13-ы Беларускі паліцыйны батальён СД

13-ы Белару́скі паліцы́йны батальён СД — беларуская калябаранцкая вайсковая адзінка дапаможнай паліцыі ў часе Другое сусьветнае вайны.

13-ы Беларускі паліцыйны батальён СД
Weissruthenische-Polizei(SD)-Bataillon № 13
Schutzmannschafts Bataillon der SD 13
Schutzmannschaft Bataillon der Sicherheitspolizei 13
Schutzmannschafts-Bataillon der Sipo 13

Батальён на парадзе ў Менску, 1 траўня 1944 году (над сцэнай вісіць вялікі партрэт Гітлера, намаляваны Мікалаем Гусевым — будучым аўтарам сьцяга БССР)
Гады існаваньня 1943—1945
Краіна Трэці райх Трэці райх
Падпарадкаваньне СД
Тып дапаможная паліцыя
Функцыі антыпартызанскія апэрацыі
ахова будынкаў
Колькасьць да 1000 чалавек (восень 1943)
да 600 чалавек (восень 1944)
Дысьлякацыя Меншчына, Вялейшчына,
Лідчына, Глыбоччына, Баранавіччына, Варшава, Нямеччына
Мянушка Батальён СС
1-ы Беларускі батальён
Беларускі батальён
Колеры чырвона-белыя
Узбраеньне вінтоўкі Мосіна й іншае
Войны Другая сусьветная вайна
Нямецка-савецкая вайна
Удзел у Апэрацыя «Котбус»
Апэрацыя «Гэрман»[a]
Апэрацыя «Балотная ліхаманка»[a]
Апэрацыя «Гамбург»[a]
Варшаўскае паўстаньне
Вядомыя камандзіры Курт Юнкер
Іван Орсіч
Іван (або Васіль) Мялешка 
Антон Бандык
Сяргей Бобка
Л. Якубёнак

Самі ж беларусы звычайна называлі яго батальёнам СС[1]. Таксама ён часам называўся 1-м беларускім. Батальён быў складзены збольшага зь беларусаў-добраахвотнікаў[2][3]. Гэтая баёвая адзінка была адной з самых баяздольных (сярод беларускіх). Адно з найлепшых беларускіх калябарацыйных фармаваньняў[4][5].

Асабовы склад батальёну быў добра ўзброены і матэрыяльна ўсім забясьпечаны. З жаўнерамі і камандоўцамі вяліся інтэнсіўныя заняткі з баявое падрыхтоўкі. Таксама ў батальёне была добра зладжаная культурна-масавая праца (канцэнрты, тэатральныя вечары, прагляд кінастужак і г. д.)[4].

Перадумовы

рэдагаваць

Паводле ўспамінаў Францішка Кушаля, у сьнежні да яго зьявіўся ў вайсковым рэфэраце кіраўнік палітычнага аддзелу СД у Менску гаўптштурмфюрэр Шлегель і прапанаваў стварыць беларускі батальён СД:[1]

Я хацеў бы, каб пры СД у Менску быў зарганізаваны беларускі вайсковы аддзел у сіле батальёну, які б пасьля вышкаленьня нёс ахоўную службу ў Менску і апрача таго мог быць ужыты для змаганьня з партызаншчынай. Ці Вы не маглі б узяць на сябе арганізацыю гэтага батальёну?

На што Кушаль адказаў, што падумае. Пазьней ён параіўся ў заступніка старшыні Самапомачы Валькевіча, старшыні Менскага акруговага кіраўніцтва Самапомачы Юльяна Саковіча й іншых. Было пастаноўлена пісьмова прадставіць Шлегелю ўмовы, на якіх мае арганізоўвацца беларускі батальён. Гэтыя варункі былі апрацаваныя Кушалем і прадстаўленыя супольна з Саковічам Шлегелю. Умовы былі наступныя:[1]

  • Камандзір батальёну і ўсе ніжэйшыя камандзіры — беларусы.
  • Каманднай і службовай мовай у батальёне — беларуская.
  • Кандыдатаў на камандзіраў прадстаўляе галоўны вайсковы рэфэрэнт БСА пры Самапомачы.
  • Маральную апеку над батальёнам і прапаганду маюць беларусы.
  • Узбраеньне, абмундзіраваньне і выжывеньне нямецкае, паводле нямецкіх вайсковых нормаў.
  • Адзнакі на мундзірах павіны быць аднак беларускія, на шапках Пагоні, а бел-чырвона-белыя сьцяжкі на левым рукаве.
  • Батальён можа быць ужыты толькі на Беларусі й толькі супроць ворагаў беларускага народу бальшавіцкіх партызанаў.

Калі Шлегель прачытаў гэтыя патрабаваньні, ён на ўсё пагадзіўся, апрача таго, што камандоўцам батальёну павінны быць беларус. Ён лічыў, што камандоўцам фармаваньня мусіць быць немец, але ніжэйшыя чыны маглі б цалкам займаць беларусы[1]. На што Кушаль і Саковіч пагадзіліся, ня бачачы іншых магчымасьцяў стварыць беларускую вайсковую адзінку. Такім чынам, Кушаль і Саковіч прыйшлі да згоды са Шлегелем[1].

У тым жа месяцы паміж начальніка паліцыі бясьпекі й СД генэральнай акругі Беларусі СС-обэрштурмбанфюрэра Эдуарда Штраўха й кіраўніцтва БНС было падпісанае пагадненьне пра стварэньне асобнага беларускага батальёну СД, у задачы якога ўваходзіла б выключна барацьба з партызанамі.

Прычыны, якія схілілі Штраўха стварыць зь беларусаў асобны батальён СД, называюць розныя. Найверагодней, формаваньне яго было абумоўленае тым, што стацыянарныя органы паліцыі бясьпекі й СД мелі патрэбу ў дадатковых сілах, каб праводзіць адмысловыя дзеі супраць партызанаў і іншых «непажаданых элемэнтаў», у тым ліку, каб «разьвязаць жыдоўскае пытаньне», якім Штраўх займаўся на Беларусі[4].

Набор у батальён

рэдагаваць

На наступны дзень пасьля падпісаньня загаду пра стварэньне батальёну (сьнежань 1942 году) Францішак Кушаль выехаў у акругі, каб на месцы паразумецца з акруговымі рэфэрэнтамі БСА й кіраўнікамі Самапомачы. Запэўніўшы акрэсьленую колькасьць добраахвотнікаў з кожнае акругі, Кушаль вярнуўся ў Менск і пачаў чакаць іхнага прыбыцьця[1].

У пачатку лютага 1943 году добраахвотнікі пачалі прыбываць. Кушаль адзначаў, што немцы далі яму вялікую свабоду ў арганізацыі батальёну[1]. Ужо ў першай палове сакавіка быў сфармаваны батальён, да якога далучылі прапагандыста лейтэнанта Віктара Чабатарэвіча, дзеля Кушалевай прапановы. Батальёнаў склад на той момант:[1][6]

У некаторых навуковых працах, якія тычацца батальёну, Мазур і Орсіч маюць годнасьці старшых лейтэнантаў[7], але, паводле Кушаля, яны былі падлейтэнантамі[1], з чым таксама пагаджаецца частка дасьледчыкаў[6].

 
Фізычныя практыкаваньні жаўнераў

Пра батальён Кушаль пісаў:[1]

Батальён гэты быў добра абмундзіраваны й знаходзіўся на ваенным харчаваньні. Справа ўзгадаваньня жаўнераў была пастаўленая вельмі высока. Усё беларускае грамадзянства зьвяртала на батальён вялікую ўвагу, для батальёну ладзіліся тэатральныя паказы, вечарыны й іншае. Саюз моладзі з свайго боку даваў для жаўнераў аматарскія паказы. Адным словам, гэта быў узорны вайсковы аддзел — улюбёнец беларускага грамадзянства.

Нямецкім камандоўцам батальёну прызначылі афіцэра з апарату Штраўха — СС-штурмбанфюрэра Курта[8] Юнкера[9][10] (або Юнкерса)[6].

Змаганьне з польскім уплывам

рэдагаваць

Дзеля пазбаўленьня польскага ўплыву, беларускія нацыяналісты праводзілі вельмі строгую сэлекцыю кандыдатаў у 13-ы Беларускі батальён пры СД. Збольшага гэты захад быў пасьпяховым і ўдачным. Але нават беларуская рота СД, якая ахоўвала Калдычэўскі ляге­р і была вельмі ляяльнай да немцаў, не была пазбаўленая агентуры Арміі Краёвай. Напрыклад, у 1943 годзе быў выкрыты й арыштаваны паліцыянт Ян Сухажэўскі, які ўзначальваў польскую агентурную ячэйку ў Калдычэве[11].

Агулам жа ў структурах СД дамінавалі беларусы, пра што ўспамінаў дзеяч нацыянальнага руху Язэп Мялецкі:[12]

Навет СД на Баранавіцкую, Слонімскую, Наваградзкую й Лідзкую акругі было абсаджанае Беларусамі й беларускімі збройнымі аддзеламі. Тут зь беларускага боку палітычныя справы ў гэтым часе [Восень 1942 году] кантралявалі патрыёты В. Папуцэвіч, А. Русак, Я. Якуцэвіч, К. Кіслы ды іншыя. Не зважаючы на ўсе наступы з боку польскага ды савецкіх агентаў, яны здолелі адміністрацыйна апанаваць аграмадную прастору Заходняй Беларусі й да канца нямецкае акупацыі надаць ёй выключна беларускі характар.

Шлях батальёну

рэдагаваць
 
Кадар з кінакронікі.

У траўні 1943 году батальён пайшоў у акцыю супраць партызанаў[6] у ваколіцах Менску[9] й Лепелю[6]. Тамака як камандоўцы, так і стральцы паказалі сябе з найлепшага боку. Пасьля колькітыднёвай акцыі батальён вярнуўся ў Менск. Немцы, у тым ліку й камандовец батальёну, вельмі хвалілі падначаленых беларусаў. У часе акцыі былі забітыя некалькі дзясяткаў беларускіх ваяроў[9]. Гэтыя ахвяры вельмі ўрачыста былі пахаваныя ў Менску пры ўдзеле беларускай грамадзкасьці й немцаў. Паводле тагачаснай публікацыі у «Беларускай газэце» «Памерлі, каб жыла Беларусь», прадстаўнік беларускай цывільнай грамадзкасьці прамаўляў на пахаваньні двух жаўнераў батальёну:[13]

Толькі той, хто ставіць свабоду вышэй за жыцьцё, хто не баіцца сьмерці, можа прэтэндаваць на тое, каб стацца валадаром і гаспадаром, а не нявольнікам. Да такіх і належалі забітыя бандытамі беларускія жаўнеры.

Батальён паказваў сябе вельмі добра[9], з-за чаго Кушаль разьлічваў на сфармаваньне яшчэ падобных беларускіх адзінак[9].

У складзе батальёну дзейнічала навучальня рота, створаная ў траўні 1943 году. Надалей яна была перайменаваная ў школу СД. Курсанты вывучалі мэтады антыпартызанскае барацьбы, тактыку, шыхтовую падрыхтоўку, савецкую й нямецкую зброю[6].

Канфлікты зь немцамі

рэдагаваць

У гэтым самым часе, калі здавалася, што ўсё для калябарацыяністаў ідзе добра, пачалі здарацца канфлікты паміж камандоўца батальёну, немца, і беларускіх афіцэраў. Кушаль, як апякун гэтага батальёну, мусіў выступаць пры кожным канфлікце ў якасьці пасярэдніка паміж іх[1].

Кушаль вызначаў дзьве прычыны гэтакіх канфліктаў:[1]

…Адна тая, што немцы папрыдзялялі да ротаў сваіх падафіцэраў, якія называліся шэфамі ротаў і інструктарамі. Вось гэтыя шэфы ротаў і пачалі ўваходзіць у кампэтэнцыі камандзіраў ротаў і зьвязаў. Нашыя афіцэры не хацелі зрачыся сваіх правоў і прывілеяў камандзіраў на карысьць нямецкіх падафіцэраў. Ізноў нямецкія падафіцэры пры кожным асаджэньні іх, у выпадку, калі яны мяшаліся ў правы нашых камандзіраў, жаліліся камандзіру батальёну. Немец, камандзір батальёну, заўсёды прымаў бок сваіх нямецкіх падафіцэраў і нападаў на афіцэраў беларусаў, хоць бы яны мелі стопрацэнтовую рацыю. Нашыя афіцэры ў такім выпадку адклікаліся да мяне. Другая прычына канфлікту была тая, што на ўсіх гаспадарскіх функцыях у батальёне стаялі нямецкія падафіцэры, якія абкрадалі нашых жаўнераў. Я асабіста сцьвердзіў некалькі раз крадзеж нямецкімі падафіцэрамі харчоў, аб чым дакладваў нямецкім вышэйшым уладам. З гэтай прычыны камандзір батальёну меў частыя няпрыемнасьці й канфлікт гэты паміж ім і намі што раз больш паглыбляўся.

Лейтэнант Мазур

рэдагаваць

Найбольш няўступлівым быў камандовец 2-гой роты падлейтэнант[1] (або старшы лейтэнант)[7] Мазур, чалавек досыць амбіцыйны й імпульсіўны, з-за чаго камандоўца батальёну прасіў Кушаля, каб ён адклікаў Мазура й даў на ягонае месца іншага афіцэра. Аднак Кушаль праігнараваў ягоную просьбу. Празь некаторы час камандовец батальёну паведаміў Кушалю, што Мазур высылаецца ў афіцэрскую школу ў Бэрліне на перашкаленьне, што Кушаля вельмі зьдзівіла, але ён паверыў. Аднак, калі Мазур перад ад’ездам пайшоў у аддзяленьне СД па дакумэнты, ён таямніча зьнік, беларускія жаўнеры болей яго ня бачалі[1]. Прыблізна праз два тыдні пасьля гэтага выпадку камандовец фармаваньня паведаміў афіцэрам батальёну, што Мазур быў забіты ў часе бамбаваньня Потсдаму, дзе знаходзілася ягоная школа. Але Потсдам быў пабамбардаваны толькі ў красавіку 1945 году, таму сьмерць Мазура засталася загадкай[1]. Сярод ягоных суслужыўцаў хадзілі чуткі, што яго расстралялі[14].

Папаўненьне

рэдагаваць
 
Беларускі камандовец індывідуальна вучыць жаўнера.

Усё лета 1943 году батальён прымаў удзел у акцыях у Менскай акрузе[14]. У іх батальён нёс ахвяры, але стаўся незвычайна баёвай адзінкай. Восеньню таго ж году батальён быў пераведзены зь Менску ў Вялейку. У Вялейцы яго папоўніла рота, якая была створаная пры СД у гэтым жа мястэчку, пад камандаваньнем лейтэнанта Аркадзя Качана[1]. Апрача таго, з Глыбоцкае акругі прыбыло каля 150 чалавек на чале зь лейтэнантам Л. Якубёнкам[1]. Такім чынам, у Вялейцы батальён разгарнуўся ў вялікую адзінку ў складзе каля тысячы чалавек.

Тамака ж батальён атрымаў нумар 13 і афіцыйна стаў называцца «13-ы Беларускі Паліцыйны Батальён пры СД». Аднак беларусы звычайна называлі яго «Батальён СС»[1].

Перавод зьвязаў

рэдагаваць

Пасьля кароткага зьбіраньня батальёну ў адну цэласьць і ягонага адпачынку ад баявых дзеяньняў, невялікія часткі батальёну, звычайна ня больш за зьвяз[1], былі парассыпаныя па акруговых СД, дзе несьлі ахоўную службу. Большая частка батальёну засталася ў Вялейцы й усьцяж прымала ўдзел у супроцьпартызанскіх акцыях. Гэтаксама бралі ўдзел у супроцьпартызанскіх акцыях і зьвязы, якія знаходзіліся пры акруговых СД.

Бандыкаў бунт

рэдагаваць
Прычыны бунту
рэдагаваць

Большасьць батальёну знаходзілася ў Вялейцы. Тутака ён вельмі часта прымаў удзел у супрацьпартызанскіх акцыях. Аднак камандовец батальёну, немец, вельмі тэндэнцыйна ставіўся да беларускіх афіцэраў. Значэньне афіцэраў-беларусаў ён увесь час стараўся зьвесьці да нуля, супрацьстаўляючы ім нямецкіх падафіцэраў. Гэтакае стаўленьне вельмі абурала беларускіх афіцэраў.

 
Суполка ахвіцэраў 1-га беларускага батальёну СД

Начальнік Вялейскага СД обэрштурмфюрэр Рудольф Гравэ наехаў на міну й быў такім чынам забіты (лета 1944 року)[1][6]. На пахаваньне Гравэ прыгатавалася ісьці й рота беларускага батальёну. Камандовец гэтае роты лейтэнант Антон Бандык вышыхтаваў яе й, калі прыйшоў да роты камандовец батальёну, здаў таму рапарт. Але камандовец фармаваньня загадаў Бандыку ўступіць у шыхт, а камандаваньне ротай перадаць падафіцэру-немцу. Бандык у шыхт не ўступіў. Бачачы гэта, камандоўцы зьвязаў, лейтэнанты, гэтаксама выступілі з шыхту й далучыліся да Бандыка. Такім чынам, ротай камандаваў нямецкі падафіцэр, а беларускія афіцэры на пахаваньні прысутнічалі асобнай суполкай. Гэты ўчынак Бандыка й ягоных афіцэраў камандовец батальёну палічыў за адкрыты бунт, прыгразіў ім палявым судом і напісаў адпаведны рапарт начальніку СД Беларусі ў Менску Эдуарду Штраўху[15].

Наступствы бунту
рэдагаваць

На другі дзень пасьля гэтага інцыдэнту Францішак Кушаль прыехаў у Вялейку на інспэкцыю батальёну. Лейтэнант Бандык зьявіўся да яго са сваімі афіцэрамі й распавёў пра інцыдэнт. Кушаль неадкладна напісаў адпаведны рапарт Прэзыдэнту БЦР і прасіў яго зьвярнуцца з гэтай справай да начальніка СД. Радаслаў Астроўскі перамовіў зь немцамі, і ў рэшце рэштаў беларускія афіцэры былі прызнаныя невінаватымі. Камандовец батальёну сказаў Бандыку, што ён пагарачыўся, але стасункі паміж іх яшчэ болей пагоршыліся[1].

У Лідзе знаходзіўся зьвяз батальёну пад камандаваньнем Івана[16] (або Васіля)[4] Мялешкі.

У студзені 1944 году фюрэр СС паліцыі Лідзкай акругі вырашыў правесьці апэрацыю супраць тутэйшых партызанаў. З гэтаю мэтаю ён стварыў баёвую суполку, у якую, акрамя зьвязу Мялешкі, увайшлі іншыя фармаваньні з болей нізкімі баявымі якасьцямі. У апэрацыі мусілі ўдзельнічаць:[16]

  • Зьвяз 13-га Беларускага паліцыйнага батальёну пры СД;
  • Рота ваенна-будаўнічай арганізацыі Тодту (Todt Organisa­tion);
  • Атрад тутэйшай дапаможнай паліцыі;
  • Зводны атрад жаўнераў акруговага камісарыяту.

Камандоўцам гэтае суполкі быў прызначаны Мялешка. Акрамя таго, за 10 км ад Ліды стаяла нямецкая пяхотная рота, якая таксама мусіла ўдзельнічаць у апэрацыі. Але ініцыятар ак­цыі, фюрэр СС і паліцыі, не паведаміў нямецкаму камандоўцу, зь якога накірунку прыйдзе суполка Мялешкі. У скутку, нямецкі камандовец атрымаў ад свайго дазору данясеньне, што да раёну іх разьмяшчэньня набліжаецца падазроны атрад. Калі камандовец роты паглядзеў у бінокаль, то ўбачыў узброеных людзей у рознай уніформе. Жаўнеры арганізацыі Тодту насілі мундуры, колерам падобныя да польскіх. А з-за таго, што пад Лі­дай дзейнічала шмат польскіх партызанаў, камандовец нямецкае роты, вырашыўшы, што гэта ворагі, прыказаў адкрыць агонь. На чале атраду ішоў лейтэнант Мялешка, і ён жа першым быў цяжка ранены. Жаўнер, які кінуўся на дапамогу свайму камандоўцу, быў адразу ж забіты. Непаразуменьне хутка высьветлілася, аднак Мя­лешка сканаў ад ранаў на месцы[16].

Глыбокае

рэдагаваць

Улетку 1943 году[6] першы зьвяз 1-е роты й частка другога зьвязу былі накіраваныя ў Глыбокае, дзе вартавалі будынкі СД ды вязьніцы, канваявалі арыштаваных і вялі баявыя дзеяньні супраць партызанаў у навакольных вёсках[6]. Камандоўцам гэтага злучэньня быў ужо надлейтэнант[1] Орсіч, адзін з найвыдатнейшых афіцэраў батальёну. Ягоны зьвяз праводзіў вучэбнае вострае страляньне зь мінамёта, якое было прыкладна ў адзін час з пахаваньнем Гравэ[1]. Але адна міна ўзарвалася ў мінамёце, таму ўсе людзі, якія знаходзіліся побач, былі цяжка параненыя, у тым ліку й камандовец Орсіч, якому аскепак прабіў лёгкія навылёт. Паводле ўспамінаў Кушаля, Орсічаў стан у лязарэце быў амаль безнадзейны, хаця ў гэты момант, паводле тагачасных чутак, ён паправіўся й знаходзіўся ў лязарэце ў Баварыі на вылячэньні[1].

Эвакуацыя

рэдагаваць

Напрыканцы чэрвеня (паводле Юрыя Туронка, у ліпені[17]) 1944 году распачалася эвакуацыя зь Беларусі. 13-ы батальён пачаў адступаць на захад разам зь нямецкім войскам. Па дарозе далучаліся да яго часткі, якія былі аддзеленыя ад батальёну.

Бандыкава дэзэрцыя

рэдагаваць

Стасункі паміж камандоўца батальёну, немцам, і беларускімі афіцэрамі штораз горшаліся й сталі немагчымымі. Нямецкія афіцэры былі поўнымі панамі становішча ў ротах. Гэтакі стан рэчаў не задавальняў беларускіх афіцэраў. У Аўгустове на пастою лейтэнант Антон Бандык заалярмаваў сваю роту. Да паўстанцаў далучыліся афіцэры Іваніцкі, Дрозд і Мохарт і пад камандай Бандыка адлучыліся ад батальёну й пайшлі ў лес. Такім чынам 150 стральцоў і 4 афіцэры сыйшлі з батальёну[18].

Расправа немцаў

рэдагаваць

Дрозд і Мохарт, аднак, перадумалі й на наступны дзень вярнуліся. Выходзячы зь лесу, яны далучыліся да калёны ўцекачоў, у якой быў бацька лейтэнанта Мохарта. Тутака іх і знайшоў патруль (два нямецкія афіцэры й беларускі унтэр-афіцэр)[18], пасланыя для хапуну дэзэртыраў. Лейтэнанты былі арыштаваныя й расстраляныя на наступны дзень беларускім унтэр-афіцэрам, які, каб выслужыцца перад немцамі, выканаў ролю ката[18].

Акрамя Мохарта й Дразда, у рукі немцам патрапілі яшчэ некалькі унтэр-афіцэраў і шарагоўцаў, якія адсталі ад паўстанцаў. Зь імі немцы расправіліся на месцы. Пасьля гэтага інцыдэнту камандовец батальёну звольніў ад выкананьня сваіх абавязкаў усіх беларускіх афіцэраў і аддаў ім апошні прыказ — ісьці ў падпарадкаваньне камандаваньня РВА. Атрымаўшы чыгуначныя квіткі, большасьць так і зрабіла. Але лейтэнанты Сасукевіч, Кушняровіч (Кушнеровіч) і Клінцэвіч замест таго, каб ехаць да РВА, паехалі ў Бэрлін да БЦР, дзе ўступілі ў 1-ы Кадравы Беларускі Батальён, які тамака фармаваўся[1][19].

Пра падзеі дэзэрцыі ў Аўгустове Кушаль успамінаў:

Афіцэры, якія пакінулі батальён у Аўгустове, ня мелі намеру здрадзіць. Да гэтага распачлівага кроку яны былі вымушаныя толькі неадпаведнымі адносінамі да іх немцаў. Аб гэтым сьведчыць той факт, што два афіцэры, лейтэнант Дрозд і Мохарт, пакінуўшы батальён, далучыліся да калёны ўцекачоў і разам з калёнай адступілі ў Нямеччыну. Калі даведаўся аб гэтым камандзір батальёну, то паслаў патруль, зложаны з немцаў, каб арыштаваць Дразда й Мохарта. Патруль прыбыў у калёну, забраў лейтэнанта Дразда й Мохарта, і, адвёўшы іх ад калёны, на вачох бежанцоў, абодвух застрэліў. Кажуць, што быццам лейтэнант Мохарт быў толькі паранены й уцёк. Ці гэта праўда, ня ведама.[1]

Паводле Івана Каўтуна, батальён пачаў эвакуацыю адразу пасьля ўступленьня Чырвонай Арміі ў Беларусь (23 верасьня 1943 году). Потым ужо з Польшчы фармаваньне было накіраванае ў Італію, дзе яно ваявала супраць 2-га Польскага корпусу пад Монтэ-Касына, а ўжо толькі потым частка беларусаў, найбольш верных немцам, была перакінутая ў Нямеччыну[4]. Але з гэтай думкай не пагаджаюцца іншыя навукоўцы, на іх думку, эвакуацыя адбылася не раней за чэрвень. Францішак Кушаль жа пра дзеяньні жаўнераў батальёну ў Італіі нічога не напісаў.

Таксама, паводле Сяргея Чуева, у ліпені 1944 году на барацьбу з партызаншчынай на Чэхаславаччыне й Італіі была адпраўленая толькі 3-я рота батальёну[6]. Паводле Юрыя Грыбоўскага, 3-я рота гэтаксама была накіраваная ў Італію ў 1944 годзе, але на нядоўгі час. Паводле яго, асабовы склад кватараваўся ў ваколіцах Трыесту[20].

Глядзіце таксама: Варшаўскае паўстаньне

Частка батальёну, складзеная зь 7 ротаў (каля 700[21] або тысячы[22] чалавек), была накіраваная ў Варшаву[22]. На чале батальёну заставаўся Курт Юнкер, але ў годнасьці гаўптштурмфюрэра СС[8]. Фармаваньне ўпершыню згадвалася ў Варшаве з 3 жніўня[22] як ахова жылых будынкаў і нямецкіх управаў у паліцыйнай дзялянцы ў раёне Алеі Шухі, Ружаў і Ўяздоўскага, а таксама ў раёне вуліцаў Кашыковай і Вейскай. Батальён вартаваў тыя будынкі да 13 верасьня[8]. Хутчэй за ўсё, увесь батальён прыняў удзел у задушэньні паўстаньня, акрамя 4-й роты. За ўдзел у баях з паўстанцамі обэрфэльдфэбэль Ілья Занец (па-нямецку: Ilja Sanetz) з 2-га зьвязу 1-й роты, быў узнагароджаны залатым мэдалём 2-й клясы за адвагу для ўсходніх народаў. Таксама баі беларусаў зь 1-й роты у Макотаве палякі ўспрынялі як змаганьне з украінцамі[22]. 11 верасьня пачаўся інтэнсіўны агонь артылерыі й мінамётаў, які стаў пачаткам наступленьня на Сельцы. Дзьве роты сілай 250 салдатаў пры падтрыманьні дванаццаці танкаў і штурмавых гарматаў выйшлі ў атаку на вышыні вул. Бончы, але спробы атакі пад камандаваньнем ротмістра «Гарды» былі няўдалымі да 18-й гадзіны, хаця беларусы акапаліся на блізкай адлегласьці.

Срэбным мэдалём 2-й клясы за адвагу для ўсходніх народаў былі ўзнагароджаныя яфрэйтар Анатоль Юрэвіч (па-нямецку: Anatol Jurewitsch) і унтэр-афіцэр Пётар Моніч (па-нямецку: Peter Monitsch), абодва жаўнеры з артылерыі. Першы за ўзорнае выкананьне сваіх абавязкаў і адвагу ў баі (уратаваў батарэю жаўнераў), а другі — за выдатнае камандаваньне й добрую службу[22].

Нагрудны знак «За раненьне» атрымаў салдат (шараговец) Міхаіл Корбут (па-нямецку: Michael Korbut) за баі 23 верасьня. Два яфрэйтары Графін Бейка (па-нямецку: Grafin Beyko) і Піліп Сяргеня (па-нямецку: Philipp Sergenia), былі ўзнагароджаныя аналягічным знакам за раненьні, атрыманыя 26 верасьня. Па сканчэньні баёў у Варшаве беларускі батальён, які складаўся з 600 паліцыянтаў[22], быў выведзены зь места.

Нямеччына

рэдагаваць

У кастрычніку 1944 году лейтэнант Сасукевіч і іншыя прыбылі да БЦР і распавялі пра падзеі ў Аўгустоўскай пушчы. Усхваляваны тымі расповедамі Кушаль адразу ж паехаў на месца пастою батальёну, каб праверыць усё на мейсцы[23]. Частка батальёну стаяла ў мясцовасьці Альбэртсдорфе (Усходняя Прусія), але гэта была толькі адна рота. Камандовец гэтае роты, гаўптштурмфюрэр-немец, вельмі ўсьцешыўся з Кушалевага прыезду, бо трэба было падняць настрой у людзей, які быў упаў[1]. У гутарцы з Кушалем камандовец батальёну на Кушалевы запытаньні, чаму гэтак здарылася, што беларускіх афіцэраў нямашака ў батальёне, даў вельмі няясны адказ. Немец абвінаваціў беларускіх афіцэраў у тым, што яны не жадалі падпарадкавацца нямецкім падафіцэрам. Ён загадаў сабраць усіх людзей, каб Францішак Кушаль мог зь імі гаварыць. Калі ён пачаў размаўляць зь беларусамі, то сьцьвердзіў сапраўды благі настрой у іх. Кушаль так пісаў пра размову зь імі:[1]

Першае, на што мне жаліліся стральцы, гэта на адсутнасьць пры іх сваіх афіцэраў. «Мы жадаем, казалі мне стральцы, каб БЦР прылажыла ўсіх стараньняў, каб нашыя афіцэры вярнуліся да нас».

Паводле Францішка Кушаля, у гэты час у батальёне было яшчэ каля 600 чалавек, але людзі былі падзеленыя на адзінкі й раскінутыя па ўсёй Нямеччыне:[1]

Аднак, паводле Сяргея Чуева, 500—600 жаўнераў — гэта колькасьць падчас эвакуацыі, а ўжо пасьля яе, на ягоную думку, засталося толькі 150 жаўнераў[6].

У сьнежні 1944 — студзені 1945 рокаў рэшткі батальёну ўвайшлі ў склад 1-й грэнадэрскай брыгады войскаў СС[23].

Паводле Андрэя Катлерчука, у Даніі ў сакавіку-красавіку[24] 1945 годзе знаходзілася 150 жаўнераў 13-га батальёну СД, але дакладна невядома што яны тамака рабілі, імаверна, нешта ахоўвалі[25].

Бандыкаўцы

рэдагаваць

Сустрэча з Арміяй Краёвай

рэдагаваць

Пад час эвакуацыі рота Антона Бандыка ўцякла ў Аўгустоўскі лес. Вядома, што бандыкаўцы стварылі нацыяналістычны партызанскі атрад з мэтаю вядзеньня ў далейшым баёў у тылу наступальнай Чырвонай арміі. Але гэты атрад самастойна дзейнічаў нядоўга. З дакумэнтаў АК (справаздача атраду 1-га ўланскага палку ад 25 лютага 1945 году) вядома, што 14 ліпеня 1944 году на ягоны бок перайшла суполка калішніх «беларускіх эсэсаўцаў» — каля 4 афіцэраў, 19 унтэр-афіцэраў і 90 шарагоўцаў[26].

Палякі ў сваёй справаздачы пасьпяшаліся ставіць сабе ў заслугу гэты пераход. Нібыта ў дадзеным выпадку спрацавалі ўлёткі АК, што даволі сумнеўна, бо бунт роты адбыўся напрыканцы чэрвеня, а да палякаў бандыкаўцы перайшлі толькі праз два тыдні. Хутчэй за ўсё, беларусы сустрэліся зь імі ўжо ў лесе[26].

Ну службе ў Арміі Краёвай

рэдагаваць
Глядзіце таксама: Армія Краёва

Палякі прынялі фармаваньне Бандыка, але не пакінулі яго самастойнай баявой адзінкай. На грунце гэтае няпоўнае роты быў сфармаваны атрад «Шчапа» пад камандаваньнем падпаручыка С. Кота. Цяпер новы атрад складаўся з 60 чалавек і дзейнічаў у раёнах Саенек — Аўгустоў і Балінка — Кальніца — Аўгустоў. З прычыны таго, што бандыкаўцы былі добра падрыхтаваныя, кіраўніцтва Арміі Краёвай кінула іх у бойку літаральна ўжо на наступны дзень — 15 ліпеня[26].

 
Беластоцкая акруга Арміі Краёвай

З дакумэнтаў вядома, што ў гэты дзень атрад «Шчапа» раззброіў пост нямецкай чыгуначнай аховы на станцыі Саенек, захапіўшы зброю, аснаду й сем палонных. У той жа дзень партызаны зладзілі засаду на шашы Саенек — Ліпск, у выніку якой яны здолелі зьнішчыць чатыры нямецкія самаходы. Падчас гэтых апэрацыяў ніводны беларус дый ніводны паляк з атраду ня быў забіты.

У далейшым, пасьля таго як выйшаў прыказ пра расфармаваньне Арміі Краёвай (студзень 1945), усе партызаны гэтага атраду былі дэмабілізаваныя й распушчаныя па хатах.

На службе ў Чорнага Ката

рэдагаваць
Глядзіце таксама: Чорны кот

Паводле Алега Раманька, дагэтуль яшчэ невядомы лёс самаго лейтэнанта Бандыка й астатніх (болей за паўсотню) былых беларускіх жаўнераў. Ён мае некалькі вэрсіяў: альбо палякі разьмеркавалі іх па іншых атрадах, альбо яны вярнуліся да немцаў, як лейтэнанты Мохарт і Дрозд, альбо сталі арганізавана бегчы ва Ўсходнюю Беларусь, каб пачаць тамака партызанку супраць бальшавікоў[27].

Гісторык Сяргей Ёрш і Сяржук Горбік сьцьвярджаюць, што напрыканцы 1946 атрад на чале з Антонам Бандыкам вызваліў больш за трыста беларусаў, якіх бальшавікі везьлі дзеля допытаў праз Варшаву зь Нямеччыны. Аднак дакумэнтальных крыніцаў пра гэтае няма, толькі расповеды нейкага інфарматара X[28].

Злачынствы

рэдагаваць

Паводле Івана Коўтана, сам батальён у расстрэлах ня ўдзельнічаў, а выкарыстоўваўся толькі ў антыпартызанскіх апэрацыях[4]. У злачынствах, учыненых нацыстамі ў Беларусі супраць мірнага насельніцтва, беларусы ўдзельнічалі зрэдку[4]. Як адзначаў гісторык А. Т. Лейзераў:[4]

…немцы пазьбягалі заахвочваньня да масавых акцыяў, у тым ліку пагромаў, паліцыі з тутэйшых жыхароў. У сувязі з гэтым яны вымушаныя былі заахвоціць прывезеныя ў Беларусь украінскія й летувіскія паліцыйныя батальёны.

Дакумэнтальна вядомыя злачынствы Бобкавай роты ў Калдычэве[4] і жаўнераў Якубёнкавай роты[4][29] (5-я рота)[29] батальёну. Таксама вядома, што першы зьвяз 1-е роты й частка другога зьвязу вартавалі будынкі СД ды вязьніцы, канваявалі арыштаваных і вялі баявыя дзеяньні супраць партызанаў у навакольных вёсках, будучы ў Глыбокім[6]. Гэтаксама вядома, што 5-я рота ўдзельнічала ў зьнішчэньні Глыбоцкага гета[30]. Паводле Карбовяка, батальён удзельнічаў і ў зьнішчэньні Наваградзкага гета[21].

Рота ў Калдычэве часам разглядаецца як асобная адзінка, бо падпарадкавалася пэўны час Баранавіцкаму аддзелу СД[27], хаця батальёнаў тагачасьнік і стваральнік Францішак Кушаль не ўспамінае пра іншыя асобныя беларускія фармаваньні СД[1]. Жаўнеры Баранавіцкага аддзелу таксама ўдзельнічалі ў апэрацыях «Гэрман», «Балотная ліхаманка», «Гамбург»[6].

У сакавіку 2021 году Ігар Марзалюк у сваім артыкуле «Народнай газеце» таксама заявіў, што гэны батальён зьнішчыў агулам пяць гетаў, у тым ліку ў Глыбокім[31]. У этэры СТБ ён удакладніў, дзе батальён зьнішчаў гета: Глыбока (жнівень 1943), Менск (кастрычнік 1943), рэшткі гета ў Валожыне, Баранавічы, Нясьвіж, Гарадзішча[24]. Гэтаксама ў сваім інтэрвію «Беларусі сегодня» ў кастрычніку 2020 году Марзалюк паведаміў, што батальён зьнішчыў Глыбоцкае гета з карыстаньнем артылерыі й танкаў[32], але гэтыя танкі й артылерыя не былі ў складзе самога батальёну[30].

Канцлягер у Калдычэве

рэдагаваць
Асноўны артыкул: Калдычэўскі канцэнтрацыйны лягер
 
Баранавіцкая рота батальёну.

У 1942 годзе ў мястэчку Калдычэве (за 20 км ад Баранавічаў) быў створаны канцэнтрацыйны лягер. Лягер быў створаны на тэрыторыі колішняга маёнтка польскага шляхціча Салевіча. Да ўтрыманьня вязьняў тутака выкарыстоўвалі стайні, гумны й хлявы[4].

Тутэйшая ахова, паводле Сяргея Чуева, мела ў сваім складзе 120 вершнікаў, якія ўдзельнічалі на акцыях па-за лягерам[6]. Вартаўнікоў лягеру было 100 чалавек[4]

У складзе роты, жаўнеры якой абаранялі лягер, агулам было 150 чалавек, зь іх 148 — беларусы[33]. Паводле Аркадыюша Карбовяка, гэта была 7-я рота[21]. Аднак, паводле іншых навукоўцаў, гэта была іншая рота, бо Сяргей Бобка, калі быў адлучаны ад службы ў лягеры, быў вызначаны за камандоўца 7-й роты батальёну, якая была ў Новай Вялейцы[14].

Лейтэнант Бобка

рэдагаваць

Камэндантам лягеру быў лейтэнант Сяргей[3] Бобка. Аднак на мяжы 1942—1943 гадоў функцыі камэнданта былі перададзеныя ўрадніку СД з Баранавічаў Францу Ёрну. Бобка ж быў пераведзены на пасаду начальніка лягернай аховы — усяго яму падпарадкавалася каля 100 чалавек. Ёрн меў даволі нізкую годнасьць — усяго толькі СС-штурмана[27], што раздражняла беларускі пэрсанал. Апрача таго, паводле Бобкі, ужо толькі тое, што «гэты прымітыўны чалавек з адной лычкай» меў над ім і ўсім лягерам такую ўладу, надта раздражняла беларусаў. Да таго ж, Ёрн часта ўмешваўся ва ўнутранае жыцьцё роты й публічна, нават перад вязьнямі, біў паліцыянтаў[27].

У добраахвотніцкія фармаваньні ішл розныя людзі, у тым ліку й у гэтую роту СД. Думаючы, што ім цяпер усё дазволенае, некаторыя зь сяброў роты зьдзекаваліся зь вязьняў, збольшага з жыдоў[27]. Ёрн жа, будучы тыповым нямецкім службоўцам, не цярпеў гармідару й сваявольства. У рэшце рэштаў, восеньню 1943 году[14] Бобка, як галоўны «апазыцыяновец» Ёрна, быў пераведзены на пасаду камандоўца 7-е роты[14] 13-га батальёну, якая знаходзілася ў Новай Вялейцы.

Лейтэнант Калька

рэдагаваць
 
Адна з дружынаў аховы лягеру.

Камэндантам лягеру заставаўся Франц Ёрн (паводле Івана Каўтуна, у годнасьці обэршарфюрэра)[4] СС. Яму падпарадкаваліся беларускія сябры СД, якія прайшлі шкаленьне на унтэр-афіцэрскіх курсах у Менску. Ротай аховы (100 чалавек)[4] камандаваў М. А. Калька (сын царскага жандарма). Разам зь ім вынішчалі жыдоў, камуністаў і партызанаў унтэр-афіцэры Л. А. Сянкевіч, М. М. Кухта, А. І. Каралевіч, а гэтаксама шараговыя супрацоўнікі СД — Варанчак, Дыра, Ждан, Пранчак, Гутырчыкідр і іншыя.

У якасьці знаку адрозьненьня пэрсанал лягеру насіў на пілётках і фуражках эмблему мёртвай галавы. За «посьпехі», зробленыя ў хадзе ліквідацыі «ворагаў Райху», галоўны вайсковы рэфэрэнт БНС Францішак Кушаль дараваў Кальку ўзнагароду — Муаравую стужку[4].

За часам існаваньня лягеру супрацоўнікі беларускага СД і немцы забілі ў Калдычаве й ягоных ваколіцах (вёска Арабоўшчына, урочышча Лозы, хутар Нячэхі) каля 22 тысячаў чалавек[4].

Па забойстве Кубэ (верасень 1943 году) у Баранавічах, як і ў Менску, была праведзеная вялікая акцыя арыштаў. Каля 150 чалавек[34] тады загналі ў Калдычаўскі лягер, хаця яны былі ніяк незьвязаныя з забойствам Кубэ. Беларускім прадстаўнікам у СД удалося вырваць адтуль 50 чалавек[34]. Іншыя былі высланыя ў канцэнтрацыйныя лягеры Нямеччыны[34].

Пакараньне

рэдагаваць

Першыя працэсы над ахоўнікамі лягеру прайшлі ў 1940-я ў Польшчы[3]. У сярэдзіне 50-х гадоў[3] ва Ўроцлаве[33] судзілі намесьніка камэнданта лягеру Бобку й аднаго з ахоўнікаў — Ёзэфа. Сяргей Бобка ўпарта сьцьвярджаў, што лягер быў «працоўным»[3]. Потым прысуд Бобку да сьмяротнага пакараньня быў заменены на пажыцьцёвае зьняволеньне, яшчэ пазьней на зьняволеньне на 25 гадоў. Ён выйшаў на волю ў 1972 годзе[21].

Другі працэс адбыўся ў 1962 годзе ў Доме афіцэраў у Баранавічах над чатырма ахоўнікамі колішняга лягеру. Працэс быў адкрыты, вольных месцаў на ім не было[3]. Усе чатыры падсудныя ахоўнікі былі беларусамі й паходзілі з Захаду. Гэта былі Мікалай Калька, Леанід Сянкевіч, Міхаіл Кухта, Андрэй Каралевіч[3]. Усе сьцьвярджалі, што нікога не катавалі і былі ў паліцыі недобраахвотна. Іх абвінавачвалі ў «здрадзе Радзіме». Прысудзілі іх да расстрэлу.

Ня ўсе злачынцы былі пакараныя[33].

Глыбоцкае гета

рэдагаваць
Асноўны артыкул: Глыбоцкае гета

Як сьведчыў былы жаўнер батальёну Франц Тэрэх, у жніўні 1943 году 3-я рота выехала ў мястэчка Глыбокае. Калі рота прыехала, гета щжо было абкружанае немцамі ды паліцыяй. На наступны дзень па прыезьдзе зранку пачаўся абстрэл усяго раёну гета зь вінтовак, кулямётаў ды гарматаў. У абстрэле ўдзельнічалі й танкі, якія там таксама знаходзіліся. Адначасова памяшканьні, дзе было сагнатае жыдоўскае насельніцтва, падпальвалі. Як сьцьвярджаў сам Тэрэх, ён быў узброены вінтоўкай са 120 патронамі, зь якіх амаль усе адстраляў[30]. Ігар Марзалюк сьцьвярджае, што ў той акцыі зьнішчэньня гета кожны ейны ўдзельнік патраціў 120 патронаў[32]. Такім чынам, 20 жніўня 1943 году было зьнішчанае Глыбоцкае гета.

Менскае гета

рэдагаваць
Асноўныя артыкулы: Менскае гета і Трасьцянец

Позьняй восеняй 1943 году беларусы, якія служылі ў 13-м Беларускім паліцыйным батальёне пры СД, удзельнічалі ў вынішчэньні жыдоў зь Менскага гета, дзе яны дзейнічалі разам са стралецкай дружынаю (15 чалавек) з 26-га палку паліцыі парадку[4].

Паводле допытаў удзельнічала каля 30 беларускіх жаўнераў зь 5-й роты[29]. Паводле допытаў Станіслава Дзяржаўца, жаўнеры зь ягонай роты ў расстрэле ня ўдзельнічалі, яны толькі падвозілі да месца, аднак усё адбывалася на іхніх вачах, а самім забойствам займаліся немцы і мадзяры[30].

Дзянісаў, адзін з тых жаўнераў, казаў на допыце пра забойствы (паказаньні ліпень–жнівень 1986):[29]

Такім чынам, за адзін дзень, зрабіўшы тры рэйсы ў гета й Трасьцянец, Войтаў, Катовіч, Мілянцей, Віктар Баршчэўскі й іншыя паліцыянты нашае роты зьнішчылі й расстралялі ня менш за 180 жыдоў.

Паводле Хадасевіча, іншага ўдзельніка злачынства (паказаньні ліпень–жнівень 1986):[29]

Цягам двух-трох тыдняў паліцыянтамі 5-й роты 13-га беларускага батальёну СД штодзень на лясной паляне ў Трасьцянцы растрэльвалася ня меней за 15 чалавек.

Паводле жаўнера 3-й роты батальёну Ўладзімера Лонскага, жыдоў канваявалі ў Трасьцянец цягам тыдня і падчас гэтай апэрацыі было забіта да 500 чалавек[30]. Паводле ж удзельніка Хадасевіча, яны гэтым займаліся цягам 2–3 тыдняў безь перапынкаў[29]. Таксама ў допытах байцы роты сьцьвярджалі, што забівалі праз страх непарадкаваньня[35].

Забойства мірнага насельніцтва

рэдагаваць

У чэрвені 1944 году некаторыя сяляне, ўзяўшы з сабой дзяцей, вырашылі выйсьці зь лесу й заняцца аднаўленьнем разбураных дамоў у вёсцы Таўшчах. Але яны трапілі ў абкружэньне 5-й роты 13-га Беларускага паліцыйнага батальёну. Жаўнеры схапілі ўсіх, пазганялі іх у шчыльную суполку і канваявалі за ручай, у суседнюю вёску Чупры. Там былі два хлявы зь бярвеньня. Людзей пазганялі ў гэтыя пабудовы, абклалі сьцены салмоай і падпалілі. Людзі ў будынках крычалі й плакалі, з-за чаго адізн паліцыянт закінуў у адзін з хлявоў гранату, аднак плач ня сьціх. Людзі раптоўна змаглі выламаць дзьверы хлява і пачалі адтуль уцякаць, аднак паліцыянты пачалі страляць у іх. У хадзе гэтай акцыі выжыў толькі Іван Садко, які памёр праз два тыдні, але пасьпеў распавесьці гэтую гісторыю тутэйшым[36].

Агулам 20 жніўня 1944 году жаўнеры 5-й роты спалілі жывымі 58 чалавек[36], сяроді якіх 29 дзяцей[37]. Праз тры тыдні гэтая мясцовасьць была захопленая Чырвонай Арміяй. Сяляне, якія былі ў лесе, выйшлі адтуль і пахавалі сваіх аднавяскоўцаў на могілках вёскі Верацеяў[36].

Пакараньне

рэдагаваць

У 1986 годзе супрацоўнікі Ўправы КДБ па Віцебскай вобласьці знайшлі двух удзельнікаў злачынства, якім прысудзілі найвышэйшую меру пакараньня[38].

Чорная кошка

рэдагаваць
Асноўны артыкул: Чорная кошка (Менск)

З 1940 году ў Менску дзейнічала крымінальная групоўка. Цягам лета-восені 1943 году чатыры сябры банды ўступілі ў батальён. У пачатку лютага 1944 году банда была раскрытая. У ходзе следства было арыштавана 29 чалавек. Былі высветленыя 13 фактаў забойства[39].

Афіцэрскі склад

рэдагаваць

На восень 1943 году афіцэрскі склад батальёну быў наступны: надлейтэнант Іван Орсіч, лейтэнанты Іван[16] (або Васіль)[4] Мялешка, Антон Бандык, Дрозд, М. А. Калька, Іваніцкі, Аркадзь Качан, Л. Якубёнак, Сяргей Бобка, Мохарт, Сасукевіч, Кушнеровіч, Клінцэвіч[1]. Да батальёну таксама быў далучаны ахвіцэр-прапагандыст лейтэнант Віктар Чабатарэвіч.

Камандны склад на ліпень 1943 году:[40]

Пасада Годнасьць Ініцыялы
Афіцэр-прапагандыст Лейтэнант Віктар Чабатарэвіч
Камандовец 1-й роты Старшы лейтэнант[b] Іван Орсіч
Камандовец 2-й роты Старшы лейтэнант[b] Мазур
Камандовец 3-й роты Лейтэнант Аркадзь Качан
Камандовец 4-й роты Лейтэнант Антон Бандык
Іншыя афіцэры

батальёну

Лейтэнант Іван Мялешка
Лейтэнант Дрозд
Лейтэнант Мохарт
Лейтэнант Калька
Лейтэнант Іваніцкі

Увосені 1943 году Сяргей Бобка стаў камандоўцам 7-е роты[14].

Вядомыя жаўнеры

рэдагаваць
 
Аляксандар Ермаловіч
 
Здымак жаўнера батальёну. На ім можна пабачыць бел-чырвона-белы шаўрон і Адамаву галаву на пілётцы.

Паводле ўмоваў Францішка Кушаля, жаўнеры насілі бел-чырвона-белы сьцяжок на левым рукаве й пагоню ў якасьці цэшкі[1]. Але таксама батальён выкарыстоўваў сымболіку СС на шаломах, у тым ліку й Адамаву галаву, што бачна на здымках. Паводле Генэральнай пракуратуры Беларусі, жаўнеры насілі «нарукаўные шаўроны з трох вэртыкальных або дыяганальных стужак белага, чырвонага й белага колераў і нашаломныя тарчыкі з трох стужак белага, чырвонага й белага колераў са свастыкай»[44].

Для экіпіроўкі паліцыянтаў выкарыстоўваліся шэрыя кіцелі частак узмацненьня СС мадэлі 1937 году, агульных СС мадэлі 1938 году, пазьней шэра-зялёныя[45] кіцелі Вафэн-СС. Каскі выкарыстоўваліся паліцыйныя (зь левага боку свастыка, з правага паліцыйная эмблема), агульных СС (зьлева руны СС, справа свастыка), так і W-SS (руны СС зь левага боку). Рыштунак, зброя выкарыстоўваліся як нямецкія, польскія, так і чырвонаармейскія (напрыклад, вінтоўкі Мосіна). Дзягі насіліся бальшавіцкія ці нямецкія са спаражкамі СС[46].

Беларускія афіцэры, падафіцэры й жаўнеры пры СД насілі наплечнікі СД з чорнага кардону. З 20 чэрвеня 1944 году афіцыйна немцам у СД і беларусам пры СД было дазволена выкарыстоўваць кіцелі Вафэн-СС зь пятліцамі СД і наплечнікамі СС з выпушкай паліцайвафэнфарбэ (зялёнага колеру). Шараговыя беларускія паліцыянты звычайна пятліцы й наплечнікі не насілі[46].

У артыкуле «Беларускія ваякі» («Новы Шлях») батальён дэманструецца як ідэал, да якога трэба мкнуцца ўсім астатнім беларускім жаўнерам, і доказ таго, што беларусы гатовыя будаваць агульную будучыню з Трэцім Райхам:

Беларускія камандзеры, а гэтаксама і жаўнеры ў гэтым змаганьні паказалі высокія ваяцкія якасьці. Батальён зьяўляецца найлепшым доказам таго, што беларусы могуць быць добрымі жаўнерамі, бо беларусы гатовыя ахвяраваць усё трэбнае на будову Новае Эўропы і сваёй Бацькаўшчыны.

З тагачаснага артыкула «На службе Бацькаўшчыне — Беларускі Аддзел СС у Баранавічах»:[24]

Узорнай беларускай гвардыяй Баранавіцкае акругі ёсьць Беларускі Аддзел СС у Баранавічах. Ім гэтага аддзелу добра вядомае бальшавіцкім бандам, якія разьбягаюцца хто куды, пры сутычцы зь ім. …Служба ў Беларускім аддзеле СС сьць вялікай ганаровай службай Бацькаўшчыне.

У культуры

рэдагаваць
  • Ва ўводнай частцы раману Кастуся Акулы «Змагарныя дарогі» каротка апісваецца гісторыя батальёну. Кастусь Акула называе батальён як Беларускі Спэцыяльны Батальён[47].
  • 9 траўня 2009 году паміж вёсак Верацеяў, Таўшчоў і Чупроў быў ўстаноўлены памятны знак на гонар ахвяраў, забітых жаўнерамі 5-й роты батальёну. На знак было вылучана 10 мільёнаў беларускіх рублёў[38]. Адкрыцьцё адбылося 20 чэрвеня 2009 году[37].
  • 18 чэрвеня 2009 году на канале АНТ адбылася прэм’ера дакумэнтальнага фільму «Над прорвай у хлусьні» (па-расейску: «Над пропастью во лжи») з цыклю «Злачынства стагодзьдзя» (па-расейску: «Преступление века»), у якім распавядаецца пра спаленьне жыхароў вёсак Верацеяў, Таўшчоў і Чупроў жаўнерамі 5-ай роты батальёну[48].

Цікавінкі

рэдагаваць
  • З 27 сьнежня 2019 году, паводле пастанаўленьня МУС Беларусі, у Беларусі сымболіка батальёну патрапіла пад забарону як экстрэмісцкая, але ня згадваецца, што менавіта маецца на ўвазе пад ягонай сымболікаю (рашэньне ўступіла ў моц 1 лютага 2020 году)[49][50][51].
  • 21 чэрвеня 2021 году МУС Беларусі накіравала на ўзгадненьне ў КДБ дакумэнт «Аб устанаўленьні пералікаў арганізацыяў і іншых структураў, нацысцкай сымболікі і атрыбутыкі» (па-расейску: «Об установлении перечней организаций и иных структур, нацистской символики и атрибутики»). У дакумэнце пералічаныя арганізацыі калябарацыяністаў, у тым ліку й 13-ы Беларускі паліцыйны батальён СД, а таксама іх сымболіка й прадметы[52].
  • Паводле падлікаў Юрыя Грыбоўскага, каля 650 жаўнераў батальёну засталося на Захадзе[25].
  1. ^ а б в У апэрацыі ўдзельнічалі толькі жаўнеры, якія тады парадкаваліся Баранавіцкаму аддзелу СД.
  2. ^ а б Паводле тагачасьніка Кушаля, ён быў падлейтэнантам.
  1. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э ю я аа аб ав аг Францішак Кушаль. Спробы арганізацыі беларускага войска пры нямецкай акупацыі Беларусі  (бел.) // Беларускі Гістарычны Агляд. — 1998. Архіўная копія.
  2. ^ Игорь Марзалюк: Под бчб-флагом коллаборационистские формирования совершали преступления против евреев, против польской интеллигенции, против своих же граждан-белорусов  (рас.) // Беларусь сегодня. — 16.02.2021. Архіўная копія.
  3. ^ а б в г д е ё Вера Аркинд. «КУФЭРНИКИ» И ПАЛАЧИ.Кто ответил за трагедию Колдычевского лагеря смерти  (рас.) // Sputnik Беларусь. — 2018. Архіўная копія.
  4. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с Иван Ковтун. Беларусы на службе в «СС»  (рас.) // Эхо войны. — 2008. — № 2. — С. 39—48. Архіўная копія.
  5. ^ Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — С. 174.
  6. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н Сергей Чуев. Белорусские полицейские батальоны  (рас.) // Проклятые солдаты. Предатели на стороне III рейха. — 2004. Архіўная копія.
  7. ^ а б Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — С. 172.
  8. ^ а б в Legenda o „własowcach” w Powstaniu Warszawskim  (пол.) // Mówią wieki. — 2014-07-30. Архіўная копія.
  9. ^ а б в г д Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — С. 173.
  10. ^ Язэп Найдзюк, Іван Касяк. Беларусь учора і сяньня. — 1992. — С. 253.
  11. ^ Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — С. 184.
  12. ^ Язэп Малецкі. У БАРАНАВІЧАХ // Пад знакам Пагоні. Успаміны. — Таронта: «Пагоня», 1976. — 200 с.
  13. ^ а б З. Бакун. Памерлі, каб жыла Беларусь  (бел.) // Беларуская газэта. — 1943. — С. 3. Архіўная копія.
  14. ^ а б в г д е Олег Романько. Глава 5. Разведывательно-диверсионные части // Белорусские коллаборационисты. Сотрудничество с оккупантами на территории Белоруссии. 1941–1945.
  15. ^ Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — С. 175.
  16. ^ а б в г Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — С. 174.
  17. ^ Юры Туронак. Дзейнасьць БЦР у Нямеччыне // Беларусь пад нямецкай акупацыяй. — Менск: 1993.
  18. ^ а б в Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — С. 176.
  19. ^ Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — С. 176 — 177.
  20. ^ Юры Грыбоўскі. Беларускі легіён СС: міфы і рэчаіснасць  (бел.). — 2007. Архіўная копія.
  21. ^ а б в г Arkadiusz Karbowiak. Karbowiak o konflikcie polsko-białoruskim  (пол.) // wPolityce.pl. — 25 grudnia 2012. Архіўная копія.
  22. ^ а б в г д е Hubert Kuberski. Wschodnioeuropejscy ochotnicy cudzoziemscy w niemieckich oddziałach Ostheer, SS i policji pacyfikujących Powstanie Warszawskie. Casus „własowców”, Kałmuków i SS Galizien...  (пол.) // DZIEJE NAJNOWSZE. — 2015. — № XLVII — 2015, 3. — С. 96—99.
  23. ^ а б Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — С. 177.
  24. ^ а б в Ігар Марзалюк. «Бел-чырвона-белыя адзнакі на касках разам з маланкамі СС». Ігар Марзалюк пра справы беларускіх нацыяналістаў часоў вайны  (бел.). — 30.03.2021.
  25. ^ а б Дзьмітры Гурневіч. Беларусы, якія служылі немцам, хацелі ратавацца ў Скандынавіі  (бел.) // Радыё Свабода. — 6 траўня 2017. Архіўная копія.
  26. ^ а б в Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — С. 178.
  27. ^ а б в г д Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — С. 179.
  28. ^ Антон Рудак. Як два чалавекі прыдумалі міф пра Міхала Вітушку  (бел.) // Будзьма беларусамі!. — 31.07.2017. Архіўная копія.
  29. ^ а б в г д е Рассекреченные материалы из архива КГБ раскрывают имена убийц людей в Тростенце  (рас.) // Савецкая Беларусь. — 2015. — № 215 (24845). Архіўная копія.
  30. ^ а б в г д е ё ж Олег Лицкевич. Рух зусім незалежніцкі...  (рас.) // Беларуская думка. Архіўная копія.
  31. ^ Игорь Марзалюк. Сожженные деревни: преступление без срока давности  (рас.) // Беларусь сегодня. — 22.03.2021. Архіўная копія.
  32. ^ а б Евгений Кононович. Кто и зачем путает патриотизм с предательством  (рас.) // Беларусь сегодня. — 29.10.2020. Архіўная копія.
  33. ^ а б в ООН провозгласила 27 января Международным днем памяти жертв холокоста  (рас.) // БТ. — 31 студзеня 2021. Архіўная копія.
  34. ^ а б в Язэп Малецкі. ПАКЛІКАНЬНЕ ЦЭНТРАЛЬНАЕ РАДЫ // Пад знакам Пагоні. Успаміны. — Таронта: «Пагоня», 1976. — 200 с.
  35. ^ Вера Аркинд. Жертвы Тростенца:ПОГРЕБЁННЫЕ ДВАЖДЫ  (рас.) // Sputnik Беларусь. — 2018.
  36. ^ а б в Екатерина Князева. Заживо сожженным  (бел.) // Народнае слова. — 9.04.2009. Архіўная копія.
  37. ^ а б Памятный знак увековечит память о сожженых в годы ВОВ жителях трех деревень в Докшицком районе  (рас.) // Докшицкий районный исполнительный комитет. — 19 июня 2009. Архіўная копія.
  38. ^ а б Памятный знак сожженным жителям трех деревень появится в Докшицком районе  (рас.) // Докшицкий районный исполнительный комитет. — 31 марта 2009. Архіўная копія.
  39. ^ Андрей Тисецкий. Время «ЧЕРНЫХ КОШЕК» или Главный беларуский бандитский бренд Советской эпохи  (рас.) // Милиция Беларуси. — май 2017 года. — № 2 (68). Архіўная копія.
  40. ^ Олег Романько. КОРИЧНЕВЫЕ ТЕНИ В ПОЛЕСЬЕ. БЕЛОРУССИЯ 1943—1945. — С. 322.
  41. ^ Уладзімер Бурновіч  (бел.) // Зважай. — Таронта: Сакавік, 1977. — № 1 (7). — С. 7. Архіўная копія.
  42. ^ Гутырчык Сяргей  (бел.) // Запісы. — Нью-ЁркМенск: БІНіМ, 2014. — № 37. — С. 70. Архіўная копія.
  43. ^ Клінцэвіч Даніла  (бел.) // Запісы. — Нью-ЁркМенск: БІНіМ, 2014. — № 37. — С. 116. Архіўная копія.
  44. ^ Генеральная прокуратура Республики Беларусь; под общей редакцией А. И. Швед. Геноцид белорусского народа = Genocide of the Belarusian people: информационно-аналитические материалы и документы. — 2022. — С. 136.
  45. ^ Юры Туронак. Примечания // Беларусь пад нямецкай акупацыяй. — Менск: 1993.
  46. ^ а б в Сяржук Кабрусеў. Schutzmannschafts Bataillon der SD 13  (бел.). — 2009.
  47. ^ Кастусь Акула Беларускі спэцыяльны батальён // Змагарныя дарогі. — Таронта: 1962. — 583 с. Архіўная копія
  48. ^ Антон Рудак. Чупры, 20.6.1944  (бел.). — 2009-06-19. Архіўная копія.
  49. ^ Ю.Х.Караев. ПОСТАНОВЛЕНИЕ МИНИСТЕРСТВА ВНУТРЕННИХ ДЕЛ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ 27 декабря 2019 г. № 340 Об установлении перечней организаций и иных структур, их символики и атрибутики  (рас.) // МУС Беларусі. — 27 декабря 2019 г.. Архіўная копія.
  50. ^ МВД Белоруссии запретило нацистскую символику  (рас.). — REGNUM, 16 января 2020. Архіўная копія.
  51. ^ Опубликован перечень символики и атрибутики, запрещенной в Беларуси  (рас.). — onlinebrest.by, 2020. Архіўная копія.
  52. ^ Соколов Станислав. МВД Беларуси предложило включить БЧБ-флаг и слоган оппозиции в список нацистской символики  (рас.) // Pogovorim.by. — 21-06-2021. Архіўная копія.

Літаратура

рэдагаваць

Па-беларуску

рэдагаваць

Па-расейску

рэдагаваць

У іншых мовах

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  Вонкавыя відэафайлы
  Відэахроніка, на якой маршуе батальён