Сымбаль беларускага рубля

сымбаль валюты

Сы́мбаль белару́скага рубля́, таксама знак белару́скага рубля́ (Br) — друкарскі сымбаль, дыграф лацінскіх літар B і r. Выкарыстоўваецца галоўным чынам для прадстаўленьня нацыянальнае валюты Рэспублікі Беларусь — рубля.

Сымбаль беларускага рубля
Br
Выява
  𐆖 ؋ ฿ Br ¢   
Іншыя назвы Знак беларускага рубля
Зьвесткі
Тып сымбаль валюты; лігатура
Кадаваньне ISO 4217 BYN (933)
Краіна Беларусь Беларусь
Гісторыя
Варыяцыі BYR · BYB · BYN · р. · руб.
Сымбаль немагчыма вывесьці ў сумяшчальных са стандартам кампутарных шрыфтах, бо яго няма ў Юнікодзе. У асобных выпадках замест яго могуць быць скарыстаны падобныя па напісаньні графэмы.
усе сымбалі · лацінка · кірыліца · грэцкія · дыякрытыкі · валюты · дапамога

Напісаньне

рэдагаваць

Сымбаль «Br» уяўляе сабой дыграф загалоўнай лацінскай літары «B» і маленькай лацінскай літары «r». Утвораны ад назвы грашовай адзінкі Беларусі: B — Беларускі (лацінка: Biełaruski) і r — рубель (лацінка: rubiel)[1].

Гісторыя

рэдагаваць

Да 2005 году выкарыстоўваліся сымбалі:

  • BYB (25. 05. 1992 — 01. 01. 2000).

Пасьля 2005 году нараўне з «Br» выкарыстоўваюцца:

  • BYR (01. 01. 2000 — 01. 07. 2016);
  • BYN (з 01. 07. 2016).

Да 2005 году для кароткага абазначэньня беларускага рубля выкарыстоўваліся традыцыйныя для слова «рубель» скарачэньні — р. і руб. У траўні 2005 году ўправа Нацыянальнага банка зацьвердзіла новы сымбаль нацыянальнае валюты — Br.

«Управай Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь зацьверджаны графічны знак нацыянальнай грашовай адзінкі — беларускага рубля.

Ягоная ідэя заключалася ў стварэньні ўласнага абазначэньня нацыянальнай валюты Беларусі, арыгінальнага, вядомага й запамінальнага знака, які можна было б лёгка выкарыстоўваць як пры кампутарным наборы, так і пры напісаньні тэксту ад рукі.

Графічны знак беларускага рубля ўяўляе сабой у выглядзе двух літар лацінскага альфабэту „Br“, дзе В — беларускі, r — рубель.

Нацыянальны банк рэкамэндаваў банкам, нябанкаўскім крэдытна-фінансавым арганізацыям Рэспублікі Беларусь, іншым юрыдычным і фізычным асобам выкарыстоўваць дадзены графічны знак у якасьці ўказаньня на афіцыйную грашовую адзінку — беларускі рубель (як перад, так і пасьля наміналу (вартасьці) беларускага рубля) — пры вытворчасьці, разьмяшчэньні й распаўсюджваньні рэклямы на рынках тавараў, работ і паслуг, інфармацыйных, даведачных матэрыялаў, а таксама ў іншых мэтах».

— Цытата артыкула (прэс-рэлізу) Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 11 траўня 2005 году[1].

 
Плянаваная зьмена напісаньня цаны пасьля ўвядзеньня сымбаля Br: 100 руб. 25 кап.Br100, 25

Сымбаль «Br» актыўна выкарыстоўваецца на сайтах самога Нацыянальнага банка рэспублікі, а таксама шэрага беларускіх камэрцыйных банкаў. У дзелавым абароце па-ранейшаму часьцей сустракаюцца традыцыйныя скарачэньні р. і руб.

Прыз за стварэньне сымбаля «Br» атрымалі тры аўтары — усе яны даслалі на конкурс гэты варыянт. За графічны знак для беларускага рубля Аляксандру Гудашнікава з Полацку, Сяргею Разьніку зь Менску й Аляксандру Седарцову з Гомля належыць па 50 базавых велічынь, а дакладней, па 1 мільёну 275 тысячы Br[a], альбо 590$[2].

Іншыя варыянты

рэдагаваць

На конкурс даслалі каля 5 тысяч варыянтаў графічнага знака беларускага рубля. Прыходзілі сымбалі[2]:

  • якія сымбалізавалі бусла;
  • зь літарай Ў — як зь літарай, якая выкарыстоўваецца толькі ў беларускай мове;
  • абрэвіятура «Да» — у якой «Д» азначае «грошы» (па-расейску: деньги), а літара «А» — «Беларускую эканоміку, якая актыўна разьвіваецца» (па-расейску: Активно развивающуюся белорусскую экономику).

Як растлумачылі ва ўправе інфармацыі Нацыянальнага банка, каля 70% варыянтаў, дасланых на конкурс, абыгрывалі літары Б і Р[2].

Крытыка рэалізацыі

рэдагаваць

З часу ўвядзеньня «Br» прайшло шмат гадоў, а гэты графічны знак так і не ўвайшоў у паўсядзённае жыцьцё. Яго не выкарыстоўваюць ані ў крамах, ані ў рэкляме, ані нават у саміх банках[3].

Не было праведзена аніякіх мерапрыемстваў для пераходу да новага знаку, «…у Нацбанку гавораць пра своеасаблівы трэнд у гэтай сфэры, не зьвязаны з запатрабаванасьцю…»[3]:

«Вядомыя графічныя сымбалі гістарычна замацаваліся за асноўнымі сусьветнымі валютамі — далярам, фунтам і енай. Пры ўводзе ў абарачэньне эўра таксама быў створаны спэцыяльны знак, які адразу атрымаў шырокае распаўсюджваньне. Стварэньне сымбаляў „маладых“ нацыянальных валют стала своеасаблівай модай на постсавецкай прасторы, аднак у большасьці выпадкаў гэтыя ініцыятывы не былі падтрыманы насельніцтвам і бізнэс-супольнасьцю»

Законаў аб увядзеньні сымбаля ў абавязковае ўкараненьне не было, пры тым Нацыянальны банк не лічыць мэтазгодным прыняцьце такіх мер[3]:

«У сувязі з рэкамэндацыйным характарам выкарыстаньня графічнага знака Br Нацыянальны банк не лічыць мэтазгодным прыняцьце адміністрацыйных, а тым больш заканадаўчых мер па ягоным абавязковым укараненьні. Таму далейшае выкарыстаньне й (або) невыкарыстаньне субʼектамі гаспадараньня й фізычнымі асобамі зацьверджанай выявы графічнага знака беларускага рубля носіць добраахвотны характар».

Цікавыя факты

рэдагаваць
  • Да моманту прыняцьця рашэньня аб зацьвярджэньні графічнага знака беларускага рубля такі ж сымбаль (Br) ужо выкарыстоўваўся для абазначэньня этыёпскага быра.
  1. ^ Велічыня прыза на 13 траўня 2005 году