Станіслаў Шушкевіч

савецкі і беларускі фізык, палітык
(Перанакіравана з «Станіслаў Шушкевіч (малодшы)»)
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Станіслаў Шушкевіч (неадназначнасьць).

Станісла́ў Станісла́вавіч Шушке́віч (15 сьнежня 1934, Менск — 3 траўня 2022, Менск[4]) — беларускі навукоўца і палітык, дэпутат Вярхоўнага савету 12-га і 13-га скліканьня, чалец-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, першы кіраўнік незалежнай Беларусі, адзін з трох удзельнікаў падпісаньня Белавескіх пагадненьняў аб юрыдычным замацаваньні распаду СССР. Сын беларускага пісьменьніка Станіслава Пятровіча Шушкевіча.

Станіслаў Шушкевіч
Старшыня Вярхоўнага савету БССР
9 верасьня 1991 — 19 верасьня 1991
Папярэднік: Мікалай Дземянцей
Наступнік: пасада скасаваная
1-ы Старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь
19 верасьня 1991 — 26 студзеня 1994
Папярэднік: пасада заснаваная
Наступнік: Мечыслаў Грыб
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 15 сьнежня 1934(1934-12-15)[1]
Менск, БССР
Памёр: 3 траўня 2022(2022-05-03)[2] (87 гадоў)
Партыя: КПСС (1968—1991)
Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада (ад 1998)
Сужэнец: Ірына
Дзеці: дачка Алена,
сын Станіслаў[3]
Бацька: Станіслаў Шушкевіч
Маці: Гэлена Раманоўская
Адукацыя: БДУ (1956)
Узнагароды:
мэдаль 100 гадоў БНР Прэзыдэнцкі мэдаль Свабоды камандор ордэна Вітаўта Вялікага
прэмія Савету Міністраў СССР Заслужаны дзяяч навукі і тэхнікі Беларускай ССР Дзяржаўная прэмія БССР

Біяграфія рэдагаваць

Нарадзіўся 15 сьнежня 1934 у Менску. Маці пісьменьніца Гэлена Раманоўская. Бацька Станіслаў Пятровіч Шушкевіч, таксама пісьменьнік, быў пазьней рэпрэсаваны савецкімі ўладамі. Бацькі былі дзецьмі беларускіх сялянаў і, як потым стала вядома, зьбяднелай шляхты[5][6]. Падчас Другой Сусьветнай вайны жыў у Беларусі. У 1951 годзе з мэдалём скончыў сярэднюю школу. У 1956 годзе скончыў фізыка-матэматычны факультэт БДУ. У 1956—1959 — асьпірант Інстытуту фізыкі АН БССР. У 1956—1960 — малодшы навуковы супрацоўнік Інстытуту фізыкі АН БССР. Ад 1960 да 1961 старэйшы інжынэр на Менскім радыёзаводзе. Пад час працы на радыёзаводзе навучаў расейскай мове верагоднага забойцу прэзыдэнта ЗША Джона Фіцжэральда Кенэдзі Лі Гарві Освальда[7]. Ад 1961 да 1967 — старшы інжэнэр, галоўны інжэнэр, загадчык сэктару лябараторыі ядзернай фізыкі БДУ. У 1963 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю. У 1966 годзе прызначаны прарэктарам па навуковай працы Менскага радыятэхнічнага інстытуту[8]. У 1971—1973 — выканаўца абавязкаў прафэсара, прафэсар, выканаўца абавязкаў загадчыка катэдры ядзернай фізыкі БДУ.Ад 1973 да 1990 — загадчык катэдры ядзернай фізыкі БДУ, адначасова ад 1986 да 1990 — прарэктар па навуковай працы БДУ.У 1990 абраны першым намесьнікам старшыні Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 12-га скліканьня; быў чальцом канстытуцыйнай камісіі [9]. Ад 1991 да 1994 — старшыня Вярхоўнага савету Рэспублікі Беларусь. У 1991 годзе абраны чальцом-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук па спэцыяльнасьці радыёспэктраскапія[10]. Ад 1994 — дырэктар Цэнтру палітычных і эканамічных дасьледаваньняў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту (зачынены ўлетку 2004). Лідэр партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада. У 2007 Лех Валэнса высунуў Станіслава Шушкевіча на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі міру[11].

Палітычная кар’ера рэдагаваць

У 1989 годзе абраны народным дэпутатам СССР. Кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савету БССР у 1989 годзе Шушкевіча высунулі супрацоўнікі катэдры ядзернай фізыкі фізычнага факультэта БДУ, якую ён у той час узначальваў. Ён апынуўся кандыдатурай на пасаду старшыні Вярхоўнага Савету, бо займаў нэўтральную пазыцыю да апазыцыі БНФ і адначасова заставаўся сябрам КПСС. У красавіку 1992 году было прынята заключэньне ЦВК РБ аб рэфэрэндуме. У гэты час якраз праходзіла сэсія Вярхоўнага Савету, на якой заставалася толькі прызначыць дату рэфэрэндума. Станіслаў Шушкевіч распускае сэсію, і паўгода Вярхоўны Савет не зьбіраецца. Рэфэрэндум забаранілі[12]. У 1994 годзе балятаваўся на пасаду Прэзыдэнта Беларусі, але саступіў у першым туры. У 1995 годзе абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня. У 1998 годзе аднавіў Беларускую сацыял-дэмакратычую Грамаду.

Узнагароды рэдагаваць

  • 1982 — Заслужаны дзяяч навукі і тэхнікі Беларускай ССР.
  • 1985 — Ляўрэат прэміі Савета Міністраў СССР
  • 1988 — Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (за падручнік для вну «Асновы радыёэлектронікі»)
  • 2010 — летувіскі Ордэн Вітаўта Вялікага[13].
  • 2009 — дактарат honoris causa Люблінскага Каталіцкага Ўнівэрсытэту Яна Паўла II[14]
  • 2006 — прэмія Яна Новака-Езяранскага[15]
  • 2012 — Прэзыдэнцкі мэдаль Свабоды

Бібліяграфія рэдагаваць

  • Марон Р. С.; Позняк А. Л.; Шушкевич С. С. Аппаратура для измерения электронного парамагнитного резонанса. — Л.: «Энергия», Ленингр. отд-ние, 1968. — 140 с.
  • Ефимчик М. К., Шушкевич С. С. Основы радиоэлектроники: учеб. для студентов физ. спец. ун-тов. — 2-е изд., перераб. и доп. — Минск: Университетское, 1986. — 302 с.
  • Шушкевич С. Неокоммунизм в Беларуси: идеология, практика, перспективы. — Смоленск: Скиф, 2002. — 284 с. — ISBN 5-2000-0617-1
  • Шушкевич С. С. Моя жизнь, крушение и воскрешение СССР. — Москва: РОССПЭН, 2012. — 470 с. — ISBN 978-5-8243-1708-4

Крыніцы і заўвагі рэдагаваць

  1. ^ а б Stanislau Schuschkewitsch // Munzinger Personen (ням.)
  2. ^ а б Умер бывший руководитель независимой Белоруссии Станислав Шушкевич (рас.)
  3. ^ Денис Мартинович. Кем стали дети руководителей Беларуси (рас.). tut.by.
  4. ^ Умер первый глава независимой Белоруссии Станислав Шушкевич
  5. ^ Станіслаў Шушкевіч. Маё жыццё, крах і ўваскрошанне СССР = Моя жизнь, крушение и воскрешение СССР. — Менск: 2013. — С. 15.
  6. ^ Станислав Шушкевич: Наброски первого (Беловежский консенсус и Беларусь) // Народная Воля. — 2012. — № 9-10 (3548-3549).
  7. ^ Norman Mailer. Гісторыя Освальда. Амэрыканская таямніца = Oswald's tale : an American mystery. — New York: Random House Trade Paperbacks, 2007. — 791 с. — ISBN 978-0-345-40437-4
  8. ^ Станислав ШУШКЕВИЧ: Наброски первого. (Беловежский консенсус и Беларусь). — 2012. — № 11-12 (3550-3551).
  9. ^ Постановление Верховного Совета Республики Беларусь от 20 июля 1990 г. №166-XII «Об избрании Конституционной комиссии»  (рас.)
  10. ^ Член-карэспандэнт Шушкевіч Станіслаў Станіслававіч. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Праверана 22 чэрвеня 2017 г.
  11. ^ Одного из инициаторов развала СССР номинировали на Нобелевскую премию мира Lenta.ru (рас.)
  12. ^ Пазьняк З. Незалежнасьці можна дамагчыся малымі сіламі, але ўтрымаць Незалежнасьць малымі сіламі цяжка.
  13. ^ Станіслава Шушкевіча ўзнагародзілі Ордэнам Вітаўта Вялікага // Наша Ніва, 22 чэрвеня 2010
  14. ^ Trzej prezydenci odebrali doktoraty honoris causa KUL(недаступная спасылка) // Polskie Radio, 1.07.2009  (пол.)
  15. ^ Laureaci Nagrody // Nagroda Jana Nowaka-Jeziorańskiego  (пол.)

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць