лічыцца несапраўднымі і перасталі прымаць і ў Нацбанку[4].

4 лістапада 2015 г. А.Лукашэнка падпісаў Указ № 450 «Аб правядзеньні дэнамінацыі афіцыйнай грашовай адзінкі Рэспублікі Беларусь», які прадугледжваў замену банкнотаў узору 2000 году на банкноты і манэты ўзору 2009 году ў суадносінах 10 000 : 1 з 1 ліпеня 2016 году. З гэтай даты Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь выпусьціў у абарачэньне 7 наміналаў банкнотаў — 5, 10, 20, 50, 100, 200 і 500 рублёў, і 8 наміналаў манэтаў — 1, 2, 5, 10, 20 і 50 капеек, а таксама 1 і 2 рублі. Накіраванасьць выгляду банкнотаў адпавядала дэвізу «Мая краіна – Беларусь». Выявы банкнотаў прысьвяцілі кожнай з 6 абласьцей і Менску: 5 рублёў — Берасьцейскай, 10 рублёў — Віцебскай, 20 рублёў — Гомельскай, 50 рублёў — Гарадзенскай, 100 рублёў — Менскай, 200 рублёў — Магілёўскай і 500 рублёў — Менску. У выглядзе банкнотаў 2009 году захавалі пераемнасьць адносна банкнотнага шэрагу ўзору 2000 году ў частцы выкарыстаньня выяваў помнікаў дойлідзтва і горадабудаўніцтва. На пярэднім баку разьменных манэтаў зьмясьцілі відарыс дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, на адваротным баку — лічбавыя абазначэньні наміналаў манэтаў. 1 студзеня 2017 году банкноты ўзору 2000 году перасталі быць абавязковымі да прыёму пры аплаце ўстановамі гаспадараньня і сталі падлягаць абмену ў камэрцыйных банках да 2020 году на грашовыя знакі ўзору 2009 году. Грашовыя знакі 2009 году вырабілі на заказ Нацбанка Беларусі ў 2008 годзе і перадалі ў яго Цэнтральнае сховішча. Дэнамінацыю тады адклалі ў сувязі з сусьветным эканамічным крызісам і наступным фінансавым крызісам у Беларусі 2011 году. Адпаведна на банкнотах узору 2009 году месьціцца факсыміле подпісу тагачаснага старшыні Кіраўніцтва Нацбанка Беларусі Пятра Пракаповіча. Таксама на банкноце наміналам 50 рублёў месьціцца надпіс «пяцьдзесят» замест «пяцьдзясят» паводле Закону Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 году № 420-З «Аб правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі»[5].

Дэвальвацыі

рэдагаваць
Асноўны артыкул: Дэвальвацыя ў Беларусі

Дэвальвацыя 2009 году

рэдагаваць

1 студзеня 2009 году Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь правёў дэвальвацыю беларускага рубля, абвясьціўшы афіцыйныя курсы замежных валютаў на 2 студзеня ў сябе на сайце ўвечары 1 студзеня[6]. У выніку ў параўнаньні з 1 студзеня афіцыйны курс даляра ЗША ўзьняўся з 2200 беларускіх рублёў да 2650 (на 20,45%), курс эўра падвысіўся з 3077,14 беларускіх рублёў да 3703 (на 20,34%), курс расейскага рубля — з 76,89 да 90,16 беларускіх рублёў (на 17,26%). Меркавалася, што дэвальвацыя беларускага рубля зьвязаная з адным зь меркаваных патрабаваньняў Міжнароднага валютнага фонду 20-адсоткавай дэвальвацыі беларускай валюты для магчымасьці атрыманьня ад МВФ стабілізацыйнага крэдыту ў памеры 2,5 мільярды даляраў ЗША[7], але начальнік кіраваньня інфармацыі Нацбанка Анатоль Драздоў сьцьвярджаў, што рашэньне пра зьніжэньне курсу беларускага рубля беларускі бок прыняў самастойна. Тым ня менш 9 студзеня Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што дэвальвацыя адбылася па патрабаваньні МВФ[8].

Дэвальвацыя 2011 году

рэдагаваць
Асноўны артыкул: Фінансавы крызіс у Беларусі 2011 году

Золатавалютныя рэзэрвы

рэдагаваць

Па мэтадалёгіі МВФ, міжнародныя рэзэрвовыя актывы Беларусі за 2004 год павялічыліся на 54,4% і склалі на 1 студзеня 2005 году $770,2 млн. У 2004 годзе золатавалютныя рэзэрвы ў нацыянальным азначэньні вырасьлі на 17,1% да $1,047 млрд.

Па стане на 1 студзеня 2006 году аб’ем міжнародных рэзэрвовых актываў Беларусі ў азначэньні адмысловага стандарту распаўсюджваньня зьвестак МВФ складаў $1296,5 млн. Валавыя актывы Нацбанку ў замежнай валюце, каштоўных мэталах і камянях складалі $1629,6 млн, павялічыўшыся за год на $449,7 млн. Залаты запас краіны складаў 25,02 тоны (у валютным эквіваленце — $412,7 млн).

Міжнародныя рэзэрвовыя актывы Беларусі, разьлічаныя па мэтодыцы МВФ па стане на сьнежань 2007, склалі $4182,2 млн, павялічыўшыся з пачатку году на 202,4%. Міжнародныя рэзэрвовыя актывы Беларусі ў нацыянальным азначэньні склалі $4997,6 млн, павялічыўшыся з пачатку году на 185%[9].

Па стане на 1 сакавіка 2008 году, міжнародныя рэзэрвовыя актывы Беларусі, разьлічаныя па мэтодыцы МВФ, склалі $4352,9 млн павялічыўшыся з пачатку году на 4,1%. Міжнародныя рэзэрвовыя актывы ў нацыянальным азначэньні павялічыліся за гэты ж пэрыяд на 9,1%, да $5446,6 млн[10].

Нацбанк праводзіць палітыку сталага павелічэньня золатавалютных рэзэрваў. Перад Нацбанкам стаіць задача павялічыць іх да 2010 году да $6 млрд.

Істотную ролю ў забесьпячэньні стабільнасьці нацыянальнай валюты згуляе павелічэньне дзяржаўных золатавалютных рэзэрваў, якое чакаецца ўжо ў студзені 2009 году за кошт паступленьня першай часткі крэдыту Міжнароднага валютнага фонду ў памеры больш за $800 млн. Агульны аб’ём гэтага крэдыту складае $2,5 млрд.

Міжнародныя рэзэрвовыя актывы Рэспублікі Беларусь, разьлічаныя па мэтадалёгіі МВФ на 1 студзеня кожнага году (у млн. USD)[11]:

Стаўка рэфінансаваньня

рэдагаваць

Па меры паніжэньня інфляцыі ў 1990-х і першай палове 2000-х Нацбанк Беларусі паступова зьніжаў і стаўку рэфінансаваньня каб стымуляваць рост эканомікі. Да прыкладу на пачатак 2004 году яна складала 28%, на пачатак 2005 — 17%, на пачатак 2006 — 11%, на пачатак 2007 — 10%[12]. У сувязі з ажыятажным попытам на валюту, які назіраліся ў пачатку 2007 году ва ўмовах рэзкага падвышэньня кошту на закуплены Рэспублікай Беларусь прыродны газ было прынята рашэньне падвысіць стаўку рэфінансаваньня з 10% да 11%, аднак пасьля стабілізацыі сытуацыі яна была ў некалькі этапаў паніжаная да 10% (на 1 кастрычніка 2007)[13]. З 1 ліпеня 2008 году стаўка рэфінансаваньня была ізноў падвышаная да 10,25%. З 13 верасьня 2008 году падвысіў стаўку рэфінансаваньня яшчэ на 0,25 адсоткавага пункта. Нацыянальны банк Беларусі з 15 кастрычніка 2008 году падвысіў стаўку рэфінансаваньня на 0,25 адсоткавага пункта з 10,5% да 10,75% гадавых. Стаўка рэфінансаваньня Нацыянальнага банка Беларусі з 12 лістапада падвышана на 0,25 адсоткавага пункта да 11% гадавых. З 17 сьнежня 2008 году стаўка рэфінансаваньня Нацбанка складала 12% гадавых. На працягу 2008 году яна падвышалася пяць разоў.

З 8 студзеня 2009 году стаўка рэфінансаваньня падвышаная да 14% гадавых.

Абменны курс

рэдагаваць

На 2018 год Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь штодня ўстанаўліваў афіцыйны абменны курс беларускага рубля ў адносінах да спэцыяльных правоў запазычваньня ў Міжнародным валютным фондзе (Вашынгтон, ЗША) і 25 замежных валютаў:

Штомесяц Нацбанк Беларусі ўстанаўліваў курс беларускага рубля ў адносінах да 52 замежных валютаў:

2 студзеня 2009 г. Нацбанк Беларусі перайшоў да прывязкі курса беларускага рубля да кошыка замежных валют, у склад якога роўнымі далямі ўлучылі амэрыканскі даляр, расейскі рубель і эўра. На 2018 год вага валютаў у кошыку складала 50% для расейскага рубля, 30% для амэрыканскага даляра і 20% для эўра[15].

Інфляцыя

рэдагаваць

За 2017 год грашовая маса беларускіх рублёў вырасла на 30% з 10 807,7 млн да 14 070,2 млн. Зь іх непераводныя (безадклікальныя) ўклады склалі 6 383,6 млн рублёў (45,4%), зь якіх 3 340,9 млн (52,3%; 23,7% грашовай масы) належалі фізычным асобам і 3 042,7 млн (47,7%; 21,6% грашовай масы) — юрыдычным. Пераводныя ўклады склалі 4 956,4 млн (35,2%) рублёў, зь іх 2 766,4 млн (55,8%; 19,7 % грашовай масы) было ў юрыдычных асобаў і 2 190 млн (44,2%; 15,5% грашовай масы) у фізычных. Наяўныя грошы ў абароце складалі 2 346,6 млн рублёў (16,7%). Каштоўныя паперы банкаў — 383,6 млн (2,7%)[16].

У параўнаньні зь іншымі краінамі

рэдагаваць

Афіцыйны курс даляра ЗША на 2 студзеня 2009 году складаў 2650 беларускіх рублёў. Без уліку дэнамінацыяў 1994 і 2000 гадоў курс роўны 26 500 000 рублёў.

Па ступені абясцэненьня нацыянальнай валюты да амэрыканскага даляра на 2008 год Беларусь зьяўлялася лідэрам сярод краінаў былога СССР. За Беларусьсю ў першай пяцёрцы разьмясьціліся Туркмэністан — 7 125 000, Грузія — 1 652 500, Узбэкістан — 1 377 730 і Ўкраіна — 748 680.

Адзнаку 1 млн беларускіх рублёў (без уліку дэнамінацыяў) курс даляра дасягнуў 17 сьнежня 1998 году, 5 млн — 11 траўня 2000 году, 10 млн — 12 верасьня 2000 году, 15 млн — 26 кастрычніка 2001 году, 20 млн — 3 красавіка 2003 году, 21 млн — 16 верасьня 2003 году[17].

У параўнаньні з далярам

рэдагаваць

Дынаміка зьмены кошту 1 амэрыканскага даляра.

Дата беларускіх рублёў
02.01.1996 11 500
02.01.1997 15 500
02.01.1998 30 740
02.01.1999 107 000
02.01.2000 320 (пасьля дэнамінацыі ў 1000 разоў)
02.01.2001 1180
02.01.2002 1580
02.01.2003 1920
02.01.2004 2156
02.01.2005 2170
02.01.2006 2152
02.01.2007 2140
02.01.2008 2150
02.01.2009 2650

Банкноты

рэдагаваць

Банкноты беларускага рубля маюць 10 элемэнтаў абароны:

  1. вадзяны знак;
  2. ахоўная ніць;
  3. сумяшчальны відарыс;
  4. мэталаграфскі друк;
  5. супрацькапіявальная сетка;
  6. мікратэкст;
  7. метка для людзей з аслабленым зрокам;
  8. бясфарбнае цісьненьне;
  9. люмінэсцэнцыя ў ультрафіялетавых прамянях;
  10. схаваны шматколерны вобраз[18].
Асноўны артыкул: Разьліковыя білеты Нацыянальнага Банка Беларусі ўзору 1992 году
Сэрыя 2000 [1]
Выява Намінал Памер Колер Авэрс Рэвэрс Дата друку Увод у зварот Выхад са звароту
    1 рубель 110 × 60 мм Зялёны Нацыянальная акадэмія навук Беларусі Вялікая выява ліку 1 2000 1 студзеня 2000 1 студзеня 2003
    5 рублёў Сьветла-чырвоны Траецкае прадмесьце Вялікая выява ліку 5 1 верасьня 2004
    10 рублёў Сьветла-фіялетавы Стары будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вялікая выява ліку 10 1 сакавіка 2013
    20 рублёў 150 × 69 мм Аліўкава-жоўты Нацыянальны банк Беларусі Нацыянальны банк Беларусі 1 сакавіка 2013
    50 рублёў Аранжава-чырвоны Холмская брама Берасьцейскай крэпасьці Мэмарыял Берасьцейская крэпасьць 1 ліпеня 2015
    100 рублёў Лёгкі зялёны Нацыянальны Акадэмічны тэатар опэры і балета Рэспублікі Беларусь Сцэна з балета «Выбраньніца» 1 студзеня 2017
    500 рублёў 150 × 74 мм Лёгкі карычневы Рэспубліканскі палац культуры прафзьвязаў у Менску Скульптуры, умацаваныя на франтоне будынка
    1000 рублёў Лёгкі блакітны Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь Фрагмэнт карціны І. Хруцкага «Партрэт жонкі з кветкамі і садавінай»
    5000 рублёў Лёгкі фіялетавы Палац спорту ў Менску Спорткомплекс «Раўбічы»
    10 000 рублёў Ружовы Панарама Віцебску Летні амфітэатар у Віцебску 16 красавіка 2001
    20 000 рублёў Шэры Палац Румянцавых-Паскевічаў у Гомлі Гомель 21 студзеня 2002
    50 000 рублёў Нябесны блакітны Мірскі замак, Гарадзенская вобласьць Дэкарацыі замка 20 сьнежня 2002
    100 000 рублёў Аранжавы Нясьвіскі замак Фрагмэнт малюнку Напалеона Орды «Замак у Нясьвіжы» 15 ліпеня 2005
    200 000 рублёў 150 × 74 мм Зялёна-шэры Магілёўскі абласны мастацкі музэй імя Паўла Масьленікава Калаж з дэкаратыўных элемэнтаў будынка музэю 12 сакавіка 2012
якасьць выяваў — 0,7 піксэла на мілімэтар.
Сэрыя 2009 году[19]
Выява Намінал (рублёў) Памеры (мм) Асноўныя колеры Апісаньне Дата выхаду
Пярэдні бок Адваротны бок Пярэдні бок Адваротны бок
    5 135×72 аранжавы
карычневы
Камянецкая вежа (Камянец, Берасьцейская вобласьць) калаж на тэму першых славянскіх паселішчаў:
фрагмэнт скуранога пояса, драўлянае кола, малюнак дзядзінца «Бярэсьце»
1 ліпеня
2016
    10 139×72 блакітны
сіні
Царква Сьвятога Спаса (Полацак, Віцебская вобласьць) калаж на тэму асьветніцтва і кнігадрукаваньня:
кнігі, знак Ф. Скарыны, крыж Эўфрасіньні Полацкай, фрагмэнт арнамэнту
    20 143×72 жоўты
цёмна-шэры
Палац Румянцавых — Паскевічаў (Гомель) калаж на тэму духоўнасьці:
звон, Тураўскае Эвангельле, старажытны горад Тураў, фрагмэнты разьбы
    50 147×72 сьветла-зялёны
аранжавы
Мірскі замак (Карэліцкі раён, Гарадзенская вобласьць) калаж на тэму мастацтва:
ліра і ляўровыя галіны, пяро, папера, нотны стан
    100 151×72 смарагдавы
аранжавы
Нясьвіскі замак (Менская вобласьць) калаж на тэму тэатра і народных сьвятаў:
скрыпка, бубен, жалейка, слуцкія паясы і знакі народных сьвятаў «Калядная зорка», каза, тэатар «Батлейка»
    200 155×72 фіялетавы
ружовы
Магілёўскі абласны мастацкі музэй імя Паўла Масьленікава калаж на тэму рамяства і горадабудаўніцтва:
залаты ключ і пячатка Магілёва, пячная кафля, фрагмэнты кованой рашоткі
    500 159×72 ружовы
бірузовы
Нацыянальная бібліятэка Беларусі (Менск) калаж на тэму літаратуры:
пяро, чарніліца, вокладкі кніг, ліст папаратніку
Маштаб малюнкаў — 1 піксэл на мілімэтар.
Сэрыя 2019, 2020 і 2022 г.
Выява Намінал (рублёў) Памеры (мм) Асноўныя колеры Апісаньне Дата выхаду
Пярэдні бок Адваротны бок Пярэдні бок Адваротны бок
    5 135×72 аранжавы
карычневы
Камянецкая вежа (Камянец, Берасьцейская вобласьць) каляж на тэму першых славянскіх паселішчаў:
фрагмэнт скуранога пояса, драўлянае кола, малюнак дзядзінца «Бярэсьце»
2019, 2020 і 2022
    10 139×72 блакітны
сіні
Царква Сьвятога Спаса (Полацак, Віцебская вобласьць) каляж на тэму асьветніцтва і кнігадрукаваньня:
кнігі, знак Ф. Скарыны, крыж Эўфрасіньні Полацкай, фрагмэнт арнамэнту
20 143×72 жоўты
цёмна-шэры
Палац Румянцавых — Паскевічаў (Гомель) каляж на тэму духоўнасьці:
звон, Тураўскае Эвангельле, старажытны горад Тураў, фрагмэнты разьбы
    50 147×72 сьветла-зялёны
аранжавы
Мірскі замак (Карэліцкі раён, Гарадзенская вобласьць) калаж на тэму мастацтва:
ліра і ляўровыя галіны, пяро, папера, нотны стан
    100 151×72 зялёны
аранжавы
Нясьвіскі замак (Менская вобласьць) калаж на тэму тэатра і народных сьвятаў:
скрыпка, бубен, жалейка, слуцкія паясы і знакі народных сьвятаў «Калядная зорка», каза, тэатар «Батлейка»
Маштаб малюнкаў — 1 піксэл на мілімэтар.

1 ліпеня 2016 году, упершыню за ўсю гісторыю беларускага рубля, у сувязі з дэнамінацыяй у абарачэньне ўвялі манэты. Раней Беларусь была адной зь нешматлікіх краінаў у сьвеце, дзе выпускаліся толькі памятныя манэты, якія фактычна не выкарыстоўваліся ў абарачэньні. Манэты адчаканілі са сталі на Летувіскім манэтным двары і Манэтным двары Крэмніцы (Славаччына). Манеты да 5 капеек пакрылі медзьдзю; 10, 20, 50 капеек — медзьдзю і латуньню; 1 рубель — медзьдзю і нікелем. Манэта вартасьцю 2 рублі — бімэтал, цэнтар пакрыты медзьдзю і нікелем, кольцы — медзьдзю і латуньню. На авэрсе ўсіх манэтаў разьмясьцілі відарыс дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, надпіс «БЕЛАРУСЬ» і год чаканкі. На рэвэрсе — намінал манэты разам з рознымі арнамэнтамі.

Манэты Рэспублікі Беларусь (з 2016 году)[19]
Выява Намінал Тэхнічныя парамэтры Апісаньне Год чаканкі Дата выхаду
Авэрс Рэвэрс Гурт Дыямэтар
(мм)
Таўшчыня
(мм)
Маса
(г)
Склад Авэрс Рэвэрс Гурт
      1 капейка 15 1,25 1,55 Сталь, пакрытая медзьдзю Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь, пад ім назва краіны, год чаканкі Намінал, арнамэнт, які сымбалізуе багацьце і дастатак Роўны 2009 1 ліпеня
2016
      2 капейкі 17,5 2,1
      5 капеек 19,8 2,7
      10 капеек 17,7 1,8 2,8 Сталь, пакрытая медзьдзю і латуньню Намінал, арнамэнт, які сымбалізуе ўрадлівасьць і жыцьцёвую сілу Насечка з сэгмэнтамі
      20 капеек 20,35 1,85 3,7
      50 капеек 22,25 1,55 3,95
      1 рубель 21,25 2,3 5,6 Сталь, пакрытая медзьдзю і нікелем Намінал, арнамэнт, які сымбалізуе імкненьне да шчасьця і свабоды Насечка
      2 рублі 23,5 2,0 5,81 Кольцы — сталь, пакрытая медзьдзю і латуньню, цэнтар — сталь, пакрытая медзьдзю і нікелем У цэнтры дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь, па крузе ўгары — «БЕЛАРУСЬ», унізе — год чаканкі Надпіс «БЕЛАРУСЬ», падзелены элемэнтам нацыянальнага арнамэнту
Маштаб малюнкаў — 4 піксэля на мілімэтар.

Памятныя

рэдагаваць

Выпуск памятных манет пачалі 27 сьнежня 1996 году. Чаканяцца з каштоўных і некаштоўных мэталаў за мяжой (у Летуве, Нямеччыне, Польшчы, Расеі і інш. краінах) у сувязі з адсутнасьцю ўласнай мынцы. Па ўмовах дэнамінацыі 2016 году выпушчаныя раней памятныя манэты не падлягаюць абмену і падлягаюць прыёму ва ўсе віды плацяжоў па намінальным кошце.

Дзьвюхмоўная банкнота

рэдагаваць
 

Своеасаблівы выпадак дзьвюхмоўя прадстаўляе сабой банкнота вартасьцю 500 рублёў узору 1992 году.

Службовыя надпісы на банкноце выкананыя на беларускай мове. На авэрсе банкноты намаляваная плошча Перамогі ў Менску разам зь першымі двума словамі лёзунгу на расейскай мове «Подвиг народа бессмертен» («Подзьвіг народа несьмяротны»), выкладзенага на адным з паўкруглых будынкаў, якія разьмяшчаюцца вакол плошчы, і што зьяўляецца адной зь «візытных картак» Менску. Газэта «Гарадзенскі кірмаш», якая паведаміла пра дадзены факт у адным зь ліпеньскіх нумароў 1994 году, адзначыла, што дзякуючы гэтаму дзьвюхмоўю банкнота хутка ператвараецца ў каштоўны экспанат баністычных калекцыяў.

  1. ^ а б Афіцыйны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют, які ўстанаўліваецца Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь штодзённа, на 22.01.2018 // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 22 студзеня 2018 г. Праверана 22 студзеня 2018 г.
  2. ^ Беларусь. Совершеннолетие. Год 1992-й (рас.). TUT.BY. Архіўная копія ад 7 чэрвеня 2009 г.
  3. ^ Зьміцер Уласаў. Нацыянальны банк павысіў афіцыйны курс даляра на 20,5% // БелаПАН, 2 студзеня 2009 г. Праверана 22 студзеня 2018 г.
  4. ^ Павал Берасьнеў. 10-і 20-рублёвыя банкноты будуць несапраўдныя з 1 красавіка 2014 году // Зьвязда : газэта. — 19 чэрвеня 2012. — № 116 (27231). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ Аб правядзеньні з 1 ліпеня 2016 г. дэнамінацыі беларускага рубля // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 4 лістапада 2015 г. Праверана 22 студзеня 2018 г.
  6. ^ Афіцыйныя курсы замежных валютаў на 2 студзеня 2009 году // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь
  7. ^ Нацбанк дэвальваваў рубель на 20,5% // Радыё «Свабода»
  8. ^ Лукашенко рассказал «кто виноват» и «что делать»
  9. ^ https://web.archive.org/web/20080213030536/http://naviny.by/rubrics/finance/2008/01/09/ic_news_114_283537/
  10. ^ https://web.archive.org/web/20080315021125/http://news.tut.by/economics/104901.html
  11. ^ Міжнародныя рэзэрвовыя актывы Рэспублікі Беларусь па мэтадалёгіі МВФ // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 1 студзеня 2018 г. Праверана 22 студзеня 2018 г.
  12. ^ https://web.archive.org/web/20081225093443/http://www.nbrb.by/statistics/sref.asp
  13. ^ Людміла Сац (1 кастрычніка 2007) Стаўка рэфінансаваньня Нацбанка Беларусі зь 1 кастрычніка зьніжана да 10 працэнтаў гадавых Эканоміка. Беларускае тэлеграфнае агенцтваПраверана 28 красавіка 2011 г.
  14. ^ Афіцыйны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют, які ўстанаўліваецца Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь штомесячна, з 01.01.2018 // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 1 студзеня 2018 г. Праверана 22 студзеня 2018 г.
  15. ^ Афіцыйны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют і вартасьць кошыка замежных валют на 23.01.2018 // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 22 студзеня 2018 г. Праверана 22 студзеня 2018 г.
  16. ^ Шырокая грашовая маса // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 1 студзеня 2018 г. Праверана 22 студзеня 2018 г.
  17. ^ Паводле 22 мільёны беларускіх рублёў // Наша Ніва, 15 сьнежня 2008 г.
  18. ^ Элемэнты абароны грашовых купюраў Беларусі Інфаграфіка. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (13 сакавіка 2012). Праверана 14 сакавіка 2012 г.
  19. ^ а б Новыя грашовыя знакі Рэспублікі Беларусь узору 2009 году // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 4 лістапада 2015 г. Праверана 22 студзеня 2018 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць